Федэральная Ісламская Рэспубліка Каморскія Астравы (франц. République Fédérale et Islamique des Comores, араб. Джумхурыя аль-Кумур аль-Ітадыя аль-Ісламія), дзяржава на З астравах з групы Каморскіх а-воў у Індыйскім ак. каля паўн. ўвахода ў Мазамбікскі праліў. Складаецца з 3 федэральных акруг. Пл. 1862 км². Нас. 589,8 тыс.чал. (1997). Сталіца — г. Мароні (в-аў Нгазіджа). Афіц. мовы — французская і арабская. Нац. свята — Дзень абвяшчэння незалежнасці (6 ліп.).
Дзяржаўны лад. К.А. — ісламская рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1996. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, якога выбірае насельніцтва тэрмінам на 6 гадоў. Заканад. орган — Федэральная асамблея (38 членаў, выбіраюцца насельніцтвам на 5 гадоў). Выканаўчая ўлада належыць Кабінету міністраў на чале з прэм’ер-міністрам, якіх назначае прэзідэнт. Мясц. органы ўлады — губернатары астравоў (выбіраюцца насельніцтвам на 5 гадоў) і саветы астравоў (выбіраюцца насельніцтвам на 4 гады).
Прырода. А-вы Нгазіджа (Гранд-Камор, пл. 1146 км²), Нджуані (Анжуан, пл. 424 км²) і Мвалі (Махелі, пл. 290 км²) вулканічнага паходжання, складзены з базальтаў, трахітаў, фаналітаў, абкружаны каралавымі рыфамі. Цэнтр.ч. кожнага вострава занята слабарасчлянёным горным вулканічным масівам, на ўзбярэжжах — невял. нізіны. Шмат дзеючых вулканаў. Вышэйшы вулкан Картала (2560 м) на в-ве Нгазіджа апошні раз вывяргаўся ў 1977. Бываюць землетрасенні. Клімат трапічны мусонны, гарачы і вільготны. Сярэднія месячныя т-ры паветра вагаюцца ад 24 да 27 °C. Ападкаў за год ад 1100 мм у цэнтр. частцы а-воў да 3000 мм на наветраных схілах. Порыстыя вулканічныя грунты і глебы прапускаюць ваду; рэк і ручаёў няма. Ёсць некалькі невял. прэсных азёр у кратэрах нядзеючых вулканаў. У раслінным і жывёльным свеце шмат эндэмікаў. У верхніх частках схілаў — трапічныя лясы з дрэвападобнымі папарацямі, ліянамі, ніжэй — участкі саваннаў і хмызнякі. Пад лесам і хмызнякамі 17% тэрыторыі. Мора багатае рыбай.
Насельніцтва. Больш за 75% складае народ анталаутра (каморцы) — змешаная этнічная група нашчадкаў малагасійцаў, арабаў і афрыканцаў. Ёсць нядаўнія выхадцы з Афрыкі і Мадагаскара (па 5%), арабы з Амана і Йемена (7%), выхадцы з Індыі (3%), малайцы (2%), еўрапейцы (пераважна французы, грэкі, італьянцы) і інш. Амаль усе вернікі мусульмане-суніты. Сярэдняя шчыльн. 317 чал. на 1 км², на в-ве Нгазіджа больш за 400 чад., на в-ве Мвалі каля 100 чал. на 1 км². У гарадах жыве 31% насельніцтва, у г. Мароні 30 тыс.ж. (1992). Каля 80% насельніцтва занята ў сельскай гаспадарцы і рыбалоўстве.
Гісторыя. Ісламізаваны з 11 ст. У 1503 адкрыты партугальцамі. З сярэдзіны 19 ст. — уладанне Францыі (з 1843 — в-аў Маёта. з 1866 — астатнія астравы), з 1886 пратэктарат, з 1912 калонія (у 1914—16 адміністрацыйна падпарадкавана Мадагаскару). У 1947 атрымалі адм. аўтаномію (статус «заморскай тэр.» Францыі), пацверджаную на рэферэндуме 1958, у 1962 — шырокую ўнутр. аўтаномію. На рэферэндуме 1974 жыхары архіпелага (за выключэннем в-ва Маёта, дзе пражывае хрысц. насельніцтва) выказаліся за незалежнасць (абвешчана 6.7.1975). Прэзідэнтам стаў А.Абдала. У 1976 незалежнасць К.А. прызнала Францыя (Маёта па выніках рэферэндуму 1976 засталася ў яе ўладанні). У 1976—78 улада ў краіне належала Ваен.-паліт. дырэкторыі. У 1978 у выніку дзярж. перавароту прэзідэнтам зноў стаў Абдала; прынята новая канстытуцыя, абвешчана Федэральная Ісламская Рэспубліка Каморскія Астравы. У ліст. 1989 прэзідэнт Абдала забіты. Кіраўніком дзяржавы ў сак. 1990 выбраны С.М.Джахар. У вер. 1995 пасля спробы дзярж. перавароту, зробленай замежнымі наёмнікамі, Джахар пакінуў пасаду. У кастр. 1996 на архіпелаг уведзены франц. войскі, якія прымусілі кіраўнікоў перавароту здацца. У сак. 1997 прэзідэнтам выбраны М.Такі Абдул-Карым. К.А. — чл.ААН (з 1975). Дзейнічаюць партыі Каморскі саюз за прагрэс, Нац. саюз за дэмакратыю на Каморах, апазіцыйная Форум за нац. вызваленне і інш.
Гаспадарка. К.А. — слабаразвітая агр. краіна. Валавы ўнутр. прадукт у 1994 склаў 370 млн.дол. ЗША. Доля ў ім сельскай і лясной гаспадаркі, рыбалоўства каля 40%, прам-сці каля 4%. На 1 чал. ў год прыпадае каля 630 дол. ЗША. Асн. галіна — земляробства, спецыялізуецца на вытв-сці экспартных культур. Апрацоўваецца каля 42% тэрыторыі, пад пашай і лугамі каля 7%. Гал. культуры: эфіраалейныя (цытранэла, іланг-іланг, лімонная мята, базілік, язмін і інш.) — збор каля 50—100 т у год, ваніль — каля 1000 т, гваздзіка — каля 1200 т. Па зборы гэтых культур краіна займае 1—2-е месца ў свеце. Вырошчваюць какосавую пальму (каля 60 тыс.т какосавых арэхаў штогод), бананы, каву, какаву, цукр. трыснёг, сізаль, ананасы. 3 харч. культур найб. значэнне маюць маніёк, ямс, кукуруза, батат, рыс, агародніна. Гадуюць буйн. раг. жывёлу (каля 50 тыс. галоў), коз (каля 60 тыс. галоў), авечак, аслоў. Птушкагадоўля. Рыбалоўства (каля 5 тыс.т рыбы і морапрадуктаў штогод). Нарыхтоўка драўніны. Вытв-сць электраэнергіі 17 млн.кВт∙гадз (1995). Здабыча вулканічнага туфу (пуцалану) і выраб цэменту (в-аў Нгазіджа). Прадпрыемствы: тэкст., мылаварныя, дрэваапр., па вытв-сці безалкагольных напіткаў, быт. і харч. тавараў, эфірных алеяў, экстрактаў з ванілі, язміну і інш. Развіты разнастайныя саматужныя рамёствы, асабліва ганчарства. Транспарт аўтамаб. і марскі. Гал. порт — Мароні, паблізу міжнар. аэрапорт. Экспарт — 13,7 млн.дол., імпарт — 40,9 млн.дол. (1993). Дэфіцыт часткова кампенсуецца дапамогай міжнар. арг-цый, араб. нафтаздабыўных краін, Францыі, паступленнямі ад каморцаў, што працуюць за мяжой. У экспарце пераважаюць ваніль. гваздзіка, эсенцыя іланг-ілангу, копра, у імпарце — нафтапрадукты, харч. тавары, машыны і абсталяванне. Асн.гандл. партнёры: Францыя, ЗША, Германія, Кітай. Грашовая адзінка — каморскі франк.
І.Я.Афнагем (прырода, насельніцтва, гаспадарка).
Герб і сцяг Каморскіх Астравоў.Да арт.Каморскія астравы. Возера ў кратэры вулкана.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́ТАР, Дзяржава Катар, дзяржава ў Паўд.-Зах. Азіі, на п-ве Катар. На З, Пн і У абмываецца Персідскім зал., на Пд мяжуе з Саудаўскай Аравіяй і Аб’яднанымі Арабскімі Эміратамі. Пл. 11,4 тыс.км². Нас. 665,5 тыс.чал. (1997). Дзярж. мова — арабская. Дзярж. рэлігія — іслам. Сталіца — г.Доха. Падзяляецца на 9 акруг. Нац. свята — Дзень незалежнасці (3 вер.).
Дзяржаўны лад. К. — абсалютная манархія. Дзейнічае часовая канстытуцыя 1970. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — эмір. Функцыі выканаўчай улады ажыццяўляе ўрад, пасаду прэм’ер-міністра займае эмір. Парламент адсутнічае. Для аказання дапамогі ўраду створаны кансультатыўны савет (35 членаў).
Прырода. Паверхня нізінная (выш. да 56 м). На Пн — пясчаныя дзюны, сярэдняя частка — камяністая галечнікавая пустыня з саланчакамі, на Пд — пясчаныя ўзгоркі. Радовішчы нафты (на сушы і ў тэр. моры, больш за 500 млн.т) і прыроднага газу (каля 20 трлн. м³). Есць паклады буд. матэрыялаў, цэм. сыравіны, серы. Клімат кантынентальны, трапічны. Сярэдняя т-растудз. каля 16 °C, ліп. каля 32 °C. Гадавая сума ападкаў ад 55 мм (на Пд) да 125 мм (на Пн), выпадаюць у ліст.—маі. Пастаянных рэк няма, шмат сухіх рэчышчаў (вадзі). Пераважаюць пустынныя ландшафты, месцамі зараснікі пустынных хмызнякоў і паўхмызнякоў: акацый, тамарыскаў, астрагалаў. З жывёл трапляюцца дробныя пустынныя паўзуны і грызуны. Зімой з Аравіі заходзяць газелі. Мора багатае рыбай, крэветкамі, жамчужнымі ракавінамі.
Насельніцтва. Катарскія арабы складаюць каля 20%, арабы (выхадцы з інш.араб. краін) — 20%, пакістанцы і індыйцы — па 18%, іранцы — 10%. Ёсць групы еўрапейцаў (найб. англічан), амерыканцаў, афрыканцаў (пераважна нашчадкаў неграў-рабоў) і інш. У карэнных жыхароў захаваўся падзел на плямёны. Ва ўнутр. раёнах качуюць групы бедуінаў. Сярэднегадавы прырост каля 1,7%. Сярэдняя шчыльн. каля 58 чал. на 1 км². Каля 90% насельніцтва сканцэнтравана ў г. Доха і яе прыгарадах. Гар. насельніцтва складае каля 80%. Найб. гарады: Доха — 313,6 тыс.ж. (1992), Духан, Ум-Саід. У прам-сці і буд-ве занята 25% рабочай сілы, у абслугоўванні — 51%, астатнія — у сельскай гаспадарцы, транспарце, марскіх промыслах і інш.
Гісторыя. Першае ўпамінанне пра К. адносіцца да 1 ст.н.э. (рым. пісьменнік Пліній Старэйшы). К. неаднаразова заваёўваўся Сасанідамі, у 7 ст. ўключаны ў склад Араб. халіфата. Пасля яго распаду (10 ст.) у складзе дзяржавы карматаў. У 13—14 ст. пад уладай эміраў Бахрэйна, у пач. 16 ст. разам з Бахрэйнам захоплены партугальцамі, пазней — туркамі-асманамі. З 17 ст. К. — аб’ект барацьбы паміж Іранам, Турцыяй, правадырамі араб. плямён, правіцелямі Амана і Саўдыдамі. У канцы 19 ст. ўвесь К. аб’яднаўся пад уладай дынастыі Тані. У 1868 К. навязала нераўнапраўны дагавор Вялікабрытанія. У 1871 акупіраваны войскамі Асманскай імперыі. У 1914 Турцыя адмовілася ад улады над К. на карысць Вялікабрытаніі. Апошняя ў 1916 навязала К. пагадненне, паводле якога ён абвешчаны пад брыт. пратэктаратам. Тут уладарыў род Тані, пытанні знешняй палітыкі і абароны вырашаў брыт. ўрад. У 1968 К. разам з Бахрэйнам і інш. эміратамі намагаўся стварыць Федэрацыю араб. эміратаў Перс. заліва. У 1970 прынята часовая канстытуцыя К., 1.9.1971 ён абвешчаны незалежнай дзяржавай. У 1979 К. разарваў дыпламат. адносіны з Егіптам (пасля заключэння егіп.-ізраільскага мірнага дагавора), якія былі адноўлены ў 1987. К. аказаў дапамогу Іраку ў час ірана-іракскай вайны 1980—88, але ў 1990 асудзіў іракскую анексію Кувейта. У 1992 урэгуляваны тэр. спрэчкі з Саудаўскай Аравіяй, аднак застаюцца нявырашанымі супярэчнасці з Бахрэйнам па пытанні 14 астравоў каля катарскага ўзбярэжжа. К. — чл.ААН і Лігі араб. дзяржаў (з 1971), Арг-цыі Ісламская канферэнцыя, Арг-цыі краін-экспарцёраў нафты (АПЕК). Дзейнасць паліт. партый і прафсаюзаў забаронена.
Гаспадарка. Аснова эканомікі — здабыча нафты і прыроднага газу (да 95% даходаў краіны). Валавы ўнутр. прадукт 10,7 млрд.дол. (1994), каля 20 тыс.дол. на 1 чал. Здабычу (каля 20 млн.т штогод) і збыт нафты праводзіць дзярж.Ген. нафтавая карпарацыя. Асн. цэнтр здабычы — г. Духан. Агульныя магутнасці прадпрыемстваў па перапрацоўцы нафты складаюць 3,5 млн.т нафтапрадуктаў за год. Здабыча прыроднага газу складае 0,7% ад сусветнай. Вытв-сць электраэнергіі — 5,8 млрд.кВт∙гадз (1995). Працуюць буйныя ЦЭС на прыродным газе ў г. Духан і Доха. Асн. цэнтр нафтаперапрацоўкі, нафтахіміі, звадкавання газу — г. Ум-Саід. Там жа металургічны і сталепракатны (вытв-сць труб для транспартавання нафты і газу) з-ды. У г. Доха вытв-сць угнаенняў і пластмас, прадпрыемствы цэм., металаапр., харч. прам-сці, саматужныя промыслы (вытв-сць тканін, дываноў, мэблі, лодак), аўтарамонтныя майстэрні, з-ды безалкагольных напіткаў, ф-кі па кансерваванні крэветак, мукамольны камбінат, халадзільнікі; паблізу здабыча цэм. сыравіны. Для забеспячэння насельніцтва і гаспадаркі прэснай вадой у гарадах Доха, Духан, Ум-Саід пабудаваны апрасняльныя з-ды. Каля г. Доха створана свабодная эканам. зона Мусаід. У сельскай гаспадарцы выкарыстоўваюць каля 5 тыс.га для земляробства і садоўніцтва (у аазісах) і каля 400 тыс.га для качавой жывёлагадоўлі (пераважна на Пн). Вырошчваюць фінікавую і какосавую пальмы, агародніну (памідоры, капуста, дыні), кукурузу, проса, сорга, канюшыну і люцэрну, траву альфа. Жывёлагадоўляй заняты качавыя і паўкачавыя плямёны. Разводзяць вярблюдаў, авечак, коз. Прамысл. птушкагадоўля, вытв-сць бройлераў. Традыцыйны занятак — рыбалоўства, здабыча крэветак, жамчужны промысел, збор каралаў. Транспарт пераважна аўтамабільны. Даўж. аўтадарог 2,5 тыс.км, палавіна з іх з цвёрдым пакрыццём. Гал. парты Доха (разнастайныя грузы) і Ум-Саід (экспарт нафты, нафтапрадуктаў, звадкаванага газу). Сетка нафта- і газаправодаў злучае промыслы з партамі. Каля г. Доха міжнар. аэрапорт. У 1994 экспарт склаў 2,9 млрд.дол., імпарт — 2 млрд. долараў. Экспартуюцца пераважна нафта, нафтапрадукты, звадкаваны газ, меншае значэнне маюць штучныя ўгнаенні, сталь, цэмент, крэветкі, жэмчуг, фінікі, сушаная рыба. Імпартуюцца разнастайныя прамысл. і харч. тавары. Гал.гандл. партнёры: Японія, Германія, Францыя, Італія, Бразілія. Уклады К. ў замежныя банкі і кампаніі больш за 14 млрд.дол. Грашовая адзінка — катарскі рыял.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРЦІНІ́КА (Martinique),
уладанне (заморскі дэпартамент) Францыі на аднайм. востраве з групы Малых Антыльскіх астравоў у Вест-Індыі. Пл. 1128 км². Нас. 407,3 тыс.чал. (1998). Афіц. мова — французская, пашырана таксама крэольская. Адм. ц. — г. Фор-дэ-Франс. Падзяляецца на 2 акругі. Нац. свята — Дзень узяцця Бастыліі (14 ліп.).
Дзяржаўны лад. М. — заморскі дэпартамент і рэгіён Францыі. Орган дзярж. выканаўчай улады Францыі — прэфектура на чале з рэгіянальным сакратаром, якога прызначае прэзідэнт Францыі. Органы мясц. самакіравання — Ген. савет (дэпартаменцкі орган — 45 членаў) і Рэгіянальны савет (рэгіянальны орган — 41 член); выбіраюцца на 6 гадоў прамым усеагульным галасаваннем. У франц. парламенце М. прадстаўлена 4 дэпутатамі і 2 сенатарамі.
Прырода. Востраў гарысты, складзены пераважна з вулканічных парод. На Пн вулканічныя масівы, у т. л. Мантань-Пеле (1397 м), вывяржэнне якога ў 1902 знішчыла г. Сен-П’ер (загінула 40 тыс.чал.). На Пд горы выш. да 504 м, узгорыстая раўніна. Клімат трапічны пасатны з высокай вільготнасцю. Сярэднія месячныя т-ры 24—27 °C. Ападкаў 1500—2000 мм за год. Дажджлівы сезон (з навальніцамі і ўраганамі) з ліп. да лістапада. Рэкі невял. горныя. Ёсць мінер. крыніцы. На схілах гор захаваліся невял. трапічныя лясы (пальмы, чырвонае, ружавае, кампешавае і хлебнае дрэвы). На раўніне — участкі саваннаў і балот. На ўзбярэжжах месцамі мангравыя зараснікі. Мора багата рыбай, ракападобнымі, малюскамі. Некалькі рэзерватаў, у т. л. Мантань-Пеле.
Насельніцтва. Жывуць пераважна мулаты і негры (93,7%). Невял. групы французаў, дравідаў, кітайцаў, італьянцаў, іспанцаў, партугальцаў, сірыйцаў. Вернікі пераважна католікі (87,9%). Сярэднегадавы прырост каля 2,5%. Сярэдняя шчыльн. каля 360 чал. на 1 км², на ўзбярэжжы — да 1000 чал. на 1 км². У гарадах жыве каля 80% насельніцтва. У г. Фор-дэ-Франс каля 100 тыс. ж.
Іншыя гарады невялікія. У прам-сці занята каля 15% эканамічна актыўнага насельніцтва, у сельскай гаспадарцы і рыбалоўстве — каля 8%, астатнія — у абслуговых галінах. Характэрны вял. беспрацоўе і значная эміграцыя (больш за 6 тыс.чал. штогод, пераважна ў Францыю).
Гісторыя. Тэр. М. са старажытнасці насялялі індзейцы-аравакі, потым карыбы. У 1502 востраў першым з еўрапейцаў адкрыў Х.Калумб. З 1635 пачалася каланізацыя М. французамі (з 1674 калонія Францыі), якія паступова знішчылі мясц. карыбаў. У 17—18 ст. тут засн. плантацыйная гаспадарка па вырошчванні бавоўніку, тытуню, цукр. трыснягу, кавы; для працы на плантацыях прывозілі рабоў з Афрыкі. У час франц. рэвалюцыі 1789—99 на М. часова скасавана рабства (1794, адноўлена ў пач. 19 ст.). У 17 — пач. 19 ст. за валоданне востравам з Францыяй сапернічалі Нідэрланды і Вялікабрытанія (у 1794 М. акупіравалі брыт. войскі, паводле Ам’енскага мірнага дагавора 1802 вярнулі Францыі, у 1809—14 зноў акупіравана англічанамі). З 1816 канчаткова ўладанне Францыі. У 1848 адменена рабства. У 1854 Францыя надала М. частковую ўнутр., у 1900 — і фін. аўтаномію. У пач. 20 ст. ўзніклі марцініканскія паліт. партыі і прафсаюзы. На пач. 2-й сусв. вайны востраў знаходзіўся пад уладай франц. калабарацыянісцкага ўрада «Вішы», з ліп. 1943 марцініканцы падтрымлівалі Франц.к-тнац. вызвалення.
З 1946 М. — заморскі дэпартамент Францыі. У 1982—83 пашырана самакіраванне М. На выбарах 1992 у Ген. і Рэгіянальны саветы большасць атрымалі левыя партыі (у т. л. Марцініканская прагрэс. партыя), якія патрабуюць большай аўтаноміі для М.
На востраве дзейнічаюць аддзяленні 3 паліт. партый Францыі і 12 мясц. партый і рухаў (1999); найбуйнейшае прафс. аб’яднанне — Усеагульная канфедэрацыя працы М.
Гаспадарка. М. — параўнальна развітая краіна Вест-Індыі. У 1995 валавы нац. прадукт на 1 чал. склаў 10 тыс.дол. ЗША. Асновай эканомікі з’яўляюцца сельская гаспадарка і абслугоўванне замежных турыстаў. Вядучыя пазіцыі ў эканоміцы займаюць замежныя, у асн.франц. і амер. кампаніі. У сельскай гаспадарцы выкарыстоўваецца 34 тыс.га зямлі. Традыцыйна асновай сельскай гаспадаркі М. быў цукр. трыснёг, аднак яго вытв-сць пастаянна зніжаецца ў выніку палітыкі Францыі па абароне айч. вытворцаў цукру. Збор цукр. трыснягу 200 тыс.т, бананаў 230 тыс.т. Вырошчваюць таксама ананасы, манга, цытрусы, батат, маніёк, гародніну, бавоўну і тытунь. Жывёлагадоўля развіта менш. Пагалоўе (тыс. галоў): буйн. раг. жывёлы — 35, свіней — 26, авечак — 40, коз — 20. Птушкагадоўля. Рыбалоўства (каля 5 тыс.т рыбы штогод). Эксплуатацыя лясоў. У прам-сці пераважаюць прадпрыемствы харч. галіны — цукровыя, хлебапякарныя, піваварныя, маргарынавыя, па вытв-сці рому, ананасных і рыбных кансерваў. Працуе нафтаперапр.з-д (Ламантэн, перапрацоўвае штогод каля 1 млн.т нафты), 2 нафтахім. прадпрыемствы (выпускаюць поліэтылен), цэм.з-д (260 тыс.т цэменту штогод). Ёсць прадпрыемствы металаапр., паліграф., керамічнай і швейнай прам-сці. Вытв-сць электраэнергіі каля 1 млрд.кВт ∙ гадз штогод. Пераважаюць цеплавыя электрастанцыі на імпартнай нафце, ёсць некалькі невялікіх ГЭС. Развіты рамёствы, у т. л. пляценне кошыкаў, ручное ткацтва, разьбярства па дрэве. Дэфіцыт знешнегандл. балансу часткова пакрываецца за кошт даходаў ад турызму. Штогод М. наведваюць да 1 млн. турыстаў, пераважна з ЗША, Канады, Францыі. Турыстаў вабяць на М. маляўнічыя горы і вадаспады, руіны Сен-П’ера і старадаўнія крэпасці, старафранц. архітэктура, музеі, пясчаныя пляжы, добра арганізаваная «індустрыя турызму». Дадатковая крыніца сродкаў — грашовыя пераводы эмігрантаў. Транспарт пераважна аўтамаб. і марскі. На востраве 1690 км асфальтаваных аўтадарог. Гал. марскі порт — г. Фор-дэ-Франс. За 8 км ад яго міжнар. аэрапорт. Штогадовы экспарт складае 200—300 млн.дол., імпарт — 1500—1700 млн.дол. Экспартуюцца бананы, ром, цукар, ананасы, нафтапрадукты; імпартуюцца машыны, нафта, харч. прадукты, буд. матэрыялы. Асн.гандл. партнёры: Францыя (у асобныя гады да 80% знешнегандл. абароту), Германія, Італія, Японія, Вялікабрытанія. Фін. дапамога Францыі складае 4,5 млрд. франкаў штогод. Грашовая адзінка — франц. франк.
І.Я.Афнагель (прырода, насельніцтва, гаспадарка).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́РТЫЯ ПАЛІТЫ́ЧНАЯ,
палітычная арг-цыя, якая выражае інтарэсы сац. груп і аб’ядноўвае іх найб. актыўных прадстаўнікоў. Асн. прыкметы П.п. — актыўны ўдзел у барацьбе за заваяванне і ўтрыманне ўлады; наяўнасць паліт. праграмы, статута, членства, пэўнай сац. базы, агульных інтарэсаў і блізкіх ідэалаг. поглядаў яе членаў; наяўнасць цэнтр. органа кіраўніцтва, арганізац. структур, аднаго ці некалькіх лідэраў. Паліт. рух, у адрозненне ад П.п., не мае арганізац. структуры і дэталёва распрацаванай паліт. праграмы, не імкнецца да заваявання паліт. улады, а толькі да ўплыву на тых, хто яе ажыццяўляе. Паводле характару і задач дзейнасці П.п. падзяляецца на рэв., рэфармісцкія, кансерватыўныя, рэакцыйныя; паводле ідэйна-тэарэтычных установак — на камуніст., сацыяліст., сац.-дэмакр., ліберальныя, кансерватыўныя, аўтарытарна-фашысцкія, канфесійныя, лева- і праварадыкальныя; у адносінах да ўлады — на кіруючыя і апазіцыйныя; па шкале паліт. спектра — на правыя, цэнтрысцкія, левыя; паводле ўмоў дзейнасці — на легальныя, паўлегальныя, нелегальныя; паводле прынцыпаў арг-цыі — на кадравыя (аб’ядноўваюць невял. колькасць прафес. палітыкаў), якія маюць жорстка замацаванае статутам членства, і масавыя, якія не маюць ін-та афіцыйнага членства, а галасуюць на выбарах за кандыдатаў сваёй партыі. П.п. ствараюць парт. сістэму.
Зародкі П.п. (паліт. саюзы) вядомы са стараж. часоў (Атыка — 6 ст. да н.э., Стараж. Грэцыя — 4 ст. да н.э., Стараж. Рым — 2—1 ст. да н.э.). Адносна малалікія і вузкія паводле сац. складу саюзы і групоўкі існавалі ў сярэднія вякі (гвельфы і гібеліны ў Італіі). Тыповы прыклад вузкіх парт. груповак — торы, вігі ў Англіі (2-я пал. 17 ст.). Больш акрэсленыя рысы набываюць П.п. ў перыяд бурж. рэвалюцый, калі ўзнікалі бурж., ліберальныя і кансерватыўныя партыі розных кірункаў. П.п. ў сучасным разуменні ўзнікалі ў Еўропе ў сярэдзіне — 2-й пал. 19 ст. Адна з першых паліт. арг-цый пралетарыяту — «Саюз камуністаў» (1847), створаны К.Марксам і Ф.Энгельсам. Яго праграма — «Маніфест Камуністычнай партыі» (1848). Першая масавая П.п. парламенцкага тыпу «Ліберальнае таварыства рэгістрацыі выбараў у Англіі» створана ў 1861. У 1863 Ф Ласаль стварыў першую масавую рабочую П.п. «Усеагульны германскі саюз рабочых». Вял. ролю ў стварэнні П.п. адыгралі 1-ы (1864—76) і 2-і (1889—1914) Інтэрнацыяналы. У Рас. імперыі П.п. пачыналі стварацца як рэвалюцыйныя. Іх папярэднікамі былі дзекабрысцкія і народніцкія арг-цыі. Больш акрэсленыя рысы мелі «Зямля і воля», «Народная воля», «Чорны перадзел», «Група вызвалення працы». Выразныя рысы П.п. набылі Рабочая партыя вызвалення Расіі (1897; з 1901 Партыя сацыялістаў-рэвалюцыянераў), Бунд (1897), Расійская сацыял-дэмакратычная рабочая партыя (1898). У 1905 узніклі ліберальныя партыі — Партыя нар. свабоды (кадэты), Саюз 17 кастрычніка (акцябрысты). На рэакцыйных пазіцыях стаялі «Саюз рускага народа», Рус. манархічная партыя і інш. Буйнейшыя агульнарас. партыі мелі свае арг-цыі на Беларусі.
Першая бел. П.п. — Бел.рэв. грамада (БРГ), створаная ў 1902, з 1903 — Беларуская сацыялістычная грамада (БСГ). Яе заснавальнікі і актыўныя дзеячы: І. і А. Луцкевічы, А.Бурбіс, К.Кастравіцкі (Каганец), В.Іваноўскі і інш. Дзейнічалі Сацыялістычная партыя Белай Русі (1904—1905), Канстытуцыйна-каталіцкая партыя Літвы і Беларусі (1905—1907). У час Кастр. рэвалюцыі і пасля яе дзейнічалі Беларуская народная партыя сацыялістаў, Беларуская партыя сацыялістаў-рэвалюцыянераў, Беларуская партыя сацыялістаў-федэралістаў, Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя, Беларуская сацыял-дэмакратычная рабочая партыя (у Петраградзе), Бунд, Яўр.с.-д. партыя (Паалей Цыён), Аб’яднаная яўрэйская сацыялістычная рабочая партыя, некаторыя польскія і літоўскія П.п. У 1-й пал. 1920-х г. шматпартыйнасць у БССР ліквідавана. Адзінай П.п. засталася Камуніст. партыя (бальшавікоў) Беларусі. Яна не мела сваёй праграмы, статута, членскіх білетаў і з’яўлялася састаўной часткай РКП(б), ВКП(б), КПСС. У Зах. Беларусі, якая з 1921 знаходзілася пад уладай Польшчы, захавалася шматпартыйнасць. Дзейнічалі Бел. партыя незалежных сацыялістаў, Беларуская сялянска-работніцкая грамада, Беларуская хрысціянская дэмакратыя (Беларуская хрысціянска-дэмакратычная злучнасць, з 1936 Бел. нацыянальнае аб’яднанне), Камуністычная партыя Заходняй Беларусі і інш. Пасля Вял.Айч. вайны ў БССР, як і ва ўсім СССР, захоўвалася аднапарт. сістэма. У канцы 1980-х г. у сувязі з паглыбленнем ідэйнага крызісу КПСС, КП(б)Б, пачалі ўзнікаць апазіцыйныя ёй арганізацыі, у т. л. Беларускі народны фронт «Адраджэньне» і інш. У выніку распаду СССР і зыходу з паліт. арэны КПСС як кіруючай партыі ў пач. 1990-х г. аднаўляецца шматпартыйнасць. У 1991 на Беларусі сфарміраваліся: Аб’яднаная дэмакратычная партыя Беларусі (АДПБ), Беларуская сацыял-дэмакратычная грамада, Беларуская сялянская партыя, Нацыянальна-дэмакратычная партыя беларусаў, Хрысціянска-дэмакратычны саюз. 5.10.1994 прыняты закон «Аб палітычных партыях». На пач. 1998 на Беларусі Мін-вам юстыцыі афіцыйна зарэгістравана 35 партый. У 1998 паводле рашэння Вярх. суда ў адпаведнасці з законам «Аб палітычных партыях» 9 П.п. ліквідаваны. На 1.1.1999 у Рэспубліцы Беларусь 28 П.п. У 2-й пал. 1999 праведзена перарэгістрацыя П.п. У выніку на 1.1.2001 у Рэспубліцы Беларусь налічвалася 18 П.п.: «Аб’яднаная грамадзянская партыя; Аграрная партыя; Беларуская партыя жанчын «Надзея»; Беларуская партыя зялёных, Беларуская партыя працы, Беларуская патрыят. партыя, Беларуская с.-д. партыя (Народная грамада), Беларуская сацыяльна-спартыўная партыя, Беларуская экалагічная партыя зялёных «БЭЗ», Камуністычная партыя Беларусі, Кансерватыўна-хрысціянская партыя БНФ, Ліберальна-дэмакратычная партыя, Партыя «Беларуская сацыял-дэмакратычная грамада», Партыя Беларускага народнага фронту, Партыя камуністаў беларуская, Рэспубліканская партыя, Рэспубліканская партыя працы і справядлівасці, Сацыял -дэмакратычная партыя народнай згоды. Асн. мэта, якую ставяць усе П.п. Беларусі, — пабудова цывілізаванай прававой дзяржавы, правядзенне рэформ, накіраваных на павышэнне жыццёвага ўзроўню насельніцтва. Партыі камуніст. арыентацыі ставяць задачу пабудовы бяскласавага грамадства, аднаўленне дзярж. саюза народаў былога СССР.
Літ.:
Марченко М.Н., Фарукшин М.Х. Буржуазные политические партии. М., 1987;
Луцкевіч А. За дваццаць пяць гадоў (1903—1928). Мн., 1991;
Октябрь 1917 и судьбы политической оппозиции. Ч. 1—3. Гомель, 1993;
Становление и крушение однопартийной системы в СССР. 1917—1991. Гомель, 1995;
Бобков В.А., Кузнецов Н.В., Осмоловский В.П. Политические партии Беларуси. Мн., 1997;
Программные документы современных политических партий Беларуси. Вып. 2. Мн., 1997.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРО́ДНІЦТВА,
1) спецыфічная фаза гісторыі сац.-рэв. руху ў Расіі паміж «хаджэннем у народ» (1872—74) і тэрарызмам (1878—81).
2) Сац. дактрына 2-й пал. 19 ст., заснаваная на ўпэўненасці ў тым, што Расія можа мінуць капіталіст. стадыю развіцця і праз арцель і абшчыну адразу перайсці да сацыялізму (некат. даследчыкі лічаць пачынальнікамі гэтай дактрыны А.І.Герцэна і М.Г.Чарнышэўскага і адносяць нараджэнне т. зв. «аграрнага сацыялізму» да 1840—60-х г.).
2) Шырокі спектр ідэй і падыходаў, звязаных з цікавасцю інтэлігенцыі да «народа», пераважна сялян і рабочых, іх мыслення, звычаяў, нораваў і г.д. Характэрная рыса Н. як ідэалогіі — перапляценне ідэй рэв. дэмакратыі з сял.утапічным сацыялізмам. Н. падзялялася на рэв. і ліберальную плыні. Рэв. Н. звязвала дасягненне сацыялізму з усерас.сял. паўстаннем; ліберальнае разлічвала на мірны, рэфармісцкі шлях. Філас.-метадалагічную аснову поглядаў Н. складалі пазітывізм (М.К.Міхайлоўскі, П.Л.Лаўроў) і матэрыялізм (П.М.Ткачоў); іх аб’ядноўвала мэта тэарэтычна абгрунтаваць права асобы на сац. актыўнасць, зацвердзіць вядучую ролю сац. ідэала ў пабудове вучэння аб грамадскім развіцці («тэорыя прагрэсу», суб’ектыўны метад у сацыялогіі). Адлюстраваннем прынцыпаў суб’ектыўнай сацыялогіі ў эканам. навуцы з’явіўся «эканамічны рамантызм» (В.П.Варанцоў, М.Ф.Даніэльсон), прадстаўнікі якога імкнуліся пацвердзіць ідэю некапіталіст. развіцця ў Расіі.
У 1860-я — сярэдзіне 1880-х г. у рас. Н. пануючай была рэв. плынь, прадстаўленая шматлікімі тайнымі арг-цыямі і гурткамі, большасць якіх з 1870-х г. знаходзілася пад уплывам «бунтарскіх» ідэй М.А.Бакуніна. Спробай рэалізаваць ва ўсерас. маштабе рэв.-дэмакр. ідэі Герцэна і Чарнышэўскага стала першая арг-цыя«Зямля і воля» (1861—64). Члены т-ва «ішуцінцаў» (1863—66, лідэры М.А.Ішуцін і І.А.Худзякоў) для прапаганды рэв. ідэй меркавалі стварыць вытв. арцелі і камуны. Адзін з іх, Дз.У.Каракозаў, у крас. 1866 ажыццявіў няўдалы замах на імператара Аляксандра II. Уцалелыя пасля арыштаў «ішуцінцы» ўвайшлі ў тайную змоўшчыцкую арг-цыю «Народная расправа» (1869), лідэр якой С.Г.Нячаеў лічыў магчымым для перамогі «мужыцкай рэвалюцыі» выкарыстоўваць любыя сродкі, у т. л. падман, шантаж, забойствы. «Вялікае таварыства прапаганды», або чайкоўцы (1869—74), лічыла неабходным пашырэнне прапаганды ідэй Н. сярод інтэлігенцыі, а потым у народзе з мэтай падрыхтоўкі рэвалюцыі. У 1872—73 у Пецярбургу і Маскве дзейнічаў гурток далгушынцаў (заснавальнік А.В.Далгушын), члены якога падзялялі бунтарскія ідэі Бакуніна. Вясной 1873 пачалося і дасягнула найб. размаху ў 1874 падрыхтаванае далгушынцамі, чайкоўцамі і інш.рэв. гурткамі масавае «хаджэнне ў народ» рэв. інтэлігенцыі з мэтай узняць сялян на сацыяліст. рэвалюцыю. Гал. формай работы. сярод сялян была «лятучая прапаганда». Аднак «хаджэнне ў народ» не прывяло і не магло прывесці да сял. рэвалюцыі, амаль усе яго ўдзельнікі (каля 4 тыс.) былі арыштаваны, найб. актыўныя асуджаны па «працэсе 193-х» (1877—78). У 1874 узнікла «Усерасійская сацыяльна-рэвалюцыйная арганізацыя», або группа «масквічоў» (1874—75); яе члены лічылі, што для дзейснай прапаганды на сяле трэба рыхтаваць пасрэднікаў паміж сялянамі і інтэлігенцыяй з ліку рабочых. Другая «Зямля і воля» (1876—79), зыходзячы з вопыту папярэднікаў, імкнулася стварыць цэнтралізаваную рэв. арг-цыю, з мэтай пастаяннай прапаганды рэв. ідэй стварала паселішчы народнікаў у сельскай мясцовасці, але і гэтая дзейнасць не мела поспеху. У 1879 «Зямля і воля» раскалолася на «Народную волю» (1879—86) і «Чорны перадзел» (1879—81). Пад уплывам ідэй Ткачова (рэв. змоўніцтва) «Народная воля» перайшла да паліт. барацьбы з мэтай захопу ўлады. Аднак гэтая барацьба звялася да індывід. тэрору з мэтай дэзарганізацыі ўлады і абуджэння народу. Забойства імператара Аляксандра II 13.3.1881 (ажыццявіў І.Я.Грынявіцкі) паказала безвыніковасць і згубнасць такой тактыкі. Да канца 1884 «Народная воля» разгромлена ўрадам. «Чорны перадзел», які адмаўляў непасрэдную паліт. барацьбу і рабіў упор на прапаганду сярод рабочых, да канца 1881 распаўся на асобныя гурткі. Яго б. лідэры Г.В.Пляханаў, Л.Р.Дэйч, В.І.Засуліч і інш. ў эміграцыі перайшлі на паз шыі марксізму і заснавалі ў 1883 у Жэневе с.-д. арг-цыю «Вызваленне працы».
На Беларусі ідэі Н. падзялялі К.С.Каліноўскі, В.Урублеўскі, З.І.Серакоўскі і інш. кіраўнікі і ўдзельнікі паўстання 1863—64. У канцы 1862 у склад «Зямлі і волі» 1860-х г. увайшоў ваенна-рэв.Камітэт рускіх афіцэраў у Польшчы, 40% членаў якога былі ўраджэнцамі бел.-літ. губерняў. У 1874—84 існавалі нелегальныя групы бел. студэнтаў у ВНУ Пецярбурга і інш. гарадоў краіны. У стварэнні адной з першых бел. груп «Народнай волі» ў Пецярбургу ўдзельнічаў Грынявіцкі. Пазней са студэнтаў-беларусаў Пецярбургскага ун-та створана бел.рэв. група «Гоман», якая наладзіла сувязі з Віцебскам, Мінскам і інш.бел. гарадамі, імкнулася стаць цэнтрам арг-цыі «Народнай волі» на Беларусі, у 1884 выдала 2 нумары час.«Гомон». У студз. 1882 створана Паўночна-Заходняя арганізацыя «Народнай волі», якая аб’яднала гурткі Віленскай, Віцебскай, Магілёўскай, Мінскай, Гродзенскай, Ковенскай губ. У 1881—83 у Вільні, Мінску, Пінску, Віцебску, Гродне, Бабруйску, Оршы, Магілёве ўзніклі нарадавольцаў-афіцэраў гурткі, што падпарадкоўваліся непасрэдна ваенна-рэв. цэнтру «Народнай волі». Існавалі на Беларусі і народніцкія гурткі вучнёўскай моладзі. Групы бел.рэв. народнікаў нелегальна выдавалі адозвы, у т. л. «Да беларускай інтэлігенцыі» (1883), «Пасланне да землякоў-беларусаў Шчырага беларуса» (1.1.1884), ліберальныя народнікі — «Да беларускай моладзі» (1881), «Пісьмы пра Беларусь. Пісьмо першае Данілы Баравіка» (16.12.1882). У выданнях бел. народнікаў былі абгрунтаваны ідэі нац.-дзярж. адраджэння Беларусі. Некаторыя ідэі ліберальнага Н. прапагандавала газ. «Минский листок». З дзейнасцю рэв. народнікаў звязаны пачатак распаўсюджвання на Беларусі асобных твораў К.Маркса і Ф.Энгельса, узнікненне першых рабочых гурткоў.
На фоне ідэйнага краху рэв. Н. з сярэдзіны 1880-х г. пануючай плынню ў народніцкім руху стала ліберальнае Н. (ідэолаг Міхайлоўскі), якое выступала за павелічэнне сял. надзелаў, аднаўленне сялян у грамадз. правах і інш. рэформы пры захаванні асноў дзярж. і грамадскага ладу. Пераемнікамі Н. сталі сацыялісты-рэвалюцыянеры, што аформіліся ў партыю ў 1902 у выніку аб’яднання народніцкіх груп і гурткоў.
Літ.:
Ткаченко П.С. О спорных проблемах истории народничества // История СССР. 1963. №6;
Троицкий Н.А. Большое общество пропаганды 1871—1874 гг. (т.н. «чайковцы»), Саратов, 1963;
Антонов В.Ф. Революционное народничество. М., 1965;
Самбук С.М. Революционные народники Белоруссии (70-е — начало 80-х гг. XIX в.). Мн., 1972;
Пантин И.К. Социалистическая мысль в России: переход от утопии к науке. М., 1973;
Лосинский Н.Б. Революционно-народническое движение в Белоруссии, 1870—1884 гг.Мн., 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
то1, злучнікпералічальна-размеркавальны.
1. Ужываецца для сувязі членаў сказа і сказаў пры пералічэнні падзей, з’яў, прадметаў з папераменным чаргаваннем. У лесе — лістапад. То тут, то там бясшумна падае з дрэў рознакаляровае лісце.Ігнаценка.То зліваючыся з мрокам, то выступаючы з яго, постаць невядомага чалавека пасоўвалася ў дзедаў бок.Колас.Рупліва чокаюць сякеры, шоргае .. піла, чуваць то смех, то галасы: — Раз, два — узялі!Брыль.Мой час па-рознаму бяжыць: То з гулам, як вясновы гром, То ціхенька, нібы ручай, То скокам-бокам, нібы ліст.Лось.[Дзямід:] — Жыццё спяшаецца, толькі паспявай за ім! То адзін прыдумаў нешта новае, то другі здолеў апярэдзіць час...Паслядовіч.
2. Уваходзіць у склад састаўных паўторных пералічальна-размеркавальных злучнікаў: а) «ці то... ці то», якія злучаюць члены сказа і сказы з адценнем меркавання, развагі. З левага боку ад дзвярэй вісела ці то дыяграма, ці то нейкая схема.Васілёнак.Ці то яшчэ па яве, ці то ўжо ў сне залятала ў душу Андрэя так патрэбная цяпер уцешная мелодыя песні.Пестрак.Ці то воз быў занадта цяжкі, ці то лёд пад вясну аслабеў, але ўся фурманка з кон[ьмі] .. шухнула пад лёд.Корбан; б) «не то... не то», якія злучаюць члены сказа і сказы з адценнем няпэўнасці, сумнення. Збоку да парома прычэплена не то лодка, не то човен.Парахневіч.— Цікава, з якога атрада? — не то сам сабе, не то Кузьме Міхайлавічу сказаў Злобіч.М. Ткачоў.Сам Іпалітаў быў аднекуль здалёк — не то з Прыбалтыкі, не то з яшчэ далейшых краёў.Паўлаў.Спіць Парфен, галаву кажушком накрыўшы. Не то будзіць яго, не то не будзіць.Лобан.
3. Ужываецца ў складаназалежных сказах у якасці суадноснага слова ўмоўных, часавых, прычынных і супастаўляльных злучнікаў. Каб трошкі спазніліся хлопцы, то ўжо не засталі б лесніка дома.Пальчэўскі.— Калі жыць ды не працаваць, то і жыць не трэба, — казаў мне бацька.Паўлаў.Калі Мікіта ўспамінаў, як вытурыў ён гэтага васпана з хаты, то гордасць яго прымала вялікія памеры.Колас./ У якасці суадноснага слова ў галоўным сказе пры адсутнасці злучніка ў залежным. [Курыльчык:] Ты не хочаш прэміі, то і не бяры .. А мне прэмія вельмі патрэбна, і я ад яе не адмоўлюся.Крапіва.— На склад дык на склад, — усміхаецца сумна Міхась, — не прывык, то прывыкну.Брыль.[Тварыцкі:] — Няма ў нас тут вольнай зямлі. Сказаць праўду, то раней была, але народ падзяліў.Чорны.
•••
А не то (дык)гл. а 2.
А тогл. а 2.
Ды і тогл. ды 1.
І то — а) гл. і 3; б) злучнік — але, аднак, нягледзячы на. Конь на чатырох нагах — і то спатыкаецца.Прыказка.
то2, часціца.
Ужываецца ў пачатку сказаў, якія абагульняюць, рэзюміруюць ці тлумачаць тое, аб чым гаварылася раней. [Журавінка:] — Бывае, Хрысцінка, чалавек спатыкаецца. То што ж ты ўжо зробіш?Лобан.[Пытляваны:] Аўдоцця Захараўна, мусіць, не ведае, што мы за людзі. То ўжо ты, Іван Міхайлавіч, адрэкамендуй нас.Крапіва.// У значэнні ўказальнага займенніка «гэта». Ой не плакалі ў полі бярозы, Не цвіла над ракою каліна, — То раняла гарачыя слёзы Маладая ўдава Кацярына.Трус.Такіх палян вакол пушчы многа, а гэта асаблівая. То — урочышча Старына.Ваданосаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
БССР, Беларусь, саюзная дзяржава ў складзе СССР. Існавала з 1.1.1919 да вер. 1991, у складзе СССР афіцыйна са снеж. 1922. Тэр. 207,6 тыс.км², нас. 10 254 тыс.чал. (на 1.1.1990). Сталіца — г.Мінск. Паводле рашэння VI Паўн.-Зах.абл. канферэнцыі РКП(б) [30—31.12.1918, Смаленск; гл.Першы з’езд КП(б)Б] БССР абвяшчалася ў межах Віцебскай, Гродзенскай, Магілёўскай, Мінскай губ., бел. паветаў Віленскай і Ковенскай губ., зах. паветаў Смаленскай губ.Часовы рабоча-сялянскі савецкі ўрад Беларусі ў ноч з 1 на 2.1.1919 абнародаваў Маніфест аб абвяшчэнні БССР. 8.1.1919 Часовы рабоча-сял.сав. ўрад Беларусі і Цэнтр. Бюро КП(б)Б пераехалі са Смаленска ў Мінск. Першы Усебеларускі з’езд Саветаў (2—3.2.1919, Мінск) адобрыў утварэнне БССР, зацвердзіў Канстытуцыю Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусь 1919, выбраў Цэнтральны Выканаўчы Камітэт БССР (ЦВКБССР), прыняў пастанову аб аб’яднанні Беларусі і Літвы (гл.Літоўска-Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка). У складаных умовах грамадз. вайны і ваен. інтэрвенцыі 1918—20 урад БССР праводзіў работу па ўмацаванні сав. улады, мабілізацыі сіл на барацьбу з яе праціўнікамі і іншаземнымі захопнікамі, ажыццяўленні першых сацыяліст. пераўтварэнняў. БССР у гэты перыяд знаходзілася ў цяжкім эканам. і ваенна-паліт. становішчы, большая частка яе тэрыторыі была акупіравана ням., потым польск. інтэрвентамі. Летам 1920 на вызваленай Чырв. Арміяй тэр. Беларусі адноўлена сав. ўлада. 31.7.1920 на сходзе прадстаўнікоў Кампартыі Літвы і Беларусі, сав. і прафс. арг-цый Мінска і Мінскай губ. прынята Дэкларацыя аб абвяшчэнні незалежнасці Сав.Сацыяліст. Рэспублікі Беларусь (гл.Другое абвяшчэнне БССР). Захопленая польск. войскамі ў выніку савецка-польскай вайны 1920зах. частка Беларусі паводле Рыжскага мірнага дагавору 1921 адышла да Польшчы (гл.Заходняя Беларусь). Тэр. ўзноўленай БССР складалася з 6 паветаў Мінскай губ. з нас. 1544 тыс.чал.Другі Усебеларускі з’езд Саветаў (13—17.12.1920) прыняў дадаткі да Канстытуцыі 1919, дзе абвясціў вышэйшым органам улады рэспублікі з’езд Саветаў, а паміж з’ездамі — ЦВКБССР, выканаўчым органам — Савет Народных Камісараў БССР (СНКБССР). Пасля заканчэння вайны Беларусь перажывала глыбокі сац.-эканам. крызіс. Большая частка прадпрыемстваў была знішчана, астатнія з-за адсутнасці паліва і сыравіны працавалі з перабоямі. Былі разбураны сельская гаспадарка, транспарт. Усё гэта цяжка адбівалася на становішчы працоўных, выклікала іх незадаволенасць палітыкай «ваеннага камунізму». Пераход да ажыццяўлення ў БССРновай эканамічнай палітыкі (нэпа) прынёс станоўчыя вынікі. Харчразвёрстка была заменена харчпадаткам, дапускалася дзейнасць прыватнага капіталу, праводзілася рэарганізацыя сістэмы кіравання прам-сцю, вырашаліся пытанні аплаты працы, фін. палітыкі. Пераломным у развіцці прам-сці стаў 1923—24 гасп. год, калі пачалі хутка расці вытворчасць, колькасць адноўленых і ўведзеных у эксплуатацыю прадпрыемстваў. У 1924—28 аб’ём прамысл. прадукцыі вырас у 2,3 раза. Адначасова павялічылася колькасць прыватных прадпрыемстваў. Расла зарплата рабочых і служачых. У сельскай гаспадарцы праводзілася работа па землеўпарадкаванні, развіцці хутарызацыі, арэнды, кааператыўнага руху і інш. Каля ⅓ беднякоў і батракоў, якія атрымалі зямлю, сталі сераднякамі. На пач.кастр. 1925 у БССР было 1084 кааператыўныя т-вы (аб’ядноўвалі 161 тыс.членаў). Важнае значэнне для ўмацавання эканам. патэнцыялу рэспублікі мела вяртанне ёй са складу РСФСР у 1924 і 1926 этнаграфічна роднасных усх. тэрыторый (гл.Узбуйненне БССР). Рабіліся захады па ажыўленні Саветаў, умацаванні іх сувязяў з масамі працоўных, павелічэнні колькасці членаўКамуністычнай партыі Беларусі (КПБ). У 1920-я г. праводзілася палітыка беларусізацыі грамадска-паліт. і культ. жыцця рэспублікі. Значныя поспехі былі дасягнуты на ніве нац.-культ. адраджэння. Ліквідоўвалася непісьменнасць, была праведзена рэформа школьнай сістэмы, большасць школ пераводзілася на бел. мову навучання, яны забяспечваліся неабходнымі кадрамі і падручнікамі. Развіваліся л-ра і мастацтва, навука. У 1920—22 адкрыты Беларускі дзяржаўны універсітэт, Інстытут беларускай культуры (у 1928 пераўтвораны ў Акадэмію навук Беларусі) і інш. У ходзе сацыяліст.індустрыялізацыі (курс на яе абвешчаны ў СССР у снеж. 1925) на Беларусі за гады даваен. пяцігодак увайшло ў строй больш за 1 тыс.прамысл. прадпрыемстваў, у т. л. каля 400 буйных. У 1940 прадукцыя прам-сці ўсіх абласцей БССР перавысіла ўзровень 1913 у 23 разы. Паводле перапісу 1939, удзельная вага рабочага класа ў складзе насельніцтва рэспублікі дасягнула 21,9%, інтэлігенцыі — 14,5%. З восені 1929 гал. кірункам агр. палітыкі ў БССР стала масавая калектывізацыя. Выконваючы дырэктывы вышэйшага кіраўніцтва СССР, парт. і сав. органы БССР праводзілі сярод сялянства актыўную арганізац. і масава-паліт. работу, імкнуліся фарсіравана забяспечыць перабудову вёскі на сацыяліст. аснове. Да пач.Вял.Айч. вайны ва ўсх. абласцях БССР было абагулена 93,4% сял. гаспадарак і 96,2% пасяўных плошчаў. Аднак калектывізацыя праводзілася паспешліва, пры адсутнасці належных сац.-эканам. умоў, з шырокім выкарыстаннем прымусовых, адм.-камандных метадаў. Заможныя (кулацкія) і шмат серадняцкіх гаспадарак падпалі пад раскулачванне, іх маёмасць была канфіскавана. Восьмы Усебеларускі з’езд Саветаў (5—12.4.1927) прыняў новую Канстытуцыю Беларускай ССР 1927. У 1930-я г. на сац.-паліт. і культ. развіццё Беларусі, як і ўсяго СССР, негатыўны ўплыў зрабілі культ асобы, бюракратызацыя дзярж. структур і адміністрацыйна-камандныя метады кіравання, якія абмяжоўвалі творчую актыўнасць працоўных. Цяжкім злачынствам з’явіліся рэпрэсіі палітычныя, што дасягнулі свайго апагея ў 1937. Супрацоўнікамі НКУС рэспублікі быў сфабрыкаваны шэраг спраў т.зв. «контррэвалюцыйных шпіёнскіх арганізацый» (гл.«Аб’яднанае антысавецкае падполле», «Беларуская народная грамада», «Беларускі нацыянальны цэнтр», «Беларускі філіял меншавікоў», «Беларускі філіял прампартыі», «Беларускі філіял працоўнай сялянскай партыі», «Саюз вызвалення Беларусі» і інш.). На надзвычайным Дванаццатым Усебеларускім з’ездзе Саветаў (20—23.11.1936 і 15—19.2.1937) прынята Канстытуцыя Беларускай ССР 1937, вышэйшым органам дзярж. улады вызначаны Вярх. СаветБССР (гл. ў арт.Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь), у перыяд паміж сесіямі — Прэзідыум Вярх. Савета БССР. Пасля нападу фаш. Германіі на Польшчу (1.9.1939) Чырв. Армія паводле рашэння ўрада СССР 17.9.1939 перайшла граніцу Польшчы і ўзяла пад абарону насельніцтва Зах. Беларусі. Народны сход Заходняй Беларусі 1939 (28—30.10.1939, Беласток) прыняў Дэкларацыю аб абвяшчэнні сав. улады і ўз’яднанні Зах. Беларусі з БССР. 12.11.1939 сесія Вярх. Савета БССР прыняла закон аб Уз’яднанні Заходняй Беларусі з БССР. Гэтым была адноўлена тэрытарыяльная цэласнасць Беларусі, створаны ўмовы для кансалідацыі бел. нацыі. Насельніцтва БССР пасля ўз’яднання склала 11 млн.чал. На пач. Вялікай Айчыннай вайны (22.6.1941) часці Чырв. Арміі аказалі на тэр. Беларусі ўпартае супраціўленне гітлераўцам (гл.Брэсцкай крэпасці абарона 1941, Мінска абарона 1941, Магілёва абарона 1941, Гомеля абарона 1941 і інш.). На франтах з ворагам змагаліся больш за 1,3 млн. беларусаў і ўраджэнцаў рэспублікі. На захопленай гітлераўцамі тэрыторыі ва ўмовах жорсткага акупац. рэжыму разгарнулася партыз. і падп. барацьба (гл.Партызанскі рух на Беларусі, Патрыятычнае падполле на Беларусі, Антыфашысцкія арганізацыі на Беларусі). 374 тыс. патрыётаў змагаліся ў партыз. атрадах і брыгадах, больш за 70 тыс. — у глыбокім падполлі. У канцы 1943 нар. мсціўцы ўтрымлівалі і кантралявалі каля 60% акупіраванай тэр. рэспублікі (гл.Партызанская зона). Ваен. кіраўніцтва партыз. барацьбой ажыццяўлялі Цэнтр. і Бел. штабы партыз. руху (гл. адпаведныя арт.). У чэрв.—ліп. 1944 у ходзе Беларускай аперацыі 1944БССР была поўнасцю вызвалена ад ням.-фаш. захопнікаў. Вайна нанесла рэспубліцы велізарныя страты. Загінуў кожны чацвёрты жыхар Беларусі, былі спалены і зруйнаваны 209 гарадоў і раённых цэнтраў, 9200 вёсак. Рэспубліка страціла больш як палову нац. багацця. Паводле сав.-польск. дамоўленасці са складу БССР Польшчы перададзены ў вер. 1944 Беластоцкая вобласць і некалькі раёнаў Брэсцкай вобласці. У 1945 БССР стала адной з краін-заснавальніц ААН (гл. ў арт.Крымская канферэнцыя 1945, Сан-Францыская канферэнцыя 1945). У 1946 СНКБССР пераўтвораны ў Савет Міністраў (гл. ў арт.Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь). Паводле Канстытуцыі БССР у 1955—56 былі зацверджаны дзярж. герб, гімн і сцяг рэспублікі. Дзякуючы самаадданай працы бел. народа, а таксама дапамозе інш. рэспублік СССР адраджалася разбураная вайной гаспадарка. Матэрыяльная база аднаўлялася праз цэнтралізаваныя пастаўкі, рээвакуацыю абсталявання бел. прадпрыемстваў з сав. тылу, шэфскую і інш. дапамогаў працоўных калектываў усёй краіны. У 1944—45 у БССР было накіравана 38,2 тыс. адзінак тэхнал. абсталявання, 420 трактароў, 4 тыс.т паліва, шмат сельгастэхнікі, буд. Матэрыялаў, тысячы кваліфікаваных спецыялістаў і інш. У кароткі тэрмін узведзены аўтамаб., трактарны, інструментальны з-ды ў Мінску і дывановы камбінат у Віцебску, адноўлены Гомсельмаш, станкабудаўнічыя з-ды ў Мінску, Гомелі, Віцебску, льнокамбінат у Оршы, БелДРЭС і інш. Валавая прадукцыя прам-сці ў 1950 перавысіла ўзровень 1940 на 15%. З сярэдзіны 1950-х г.асн. умовай далейшага развіцця бел. эканомікі з’яўлялася шматбаковае супрацоўніцтва БССР з інш. рэспублікамі краіны. З уводам у эксплуатацыю новых і рэканструкцыяй дзеючых прадпрыемстваў, укараненнем у вытв-сць дасягненняў навукі і тэхнікі штогод нарошчваўся эканам. патэнцыял. У 1956—85 былі пабудаваны і ўвайшлі ў строй 511 буйных прадпрыемстваў, сфарміраваўся магутны прамысл. комплекс рэспублікі. Аб’ём прадукцыі ў 1985 у параўнанні з 1960 вырас амаль у 9 разоў і перавысіў даваен. ўзровень у 38 разоў. Хутка нарошчвалі вытворчасць машынабудаванне, хім. і нафтахім. прам-сць, прадпрыемствы паліўна-энергетычнага комплексу. З будаўніцтвам Лукомскай, Бярозаўскай і Васілевіцкай ДРЭС, Мінскай і Наваполацкай ЦЭЦ сфарміравалася адзіная Бел.энергет. сістэма. У той жа час не надавалася належнага значэння праблемам экалогіі, захавання чысціні навакольнага асяроддзя. Драматычныя для Беларусі вынікі Чарнобыльскай катастрофы 1986. У сельскай гаспадарцы першачарговай задачай было ўмацаванне матэрыяльна-тэхн. базы, павышэнне культуры земляробства. У 1960—85 колькасць трактароў у калгасах і саўгасах рэспублікі павялічылася амаль у 4 разы, збожжаўборачных камбайнаў — у 3,3 раза, грузавых аўтамабіляў — у 2,9 раза. Пастаўкі мінеральных угнаенняў сельскай гаспадарцы выраслі ў 7,7 раза. У 1986—90 сярэднегадавая ўраджайнасць збожжавых ва ўсіх катэгорыях гаспадарак дасягнула 25,2 ц з га супраць 7,1 ц у 2-й пал. 1950-х г. Вытворчасць мяса (у забойнай вазе) у 1990 склала 1181 тыс.т супраць 402 тыс.т у 1960 і 275 тыс.т у 1940, вытворчасць малака ў параўнанні з 1960 вырасла больш як у 2 разы. Разам з тым у развіцці аграпрамысл. комплексу мелася шмат нявырашаных задач, у многіх гаспадарках калгасна-саўгасная вытворчасць была стратная. Няпоўнай была аддача асушаных зямель (іх плошча складала 2,5 млн.га), жывёлагадоўля ў большасці гаспадарак развівалася экстэнсіўна. Не мела належнага ўзроўню развіццё перапрацоўчых галін, асабістых гаспадарак сельскіх жыхароў. Важным звяном нар.-гасп. комплексу БССР быў транспарт, грузаабарот якога ў 1960—90 павялічыўся ў цэлым больш як у 3 разы. Рост эканомікі забяспечыў паляпшэнне дабрабыту насельніцтва. Яго рэальныя даходы выраслі ў 1985 супраць 1970 у 1,7 раза. На пач. 1990/91 навуч. года ўсімі формамі навучання ў БССР было ахоплена 3671 тыс.чал. Працавала 5429 агульнаадук. школ, 147 сярэдніх спец. і 33 вышэйшыя навуч. ўстановы. У 1946—90 ВНУ падрыхтавалі 2062 тыс. спецыялістаў. Значных поспехаў дасягнула навука. У 1987 у БССР існавала 167 навук. устаноў, працавалі 44,5 тыс.навук. супрацоўнікаў, у т. л. 1085 дактароў і 14,1 тыс.канд. навук, займаліся ў аспірантуры каля 3 тыс.чал. Шэраг навук. адкрыццяў вучоных БССР атрымалі сусв. прызнанне. Пашыралі і ўдасканальвалі работу культ.-асв. ўстановы. У 1960 у рэспубліцы было выдадзена 1,6 тыс. назваў кніг і брашур, у 1985 — больш за 3,4 тыс. Адмоўным у развіцці культуры і грамадскіх навук было зніжэнне ўвагі да выкарыстання бел. мовы, слаба аналізаваліся негатыўныя з’явы ў жыцці грамадства. Эканам. і культ. развіццё БССР стварала аснову для пашырэння замежных сувязяў. У канцы 1980-х г. прадукцыя рэспублікі пастаўлялася амаль у 100 краін, асартымент экспарту ўключаў больш за 1 тыс. найменняў. Канстытуцыя Беларускай ССР 1978 вызначыла паліт. сістэму сав. грамадства, элементамі якой з’яўляліся дзяржава, КПСС, грамадскія арг-цыі і прац. калектывы. Кіраўнічай і накіравальнай сілай сав. грамадства, ядром яго паліт. сістэмы, дзярж. і грамадскіх арганізацый абвяшчалася Кампартыя Сав. Саюза.
З сярэдзіны 1980-х г. у БССР, як і ва ўсёй краіне, пачаўся працэс радыкальных пераўтварэнняў усіх бакоў грамадскага жыцця. Ключавое значэнне набылі праблемы рэфармавання паліт. сістэмы, дэмакратызацыі грамадства, дзярж. будаўніцтва, пачала складвацца шматпартыйнасць. Адбыўся ўстаноўчы з’езд Беларускага народнага фронту «Адраджэнне» (24—25.6.1989, Вільнюс), узніклі Беларуская сацыял-дэмакратычная грамада (1991), Партыя народнай згоды (1992) і інш. Паводле закону Вярх. Савета БССР ад 26.1.1990 «Аб мовах у Беларускай ССР» былі зроблены захады на больш шырокае выкарыстанне бел. мовы, у т. л. ў школах, установах, сродках масавай інфармацыі. 4.3.1990 на пашыранай дэмакр. аснове прайшлі выбары нар. дэпутатаў БССР і мясц. Саветаў. 27.7.1990 Вярх. СаветБССР прыняў Дэкларацыю аб дзяржаўным суверэнітэце Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі, 25.8.1991 — Закон аб наданні статуса канстытуцыйнага закону гэтай Дэкларацыі. Пасля падзей у Маскве 19—21.8.1991 Вярх. СаветБССР 25.8.1991 прыпыніў дзейнасць КПБ—КПСС на тэр. Беларусі. 19.9.1991 6-я нечарговая сесія Вярх. Савета рэспублікі перайменавала БССР у Рэспубліку Беларусь. Гл. таксама Беларусь.
Літ.:
гл. пры арт.Беларусь.
І.Я.Марчанка.
Да арт.Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка. Газета «Савецкая Беларусь» з тэкстам Дэкларацыі аб абвяшчэнні незалежнасці Беларускай ССР. 1920.Да арт.Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка. Камунары вёскі Камуна Любанскага раёна капаюць асушальны канал. 1928.Да арт.Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка. Першамайская дэманстрацыя ў Мінску. 1950-я гады.Да арт.Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка. Антыкамуністычная маніфестацыя і мітынг каля Дома ўрада. Мінск. 7.11.1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНА́КА (Monaco),
Княства Манака (Principauté de Monaco), дзяржава ў Паўд. Еўропе, на беразе Міжземнага м., на сушы абкружана тэр. Францыі. Пл. 1,95 км². Нас. 32 тыс.чал. (1998). Афіц. мова — французская. Сталіца — г.Манака. Падзяляецца на 4 адм.гар. акругі. Нац. свята — Нацыянальны дзень (19 ліст. — дзень нараджэння правячага князя Рэнье III).
Дзяржаўны лад. М. — канстытуцыйная манархія. Дзейнічае канстытуцыя 1911, абноўленая ў 1962. Кіраўнік дзяржавы — наследны князь. Заканад. ўлада належыць Нац. савету, у які ўваходзяць кіраўнік дзяржавы і 18 членаў, выбраных на ўсеагульных выбарах на 5 гадоў. Выканаўчую ўладу ажыццяўляе Урадавы савет з удзелам прадстаўніка Францыі, які прапануецца на пасаду франц. урадам і зацвярджаецца князем. Існуе таксама дарадчы орган — Каронны савет.
Прырода. Княства займае частку Блакітнага берага на ўзбярэжжы Міжземнага м. і паўд. схілы Прыморскіх Альпаў. Рэльеф перадгорны і горны. Выш. да 145 м. Клімат міжземнаморскі, з сухім летам і мяккай зімой. Сярэдняя т-растудз. 8 °C, ліп. 23 °C. Ападкаў за год каля 800 мм. Амаль уся тэрыторыя занята гар. забудовай. На стромкіх схілах гор вечназялёныя зараснікі каменнага дубу, калючага дроку, карлікавай пальмы, хмызнякі маквісу з ладаннікам, дзікай фісташкай, размарынам. На схілах прыбярэжных скал — Экзатычны сад з сусв. вядомай калекцыяй субтрапічных раслін: пальмаў, магнолій, алеандраў і кактусаў.
Насельніцтва. Карэнныя жыхары — манегаскі (16%), французы (47%), італьянцы (16%); жывуць таксама грэкі, немцы, англічане, амерыканцы і інш. Сярод вернікаў пераважаюць католікі — 95%. Сярэднегадавы прырост 0,4%. Сярэдняя шчыльнасць найб. ў свеце — 16 410 чал. на 1 км². Усё насельніцтва засяроджана ў 4 гарадах: Манака, Монтэ-Карла, Ла-Кандамін і Фанв’ей. Каля 75% эканамічна актыўнага насельніцтва занята ў абслуговых галінах, каля 25% — у прам-сці. У М. працуе каля 10 тыс.чал. з суседніх раёнаў Францыі і Італіі.
Гісторыя. У 10—9 ст. да н.э. на тэр. М. (назва, верагодна, ад праіндаеўрап. кораня mon — высокае месца, скала) існавала фінікійская калонія (гандл. прыстань, крэпасць), з 8—6 ст. да н.э. — грэчаская (пабудаваны храм Геракла). З 2 ст. да н.э.тэр. М. належала Стараж. Рыму, пазней — арабам, з 11 ст.н.э. — генуэзцам, якія ў 1215 пабудавалі тут крэпасць. У 1346 утворана асобнае княства пад пратэктаратам Генуі. У 1419 у М. замацавалася правячая дынастыя знатнага генуэзскага роду Грымальдзі. З 1524 княства М. пад уладай Іспаніі пры фармальным захаванні аўтаноміі. У 1641 у выніку нар. паўстання перайшло пад пратэктарат Францыі. У 1731 М. па жан. лініі перайшло да Дж.Ф.Л.Гаён-Маціньёна, які прыняў прозвішча Грымальдзі і ўступіў на прастол пад імем Анарэ III [1731—93]. У 1793 княства анексіравана Францыяй. Адноўлена паводле Парыжскага мірнага дагавора 1814. Паводле рашэння Венскага кангрэса 1814—15 перададзена пад пратэктарат Сардзінскага каралеўства. Рэвалюцыя 1848 знішчыла ў М. княжацкую ўладу, ад княства аддзяліліся і фактычна далучаны да Францыі гарады Ментона і Ракбрун. У 1849 сардзінскія войскі аднавілі манархію, але сардзінскі пратэктарат спынены. У 1860 пасля пераходу Ніцы ва ўладанне Францыі кн Карл III [1856—89] пагадзіўся на франц. пратэктарат над М., у 1861 за 4 млн. франкаў фармальна ўступіў Францыі свае правы на Ментону і Ракбрун. Паводле манака-франц. дагавора 2.2.1861 Францыя прызнала незалежнасць М. У 1865 устаноўлены мытны саюз паміж М. і Францыяй. У 1861—1910 у г. Монтэ-Карла пабудаваны комплекс казіно, які пасля буд-ва чыгункі паміж М. і Францыяй (1868) стаў адной з гал. крыніц папаўнення бюджэту княства. У 1899 у г. Манака заснаваны Акіянаграфічны музей — цяпер міжнар. цэнтр акіянаграфічных даследаванняў.
У 1911 пры кн. Альберце I [1889—1922] уведзена ў дзеянне канстытуцыя, паводле якой М. абвешчана канстытуцыйнай манархіяй і ўтвораны выбарны парламент — Нац. савет. У выніку дагавора 1918 Францыя атрымала права трымаць на тэр. М. войскі і зацвярджаць заключаныя М. міжнар. пагадненні. У 2-ю сусв. вайну М. акупіравалі ням. фашысты (1942—44). З 1949 правіць кн. Рэнье III. У 1962 прынята новая канстытуцыя, якая пашырыла правы Нац. савета, перадала выканаўчую ўладу Урадаваму савету, стварыла Каронны савет. Апошнія выбары ў Нац. савет адбыліся ў студз. 1998. Асн.паліт.арг-цыя — Нац.дэмакр. саюз (з 1963 дамінуе ў Нац. савеце), асн. прафсаюзная арг-цыя — Аб’яднанне прафсаюзаў М. М. — чл.ААН (з 1993), Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе, Інтэрпола і інш.міжнар. арг-цый.
Гаспадарка. М. — эканамічна развітая краіна з высокім узроўнем даходаў. Штогадовы даход на 1 чал. 25 тыс.дол. (1996). Аснова эканомікі — гандл.-фін. дзейнасць, турызм і курортная справа, ігральныя дамы, некаторыя галіны прам-сці. Ільготны падатковы рэжым дазваляе буйным міжнар. банкам шырока выкарыстоўваць М. для фін. аперацый (дзейнічае каля 800 міжнар. кампаній і 50 банкаў). Замежныя прамысл., гандл. і фін. прадпрыемствы, у якіх доля капіталу М. перавышае 25%, цалкам вызваляюцца ад падаткаў. Падаткі ў М. намнога меншыя, чым у інш. краінах. Развіты страхавая справа, афшорныя паслугі, гандаль нерухомасцю. М. — сусветна вядомы курорт з басейнамі, купальнямі, водалячэбніцай. Асн.дзярж. даходы прыпадаюць на падаткі з банкаў, атэляў і інш. (55%), ад турызму 25% (М. штогод наведвае каля 700 тыс. замежных турыстаў). Турыстаў прываблівае ў М. сонечнае надвор’е, марскія купанні, арх. і гіст. помнікі, казіно, ігральныя дамы, Акіянаграфічны музей і марскі акварыум з унікальнымі экспанатамі, буйныя міжнар. тэнісныя турніры, аўтамаб. ралі Монтэ-Карла, міжнар. спаборніцтвы па стэндавай стральбе і гольфе, муз. і цыркавыя фестывалі і інш. З-за нізкіх падаткаў у М. жывуць многія багатыя людзі, у т. л. сусветна вядомыя артысты і спартсмены, што з’яўляецца дадатковым фактарам прыцягнення турыстаў. Склалася сучасная індустр. база з экалагічна чыстых прадпрыемстваў лёгкай і перапрацоўчай прам-сці. Найб. развіты эл.-тэхн. і радыёэлектронная (электронныя вузлы і прылады, электрычныя рэле і пераключальнікі, электрабыт. прылады), дакладнае машынабудаванне, хім., фармацэўтычная, швейная, харч., паліграф., суднарамонтная, буд. матэрыялаў прам-сць; выпуск паштовых марак, малая металургія, вытв-сць пластмас, фаянсу, маёлікі, ювелірных вырабаў, сувеніраў. Электраэнергію М. атрымлівае з Францыі. Працуе магутная радыёстанцыя «Монтэ-Карла». Ёсць невял. вінаграднікі і аліўкавыя гаі. Рыбалоўства. Транспарт пераважна аўтамабільны. У М. 1,7 км чыгункі і 50 км асфальтаваных дарог і вуліц. Праз М. праходзяць чыгунка і шаша Ніца (Францыя) — Генуя (Італія). У М. ёсць пляцоўкі для верталётаў, якія перавозяць пасажыраў у міжнар. аэрапорт у г. Ніца (Францыя). Марскі порт прымае невял. гандл. судны і яхты. М. ўтварае адзіную мытную прастору з Францыяй. У экспарце пераважаюць прамысл. вырабы, у імпарце — харч. і спажывецкія тавары. Грашовая адзінка — франц. франк. Манегаскія франкі выпускаюцца для продажу нумізматам.
І.Я.Афнагель (прырода, насельніцтва, гаспадарка).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІРА́К, Іракская Рэспубліка (Аль-Джумхурыя аль-Іракія),
дзяржава ў Паўд.-Зах. Азіі, у Месапатаміі. Мяжуе на Пн з Турцыяй, на ПнЗ з Сірыяй, на З з Іарданіяй, на ПдЗ з Саудаўскай Аравіяй і нейтральнай зонай, на Пд з Кувейтам, на ПнУ з Іранам, на ПдУ абмываецца Персідскім залівам. Падзяляецца на 18 мухафаз (губернатарстваў). Пл. 434,9 тыс.км². Нас. 22 219 тыс.чал. (1996). Сталіца — г.Багдад. Афіц. мова — арабская і курдская. Нац. свята — 17 ліп. (Дзень Рэвалюцыі).
Дзяржаўны лад. Паводле часовай канстытуцыі 1968 (са зменамі 1973 і 1974) І. — нар.-дэмакр. рэспубліка, эканам. сістэма якой грунтуецца на сацыяліст. прынцыпах. Вышэйшы орган дзярж. улады — Савет рэв. камандавання (9 чал., выбіраюцца сярод членаў іракскага кіраўніцтва Партыі араб.сацыяліст. адраджэння). Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт (выбіраецца Саветам рэв. камандавання сярод яго членаў), які адначасова з’яўляецца старшынёй Савета і галоўнакамандуючым узбр. сіламі. Заканад. ўлада належыць парламенту (250 дэпутатаў, выбіраюцца насельніцтвам на 4 гады), у склад якога ўваходзіць Курдскі канстытуцыйны савет (50 чал., выбіраюцца ў Курдскім аўт. раёне). Выканаўчая ўлада належыць ураду, прызначанаму прэзідэнтам, на чале з прэм’ер-міністрам.
Прырода. Большая ч.тэр. краіны занята Месапатамскай нізінай, складзенай з рачных наносаў рэк Тыгр і Еўфрат. Паўд.ч. яе забалочаная. Нізіна нахілена з ПнЗ на ПдУ. На Пн і ПнУ — ускраіны Арм. і Іранскага нагор’яў з хрыбтамі выш. да 3—3,5 тыс.м.Найб. вышыні знаходзяцца каля іракска-тур. граніцы (Усх. Таўр) і на ПнУ (Курдыстанскія горы). Зах.ч. займае плато Сірыйскай пустыні з сярэднімі выш. 300—400 м. Карысныя выкапні: нафта (каля 20 млрд т), прыродны газ (каля 3 трыльёнаў м³), каменны вугаль, каменная соль, жал. і медная руды, фасфарыты, бітум, сера, буд. матэрыялы. Асн. радовішчы нафты і прыроднага газу на Пн каля Кіркука і Масула, на Пд каля Басры. Клімат паўн.ч. міжземнаморскі, паўд. — сухі, трапічны. У межах раўнін сярэдняя т-растудз. ад 7 °C на Пн да 11 °C на Пд, чэрв. ад 32 °C на Пн да 34 °C на Пд. Ападкаў ад 500 мм на Пн (у гарах да 1500 мм) да 50—100 мм за год на Пд. Тэрыторыю І. сярэднім і ніжнім цячэннем перасякаюць рэкі Тыгр і Еўфрат, якія на Пд зліваюцца і ўтвараюць р. Шат-эль-Араб. Выкарыстоўваюцца на арашэнне і для суднаходства. У Ніжняй Месапатаміі поймавыя азёры. У пустынных раёнах часовыя вадатокі (вадзі). Расліннасць стэпавая і паўпустынная, на ПдЗ пустынная, у гарах калючыя хмызнякі і рэдкія дрэвы фісташкі, смакоўніцы і інш. Па берагах рэк галерэйныя лясы, насаджэнні фінікавых пальмаў. Лясы займаюць 2% тэрыторыі. Жывёльны свет: газель, дзікі асёл, паласатая гіена, шакал, леапард і інш. Каля 20 запаведнікаў і заказнікаў.
Насельніцтва. Жывуць арабы (75%), курды (больш за 20%, пераважна на Пн), туркмены, асірыйцы, іранцы (персы), армяне і інш. Курды і ч. арабаў захоўваюць племянны падзел. У краіне больш за 100 качавых, паўкачавых і аселых плямён. Амаль усе вернікі мусульмане (96%). Сярод іх 60% шыіты, 40% суніты. Сярэдняя шчыльн. 51,2 чал. на 1 км². Найб. шчыльна (да 300 чал. на 1 км²) заселены цэнтр.ч. Месапатаміі, берагі Тыгра і Еўфрата, перадгор’і. У гарадах жыве каля 60% насельніцтва. Найб. гарады (тыс.ж., з прыгарадамі, 1996): Багдад — 4336, Эрбіль — 1743, Масул — 879. У прам-сці занята 22% насельніцтва, у сельскай гаспадарцы — 30%, астатнія — у абслуговых галінах.
Гісторыя. На тэр. сучаснага І., якая ў асноўным супадае з Месапатаміяй, існавалі стараж. цывілізацыі; буйнейшыя з іх — Шумер, Асірыя, Вавілонія. З сярэдзіны 6 ст. да н.э.тэр. І. ўваходзіла ў Ахеменідаў дзяржаву, з 4 ст. да н.э. — у дзяржаву Аляксандра Македонскага, потым — у дзяржаву Селеўкідаў, Парфянскае царства У 630-я г. Месапатамія заваявана арабамі і ў 661 увайшла ў склад Амеядаў халіфата. Б.ч. насельніцтва паступова прыняла іслам і араб. мову. Пры Абасідах (750—1258) засн. новая сталіца халіфата Багдад, які стаў паліт. і культ. цэнтрам усяго мусульм. свету. У 1055 Багдад, пазней і ўся Месапатамія заваяваны сельджукамі (гл.Сельджукская дзяржава), у 2-й пал. 13 ст. — манголамі. У канцы 14 — пач. 15 ст.тэр. І. ўвайшла ў склад імперыі Цімура, пасля распаду якой яна стала арэнай барацьбы паміж асобнымі правадырамі манг.-цюрк. родаў, а потым паміж Сефевідамі (гл.Сефевідаў дзяржава) і туркамі. З 17 ст. і да канца 1-й сусв. вайны тэр. І. ўваходзіла ў Асманскую імперыю. З канца 16 ст. І. таксама — аб’ект экспансіі еўрап. дзяржаў, асабліва Англіі, у апошняй чвэрці 19 ст. і Германіі. У 1917—18 брыт. войскі акупіравалі б.ч. Месапатаміі, Багдад і багаты нафтай Масульскі вілает. У крас. 1920 Вялікабрытанія атрымала мандат Лігі нацый на кіраванне дзяржавай І., створанай ёю з трох вілаетаў б. Асманскай імперыі (Басрскага, Багдадскага, Масульскага). Гэта выклікала нац.-вызв. паўстанне, якое летам 1920 ахапіла ўсю краіну. Пасля задушэння паўстання ў кастр. 1920 створаны «нац. ўрад» І., які залежаў ад Вялікабрытаніі. У жн. 1921 краіна абвешчана канстытуцыйнай манархіяй на чале з эмірам Фейсалам I з дынастыі Хашымітаў. У 1922 Вялікабрытанія заключыла з І. т. зв. саюзны дагавор, што замацоўваў у ёй англ. панаванне; падпісаны ў 1930 англа-іракскі дагавор захоўваў паліт., эканам. і ваен. пазіцыі Вялікабрытаніі (гл.Англа-іракскія дагаворы і пагадненні 1922, 1926, 1930, 1948, 1955). У 1932 І. абвешчаны незалежным і прыняты ў Лігу нацый. У 1930-я г. і ў час 2-й сусв. вайны ў краіне адбыўся шэраг паўстанняў курдаў, якія вялі барацьбу за аўтаномію, і дзярж пераваротаў. У пач. 1930-х г. значны ўплыў у краіне мелі камуністы (створаны прафсаюзы, пашырыўся забастовачны рух), у 1934 засн. Іракская камуніст. партыя (ІКП). У пач. 2-й сусв. вайны І. разарваў дыпламат. адносіны з Германіяй. Аднак складаная ўнутр. сітуацыя і антыбрыт. скіраванасць іракскага грамадства спрыялі ўзмацненню прагерм. настрояў. У крас. 1941 адбыўся антыбрыт. дзярж. пераварот Р.А. аль-Гайлані, пасля ліквідацыі якога (май 1941) І. акупіравалі брыт. войскі; у 1943 І. аб’явіў вайну дзяржавам фаш. блоку. І. — адзін з заснавальнікаў Лігі араб. дзяржаў (1945). Яго войскі ўдзельнічалі ў араба-ізраільскай вайне 1948—49 (у выніку з краіны эмігрыравала каля 130 тыс. яўрэяў). У 1948—58 урад ліквідаваў ІКП (у 1949 пакараны смерцю 4 яе кіраўнікі), правёў адм. і эканам. рэформы, перадаў канцэсіі на здабычу нафты ЗША і Вялікабрытаніі. У 1955 І. заключыў з Турцыяй дагавор, які стаў асновай Багдадскага пакта (гл.Арганізацыя цэнтральнага дагавора).
У выніку ваен. перавароту 14.7.1958 (гл.Іракская рэвалюцыя 1958) скінута манархія, І. абвешчаны рэспублікай, прынята часовая канстытуцыя, якая гарантавала роўныя правы ўсім грамадзянам і аўтаномію курдам. Урад ген. А.К.Касема праводзіў палітыку т. зв. пазітыўнага нейтралітэту (у 1959 І. выйшаў з Багдадскага пакта, ліквідаваны замежныя ваен. базы, выведзены брыт. войскі), аднавіў дыпламат. адносіны з СССР. Ва ўнутр. палітыцы Касем карыстаўся дыктатарскімі метадамі, апіраючыся на падтрымку камуністаў. У 1961 успыхнула новае паўстанне курдаў, якія не атрымалі абяцанай аўтаноміі. Прэтэнзіі І. на Тэр. Кувейта выклікалі асуджэнне інш араб. краін. Ваен. пераварот 1963 адбыўся пад лозунгамі антыкамунізму і араб. адзінства; да ўлады прыйшло крайняе правае крыло Партыі арабскага сацыялістычнага адраджэння (БААС). Пачаліся масавыя рэпрэсіі і тэрор, адноўлены ваен. дзеянні супраць курдаў. У выніку дзярж. перавароту 18.11.1963 уладу захапіла ваен. групоўка, якую падтрымлівалі памяркоўныя колы БААС. У 1965 І. разарваў дыпламат. адносіны з ФРГ (пасля прызнання ёю Ізраіля), пасля ізраільска-араб. вайны 1967 — з ЗША і Вялікабрытаніяй (да 1968), налажыў эмбарга на пастаўкі нафты ў гэтыя краіны. 17.7.1968 кіраўнікі партыі БААС ажыццявілі дзярж. пераварот, ген. С.А.Х. аль-Бакр стаў прэзідэнтам і ўзначаліў Савет рэв. камандавання, да якога перайшла ўся ўлада. Аль-Бакр падтрымаў курс на сацыяліст. арыентацыю і цесныя сувязі з СССР. Праведзена агр. рэформа, нацыяналізаваны замежныя нафтавыя кампаніі, у 1974 курды атрымалі абмежаваную аўтаномію. У 1979 пераемнікам аль-Бакра стаў С.Хусейн. У выніку супярэчнасцей у Савеце рэв. камандавання ч. яго членаў абвінавачана ў спробе дзярж. замаху і пакарана смерцю, рэпрэсіраваны камуністы, палепшыліся адносіны з зах. краінамі (І. разам з інш.араб. краінамі асудзіў інтэрвенцыю СССР у Афганістане). У чэрв. 1980 адбыліся першыя ўсеагульныя выбары (права голасу атрымалі і жанчыны), выбраны парламент — Нац. сход. Пагаршэнне адносін з Іранам прывяло ў вер. 1980 да ірана-іракскай вайны 1980—88, якая нанесла вял.эканам. страты абодвум бакам. Фін. дапамога Саудаўскай Аравіі, Кувейта і Аб’яднаных Араб. Эміратаў дала І. магчымасць аднавіць ваен. патэнцыял. Канфлікт з Іранам паспрыяў паляпшэнню іракска-егіп. адносін (Егіпет пастаўляў зброю для арміі І.), а таксама аднаўленню ў 1984 дыпламат. адносін з ЗША, больш цеснаму супрацоўніцтву з Францыяй (пастаўкі зброі для І.). У жн. 1988 заключана перамір’е з Іранам. У 1990 І. прад’явіў Кувейту непрымальныя фін. і тэр. патрабаванні, і ў жн. 1990 яго войскі акупіравалі Кувейт. Савет Бяспекі ААН асудзіў акт агрэсіі, патрабаваў вываду войск І. з Кувейта. У ліст. 1990 Савет Бяспекі ААН ухваліў рашэнне аб выкарыстанні ваен. сілы супраць І. У студз. 1991 войскі антыіракскай кааліцыі пачалі ваен. дзеянні, якія скончыліся капітуляцыяй І. і прызнаннем ім рэзалюцыі Савета Бяспекі ад 3.4.1991 аб умовах перамір’я. У маі 1992 іракскія курды абвясцілі аб стварэнні сваёй аўт. дзяржавы, але ўрад І. не прызнаў яе і пачаў фактычную эканам. блакаду Курдыстана. Нявырашанасць курдскай праблемы і эканам. крызіс, выкліканы міжнар. санкцыямі, ускладнілі ўнутрыпаліт. сітуацыю ў краіне. І. — чл.ААН (з 1945), Арг-цыі краін-экспарцёраў нафты, Араб. лігі. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў снеж. 1996.
Палітычныя партыі і грамадскія арганізацыі. Партыя араб.сацыяліст. адраджэння (БААС) — правячая, Дэмакр. партыя Курдыстана, Патрыят. саюз Курдыстана, Іракская камуніст. партыя (на нелегальным становішчы); Усеагульная федэрацыя рабочых прафсаюзаў І.
Гаспадарка. І. — індустр.-агр. краіна. Аснова эканомікі — здабыча нафты. Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) за апошнія гады значна паменшаў (у 1995 да 41,1 млрд.дол.) і складае каля 1,8 тыс. долараў на 1 чал. ў год. Доля ў ВУП нафтаздабыўной і нафтаперапр. прам-сці каля 67%, апрацоўчай прам-сці каля 7, сельскай гаспадаркі каля 6%. Пасля 1958 праведзены агр. рэформы, нацыяналізаваны банкі, страхавыя т-вы, буйныя прамысл. і гандл. прадпрыемствы, створаны дзярж. сектар, у т. л. Іракская нафтавая кампанія. Больш за 75% прамысл. прадукцыі ствараецца ў дзярж. сектары. Эканам. сітуацыя ў краіне пасля агрэсіі супраць Кувейта застаецца складанай. Рашэннямі Савета Бяспекі ААН устаноўлены рэжым санкцый, забаронены экспарт усіх відаў сыравіны, у т. л. нафты і гатовых вырабаў, продаж або перадача ўзбраенняў і ваен. тэхнікі. Гал. галіна прам-сці — здабыча і перапрацоўка нафты. Максімальны ўзровень здабычы дасягнуты ў 1979—175 млн.т, у 1996—29,6 млн.т. Буйныя нафтапромыслы знаходзяцца на Пн у раёне Кіркука (Джамбур, Бай-Хасан і інш.) і Масула (Айн-Зала, Каяра, Бутма і інш.). Працуюць нафтаперапр. з-ды ў Кіркуку і Эль-Хадыце. Цяжкая нафта з радовішчаў каля Масула перапрацоўваецца на нафтаперапр. з-дзе ў Каяры пераважна на змазачныя маслы. На Пд нафту здабываюць у Эз-Зубайры і Эр-Румайле. Разам з нафтай здабываюць серу і прыродны гаручы газ. У Басры прадпрыемствы па звадкаванні газу. Вядзецца здабыча фасфатаў, мармуру, солі, кварцу. Энергетыка засн. на выкарыстанні нафты і газу. Вытв-сць электраэнергіі 25,7 млрд.кВт∙гадз (1996). У апрацоўчай прам-сці пераважаюць дробныя і сярэднія прадпрыемствы. Адноснае развіццё атрымала вытв-сцьтэкст. і швейная (Багдад, Масул, Сулейманія, Кербела), гарбарна-абутковая (Багдад, Эрбіль, Масул, Кіркук, Басра, Эль-Кут), буд. матэрыялаў (Сулейманія, Масул, Эль-Куфа, Ум-Каср). Шмат прадпрыемстваў харч. прам-сці (млыны, цукр. з-ды, ф-кі кансервавыя і па апрацоўцы фінікаў). Ёсць прадпрыемствы цэм., шкляной, металаапр., аўтазборачнай, хім., эл.-тэхн., фармацэўтычнай, папяровай прам-сці. За апошнія дзесяцігоддзі актыўна развіваецца ваен.прам-сць. Развіта саматужная вытв-сць абутку, дываноў, ювелірных вырабаў, посуду, цыновак і інш. Каля палавіны прамысл. прадукцыі краіны ствараецца ў Багдадзе, Басры, Масуле.
Для развіцця сельскай гаспадаркі прыдатна каля 12 млн.га зямель, пад ворыва выкарыстоўваецца каля 8 млн.га, у т. л. 2,5 млн.га арашаецца. Земляробства развіта пераважна ў Ніжняй Месапатаміі і ў перадгор’ях; у паўд. і цэнтр. раёнах яно выключна арашальнае, у паўн. раёнах — багарнае. Раслінаводства экстэнсіўнага характару. Збожжавыя (гадавы збор каля 2 млн.т) займаюць 90% пасяўной плошчы. Вырошчваюць азімую пшаніцу, сачавіцу, ячмень (на Пн), рыс (на Пд). З тэхн. культур гал. бавоўнік і тытунь. І. займае 1-е месца ў свеце па вырошчванні фінікаў (каля 30 млн. дрэў, гадавы ўраджай каля 200—300 тыс.т). Развіта садоўніцтва, вінаградарства, агародніцтва. Жывёлагадоўля пераважна качавая. Як пашы выкарыстоўваюцца каля 35 млн.га ў пустынных, паўпустынных і горных раёнах. У 1996 было (млн. галоў): буйн. раг. жывёлы — 2,5, авечак і коз — 15. Гадуюць таксама коней, аслоў, мулаў, вярблюдаў. Рыбалоўства ў рэках, каналах, азёрах і Персідскім заліве. Асн. від транспарту — аўтамабільны (каля 70% усіх перавозак). Даўж. чыгунак 3 тыс.км, аўтадарог — больш за 45 тыс.км, з іх больш за 20 тыс. з цвёрдым пакрыццём. Тыгр, Еўфрат, Шат-эль-Араб і некат. арашальныя каналы выкарыстоўваюцца для дробнатанажнага суднаходства. Гал. марскія парты Басра, Ум-Каср і Фао (экспарт нафты). Агульны танаж танкернага флоту 2,1 млн. т. Дзейнічаюць нафтаправоды даўж. 4,2 тыс.км, нафтапрадуктаправоды 0,7 тыс.км і газаправоды даўж. 2,6 тыс.км. Знешнеэканам. сувязі краіны з-за санкцый Савета Бяспекі ААН абмежаваныя. У даваен. час (да 1979) нафтавы сектар даваў 95% экспарту. Даходы ад экспарту нафты складалі штогод 21—26 млрд.дол., у 1994 імпарт — 1,9 млрд.дол., экспарт — 0,45 млрд. долараў. Гандаль пераважна з ЗША, Германіяй, Бразіліяй, Іарданіяй (транзітны). У 1996 экспарт нафты склаў толькі 5% ад узроўню 1979. І. экспартуе таксама фінікі, скуры, шэрсць; імпартуе харч. і прамысл. тавары. Знешні доўг больш за 50 млрд. долараў. Грашовая адзінка — іракскі дынар.
Узброеныя сілы. Складаюцца з сухап. войск, ВПС і ВМС. Агульная колькасць (1997) каля 1 млн.чал., у т. л. 450 тыс.узбр. рэзервістаў. Вярх. галоўнакамандуючы — прэзідэнт. Сухап. войскі налічваюць 350 тыс.чал. асабовага складу, маюць на ўзбраенні каля 2,7 тыс. танкаў, каля 3 тыс. бронеаўтамабіляў, больш як 2 тыс. гармат і мінамётаў, рэактыўную і зенітную артылерыю, ракетныя ўстаноўкі і інш. У ВПС 35 тыс.чал., больш як 300 баявых і трансп. самалётаў, каля 240 вучэбных самалётаў, 400 верталётаў. У ВМС каля 2,5 тыс.чал., 9 баявых караблёў і 7 катэраў.
Літаратура. Першыя літ. помнікі на тэр. І. створаны ў 3-м тыс. да н.э, на вавілонскім дыялекце. Самы вядомы твор вавілона-асірыйскай л-ры (гл. ў арт.Вавілона-асірыйская культура) — эпічная песня пра Гільгамеша. Багатая сярэдневяковая араб.л-ранайб. развіццё атрымала ў Багдадзе — цэнтры араб. культуры (гл.Арабская культура). Больш за 300-гадовае ўладаранне Асманскай імперыі прывяло да заняпаду краіны, яе культуры. Росквіт уласна іракскай л-ры прыпадае на 19 ст., перыяд т. зв.літ. ўздыму (ан-нахда аль-адабія). У 1854 А.Б. аль-Омары стварыў дыван «Рэшткі добрага», панегірычныя вершы, у т. л. папулярныя «Касыды плашча». У вершах А.Г. аль-Ахраса гучаў заклік да міласэрнасці. Асаблівую напружанасць пачуццяў набыла яго паэзія ў вершах, звернутых да паэта-бунтара М.А.Г. аль-Джаміля. Яго хамрыят (вершы пра віно) нагадваў вершы Абу Нуваса (8—9 ст.). Значнае месца ў тагачаснай л-ры належала паэту, празаіку і філосафу А.С. аль-Алюсі, аўтару твораў «Дзіўнае і дзівоснае ўдалечыні ад радзімы і забавы душы ў вандроўцы, знаходжанні на чужыне і пры вяртанні», «Ап’яненне універсальнымі ведамі пры падарожжы ў Стамбул» і інш.Асв. і літ. дзейнасць у той час вялі А.Н. аль-Ансары, аль-Омары, І. ат-Табатабаі, Дж. аш-Шаркі. Адлюстраванне тэмы тэхн. прагрэсу ў канцы 19 — пач. 20 ст. нарадзіла новую форму — баркіят — верш тэлегр. стылю, які нагадваў шараду(М. аль-Казвіні). Паэта А.М. аль-Казымі на Араб. Усходзе называлі «паэтам арабаў». Да класічнай іракскай школы канца 19 ст. належыць творчасць Дж.С. аз-Захаві. М. ар-Русафі ў вял. главе свайго «Дывана» (1910) адлюстраваў шэраг драм. момантаў з сярэдневяковай гісторыі І. «Вершаваныя апавяданні» ар-Русафі і аз-Захаві — першыя творы л-ры І. з дакладна выяўленай сюжэтнай лініяй, што сталі перадумовай стварэння апавяданняў і аповесцей. Сярод сучасных літаратараў І. вылучаюцца: А.Зу-н-Нун («Справа Маджыда Рахіма», «Доктар Ібрахім»), аль-Джахіз («Кніга пра скупых»), Абу-ль-Фараджаль-Ісфахані, А.М. ар-Рубаі («Каралеўства дзеда»), А.Муніф («На ўсход ад Міжземнамор’я»), Б. аль-Хатыб («Самія з Александрыі»), С.Джамал («Ён вярнуўся», «Прэзідэнт», «Тры гваздзікі», «Падманутыя надзеі», «Чорныя ружы»), Г.Т.Фарман («Пяць галасоў») і інш.
Архітэктура і выяўленчае мастацтва. Найбольш стараж. помнікі мастацтва на тэр. І. адносяцца да канца 8-га тыс. да н.э. (раскопкі паселішчаў у даліне Сінджара, помнікі археал. культур Урука, Джэмдэт-Насра, Эль-Абейда). У 4—1-м тыс. да н.э. развівалася мастацтва Шумера, Акада, Асірыі, Вавілоніі (гл.Вавілона-асірыйская культура). Захаваліся помнікі эліністычнага мастацтва, Парфянскага царства, дзяржавы Сасанідаў.
Вял. роля належыць І. ў фарміраванні араб. культуры. У 630-я г. тут заснаваны гарады Эль-Куфа, Басра, у пач. 8 ст. — Васіт. Захаваліся руіны помніка раннесярэдневяковага араб. дойлідства — Ухайдыра. У 762 пачаў будавацца Мадынат ас-Салам (сучасны Багдад). Да архітэктуры перыяду халіфата Абасідаў адносяцца пабудовы Самары (грандыёзныя палацавыя і культавыя ансамблі, умацаваныя мурамі і вежамі, у т. л. палац Джаусак, спіралепадобны мінарэт аль-Мальвія). Мастацтва прадстаўлена фрагментамі сценапісу і размалёўкі па дрэве, арнаментальнымі стукавымі рэльефамі і разнымі драўлянымі панэлямі. У Багдадзе і на Пн І. развівалася кніжная мініяцюра. У 10—11 ст.манум.буд-ва заняпала. Архітэктура 12—1-й пал. 13 ст. вылучалася дакладнымі аб’ёмна-прасторавымі кампазіцыямі, скляпеністымі памяшканнямі, высокімі парталамі, купаламі на тромпах; у дэкоры выкарыстоўвалі ўзорысты цагляны мур, разную тэракоту, часам рэльефы. Былі пашыраны васьмерыковыя маўзалеі з высокімі канічнымі ячэістымі купаламі (т.зв. маўзалей Зубайды ў Багдадзе). У 12—13 ст. дасягнула росквіту т. зв. багдадская школа мініяцюры, якой уласцівы лаканічныя ілюстрацыі да навук. трактатаў («Фармакалогія» Дыяскарыда, рукапісаў Кітаб аль-дырыяк і інш.). Мініяцюры паўн. І. вылучаліся ўрачыстай параднасцю («Кніга песняў»), У 2-й пал. 13—15 ст.буд-ва амаль не вялося. Архітэктуры 16—17 ст. уласцівы ўплывы сефевідскага Ірана: вял. купальныя маўзалеі-мячэці (у Багдадзе, Кербеле, Неджэфе) з яркім паліхромным дэкорам. Для нар. жылля характэрна планіроўка з унутр. дваром, лоджыямі і калонным айванам, вокны і балконы з узорыстымі драўлянымі кратамі. У дэкар.-прыкладным мастацтве важнае месца займала кераміка з рэльефным дэкорам, які змяшчаў выявы людзей і жывёл (8—14 ст.), глазураваная з размалёўкай люстрам (9 ст.), паліхромнай падглазурнай размалёўкай. Былі пашыраны маст. вырабы з металу — пасудзіны ў выглядзе птушак або звяроў (8—9 ст.), аздобленыя чаканкай, гравіроўкай, сярэбранай інкрустацыяй (13 ст.), а таксама ткацтва (залататканыя, шаўковыя і льняныя тканіны). Сярэдневяковыя маст. традыцыі захаваліся да 20 ст. Сучасная архітэктура імкнецца падпарадкаваць міжнар. стандарты мясц. кліматычным умовам, выкарыстоўваць элементы традыц. планіроўкі і дэкору. У пач. 20 ст. зарадзіўся алейны жывапіс (А.К. ар-Расам, М.С.Закі і інш.), развіваліся скульптура і графіка. Пасля 1958 пашырыліся прапагандысцкія формы манум. мастацтва (манумент «Рэвалюцыя 14 ліпеня» Дж.Саліма, 1959—60, і інш.), у станковым мастацтве — сац.-быт. партрэт і тэматычная карціна, выкарыстанне мясц.маст. традыцый і вопыту сусв. мастацтва (Ф.Хасан, Х. ад-Дурубі, М.Ахмед). На тэр. І. на працягу стагоддзяў развіваецца маст. культура курдаў. Музеі: Іракскі (засн. ў 1923), араб. старажытнасцей (1937), этнаграфічны (1941), сучаснага мастацтва (1963), палаца Абасідаў (1935) — усе ў Багдадзе, Масульскі (1951), Вавілонскі (засн. ў 1949 на руінах Стараж. Вавілона).
Герб і сцяг Ірака.Да арт.Ірак. Ландшафт у гарах Курдыстана.Да арт.Ірак. Панарама Багдада.Да арт.Ірак. Ландшафт у гарах Курдыстана.Да арт.Ірак. Панарама Багдада.Да арт.Ірак. Панарама Багдада.Да арт.Ірак. Танцоўшчыцы. Фрагмент размалёўкі палаца Джаусак у Самары. 9 ст.Да арт.Ірак. Глінянае вядро з размалёўкай люстрам.Да арт.Ірак. Залаты збанок. 2-я пал. 10 ст.Да арт.Ірак. Тытульны ліст рукапісу Кітаб аль-дырыяк. Масул. 1199.Да арт.Ірак. Мячэць Мутавакіля ў Самары з мінарэтам аль-Мальвія. Сярэдзіна 9 ст.