НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ СКЛАД (СТРУКТУ́РА) НАСЕ́ЛЬНІЦТВА, нацыянальная структура насельніцтва,
размеркаванне насельніцтва краіны, тэрыторыі паводле нацыянальнасці або прыналежнасці яго да пэўнага этнасу (племя, народнасці, нацыі). У свеце налічваецца (паводле розных падлікаў) ад 3 да 5 тыс. этнасаў. Іх колькасць вагаецца ад многіх мільёнаў да некалькіх соцень і нават дзесяткаў чалавек. У канцы 20 ст.найб. шматлікія нацыянальнасці (больш за 100 млн.чал.): кітайцы (хань, 1120 млн.), хіндустанцы (240), амерыканцы ЗША (205), бенгальцы (200), бразільцы (160), рускія (150), японцы (123 млн.). Большасць краін свету шматнацыянальныя. У некаторых краінах пражывае больш за 100 нацыянальнасцей (ЗША, Канада, Нігерыя, Расія, Індыя, Інданезія і інш.). Монанацыянальныя краіны, дзе асн. нацыянальнасць складае больш за 90% насельніцтва, трапляюцца параўнальна рэдка. Да іх адносяцца Японія, Карэя, Бангладэш, некат. краіны Еўропы: Партугалія, Польшча, Ісландыя, Албанія і інш. На Беларусі, паводле перапісу насельніцтва 1999, пражываюць прадстаўнікі каля 130 нацыянальнасцей. 81% яе жыхароў адносяцца да тытульнай (карэннай) нацыянальнасці — беларусаў; 11% — рускія, каля 4% — палякі, 2% — украінцы, 0,3% — яўрэі, 1,7% — нешматлікія інш.нац. групы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІ́ЛЬСЕН ((Nielsen) Карл Аўгуст) (9.6.1895, Норэ-Люндэльсе, каляг. Одэнсе, Данія — 3.10.1931) класік дацкай музыкі, педагог. Вучыўся ў кансерваторыі ў Капенгагене (1884—86),
з 1916 выкладаў у ёй (у 1931 рэктар). У 1889—1905 скрыпач, з 1908 гал. дырыжор Каралеўскага т-ра ў Капенгагене. У 1915—27 гал. дырыжор канцэртаў Муз.т-ва. Наватар дацкай музыкі. Стваральнік т.зв. новай дацкай нар. песні. Яго эстэт. погляды паўплывалі на творчасць дацкіх і інш. скандынаўскіх кампазітараў 20 ст. Сярод твораў: оперы «Саул і Давід» (паст. 1902), «Маскарад» (паст. 1906); «Гімн каханню» (1897), «Сны» (1904), «Фюнская вясна» (1921) для салістаў, хору і арк.; 6 сімфоній (1882—1925), уверцюры (1903, 1908, 1918); канцэрты для інструментаў з арк. (1911, 1926, 1928), камерна-інстр. ансамблі, творы для фп., скрыпкі, аргана; хары a cappella; песні (каля 250), музыка да драм. спектакляў і інш. Аўтар мемуараў «Маё дзяцінства на Фюне» (1927). У Капенгагене праводзяцца фестывалі музыкі Н.
Літ.:
Сталь Э. Классик нашей музыки // Сов. музыка. 1970. № 8;
Мохов Н.Н. О творчестве К.Нильсена // Там жа 1981. № 6.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЮ́ХУ О́РГАНЫ,
органы пачуццяў жывёл і чалавека, якія ўспрымаюць пахі; перыферычны аддзел нюхальнага аналізатара, важнага дыстантнага хемарэцэптара.
Асн. элемент Н.о. — нюхальныя клеткі (у беспазваночных жывёл размешчаны на скуры ў спец. ямках ці вырастах, у пазваночных і чалавека — у поласці носа). Нюхальны эпітэлій чалавека высцілае верхнія насавыя хады, пл.каля 10 см². Эпітэлій складаецца з нюхальных і апорных клетак (апорныя выконваюць мех. і трафічную функцыі). Нюхальныя клеткі верацёнападобныя, з 2 адросткамі, колькасць іх у чалавека каля 10 млн., у сабакі 225 млн. Перыферычныя адросткі канчаюцца на паверхні нюхальнага эпітэлію булавамі (патаўшчэнні дыяметрам 2—3 мкм), якія маюць пучок з 10—12 рухомых антэн. Антэны знаходзяцца ў вязкай вадкасці складанага вугляводнага саставу, якая выдзяляецца баўменавымі залозамі. Наземныя пазваночныя і чалавек улоўліваюць пах лятучых рэчываў (з малекулярнай масай 17—300), якія трапляюць у поласць носа і раствараюцца ў сакрэце баўменавых залоз. Цэнтр. адросткі нюхальных клетак утвараюць правадніковы аддзел нюхальнага аналізатара. Гл. таксама Нюх.
Літ.:
Винников Я.А. Цитологические и молекулярные основы рецепции. Л., 1971;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЯМЦО́Ў (Віктар Віктаравіч) (н. 8.9.1941, с. Белая Гліна Краснадарскага краю, Расія),
бел. мастак. Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1972). З 1972 выкладае ў Бел.АМ, з 1995 заг. кафедры. Сярод твораў; габелены «Музыка» ў Бел.дзярж. філармоніі (1974—76, у сааўт. з А.Яскіным, У.Ткачовым), «Беларусь — край мой родны» ў рэзідэнцыі прэзідэнта Беларусі (1983—84), вітражы «Песні Беларусі» і «Поры года» ў Т-ры юнага гледача Беларусі (1978, у сааўт. з Ткачовым), «Сонечныя кветкі. Флора і фауна» ў мед. ін-це (1992—93), «Старажытная геральдыка гарадоў Беларусі» ў тэхнал. ун-це (1993—94; усе ў Мінску), «Белавежская пушча» ў бел. урадавай рэзідэнцыі Віскулі ў Пружанскім р-не Брэсцкай вобл. (1981—82), дэкар. рэльефаў. Аўтар жывапісных палотнаў «Успаміны. Дзікі мёд» (1981), «Алегорыя трывогі» (1986), «Бабіна лета» (1990), «Стары млын» (1992), «Каля люстэрка» (1996), «А.Пушкін», «А.Міцкевіч» (абодва 1999), трыпціха «Поры года» (1995), серыі пейзажаў «Па Галандыі і Францыі» (1999). Творам уласцівы гарманічная пластычнасць з рэаліст. трактоўкай сюжэта, метафарычнасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́БАЛЬ,
рака па Пн Беларусі, у Гарадоцкім, Шумілінскім і Полацкім р-нах Віцебскай вобл., правы прыток р.Зах. Дзвіна. Даўж. 148 км. Пл. вадазбору 2690 км². Выцякае з воз.Езярышчакаляг.п. Езярышча Гарадоцкага р-на, вусце за 1 км на ПдЗ ад в. Новыя Гараны Полацкага р-на. Цячэ на паўн.-зах.ч. Гарадоцкага ўзв. і паўн.-ўсх.ч. Полацкай нізіны. Асн. прытокі: Свіна, Ценіца, Глыбачка (справа), Чарнуйка, Чарнаўка, Чарняўка, Выдрыца, Усыса, Будавесць (злева). Даліна пераважна трапецападобная, шыр. 0,3—0,6 км (найб. 2,5 км; у вярхоўі невыразная. Пойма двухбаковая, чаргуецца па берагах, месцамі адсутнічае. Рэчышча звілістае, шыр. 8—20 м у верхнім цячэнні, 20—40 м у сярэднім, 25—30 м у ніжнім. Берагі стромкія, у вярхоўі нізкія, забалочаныя. Замярзае ў канцы 1-й дэкады снеж., крыгалом у пач. красавіка. Жыўленне мяшанае, пераважна снегавое. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 19,4 м³/с. На рацэ Ключагорскае вадасх. ў Гарадоцкім р-не, г.п. Обаль у Шумілінскім р-не.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДАВА́НА ((Padovano) Джавані) (Ян) Марыя [сапр.Моска да Падова (Mosca da Padova) Джанмарыя; каля 1493, г. Падуя (?),
Італія — 31.3.1574], італьянскі скульптар і архітэктар; прадстаўнік Адраджэння. У 1515—30 працаваў у Падуі і Венецыі, з 1532 у Рэчы Паспалітай, у т. л. ў Вільні. Прыдворны мастак вял. князя ВКЛ Жыгімонта I Старога. Майстар надмагільнай пластыкі. Сярод твораў: барэльеф «Цуд са шклянкай» для базілікі св. Антоніа ў Падуі, надмагіллі Б.Тарноўскай (каля 1536), Я.Тарноўскага і яго сына (1561—70) у саборы ў Тарнуве, С.Алясніцкага (1450) у кафедральным касцёле ў Познані, П.Гамрата (1545) і С.Мацеёўскага (1552) у кафедральным касцёле на Вавелі ў Кракаве, жонак Жыгімонта II Аўгуста Лізаветы (1546—52) і Барбары Радзівіл (1553—63, абодва не захаваліся) у Вільні, ківорый для касцёла Дзевы Марыі ў Кракаве (1551—54) і інш. Аўтар 4 медалёў з партрэтамі Жыгімонта I Старога і яго сям’і (1532), арх. праектаў атыкаў і лесвіцы ў «Сукеніцэ» (1555—59) і нішаў для каралеўскіх надмагілляў у капліцы Жыгімонтаў на Вавелі (1571—74).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДВЕ́ТРАНЫЯ АСТРАВЫ́, Паўднёва-Антыльскія астравы (галандская назва Benedenwindse Eilanden, ісп. — Islas Sotavento),
паўднёвая частка архіпелага Малыя Антыльскія астравы на З ад 64°зах. д. Складаюцца з а-воў: Аруба, Кюрасао, Банайрэ (уваходзяць у Нідэрландскія Антыльскія а-вы), Авес, Лос-Рокес, Арчыла, Бланкілья, Лос-Эрманас (уваходзяць у склад Венесуэлы на правах федэральных уладанняў). Назва П.а. тлумачыцца падветраным становішчам астравоў у адносінах да паўн.-ўсх. пасату. Пл.каля 1,2 тыс.км². Нас.каля 370 тыс.чал. (1999). Буйныя астравы ўзгоркаватыя (выш. да 372 м на в-ве Кюрасао), складзены з крышт. і метамарфічных сланцаў, перакрытых вулканічнымі і вапняковымі адкладамі. Дробныя астравы каралавыя, нізінныя. Клімат трапічны, засушлівы. Сярэднія т-ры 26—28 °C, ападкаў 500—600 мм за год. Сухія лясы і ксерафітныя хмызнякі. Плантацыі сорга, арахісу, бататаў, бананаў, цытрусавых. Гадуюць коз і авечак. Нафтаперапрацоўка (нідэрландская ч. П.а.). Буйнейшыя гарады — Вілемстад (в-аў Кюрасао), Араньестад (в-аў Аруба). А-вы Лос-Рокес аб’яўлены Нац. паркам (1973). Адкрыты ў 1499 мараплаўцамі А.Ахедам і А.Веспучы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРАГВА́ЙСКАЯ ВАЙНА́,
захопніцкая вайна Бразіліі, Аргенціны і Уругвая, якіх падтрымлівалі Вялікабрытанія, Францыя і ЗША, супраць Парагвая ў 1864—70. Гал. прычыны — незадаволенасць Вялікабрытаніі незалежным эканам. і знешнепаліт. курсам прэзідэнта Парагвая Ф.С.Лопеса, жаданне рабаўладальнікаў Бразіліі і бурж.-памешчыцкіх вярхоў Аргенціны пашырыць свае ўладанні за кошт Парагвая. Падставай для вайны стала няўдалая спроба Парагвая падтрымаць Уругвай у змаганні супраць браз.-арг. агрэсіі восенню 1864. Пры падтрымцы Вялікабрытаніі ўтварылася антыпарагвайская кааліцыя ў складзе Бразіліі і Аргенціны, да якіх далучыўся і пераможаны Уругвай. Ваен. дзеянні пачаліся ў снеж. 1864 прэвентыўным уварваннем парагвайскіх войск у Бразілію і да мая 1866 у асн. вяліся на тэр. Бразіліі і Аргенціны, потым парагвайцы абараняліся на сваёй тэрыторыі. Пераўзыходзячыя сілы кааліцыі нанеслі паражэнні парагвайскай арміі пры Умаіце (жн. 1868), на р. Пікісіры (снеж. 1868), занялі сталіцу краіны г. Асунсьён (студз. 1869). Парагвайцы перайшлі да партыз. вайны, якая спынілася пасля гібелі ў баі прэзідэнта Лопеса (1.3.1870). Спустошаны вайной Парагвай (загінула каля 80% насельніцтва) паводле дагавораў з Бразіліяй (1872) і Аргенцінай (1876) перадаў ім каля паловы сваёй тэрыторыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАСТУШКІ́, пастушковыя (Ralli, Rallidae),
сямейства птушак атр. жураўлепадобных. Вядомы з пачатку эацэну (каля 45 млн.г. назад). Па розных класіфікацыях — ад 18 да 62 родаў, ад 129 да 165 відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя палярных абласцей, найб. — у тропіках і субтропіках Азіі і Афрыкі. Жывуць у зарасніках каля вады, на вільготных лугах. Многія актыўныя на змярканні і ўначы. На Беларусі 7 пералётных відаў: драч, лысуха, пагонічы (3 віды), чаротніца, пастушок вадзяны; трапляюцца пераважна на Палессі. 8 відаў і 8 падвідаў у Чырв. кнізе МСАП, пагоніч малы — у Чырв. кнізе Беларусі.
Даўж. да 65 см, маса да 1 кг і больш. Апярэнне шэра- або чырванавата-бурае, стракатае, у трапічных відаў яркае з метал. бляскам. Цела і дзюба сціснуты з бакоў. Крылы кароткія, круглявыя. Ногі дужыя, пальцы доўгія. Хутка бегаюць, добра плаваюць, ныраюць. Кормяцца раслінамі і дробнымі жывёламі. Манагамы, паўвывадкавыя птушкі. Нясуць да 18 яец, многія віды — двойчы за год. Аб’екты палявання.
Э.Р.Самусенка.
Пастушкі: 1 — вадзяны; 2 — пагоніч-крошка; 3 — султанка (а — маладая; б — дарослая); 4 — лысуха чубатая.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎНО́ЧНАЯ ТЭРЫТО́РЫЯ (Northern Territory),
адм. адзінка на Пн Аўстраліі. Пл. 1,4 млн.км². Нас. 187,1 тыс.чал. (1997), у т. л. больш за 30 тыс. аўстралійцаў-абарыгенаў. Адм. ц., гал. порт — г. Дарвін. Займае пясчанікава-вапняковае плато выш. 200—300 м, на Пд невял. горныя хрыбты выш. да 1510 м. Радовішчы уранавых, медных, алюмініевых, марганцавых і інш. руд, золата. Клімат на Пн трапічны, мусонны, на Пд пустынны. Сярэдняя т-растудз. 29 °C, ліп. ад 24 °C на Пн да 12 °C на Пд. На Пн выпадае штогод да 1500 мм ападкаў, на Пдкаля 200—300 мм. Пераважае пустынная і паўпустынная расліннасць, на Пн — трапічныя рэдкалессі і хмызнякі. Аснова гаспадаркі — здабыча карысных выкапняў і мясная жывёлагадоўля. Здабыча уранавых і марганцавых руд, золата, нафты. Гадуюць буйн. раг. жывёлу і буйвалаў (разам каля 1,5 млн. галоў). Невялікія пасевы кукурузы, сорга, арахісу, фасолі, рысу, соі. Агародніцтва (дыні, кавуны, памідоры). Садоўніцтва (апельсіны і бананы). Марское рыбалоўства. У прам-сці пераважае харч. галіна (мясная, рыбакансервавая). Ёсць прадпрыемствы па вытв-сці адзення, буд. матэрыялаў, метал. вырабаў, сувеніраў. Турызм. Транспарт пераважна аўтамабільны.