I. Ужываецца для ўтварэння дзеясловаў і абазначае: 1) закончанасць, завяршэнне дзеяння, напрыклад: паставіць, пабіць, пакінуць, пабудаваць, паклікаць, паказаць; 2) пачатак дзеяння, напрыклад: паехаць, паляцець, пакаціць, папаўзці; 3) абмежаванасць працягласці дзеяння, напрыклад: папісаць, пакамандаваць, пагуляць, пасядзець, пакрычаць; 4) набыццё большай ступені якой‑н. якасці, уласцівасці, напрыклад: пачырванець, пабялець, пахарашэць, пасталець; 5) няпэўную працягласць, паўторнасць дзеяння (часта з адценнем непаўнаты, невялікай меры дзеяння), напрыклад: паглядваць, пакурваць, пакрыкваць, пагойдваць; 6) ахоп дзеяннем, станам усіх, многіх асоб або пашырэнне дзеяння на ўсе, многія аб’екты, напрыклад: памерзнуць, пападаць, пахавацца, пакасіць (усе сенажаці), пакалоць (усе дровы); 7) у спалучэнні з прыставачнымі дзеясловамі (звычайна незакончанага трывання) абазначае: а) распаўсюджанне дзеяння на ўсе, многія аб’екты, напрыклад: паабіваць (яблыкі з дрэва), павыносіць (мэблю з хаты), паналаджваць (станкі), парассяляць (студэнтаў па кватэрах); б) утварэнне дзеяння ўсімі, многімі асобамі, напрыклад: паабмарожвацца, павысяляцца, падалучацца, панакрывацца; в) празмернасць дзеяння, напрыклад: панакупляць (рознай дробязі), папахадзіць (доўга, многа), папахварэць (доўга); г) абмежаванасць меры дзеяння, напрыклад: павыжынаць, павыядаць.
II. Ужываецца для ўтварэння прыметнікаў і надае ім наступныя значэнні: 1) які адносіцца да кожнага з указаных прадметаў, напрыклад: пагалоўны, падэкадны, пагадзінны, памесячны; 2) які адпавядае чаму‑н., напрыклад: падаходны, пасільны; 3) які адносіцца да часу пасля чаго‑н., напрыклад: пасмяротны, парэформенны; 4) які знаходзіцца, размешчаны ўздоўж, каля чаго‑н., напрыклад: пагранічны, паморскі, паволжскі.
III. Ужываецца для ўтварэння прыслоўяў: а) у спалучэнні з прыметнікамі ўтварае прыслоўі спосабу дзеяння, напрыклад: па-новаму, па-руску, па-нямецку; б) у спалучэнні з прыналежнымі займеннікамі ўтварае прыслоўі са значэннем: у адпаведнасці з чыім‑н. жаданнем, меркаваннем, напрыклад: па-мойму, па-твойму, па-нашаму.
IV. Утварае назоўнікі са значэннем блізкага размяшчэння ўздоўж чаго‑н., напрыклад: пагранічча, памор’е.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
1. Пачаць бегчы (пра людзей, жывёл). Пабегчы дарогай. Пабегчы па вуліцы. □ Поезд крануўся, і Ірынка пабегла побач вагона і ўсё махала рукой.Чорны.Па гладкім дзядзінцы конь шпарка пабег.Бядуля.//Разм. Хутка пайсці, накіравацца куды‑н. з якой‑н. мэтай. Пабегчы ў аптэку. Пабегчы па доктара. □ [Вольга:] Ну, Ганна Іванаўна, вось вам вада, а я пабегла на завод.Кучар.// Пачаць хутка адступаць, уцякаць. Немцы не вытрымалі нечаканага ўдару танкістаў, пабеглі.Мележ.
2. Пачаць хутка рухацца (пра неадушаўлёныя прадметы, з’явы). Пабеглі языкі агню. Самалёт пабег па полі. □ «Масквіч», скрануўшыся з месца, зноў хутка пабег па вуліцы, абганяючы пешаходаў.Шахавец.// Аб уяўным руху прадметаў, міма якіх чалавек рухаецца сам. Стары падводзіў эшалон да станцыі. Збоку пабег зараснік. Уперадзе, з-за ўзгорка выпаўзалі чырвоныя камніцы станцыі.Мележ.// Працягнуцца, пралегчы (пра дарогу, сцежку і пад.). На карпусы завода, на шашу, якая пабегла адсюль на поўдзень, апала адліга.Грамовіч.
3. З’явіўшыся, узнікшы, пачаць разыходзіцца, цягнуцца, слацца ў нейкім кірунку. Не мінула і хвіліны, як паплавок маёй вуды з сілаю даў нырца. Толькі кругі ад яго пабеглі на чыстай люстраной вадзе.Якімовіч.З-пад крутога борта лодкі раптам пабеглі бурбалкі.Гамолка.//перан. Часта з’яўляцца, змяняючы адна другую (пра думкі). Няхай думкі мае пабягуць чарадой.Колас.
4. Пацячы, паліцца. Ударыў гром і поруч з гэтым Пабег ручай, за ім другі.Лужанін.Ледзь рукою дакрануўся крана — з-пад яго струмень вады пабег...Непачаловіч.// Пераліцца цераз край пры кіпенні. Малако пабегла.
5.перан. Пачаць хутка праходзіць, мінаць (пра час). І так пабеглі гады, адзін за адным. Расце мой сын — як клас, так вяршок.Ракітны.
•••
Мурашкі пабеглі па спіне (скуры, целе)гл. мурашка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
1. Нацягнуць, напяць тужэй. Падцягнуць пасак. Падцягнуць атосы. □ Варанецкі падцягнуў папругі свайму жарабку, ускочыў на сядло, і яны панесліся напрамкі цераз поле да свінафермы.Дуброўскі.Доктар усхапіўся, хуценька надзеў фуражку, падцягнуў гальштук.Сіпакоў.//Разм. Закруціць тужэй, падшрубаваць. Падцягнуць гайку.// Нацягваючы, падняць вышэй. [Костусь] падцягнуў вышэй халявы паляўні[чы]х сваіх ботаў,.. саскочыў з весніц.Чорны.[Зарубін] усё-такі падаслаў газету, акуратна падцягнуў штаны на каленях і толькі пасля гэтага сеў.Мехаў.
2. Цягнучы, наблізіць да каго‑, чаго‑н. Манг выбраў доўгую галіну, зачапіў човен, падцягнуў да берага.Маўр.Хутка ўжо драбіны былі закладзены даверху, аставалася ўскінуць некалькі бярвенняў, якія мы падцягнулі да воза.Дамашэвіч.Круцізна берага і густы чарот перашкаджалі падцягнуць рыбіну бліжэй.Ляўданскі.
3. Сабраць, сканцэнтраваць дзе‑н., перамясціць бліжэй да каго‑, чаго‑н. (вайсковыя сілы, часці). Першымі пачалі.. [вайну] белапалякі.. Падцягнулі .. войска, падвезлі гарматы, бронемашыны, зброю.Колас.Абарона была прарвана, і мы апынуліся ў Карпатах. Аднак і немцы не зявалі. Яны падцягнулі новыя сілы і злучылі лінію фронту.Няхай.
4.перан.Разм. Прымусіць лепш выконваць работу, свае абавязкі, падняць дысцыпліну. Каб мець час падцягнуць дачок па музыцы, Сасноўскія ў гэтым годзе раней, чым звычайна, прыехалі з дачы.Карпаў.
5. і без дап. Далучыцца да таго, хто спявае, падпяваючы яму. Нечакана за алешнікам, каля ракі, у вышыню ўзляцела вясёлая песня. Зазвінелі маладыя жаночыя галасы.. Ім падцягнулі мужчынскія басы.Шамякін.
6.безас.Разм. Уцягнуць унутр (жывот, бакі і інш.). — Які ты худы, косці адны. — Гаварыла [жонка] шэптам. — Адны косці. І жывата зусім няма, бач, падцягнула як.Галавач.Губы і шчокі.. [жонцы] падцягнула, у старасці ўжо гаварыць не магла, толькі шамкала.Кулакоўскі.
•••
Жывот падцягнула (падвяло) — хочацца есці.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
1. Расказаць, выкласці сваімі словамі што‑н. прачытанае, пачутае. Пераказаць змест паэмы. □ — У атрад, скажыце, яму яшчэ рана. Там ён больш патрэбны. Запомнілі ўсё? — Здаецца, усё. — Паўтарыце. — Сокалаў амаль слова ў слова пераказаў іх гутарку.Новікаў.Я выбраў два цяжкія пераклады .. у сэнсе вяліка[й] цяжкасці пераказаць тое самае ў іх рускім тэксце тэкстам беларускім.Чорны.//Разм. Прачытаць, расказаць што‑н. вывучанае на памяць. Сарамліва, але добра пераказаў.. [Ігнась] вывучаны верш.Мурашка.
2. Паўтарыць сказанае яшчэ раз. Таццяна з смяшлівым націскам пераказала яго калішнія словы: — Нашто верыць, калі можна знаць...Зарэцкі.
3. і здадан.сказам. Давесці да ведама, паведаміць каму‑н. пра што‑н. вусна. Сашка, Ніна і Каця дабраліся да Мінска і адтуль пераказалі, што пайшлі на вайну.Мікуліч.Радасна было, што з любым чалавекам адзін на адзін сядзіць, не баіцца яго, але сполах бярэ, як хто падгледзіць іх ды бацькам тады перакажа.Нікановіч.// Перадаць каму‑н. на словах чыю‑н. просьбу, даручэнне і пад. — Захар прасіў пераказаць табе, Васька, што ў Пашукоўскі лес паехалі немцы.Паслядовіч.— Перакажыце тату, каб у тую сераду прыехаў па мяне.Мурашка.
4. Перадаць словамі, расказаць пра ўсё, многае. Хлопец прысеў, вывучае спеў тэлеграфных слупоў. Мо перакажа калісьці гэты чароўны напеў...Машара.— На маіх вачах тут адбыліся такія змены, што і не перакажаш.Прокша.Стары пражыў такое жыццё, што аб ім і за дзень не перакажаш.Сабаленка.
5. Расказаць усё, многае. Гуляючы ў жытніх палетках, Рудольф пераказаў кампаніі шмат эпізодаў з рэвалюцыйнага жыцця.Гартны.
6.Абл. Назваць, пералічыць. — Камсамолкі, у ячэйку ідуць на заняткі! Тутэйшыя! — і я пераказаў па парадку чые яны.Нікановіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прызна́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.
1.каго-што. Па якіх‑н. знешніх прыкметах выявіць, убачыць у кім‑, чым‑н. знаёмага або што‑н. знаёмае; пазнаць. [Марыя Іванаўна] добра да яго прыгледзелася, нават падышла бліжэй і з вялікім здзіўленнем прызнала ў ім былога ахоўніка завода.Няхай.Ледзь прызнаў яе. Некалі бачыў маленькай дзяўчынкай, а цяпер — нявеста.Пянкрат.Але Крыма сады, Як жа іх не прызнаць, І з якімі садамі Яны параўнаюцца?!Тарас.
2.каго-што. Палічыць кім‑, чым‑н., за каго‑, што‑н., якім‑н. Востраў гэты, праўда, не кожны прызнаў бы за востраў — аб яго не плёскаліся ні марскія, ні нават азёрныя хвалі.Мележ.І не такі .. [Мартын] чалавек, каб бяссільна палажыць вясло і прызнаць сябе пераможаным.Колас.
3.каго-што. Палічыць законным, зацвердзіць сваёй згодай права на існаванне чаго‑н. Прызнаць дзяржаву. □ Лепей згінуць у змаганні за сваю волю, за права будаваць сваё жыццё па-свойму, чым прызнаць панскую ўладу і панскую волю.Колас.
4.каго-што. Ацаніць каго‑, што‑н. па заслугах. І ўсё ж... карціну не прызналі; Адна з прычын тае бяды: Блакіт і сонца — ўсе дэталі Не з неба ўзяты, а з вады.Непачаловіч.
5.што і здадан.сказам. Дапусціць рэальнасць, наяўнасці, чаго‑н.; згадзіцца з чым‑н. Прызнаць свае памылкі. □ [Хлапец] з вінаватай, кплівай усмешкай пакруціў галавою, перад усімі прызнаў кволасць сваю: — Запарыўся!..Мележ.Сцёпка змушан быў прызнаць сваё паражэнне.Колас.Чалавек сумленны, Міхал таксама не мог не прызнаць, што начальнік цэха меў рацыю.Карпаў.// Прыйсці да якога‑н. заключэння, вываду; устанавіць. Жанчына ляжала, як нежывая. — Ад хворых нерваў, — прызнаў доктар.Чорны.Грышка рад, бо ўсе прызналі, Што найлепшы ён стралок.А. Александровіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
1. Падняцца ў паветра, узняцца ўверх. Узляцелі самалёты. □ На Кладках загаманілі, і адтуль узляцела ўгару зялёная бліскучая ракета — пусцілі ваенныя.Пташнікаў.У кронах мільгнула вавёрка, З-пад ног узляцеў цецярук.Калачынскі.Матылёк устрапянуўся, спрабуючы ўзляцець.Аляхновіч./уперан.ужыв.[Адзінцоў:] Ты [Калатухін] так высока ўзляцеў, што я палічыў за лепшае не напамінаць... пра беднага знаёмага!Мележ./ Пра дым, цару і пад. Угору ўзляцела воблака пылу.Шамякін.Падкіньце ў касцёр абярэмак галін, Каб іскры ўзляцелі вышэй вершалін.А. Вольскі./ Пра падкінутыя ўверх, раскалыханыя прадметы. Арэлі ўзляцелі высока. □ Узляцелі ў вышыню пілоткі, Грымнула «ура!» — канец вайне...Смагаровіч./перан. Пра высокі голас, гучную песню. Вясёлы зухаваты голас узляцеў і апаў.Савіцкі.
2. Перамясціцца па паветры на верх, паверхню чаго‑н. больш высокага. Узляцелі вераб’і на страху. □ Узляціць на галінку адзін шчыгол, абтрасецца, нібы толькі што з вады, заспявае, а за ім другі.Федасеенка.
3.перан. Узарвацца, разляцецца на часткі ад узрыву. [Калядка:] — Бачыце, колькі тут бочак. Адна запалка — і ўсё гэта ўзляціць полымем у неба. Гэта ж не горш пораху — смала.Чарнышэвіч.
4.Разм. Вельмі хутка ўзбегчы, уз’ехаць на верх чаго‑н. Узляцець па лесвіцы на трэці паверх. □ Узляцеўшы на гару, убачыў [Васіль] перад сабой знаёмую дарогу з пабурэлым курганам.Мележ.// Хутка ўзняцца, падняцца. Тонкія пальцы Голуба нервова сціснулі смык — ён узляцеў у паветры і лёгка крануўся струн.Васілевіч.Рукі бандытаў вокамгненна ўзляцелі ўгору.Чарнышэвіч.Цёмныя Ядзіны вейкі здзіўлена ўзляцелі ўгару, яна паглядзела на Васіля вачыма, поўнымі нямой удзячнасці.Шашкоў.//перан. Узняцца ўверх. Яшчэ ляжыць пясок, і жвір, і друз, А сцены гмаху ў вышыню ўзляцелі.Звонак.
•••
Узляцець у паветра — тое, што і узляцець (у 3 знач.).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
хіста́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Калыхацца, ківацца з боку ў бок. [Зыбін] слухаў лагодны, супакойлівы шум зялёных вершалін соснаў, што плаўна хісталіся над ім.Мележ.А .. [збожжа] рознымі колерамі гарыць, да пояса кланяецца — хістаецца ў бакі...Каваль.// Дрыжаць, мігаць (пра агонь, святло і пад.). Белае полымя дрыгацела, хісталася, падымалася і ападала, і вось-вось, здавалася, пагасне.Колас.Туман дыміўся вечаровы, Між дрэў Хістаўся маладзік.Скурко.
2. Ківацца пры хадзьбе з боку ў бок. Як макаўка ад ветру на градзе, Хістаецца дзіцё ва ўсе бакі: Памкнецца крок ступіць — і тут жа ўпадзе, Які ж для ўсіх ты, першы крок, цяжкі!Непачаловіч.Знябыўся, пахудзеў [Пятрусь], рана яго разгнаілася, без сну і яды хістаецца, а не кінуў яе [Ганны] палякам.Нікановіч.// Калыхацца, калывацца ў бакі ў час руху. Воз хістаўся і рыпеў па выбоістай дарозе.Лупсякоў.Вагон гушкаўся, уздрыгваў, хістаўся ў бакі.Васілёнак.
3. Ківацца ў выніку нетрывалага, ненадзейнага прымацавання да чаго‑н., умацавання ў што‑н. або ў выніку трухлявасці і пад. Пад акном ад падлогі чарнелі два вянцы, гнілі; сям-там высыпаў грыбок.. Гніль лезла і вышэй, падтачыла падаконнік, — ён хістаўся пад локцямі ў Аркадзя.Пташнікаў.А зубы ў хлопцаў ад сцюжы ды без вітамінаў хістаюцца, крывавяць і баляць.Грахоўскі.//перан. Траціць ранейшае значэнне, сілу, устойлівасць. Польскі трон хістаўся пад напорам знаці, А яе не турак, дык швед калашмаціў.Бажко.
4.перан. Быць у нерашучасці; вагацца. Нейкі момант.. [Васіль] хістаўся: гаварыць Януку ўсё, як ёсць, ці не гаварыць?Кулакоўскі.Так, пакуль прыедзе бацька, усё будзе ўжо зроблена, і яму не будзе магчымасці ні думаць, ні сумнявацца, ні хістацца.Краўчанка.
5. Быць няўстойлівым, непастаянным; мяняцца. Цэны хістаюцца. Тэмпература паветра хістаецца ад 13 да 18°.
6.Зал.да хістаць (у 1, 2 знач.).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ці́хі, ‑ая, ‑ае.
1. Ледзь чутны; нягучны. Ціхі посвіст, лёгкі шорах, — Цемра ночы ажыла...Крапіва.Ляснуў кароткі ціхі стрэл.Шамякін.// Які характарызуецца наяўнасцю невялікага шуму ці адсутнасцю яго; бясшумны. Ціхі горад. □ Брод перайшоў [Андрэй]. Вось цёмны ціхі млын Паўстаў прад ім. А далей — сад і круча.З. Астапенка.
2. Агорнуты цішынёй; маўклівы. Ціхая ноч. □ У парку ля ціхіх лагчын Запыленай шыбай віднеюцца лужы, Ільдзінка на сонцы блішчыць.Ляпёшкін.
3. Без адзнак вялікага руху, мітусні, беганіны. А там, за ціхаю дарогай, Шуміць бярэзнік малады.Колас.Станцыя, на якой вылазіць Дзмітрый Іванавіч, у познюю асеннюю пару заўсёды ціхая.Навуменка.// Бязветраны; зацішны. Ціхая пагода. □ Нават у самыя ціхія дні, калі і на адкрытых лугах не зварухнецца ні адна травінка, лісце асінніка няспынна дрыжыць і калоціцца.Паслядовіч./ Пра дождж і пад. Мы пад вечар прыселі пад цёплай капай. Ціхі дожджык пра нешта шаптаў нам, як друг.Кірэенка.// Бестурботны; мірны. Ціхае жыццё. □ Росным травам, Што зарой наліты. Пошум іх прысніцца ў ціхім сне.Калачынскі.// Нямоцны, слабы; кволы. Ціхі вецер развяваў непакрытыя валасы Аксінні.Лынькоў.// Слаба выражаны, ледзь прыкметны. — Жывая!.. Пад пальцамі азвалася ціхае-ціхае тахканне пульсу.Брыль.
4. Лагодны, рахманы; паслухмяны, пакорлівы. Усе яго [Івана Аляксеевіча] ведалі, як чалавека ціхага і сумленнага.Якімовіч.— Ціхі ён у нас, пане, — уступілася за сына маці.Пальчэўскі.
5. Які праходзіць спакойна, без буйных праяў. Адным словам, разам з дзяўчынай у лагеры пасялілася ціхая радасць.Ваданосаў.
6. Які не адрозніваецца хуткасцю, павольны, марудны. Ехаць ціхай рыссю. □ Без агнёў і ціхім ходам яны [Крамарэвіч і машыніст] адводзілі цягнік у тыл.Чорны.
•••
Ціхае вар’яцтва — шаленства без прыступаў буянства.
Ціхая гадзіна — тое, што і мёртвая гадзіна (гл. гадзіна).
Ціхай сапайгл. сапа.
Ціхая завадзьгл. завадзь.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
чарада́, ‑ы́, ДМ ‑дзе́; мн. чаро́ды (зліч.2,3,4 чарады́), чаро́д; ж.
1. Рад аднародных прадметаў ці жывых істот, якія размяшчаюцца або рухаюцца адно за адным. У канцы бетаніраванай шашы стаяла чарада аўтобусаў.Хадкевіч.Чыгунку пераразала дарога, і па ёй, здавалася, бясконцай чарадой цягнуліся калёсы, пешаходы, прывязаныя да вазоў каровы.Мікуліч.Чароды навальнічных хмар Паўзлі наўпрост ад акіяна.Зарыцкі./уперан.ужыв.Думак бясследна плыве чарада.Танк.І дзяцінства чарадой гадоў Праляцела воблакам стракатым.Аўрамчык.
2. Статак, гурт свойскай або дзікай жывёлы. Па вуліцы ў хмары рудога пылу ішла з пашы чарада кароў.Грахоўскі.Немцы прыгналі.. у мястэчка статак кароў, дзве чарады свіней і авечак.Навуменка.А то часам, утоптваючы снег, пройдзе цёмнай лютаўскай ноччу чарада галодных ваўкоў.Ігнаценка.// Група жывёл, птушак, рыб аднаго віду, якія трымаюцца разам. Людзі пачалі махаць птушкам рукамі, падняўся крык, што аж з асін зляцела чарада спалоханых галак.Карпюк.Ад чарады кнігавак зноў адлучыліся дзве, залёталі над імі, закружылі.Місько.Такія мясціны [водмелі] чароды акунёў часта наведваюць у пошуках корму.Матрунёнак.//Разм. Натоўп, гурт (людзей). У хату ўваходзіць Батура з гармонікам, за ім чарада хлапцоў і дзяўчат.Крапіва.Цэлая чарада дзяцей сустрэла.. [Хвядзька] на дарозе яшчэ далёка за Некрашамі.Лобан.
3. Чарга. На мех кабета села, Чакае чарады [у млын].Калачынскі.Доўгія чароды жанчын стаялі ля донарскіх пунктаў.«Звязда».
4.узнач.прысл.чарадой (‑ою). Адзін за другім; бесперапынна. Касцы ідуць то грамадою, То шнурам цягнуць, чарадою, То паасобку, то па пары.Колас.Плывуць па Дзвіне чарадою плыты, Мінаючы ўзгоркі, лясы, балаты.А. Александровіч.Дні міналіся за днямі, Адплывалі чарадой.Броўка.
•••
Сваёй чарадой — незалежна ад каго‑, чаго‑н., як звычайна (ісці, разгортвацца).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ІНТЭР’Е́Р (ад франц. interieur унутраны) у архітэктуры, унутраная прастора будынка або памяшкання.
Функцыян. прызначэнне вызначае яго арх. вырашэнне (памеры, прапорцыі) і характар убрання (мэбля, абсталяванне). Сінтэз арх. форм і манум.-дэкар. мастацтва стварае ў іммаст. вобраз — асяроддзе, здольнае выклікаць у чалавека пэўную эмацыянальную рэакцыю (грандыёзныя І. храмаў Стараж. Егіпта і сярэдневяковай Еўропы, пышныя залы італьян. палацца эпохі Адраджэння, парадныя І. рус. архітэктуры 18—19 ст.). Сродкі гэтага ўздзеяння: характар асяроддзя, асвятленне і колеравае вырашэнне, метрарытміка яго элементаў і іх падпарадкаванне зададзенаму маштабнаму строю. Для розных арх. стыляў характэрна пэўная планіровачная і прасторавая структура, канстр. сістэма, аддзелачныя матэрыялы, мэбля і інш. На Беларусі ў 11—12 ст. характар І храмаў вызначала сістэма масіўных слупоў і цыліндрычных скляпенняў, значную ролю адыгрывалі фрэскі. У 13—16 ст. І. замкаў, некат. культавых пабудоў адлюстроўваў абарончы характар раманскай і гатычнай архітэктуры. Значную дэкар. ролю мелі крыжовыя і зорчатыя скляпенні. З 16 ст. пад уплывам барока І. палацаў вызначаўся анфіладнай планіроўкай, багатым аздабленнем (творы жывапісу, маст. тканіны, шпалеры, разная мэбля, абліцаваныя кафляй каміны і інш.). У культавай архітэктуры павялічылася роля разных іканастасаў і алтароў са скульптурай. У І. класіцызму гарманічная строгасць форм, прапорцый, маштабнасці. Рысамі эклектыкі адзначаны І. 2-й пал. 19 ст., пач. 20 ст. — рысамі стылю мадэрн.
Традыцыйныя І. нар. жылля перыяду феадалізму вызначаўся сціпласцю, стрыманасцю, адсутнасцю аздаблення. У канцы 19 ст. ў І. з’яўляюцца мэбля, часта аздобленая разьбой, дэкар. тканіны, размалёўкі. Сучасны І. вызначаецца арган. спалучэннем традыц. прыёмаў і сродкаў аздаблення з новымі (маст. вырабы прамысл. характару, рэпрадукцыі з карцін і інш.). І. сучаснага гар. жылля ствараецца індустр. метадамі на аснове тыпізацыі элементаў жылога дома і яго абсталявання. З 1960-х г. у І. шырока выкарыстоўваюць металапластыку, кераміку, габелены, вітражы, мазаіку, сграфіта і інш. І. сучасных грамадскіх будынкаў вызначаюцца высокімі эстэт.-выразнымі якасцямі, выкарыстаннем найноўшых матэрыялаў і тэхналогій, спалучэннем сродкаў архітэктуры і выяўл. мастацтваў, сувяззю з нац. традыцыямі.
У выяўленчым мастацтве І. — жанр, які адлюстроўвае прастору грамадскіх, культавых, жылых, прамысл. і інш. памяшканняў Звязаны з адпаведным стылем эпохі, характарам жылля, спосабам жыцця гаспадара Часта спалучаецца з інш. жанрамі мастацтва як элемент вобразнага свету (быт. і гіст. жанры).
Элементы І. вядомы ў мастацтве Стараж. Егіпта і Двухрэчча, у ант. мастацтве (арх. кампазіцыі фрэсак у Пампеях з незвычайнай фантаст. перспектывай). У Італіі ў эпоху Адраджэння набыў рысы самаст. жанру (творы Джота ды Бандоне, Леанарда да Вінчы, Тыцыяна і інш.). У І. нідэрл. мастакоў асн. ўвага аддавалася адлюстраванню свету жыцця гаспадара (творы Я. ван Эйка, Р. ван дэр Вэйдэна). Вял. значэнне для развіцця І. мела адкрыццё лінейна-геам. і паветр. перспектывы, распрацаванай Леанарда да Вінчы і А.Бальдавінеці, і адлюстраванне ў жывапісе трохмернай прасторы. У 17 ст. пашырыўся ў франц., англ., італьян. мастацтве, дасягнуў росквіту ў галандскім і флам. жывапісе (Я.Стэн., А. ван Астадэ). У рус. мастацтве 17—18 ст. выкарыстоўваўся ў якасці арх. фону ў абразах і фрэсках (т.зв. «нутровыя палаты») і выконваўся па законах адваротнай перспектывы. У еўрап. мастацтве 18 ст. цікавасць да адлюстравання І. ўзмацнілася ў час панавання сентыменталізму, што было звязана з імкненнем да перадачы ідэальнага асяроддзя і настальгіяй па мінулым. Успрымаўся як правобраз новага перспектывізму, часам уяўляў сабой умоўна пабудаваную перспектыўную схему з канкрэтнымі рэчамі. У канцы 18 — пач. 19 ст. з аналітычнай дакладнасцю І. стваралі прадстаўнікі класіцызму (Ж.Л.Давід, Ж.А.Д.Энгр). Прадстаўнікі рэалізму аддавалі перавагу сац. характарыстыцы (Г.Курбэ, Ж.Ф.Міле), прадстаўнікі рамантызму — суадносінам І. з характарам чалавека, прадстаўнікі імпрэсіянізму кадравалі прастору памяшканняў, якую адлюстроўвалі. Найб. росквіту дасягнуў у рус. жывапісе 1820—30-х г. (мастакі кола А.Венецыянава). З сярэдзіны 19 ст. ў развіцці жанру адбываецца пэўны спад; І. сталі больш эмацыянальныя, пачуццёвыя (творы П.Сезана, А.Тулуз-Латрэка, В. ван Гога, В.Сярова і інш.), у канцы 19 ст. — больш камерныя, ненаўмысна арганізаваныя («выпадковыя»). З’явіліся разнавіднасці І. (заводскі, інтымны і інш.). Цікавасць да І. як да самаст. жанру пабольшала ў 20 ст. (творы П.Сіньяка, А.Матыса, П.Пікасо, М.Урубеля і інш.). Вельмі пашыранай разнавіднасцю І. сталі кампазіцыі «ў майстэрні мастака».
У бел. мастацтве фрагменты І. трапляюцца ў фрэсках і абразах 16—18 ст., партрэтах і мініяцюрах 16—17 ст. Як самаст. жанр упершыню сустракаецца ў гравюрах канца 16 ст., пабудаваных па законах перспектывы. Найб. пашырэнне атрымаў у 19 ст. У творах І.Хруцкага, С.Жукоўскага, Ф.Гарэцкага, Б.Залескага асн. месца займае камерны, хатні І. з адлюстраваннем жылых пакояў («рэтраспектыўны» І.), які вылучаецца агульным настроем сумнага любавання мінулым, вытанчанасцю маст. стылю. У бел. мастацтве 20 ст. І. вял. пашырэння не меў і часта ператвараўся ў рэчава-прасторавы дадатак да кампазіцыі. Новы рост цікавасці да І. пачаўся з 1970-х г. Ён становіцца ўсё больш разнастайным па жывапіснай арганізацыі і тэматыцы, вызначаецца імкненнем да эмацыянальнасці і перадачы настрою. Пашыраны т.зв. канцэптуальны І., які вылучаецца дэталёва распрацаванай арх. прасторай. У жанры І. працавалі А.Казак, П.Данелія, М.Бут, І.Бархаткоў, Я.Красоўскі, У.Ткачэнка, У.Сулкоўскі і інш.
Літ.:
Пономарева Е.С. Интерьер гражданских зданий. 2 изд. Мн., 1991.
Інтэр’ер сялянскай хаты. Канец 19 — пач. 20 ст. Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту.Інтэр’ер сучаснага гарадскога жылля.Інтэр’ер касцёла бернардзінак у г. Слонім Гродзенскай вобл.Да арт.Інтэр’ер. В. ван Гог. Начная кавярня ў Арлі. 1888.Да арт.Інтэр’ер. П.Тутукін. Павільённая зала ў Эрмітажы (С.-Пецярбург). 1837.Да арт.Інтэр’ер. С.Жукоўскі. Інтэр’ер. 1916.
М.Л.Цыбульскі (у выяўл. мастацтве), Я.С.Аграновіч-Панамарова, Я.М.Сахута (у архітэктуры).