сукупнасць галін прамысловасці, занятых здабычай і перапрацоўкай мінеральнага паліва; частка паліўна-энергетычнага комплексу. Уключае нафтаздабыўную, нафтаперапрацоўчую, газавую, вугальную, тарфяную і сланцавую прамысловасці (гл. адпаведныя артыкулы).
П.п. сфарміравалася як галіна цяжкай прамысловасці ў канцы 19 — пач. 20 ст. ў выніку індустр. асваення запасаў карысных выкапняў (вугалю, нафты, прыроднага газу). Да сярэдзіны 20 ст.асн. яе галіной была вугальная прамысловасць. З сярэдзіны 1950-х г. паскорана развіваюцца нафтавая і газавая прамысловасць. На развіццё П.п. паўплывалі сусветныя энергет. крызісы 1973—74 і 1979—80-х г. Рост цэн на нафту абумовіў павелічэнне здабычы вугалю. гаручых сланцаў і торфу.
У агульнай здабычы нафты першыя месцы займаюць краіны Б. і Сярэдняга Усходу; у лік лідэраў уваходзяць Расія, ЗША, Саудаўская Аравія, Іран, Кітай, Мексіка, Венесуэла. Па ўзроўні здабычы прыроднага газу вылучаюцца Расія, ЗША, Канада, Нідэрланды, Вялікабрытанія, Нарвегія. Асн. частка здабычы вугалю прыпадае на Кітай, ЗША, Расію, Германію, Аўстралію, Паўд.-Афр. Рэспубліку; торфу — на Расію, Ірландыю, Беларусь, Германію і Фінляндыю.
На Беларусі прадукцыя П.п. ў 1999 склала 13 млн.т умоўнага паліва. Здабыча нафты на Беларусі вядзецца з 1965. У эксплуатацыі знаходзяцца 37 радовішчаў; найбуйнейшыя з іх — Рэчыцкае, Асташкавіцкае, Вішанскае, Заходне-Цішкаўскае, Паўднёва-Асташкавіцкае. Макс. аб’ём здабычы нафты дасягнуты ў 1975 (7953 тыс.т); потым ён паступова скарачаўся і з 1984 стабілізаваўся ў межах 2 млн.т. У працэсе здабычы нафты вядзецца адбор спадарожнага газу (у 1999—255,8 млн.м³). Перапрацоўка нафты ажыццяўляецца ў Наваполацкім вытворчым аб’яднанні«Нафтан» і на Мазырскім нафтаперапрацоўчым заводзе; іх сумарная магутнасць перавышае 40 млн.т за год. Прамысл. здабыча торфу на Беларусі вядзецца з 1896. У перыяд актыўнай распрацоўкі радовішчаў колькасць торфапрадпрыемстваў дасягала 200, у выніку скарачэння запасаў знізілася да 37. Наступную перапрацоўку ў торфабрыкеты ажыццяўляюць 32 прадпрыемствы. Больш за 50% торфу здабываецца ў Мінскай і Гомельскай абласцях.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛОДААГАРО́ДНІННАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,
галіна харчовай прамысловасці, якая перапрацоўвае агародніну, садавіну, ягады. Вырабляе плодаагароднінныя кансервы (у т. л. для дзіцячага і дыетычнага харчавання), сушаную гародніну і садавіну, замарожаныя прадукты, сокі, пладова-ягадныя экстракты, мочаную і засоленую гародніну, пладова-ягаднае віно; перапрацоўвае дзікарослую сыравіну (чарніцы, журавіны, грыбы). На Беларусі П.п. сфарміравалася ў сав.час. У 1940 дзейнічалі асобныя цэхі, выраблена 3 млн. ўмоўных слоікаў плодаагароднінных кансерваў і 700 т сушанай гародніны і бульбы. У 2000 працуюць 262 прадпрыемствы і вытворчасці, большасць з якіх аб’ядноўваюцца ў канцэрны «Белгасхарчпрам» і «Белкаапсаюз». Найб. з прадпрыемстваў: Быхаўскі кансервава-агароднінасушыльны завод, Клецкі кансервавы завод, Кобрынскі кансервавы завод, Мінскі харчовы камбінат, Пінскі кансервавы завод, Слуцкі кансервавы завод, а таксама кансервавыя з-ды ў Глыбокім, Хойніках, Ляхавічах, Гродне, Гарыні (Столінскі р-н), Красным (Маладзечанскі р-н), гароднінасушыльны з-д у Солах (Смаргонскі р-н) і інш., вырабляюць прадукцыю больш за 300 найменняў. У многіх саўгасах і калгасах працуюць з-ды ці цэхі (больш за 40) невял. магутнасці. Выкарыстоўваецца сыравіна мясц. і прывазная (памідоры, вострыя прыправы), вытворчасць мае сезонны характар. На долю П.п. прыпадае 3,8% агульнай прадукцыі харч. прам-сці, ч. прадукцыі экспартуецца (асабліва з дзікарослай сыравіны). Перспектыўная для Беларусі галіна, але развіта недастаткова з-за нізкай тэхн. аснашчанасці прадпрыемстваў, адсутнасці сфарміраваных сыравінных зон, недахопу сховішчаў (страты сыравіны дасягаюць 30—40%).
Найб. развіта П.п. у ЗША, Канадзе, краінах Зах. і Цэнтр. Еўропы (асабліва ў Італіі), сярод краін Усх. Еўропы — у Польшчы (буйнейшы ў свеце пастаўшчык канцэнтраванага яблычнага соку, замарожанай клубніцы).
Т.Л.Казакова.
Вытворчасць плодаагародніннай прадукцыі на Беларусі
Віды прадукцыі
1985
1990
1995
1999
I. Кансервы плодаагароднінныя, млн. умоўных слоікаў, з іх
432,6
482,5
163,0
272,7
1. Агароднінныя
164,8
143,9
67,6
86,1
2. Памідорныя
36,6
37,4
23,0
36,5
3. Пладовыя, у т. л.
231,2
301,2
72,4
101,9
а. Павідла, варэнне, джэмы
34,7
44,4
7,4
22,2
б. Сокі
98,7
180,2
43,0
63,5
II. Сушаная садавіна, т
117
7
19
112
III. Пладова-ягаднае віно, млн. дэкалітраў
9,9
0,1
5,1
22,2
Да арт.Плодаагароднінная прамысловасць. Харчовы камбінат Белкаапсаюза: 1 — цэх канцэнтраваных сокаў; 2 — прадукцыя камбіната.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТАМБО́ЎСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ У цэнтры еўрап.ч.Рас. Федэрацыі. Утворана 27.9.1937. Пл. 34,3 тыс.км². Нас. 1257 тыс.чал. (2001), гарадскога 58%. Цэнтр — г.Тамбоў. Найб. гарады; Мічурынск, Расказава, Маршанск, Кірсанаў, Катоўск, Уварава.
Займае цэнтр.ч.Усх.-Еўрап. раўніны. У межах Окска-Данской раўніны (выш. да 219 м). Рэльеф пакатахвалісты, расчлянёны лагчынамі і ярамі. Карысныя выкапні: буд. матэрыялы, фасфарыты, торф. Крыніцы мінер. вод. Клімат умерана кантынентальны. Сярэдняя т-растудз. -11 °C, ліп. 20 °C. Ападкаў каля 500 мм за год. Гал. рэкі: Цна з прытокамі (бас.р. Волга) і Варонеж, Варона, Матыра, Савала, Біцюг (бас.р. Дон). Глебы чарназёмныя, на Пн — шэрыя лясныя, па далінах і лагчынах — лугава-чарназёмныя і тарфяна-балотныя. Тэр. вобласці размешчана ў лесастэпавай зоне. Большая ч. стэпаў разарана, лясістасць менш за 10% (хвоя, дуб, клён, ліпа, ясень, бяроза, асіна). Варонінскі запаведнік.
Т.в. — індустр.-аграрны рэгіён Расіі. У структуры валавой прадукцыі на долю прам-сці і буд-ва прыпадае 31%, сельскай гаспадаркі — 17%, сферы паслуг — 52%. Вядучыя галіны прам-сці (паводле кошту прадукцыі, 2000): харчовая і харчасмакавая (цукровая, мясная, масласыраробная, агароднінакансервавая, піваварная, тытунёва-махорачная) — 26,9%, машынабудаванне і металаапрацоўка (вытв-сць абсталявання для хім., тэкст. прам-сці і чыг. транспарту, гальванатэхнікі, аўтапомпаў, авіяц. прылад, электратэхнікі, запчастак для аўтамабіляў і трактароў) — 27,9%, хім. і нафтахім. (вытв-сць азбеставых і гумава-тэхн. вырабаў, анілінавых фарбавальнікаў, мінер. угнаенняў, ферментаў, пластмас) — 18,3%. Электраэнергетыка грунтуецца на прывазным паліве. ЦЭЦ у гарадах Тамбоў, Катоўск, Мічурынск, Уварава. Развіта лёгкая (шарсцяная, трыкат., гарбарна-абутковая, футравая), мукамольна-крупяная і камбікормавая, лясная, дрэваапр. і цэлюлозна-папяровая прам-сць. Вытв-сцьбуд. матэрыялаў. Сельская гаспадарка збожжа-жывёлагадоўчага кірунку. Пераважае прадукцыя раслінаводства (60%). С.-г. ўгоддзі займаюць 2,7 млн.га, у т. л. ворныя землі 2,1 млн.га (1999). Вырошчваюць збожжавыя (пшаніца, жыта, ячмень), тэхн. (цукр. буракі, сланечнік), бульбу, агародніна-бахчавыя і кармавыя культуры. Садоўніцтва (мічурынскія гатункі яблыкаў). Малочна-мясная жывёлагадоўля. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, свіней, авечак, птушку. Даўж. чыгункі 736 км. Праз тэр. вобласці праходзіць чыгунка Саратаў—Масква. Гал.чыг. вузлы Тамбоў і Мічурынск. Працягласць аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 5060 км. Суднаходства па р. Цна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТАРФЯНА́Я ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,
галіна паліўнай прамысловасці па здабычы і перапрацоўцы торфу. Асн.прадукцыя: фрэзерны і кускавы торф, тарфяныя брыкеты, арган. ўгнаенні, торф на подсціл с.-г. жывёле і для хім. перапрацоўкі.
На Беларусі прамысл. здабыча торфу пачалася ў 1896 для патрэб шклозавода ў в. Серкавіца (Талачынскі р-н Віцебскай вобл.), у 1899 — паблізу г. Гомель для гомельскіх цагельняў. Торфабрыкет пачалі вырабляць у 1900 на торфараспрацоўцы каля в. Шэбрын (Брэсцкі р-н). Да 1913 арганізаваны торфараспрацоўкі радовішчаў Дымаўшчына (каля г. Віцебск), Гразкі (Гомельскі р-н), Котуш (каля г. Магілёў), пры шклозаводзе «Труды» (Полацкі р-н), Ноўка (Віцебскі р-н), пад Мінскам. У 1920—40 дзейнічала больш за 200 торфапрадпрыемстваў. У 1940 здабыта 3,4 млн.т торфу, яго ўдз. вага ў паліўным балансе рэспублікі склала 63,5%. У 1950—60 пабудаваны буйныя прадпрыемствы Т.п.: «Светлагорскае» і «Васілевіцкае» ў Гомельскай, «Рэдкі Рог» і «Дняпроўскае» ў Магілёўскай, «Бярозаўскае» ў Брэсцкай, «40 гадоў БССР» у Гродзенскай, «Бярэзінскае», «Смалявіцкае», «Чысцік» у Мінскай, «Дабееўскі Мох», «Віцебскае» і інш. ў Віцебскай абл. Да 1960 торф заставаўся acu. відам паліва, на ім працавала большасць ДРЭС і ЦЭЦ, яго ўдз. вага ў паліўным балансе склала 39,5%. З канца 1970 у сувязі з выкарыстаннем больш эфектыўных відаў паліва (нафтапрадукты, прыродны газ) здабыча торфу на паліўна-энергет. мэты змяншаецца, удз. вага ў паліўным балансе 0,8% (1985). Адначасова расце здабыча торфу для патрэб сельскай гаспадаркі. У 2000 у Рэспубліцы Беларусь 37 прадпрыемстваў Т.п., найб. значныя: «Каўпеніца», «Бярозаўскае», «Кобрынскае» ў Брэсцкай, «Асвейскае», «1 Мая», «Усвіж-Бук» у Віцебскай, «Луцкі», «Хойніцкі» ў Гомельскай, «Дзітва», «Лідскі», «Ашмянскі» ў Гродзенскай, «Рэдкі Рог» «Татарка», «Ганчанскае» ў Магілёўскай, «Усяж», «Сяргеевіцкае», «Слуцкае» ў Мінскай абл.
Т.п. найб. развіта ў Расіі, Польшчы, Германіі, Швецыі, Ірландыі. Гл. таксама Торфаздабыча, Тарфяны кадастр.
П.І.Рогач.
Здабыча торфу і вытворчасць торфабрыкетаў на Беларусі, тыс.т
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧО́РНАЯ МЕТАЛУ́РГІЯ,
галіна цяжкай прамысловасці, прадпрыемствы якой вырабляюць чыгун, сталь, пракат, стальныя і чыгунныя трубы, ферасплавы, метал. вырабы прамысл. прызначэння; састаўная частка металургічнай прамысловасці. Да Ч.м. адносяцца таксама падгаліны па здабычы жал., марганцавай руд і па вытв-сці іх канцэнтратаў, агламерату, акатышаў, флюсавых вапнякоў, вогнетрывалых матэрыялаў прамысловасць і інш.Найб. развіта ў Японіі, Кітаі, ЗША, Германіі, Расіі, Украіне і інш.
На Беларусі прамысл. выпуск чыгуну і жалеза пачаўся з канца 18 ст. на з-дах Тызенгаўза ў Брэсцкім пав. Гродзенскай губ., Вішнеўскім і Налібоцкім з-дах у Ашмянскім пав. Віленскай губ., Уладзімірскім з-дзе ў Чэрыкаўскім пав. Магілёўскай губ., якія былі абсталяваны вадзянымі і паравымі рухавікамі і выкарыстоўвалі мясц. балотныя руды і драўняны вугаль. Развіццё ў 2-й пал. 19 ст. Ч.м. на Украіне і ў Расіі на базе мінер. паліва прывяло да спынення металург. вытв-сці на Беларусі. Пачала адраджацца Ч.м. ў 1920-я г., калі ў Магілёве быў пабудаваны трубаліцейны з-д, які з 1937 пачаў выпускаць і ліставую сталь. У 1940 вытв-сць сталі ў рэспубліцы склала 5,2 тыс.т, пракату — 4,1 тыс.т. У 2001 працавала 16 прадпрыемстваў Ч.м. Найбуйнейшае — Беларускі металургічны завод у Жлобіне (выпускае трубныя стальныя загатоўкі, буд. арматуру, стальныя катанкі, вугалкі і дрот, швелеры, металакорд; працуе на металаломе і чыгунных чушках). На Магілёўскім металург. з-дзе вырабляюць стальныя і чыгунныя трубы. З-д «Цэнтраліт» (Гомель) спецыялізуецца на вытв-сці адлівак з чыгуну, каналізацыйных люкаў; Рэчыцкі метызны завод — дроту, цвікоў; Маладзечанскі з-д лёгкіх метал. канструкцый — стальных труб. Вытв-сць сталі і пракату маецца на буйных маш.-буд. з-дах Мінска, Гомеля, Мазыра. Бабруйска; чыгуннага і стальнога ліцця — на прадпрыемствах Баранавічаў, Бярозы, Навагрудка, Пінска, Полацка і інш. У 1995 выраблена чыг. ліцця 193 тыс.т, сталі 774 тыс.т, гатовага пракату 614 тыс.т, стальных труб 12,3 тыс.т, металакорду 25,6 тыс.т. У 2001 адпаведна 231 тыс.т, 1612 тыс.т, 1475 тыс.г. 42,8 тыс.т, 47,5 тыс.т. Прадукцыя Ч.м. Беларусі экспартуецца ў Расію, ЗША, Германію, Вялікабрытанію, Кітай і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭЛЕКТРАТЭХНІ́ЧНАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,
галіна машынабудавання, што выпускае прадукцыю для выпрацоўкі электраэнергіі, перадачы яе спажыўцам і пераўтварэння ў інш. віды энергіі — механічную, светлавую, цеплавую, хімічную. На прадпрыемствах Э.п. выпускаюць: трансфарматары і трансфарматарныя падстанцыі, панэлі кіравання электрастанцый і электрашчыты, электрарухавікі, сілавыя і паўправадніковыя вентылі для аўтамаб. і трактарных рухавікоў, кабельную прадукцыю, электраапаратуру, сродкі сігналізацыі і сувязі, рэнтгенаўскае абсталяванне, быт. электрапрылады.
Э.п. узнікла ў 1880-я г. і асабліва хутка развівалася ў ЗША і Германіі. У Расіі да 1917 былі толькі філіялы замежных кампаній. Атрымала развіццё з прыняццем дзярж. праграмы па электрыфікацыі, калі пабудаваны прадпрыемствы ў С.-Пецярбургу, Маскве, Новасібірску, Самары і інш.Найб. развіта ў ЗША, Японіі, Германіі, Вялікабрытаніі, Францыі, Расіі.
На Беларусі першыя вырабы Э.п. выпускаў Альбярцінскі электралямпавы завод. У 1940 зроблена 7,7 тыс.шт. электрарухавікоў агульнай магутнасцю 11,8 тыс.кВт. У наш час працуе каля 60 прадпрыемстваў. Э.п. Гомельскі завод «Электраапаратура» (узнік на базе пабудаванага ў 1946 з-да «Штамп») вырабляе нізкавольтную і высакавольтную апаратуру, панэлі шчытоў размеркавання, трансфарматарныя падстанцыі, быт. тэхніку і інш. З 1956 працуе Мінскі электратэхнічны завод, які спецыялізуецца на вырабе трансфарматараў, электрападстанцый; з 1966 — Брэсцкі электралямпавы завод, які выпускае больш за 120 відаў лямпаў напальвання. Электрарухавікі розных відаў вырабляюць Лунінецкі завод «Палессеэлектрамаш», Магілёўскі завод «Электрарухавік», з-д «Этон» у Новалукомлі. Кабельную прадукцыю выпускаюць Гомельскі кабельны завод, Мазырскі кабельны завод. Электраабсталяванне для запальвання пуску рухавікоў унутр. згарання, магнета вырабляюць на Барысаўскім заводзе аўтатрактарнага электраабсталявання. Прадукцыя Э.п. выпускаецца на прадпрыемствах Баранавіч, Ваўкавыска, Віцебска, Ліды, Маладзечна, Паставаў і інш. У 2001 з Беларусі экспартавана 76,8 млн.шт.эл. і газаразрадных лямпаў напальвання, 105,8 тыс.шт.эл. трансфарматараў, 149,4 тыс.шт.эл. рухавікоў і генератараў, 16,9 тыс.т ізаляваных правадоў. Сярод краін-імпарцёраў Расія, Украіна, Малдова, краіны Балтыі, Чэхія, Польшча, Турцыя, Францыя і інш. У 1995 выраблена электрарухавікоў пераменнага току 211 тыс.шт., сілавых трансфарматараў агульнай магутнасцю 2493 тыс. кВА, электралямпаў асвятляльных 130 млн.шт., кабельных вырабаў па масе медзі 2,5 тыс.т (у 2001 адпаведна 403 тыс.шт., 2999 тыс. кВА, 105 млн.шт., 5 тыс.т).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАШЫНАБУДАВАННЕ І МЕТАЛААПРАЦОЎКА
Як базавая галіна прамысловасці яна забяспечвае выпуск прадукцыі вытворча-тэхнічнага прызначэння і бытавой тэхнікі. Паводле агульнапрынятай класіфікацыі, вытворчыя аб’яднанні і прадпрыемствы галіны падзяляюць на 3 групы: машынабудаванне, прамысловасць металічных канструкцый і вырабаў, рамонт машын і абсталявання. На Беларусі гэтыя групы ўключаюць каля 30 галін, больш за 670 прадпрыемстваў з сярэднегадавой колькасцю прамыслова-вытворчага персаналу больш за 400 тыс. чалавек. Па ўдзельнай вазе ў валавой прадукцыі (22,2%), асноўных вытворчых фондах (28%), колькасці занятых (36,5%) гэты комплекс займае 1-е месца ў прамысловасці Беларусі (2002).
Машынабудаванне (група А) на Беларусі прадстаўлена 348 прадпрыемствамі 20 падгалін, вядучымі з якіх з’яўляюцца аўтамабільная прамысловасць, трактарнае і с.-г. машынабудаванне і навукаёмісты комплекс; уключае таксама электратэхнічную, станкабудаўнічую, падшыпнікавую і інструментальную прамысловасць, будаўніча-дарожнае і машынабудаванне для лёгкай і харчовай прамысловасці, вытворчасць санітарна-тэхн. і газавага абсталявання.
Як галіна прамысловасці машынабудаванне і металаапрацоўка пачала развівацца на Беларусі ў 2-й пал. 18 ст. Адной з першых у 1768 каля г. Маларыта была адкрыта мануфактура, дзе выраблялі катлы для вінакурэння і разнастайны гасп. інвентар. З 1780 на Вішнеўскім металургічным заводзе (Валожынскі р-н) выпускалі с.-г. прылады і рэчы хатняга ўжытку. У 1840-я г. адным з найбольшых быў металургічны завод у в. Старынка (Слаўгарадскі р-н). У 1873 у пас. Барань (Аршанскі р-н) пачаў працаваць драцяна-цвіковы завод Пазней пабудаваны заводы металаапрацоўчы ў Віцебску (1877), Кашарскі машынабудаўнічы і чыгуна-металургічны ў Мінску (1881), суднабудаўнічы ў Пінску (1884), чыгуналіцейны і машынабудаўнічы ў Лідзе (1901), механічны і машынарамонтны завод «Гігант» у Мінску (1907, з 1912 — з-д «Энергія»), чыгунамедналіцейны і механічны ў Магілёве (1915) і інш. Дзейнічалі майстэрні па рамонце паравозаў і вагонаў у Гомелі, Пінску, Баранавічах. У 1913 удзельная вага металаапрацоўчай вытворчасці ў цэнзавай прамысловасці Беларусі дасягнула 3,8%, на прадпрыемствах галіны працавала больш за 2,5 тыс. рабочых (6,6% ад усіх рабочых, занятых у прамысловасці).
Значнае развіццё машынабудаванне і металаапрацоўка атрымалі ў 1920—30-я г. У 1918 пачаў працаваць суднабудаўнічы завод у Гомелі, «Чырвоны металіст» у Віцебску (выпускаў с.-г. машыны). На адноўленым у Мінску заводзе «Энергія» ў 1926 зроблены доследны ўзор такарнага станка — першы бел. станок. На базе мінскіх чыгуналіцейнага і машынабудаўнічага заводаў «Метал», «Усход» і с.-г. майстэрні ў 1928 створаны машынабудаўнічы завод «Камунар» (з 1934 Мінскі станкабуд. завод імя Кірава), які вырабляў ціскі, свідравальныя станкі, каменедрабілкі, тачкі і інш. У 1928—30 пабудаваны Гомельскі завод с.-г. машынабудавання (Гомсельмаш), які выпускаў сіласарэзкі, сячкарні, бульбасартавальныя машыны, з 1934 — малатарні, сенакасілкі і інш. У 1928 на базе механічных і жалезаліцейных майстэрняў заснаваны чыгуна- і медналіцейны завод у Оршы (выпускаў вентылятары і запчасткі для с.-г. машын, з 1960 спецыялізуецца на выпуску плоскашліфавальных станкоў). У 1930-я г. значнымі цэнтрамі станкабудавання ў БССР сталі Мінск, Віцебск і Гомель. Пачаўся выпуск складаных с.-г. і тарфяных машын, абсталявання для буд. прамысловасці, электрарухавікоў. У 1940 у Мінску асвоены выраб радыёпрыёмнікаў на заводзе, перавезеным з Вільні. Выпуск прадукцыі машынабудавання і металаапрацоўкі ў параўнанні з 1913 павялічыўся ў 58 разоў, удзельная вага гэтай галіны ў прамысловасці краіны ў 1940 дасягнула 15,2%, у т. л. машынабудавання 6,3%. У пачатку Вял.Айч. вайны частка машынабудаўнічых заводаў эвакуіравана на ўсход СССР, астатнія разбураны ў гады акупацыі.
У пасляваенныя гады адноўлены разбураныя прадпрыемствы, створаны новыя галіны: па вытворчасці грузавых аўтамабіляў, трактароў, веласіпедаў, падшыпнікаў і інш. У 1944 пачата будаўніцтва Мінскага аўтамабільнага завода, на якім у 1947 выраблены першы бел. аўтамабіль-самазвал — 6-тонны МАЗ-205; у 1945 — Мінскага мотавелазавода, які ў 1947 выпусціў першую партыю веласіпедаў; у 1946 — Мінскага трактарнага завода, які ў 1950 асвоіў выпуск тралёвачных трактароў; у 1948 — Мінскага падшыпнікавага завода, першая прадукцыя на якім атрымана ў 1951. Хуткаму асваенню і выпуску складанай прадукцыі спрыяла наяўнасць кваліфікаваных кадраў, стварэнне навуковай, навукова-канструктарскай і эксперым. базы. У 1950-я г. створаны новыя галіны машынабудавання — радыёпрамысловасць, прыладабудаванне, электратэхнічная і электронная прамысловасць, машынабудаванне для лёгкай і харч. прамысловасці. Пабудаваны Мінскі радыёзавод (з 1951 выпускаў радыёлы «Мінск—Р-7», з 1954 — тэлевізары «Беларусь», з 1968 — «Гарызонт», з 1969 — радыёпрыёмнікі «Акіян»), Аршанскі завод лёгкага машынабудавання (з 1953 выпускаў быт. швейныя машыны, пасля таксама тэхналагічнае абсталяванне для швейнай і трыкатажнай вытворчасці), мінскія заводы электратэхнічны (з 1956 электрашчыты, сілавыя трансфарматары, электрападстанцыі і інш.), гадзіннікавы (з 1956 ручныя жаночыя гадзіннікі «Зара», з 1963 мужчынскія «Прамень»), аўтаматычных ліній (з 1957 металарэзныя станкі, з 1959 аўтаматычныя лініі), электронных вылічальных машын (з 1960 лямпавыя ЭВМ «Мінск-1», з 1964 — «Мінск-2»), халадзільнікаў (з 1962 халадзільнікі «Мінск-1»), Беларускі аўтамабільны завод у Жодзіне (з 1958—25-тонныя аўтамабілі-самазвалы МАЗ-525, з 1961—27-тонныя БелАЗ-540) і інш.
У 1960—90-х г. паглыблялася спецыялізацыя прадпрыемстваў, нарастаў аб’ём вытворчасці прадукцыі, ішла рэканструкцыя і змена профілю многіх машынабудаўнічых заводаў. Перавага аддавалася паскоранаму развіццю маламеталаёмістых і працаёмкіх галін машынабудавання: электратэхнічнай і электроннай, радыёэлектроннай, прыладабудаванню, а таксама с.-г. і аўтамабільнаму машынабудаванню. Замацоўвалася вядучая роля Мінска як асн. цэнтра машынабудавання Беларусі. У гэты перыяд заводы будавалі і ў гарадах зах. абласцей — у Брэсце, Гродне, Лідзе, Лунінцы, Баранавічах, Пінску, Ваўкавыску, Смаргоні і інш. У металаапрацоўцы пашырыўся выраб металічных канструкцый, сантэхн. абсталявання, метызаў; створана база для рамонту аўтамабіляў, трактароў, лакаматываў, вагонаў, самалётаў, с.-г. машын, прылад і абсталявання. Колькасць прадпрыемстваў машынабудавання і металаапрацоўкі ў 1990 дасягнула 335, а ўдзельная вага галіны ў валавой прадукцыі краіны склала 34,2%.
У пач. 1990-х г. многія прадпрыемствы гэтай галіны мелі вельмі вялікія вытв. магутнасці, што дазваляла забяспечваць прадукцыяй уласныя патрэбы і большую яе частку вывозіць за межы рэспублікі. Значнае развіццё атрымалі навукаёмістыя і высокатэхналагічныя вытворчасці, прадукцыя якіх (у т. л. ваенная) карысталася значным попытам. Аднак выявілася і моцная залежнасць машынабудавання ад паставак асобных вузлоў, дэталей, запчастак з розных рэгіёнаў былога Саюза. У выніку распаду СССР гэтыя сувязі былі парушаны, што негатыўна адбілася на выпуску прадукцыі. Звузіўся і рынак пастаўкі вырабаў машынабудавання, што прывяло да рэзкага змяншэння аб’ёмаў вытворчасці і прастойвання вытворчых магутнасцей. Таму ў 1991—95 адбыўся спад вытворчасці ўсіх відаў прадукцыі машынабудавання. Паступовае павелічэнне яе аб’ёмаў пачалося з 1996, хоць узровень 1990 пакуль не дасягнуты (гл.табл.). Змяншэнне аб’ёмаў вытворчасці звязана не толькі са звужэннем рынку збыту, але і з недастатковай канкурэнтаздольнасцю значнай часткі прадукцыі айч. машынабудавання на сусветных рынках.
Пасля 1996 Мін-вам прамысловасці распрацаваны і ажыццяўляюцца шэраг праграм і навуковае забеспячэнне развіцця найважнейшых галін машынабудавання, у т. л. мікраэлектроннай, мед. тэхнікі, аўтатрактарабудавання, станкабудавання, радыёэлектронікі, тэлекамунікацый, прыладабудавання, кар’ернай тэхнікі і інш. Да прыярытэтных кірункаў развіцця машынабудавання ў краіне адносіцца стварэнне новых пакаленняў аўтамабільнай, дарожнай і спец. тэхнікі, аўтобусаў, трактароў, машын для лясной і камунальнай гаспадаркі; дызельных рухавікоў, адпаведных стандартам «Еўра-2» і «Еўра-3», збожжа- і кормаўборачных камбайнаў, сродкаў вымярэння і тэхн. дыягностыкі, сілавых трансфарматараў і электратэхн. матэрыялаў, тэлевізійных прыёмнікаў, мед. тэхнікі і інш.
Аўтамабільная прамысловасць складае 25,7% у аб’ёме валавой прадукцыі машынабудавання і металаапрацоўкі, прадстаўлена 38 прадпрыемствамі. Галоўныя з іх: Мінскі, Беларускі (ВА «БелАЗ» у Жодзіне) і Магілёўскі аўтамаб. заводы, Мінскі завод колавых цягачоў. Працуе таксама шэраг спецыялізаваных заводаў, якія вырабляюць асобныя вузлы, дэталі, зап. часткі (Мінскі рысорны, баранавіцкія зап. частак і аўтаагрэгатны, аршанскі «Аўтадэталь», гродзенскія аўтамаб. агрэгатаў, механічны і «Аўтагідраўзмацняльнік», аўтатрактарнага абсталявання ў Барысаве і інш.). Наменклатура Мінскага аўтазавода ўключае больш за 150 мадэлей і мадыфікацый аўтамабіляў і больш як 30 мадэлей і мадыфікацый прычэпаў і паўпрычэпаў. Сярод іх аўтамабіль высокай праходнасці МАЗ-6317, цягач МАЗ-6425, трохвосевы самазвал МАЗ-55165, аўтапоезд для лясной прамысловасці ў складзе седлавога цягача МАЗ-64228 і трохвосевага паўпрычэпа МАЗ-99864 і інш. У 2001 Швейцарскі інстытут якасці SYS прызнаў сістэму якасці аўтамабіляў МАЗ адпаведнай міжнар. стандарту ISO-9001. На заводзе таксама асвоены выпуск аўтобусаў (1994) і тралейбусаў (2002). Беларускі аўтазавод выпускае кар’ерныя самазвалы грузападымальнасцю ад 30 да 220 т, для гарнаруднай і буд. прам-сці (у т. л. 130-тонны БелАЗ-75131), аўтапаязды з самазвальнымі прычэпамі, франтальныя пагрузчыкі, колавыя бульдозеры і аўтагрэйдэры, цягачы-эвакуатары і аэрадромныя цягачы, цяжкавозы для ўнутрызаводскіх перавозак тэхнал. грузаў, шлакавозы для металург. прадпрыемстваў і інш. Ствараюцца новыя мадэлі аўтамабіляў, ажыццяўляецца буйная мадэрнізацыя вытв. комплексу прадпрыемства. Заводу належыць да 30% сусветнага рынку кар’ернага транспарту. Магілёўскі аўтазавод з 1958 выпускае адна- і двухвосевыя цягачы, самаходныя скрэперы. Асн. яго прадукцыя — цягачы МаАЗ-6444, -6908, -64425, скрэперы МаАЗ-6014, -60145, -6007, бульдозеры МаАЗ-7914, -40486, самазвалы МаАЗ-27506, -7503, машыны для падземных работ, пагрузчыкі, аўтабетонамяшалкі. Тэхніка прадпрыемства пастаўляецца на экспарт. З 1991 як самаст. прадпрыемства працуе Мінскі завод колавых цягачоў, які выпускае седлавыя цягачы вял. магутнасці, бартавыя аўтамабілі, прычэпы да іх, аўтамабілі-самазвалы і аўтапаязды для перавозкі труб, колавыя шасі рознага прызначэння, у т. л. армейскія шматмэтавыя поўнапрывадныя шасі. У 2002 экспарт грузавых аўтамабіляў склаў 10 597 шт., з іх 9376 у краіны СНД (у т. л. 8431 у Расію), а 1221 у Ірак, Латвію, Літву, Кітай, Сірыю, Манголію і інш. Мінскі матацыклетны і веласіпедны завод пачаў выпускаць веласіпеды з 1946, матацыклы з 1956. Зараз выпускае каля 50 мадэлей веласіпедаў і 8 мадэлей матацыклаў. Прадукцыя завода экспартуецца ў 15 краін. З 1990 завод «Купава» (Мінск) выпускае 20 мадэлей і 130 мадыфікацый прычэпаў і кузаваў для выязнога гандлю прамысл. і харч. таварамі.
Трактарнае і сельскагаспадарчае машынабудаванне — адна з найважнейшых галін машынабудавання Беларусі. Доля яе ў валавой прадукцыі машынабудавання складае 22,9%. На прадпрыемствах галіны вырабляецца больш за 300 найменняў машын і абсталявання для сельскай гаспадаркі і перапрацоўчых вытворчасцей. Вядучае прадпрыемства галіны, якое ўваходзіць у сямёрку найбуйнейшых вытворцаў трактарнай тэхнікі ў свеце — Мінскі трактарны завод. Ён выпускае больш за 50 мадэлей розных відаў тэхнікі і каля 100 мадыфікацый для розных кліматычных умоў. Найб. вядомыя маркі трактароў «Беларус-420», -320», -320А», -1221» магутнасцю 130 к.с., «Беларус-1523» — 150 к.с. Створаны і праходзяць выпрабаванні новыя мадэлі — «Беларус-2522» магутнасцю 250—280 к.с. і гусенічны «Беларус-1802» — 180 к.с. У іх канструкцыі — найноўшыя дасягненні сусветнага і айч. трактарабудавання. За гады існавання МТЗ выпусціў больш за 3 млн. трактароў, з іх больш як 500 тыс. на экспарт. Трактары маркі «Беларус» працуюць больш чым у 100 краінах свету, у т. л. ў ЗША, Германіі, Францыі, Італіі, Вялікабрытаніі, Кітаі, Расіі.
Другое найбуйнейшае прадпрыемства галіны — ВА «Гомсельмаш». Яго прадукцыя — самаходныя кормаўборачныя камбайны КСК-100А, «Палессе-800», сеялкі дакладнага высеву «Палессе-12», плугі, касілкі-плюшчылкі, культыватары-акучвальнікі і інш. На прадпрыемстве вырабляюцца ўборачныя комплексы на базе універсальных энергасродкаў УЭС-250 і УЭС-2-250 (для збірання траў, кукурузы, збожжавых, зернебабовых, цукровых буракоў). Завод «Лідаграпраммаш» (да 1993 аўтарамонтны завод) выпускае сеялкі збожжавых, зернебабовых і травяных культур (маркі СПУ), мінеральных угнаенняў (СУ), агароднінныя (АГП, АТВ), дакладнага высеву (СТВ), бароны, плугі, касілкі, прэс-падборшчыкі. З 1997 ён выпускае збожжаўборачныя камбайны «Ліда-1300», з 1999 серыйна збожжаўборачныя камбайны CASI-525 на аснове супрацоўніцтва з міжнар. карпарацыяй (выраб с.-г. машын у Германіі, Нідэрландах, ЗША, Вялікабрытаніі). Прадукцыя пастаўляецца на экспарт. РУВП «Бабруйскаграмаш» вырабляе машыны для ўнясення вадкіх арганічных угнаенняў. Заводы с.-г. машынабудавання працуюць таксама ў Оршы, Бабруйску, Брэсце, Полацку, Пінску, Іванаве, Ляхавічах і інш. (вырабляюць машыны для ўнясення ўгнаенняў, плугі, збожжасушылкі, культыватары, абсталяванне для жывёлагадоўчых ферм і інш.).
Станкабудаўнічая і інструментальная прамысловасць — адна з важнейшых галін машынабудавання. У 2001 у валавой прадукцыі машынабудавання яна склала 3,8%. Мае 9 станкабудаўнічых, 4 інструментальныя, 2 заводы па выпуску тэхнал. аснасткі і абсталявання, 2 — па вытворчасці кавальска-прэсавага і ліцейнага абсталявання, заводы па вырабе ліцця і загатовак, 2 праектна-тэхнал. арганізацыі. Найбуйнейшыя з іх: мінскія станкабудаўнічыя з-ды імя Кастр. рэвалюцыі і імя Кірава, аўтаматычных ліній і інструментальны; віцебскія станкабудаўнічыя імя Камінтэрна і «ВІСТАН», заточных станкоў «ВіЗАС»; гомельскія станочных вузлоў, станкабудаўнічы, ліцейны і «Гідрапрывод»; Аршанскі станкабудаўнічы, Баранавіцкі аўтаматычных ліній, Кобрынскі інструментальны «Сітама», Ваўкавыскі ліцейнага абсталявання. Наменклатура галіны — 350 тыпапамераў металарэзных, 60 — дрэваапрацоўчых станкоў, 45 тыпапамераў кавальска-прэсавых машын. Найб. высокапрадукцыйныя і дасканалыя станкі: падоўжна-стругальныя, фрэзерныя, даўбёжныя, балансіровачныя, шматаперацыйныя, апрацоўчыя цэнтры, працяжныя, адразныя, для апрацоўкі оптыкі, зубаапрацоўчыя паўаўтаматы і аўтаматы для аўтам. ліній, шараапрацоўчыя, фрэзерна-свідравальна-расточныя з лікавым праграмным кіраваннем, такарныя з вертыкальным шпіндэлем і з лічбава-праграмным кіраваннем і інш. На экспарт пастаўляецца 40,4% прадукцыі галіны, у т. л. 36,4% у краіны СНД і 4% у краіны далёкага замежжа. Апошнім часам выпуск станкоў зменшыўся, што звязана са зніжэннем пакупной здольнасці прадпрыемстваў машынабудавання. На Беларусі распрацавана і выконваецца дзярж. мэтавая праграма «Станкабудаванне», накіраваная на развіццё станкабудаўнічай і інструментальнай прамысловасці. Вядуцца распрацоўка і асваенне вытворчасці станкоў новых канструкцый, якія б адпавядалі сусветным аналагам.
Электратэхнічная прамысловасць дае 5,8% валавой прадукцыі машынабудавання краіны. Уключае больш за 100 прадпрыемстваў і вытворчасцей. Найб. значныя: заводы Мінскі электратэхнічны (РУП імя В.І.Казлова), Магілёўскі «Электрарухавік», Лідскі электравырабаў, Мазырскі і Гомельскі кабельныя, Шчучынскі «Аўтапровад», Брэсцкі электралямпавы, гомельскія «Электраапаратура», электратэхнічны, Лунінецкі «Палессеэлектрамаш», Маладзечанскае ВА «Электрамодуль». Прадукцыю электратэхн. прамысловасці выпускаюць таксама прадпрыемствы Баранавіч, Ваўкавыска, Віцебска, Паставаў, Новалукомля і інш. Асноўныя яе віды: электрарухавікі (пераважна асінхронныя для прадпрыемстваў айч. станкабудавання, лёгкай прамысловасці, для камплектавання быт. электравырабаў), трансфарматары, камплектныя трансфарматарныя падстанцыі, нізкавольтная апаратура, электрапрыборы для прамысловых і быт. мэт, электраправады і кабелі розных тыпаў і прызначэння, святлотэхнічнае абсталяванне (у т. л. энергаэканамічныя свяцільнікі з кампактнымі люмінесцэнтнымі лямпамі), электрычныя лямпы напальвання, паўправадніковыя вентылі і блокі, электравымяральныя прылады, акумулятары, пакетныя выключальнікі, магнітныя пускальнікі, электрапрасы, электрапліткі і інш.
Першыя на Беларусі электрычныя вырабы (лямпы напальвання) выпускаў у 1913—15 Альбярцінскі электралямпавы завод (каля Слоніма). Да Вял.Айч. вайны электратэхн. прадукцыю (пераважна электрарухавікі невял. магутнасці) выраблялі неспецыялізаваныя прадпрыемствы У 1940 іх выпушчана 7,7 тыс. агульнай магутнасцю 11,8 тыс.кВт. Прамысловы выраб электрарухавікоў пачаўся ў 1950 на Магілёўскім заводзе «Электрарухавік», сілавых трансфарматараў — у 1956 і камплектных трансфарматарных падстанцый — у 1957 на Мінскім электратэхнічным заводзе, кабельнай прадукцыі — у 1959 на Мазырскім кабельным заводзе (з 1974 у ВА «Беларуськабель»), лямпаў напальвання рознага прызначэння — у 1966 на Брэсцкім электралямпавым заводзе, паўправадніковых вентыляў — у 1970 на Маладзечанскім заводзе сілавых паўправадніковых вентыляў.
У 2001 выраблена электрарухавікоў пераменнага току 403 тыс.шт., сілавых трансфарматараў агульнай магутнасцю 2999 тыс. кВа, асвятляльных лямпаў 105 млн.шт., кабельных вырабаў па масе медзі 5 тыс.т. Прадукцыя галіны экспартуецца ў краіны СНД, Францыю, Польшчу, Літву, Латвію, Чэхію і інш. У 2001 экспартавана 76,8 млн.шт. асвятляльных лямпаў, 105,8 тыс.шт. трансфарматараў, 149,4 тыс.шт. электрарухавікоў і генератараў, 16,9 тыс.т ізаляваных правадоў.
Падгаліны навукаёмістага комплексу даюць каля 28% агульнага аб’ёму машынабудавання. Вырабляюць праграмна-тэхнічныя сродкі, ЭВМ агульнага карыстання, аўтаматызаваныя сістэмы кіравання, аптычныя і інш. прылады, сродкі сувязі, інтэгральныя мікрасхемы, тэлекамунікацыйную тэхніку і да т.п. Навукаёмістыя прадпрыемствы ўваходзяць у склад міждзяржаўных карпаратыўных структур. Напр., навукова-вытворчае аб’яднанне «Інтэграл», Дзярж. навукова-вытворчы канцэрн дакладнага машынабудавання «Планар», Бел. оптыка-механічнае аб’яднанне (БелОМА) у рамках сумесных навукова-тэхнічных праграм распрацоўваюць оптыка-механічнае і кантрольнае абсталяванне для вытворчасці звышвялікіх інтэгральных схем. РУП вылічальнай тэхнікі і інфарматыкі «БелВТІ» вырабляе праграмна-тэхн. сродкі, ЭВМ сям’і «Мінск», аўтаматычныя тэлефонныя станцыі; БелОМА — высокадакладныя оптыка-механічныя і оптыка-электронныя прыборы і сістэмы. ВА «Гарызонт» (г. Мінск) і ВА «Віцязь» (г. Віцебск) выпускаюць сучасныя канкурэнтаздольныя мадэлі тэлевізараў. Прыладабудаванне рэспублікі спецыялізуецца на выпуску прылад і кантрольна-вымяральнай апаратуры (у т. л. для вымярэння механічных, цеплавых і электрычных велічынь), гадзіннікаў, сродкаў вылічальнай тэхнікі, аналітычных, аптычных і інш. прылад, сродкаў аўтаматызацыі вытворчасці. Пачало развівацца ў 18 ст. (з Беражанскай гадзіннікавай мануфактуры), як галіна сфарміравалася ў 1950—60-я г. з уводам у дзеянне Гомельскага завода вымяральных прылад і інш. Разнастайныя прылады прамысловага, энергетычнага і быт. прызначэння выпускаюць заводы: Брэсцкі электрамеханічны, Віцебскі прыладабудаўнічы, Гродзенскі «Радыёпрылада», Магілёўскі «Электрарухавік», мінскія ВА вылічальнай тэхнікі, гадзіннікавы і прыладабудаўнічы, Віцебскае ВА «Электравымяральнік» і інш. Навукова-даследчыя і доследна-канструктарскія работы вядуцца ў Мінскім н.-д. прыладабудаўнічым інстытуце. Значная частка прадукцыі экспартуецца ў Расію, Латвію, Літву, Польшчу і інш.Радыёпрамысловасць дае амаль палову прадукцыі прыладабудавання. Спецыялізавана на выпуску радыёпрыёмнікаў і тэлевізараў, абсталявання для радыёсувязі і тэлебачання, сродкаў радыё- і правадной сувязі, электронных узмацняльнікаў і інш. Першыя радыёпрыёмнікі на Беларусі выпушчаны ў Мінску ў 1940 на радыёзаводзе (засн. на базе завода «Дрэваапрацоўшчык», з 1950-х г. Мінскі прыборабудаўнічы завод, выпускаў радыёлу «Мінск Р-7», з 1992 Бел. вытворчае аб’яднанне радыётэхнікі — БелВАР). З 1951 працуе 2-і радыёзавод, які ў 1959 выпусціў першы ў СССР транзістарны радыёпрыёмнік «Мінск-Т» (з 1997 Мінскае прадпрыемства «Завод «Гарызонт»). У краіне працуе больш за 50 прадпрыемстваў радыёпрамысловасці: Гродзенскае ВА «Хваля» (аўтамагнітолы, адна- і шматканальныя радыёстанцыі, радыёпрыёмнікі, тэлевізары), Гомельскае ВА «Карал», радыёзавод «Спадарожнік» у г. Маладзечна (стэрэамагнітолы, радыёпрыёмнікі для аўтамабіляў), завод «Зеніт» у Магілёве (тэлевізійная апаратура і інш.), Віцебскае ВА «Віцязь» (тэлевізары і інш.прадукцыя). Каля 62% вытворчасці тэлевізараў пастаўлена на экспарт, пераважна ў Расію (2002).
Падшыпнікавая прамысловасць вырабляе 1,3% прадукцыі машынабудавання і металаапрацоўкі. Дзейнічаюць заводы Мінскі падшыпнікавы (пабудаваны ў 1948—51, выпускае шарыкавыя падшыпнікі — радыяльныя аднарадныя, радыяльна-ўпорныя аднарадныя і шматрадныя, ролікавыя радыяльныя, сферычныя двухрадныя, ігольчастыя ролікавыя, шарнірныя і інш.) і Гомельскі падшыпнікавы (з 1949 выпускае падшыпнікавы і шарыкі да іх, з 1954 — веласіпедныя падшыпнікі). Выпуск падшыпнікаў качэння (млн.шт.): 68,1 у 1960, 101,3 у 1970, 148,0 у 1980, 148 у 1990, 30 у 2003. Прадукцыя выкарыстоўваецца ў аўтамабілях, трактарах, станках, пракатных станах, турбабурах і інш.; экспартуецца ў Расію, Украіну, ЗША, Польшчу, Балгарыю і інш.
Будаўніча-дарожнае і камунальнае машынабудаванне вырабляе 2,4% прадукцыі галіны. Працуе больш за 30 прадпрыемстваў, якія выпускаюць ліфты пасажырскія, бульдозеры, скрэперы, экскаватары, пагрузчыкі, снегаачышчальнікі, іншую дарожнабудаўнічую і меліярацыйную тэхніку, машыны і абсталяванне для камунальнай гаспадаркі, прамысловасці буд. матэрыялаў і тарфяной. Найбольшыя прадпрыемствы: заводы «Ударнік» ААТ «Амкадор», магілёўскія «Строммашына» і ліфтабудаўнічы, Мазырскі меліярацыйных машын, Ваўкавыскі дахавых і будаўніча-аддзелачных машын, Беларускі экскаватарны (у г.п. Коханава Віцебскай вобл.), ВА «Белкамунмаш» і «Будмаш» у Мінску і інш. Выпуск асн. прадукцыі: у 1990—226 бульдозераў, 1847 скрэпераў, 149 экскаватараў, 14 тыс. ліфтаў; у 2002 адпаведна 31, 55, 38, 3,1 тыс.Прадукцыя пастаўляецца ў Расію, Украіну, ЗША, Балгарыю, Латвію, Літву, Польшчу, Турцыю і інш.
Машынабудаванне для лёгкай і харчовай прамысловасці і бытавых прылад дае 8,5% прадукцыі асноўнай галіны. Спецыялізавана на выпуску тэхналагічнага абсталявання і запчастак для лёгкай і харч. прамысловасці, прадпрыемстваў гандлю і грамадскага харчавання, быт. прылад (халадзільнікаў, пральных, швейных і пасудамыйных машын, электрапыласосаў і інш.).
Развіццё галіны пачалося з 18 ст. У 1768 пачала дзейнічаць Маларыцкая металургічная мануфактура, на якой рабілі катлы для вінакурняў, малаткі і інш. У 1828—1914 Альбярцінскі чыгуналіцейны завод (каля Слоніма) вырабляў посуд для вінакурняў і піваварняў, абсталяванне для млыноў і крупадзёрак і інш. З 1881 Кашарскі машынабуд. і чыгуна-медналіцейны заводы ў Мінску выпускалі абсталяванне для вінакурнай, крухмальнай і мукамольнай прамысловасці. У 1920—30-я г. Мінскі завод «Энергія» асвоіў вытворчасць станкоў для тэкстыльнай і абутковай прамысловасці. У пасляваенны час створаны спецыялізаваныя заводы: швейных машын у Оршы (1952, з 1968 завод лёгкага машынабудавання), быт. халадзільнікаў у Мінску (1959), пасудамыйных машын у Гродне (1963), гандлёвага машынабудавання ў Баранавічах (1964, машыны для перапрацоўкі мяса, цеста, гародніны).
Абсталяванне і запчасткі для лёгкай прамысловасці выпускаюць: спецыялізаванае ВА «Прамшвеймаш» у Оршы, прадпрыемствы ў Мінску, Баранавічах, Брэсце, Віцебску, Гомелі, Гродне, Лідзе; часткова мінскія трактарны завод і механічны імя С.І.Вавілава; для гандлю і грамадскага харчавання — завод гандлёвага машынабудавання ў Гродне, «Прадмаш» у Мінску, Бел.ВА гандлёвага машынабудавання «Беларусьгандальмаш» у Баранавічах, навукова-вытворчае прадпрыемства «Тэхмаш» у Брэсце і інш.; быт. машыны і прылады — АТ «Атлант» у Мінску (халадзільнікі і маразільнікі), Бел. вытворчае аб’яднанне радыётэхнікі «БелВАР» у Мінску (электрабыт. прылады), АТ «Брэстгазаапарат» (газавыя пліты, паветраачышчальнікі), Брэсцкі электрамеханічны завод (электра- і радыёапаратура, персанальныя камп’ютэры і інш.), Гомельскі завод «Электраапаратура» (электрапліткі, смажыльныя шафы, электраміксеры, разеткі і інш.), Мінскі «Тэрмапласт» (электраміксеры), авіярамонтнае прадпрыемства ў Баранавічах (пыласосы). Значная частка прадукцыі галіны ідзе на экспарт, напр., у 2002 экспарт халадзільнікаў і маразільнікаў склаў 721,3 тыс.шт., з іх 75,5% пастаўлена ў Расію, астатнія ў Германію, Францыю, Італію, Літву і інш. краіны.
Прамысловасць металічных канструкцый і вырабаў (група Б), рамонт машын і абсталявання (В) даюць каля 12% аб’ёму вытворчасці ўсёй галіны. Сектар металаканструкцый і вырабаў аб’ядноўвае больш за 400 прадпрыемстваў і вытворчасцей, спецыялізаваных на выпуску буд. канструкцый, с.-г. і агародніцкага інвентару, металічнай трансп. тары і фізкультурна-спарт. інвентару і інш. Найбольшыя прадпрыемствы — заводы тэхналагічных металаканструкцый у Магілёве і Мінску, лёгкіх металаканструкцый у Маладзечне, Аршанскі доследна-механічны завод «Металіст», Мазырскі завод мантажных загатовак, Клімавіцкі завод металавырабаў.
Рамонт машын і абсталявання вядуць больш за 3,8 тыс. прадпрыемстваў і вытворчасцей. Працуюць пераважна сярэднія і невялікія прадпрыемствы па рамонце грузавых і легкавых аўтамабіляў, трактароў і с.-г. машын. Яны размешчаны пераважна ў малых гарадах і пасёлках гар. тыпу. Ажыццяўляюць таксама рамонт металарэзных і дрэваапрацоўчых станкоў, кавальска-прэсавага і ліцейнага абсталявання, рухомага саставу чыгунак, суднаў, буд. і дарожных машын, трамваяў, вагонаў метро і тралейбусаў, грамадзянскіх самалётаў, верталётаў і авіяцыйных рухавікоў, сродкаў вылічальнай тэхнікі, прылад і металавырабаў. Найбуйнейшыя прадпрыемствы — Іванаўскае міжраённае аб’яднанне Дзяржкамсельгастэхніка, Аршанскі трактарарамонтны завод, Дзяржынскі завод «Рамдэталь», аўтарамонтныя заводы ў Лідзе, Полацку, Гарадку, Лепелі, Вілейцы, Кобрыне, Магілёве, экскаватарарамонтны ў Пінску.
Суднабудаванне на Беларусі спецыялізавана на выпуску і рамонце рачных суднаў, несамаходных баржаў, земснарадаў, маторных лодак і інш.
Першае прадпрыемства па будаванні байдарак і яхтаў з’явілася ў 1785 — Крычаўская суднаверф. У 1884 пабудаваны параходабудаўнічы завод у Пінску (з 1939 суднарамонтны, з 1961 суднабудаўніча-суднарамонтны завод), у 1918 — Гомельскі суднабудаўніча-суднарамонтны завод, у 1925 — суднарамонтныя майстэрні ў Бабруйску (у 1939 рэканструяваны ў суднарамонтны завод), у 1929 — Петрыкаўская суднабудаўнічая верф (у 1974 рэканструявана ў суднабудаўніча-суднарамонтны завод). У 1920—30-я г. суднарамонтныя майстэрні пабудаваны ў Магілёве і Мазыры, верфі драўлянага суднабудавання — у Рэчыцы, Барысаве, Нароўлі.
У 1960—90-я г. суднабудаўнічыя прадпрыемствы Беларусі выпускалі буксірныя і грузавыя цеплаходы, карпусы суднаў тыпу «рака—мора», пасажырскія судны розных мадыфікацый, у т. л. на падводных крылах («Палессе»), несамаходныя баржы, грэйферныя земснарады, брандвахты і інш. У апошні час (2002) Рэчыцкі завод выпускае карпусы грунтаадвазных баржаў унутранага плавання, Гомельскі завод — велікагрузны цеплаход тыпу «рака—мора», астатнія рамантуюць самаходныя і несамаходныя рачныя судны. Пра выпуск асобных відаў прадукцыі машынабудавання і металаапрацоўкі гл. табл.
Літ.:
Экономика Белоруссии в эпоху империализма, 1900—1917. Мн., 1963;
Экономика Советской Белоруссии, 1917—1967. Мн., 1967;
Лис А.Г. Проблемы развития и размещения производительных сил Белоруссии. Мн., 1972;
Филатов И.Г. Экономика машиностроения Белорусской ССР. Мн., 1976;
Рогач П.И., Сосновский В.Н. Размещение производительных сил. Мн., 2000, Промышленность Республики Беларусь. Мн., 2003.
П.І.Рогач.
Вытворчасць асноўных відаў прадукцыі машынабудавання і металаапрацоўкі ў Рэспубліцы Беларусь
Віды прадукцыі
1940
1950
1960
1970
1980
1990
1995
2000
2003
Аўтамабілі грузавыя, тыс.шт.
—
2,4
18,7
29,8
40,1
42
12,9
14,7
18,1
Трактары, тыс.шт.
—
0,036
34,2
80,3
89,6
100,7
28
22,5
26,7
Металарэзныя станкі, тыс.шт.
6
4,8
16,8
27,6
31,2
15,5
4,7
5,4
5,2
Трансфарматары сілавыя, тыс. кВА
—
—
903
4636
7387
6204
2493
2173
4677
Газавыя пліты, тыс.шт.
—
—
35,9
287,3
351
535,2
359
465
538,2
Аўтобусы, шт.
—
—
—
—
—
999
62
914
499
Матацыклы, тыс.шт.
—
—
101,4
152,4
217
225
42
37
33
Веласіпеды, тыс.шт.
—
70
286,6
519,7
695
846
271
586
773
Тэлевізары, тыс.шт.
—
—
103,2
634,8
552
1302
250
532
690
Радыёпрыёмныя ўстройствы, тыс.шт.
0,4
46,3
118,6
423,6
499
979
277
101
33
Гадзіннікі бытавыя, млн.шт.
—
—
0,9
3,4
7,3
13,4
6,6
5,6
2,7
Халадзільнікі і маразільнікі, тыс.шт.
—
—
—
216,5
614
728
746
812
886
Электрарухавікі магутнасцю ад 0,25 да 100 кВт, тыс.кВт
11,8
13,2
342,1
1558
3150
3315
500
800
800
Камбайны кормаўборачныя, тыс.шт.
—
—
15
34
39,3
9,5
1,1
0,3
0,1
Персанальныя ЭВМ, тыс.шт.
—
—
—
—
—
—
12,9
15
26,3
Фотаапараты, тыс.шт.
—
—
297,2
535,9
1412
885
34
3
—
Пральныя машыны, тыс.шт.
—
—
—
—
—
33,1
36,9
88,1
63,3
Швейныя машыны, тыс.шт.
—
—
—
—
—
4,6
18,5
7,9
1,5
РУВП «Беларускі аўтамабільны завод». Цэх галоўнага канвеера.Галоўны зборачны канвеер Мінскага аўтамабільнага завода (ВА «БелаўтаМАЗ»).Эксперыментальны цэх Галаўнога спецыялізаванага канструктарскага бюро па збожжа- і кормаўборачнай тэхніцы ВА «Гомсельмаш».Рэспубліканскае унітарнае прадпрыемства «Мінскі трактарны завод»: 1 — галоўны зборачны канвеер; 2 — корпус цэха аддзелкі і афарбоўкі трактароў.ВА «Гарызонт». Участак тэхналагічнай зборкі тэлевізараў.Мінскі завод халадзільнікаў ВА «Атлант». Зборачны цэх.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХІМІЧНАЯ І НАФТАХІМІЧНАЯ ПРАМЫСЛОВАСЦЬ
Хімічная і нафтахімічная прамысловасць — найб. развітыя галіны прамысловага комплексу Беларусі, удзельная вага вытворча-прамысловых фондаў якіх у 2000 складала 21% (у 2002—21,9%) агульнай іх вартасці ва ўсёй прамысловасці краіны. У гэтыя галіны ў 2000 уваходзіла 65 прамысл. прадпрыемстваў (56 хімічных і 9 нафтахімічных). Колькасць прадпрыемстваў, якія знаходзяцца на самастойным балансе, у 2002 дасягнула 73. Значна выраслі і аб’ёмы прадукцыі (гл.табл.). Яе доля ў аб’ёме ўсёй вырабляемай прамысл. прадукцыі ў 2000 склала 14,2% (у 2002—11,9%). Сярэднегадавая колькасць прамыслова-вытворчага персаналу 101 тыс. чалавек (2002).
Хімічная прамысловасць спецыялізуецца на выпуску мінеральных угнаенняў і здабычы сыравіны для іх, хім. валокнаў і нітак, пластмас і вырабаў з іх, сінтэтычных смол, лакафарбавых матэрыялаў, тавараў бытавой хіміі. Сыравінная база прамысловасці — паклады калійных солей, кухоннай солі, нафта і прадукты яе перапрацоўкі, прыродны і спадарожны газ, апатыты, сера і інш. Шматлікая вуглевадародная і неарганічная сыравіна пастаўляецца з Расіі. Галіна ўключае горнахімічную, асноўнай хіміі, лакафарбавую, хім. валокнаў і нітак, сінтэтычных смол і пластмас, пластмасавых вырабаў, бытавой хіміі прамысловасць; вытворчасць шкловалакністых матэрыялаў і шклапластыкаў, хім. рэактываў і асабліва чыстых рэчываў.
На Беларусі з 15 ст. выраблялі і вывозілі драўняную смалу, сыры паташ. Пазней пашырылася вытворчасць мыла, пакосту, воцату і воцатнага парашку, драўнянага (метылавага) спірту і інш. У 1810 Беларусь давала больш за 10% вытворчасці паташу Рас. імперыі. На пач. 20 ст. найбуйнейшым прадпрыемствам галіны быў завод сухой перагонкі драўніны ва ўрочышчы Выдрыца (Аршанскі р-н; 150 рабочых у 1910, выпускаў воцатны парашок, спірт, натрый, фармалін, вугаль). У 1913 на 24 найбольшых прадпрыемствах хім. вытворчасці працавалі больш за 3,5 тыс. рабочых. У 1930 у Магілёве пабудаваны завод штучнага валакна, які даваў 40% хім. валокнаў СССР. У 1930-я г. наладжана вытворчасць ацэтонавых растваральнікаў, гідролізнага спірту, дубільных рэчываў, фасфарытнай мукі і інш. У 1940 аб’ём валавой прадукцыі хім. прамысловасці ў 56,3 раза пераўзышоў узровень 1913, удзельная вага яе (з прадукцыяй лесахіміі) склала 3,9% агульнага аб’ёму прамысловасці рэспублікі. Дзейнічалі невялікія прадпрыемствы лесахіміі, па вырабе пакосту, мыла, каніфолі, шкіпінару, лакафарбавай прадукцыі, тавараў быт. хіміі.
Пасля Вял.Айч. вайны разбураныя прадпрыемствы адноўлены. У 1957 здадзены ў эксплуатацыю Полацкі завод шкловалакна, у 1959 — Магілёўскі рэгенератарны, у 1960 у Мінску стаў працаваць (на базе арцелі) завод лакафарбавых вырабаў, у 1958—61 пабудаваны І-ы Салігорскі калійны камбінат (гэта стала пачаткам развіцця горна-хім. прамысловасці Беларусі). Першую прадукцыю далі ў 1963 Гродзенскі азотнатукавы і Полацкі нафтаперапрацоўчы заводы, у 1965—2-і Салігорскі камбінат, Светлагорскі завод штучнага валакна, Барысаўскі завод пластмасавых вырабаў і Лідскі лакафарбавы, у 1966 — Гомельскі хім. завод; у 1968 — Полацкі хім. камбінат, у 1969—3-і Салігорскі камбінат, у 1970 — Магілёўскі камбінат сінтэтычнага валакна, у 1973 — Брэсцкі завод быт. хіміі, у 1977 уведзена ў дзеянне 1-я чарга Гродзенскага завода сінтэтычнага валакна і 4-ы калійны камбінат (увайшоў у створанае ў 1975 ВА «Беларуськалій»).
У сучаснай хім. прамысловасці найб. буйныя прадпрыемствы: Салігорскія калійныя камбінаты ВА «Беларуськалій», Полацкі завод шкловалакна (з 1983 ВА «Шкловалакно»), Гродзенскае ВА «Азот», Гомельскі хім. завод, Наваполацкае ВА «Палімір», Гродзенскае, Магілёўскае і Светлагорскае ВА «Хімвалакно», Лідскі лакафарбавы завод (з 1994 адкрытае акц.т-ва — ААТ «Лакафарба»), Барысаўскі завод пластмасавых вырабаў, сумеснае бел.-германскае прадпрыемства «Олі-Бела» і інш.Гал. месца ў структуры валавой прадукцыі галіны займае горнахім. прамысловасць, якая развіваецца на базе адкрытага ў 1949 Старобінскага радовішча калійных руд. ВА «Беларуськалій» — адно з буйнейшых у свеце аб’яднанняў па вытворчасці калійных угнаенняў. Яно мае 14% сусветных магутнасцей па выпуску калійных угнаенняў і 16% іх сусветных экспартных паставак. У 2002 выпусціла 4,5 млн.т калійных угнаенняў, з іх 3,3 млн.т (73,3%) пастаўлена на экспарт (у Бразілію, ЗША, Нарвегію, Кітай, Індыю, Японію, на Украіну і інш.). ВА «Азот» — адзінае прадпрыемства ў краіне, якое выпускае азотныя ўгнаенні (карбамід, сульфат амонію, вадкасныя ўгнаенні), аміяк, азотную і серную кіслоты, метанол, сродкі хім. аховы раслін і інш. Працуе на прыродным газе, які экспартуецца з Расіі. Значная частка прадукцыі (61,4%) адпраўляецца на экспарт — у Расію, Латвію, Літву і інш. (2002). На Гомельскім хім. заводзе вырабляецца больш за 70 відаў прадукцыі (амафос, суперфасфат аманізаваны, азотна-фосфарна-калійныя ўгнаенні, кармавыя дабаўкі, гіпс і інш.). Сыравіна завозіцца ў асноўным з Расіі. Магілёўскае ВА «Хімвалакно» — найбуйнейшы ў Еўропе комплекс па выпуску поліэфірных валокнаў і нітак. Тут вырабляецца таксама поліпрапіленавая плёнка для ўпакоўкі харч. прадуктаў, тавары нар. ўжытку. Прадукцыя пастаўляецца больш як у 40 краін свету, у т. л. Расію, Польшчу, Літву, Латвію, на Украіну. Светлагорскае ВА «Хімвалакно» — высокамеханізаванае прадпрыемства. Вырабляе віскозныя тэхнічныя і тэкстыльныя ніткі, кордную тканіну, поліэфірныя тэкстыльныя ніткі, тэкстыльна-галантарэйныя тавары, тканіны, поліпрапіленавы матэрыял «спанбонд», якія экспартуюцца ў краіны Зах. Еўропы. Прадукцыя Наваполацкага ВА «Палімір» — сыравіна для разнастайных галін прамысловасці. Выкарыстоўваецца для вытворчасці кабелю, пластмас, упаковачных матэрыялаў, трыкатажных вырабаў, штучнага футра і інш. Каля 60% прадукцыі вывозіцца ў Расію, Германію, Польшчу, Іран, Італію, Фінляндыю і інш. ААТ «Гродна Хімвалакно» выпускае капронавую кордную тканіну, поліаміднае валакно для тэкстыльнай прамысловасці, ніткі поліамідныя тэхн. прызначэння і інш. Полацкае ВА «Шкловалакно» — найбуйнейшае прадпрыемства прамысловасці сінтэтычных смол і пластмас. На ім вырабляюцца шкловалакно, шклотканіна, шклосеткі і інш. Вытворчыя магутнасці разлічаны на выпуск больш за 17 тыс.т шкловалакна і вырабаў з яго (ад тэнісных ракетак да элементаў касмічных комплексаў). Прадукцыя шклокамбіната экспартуецца ў 28 краін. Барысаўскі завод пластмасавых вырабаў выпускае больш за 200 найменняў прадукцыі, у т. л. пластмасавую тару (для прамысловасці, сельскай гаспадаркі, гандлю, хатняга побыту), мэблю, падносы, скрыні, вырабы для паліва і інш. Сінтэтычныя смолы вырабляюцца таксама ў Наваполацку, Магілёве і інш. Найбуйнейшае прадпрыемства лакафарбавай прамысловасці — ААТ «Лакафарба» ў г. Ліда, дзе вырабляецца каля 70 відаў лакаў і больш за 50 відаў эмалей на кандэнсацыйных смолах, больш за 60 відаў эмалей і грунтоў на полімерызацыйных смолах і інш. Розныя фарбы вырабляе буйное прадпрыемства «Олі-Бела» ў Мінску, разнастайную лакафарбавую прадукцыю — прадпрыемствы Магілёва, Пінска, Гомеля, Баранавіч і інш. У 2002 экспарт лакафарбавых вырабаў склаў 39,1 тыс.т (у Расію, Казахстан, Літву, Латвію і інш.). Прамысловасць бытавой хіміі выпускае пральныя парашкі (Брэсцкі і Баранавіцкі заводы быт. хіміі), гаспадарчае і туалетнае мыла (Гомельскі тлушчавы камбінат), інш. прадукцыю. Значную колькасць тавараў быт. хіміі вырабляюць прадпрыемствы, цэхі і вытворчасці мясцовай прамысловасці (пральныя парашкі, лакі, фарбы, аліфы, пластмасавыя вырабы, вадкае сілікатнае шкло, поліэтыленавая плёнка для сельскай гаспадаркі і інш.).
Нафтахімічная прамысловасць займаецца вытворчасцю сінтэтычных матэрыялаў і вырабаў пераважна на аснове прадуктаў перапрацоўкі нафты і прыродных гаручых газаў (сінтэтычны каўчук, прадукты асноўнага арганічнага сінтэзу — этылен, прапілен, поліэтылен, паверхнева-актыўныя рэчывы, мыйныя сродкі, а таксама сажа, гумавыя і азбестатэхнічныя вырабы). Спецыялізавана на вытворчасці і рамонце шын, гумава-тэхнічных вырабаў, гумавага абутку і гумавых вырабаў шырокага ўжытку.
Адно з першых прадпрыемстваў галіны — Барысаўскі завод гумавых тэхн. вырабаў «Гуматэхніка» створаны ў 1947 як арцель па выпуску гумавага абутку. З 1949 дае прадукцыю Крычаўскі завод гумавых вырабаў (гумава-тэхн. вырабы для аўтатрактарнай прамысловасці, гумавы і спартыўны абутак, клей і інш.), з 1952 — Магілёўскі рэгенератарны завод (пачаў будавацца ў 1949 як завод натуральнага каўчуку; з 1959 выпускаў драблёную гуму і шынны рэгенерат, з 1969 — гумава-тэхн. вырабы). У 1952 пабудаваны Бабруйскі завод гумавых тэхнічных вырабаў (з 1992 у акц. т-ве «Беларусьгуматэхніка»), з 1965 функцыянуе Светлагорскі завод сінтэтычнага валакна (з 1983 ВА «Хімвалакно»), з 1972 — Беларускі шынны камбінат (з 1992 ААТ «Белшына»), з 1975 — Брэсцкі завод быт. хіміі (з 1991 акц.т-ва; на аснове яго і бел.-польскага прадпрыемства «Аўра» створана НВА «Брэстбытхім»), з 1979 — Баранавіцкі завод быт. хіміі (з 1968 працаваў як хім. камбінат).
Найбуйнейшыя прадпрыемствы галіны: Магілёўскае і Гродзенскае ВА «Хімвалакно», Наваполацкае ВА «Палімір», Баранавіцкі і Брэсцкі заводы быт. хіміі. ААТ «Белшына» вырабляе больш за 190 тыпапамераў шын для аўтамабіляў, трактароў, с.-г. машын, 160 тыпапамераў пастаўляецца на экспарт. У 2002 на экспарт пайшло 60,2% вырабленай прадукцыі, асноўная частка яе паступіла ў Расію, на Кубу, у Нідэрланды, Швецыю, Польшчу і інш. Прадпрыемствы галіны выпускаюць таксама гумавыя тэхн. дэталі для машын, гумавыя ніткі, гуму з латэксу, віскозны корд, рукавы ў аплётцы, брызол, рэлін, тавары нар. ўжытку, рамантуюць шыны накладваннем новага пратэктара і інш.
Прадпрыемствы хім. і нафтахім. прамысловасці маюць паміж сабой шырокую кааперацыю. Напр., параксілол Наваполацкага нафтаперапрацоўчага завода выкарыстоўваецца на Магілёўскім ВА «Хімвалакно» для вытворчасці лаўсану, бензол — на Гродзенскім ВА «Хімвалакно» для вытворчасці капралактаму, растваральнікі — на розных лакафарбавых прадпрыемствах.
Літ.:
Маркевич С.В. Большая химия. 2 изд. Мн., 1964;
Ермоленко Н.Ф., Капуцкий Ф.Н. Большая химия Белоруссии. Мн., 1967;
Ермоленко Н.Ф. Химия и технический прогресс. Мн., 1970;
Промышленность Республики Беларусь: Стат. сб. Мн., 2003.
П.І.Рогач.
Вытворчасць асноўных відаў хімічнай і нафтахімічнай прамысловасці Рэспублікі Беларусь
Прадукцыя
1940
1950
1960
1970
1980
1990
1995
2000
2003
Мінеральныя ўгнаенні (у пераразліку на 100% пажыўных рэчываў), тыс.т
13,2
2255
4931
5996
3349
4056
4953
у т. л.: калійных
1991
4187
4994
2795
3372
4230
азотных
165
489
745
502
597
631
фосфарных
99
254
256
52
87
92
Хімічныя валокны і ніткі, тыс.т
2,6
2,2
14,7
64,8
254,8
453,2
210,6
218,7
202,6
Серная кіслата ў монагідраце, тыс.т
638,2
860
1177
437
584
576
Сінтэтычныя смолы і пластмасы, тыс.т
1,2
111,2
450,1
751,4
480
506,6
486,1
у тым ліку поліэтылен
51,9
138
104
109
123
Шыны для аўтамабіляў, сельскагаспадарчых машын, тыс.шт.
3345
4575
1292
2440
2765
ВА «Беларуськалій». Панарама 4-га рудаўпраўлення.Светлагорскае ВА «Хімвалакно».ААТ «Гродна Хімвалакно».Вытворчасць корднай капронавай тканіны на ААТ «Гродна Хімвалакно».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ВІ́ЦЕБСКІЯ ДЫВАНЫ́»,
акцыянернае т-ва ў Віцебску. Дзейнічае з 1947 як дывановы камбінат (створаны на базе Віцебскай лёнапрадзільнай фабрыкі «Дзвіна»). У 1970 у склад камбіната ўвайшла Віцебская ф-ка нятканых матэрыялаў (створана ў 1947 як лёнапрадзільна-шпагатная ф-ка). У 1978 пушчана ф-ка прашыўных дывановых вырабаў. З 1980 дывановае вытв. аб’яднанне, з 1994 сучасная назва. Уключае ф-кі: ткацка-аддзелачную, прашыўных дывановых вырабаў, нятканых матэрыялаў. Асн.прадукцыя (1997): дываны і дывановыя вырабы (жакардавыя і аксмінстэрскія паўшарсцяныя), дарожкі ворсавыя машыннай выпрацоўкі паўшарсцяныя і з хім. валокнаў, прашыўныя (тафтынгавыя) дывановыя пакрыцці, швейны і мэблевы вацін, байка для абутку.
Развіццё тканых маст.-прамысл. вырабаў «Віцебскіх дываноў» адбывалася ў рэчышчы агульных тэндэнцый усх. і еўрап. дывана з выкарыстаннем традыцый бел. дыванаткацтва. Гісторыя стварэння дываноў звязана са станаўленнем на Беларусі ворсавага дывана машыннай вытв-сці. У канцы 1940-х—1950-я г. для набіўных стужкавых жакардавых дываноў мастакі Т.Гусева, М.Дзёмін, З.Луданэ, Г.Саленікава, В.Сенькіна, І.Шурупаў выкарыстоўвалі кампазіцыйныя схемы класічнага ўсх. дывана, з выразна акрэсленым цэнтрам і шлякам. У іх пераважалі матывы традыц.бел. арнаменту са строгай монакампазіцыяй і буйнымі геаметрызаванымі формамі (ромб, крыж), выкарыстоўвалася і арнаментыка інш. народаў свету (дываны «Беларускі», «Слуцкі», «Фестывальны»). У 1960—70-я г. сталі больш пашыранымі аксмінстэрскія дываны, якія побач з прутковым жакардам складалі аснову асартыменту; змяніліся суадносіны іх асн. элементаў, часцей выкарыстоўваліся рапортныя кампазіцыі з эклектычным спалучэннем формаў, іх каларыстычная гама стала больш светлая. З 2-й пал. 1970-х г. асвойваецца вытв-сць тафтынгавых пакрыццяў з рэльефным і друкаваным малюнкам. Мастакі Я.Папова, У.Федаровіч, В.Шастоўскі шукаюць новыя маст. вырашэнні, шляк замяняецца бардзюрам, больш цэльным становіцца каларыт («Акцэнт», «Раслінны», «Рубін»). Цэнтр. месца ў кампазіцыях дываноў канца 1980-х г. адведзена асацыятыўным вобразам (мастакі Г.Бычкоўская, М.Кабанова, А.Свірыдзенка, Л.Цыбульская), складаны арнамент (пераважаюць раслінныя формы ці геам. абстракцыі) набыў жывапіснасць, падкрэслена гарманічным і вытанчаным стаў каларыт («Калейдаскоп», «Лотас», «Рытм»). Віцебскія дываны экспанаваліся на міжнар. выстаўках у Алжыры, Англіі, Бразіліі, Галандыі, Індыі, Турцыі, Францыі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛАСТМА́САВЫХ ВЫ́РАБАЎ, ШКЛОВАЛАКНІ́СТЫХ МАТЭРЫЯ́ЛАЎ, ШКЛОПЛА́СТЫКАЎ І ВЫ́РАБАЎ З ІХ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,
адна з галін хім. прамысловасці. На Беларусі ўключае падгаліны: вытв-сць вырабаў з пластмас (63,4% у 1999); плёнак, труб і лістоў з палімерных матэрыялаў (17,9%); неперарыўнага шкловалакна і вырабаў з яго (8,7%); шклопластыкаў і вырабаў з іх (6,3%); палімернай тары (3,7%). Выпускае больш за 1000 найменняў прадукцыі: поліэтылен, поліэтыленавую плёнку, шкловалакно, пластмасавую тару, разнастайныя вырабы з пластмасы, поліэтыленавыя трубы, тару і інш. Развіццё галіны пачалося пераважна ў 1950-я г. У 1957 першую прадукцыю даў Полацкі завод шкловалакна, у 1968 — Полацкі хім. камбінат (зараз ВА «Палімір»). У 1999 удзельная вага галіны ў агульным аб’ёме хім. прам-сці складала 12,2%, прамыслова-вытв. персаналу — 12,1%, сродкаў вытв-сці — 9,2%. На 1.1.2000 на Беларусі дзейнічалі 52 прадпрыемствы і вытв-сці галіны. Найб. сярод іх, акрамя названых, — мінскі завод «Тэрмапласт» (вырабы з пластмасы для аўтамабільнай, трактарнай і электратэхн. прам-сці, тавары быт. прызначэння на аснове пластмас), Барысаўскі завод пластмасавых вырабаў (трубы з поліэтылену для водазабеспячэння і каналізацыі), Барысаўскі з-д «Паліміз» (палімерная тара), Магілёўскі з-д палімерных труб, з-д пластмасавых тарных і ўпаковачных вырабаў у в. Сінкевічы Лунінецкага р-на, Гродзенскае вытворчае аб’яднанне «Хімвалакно» (пластмасы цеплаправодныя і цяжкагаручыя), акц.т-ва «Лідбудпласт» і інш. Прадпрыемствы галіны дзейнічаюць таксама ў Брэсце, Жлобіне, Рагачове, Ганцавічах, Віцебску, Баранавічах, Бабруйску, Іўі, Жодзіне, Ашмянах і інш. Створана некалькі сумесных прадпрыемстваў з замежнымі фірмамі — бел.-ізраільскае «Леор-пластык» у Навагрудку (пластмасавыя слоікі, посуд, поліэтыленавыя накрыўкі); бел.-венгерскае «Новіпласт» у Наваполацку (вырабы з пластмасы); бел.-германскае «Beker—System—Belarus» (аконныя блокі з пластмас). Амаль шостая ч. прадукцыі галіны экспартуецца за мяжу. З інш. краін найб. развіта галіна ў ЗША, Японіі, Вялікабрытаніі, Германіі, Францыі, Італіі, Кітаі, Расіі.
П.І.Рогач.
Матэрыялы і вырабы з сінтэтычных смол і пластычных мас у Рэспубліцы Беларусь
Прадукцыя
1990
1995
1998
Трубы і дэталі трубаправодаў з тэрмапластаў, тыс.т