ДАГАВО́Р АБ ВАЕ́ННЫМ І ГАСПАДА́РЧЫМ САЮ́ЗЕ ПАМІ́Ж РСФСР І БССР, Саюзны рабоча-сялянскі дагавор паміж РСФСР і БССР. Падпісаны 16.1.1921 у Маскве нам. старшыні СНКБССР Я.А.Адамовічам і нам. наркома замежных спраў РСФСР Л.М.Караханам, ратыфікаваны ВЦВК і ЦВКБССР у ліп. 1921. Паводле дагавора наркаматы ваен. спраў, знешняга гандлю, фінансаў, працы, шляхоў зносін, поштаў і тэлеграфа, а таксама ВСНГсталі аб’яднанымі, уваходзілі ў склад СНК РСФСР і мелі ў СНКБССР сваіх упаўнаважаных, якіх зацвярджалі і кантралявалі ЦВКБССР і Усебеларускі з’езд Саветаў. У дапаўненне да дагавора 26.7.1921 намеснікі наркомаў замежных спраў РСФСР (М.М.Літвінаў) і БССР (А.Л.Бурбіс) падпісалі пагадненне па фінансавых пытаннях, якое прадугледжвала адзіны для абедзвюх рэспублік бюджэт, цэнтралізаваную падатковую сістэму і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЖАДЗІДЫ́ЗМ (ад араб. джадзід — новы),
культурна-рэфарматарскі, асветны і грамадска-паліт. рух мусульман Паволжа, Крыма і Сярэдняй Азіі ў канцы 19 — пач. 20 ст. Джадзіды выступалі за пашырэнне сеткі мусульм.культ.-асв. устаноў, выданне кніг, часопісаў, газет на нац. мове, развіццё нац. мастацтва і л-ры, рэарганізацыю мусульм. духавенства. Быў распрацаваны праект школьнай рэформы, у пач. 1880-х г. адкрыта першая джадзіцкая школа ў Бахчысараі, потым школы дзейнічалі ў Турцыі, Персіі, Індыі, Кітаі. У рэвалюцыю 1905—07 джадзіды выступалі з патрабаваннямі рэформаў паліт. ладу краіны, арганізоўвалі паліт. стачкі, антыўрадавыя дэманстрацыі. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 частка джадзідаў прызнала сав. ўладу, інш.сталі ініцыятарамі стварэння ў Туркестане аўтаномнага ўрада (гл.Какандская аўтаномія), удзельнічалі ў басмацтве, мелі сувязі з белай гвардыяй, пазней эмігрыравалі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРУГІ́ АФІ́НСКІ МАРСКІ́ САЮ́З,
саюз стараж.-грэч. гарадоў, размешчаных пераважна на астравах і берагах Эгейскага м., на чале з Афінамі. Пасля распаду ў выніку Пелапанескай вайны 1-га Афінскага марскога саюза (гл.Дэлоскі саюз) прыкладна з 395 да н.э. рабіліся спробы па яго ажыўленні. Адноўлены ў 378—377 да н.э. пасля вызвалення ад спартанскага панавання. Чл. саюза (каля 75) мелі поўную аўтаномію. Гарады, размешчаныя ў М.Азіі, не ўключаліся ў склад саюза. Са стратай Спартай пануючага становішча ў Пелапанескім саюзе, супраць якога ў першую чаргу і была накіравана дзейнасць Д.а.м.с., з яго сталі выходзіць многія члены. Пасля завяршэння міжсаюзнай вайны 357—355 да н.э. саюз да 337 да н.э. захоўваў нязначны паліт. ўплыў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗА́ЛЬНЫ ХРАМ,
выцягнуты ў плане храм з нефамі аднолькавай вышыні ці вышэйшым (без акон) сярэднім нефам (псеўдабазіліка), а таксама 1-нефавы храм без трансепта (прапаведніцкая царква, царква жабрацкіх ордэнаў). Характэрна раўнамернае асвятленне інтэр’ера, якое скрадвае яго чляненне. З.х. з двума і больш нефамі вядомы з 11 ст. (царква Сен-Сернен у Тулузе, Францыя, канец 11 ст.). У 12 ст. пашыраны ў Вестфаліі і сталі тыповымі як прыходскія цэрквы 13—15 ст. у гарадах Ганзейскага саюза (касцёл Дзевы Марыі ў Гданьску, Польшча, 1343—1502). Гатычныя З.х. будавалі ў Італіі, Іспаніі і інш. краінах Зах. Еўропы. Як саборы трапляюцца рэдка. З эпохі Адраджэння З.х. амаль не будуюць.
Да арт.Зальны храм. Касцёл Дзевы Марыі ў Гданьску. 1343—1502.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНСТЫНКТЫВІ́ЗМу сацыялогіі,
кірунак, які імкнецца растлумачыць сац. з’явы і працэсы з дапамогай звяртання да біял. прыроды чалавека. Сфарміраваўся на мяжы 19—20 ст. У яго аснову пакладзена тэорыя сац. паводзін У.Мак-Дугала, паводле якой аснова грамадскага жыцця — у біялагічна прыроджаных інстынктах, што суправаджаюцца адпаведнымі эмоцыямі. З узаемазвязаных паміж сабой інстынктаў і эмоцый (гнеў, страх, пачуццё самазахавання, узнаўленне роду, набыццё уласнасці) ён выводзіў асн.сац. ін-ты — сям’я, дзяржава, рынак і інш. І.Лебон даказваў, што з-за валявой неразвітасці і нізкага інтэлектуальнага ўзроўню вялікіх мас людзей («натоўпу») імі кіруюць неўсвядомленыя інстынкты. У апошнія гады ў зах. навуцы сталі звяртаць большую ўвагу на ідэі І. ў рамках «эталагічных» (спадчынных) і «сацыябіялагічных» тлумачэнняў сац. паводзін і грамадскага жыцця.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНВЕ́РТАР (англ. converter ад лац. converto змяняю, пераўтвараю),
металургічны агрэгат для атрымання сталі з вадкага чыгуну (прадзіманнем яго паветрам або кіслародам), а таксама чарнавога металу (напр., медзі) ці сульфідаў каляровых металаў (прадзіманнем штэйнаўтэхн. кіслародам, паветрам, інш. акісляльным газам).
Сталеплавільныя К. бываюць ёмістасцю да 400 т, маюць звычайна грушападобную форму. Адрозніваюць К. з прадзіманнем чыгуну знізу (бесемераўскія і тамасаўскія К., якія страцілі сваё прамысл. значэнне) і зверху (кіслародныя К.). Заліваюць чыгун у кіслародны К. праз гарлавіну, атрыманую сталь выпускаюць праз ляток у шлемнай частцы (К. можа паварочвацца вакол гарыз. восі спец. прыводам). К. каляровай металургіі ёмістасцю да 125 т. маюць форму пераважна гарыз, цыліндра. Гл. таксама Канвертарны працэс.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«НАРО́ДНАЕ ПРА́ВА», партыя «Народнага права»,
рэвалюцыйна-дэмакратычная арг-цыя ў Расіі ў 1890-я г. Утворана пры ўдзеле б. членаў «Народнай волі» і інш. народніцкіх арг-цый. Мела на мэце аб’яднанне рэв. і інш.апазіц. сіл для звяржэння самадзяржаўя і ўсталяванне ў краіне дэмакр. ладу. Групы «Н.п.» дзейнічалі ў Пецярбургу, Маскве, Арле, Саратаве, Ніжнім Ноўгарадзе, Баку, Тбілісі і інш.Арг-цыя мела друкарню ў Смаленску, вяла прапаганду сярод інтэлігенцыі і рабочых. Лідэры: М.А.Натансон, М.Ф.Аненскі, А.І.Багдановіч (ураджэнец Беларусі) і інш. У 1894 большасць членаў «Н.п.» арыштавана. Уцалелыя нарадапраўцы (Багдановіч і інш.) у 1896—98 выдалі нумар газ. «Борьба», шэраг брашур, 2 зб-кі «Наше время». У пач. 20 ст. многія б. члены «Н.п.» сталі эсэрамі, некаторыя сацыял-дэмакратамі, кадэтамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАТА́ЛЬ, Натал (Natal),
гістарычная вобласць і правінцыя на УПаўд.-Афр. Рэспублікі (ПАР), на ўзбярэжжы Індыйскага ак. Першыя еўрапейцы (партугальцы на чале з Васка да Гамай) высадзіліся тут у 1497 у дзень нараджэння Хрыстова (Dies Natalis Domini — адсюль назва). Тэр. Н. насялялі паўд. і паўд.-ўсх. плямёны банту (зулусы). У 17—18 ст. яе спрабавалі каланізаваць галандцы. У 1837 сюды сталі перасяляцца з інш. тэрыторый буры. У 1838 пасля бітвы на р. Інкоме паміж зулусамі і атрадамі бурскіх перасяленцаў апошнія захапілі Н. і стварылі аднайм. бурскую рэспубліку. У 1842 Н. анексіравана Вялікабрытаніяй і стала брыт. калоніяй. Н. моцна пацярпела ў час англа-бурскіх войнаў 1881 і 1899—1902. Пасля ўтварэння ПАР (1910) Н. — адна з 4 яе правінцый.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРААХАЛАДЖЭ́ННЕ,
ахаладжэнне рэчыва ніжэй за т-ру яго раўнаважнага фазавага пераходу ў інш. агрэгатны стан ці крышталічную мадыфікацыю, што не прыводзіць да фазавага пераходу. Пераахалоджанае рэчыва знаходзіцца ў няўстойлівым метастабільным стане.
Фазавыя пераходы 1-га роду (напр., кандэнсацыя, крышталізацыя) на пачатковай стадыі патрабуюць пэўнага П. э мэтай утварэння зародкаў новай фазы (кропель, крышталікаў). Утварэнне зародкаў пры т-ры фазавага пераходу ўскладняецца тым, што яны знаходзяцца ў стане раўнавагі з зыходнай фазай. Калі ўзнікненне і рост зародкаў значна абцяжараны (напр., крышталізацыя вязкай вадкасці), магчыма глыбокае П. і атрыманне практычна ўстойлівай фазы са структурай, характэрнай для больш высокіх т-р. На гэтым заснаваны, напр., загартоўка сталі і атрыманне шкла. Ад ступені П. вадзяной пары ў атмасферы залежыць характар атм. ападкаў (дождж, снег, град).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІ́ДЖЫН (ад скажонага англ. business справа),
лексічна і граматычна спрошчаная мова, што ўзнікае з неабходнасці зносін паміж 2 народамі, калі адсутнічае інш. агульны сродак моўнай камунікацыі. Тэрмін з’явіўся ў сярэдзіне 19 ст. для абазначэння гібрыднай мовы, што склалася і ўжывалася ў зносінах паміж кітайцамі і еўрапейцамі. П. узнікае ў выпадках, дзе назіраецца працяглае ўзаемадзеянне паміж прадстаўнікамі разнамоўных супольнасцей, і з’яўляецца адным з вынікаў моўных кантактаў. Выкарыстоўваецца ў сацыяльна абмежаваных сферах камунікацыі (гандаль, найманне рабочай сілы і інш.). Пашыраны пераважна ў Паўд.-Усх. Азіі, Акіяніі і Афрыцы. Мовы на аснове П., якія сталі роднымі для пэўнага калектыву іх носьбітаў, наз.крэольскімі.
Літ.:
Holm J. Pidgins and Creoles. Vol. 1—2. New Jork, 1988—89.