АЭРАТО́П (ад аэра... + грэч. topos месца),

частка прыземнага слоя паветра, састаў і рэжым якога знаходзяцца пад уздзеяннем унутр. кампанентаў экасістэмы і знешніх атмасферных працэсаў. Для колькаснага апісання выкарыстоўваюць паказчыкі інтэнсіўнасці сонечнай радыяцыі, скорасці ветру, т-ры і вільготнасці паветра, наяўнасці вуглякіслага газу і інш.

т. 2, с. 174

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРАХНО́ЗЫ [ад грэч. arachnē павук + ...оз(ы)],

хваробы жывёл і чалавека, якія выклікаюцца ядавітымі і паразітычнымі павукападобнымі (пераважна кляшчамі). З ядавітых павукоў асабліва небяспечныя тарантул, каракурт; сярод арахнозаў, якія выклікаюцца кляшчамі (акарозаў), шырока вядомы кароста, многія дэрматозы. Асабліва цяжка хварэюць маладыя і знясіленыя жывёлы.

т. 1, с. 455

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКТА́ЭДР (ад грэч. oktō восем + hedra грань, мяжа), адзін з 5 правільных мнагаграннікаў. Мае 8 трохвугольных граняў, 12 рэбраў і 6 вяршыняў, у кожнай з якіх збягаюцца па 4 рабры. Аб’ём актаэдра V = a3 2 3 0,4714   a3 , дзе a — даўжыня рабра.

Актаэдр.

т. 1, с. 209

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДРА́СТ,

у грэч. міфалогіі цар Аргаса. Узначальваў няўдалы паход на Фівы і выратаваўся дзякуючы хуткасці свайго боскага каня. Удзельнічаў у пераможным паходзе эпігонаў на Фівы, у якім страціў сына Эгіялея і памёр ад гора. Паводле другога міфа, Адраст кінуўся ў агонь разам з сынам Гіпаноем.

т. 1, с. 136

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЗААСПЕРМІ́Я (а... + заа... + грэч. sperma семя),

адсутнасць у сперме сперматазоідаў пры наяўнасці іх папярэдніх формаў (клетак сперматагенезу, прадуктаў сакрэцыі прастаты і семявых пузыркоў); адна з прычын бясплоддзя ў мужчын. Азааспермія могуць выклікаць прыроджаныя (генет.) парушэнні, таксічныя ўздзеянні радыеактыўных і хім. рэчываў, хваробы палавых органаў.

т. 1, с. 150

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРХІРЭ́ЙСКІЯ ШКО́ЛЫ, епархіяльныя школы,

ніжэйшыя агульнаадукацыйныя саслоўныя (пераважна для дзяцей святароў) навуч. ўстановы. Існавалі ў Расіі ў 1721—37. Выкладаліся: чытанне, граматыка, рэлігія, у некаторых школах — таксама арыфметыка, лац., грэч., славянская, стараж.-яўрэйская мовы. З 1737 паступова пераўтвораны ў духоўныя семінарыі.

Г.​В.​Сегянюк.

т. 1, с. 527

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСТЭНІ́Я (грэч. astheneia),

стан, які характарызуецца павышанай стамляльнасцю, частай зменай настрою, раздражняльнасцю, слабасцю, гіперэстазіяй, плаксівасцю, вегетатыўнымі парушэннямі, дрэнным сном. Узнікае ў выніку разумовага ператамлення або псіхічнай траўмы. Блізкі да астэніі астэнічны стан, які з’яўляецца сімптомам шэрагу хваробаў. Прафілактыка: правільная арганізацыя рэжыму працы і адпачынку.

т. 2, с. 60

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСЦЫ́Т (грэч. askitēs літар. ацёчны),

намнажэнне вадкасці ў брушной поласці. Прычынамі асцыту з’яўляюцца цыроз печані, застойная сардэчная недастатковасць, трамбоз або сцісканне ствала ці галін варотнай вены, а таксама агульны ацёчны сіндром пры хваробе нырак, аліментарная дыстрафія, пашкоджанне брушыны або грудной лімфатычнай пратокі. Гл. таксама Ацёк.

т. 2, с. 64

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАТАЛЕ́ПСІЯ (ад грэч. katalēpsis захоп, утрыманне),

расстройства рухальнай функцыі, якое праяўляецца ў захаванні хворым доўгі час нададзенай яму позы, у т. л. і вельмі нязручнай. Бывае пры Паркінсона хваробе, істэрыі, шызафрэніі. К. можа выклікацца штучна ў стане гіпнозу. Лечаць асн. захворванне ў псіхіятрычным стацыянары.

т. 8, с. 169

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛІМАТРО́Н (ад клімат + грэч. thronos месцазнаходжанне),

купалападобнае ці інш. формы збудаванне з празрыстых матэрыялаў, у якім штучна ўтвараюцца ўмовы (т-ра, вільготнасць, асвятленне і інш.), блізкія да клімату розных геагр. зон. У адрозненне ад фітатрона ў К. вырошчваюць раслінныя згуртаванні, характэрныя для адпаведнага месцапражывання.

т. 8, с. 340

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)