Вурдала́к ’ваўкалак’ (КТС). Рус. вурдала́к лічыцца выключна кніжным словам, узнікшым у выніку недакладнай перадачы волкола́к, вуркола́к (Вінаградаў, ДСИЯ, 6, 9 і наст.; Трубачоў, Дополн., 1, 366; Шанскі, 1, В, 216); адсутнасць фіксацыі бел. слова ў народнай мове не дае падстаў для яго этымалагізацыі на мясцовай глебе і прымушае разглядаць як кніжнае запазычанне з рус. мовы. Аднак балг. іхцім. вурдала́ ’дрэнны чалавек, з якім цяжка знайсці агульную мову’ (калі гэта не запазычанне) і іншыя факты робяць праблематычным сцверджанне аб штучным паходжанні гэтага слова; хутчэй за ўсё гэта слова паўднёваславянскага паходжання (магчыма, уведзенае Пуцінным, гл. Вінаградаў, там жа), дзе яно можа суадносіцца з балг. върда́лям ’перакідаць, перакульваць’, як балг. въркола́к ’ваўкалак’ з върка́лям ’валяцца па зямлі’, што адлюстроўвае «тэхналогію» пераходу чалавека ў такі стан; параўн. перакі́нуцца (воўкам або інш. зверам), рус. о́боротень і пад. (Згодна ўяўленням палешукоў, такі чалавек мог стаць зверам, часцей за ўсё воўкам або зайцам, забіўшы нож у дрэва і перакуліўшыся цераз галаву ці пакачаўшыся па зямлі, КСТ). Менш верагодна вывядзенне гэтага слова з цюрк. obur‑da‑lak ’пражэрлівы’ ад кораня obur ’абжора’ (Дзмітрыеў, Лекс. сб., 3, 40).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ро́іцца ’раіцца (пра пчол)’ (брасл., ваўк., Сл. ПЗБ), ро́іцца, роі́цца ’тс’, ’мітусіцца, мільгаць’ (ТС); укр. роїтися ’раіцца (пра пчол)’, роїтися в голові ’успамінацца’, рус. рои́ться, польск. roić się ’тс’, roić ’марыць, летуцець’, ’мроіць’, н.-луж. rojś se ’тс’, ’у мітусні імкнуцца наперад’, в.-луж. rojić so ’раіцца’, ’кішэць’, ’багацець’, чэш. rojiti se ’раіцца (пра пчол)’, ’таўчыся (пра машкару)’, ’тоўпіцца (пра людзей на вуліцы’, славац. rojiť sa ’тс’, ’раіцца (пра думкі чалавека ў галаве)’, славен. rojíti ’тс’, ’бадзяцца’, ’марыць’, серб. ро̀јити се, харв. ròjiti, макед. рои се, балг. роя ’сабраць у рой’, роя́ се ’раіцца’. Прасл. *rojiti sę, утворанае ад назоўніка *rojь > рой (гл.). Гл. таксама раі́цца. Сюды ж: ро́іцца ’здавацца, з’яўляцца, прыходзіць у галаву’ (Юрч.; бялын., Янк. Мат.; іўеў., Сцяшк. Сл.), ’трызніцца’ (Жд. 3), ’мроіцца, здавацца’, ’думацца’ (ТС), у выніку семантычнага пераносу ’роіцца’ > ’мітусіцца, кішэць’ > ’прыходзіць у галаву і да таго пад.’, а таксама ро́іць ’ляцець, валіць’ (ТС), семантыку якога можна знайсці яшчэ ў прасл. *rojíti, *rojь ці нават у і.-е. адпаведніках *roi(H)o‑, напрыклад, лац. rīvus ’ручай, струмень’ і інш. (гл. рой1).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

вы́меркаваць, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; зак., што.

1. Знайсці, сэканоміць шляхам дакладнага разліку; выгадаць, выкраіць. Вымеркаваць з бюджэту тысячу рублёў на рамонт. Вымеркаваць свабодную гадзіну. □ Ліпа са сваёй малою дачкою ехала з поўдня, дзе яны адпачывалі ля мора, і ўсё ж вымеркавала, колькі дзён, каб заехаць у Жыцькава. Сіпакоў.

2. Выбраць зручны момант. [Стафанковіч:] — Выбачайце, але калі я вас магу застаць дома? [Люба:] — Я сама не ведаю. — Калі так, то я ўжо як-небудзь вымеркую. Чорны.

3. У адпаведнасці з абставінамі ўлічыць усё неабходнае для ажыццяўлення якой‑н. мэты; правільна разлічыць. Як толькі сагнала з палёў снег, пан Зыгмусь сам зрабіў агляд зямлі, каб загадзя вымеркаваць, дзе што засеяць. Колас. [Павел Іванавіч:] — Вымеркуем так, што ў дні заняткаў у цябе будуць меншыя рэйсы. Кулакоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зло, ‑а, н.

1. Усё нядобрае, шкоднае, благое; проціл. дабро. [Закон] паказвае рабіць дабро і пазбягаць зла, імкнуцца да мірнага жыцця, не парушаючы спакою другіх. Алексютовіч. Уладзімір Ільіч папярэджваў аб небяспецы шавінізму, нястомна заклікаў да самай рашучай барацьбы з гэтым злом. «Полымя». // Бяда, няшчасце. Знайсці забойцу, гада-звера, Што прычыніў такое зло. Колас.

2. Разм. Пачуццё незадавальнення; злосць, гнеў. Зло ўзяло.

•••

На зло (злосць) каму — так, каб даняць, раззлаваць каго‑н., зрабіць непрыемнасць каму‑н. [Анісся] на зло [брату].. пайшла за Сяргея. Лынькоў.

Непраціўленне злу насіллем гл. непраціўленне.

Як на зло (злосць) — не ў час, не к месцу, не тады, калі трэба. Раптам зверху на яго Шухнула салома. Як на зло, сама сабой З’ехала ахапкам. Гілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

знахо́дка, ‑і, ДМ ‑дцы, ж.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. знайсці (у 1 знач.). Знаходка абоймы выклікала ў хлопца паток самых неверагодных, фантастычных думак. Гамолка.

2. Р мн. ‑дак. Знойдзеная рэч, прадмет і пад. Летась, купаючыся, напаткаў .. [Андрэй] выпадкам гэты дуб у пяску на дне Нёмана. Пачаў тупаць каля яго, зацікавіўся знаходкаю. Колас. // перан. Што‑н. новае, створанае, знойдзенае ў працэсе творчага пошуку. Паэтычныя знаходкі. □ У рэпартажы ёсць цікавыя моўныя знаходкі. «ЛіМ».

3. Пра каго‑, што‑н. удала знойдзенае, набытае і вельмі патрэбнае для каго‑, чаго‑н. — Тут кожны чалавек дораг, а ты, таварыш Кручын, для нас — проста знаходка. Хадкевіч. Муляр 7‑га разраду — знаходка для кожнай будоўлі. Дадзіёмаў.

•••

Стол знаходак гл. стол.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

любо́ў, ‑бові і ‑бві, ж.

1. Пачуццё глыбокай прыхільнасці да каго‑, чаго‑н., адданасці каму‑, чаму‑н. Любоў да радзімы. □ Нарадзілася д[а]чка, і сэрца загарэлася новым пачуццём.. самай моцнай любві — любові маці. Дуброўскі. // Пачуццё прыхільнасці, сімпатыі да каго‑н. Творы Максіма Танка карыстаюцца заслужанай любоўю чытача, бо напісаны яны ад сэрца. Шкраба.

2. Пачуццё гарачай сардэчнай прыхільнасці да асобы другога полу; каханне. Вось так прыходзіць першая любоў, Нібы паводка, бурна, нечакана. Свірка. Не знайсці мне спакою ні цёмнаю ноччу, ні днём, Бо любоў мяне мучыць і паліць пякельным агнём. Багдановіч. / Пра чалавека, які выклікае гэта пачуццё. Вось і любоў твая ідзе.

3. Цікавасць, схільнасць, цяга да чаго‑н. Любоў да педагагічнай справы. Любоў да мастацкага слова.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

загада́ць 1, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каму.

1. з інф. Аддаць загад. Прыйшоўшы ў роту, лейтэнант загадаў збірацца да выступлення. Мележ. // Распарадзіцца, наказаць. Чалавек загадаў брыгадзе зараз жа адчапіць паравоз і пускаць яго на бліжэйшы мосцік. Паслядовіч. Настаўніца загадала вывучыць на памяць верш. Шахавец.

2. Разм. Апавясціць (аб сходзе). Загадаць на сход.

загада́ць 2, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.

1. Прапанаваць загадку або пытанне для разгадка адказу. Загадаць загадку. Загадаць рэбус.

2. і без дап. Задумаўшы што‑н., імкнуцца знайсці адказ, угадаць вынік па картах, па якіх‑н. прыметах. [Бабка Параска] загадала: калі азірнецца [Лабановіч], дык з ім нічога благога не здарыцца ў дарозе, і ён шчасліва вернецца назад. Колас. // Разм. У думках спыніцца на чым‑н., выбраць што‑н. Загадаць лік.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

надтачы́ць 1, ‑тачу, ‑точыш, ‑точыць; зак., што.

1. Крыху, збольшага стачыць (на станку, тачыле і пад.). Надтачыць зубіла. Надтачыць жалязка рубанка.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Прагрызці, праесці што‑н. зверху, збоку, не да канца; надтачыць. Шашаль надтачыў бэльку.

надтачы́ць 2, ‑тачу, ‑точыш, ‑точыць; зак., што.

Прышываннем, надвязваннем, надстаўкай і пад. зрабіць даўжэйшым. Надтачыць вяроўку. Надтачыць бервяно. □ Як ні цяжка было зноў знайсці першы канец проваду, але ўсё ж у мяне хапіла сіл зрабіць гэта, а пасля надтачыць провад і злучыць абодва канцы. Марціновіч. // перан. Разм. Зрабіць большым, падоўжыць. Зімовы дзень такі кароткі, што хоць ты яго надтачы. Сабаленка. Жыццё ж у чалавека адно. Тую частку, што выдаткаваў на абходныя шляхі, не надточыш. Карпаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

наме́снік, ‑а, м.

1. Асоба, якая замяшчае каго‑н. Знайсці сабе намесніка. □ Дзед яшчэ з усходам сонца паехаў у раённы пасёлак па новыя вуллі. А.. [Міхалку] пакінуў сваім намеснікам. Якімовіч.

2. Афіцыйная назва асобы, якая замяшчае кіраўніка. Намеснік дырэктара завода. Намеснік міністра. Намеснік па палітычнай частцы. □ Старшыню і намесніка чакала ў канцылярыі некалькі калгаснікаў. Шахавец.

3. У 14–17 стст. на Беларусі, Украіне і ў Літве — службовая асоба мясцовага кіравання.

4. Пры Кацярыне II — вайсковы начальнік намесніцтва (губерні або некалькіх губерняў).

5. У царскай Расіі 19 і 20 стст. — правіцель ускраінных абласцей краіны, які меў права вярхоўнай улады і кіраваў ад імя цара. Намеснік цара. Каўказскі намеснік.

6. Памочнік настаяцеля манастыра або давераная асоба мітрапаліта.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

павыбіва́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.

1. Рэзкім штуршком прымусіць выпасці ўсё, многае. Павыбіваць вокны. □ І вясковыя хлопцы не праміналі, каб здзекліва запытаць, хто і за што.. [Ігару] зубы павыбіваў, што медныя ставіць давялося. Сіняўскі. // Б’ючы, топчучы, знішчыць усё, многае. Град павыбіваў пасевы. Каровы павыбівалі траву.

2. Трасучы, калоцячы, вычысціць усё, многае. Павыбіваць дываны.

3. Зрабіць вялікую колькасць паглыбленняў. Там вада, падаючы з лопасцяў, павыбівала такія ямы, што і цяпер не маглі знайсці жэрдку, якою б можна было дастаць дно. Сачанка.

4. Пракласці яздою, хадзьбой, пратаптаць многа чаго‑н. Павыбіваць сцежкі. □ Усціння ўзяла ў абедзве рукі па вядру .. і пайшла ўгору, асцярожна ступаючы ў канаўкі, якія павыбівалі капытамі коні, ходзячы на вадапой. Чыгрынаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)