прыстасаванне для спальвання газавага паліва ў быт. і прамысл. прыладах і ўстаноўках. Мае змешвальнае прыстасаванне (дзе газ змешваецца з паветрам), галоўку (забяспечвае выхад газапаветр. патоку ў топку) і агнявую частку (дзе адбываецца працэс гарэння).
Гарэлкі газавыя бываюць: факельныя (частковае і незавершанае змешванне газу з паветрам) і бесфакельныя (поўнае папярэдняе змешванне); невыдзімальныя (паветра паступае ў топку ў выніку разрэджвання), інжэкцыйныя (паветра засмоктваецца газавым струменем) і выдзімальныя, або змешвальныя (паветра падаецца ў топку вентылятарам); нізкага (да 5 кПа), сярэдняга (5—300 кПа) і высокага (больш за 300 кПа) ціску. Выдзімальныя часта робяць камбінаваныя (газамазутныя і пылагазавыя), што дазваляе пераходзіць з аднаго віду паліва на іншы. Вадкасныя гарэлкі наз.фарсункамі.
В.В.Арціховіч, В.М.Капко.
Гарэлка газавая: a — для ацяпляльных прылад (1 — блок гарэлак, 2 — блок кіравання); б — камбінаваная газава-мазутная для прамысловых установак (1 — рэгулятар падачы мазуту, 2 — камера змешвання, 3 — корпус гарэлкі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАНА́ЛЬНАСЦЬ РУ́ДНЫХ РАДО́ВІШЧАЎ,
заканамерная змена ў прасторы мінер. або структурна-тэкстурных асаблівасцей руд.
Адрозніваюць занальнасць першасную, абумоўленую працэсамі фарміравання радовішчаў карысных выкапняў, і другасную, звязаную з пераўтварэннем рудных цел каля паверхні Зямлі пры акісленні. Вылучаюць занальнасць: рудных правінцый (фарміраванне груп радовішчаў паслядоўна разам з эвалюцыяй зямной кары), рудных палёў (чаргаванне пакладаў руд розных металаў пры пераходзе ад аднаго краю поля да другога), рудных цел (змена мінер. і метал. саставу руд у межах цела). Тэмпературная рудная занальнасць утвараецца ад паніжэння ціску і т-ры рудаўтваральных раствораў па меры аддалення ад магматычнага ачага. На фарміраванне З.р.р. значна ўплываюць рудаўтваральныя растворы пры пульсацыйным паступленні ў прастору рудаадкладання. Вертыкальная занальнасць заключаецца ў змене (з набліжэннем да паверхні Зямлі) высокатэмпературных радовішчаў вальфраму, волава, малібдэну і вісмуту сярэдне- і нізкатэмпературнымі радовішчамі медзі, свінцу, цынку, сурмы і ртуці. Седыментацыйная занальнасць узнікае ў сувязі з рознай геахім. рухомасцю металаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕ́ЛЬВІНА ЎРАЎНЕ́ННЕ,
залежнасць ціску насычанай пары над вадкасцю або крышталём ад крывізны іх паверхні (г.зн. ад памераў малых кропель вадкасці, пузыркоў, крышталікаў). Выведзена У.Томсанам (лордам Кельвінам) у 1871 з умовы роўнасці хім. патэнцыялаў у сумежных фазах, што знаходзяцца ў тэрмадынамічнай раўнавазе.
Пры т-ры T у раўнаважных умовах
, дзе r — сярэдні радыус крывізны паверхні раздзелу фаз, p — ціск насычанай пары над сферычнай паверхняй, p0 — ціск пары над плоскай паверхняй, c і c0 — адпаведныя растваральнасці, σ — міжфазавае паверхневае нацяжэнне, V — малярны аб’ём кандэнсаванай фазы, R — універсальная газавая пастаянная. З К.ў. вынікае, што ціск над часцінкамі малых памераў павышаны, а ў малых пузырках або над увагнутай паверхняй паніжаны ў параўнанні з ціскам насычанай пары над плоскай паверхняй. Адпаведна растваральнасць малых кропель або крышталёў большая за растваральнасць буйных.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕДАВІКО́ВЫЯ АДКЛА́ДЫ,
геалагічныя адклады, што ўзніклі ў выніку дзейнасці ледавіка і яго расталых вод на сушы. Падзяляюцца на ўласна ледавіковыя (гл.Марэна), флювіягляцыяльныя, лімнагляцыяльныя адклады. Л.а. лічыцца і абломкавы матэрыял, перанесены айсбергамі і адкладзены ў моры (ледавікова-марскія ці марынагляцыяльныя адклады). Флювіягляцыяльныя адклады ўтварыліся ў працэсе перамыву марэн і марэназмяшчальных пластоў ільду расталымі ледавіковымі водамі. Гэта пяскі, часта буйназярністыя, са жвірам і галькай. У месцах, дзе такі перамыў адбываўся ва ўмовах гідрастатычнага ціску, узнікалі магутныя пясчана-жвіровыя акумуляцыі з дамешкамі валунна-галечнай сумесі. Флювіягляцыяльныя адклады складаюць водна-ледавіковыя раўніны, зандры, озы, камы. Лімнагляцыяльныя адклады (стужачныя гліны, супескі, суглінкі, тонка- і дробназярністыя пяскі) сфарміраваліся ў прыледавіковых азёрах, у надледавіковых і ўнутрыледавіковых вадаёмах, а таксама ў адкрытых ледавіковых лагчынах. Беларусь — тыповая вобласць акумуляцыі Л.а. З Л.а. звязаны радовішчы цагельнай сыравіны, буд. пяскоў, жвіру, галькі, валуноў, падземных вод. Гл. таксама Ледавіковы комплекс.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЖПЛАНЕ́ТНАЕ АСЯРО́ДДЗЕ,
матэрыяльнае асяроддзе, якое запаўняе прастору ўнутры планетных сістэм Сонца і інш. зорак. Склад і ўласцівасці М.а. вызначаюцца тыпам зоркі. М.а. складаецца з цвёрдых цел (памеры ад 103м і менш), дробных часцінак і пылу, што ўтвараюцца пры сутыкненнях малых планет і распадзе ядраў камет, а таксама іонаў і электронаў, якія выкідваюцца з сонечнай кароны (сонечны вецер), і касмічных прамянёў.
Газавая кампанента М.а. з-за ўздзеяння сонечнага ветру малая; усюды выяўлены ў невял. колькасці нейтральны вадарод (паблізу арбіты Зямлі яго канцэнтрацыя 0,01 атама у 1 см³). Большасць цвёрдых цел М.а. рухаецца вакол Сонца паблізу плоскасці экліптыкі (канцэнтрацыя іх павялічваецца ў напрамку да Сонца). Шчыльнасць часцінак пылу 2—8 г/см³. Часцінкі памерам меней за 1 мкм выносяцца з Сонечнай сістэмы пад уздзеяннем светлавога ціску сонечных прамянёў. Каля 16 тыс.т міжпланетных часцінак пылу асядаюць штогод на зямную паверхню.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАД’ЁМНАЯ СІ́ЛА,
складальная поўнай сілы ціску вадкага ці газападобнага асяроддзя на цела, што рухаецца ў ім, накіраваная перпендыкулярна да скорасці цела.
Існуе пры несіметрычным абцяканні цела асяроддзем. Напр., пры абцяканні крыла самалёта часцінкі асяроддзя, што абцякаюць ніжнюю паверхню, праходзяць за аднолькавы прамежак часу меншы шлях, чым часцінкі, што абцякаюць верхнюю, больш выпуклую паверхню, і, адпаведна, маюць меншую скорасць. Паводле законаў гідрадынамікі ціск у патоку большы там, дзе меншая скорасць, г.зн. што ціск знізу большы, чым зверху, што і прыводзіць да ўзнікнення П.с. Яна вызначаецца формулай: Y = 1/2 Cyρν2S, дзе ρ — шчыльнасць асяроддзя, ν — скорасць патоку, што набягае, S — плошча паверхні цела. Су — безразмерны каэфіцыент П.с., які залежыць ад формы цела, яго арыентацыі ў асяроддзі і інш.
Да арт.Пад’ёмная сіла. Абцяканне профілю крыла самалёта. Скорасць
, ціск
, Y — пад’ёмная сіла крыла.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
мо́лат, ‑а, М ‑лаце, м.
1. Вялікі цяжкі малаток, якім куюць металы, дробяць каменне, забіваюць што‑н. і г. д. Яшчэ здалёк даносіўся звон піл, кавальскіх молатаў, кувалдаў.Бялевіч.Бацька біў каменне велізарным молатам.Чорны.
2. Механічная прылада для апрацоўкі металаў пры дапамозе ціску. [Каваль] грукнуў дваццацітонным паравым молатам па балванцы і задаволена ўсміхнуўся.Навуменка.У кузні пры майстэрні гулка стукаў аўтаматычны молат і гудзеў горан.Шамякін.
3. Спартыўная прылада для кідання — металічнае ядро з тросам.
•••
Серп і молатгл. серп.
Паміж молатам і кавадлам — у цяжкім становішчы, калі небяспека пагражае з двух бакоў (быць, аказацца, знаходзіцца і пад.).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
спружы́на, ‑ы, ж.
1. Пругкая металічная палоска, спіраль і пад., якая, з’яўляючыся дэталлю механізма, процідзейнічае ціску. Баявая спружына. □ Верх у той шапцы трымала з сярэдзіны сталёвая спружына, і ён быў увесь напяты, роўненькі і круглы.Краўчанка.Адзін [крот] залез галавой у пастку, спружына пераціснула яму шыю.Жычка.
2.перан.; чаго або якая. Рухаючая сіла чаго‑н. Сапраўды, выяўленне спружын грамадскіх паводзін чалавека — велізарная каштоўнасць мастацтва.Перкін.Пісьменнік .. хоча сам стаць у .. становішча [героя], зразумець унутраных спружыны яго паводзін.Кучар.
•••
Як на спружынах — вельмі хутка, энергічна. Дзед, як па спружынах, падхапіўся (адкуль той і спрыт узяўся!) і пекануў у каршуна.Даніленка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
тор1, ‑а, м.
1. Дарога, след, пакінуты калёсамі. Брук на дарозе ляжаў няроўны, калдобісты, месцамі яго зусім неставала, і тор ад калёс зварочваў з абочыны на сярэдзіну шашы.Пташнікаў.
2.перан. Кірунак дзейнасці; шлях. На другі дзень, 1 студзеня 1919 года, хадзіў я з Юзяю абедаць на Варонюю, і жыццё ішло там сваім звычайным торам.Гарэцкі.[Сын] за чужым не цягне возам, А хоча свой пракласці тор.Колас.
тор2, ‑а, м.
Спец. Геаметрычнае цела, якое ўтвараецца вярчэннем круга каля восі, што ляжыць у яго плоскасці, але не перасякае яго.
[Лац. torus — выпукласць.]
тор3, ‑а, м.
Адзінка ціску, якая ўжываецца пры вакуумных вымярэннях.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
рэжэля́цыя
(ад рэ- + лац. gelatio = замярзанне)
1) паўторнае змярзанне крышталёў або асобных масіваў ільду ў месцах іх сутыкнення ва ўмовах высокага ўдзельнага ціску;
2) папераменнае прамярзанне і адтайванне рыхлых вільготных горных парод.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)