ЛЯСКО́Ў (Мікалай Сямёнавіч) (16.2. 1831, с. Гарохава Арлоўскай вобл., Расія — 5.3.1895),

рускі пісьменнік. Друкаваўся з 1860. У ранніх апавяданнях і аповесцях («Жыціе адной бабы», 1863; «Лэдзі Макбет Мцэнскага павета», 1865; «Ваяўніца», 1866 і інш.) шырока паказаў жыццё рус. народа, лёс жанчыны. Антынігілістычныя раманы, напісаныя на бел. тэматыку: «Няма куды» (1864, эпізоды паўстання 1863—64 у Белавежы) і «На нажах» (1870—71). У рамане-хроніцы «Сабаране» (1872), аповесці «Зачараваны вандроўнік» (1873), апавяданнях «Паўлін», «Аднадум» і інш. стварыў галерэю тыпаў праведнікаў. Цяжкі лёс мастака з народу ў цэнтры аповесцей «Увасоблены анёл» (1873), «Тупейны мастак» (1883), «Чортавы лялькі» (1890). Вытрыманы ў гратэскавай манеры сказ «Ляўша» (1881) — услаўленне кемлівасці і прыроднага таленту рус. чалавека. У жанры вострай сац. сатыры напісана аповесць «Заечы рэміз» (1891—94, апубл. 1917) і інш. Аўтар п’есы «Марнатравец» (1867), легенд на тэмы жыцця першахрысціян, літ.-крытычных і публіцыстычных артыкулаў, артыкулаў пра мастацтва, успамінаў і інш. Творчасці Л. ўласцівы жанравае і вобразнае багацце, непаўторная сказавая манера. Паводле аповесці «Лэдзі Макбет Мцэнскага павета» Дз.Шастаковіч стварыў аднайм. оперу (1934; адноўлена ў 1962 пад назвай «Кацярына Ізмайлава»; пастаўлена Нац. т-рам оперы Беларусі, 1994). У вер. 1862 прыязджаў у Вільню; зблізіўся з В.Каратынскім, падарожнічаў з ім па Беларусі, наведаў Гродна, Пінск, Пружаны, Белавежскую пушчу, прысвяціў яму аповесць «Жыціе адной бабы». Уражанні ад паездкі па Беларусі выкарыстаў у серыі карэспандэнцый «З аднаго дарожнага дзённіка» (час. «Северная пчела», 1862). Шэраг твораў Л. экранізаваны. Асобныя творы Л. на бел. мову пераклалі І.Сакалоўскі, М.Сеўрук.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—12. М., 1989;

Собр. соч. Т. 1—6. М., 1993;

О любви: Повести. М., 1993;

Бел. пер. — Тупейны мастак. Мн., 1937;

Чалавек на варце. Мн., 1947.

Літ.:

Лесков А.Н. Жизнь Николая Лескова. Т. 1—2. М., 1984;

Аннинский Л. Лесковское ожерелье. 2 изд. М., 1986;

Горелов А.А. Н.С.Лесков и народная культура. Л., 1988;

Лесков и русская литература. М., 1988;

Творчество Н.С.Лескова. Курск, 1988;

Гапава В. Вінцэсь Каратынскі і М.С.Ляскоў // ЛіМ. 1970. 30 студз.;

Клейн Б. В годину смятения: Бел. поездка Н.Лескова // Неман. 1979. № 2.

У.І.Мархель.

М.С.Ляскоў.

т. 9, с. 428

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

свяці́цца, свячуся, свецішся, свеціцца; незак.

1. Выпраменьваць святло. На ясным небе загараліся зоркі, дрыгацелі, свяціліся рознакаляровымі агеньчыкамі. Колас. // Быць асветленым якой‑н. крыніцай святла. Вокны ў доме свяціліся, але ніхто на грук не выходзіў. Навуменка.

2. Зіхацець, блішчаць пад уздзеяннем святла. Сонца ўсходзіла хораша. Вялікае, рыжае, яно ўзнімалася над горадам, і ўсё — шызаватае неба, паветра, дамы — пачало ружавець, свяціцца. Карпаў. Колькі свеціцца ў ім [бару] ствалоў, Маладых, прамяністых, гонкіх, Распачаўшых у неба гонку, Колькі свеціцца ў ім ствалоў! Тармола. // Выдзяляцца сваёй белізной на іншым фоне, быць бачным з-пад чаго‑н. З-пад каўняра бушлата свяціўся гюйс фланелькі, як кавалачак сіняга мора, і хораша, прыгожа адцяняў загарэлы твар і шыю. Шамякін.

3. перан. Іскрыцца радасцю, святлом, ажыўляцца ад шчасця, радасці (пра твар, вочы). Твар [дзяўчыны] свеціцца такім цяплом і дабратой, што, здаецца, хапіла б іх на ўсю планету. Аляхновіч. Радасцю свяціліся вочы трактарыста... Бялевіч. // Адлюстроўваць нейкія пачуцці (пра вочы, твар, знешнасць чалавека). Маці ўзняла галаву, у вачах свяціўся гонар за сына. Гурскі. Амаль усе.. [вучні] былі па калена мокрыя, але на іх тварах свяціліся радасць і задаволенасць. Скрыпка. На бадзёрых тварах усіх, нават Яшы Лабуса, які аж прыгнуўся пад цяжарам свайго баяна, свяцілася адзнака шчаслівага і ганаровага абавязку. Грамовіч. // Выражаць знешнім выглядам задавальненне, шчасце, радасць. Доктар быў вясёлы, радасна свяціўся, але, пабачыўшы Олю, адразу нахмурыўся. Мележ. // Спадзявацца на што‑н. Тое, што скрашвала зараз яго незайздроснае жыццё і свяцілася нейкай жаданай надзеяй на сустрэчу з партызанамі, загінула беззваротна. Якімовіч.

4. перан. Станавіцца бачным. Перад чытачом раскрываецца далей яшчэ адна сардэчная Галіна тайна, праз якую свеціцца яе душэўная чысціня. Майхровіч. Ва ўсіх лепшых творах сучаснай беларускай лірыкі свеціцца вялікая любоў да чалавека, спагадлівасць, сардэчнасць. Гіст. бел. сав. літ. Каб ярка свяцілася.. слова, Каб людзям зіхцела — на ўсе бакі, Яго шліфавалі як след, адмыслова Найлепшыя ў свеце тачылы — вякі. Цвірка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

разгарну́цца, ‑гарнуся, ‑горнешся, ‑горнецца; зак.

1. Расправіцца, раскаціцца (пра што‑н. згорнутае). Абрус разгарнуўся. □ Яшчэ праз момант галава .. [цецерука] прыгнулася, хвост разгарнуўся шырокім веерам. Паслядовіч. // Вызваліцца ад абгорткі, расхінуцца (пра што‑н. загорнутае). Пакунак разгарнуўся. Цукерка разгарнулася.

2. Раскрыцца (пра што‑н. складзенае). Кніга разгарнулася.

3. Разагнуць спіну; распрастацца. Разгарнуўся дзед Талаш, павярнуўся сваімі шырокімі плячамі, крутнуўся, і жаўнеры паадляталі ад яго, як шчэпкі. Колас. // Раскрыцца, распусціцца (пра кветкі, лісты). У восень, пад поўдзень, .. разгорнецца дзе над каляінай позні, сіратлівы малачайнік. Чорны.

4. перан. Раскінуцца, працягнуцца на вялікую адлегласць. Цяпер там буйным коласам долу нікне жыта, зялёным шоўкам разгарнуліся травы, густым лесам буяе кукуруза. Дуброўскі. // Адкрыцца вачам. Калі падняцца на вапельную гару, а яна тут жа, крыху на захад ад мястэчка, і зірнуць у бок Нёмана, то перад вамі разгорнецца найпрыгажэйшая панарама. Колас.

5. перан. Свабодна, у поўнай меры праявіць свае сілы і здольнасці. Думаючы сваё, Мікіта Мікітавіч больш маўчаў: ён ведаў сябе — паўмер у яго не было, і Юркава прысутнасць перашкаджала яму разгарнуцца. Карпаў. З танкамі тут не было дзе разгарнуцца — лінія фронту праходзіла па балотах. Мележ. // Праявіцца, выявіцца ў шырокім маштабе. Асабліва каларытна разгарнулася творчая індывідуальнасць Максіма Танка. Багатая эмацыянальнасць і мужны характар, высакароднасць натуры і сіла волі, прыродны розум і развіты светапогляд — усё гэта аб’ядноўвалася ў непаўторна прывабнай асобе мастака. Гіст. бел. сав. літ. // Развіцца ў пэўнай паслядоўнасці. Перад вамі разгорнецца просты сюжэт: закахаўся Хазэ ў Карменсіту. Глебка.

6. перан. Прыняць шырокі размах. У пачатку XVI ст. разгарнулася друкарская дзейнасць Георгія Скарыны. □ Пачало даспяваць жыта, следам за ім пажаўцелі аўсы. Разгарнулася жніво. Дуброўскі.

7. Падрыхтавацца да дзеяння, выканання якіх‑н. функцый. // Спец. Размясціцца ў шырыню па лініі фронту, прыняць баявы парадак. Пакуль тут вялася перастрэлка, нямецкая часць разгарнулася, пачаўся няроўны бой, — гітлераўцы пусцілі ў ход нават артылерыю. Казлоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

узрасці́, ‑расту, ‑расцеш, ‑расце; ‑расцём, ‑расцяце, ‑растуць; пр. узрос, ‑расла, ‑ло; зак.

1. Вырасці, стаць дарослым, сталым. А потым узрос і Пятрок, астаўся пасля школы дома, у брыгадзе. Жук. За доўгі час набраўся сілы [волат], Загартаваўся і ўзрос. Журба. // Узгадавацца, вырасці; развіцца ў якіх‑н. умовах. Лепей за ўсё мне на свеце мясціна Тая, дзе я нарадзіўся і ўзрос. Кірэенка. Пэўна, ты [лось] застаўся без ласіхі, Без бацькоўскіх сцежак і бяроз, Сірацінай выгнанай узрос? А твой запаведнік ціхі-ціхі Полымем узняўся да нябёс? Бялевіч. / у перан. ужыв. І трэба дзівіцца, што .. [літаратура Заходняй Беларусі] хутка змагла акрыяць, адрадзіцца і ўзрасці. Гіст. бел. сав. літ. // (1 і 2 ас. не ўжыв.). Узышоўшы, вырасці (аб раслінах). Ля садочку канюшына Узрасла і расцвіла. Ставер. Дзякуй цёплым дажджам і халоднай расе за жыты, што ўзраслі ў небывалай красе. А. Вольскі. Травы няма: тая, што сям-там узрасла, .. зжухла і зжоўкла. Сачанка.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Павялічыцца ў памерах, аб’ёме, сіле і пад., зрабіцца большым. Узраслі фонды зарплаты. Узрос аб’ём будаўніцтва. Узрасла прадукцыйнасць працы. // Узнікнуць, з’явіцца; павялічыцца ў памерах (пра гарады, будынкі і пад.); разрасціся. Каменным золатам ты [Мінск] да нябёс узрос. Хведаровіч. Тут заводы ўзраслі, Новых фабрык тут шмат... Сёння ёсць чым у нас ганарыцца. Журба. // Павысіцца. Узрос культурны ўзровень. Узрасла актыўнасць. □ У гэтых вершах відаць, як узрасла грамадзянская адказнасць паэта, яго вострая непрымірымасць да двурушнікаў, прыстасаванцаў. Клышка. // Стаць больш значным. Узрос аўтарытэт арганізацыі. □ Папулярнасць і павага [Гая] сярод чырвонаармейцаў узрасла яшчэ больш. Машара. Пятрусь Броўка .. імкнуўся ісці ў рэчышчы, пракладзеным Купалам і Коласам. Сёння гэтыя імкненні яшчэ больш узмацніліся і ўзрос, зразумела, прыліў творчых сіл. Ярош. // Узмацніцца, стаць гучнейшым (пра гукі, голас і пад.). Ад ціхай замаруджанасці начы, рэдкага няроўнага трамвайнага гулу, які заміраў, не паспеўшы ўзрасці, .. было нязвыкла трывожна па душы. Хадановіч. / Пра пачуцці, стан і пад. У напружаным чаканні Сэрца кожнага жыло. Хутка шэсць. І хваляванне Над радамі ўзрасло. Броўка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ла́паць1 ’хапаць, мацаць рукамі’, ’лавіць’ (ТСБМ, Нас., Сцяшк., Бяльк., Мат. Гом., Жд. 1, Бес., Сл. паўн.-зах.; малар., Бел. хр. дыял.), ’кранаць’ (уздз., Жд. 2), лапа́ць ’аграбаць пчаліны рой’ (трак., Сл. паўн.-зах.). Укр. ла́пати, рус. лапать, польск. łapać, н.-луж. łapaś, в.-луж. łapać, чэш. lapati, lapat, славац. lapať, славен. lápati, макед. lapam (muvi), балг. ла́пам. Прасл. lapati — ітэратыў ад прасл. lapiti ’хапаць, схапіць, злавіць’, якое мае рухапераймальны пачатак — ад lap! (Бернекер, 690; Махэк₂, 320; Слаўскі, 4, 468, 473–474; Фасмер, 2, 459; Голуб-Копечны, 199; Брукнер, 306–307). Улашын (WuS, 2, 200) указвае на магчымасць утварэння ад лапа (гл.), што Бернекер (1, 690) аспрэчвае. Аб магчымасці больш позніх уплываў на пэўных моўных тэрыторыях гл. Дзендзялеўскі, Укр.-зах.-слов. парал., 32 і 83. Сюды ж лапа́нне ’хапанне, хватанне’, лапаніна ’хапанне з розных бакоў’, лапа́ны ’набыты несправядліва, хабарам’, лапаны́ ’хабар’, лапа́ная ’гульня ў карты’ (Нас.).

Ла́паць2, ла́пыць ’абутак з лыка’ (Шат., Яруш., Бяльк., ТСБМ, Сл. паўн.-зах.), ла́пці (мн. л.) (Тарн., Сцяшк.; палес., КЭС), ла́пець (Янк. II), лапате́нь ’тс’ (Растарг.), ла́паць ’адсталы, некультурны чалавек’ (ТС), лапціва́ты ’тоўсты, агазны, падобны на лапаць чалавек’ (КЭС, лаг.), ’пляскаты, з шырокім пляскатым тварам’ (віл., Сл. паўн.-зах.), лапцікі ’вінная ягада’ (глус., КЭС), лапцікі ’абутак, плецены кручком з нітак’ (баранав., Сл. паўн.-зах.). Укр. лапоть ’лапаць’, ’акравак’, ’закаўраш’, рус. лапоть, лапти, лапотики, лапотки ’лапці’. Польск. łapeć, łapcie ’тс’ запазычана з бел. (Слаўскі, 4, 473), як і ўкр. лапоць (Грынчанка, 2, 344), чэш. lápte < рус. лапти (Махэк₂, 320) — усх.-слав. лексема, якая ўзнікла ў выніку семантычнага пераносу прасл. lapъtь ’кавалачак, акравак, палоска якога-небудзь матэрыялу’ < lapъ, да якога адносіцца і бел. лапік (гл.). Параўн. рус. лапоток ’акравак’, арханг. лапочиха ’тканая дарожка з нашытымі акраўкамі матэрыі’, а таксама серб.-харв. лапа̏т, ла̀пат ’кавалак, ануча’, ’кавалак зямлі, поле’, làpatak, ла̀паце ’унутранасці жывёлы’, лапчи̏на ’прымітыўныя боты’, балг. лапчини, лапчуни ’сялянскія дамашнія чуні з воўны’, лаптище ’вялікая чаравікі’, літ. lãpatas ’латка’, ’ануча’, lõpas, лат. laps ’лапік’, алб. lʼapë ’акравак, латка’, літ. lópyti, лат. lâpît ’латаць’, літ. lopùtė ’чуні з грубых нітак’, ст.-грэч. λώπη ’адзенне’, λοπός ’кара, лушпінне’ (Міклашыч, 160; Бернекер, 1, 691; Брукнер, 307; Младэнаў, 270; Скок, 2, 270). Буга (Rinkt., 1, 313), Фрэнкель (385–386), Вахрас (Наим., 121–124), Фасмер (2, 459) дапускаюць генетычную сувязь лексемы lapъtь з lapa, як і nogъtь з noga. Лаўчутэ (145) выводзіць лексему лапаць з нейкага літ. слова, якое генетычна звязана з літ. lõpyti ’латаць’. Сюды ж ашм. лапцю́х ’лапатнік’, ’апушчаны, занядбалы чалавек’, лід. лапцёўка ’матэрыял, якім падшывалі лапці’ (Сл. паўн.-зах.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ке́рзаць ’плесці (лапці, каробку), не надта ўмеючы’ (Янк. III, Гарэц., Нар. словатв.), ’вязаць, блытаць’ (Сл. паўн.-зах.). Запазычанне з балт., параўн. літ. ker̃zinti, kerzénti ’марудна рухацца’ (Грынавецкене і інш., LKK, 16, 1975, 183–184; Лаўчутэ, Балтизмы, 67). Трэба адзначыць, што літоўскія прыклады семантычна вельмі далёкія. Больш рэальна ў якасці першакрыніцы слова з невядомага субстратнага ўсходнебалтыйскага дыялекту. Магчыма, тут атрымалася кантамінацыя з іншымі назвамі пляцення лапцяў. Параўн. абарсаць, варсаць, бэрсаць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Клок1 ’жыццёвая сіла ў зярне’ (Чач., КЭС, лаг.). Гл. клёк.

Клок2 ’касмык, жмут сена, валасоў’ (Мат. Гом., Нар. сл., Сл. паўн.-зах.). Укр. клоччя, рус. клок ’тс’, балг. клъчище, серб.-харв. ку̑к, славен. kólke ’пакулле’, польск. kłak ’касмык, пакулле’. Найбольш верагодная версія да *plъkъ, генетычна суаднесенага з літ. plaukaĩ ’валасы’, лат. plaukas ’валокны’, с.-в.-ням. floccho ’касмык’ (Мацэнаўэр LF, 51, 125; Фасмер, 2, 252). Іншыя этымалогіі бяздоказныя.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Клу́ня ’гаспадарчы будынак для складвання снапоў, сена, пуня’ (ТСБМ, Нас., Касп., ТС, Сл. паўн.-зах., Федар., Гарэц., Сцяшк., Маш., Тарнацкі, Studia, ДАБМ, Шушк., Шн., Гарб., Грыг., Жыв. сл., Зн. дыс., Хар., Нік. Очерки), ’гумно’ (Мат. Гом., Гарэц., Яруш., Хар., Абабур., Янк. II). Укр. клуня, рус. клуня ’тс’, польск. klunia ’тс’ (усходнеславянскага паходжання). Балтызм. У якасці крыніцы прыводзяцца літ. klúonas ’ток, гумно’, лат. kluõns ’тс’. Гл. Лаўчутэ, Балтизмы, 13 з літаратурай.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Клі́ба ’скручаны прут для звязвання плытоў’ (Касп., З нар. сл., Нар. сл.). Лаўчутэ (Балтизмы, 115) выводзіць беларускія лексемы з балтыйскай крыніцы, прыводзячы такія паралелі, як літ. klibikis ’прыстасаванне ў выглядзе шаста для замыкання дзвярэй’, лат. klibiĄis ’тс’. Прыведзеныя балтыйскія формы маюць вытворны характар (параўнальна з беларускімі), але адсутнасць славянскіх адпаведнікаў і немагчымасць этымалагізацыі на беларускай моўнай глебе сведчаць аб тым, што бел. кліба магло ўзнікнуць пад уплывам усходнебалтыйскага дыялекту.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кроў ’чырвоная вадкасць, якая рухаецца па крывяносных сасудах арганізма’ (ТСБМ, Яруш., Нік. Напаў., Бяльк., Сцяшк., Сержп. Ск., Сл. паўн.-зах., Касп.). Укр. кров, рус. кровь ’тс’, ст.-слав. кръвь, балг. кръв, серб.-харв. кр̑в, славен. kȓv ’тс’, польск. krew, чэш. krev, славац. krv, н.-луж. kšew, палаб. kroj ’тс’. Прасл. kry мае ў якасці найбліжэйшых адпаведнікаў літ. kraũjas ’тс’. Ірл. cru, лац. cruor ’тс’ (Бернекер, 1, 632; Траўтман, 142).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)