ЗНАК,

матэрыяльны, пачуццёва ўспрымальны прадмет (з’ява, дзеянне), які выступае як прадстаўнік іншага прадмета, уласцівасці або адносін і выкарыстоўваецца для фіксавання, захоўвання, перапрацоўкі і перадачы інфармацыі. Адрозніваюць З. моўныя і нямоўныя (апошнія падзяляюцца на З.-копіі, З.-прыкметы, З.-сімвалы). Выконваюць гнасеалагічную (абазначае думку) і камунікатыўную (служыць сродкам зносін) функцыі. Разуменне З. немагчыма без высвятлення яго значэння: прадметнага, сэнсавага або экспрэсіўнага.

Гнасеалагічныя функцыі З. разглядалі ант. філосафы (Платон, Арыстоцель, стоікі), мысліцелі 17—18 ст. (Дж.​Лок, Г.​Лейбніц, Э.​Кандыльяк). У 19 ст. новае ў даследаванні З. ўнеслі лінгвістыка і матэм. логіка. У 20 ст. склалася асобная навука пра З. — семіётыка.

І.​І.​Мячыкава.

т. 7, с. 98

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІВА́КІН Яўген Васілевіч (н. 29.12.1941, г. Чыта, Расія),

бел. фізік. Д-р фіз.-матэм. навук (1995). Скончыў Маскоўскі тэхн. ун-т (1965). З 1967 у Ін-це фізікі Нац. АН Беларусі. Навук. працы ў галіне дынамічнай галаграфіі, аптычнай апрацоўкі інфармацыі і фотатэрмічнай спектраскапіі. Эксперыментальна выявіў з’яву абарачэння хвалевага фронту пры нелінейна-аптычным узаемадзеянні (разам з Б.А.Сцяпанавым і К.С.Рубанавым), распрацаваў оптыка-электронныя сістэмы пошуку і апазнавання штучных і прыродных аб’ектаў у неаднародных асяроддзях. Дзярж. прэмія СССР 1983.

Тв.:

Развитие методов активной спектроскопии рэлеевского рассеяния света для изучения процессов теплопереноса (разам з А.​І.​Кіцаком, А.​С.​Рубанавым) // Изв. Рос. АН. Сер. физ. 1992. Т. 56, № 12.

т. 7, с. 145

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРАТЧЭ́НЯ Іван Міхайлавіч (н. 13.8.1948, в. Таль Любанскага р-на Мінскай вобл.),

дзяржаўны дзеяч Беларусі. Скончыў Бел. с.-г. акадэмію (1975), Мінскую вышэйшую парт. школу (1986). З 1967 на гасп., сав. і парт. рабоце. З 1986 старшыня Вілейскага райвыканкома, адначасова 1-ы сакратар гаркома КПБ. З 1990 дэпутат, чл. Прэзідыума, старшыня пастаяннай камісіі па пытаннях галоснасці, сродкаў масавай інфармацыі і правоў чалавека Вярх. Савета Рэспублікі Беларусь. З 1992 каардынатар Рабочай групы Савета кіраўнікоў дзяржаў і Савета кіраўнікоў урадаў Садружнасці Незалежных Дзяржаў (СНД). У 1993—98 выканаўчы сакратар СНД. З 1996 чл. Палаты прадстаўнікоў Нац. сходу Рэспублікі Беларусь. З мая 1998 1-ы нам. выканаўчага сакратара СНД.

І.М.Каратчэня.

т. 8, с. 58

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́РТА (ад грэч. chartēs аркуш, скрутак),

паменшанае, матэматычна вызначанае і абагульненае адлюстраванне паверхні Зямлі, іншых нябесных цел або нябеснай сферы і аб’ектаў, з’яў, якія да іх адносяцца, на плоскасці ў пэўнай картаграфічнай праекцыі і сістэме ўмоўных абазначэнняў з дапамогай картаграфічных прылад. З’яўляецца вобразна-знакавай мадэллю рэчаіснасці, мае прасторава-часавае падабенства адносна арыгінала, маштаб, метрычнасць, высокую нагляднасць, што робіць яе важным сродкам фіксацыі і перадачы інфармацыі, навуковага пазнання ў геаграфіі, геалогіі, геафізіцы, сацыялогіі і інш. навуках аб Зямлі і грамадстве. Гл. Геаграфічныя карты, Геалагічныя карты, Геамарфалагічныя карты, Глебавыя карты, Картаграфія, Кліматычныя карты, Марскія карты, Палітыка-адміністрацыйныя карты, Тапаграфічныя карты, Турысцкія карты і інш.

т. 8, с. 101

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІНЬКО́ Анатоль Антонавіч (н. 27.6. 1949, г. Омск, Расія),

бел. фізік. Д-р фіз.-матэм. н. (1990), праф. (1993). Засл. дз. нав. Беларусі 1999. Скончыў БДУ (1971). З 1971 у НДІ прыкладных фіз. праблем БДУ (з 1979 нам. дырэктара). Навук. працы па малекулярнай спектраскапіі, фізіцы і хіміі вадкакрышт. асяроддзяў. Распрацаваў метады і сродкі аналізу складаных шматкампанентных вадкакрышт. асяроддзяў, а таксама новыя перспектыўныя вадкакрышт. матэрыялы і сістэмы адлюстравання інфармацыі на іх аснове.

Тв.:

Текстурообразование и структурная упорядоченность в жидких кристаллах. Мн., 1987 (у сааўт.);

Разработка ЖК устройств, основанных на различных жидкокристаллических материалах (у сааўт.) // Современные вопросы оптики, радиационного материаловедения, информатики, радиофизики и электроники. Мн., 1996. Ч. 1.

т. 10, с. 459

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУ́ХА Уладзімір Сцяпакавіч (н. 6.3.1945, в. Хваставічы Глускага р-на Магілёўскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне інфарматыкі і аўтам. кіравання. Д-р тэхн. н. (1994), праф. (1996). Скончыў Мінскі радыётэхн. ін-т (1967). З 1968 у Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі (з 1999 заг. кафедры). Навук. працы па сістэмах і метадах апрацоўкі інфармацыі і аўтам. кіравання. Распрацаваў асновы мнагамерна-матрычнага падыходу да мадэліравання мнагамерных сістэм і працэсаў.

Тв.:

Многомерно-матричные полиномы Эрмита // Весці АН БССР. Сер. фіз.-мат. навук. 1990. № 4;

Многомерно-матричная технология для полиномов Лягерра векторной переменной в вероятностных приложениях // Электромагнитные волны и электронные системы. 1998. Т. 3, № 4.

т. 11, с. 42

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРАШКОДАЎСТО́ЙЛІВАСЦЬ у сістэмах сувязі,

здольнасць сістэмы (тэхн. прылады, апарата) функцыянаваць з зададзенай якасцю пры неспрыяльным уздзеянні перашкод. Ацэньваецца імавернасцю памылкі (у лічбавых сістэмах) або адносінамі сігнал/шум (у аналагавых).

Патрабаванні да П. розных сістэм залежаць ад віду паведамленняў, якія перадаюцца. Для вызначэння П. сістэмы спачатку вызначаюць П. асобных звёнаў сістэмы: прыёмніка пры зададзеным спосабе перадачы, сістэмы кадзіравання (ці сістэм мадуляцыі) пры зададзеным спосабе прыёму і інш. П. павышаюць рацыянальным канструяваннем апаратуры, выбарам формы сігналаў, віду мадуляцыі, спосабамі кадзіравання і селекцыі інфармацыі, якія дазваляюць адрозніваць карысны сігнал ад перашкоды, а таксама ўлікам асаблівасцей наўмысных (арганізаваных) перашкод і інш.

А.​П.​Ткачэнка.

т. 12, с. 292

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАВАДНА́Я СУ́ВЯЗЬ,

перадача і прыём паведамленняў (інфармацыі) з дапамогай эл. сігналаў (электрамагнітных ваганняў), якія распаўсюджваюцца па правадах; адзін з відаў электрасувязі.

У залежнасці ад віду паведамленняў, што перадаюцца, адрозніваюць тэлефонную сувязь, тэлеграфную сувязь, факсімільную сувязь (перадача нерухомых відарысаў, напр., фатаграфій, малюнкаў), кабельнае тэлебачанне і інш. Падзяляюць на далёкую (міжгароднюю, міжнар.) і мясцовую (гар., вясковую), агульнага карыстання і ведамасную (карпаратыўную і ўнутрывытворчую). Для П.с. выкарыстоўваюць падземныя (падводныя) кабелі сувязі, валаконна-аптычныя лініі (гл. Валаконна-аптычная сувязь), узмацняльнікі электронных і аптычных сігналаў, рэгенератары (у лічбавых сістэмах), апаратуру каналаўтварэння (ушчыльнення і падзелу сігналаў), камутатары, маршрутызатары і інш. П.с. спалучаюць з радыёсувяззю і спадарожнікавай сувяззю.

А.​П.​Ткачэнка.

т. 12, с. 526

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДЫЁПРЫЁМНІК,

прылада для вылучэння, пераўтварэння і выкарыстання энергіі радыёхваль. Адрозніваюць Р. прамога ўзмацнення і супергетэрадзінныя радыёпрыёмнікі; радыёвяшчальныя і прафесійныя, пераносныя і стацыянарныя.

Радыёвяшчальныя Р. служаць для прыёму моўных, муз. і тэлевіз. праграм; прафесійныя — для работы на лініях радыёсувязі (сувязныя Р.), спец. сістэмах радыёкіравання, радыёлакацыі, радыёнавігацыі, радыётэлеметрыі і інш. Асн. элементы і вузлы Р. — частотна-селектыўныя эл. ланцугі (вагальныя контуры, эл. фільтры і інш.) для вылучэння сігналаў пэўнай радыёстанцыі, узмацняльнікі эл. ваганняў, дэтэктар, сродкі ўзнаўлення інфармацыі (напр., гучнагаварыцель, кінескоп); супергетэрадзінныя Р., акрамя таго, маюць пераўтваральнікі частаты і ўзмацняльнікі прамежкавай частаты. Р. часта канструктыўна аб’ядноўваюць з электрафонам (радыёла), магнітафонам (магнітола) і інш.

А.​П.​Ткачэнка.

т. 13, с. 234

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІСТЭМАТЭ́ХНІКА,

навукова-тэхнічная дысцыпліна, якая вывучае пытанні праектавання, стварэння, выпрабавання і эксплуатацыі складаных тэхн. і інфарм. сістэм на аснове ЭВМ. Грунтуецца на метадах матэм. логікі і статыстыкі, камбінаторыкі, тэорыях алгарытмаў, гульняў, сітуацый, масавага абслугоўвання, інфармацыі і інш.

Састаўныя часткі С. — іерархічная структура складаных сістэм і арганізацыя іх праектавання, аналіз, мадэліраванне, сінтэз і аптымізацыя сістэм. Складанымі сістэмамі лічаць аб’екты (сістэмы), састаўныя часткі (падсістэмы) якіх разглядаюць як асобныя сістэмы, аб’яднаныя пэўнымі сувязямі (суадносінамі) ці пэўнымі прынцыпамі. Пры распрацоўцы такіх сістэм вырашаюць праблемы, звязаныя з уласцівасцямі падсістэм, а таксама з заканамернасцямі функцыянавання ўсяго аб’екта.

Літ.:

Дружинин В.В., Конторов Д.С. Системотехника. М., 1985.

М.​П.​Савік.

т. 14, с. 422

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)