Масалі́ць, му́сліць ’слініць, жаваць’ (Сцяшк., Растарг.), масоліць ’забруджваць’, ’жаваць, грызці’ (Нас., Юрч.), масоліцца, ’брудзіцца чым-н. слізкім’, ’поркацца з чым-н.’, ’падсядаць да каго-н., шукаючы прыхільнасці’ (Нас.). Рус. мусо́лить ’смактаць (косці)’, ’весці або абгрызаць што-небудзь вельмі павольна’, ’доўга жаваць бяззубым ротам’, пск., смал. мосо́лить ’пэцкаць, абгрызаць косць’; валаг. моска́лить ’мазаць галаву тлушчам’ (пры москалыга = мосолыга), перм. му́слить, пск., цвяр. мусо́литься ’доўга поркацца з чым-небудзь’, мусля́к ’неахайны, слімак’. Славен. músa, masára ’брудная жанчына’, ’брудная карова’, zamúsati ’пакрыць брудам’, серб.-харв. кайк. musa, musača, zamúsan, mȕsav. Роднаснымі і.-е. адпаведнікамі з’яўляюцца новав.-ням. Schmutz ’бруд’, ст.-в.-ням. muzzan ’чысціць’, ст.-грэч. μύδος ’сырасць, гніль’, ст.-інд. mū́ra ’мача’, авест. mūϑtra‑ ’бруд’, і.-е. *meu‑ ’вільготны, рыхлы, брудны’. Аднак ні словаўтварэнне, ні першасная фанетычная форма застаюцца невядомымі (Праабражэнскі, 1, 571; Фасмер, 3, 16–17; Бязлай, 2, 207).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Рубі́ць ’падшываць край чаго-небудзь; рабіць рубец’, ’будаваць што-небудзь з дрэва, бярвення’, ’здабываць (руду, вугаль)’ (ТСБМ), у выразе рубіць хату/хлеў ’часова без моху складаць сцены будынка з новых бярвенняў’ (капыл., саліг., клец., слуц., З нар. сл.); сюды ж рубну́ць ’секануць’ (ТС). Укр. руби́ти ’падрубаць, падшываць’, рус. руби́ть ’сячы’, н.-луж. rubnuś ’секануць’, в.-луж. rubnuć ’секануць’, чэш. roubiti ’будаваць; рабіць прышчэпку’, славен. róbiti ’падрубаць, падшываць’, серб.-харв. ру̀бити ’тс’, балг. ръ́бя ’абрубаць; рабіць зазубрылі; падрубаць’. Ст.-слав. рѫбити, стараж.-рус. рꙋбити ’будаваць з дрэва; рыхтаваць (ваяра)’ (Сразн., 3, 181–182). Прасл. *rǫbiti, *rǫbati на базе і.-е. *remb‑/*romb‑/*romb‑ ’сячы, рабіць насечку, рубец, шрам’, параўн. літ. rémbėti ’пакрывацца рубцамі; рубцавацца’. Старэйшае значэнне — ’рабіць засечку; рубцаваць’ < ’будаваць’ < ’сячы’ (Чарных, 2, 125). Паводле Трубачова (Ремесл. терм., 149), значэнне ’будаваць з дрэва’ другаснае на базе прасл. *rǫbъ ’край, абрэзаны кавалак’. Гл. руб.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вярце́ць ’круціць’ (БРС, КТС, Яруш.); ’абмотваць, абкручваць’ (БРС); ’хітраваць’ (Юрч.), укр. вертіти ’вярцець’; ’свідраваць’, рус. вертеть ’тс’; ’абарочваць’, ’вярнуць каго-небудзь’; ’падманваць’, уладз., валаг. ’боўтаючы, збіваць што-небудзь’, перм. ’пячы (у роце)’, вяц. ’ванітаваць’. Ст.-рус. вертѣти, врътѣти ’вярцець’; ’свідраваць’; ’загортваць, згортваць’. Польск. wiercić ’круціць’; ’свідраваць’; ’круціўшы, расціраць што-небудзь’, н.-луж. wjerśeś ’вярцець, круціць’; ’свідраваць’, в.-луж. wjerćeć ’тс’, чэш. vrtěti ’вярцець, круціць’; ’думаць, варочаць мазгамі’, славац. vrtieť ’круціць’, славен. vrtẹ́ti ’тс’, серб.-харв. vŕtjeti, вр̀тети ’круціць’; ’ківаць (галавой)’; ’віляць, махаць (хвастом)’; ’сукаць’; ’свідраваць’, макед. врти ’абарачаць, вярцець, круціць’; ’мяняць палажэнне’; ’зварочваць (з дарогі)’; ’гартаць (старонку)’; ’віцца (аб сцежцы)’; ’пераварочваць, ніцаваць’; ’перакручваць’; ’(добра) весці гаспадарку’; ’тачыць (дрэва)’, балг. въртя́ ’вярцець, круціць, абарочваць’; ’віцца’; ’добра валодаць (зброяй, інструментам)’; ’весці гаспадарку’; ’варочаць (справамі)’, ст.-слав. врьтѣти, врътѣти ’вярцець, круціць’. Прасл. vьrtěti (аснова vьrt‑/vert‑/vort‑) мае адпаведнікі ў літ. ver̃sti, verčiù ’валіць, перакульваць’; ’ніцаваць’; ’пераўтвараць’; ’перакладаць (на іншую мову)’; ’прымушаць’, лат. vḕrst ’звяртаць (увагу)’; ’паварочваць’; ’абярнуць’, ст.-прус. wīrst ’станавіцца’, wartint ’абарачаць’, гоц. wairþan ’станавіцца’, лац. verto, ‑ere ’паварочваць, вярцець’ — усе ўзыходзяць да і.-е. u̯ert‑ (< u̯er‑). Гл. Праабражэнскі, 1, 77; Вальдэ, 824; Траўтман, 354; Фік, 1, 131; Торп, 397; Мюленбах-Эндзелін, 4, 566; Міклашыч, 384; Брукнер, 617; Фасмер, 1, 301; Шанскі, 1, В, 65–66; КЭСРЯ, 76; Махэк₂, 701; БЕР, 1, 212; Голуб-Копечны, 423; Младэнаў, 91; Скок, 3, 631–633.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Абрака́цца ’абяцаць выканаць якую-небудзь справу ў імя бога, даваць абет’ (Шат., Сцяшк., Касп., Арх. ГУ, КЭС), абрачыся ’ахвяравацца’ (КЭС) да ob‑rekati sę. Не зусім зразумела словаўтваральная мадэль і, у прыватнасці, зваротны характар дзеяслова, якія супярэчаць семантыцы. Арэал пашырэння слова сведчыць, магчыма, аб тым, што гэта калька. Верагодным словам-крыніцай з’яўляецца літ. apžadė́s ’урачыста абяцаць’ пры žadė́ti ’гаварыць адзін аднаму’ (= rekati sę).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ві́дзенне ’зрок’; ’твар’; ’вочы’; ’від’; ’прывід, здань’ (Нас., Касп.). Рус. видение ’зрок, здольнасць бачыць’; ’пачуццё’; ’вочы’, ст.-рус. видѣние ’бачанне’; ’зрок’; ’вока’; ’відовішча’; ’від, выгляд’; ’прывід’, польск. widzenie ’здольнасць бачыць’; ’спатканне з кім-небудзь’; ’тое, што бачым, бачанае’; ’прывід, здань’, в.-луж. widźenje ’бачанне’ і г. д. Прасл. viděn‑ьje. Вытворнае ад дзеепрыметніка залежнага стану viděn‑ъ і суф. ‑je.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ко́рба1 ’ручка, якой прыводзяць у рух што-небудзь’ (ТСБМ, Нар. словатв.). Ням. Kurbe ’тс’ (там жа, 714), ’вялікі свердзел’ (Сцяшк.). Укр. корба ’тс’. Запазычанне праз польск. korba ’тс’ з ням. Kurbe ’тс’ (Слаўскі, 2, 474).

Ко́рба2 ’прылада ў студні’ (Жд. 2). Параўн. кольба (гл.). У гэтым спецыфічным значэнні запазычана праз польскую мову з с.-в.-ням. kurbe ’тс’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ла́піна ’лапік’, ла́пінка ’тс’, ла́піна ’адзежына’, ’ануча’, ’невялікі ўчастак, заняты пад што-небудзь’, ’абсеў, незасеяны агрэх’, ’месца, дзе качаўся конь’ (гродз., віц., мін., ДАБМ). Паводле Грынавецкене (Сл. паўн.-зах., 2, 621), узыходзіць да літ. lopinȳs ’кавалак матэрыі, рыззё, ануча’, ’прагаліна’ < lōpas ’латка’ (Лаўчутэ, Балтызмы, 116–118). Аднак не выключана магчымасць утварэння ад ла́па4 (гл.) пры дапамозе апелятыўнага суф. ‑ін‑а.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ліцэнзія ’дазвол дзяржаўных органаў на выкарыстанне чаго-небудзь’, відавочна, запазычана ў наш час з рус. мовы, хаця мае аналаг у ст.-бел. лиценция ’дазвол’, ’свабода’ (1603 г.), якое запазычана са ст.-польск. licencyja ’свабода, адыход ад агульных правіл, дазвол’ (XVI ст.) (Булыка, Лекс. запазыч., 40) < с.-лац. licentia ’дазвол на выкладанне ва універсітэце’ < лац. ’воля, свабода’ (Слаўскі, 4, 226–227).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Мадэль ’макет чаго-небудзь’, ’узорны экземпляр новага вырабу’, ’тып, марка, узор канструкцыі’, ’схема з’явы або фізічнага аб’екта’ (ТСБМ). Запазычана з рус. модель < ням. Modelle < франц. modèle < італ. modello, якое з’яўляецца памяншальнай формай modo < лац. modus ’спосаб’, ’мера’. Магчыма і другаснае запазычанне (XX ст.) з рус. мовы (гл. Фасмер, 2, 636; Махэк₂, 371; Голуб-Ліер, 318; Брукнер, 342). Параўн. таксама мо́дэль (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Мазь ’сумесь тлушчу з лекавымі сродкамі’, ’густое тлустае рэчыва для замазкі чаго-небудзь’ (ТСБМ, Нас., ТС). Укр. мазь, рус. мазь, ст.-рус., ц.-слав. мазь, польск. maź, н.-луж., в.-луж. maz ’тс’, чэш. maz ’машыннае масла’, славац. maz ’мазь’, славен. máz ’мазь, памада’, серб.-харв. ма̑з ’мазь, падмазка’, балг. маз. Прасл. mazь утворана ад асновы дзеяслова mazati > ма́заць (гл.) і суф. ‑ь.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)