МАРСКІ́Я АДКЛА́ДЫ, акіянскія адклады,
донныя асадкі марскіх вадаёмаў. Тэрмін выкарыстоўваецца таксама адносна асадкаў Сусветнага акіяна. Паводле генезісу падзяляюцца на тэрыгенныя, біягенныя, вулканагенныя, хемагенныя і полігенныя; па глыбіні ўтварэння — на літаральныя, нерытавыя, батыяльныя і абісальныя. Выкапнёвыя М.а. ператвораны працэсамі дыягенезу ў горныя пароды. Да М.а. адносяцца большасць вапнякоў, даламітаў, мергеляў і крамяністых парод, значная ч. глін, аргілітаў, алеўралітаў, пясчанікаў, кангламератаў, фасфарытаў, жалезных руд, марганцавых руд, гаручых сланцаў і інш. Састаў і размяшчэнне М.а. на паверхні Зямлі залежаць у асн. ад тэктанічнага рэжыму і кліматычных умоў.
т. 10, с. 133
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІКРАФЛО́РА (ад мікра... + флора),
сукупнасць відаў мікраарганізмаў, што насяляюць пэўнае асяроддзе існавання (глеба, вада, паветра, горныя пароды і інш.). Па паходжанні адрозніваюць М., што пастаянна прысутнічае, і прыўнесеную; паводле тыпу жыўлення — аўтатрофную (мікраарганізмы, якія разбураюць арган. рэчывы), алігатрофную (завяршаюць мінералізацыю арган. рэчываў) і літатрофную (пераўтвараюць мінер. злучэнні горных парод, газы). Напр., у сульфідных рудах акісленне абумоўлена тыёнавымі бактэрыямі, у рубцы жвачных жывёл — анаэробнай М., што ператраўлівае клятчатку. Скура, слізістыя абалонкі, кішэчнік, інш. органы жывёл, паверхня раслін маюць пастаянную, т. зв. нармальную М., якая метабалізуе выдзяленні з тканак.
т. 10, с. 362
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІРАКСЕ́НЫ (ад піра... + грэч. xenos чужы),
група пародаўтваральных мінералаў падкласа стужачных сілікатаў. Агульная формула R2[Si2O6], дзе R — пераважна магній, жалеза, радый, кальцый, алюміній, натрый, літый і інш. Крышталізуюцца ў манакліннай (клінапіраксены) і рамбічнай (ортапіраксены) сінганіях. Адрозніваюць П. шчолачназямельныя (дыяпсід-гедэнбергіт, аўгіт) і шчолачныя (эгірын, жадэіт, спадумен). Крышталі кароткапрызматычныя, таблітчастыя, зярністыя масы, украпанікі. Колер белы, шэры, жоўты, аліўкава-зялёны, бураваты да чорнага. Цв. 5—6. Шчыльн. 3,1—3,6 г/см³. Уваходзяць у састаў многіх магматычных і метамарфічных горных парод, некат. пароды цалкам складзены з П. (напр., піраксеніт).
т. 12, с. 378
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛАТФО́РМАВЫ ЧАХО́Л, асадкавы чахол,
верхні структурны ярус платформ, складзены з асадкавых неметамарфізаваных горных парод. Залягае на фундаменце платформавым крышталічным з рэзкай рэгіянальнай структурнай і стратыграфічнай нязгоднасцю. Пласты парод П.ч. залягаюць гарызантальна або паката, паступова мяняюць па плошчы магутнасць (ад адзінак і дзесяткаў метраў на шчытах да тысяч метраў на плітах). Структуры пакатыя (платформавага тыпу) без значных тэктанічных дэфармацый. У складзе П.ч. могуць сустракацца магматычныя ўтварэнні, пераважна вулканічныя пароды трапавай фармацыі. Часам паміж чахлом і фундаментам знаходзяцца адклады прамежкавага паверха, якія звычайна характэрны для маладых платформ.
А.М.Каўхута.
т. 12, с. 415
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛЫВУ́Н,
насычаныя вадой рыхлыя асадкавыя горныя пароды, якія пры ўскрыцці праяўляюць вял. рухомасць (плывучасць). Адрозніваюць П. сапраўдныя (пяскі, супескі, суглінкі і інш., якія змяшчаюць гідрафільныя калоіды) і несапраўдныя (пераважна пяскі без калоідных часцінак). Сапраўдныя П. набываюць плывучасць пры вельмі малых напорных градыентах і маюць устойлівыя плывучыя ўласцівасці. Несапраўдныя П. пераходзяць у плывучы стан пры значных напорных градыентах, лёгка аддаюць ваду, пасля чаго трацяць плывучасць. На Беларусі П. часта трапляюцца на Палессі сярод алювіяльных, азёрных і водналедавіковых надмарэнных адкладаў. З П. змагаюцца шляхам іх асушэння.
т. 12, с. 437
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫДНЯПРО́ЎСКАЕ ЎЗВЫ́ШША.
На Пд Усх.-Еўрап. раўніны паміж сярэднім цячэннем рэк Дняпро і Паўд. Буг, на Украіне. Выш. каля 200 м на Пн, 150 м на Пд, найб. — 323 м. У фундаменце П.ў. — Украінскі крыштал. масіў, пароды якога ўкрыты глінамі, пяскамі, лёсамі і лёсападобнымі суглінкамі. Плоскія водападзелы чаргуюцца з глыбокімі (да 60—80 м), часта каньёнападобнымі далінамі рэк і яроў. Паўн. ч. П.ў. ўваходзіць у лесастэпавую зону, Паўд. — у стэпавую. Большая частка ўзарана. Развіты збожжавая гаспадарка, жывёлагадоўля, садаводства. Радовішчы жал. (Крыварожскі жалезарудны басейн) і марганцавых руд.
т. 13, с. 64
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
лато́к, ‑тка, м.
1. Адкрыты прылавак для гандлю на вуліцы. Змітрок спыніўся, потым падышоў да латка, дзе прадаваліся папяросы. Ваданосаў.
2. Тое, што і латак (у 1 знач.). Алёша прыпыняе камбайн і любуецца, як цераз латок льецца з бункера ў скрыні жывы і вясёлы струмень збожжа. Шамякін.
3. Прыстасаванне ў выглядзе каўша, карыта для прамыўкі пароды пры разведачных работах.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
драбі́цца, дробіцца; незак.
1. Развівацца, крышыцца, разломлівацца на дробныя часткі. Некаторыя пароды каменя лёгка дробяцца. Хвалі дробяцца аб скалы. □ Ярка свяцілі пражэктары, і святло ад іх драбілася ў вадзе. Асіпенка. // Расчляняцца на больш дробныя часткі. — Навакола, у крупінках эфіру, носяцца частачкі матэрыі, складаюцца, дробяцца і родзяць новае ды новае ў бязмернасці вякоў. Гартны.
2. Зал. да драбіць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
канцэнтрава́цца, ‑руецца; незак.
1. Збірацца, сцягвацца, групавацца ў адным якім‑н. месцы. Насельніцтва канцэнтруецца вакол гарадоў. // перан. Звяртацца, накіроўвацца на што‑н. (пра думкі, увагу і пад.). Гутаркі і жарты канцэнтраваліся пераважна каля Букрэевай асобы і яго ролі ў якасці «маладзіцы». Колас.
2. Згушчацца, насычацца (пра растворы).
3. Абагачацца (пра руды, горныя пароды).
4. Зал. да канцэнтраваць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
элю́вій
(н.-лац. eluvium, ад лац. eluere = вымываць)
прадукты выветрывання горных парод у выглядзе дробных вуглаватых часцінак і абломкаў, якія паступова пераходзяць у карэнныя пароды.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)