СІСТЭМАТЭ́ХНІКА,
навукова-тэхнічная дысцыпліна, якая вывучае пытанні праектавання, стварэння, выпрабавання і эксплуатацыі складаных тэхн. і інфарм. сістэм на аснове ЭВМ. Грунтуецца на метадах матэм. логікі і статыстыкі, камбінаторыкі, тэорыях алгарытмаў, гульняў, сітуацый, масавага абслугоўвання, інфармацыі і інш.
Састаўныя часткі С. — іерархічная структура складаных сістэм і арганізацыя іх праектавання, аналіз, мадэліраванне, сінтэз і аптымізацыя сістэм. Складанымі сістэмамі лічаць аб’екты (сістэмы), састаўныя часткі (падсістэмы) якіх разглядаюць як асобныя сістэмы, аб’яднаныя пэўнымі сувязямі (суадносінамі) ці пэўнымі прынцыпамі. Пры распрацоўцы такіх сістэм вырашаюць праблемы, звязаныя з уласцівасцямі падсістэм, а таксама з заканамернасцямі функцыянавання ўсяго аб’екта.
Літ.:
Дружинин В.В., Конторов Д.С. Системотехника. М., 1985.
М.П.Савік.
т. 14, с. 422
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)