МІ́ЛЕР (Саламон Танхелевіч) (22.12.1889, г. Кнышын Падляскага ваяв., Польшча — 1.9.1937),
дзеяч рэв. руху ў Зах. Беларусі. У рэвалюцыю 1905—07 камандзір атрада самаабароны ў Беластоку, потым у арміі. У 1910 арыштаваны за арганізацыю салдацкага бунту. З турмы ўцёк, эмігрыраваў у ЗША, дзе ўдзельнічаў у левым прафс. руху. ПасляЛют. рэвалюцыі 1917 у Чырв. гвардыі, потым у Чырв. Арміі. З 1919 чл. РКП(б), заг. секцыі па рабоце сярод яўр. насельніцтва Смаленскага гаркома РКП(б). З 1921 на падп. рабоце ў Зах. Беларусі, сакратар Беластоцкага акруговага к-та КПРП. Удзельнік 6-га кангрэса Камінтэрна. З 1923 чл.ЦК, з 1926 чл. Бюро ЦККПЗБ. У 1932—33 узначальваў Краявы сакратарыят ЦККПЗБ. З 1933 на парт. рабоце ў БССР, з 1936 — у Омскай вобл. Аўтар брашуры «Першыя гады Кампартыі Заходняй Беларусі» (1935, пад псеўд. І.Р.Валевіч). Скончыў самагубствам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЛЬТЫЯ́Д (Miltiadēs; каля 550—489 да н.э.),
старажытнагрэчаскі дзярж. дзеяч, палкаводзец. Са знатнага афінскага роду Філаідаў. Бацька Кімана. Паміж 523—513 да н.э. сасланы тыранам Гіпіем на Херсанес Фракійскі, дзе атрымаў у спадчыну ўладу свайго брата Стэсагора і стаў тыранам. Удзельнік паходу супраць скіфаў (514—513 да н.э.). Падпарадкаваў Афінам Лемнас і інш. Кікладскія а-вы. Падтрымліваў грэч. гарады М. Азіі ў час іх паўстання супраць Персіі (500—494 да н.э.). Пасля задушэння паўстання гарадоў уцёк у Афіны, дзе прыцягваўся да суда як б. тыран, але быў апраўданы. У 490 да н.э. выбраны адным са стратэгаў і ўзначаліў грэч. войска ў час Марафонскай бітвы, у якой атрымаў перамогу. У 489 да н.э. ўдзельнічаў у экспедыцыі супраць астравоў, што адасобіліся ад Афін; за няўдалыя ваен. дзеянні на в-ве Парас прыгавораны да грашовага штрафу, які перавышаў яго маёмасць. Памёр у турме; паводле інш. звестак, памёр раней ад ран.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКІ ПЕТРАПА́ЎЛАЎСКІ МАНАСТЫ́Р,
праваслаўны мужчынскі манастыр у Мінску ў 17—18 ст.Засн. ў адказ на захоп мінскіх правасл. цэркваў і манастыроў уніяцкім духавенствам на пляцы, ахвяраваным у 1611 Аўдоццяй Статкевіч. У 1613 узведзены манастырскі комплекс. Спачатку ўсе будынкі былі, відаць, драўляныя. Царква, што захавалася, была, хутчэй за ўсё, пабудавана ў канцы 1620-х г. У 1793—95 яна адрамантавана на сродкі, ахвяраваныя рас. імператрыцай Кацярынай II і пасля капітальнага рамонту была перайменавана ў царкву св. Кацярыны. У 1795 манастыр скасаваны, царква стала гар. саборам, у 1870—71 грунтоўна перабудавана. У канцы 1940-х г. будынак царквы прыстасаваны пад жыллё, потым — пад Архіў навук.-тэхн. дакументацыі БССР і Архіў-музей літаратуры і мастацтва БССР. З 1997 царква зноў дзейнічае, рамонт інтэр’ера працягваецца.
Літ.:
Боровой Р.В. Обзор истории Минского Петропавловского монастыря в XVII—XVIII вв. // Христианизация Руси и белорусская культура. Мн., 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКІ ТРО́ІЦКІ ЗАЛАТАГО́РСКІ КАСЦЁЛ, касцёл святога Роха,
помнік архітэктуры неаготыкі ў Мінску. Пабудаваны ў 1861—64 з цэглы на б. каталіцкіх могілках Залатая горка. Аднанефавы аднавежавы прамавугольны ў плане храм з 5-граннай апсідай, мае сім. аб’ёмна-прасторавую кампазіцыю, накрыты 2-схільным дахам. Гал. фасад завершаны 2-яруснай прамавугольнай у плане вежай пад 4-схільным шатром. Па баках франтона — дэкар. вежачкі. Фасады будынка расчлянёны стылізаванымі 3-ступеньчатымі контрфорсамі, а таксама стральчатымі нішамі з аконнымі праёмамі. Па перыметры сцены завершаны развітым карнізам. Уваход у выглядзе высокага спічастага партала. Пасля рэстаўрацыі (1983) будынак касцёла прыстасаваны пад залу камернай музыкі Бел.дзярж. філармоніі. Пры ўваходзе ў залу — керамічная скульптура «Музыка», у нішах б. крыпты — дэкар. скульптуры нар. персанажаў (маст. М.Байрачны, В.Прыешкін), у нішах каля аргана — драўляныя скульптуры (скульпт. Л.Давідзенка). Аконныя праёмы аздоблены арнаментальным вітражом.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКІЯ НАРО́ДНІЦКІЯ ГУРТКІ́ дзейнічалі ў Мінску ў 2-й пал. 1870—80-х г. Складаліся пераважна з прадстаўнікоў разначыннай інтэлігенцыі, прыхільнікаў тэорыі сял. сацыялізму. Першыя гурткі арганізаваны ў пач. 1876 студэнтамі М.Шварцам, С.Гаховічам, М.Велерам. Яны вялі прапаганду сярод вучняў, інтэлігенцыі, рамесных рабочых, сялян, яўр. насельніцтва. Гурткі аб’ядноўвалі больш за 160 чал. У час расколу «Зямлі і волі» (1879) у Мінск двойчы прыязджаў у 1879—80 лідэр «Чорнага перадзелу» Г.В.Пляханаў; другі яго прыезд звязаны з арганізацыяй у Мінску С.Грынфестам і І.Ляўковым цэнтр.падп. друкарні партыі «Чорны перадзел». Мінскія гурткі мелі цесную сувязь з польскай сацыяліст. партыяй «Пралетарыят». У 1887—88 пасля працяглых дыскусій пад уздзеяннем брашуры Пляханава «Нашы рознагалоссі» нарадавольцы аб’ядналіся вакол А.В.Бонч-Асмалоўскага, А.Я.Багдановіча, Я.С.Хургіна. Большасць чорнаперадзельцаў перайшла ўслед за Пляханавым на с.-д. пазіцыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МНОГАКАНА́ЛЬНАЯ СУ́ВЯЗЬ,
від электрасувязі, які забяспечвае адначасовую і незалежную перадачу многіх паведамленняў па адной лініі сувязі. Ёмістасць лічбавых сістэм М.с. да дзесяткаў тысяч каналаў сувязі. Выкарыстоўваецца ў тэлефаніі, тэлеграфіі, тэлебачанні і інш. для перадачы паведамленняў па паветраных, кабельных, хваляводных, аптычных, радыёрэлейных і спадарожнікавых лініях сувязі.
Грунтуецца на частотным, часавым, палярызацыйным або кодавым (ці іх камбінацыі) ушчыльненні сігналаў (раздзяленні каналаў для кожнага паведамлення); канальныя сігналы ўшчыльняюцца ў групавы, які падаецца ў лінію сувязі пасля лінейных пераўтварэнняў для ўзгаднення з яе характарыстыкамі. Частотнае ушчыльненне, калі кожнаму каналу адпавядае пэўны ўчастак спектра частот у агульнай паласе прапускання лініі, выкарыстоўваецца пераважна ў аналагавых сістэмах перадачы; часавае ушчыльненне (адпавядае пэўны прамежак часу) — у аналага-імпульсных і лічбавых сістэмах; палярызацыйнае (тыл палярызацыі хвалі) — у спалучэнні з інш. ў спадарожнікавых і аптычных сістэмах; кодавае ўшчыльненне — у сістэмах рухомай сотавай радыёсувязі і інш. сістэмах з шумападобнымі сігналамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«МОГИЛЁВСКИЙ ВЕ́СТНИК»,
штодзённая грамадска-паліт. і літ. газета праваакцябрысцкага кірунку. Выдавалася з 19.5(1.6).1906 да 15(28).4.1917 у Магілёве на рус. мове (спачатку губ. праўленнем, з 1913 — прыватнымі выдаўцамі). Падтрымлівала палітыку царызму, асуджала рэв., нац.-вызв. і ліберальна-апазіц. рух. Друкавала «Словы» і «Казанні» мясц. епіскапа, у якіх прапагандавала ідэі рус. праваслаўя і самадзяржаўя, асуджала атэізм, матэрыялізм, філасофію Л.Талстога. ПасляЛют. рэв. 1917 выступала ў падтрымку Часовага ўрада. Тэндэнцыйна абвінавачвала М.Горкага, С.Сяргеева-Цэнскага, Н.Найдзёнава ў натуралізме і дэкадэнцтве. Адмоўна ставілася да футурызму і інш. авангардысцкіх кірункаў. Абвінавачвала ў сепаратызме газеты «Наша доля» і «Наша ніва», адмаўляла нац. і этнакульт. самастойнасць бел. народа; адзначала заслугі Е.Раманава і М.Доўнар-Запольскага ў даследаванні фальклору. Сярод публікацый навукова-папулярныя і этнагр. артыкулы, маст. творы, нарысы мясц. аўтараў. Змяшчала навіны муз. і тэатр. жыцця Магілёва.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НА́РВЕНСКІ САЮ́ЗНЫ ДАГАВО́Р 1704паміж Расіяй і Рэччу Паспалітай.
Падпісаны 30 жн.рас. паслом Ф.А.Галавіным і паслом Рэчы Паспалітай Т.Дзялынскім (фактычна прадстаўляў Сандамірскую канфедэрацыю, што падтрымлівала караля Аўгуста ІІ у барацьбе супраць таксама выбранага каралём швед. стаўленіка Станіслава Ляшчынскага) каля г. Нарва (Эстонія) у Паўночную вайну 1700—21. Бакі абавязваліся весці сумесныя ваен. дзеянні супраць Швецыі і не заключаць сепаратных пагадненняў. Расія абяцала даць Аўгусту II дапаможнае войска (12 тыс.чал. і артылерыю), выплачваць штогод субсідыю (200 тыс.руб.) на ўтрыманне арміі Рэчы Паспалітай (48 тыс.чал.), дапамагчы ў падаўленні казацкага паўстання на Правабярэжнай Украіне. У выніку дагавора Рэч Паспалітая атрымлівала магчымасць супрацьстаяць швед. агрэсіі, Расія разлічвала звязаць гал. сілы шведаў у глыбіні Рэчы Паспалітай. Пасля паражэнняў ад швед. войск Аўгуст II 24.9.1706 заключыў са швед. каралём Карлам XII сепаратны Альтранштацкі мір, чым фактычна скасаваў Н.с.д.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРО́ДНЫЯ УНІВЕРСІТЭ́ТЫ,
агульнадаступныя грамадскія культ.-асв.навуч. ўстановы; адна з форм самаадукацыі. Першым Н.у. у Расіі былі Маскоўскія Прачысценскія вячэрнія агульнаадук. курсы (з 1897). У 1909 большасць Н.у. закрыта, іх дзейнасць адноўлена пасляЛют. рэвалюцыі 1917. Першыя Ну. на Беларусі створаны ў Бабруйску і Віцебску. Ва ун-тах вывучаліся сацыялогія, гісторыя культуры і эканам. навук, статыстыка, гісторыя Расіі і ўсеагульная гісторыя, рус. і сусв.л-ра, матэматыка, фізіка, хімія, біялогія, аграномія і інш. З канца 1950-х г. ствараліся Н.у. для павышэння ўзроўню адукацыі працоўных. Іх разнавіднасцю былі Н.у. культуры, пед., мед., с.-г., прававыя, грамадска-паліт., прыродазнаўчыя, навукова-тэхн. і эканам. ведаў, фіз. культуры і інш. Мелі адзін або некалькі ф-таў, тэрмін навучання 1—4 гады. Існавалі яны на грамадскіх пачатках пры палацах і дамах культуры, клубах, б-ках, ВНУ, на прадпрыемствах і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРЫМО́НТ, Нарымунт,
Нарымант (у праваслаўі Глеб; каля 1294—2.2.1348),
князь у ВКЛ. Сын вял.кн.Гедзіміна. Служылы князь у Ноўгарадзе з 1333, дзе атрымаў «у кармленне» г. Ладагу, Арэшак, Карэлу, палову Капор’я. Каля 1335 з’ехаў з Ноўгарада, верагодна, каб заняць пасад у Полацкім княстве пасля смерці кн.Воіна. Каля 1338 разам з полацкім епіскапам Рыгорам падпісаў дагавор з Рыгай. Паводле завяшчання бацькі атрымаў Пінскае княства, якое заставалася за яго нашчадкамі да канца 14 ст. У час праўлення вял.кн. Яўнута [1341—45] Н. быў буйнейшым землеўладальнікам і, відаць, самым уплывовым князем у ВКЛ. Супраць яго і Яўнута ў 1345 выступілі браты Альгерд і Кейстут. Н. уцёк у Залатую Арду, каля 1346 вярнуўся, але страціў Полацкае княства. У 1347 удзельнічаў у паходзе супраць Тэўтонскага ордэна. Верагодна, узначальваў войска ВКЛ у бітве з крыжакамі на р. Стрэва, у якой і загінуў.