ПО́ЙМА, поплаў,

частка дна рачной даліны, якая заліваецца вадой у разводдзе або ў час паводкі. Фарміруецца ў выніку адкладання наносаў пры бакавых зрухах рэчышча.

У аснове П. залягае рэчышчавы алювій або карэнныя пароды, перакрытыя поймавым наілкам, які штогод намнажаецца ў разводдзе. Выш. П. над рэчышчам у межань — ад некалькіх дзесяткаў сантыметраў да некалькіх метраў, шырыня на вял. раўнінных рэках ад некалькіх да дзесяткаў кіламетраў. У далінах горных рэк П. трапляюцца толькі на асобных участках. П. падзяляюцца на прырэчышчавыянайб. высокія, складзеныя з буйназярністага пяску; цэнтральныя — складзеныя з больш дробнага матэрыялу; прытэрасныя — паніжаныя, забалочаныя, высланыя ілістым матэрыялам. Адрозніваюць П. двухбаковыя і аднабаковыя. Паверхня П. часта падзелена невысокім уступам на нізкую, якая заліваецца вадой штогод, і высокую, якая затапляецца 1 раз у некалькі гадоў (у час высокіх паводак). Рэльеф П. ўскладняецца прырэчышчавымі валамі, поймавымі грывамі, старыцамі, старычнымі азёрамі, дзюнамі, астанцамі першай надпоймавай тэрасы. На П. фарміруюцца ўрадлівыя поймавыя глебы. Расліннасць пераважна лугавая, цэнтр. і прытэрасная П. звычайна ўкрыты хмызнякамі або поймавымі лясамі. Жывёльны свет П. багаты вадаплаўнымі і балотнымі птушкамі. Вясной на П. нерастуе рыба. Скарыстоўваюцца пад сенажаць і пашу, асушаныя ўчасткі — зрэдку пад ворыва.

На тэр. Беларусі, у вобласці распаўсюджвання ледавіковых адкладаў апошняга зледзянення (Бел. Паазер’е), дзе рачныя даліны вызначаюцца адноснай маладосцю, П. не распрацаваныя, вузкія (шыр. да 300—500 м, месцамі 2,5—3 км) або адсутнічаюць. У больш стараж. распрацаваных далінах (цэнтр. і паўд. раёны) шыр. П. ад 2—8 да 15 км, месцамі 20—30 км (р. Прыпяць пры ўпадзенні Піны і Ясельды). Выш. П. над межанным узроўнем у рачных далінах Палесся 0,5—3 м, у цэнтр. і паўн. ч. — ад 1,5—4 да 6 м. У разводдзе П. затапляецца на глыб. 0,3—0,8 м, найб. 1,5—2 м. Перыяд затаплення на сярэдніх і вял. рэках 1—3 месяцы, на малых — ад некалькіх сутак да месяца.

т. 12, с. 448

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАВА́НС (Provence),

гістарычная вобласць на ПдУ Францыі, на ўзбярэжжы Міжземнага м., пераважна ў Франц. Альпах. Уключае дэпартаменты Бушдзю-Рон, Вар, Ваклюз, Верхнія Альпы, Альпы Верхняга Праванса, Прыморскія Альпы. Пл. 31,8 тыс. км². Нас. каля 4 млн. чал. (2000), больш за 80% пражывае ў гарадах. Гал. горад Марсель, найважн. прамысл. цэнтры — Ніца, Тулон, Авіньён. Пераважае горны рэльеф. Клімат умераны (у гарах), міжземнаморскі (на ўзбярэжжы). Прамысл. раён са значнай роллю курортнай справы і турызму. Гал. галіны прам-сці: маш.-буд., нафтаперапр., нафтахім., тэкст., харч., чорная металургія. Здабыча баксітаў, солі з марской вады, бурага вугалю. Лесанарыхтоўкі. ГЭС на горных рэках. У горнай частцы пераважае жывёлагадоўля (авечкі і козы), на ўзбярэжжы — субтрапічнае пладаводства і вінаградарства, агародніцтва і кветкаводства, вырошчванне алівак, эфіраалейных культур, пасевы пшаніцы; дэльта р. Рона — асн. раён рысаводства ў Францыі. П. — пастаўшчык ранняй агародніны і фруктаў для інш. раёнаў краіны. На У гал. курортны раён краіны — Блакітны бераг (Рыўера).

У 6 ст. да н.э. на тэр. сучаснага П. заснаваны грэч. калоніі. У 2 ст. да н.э. заваяваны рымлянамі, якія ўтварылі тут сваю правінцыю (адсюль назва П.). У 5—6 ст. н.э. на П. нападалі вестготы, бургунды, остготы. У 536 далучаны да каралеўства франкаў. У 855—863 самастойнае каралеўства. З 879 у складзе каралеўства Ніжняя Бургундыя, з 933 — графства ў Аб’яднаным Бургундскім каралеўстве. У 1113—1246 належаў графам Барселонскім, у 1246—1481 — Анжуйскай дынастыі. У 1481 далучаны да Францыі з захаваннем правінцыяльнай аўтаноміі, якая паступова ўразалася каралеўскай уладай. У час гугеноцкіх войнаў 16 ст. насельніцтва П. (акрамя Марселя) падтрымлівала гугенотаў. У 17 ст. на тэр. правінцыі адбываліся буйныя паўстанні (у 1631 у Эксе, у 1644 у Марселі і Арлі). Пасля задушэння паўстання ў 1660 у Марселі б.ч. прывілеяў скасавана. У час Франц. рэвалюцыі 1789—99 падзелены на дэпартаменты.

т. 12, с. 526

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАДМО́ВА,

напісанае аўтарам, рэдактарам або іншай асобай слова да чытача, якое змяшчаецца ў пачатку кнігі ці асобнай публікацыі для лепшага іх разумення.

Заснавальнік П. на Беларусі — Ф.​Скарына: гуманіст.-асветніцкія, навуч.-пазнавальныя П. да асобных кніг Бібліі. Некат. П. адрасаваны ці прысвечаны мецэнатам [напр., прадмова Міколы Гусоўскага да кн. «Песня пра зубра» (1523) адрасавана каралеве Боне). У выданні Статута ВКЛ 1588 у якасці П. змешчана прамова Л.​Сапегі на Варшаўскім сейме. У асобных кнігах ролю П. выконвалі вершаваныя эпікграмы. У 16—17 ст., у часы вострай ідэалаг. барацьбы і рэліг. палемікі, П. мелі пераважна сінкрэтычны характар, былі сродкам выражэння надзённых пытанняў грамадска-паліт. жыцця, важных праблем развіцця культуры, поглядаў і імкненняў прадстаўнікоў розных сац. груповак і рэлігійных кірункаў, грамадзянскага, нац. і эстэт. крэда іх аўтараў (П. С.​Буднага, В.​Цяпінскага да асобных твораў палемічнай і перакладной л-ры). У П. таго часу — зародкі бел. філалогіі, крытыкі, літ.-знаўства і публіцыстыкі. Важную ролю ў развіцці бел. л-ры і грамадскай думкі 19 — пач. 20 ст. адыгралі П. Я.​Чачота, Р.​Падбярэскага, Ф.​Багушэвіча, Цёткі і інш. пісьменнікаў.

У сучаснай л-ры П. не мае цвёрдых, выразна акрэсленых жанравых прыкмет. Паводле формы і стылю П. самыя разнастайныя — ад кароткіх дзелавых анатацый да разгорнутых артыкулаў. Бываюць П. ад аўтара, рэдактара, укладальніка, перакладчыка, рэдкалегіі і інш. У залежнасці ад характару і прызначэння выдання (збор твораў, навук. манаграфія, зборнік артыкулаў, слоўнік, публікацыя помніка пісьменнасці і інш.) у П. падаецца сціслая інфармацыя пра змест і гісторыю ўзнікнення, аўтара, раскрываюцца прынцыпы і мэты выдання і інш. П., як правіла, суправаджаюцца першыя публікацыі ў газеце, часопісе. У выданнях тыпу хрэстаматый ці анталогій, апрача агульнай П., нярэдка падаюцца і кароткія П. да кожнай публікацыі помніка пісьменнасці, урыўка з буйнога твора або твораў пісьменніка. Ролю П. часам выконваюць пасляслоўі.

В.​А.​Чамярыцкі.

т. 12, с. 537

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАСЦЕ́ЙШЫЯ (Protozoa),

падцарства аднаклетачных жывёл групы эўкарыёт. Разглядаюцца як зыходны этап у эвалюцыі шматклетачных жывёл. 5 (па інш. класіфікацыях да 9) тыпаў: саркамастыгафоры (Sarcomastigophora), апікомплексы (Apicomplexa), міксаспарыдыі, мікраспарыдыі, інфузорыі. Больш за 40 (70) тыс. відаў. Пашыраны ўсюды. Жывуць у марскіх і прэсных водах, у глебе, многія — паразіты, узбуджальнікі хвароб чалавека і жывёл. Некат. паразіт. П. выкарыстоўваюцца для барацьбы з насякомымі—шкоднікамі с.-г. і лясных раслін. Амёбы, інфузорыі і інш. шырока выкарыстоўваюцца ў біяфіз., генет., цыталагічных і інш. даследаваннях. П. — важная састаўная ч. кругавароту рэчываў у біясферы, удзельнічаюць у ачыстцы забруджаных вод, фарміраванні донных адкладаў. На Беларусі найб. трапляюцца жгуцікавыя, саркодавыя, інфузорыі, мікраспарыдыі, міксаспарыдыі, сярод выкапнёвых — прамянёвікі і фарамініферы.

Памеры пераважна мікраскапічныя (0,002—0,15 мм), у некат. буйнейшыя (да 2 см). Адасобленыя або каланіяльныя арганізмы. Форма зменлівая (амёбы), шарападобная (прамянёвікі), прадаўгаватая (інфузорыі). Вонкавы слой цытаплазмы ўтварае пелікулу, у караняножак — ракавіна. Маюць адно або некалькі ядраў аднолькавай (апаліны) або рознай (большасць інфузорый) будовы. У цытаплазме размешчаны скарачальныя, стрававальныя, выдзяляльныя вакуолі, фібрылярныя ўтварэнні і інш. арганелы, якія выконваюць пэўныя функцыі. Рухаюцца з дапамогай псеўдаподый, жгуцікаў, раснічак. Здольныя да фотасінтэзу або жывяцца гатовымі арган. рэчывамі, многія — драпежнікі. Размнажэнне бясполае (дзяленне, пачкаванне) або палавое (кан’югацыя, капуляцыя). Многія П. пры чаргаванні форм размнажэння маюць складаныя жыццёвыя цыклы (асабліва спаравікі). У неспрыяльных умовах утвараюць цысты. З’яўляюцца кормам для заабентасу, зоапланктону, малявак рыб і інш. Вывучае П. — протазаалогія. Гл. таксама Пратысталогія.

Літ.:

Серавин Л.Н. Простейшие..: Что это такое? М., Л., 1984;

Жизнь животных. Т. 1. 2 изд. М., 1987;

Хадорн Э., Винер Р. Общая зоология: Пер. с нем. М., 1989.

А.​С.​Шалапёнак.

Прасцейшыя: 1 — спірастома звычайная; 2 — трубач блакітны; 3 — дылептус гусепадобны; 4 — афрыясколекс хвастаты; 5 — эўплотас звычайны; 6 — апаліна жабіная; 7 — дыдыні насаты.

т. 13, с. 21

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАЦЯ́ЖНЫЯ ПЕ́СНІ,

асаблівая форма шырокараспеўных нар. песень, пераважна лірычных. Пашыраны ва ўсх. славян, асабліва ў рус. песенным фальклоры («Горы», «Стэп», «Не адна ў полі дарожанька» і інш.). З інш. нар. назваў: рускія — прадольныя, прагалосныя, галасавыя, валакавыя, расцяжныя; беларускія — зацягучыя, далявыя. Як усе лірычныя песні, П.п. вылучаюцца багаццем тэматыкі, складанай паэтычнай сістэмай, якая адлюстроўвае разнастайныя адценні душэўнага стану і перажыванняў. Характар вобразнасці П.п. абумоўлівае ў іх пераважную ролю ўласнага меладычнага пачатку, што выяўляецца ў суадносінах муз. і паэт. бакоў, дзе характар мелодыкі паказвае незалежнасць яе ад заканамернасцей вершаванага складу, і ў прыёмах меладычнага формаўтварэння, і ў кампазіцыйных заканамернасцях. П.п. уласціва мелодыка вял. дыхання з бесперапыннасцю разгортвання, працяглым унутрыскладовым распяваннем (разводамі), словаабрывамі і паўторамі асобных слоў або складовых груп (т.зв. распеты верш), устаўнымі 1- і 2-складовымі воклічамі («ах», «ох», «эй», «ой да»), ладавай і метрарытмічнай пераменнасцю, унутрымеладычнымі кантрастамі. Усё гэта абумовіла ўтварэнне разгорнутай песеннай строфікі з асіметрычнымі муз. фразамі, ланцуговымі запевамі. Для П.п. характэрна харавое выкананне (шматгалоссе падгалосачнага складу), аднак існуюць і традыцыі іх сольнага распеву. Як харавое, так і сольнае іх выкананне патрабуе выдатных нар. спевакоў, майстроў, якія валодаюць школай нар. працяглага спеву (гл. Народныя спевакі). Адзін і той жа сюжэт можа існаваць у розных меладычных варыянтах у залежнасці ад мясц. традыцый. У бел. фальклоры П.п. характэрны для паўд., цэнтр. і ўсх. зон. Узоры бел. П.п. («Да пшанічанька яра», «Із-пуд горкі буйной вецер вее» «Салавей, салавей», «Ночы мае, ночушкі») маюць аналогіі ў рус. і ўкр. песенным фальклоры.

Публ.:

Можейко З.Я. Песни белорусского Полесья. Вып. 2. М., 1984.

Літ.:

Можейко З.Я. Песенная культура белорусского Полесья: Село Тонеж. Мн., 1971;

Эвальд З.В. Песни белорусского Полесья. М., 1979;

Земцовский И.И. Русская протяжная песня. Л., 1967;

Мажэйка З.Я., Варфаламеева Т.Б. Песні Беларускага Падняпроўя. Мн., 1999.

З.​Я.​Мажэйка.

т. 13, с. 35

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫ́КАЗКА,

кароткі, лаканічна і граматычна завершаны афарыстычны выраз, які адлюстроўвае шматвяковы жыццёвы вопыт і мудрасць народа найчасцей у мастацка-вобразнай форме і ўжываецца пераважна ў пераносным значэнні; жанр нар. паэтычнай творчасці. Тэматычна П. вельмі разнастайныя, у іх адлюстраваліся жыццё і сямейны побыт чалавека, ацэнка яго маральных якасцей, трапныя назіранні, а таксама разважанні і павучанні. Генетычна вельмі блізкія да прымаўкі. Першыя запісы П. прыпісваюць Арыстоцелю. Зб. антычных П. у 1500 склаў Эразм Ратэрдамскі. На Беларусі самыя даўнія выданні П. — зб. С.​Рысінскага (Любча, 1618), публікацыі 1-й пал. 19 ст. П.​Шпілеўскага, Я.​Чачота і інш. Па структуры П. звычайна двухчленныя, нярэдка рыфмаваныя, мова іх багатая метафарамі, параўнаннямі, эпітэтамі, алегорыямі і інш. выяўл. сродкамі: «Так і жылі: хто схлусіць, той вып’е і закусіць, а хто праўду скажа, той і так спаць ляжа», «як пасцелешся, так і выспішся», «хто працуе, той святкуе». Лаканічнасць і трапнасць думкі, маст. выразнасць абумоўліваюць шырокае бытаванне П. ў жывой гутарковай мове, у творах маст. л-ры. Бел. П. збіралі У.​Дабравольскі, Я.​Ляцкі, І.​Насовіч, Е.​Раманаў, М.​Федароўскі, Ф.​Янкоўскі, Я.​Рапановіч і інш.

Публ.: Носович И.И. Сборник белорусских пословиц. СПб., 1874; Ляцкий Е.А. Материалы для изучения творчества и быта белорусов. [Т.] I. Пословицы, поговорки, загадки. М., 1898; Янкоўскі Ф. Беларускія прыказкі. прымаўкі, фразеалагізмы. 3 выд. Мн., 1992; Рапановіч Я. Беларускія прыказкі, прымаўкі і загадкі. 2 выд. Мн., 1974; Прыказкі і прымаўкі / Скл. М.​Я.​Грынблат. Кн. 1—2. Мн., 1976.

Літ.:

Янкоўскі М.​А.​Паэтыка беларускіх прыказак. Мн., 1971;

Я гож. Прыказкі і прымаўкі // Беларуская народна-паэтычная творчасць. Мн., 1979. Шкраба І., Шкраба Р. Крынічнае слова: Бел. прыказкі і прымаўкі. Мн., 1987;

Лепешаў І.Я., Якалцэвіч М.А. Слоўнік беларускіх прыказак. Мн., 1996;

Аксамітаў А.С. Прыказкі і прымаўкі. Мн., 2000.

А.​С.​Фядосік.

т. 13, с. 67

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУНСО́ВАЙ І БЕ́ЛАЙ РУ́ЖЫ ВАЙНА,

барацьба за трон ў Англіі ў 1455—85 паміж двума адгалінаваннямі каралеўскай дынастыі Плантагенетаў: Ланкастэрамі (у гербе пунсовая ружа) і Йоркамі (у гербе белая ружа). Йоркаў падтрымлівалі новадваранскія элементы, лонданскае купецтва і больш развітыя паўд.-ўсх. раёны краіны; апорай Ланкастэраў былі феад. групоўкі пераважна на Пн і З. Незадаволены засіллем ланкастэрцаў герцаг Рычард Йоркскі 21.5.1455 у бітве пры Сент-Олбансе разбіў іх войскі і стаў пратэктарам (правіцелем) пры псіхічнахворым Генрыху VI (гл. Генрых, англ. каралі). У 1459 Ланкастэры аднавілі сваю ўладу. У 1460 йаркісты на чале з графам Уорвікам увайшлі ў Лондан. Рычард Йоркскі заявіў свае правы на трон, аднак 30.12.1460 у бітве пры Уэйкфілдзе быў забіты. Яго сын Эдуард у бітве пры Тоўтане 29.4.1461 разграміў ланкастэрцаў і 28.6.1461 каранаваўся як Эдуард IV. Яго спробы праводзіць самастойную палітыку прывялі да сутыкнення з Уорвікам. У вер. 1470 войскі Уорвіка аднавілі на троне Генрыха VI. Эдуарда IV падтрымаў герцаг Бургундскі. 14.4.1471 у бітве пры Барнеце і 4.5.1471 у бітве пры Цьюксберы ланкастэрцы пацярпелі паражэнне, забіты Уорвік і сын Генрыха VI прынц Уэльскі Эдуард. 21.5.1471 у Таўэры забіты Генрых VI. Пасля смерці Эдуарда IV у 1483 трон перайшоў да яго 12-гадовага сына Эдуарда V. Аднак уладу захапіў яго дзядзька герцаг Глостэр, які 6.7.1483 каранаваўся як Рычард III. Эдуард V і яго брат герцаг Йоркскі былі забіты ў Таўэры. Ланкастэрцы і частка йаркістаў аб’ядналіся і выступілі супраць Рычарда III; 22.8.1485 у бітве каля Босварта ён загінуў. Гэта бітва завяршыла вайну, у якой загінула чвэрць насельніцтва Англіі. Трон перайшоў да далёкага родзіча Ланкастэраў Генрыха VII, які паклаў пачатак дынастыі Цюдараў.

Літ.:

Штокмар В.В. История Англии в средние века. Л., 1973;

Гриффитс Р.А., Томас Р. Становление династии Тюдоров: Пер. с англ. Ростов н/Д., 1997.

Дз.​М.​Чаркасаў.

т. 13, с. 124

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯСЕ́ЛЬНЫЯ ПЕ́СНІ,

найбольш разгорнуты цыкл сямейна-абрадавага фальклору; муз.-паэт. кампанент цэласнай сістэмы абраду вяселля. Вядомыя многім народам свету.

Гістарычна склаліся як форма сімвалічнага выражэння сац.-прававых, маёмасных і сямейных узаемадачыненняў, вераванняў, маральна-этычных і эстэт. поглядаў і каштоўнасцей. Разам з абрадавымі дзеяннямі рытуалізуюць адзін з асн. этапаў жыццёвага шляху чалавека — пераход у іншую сям’ю (род), іншую сац. групу. Як элемент абрадавай сістэмы часта выяўляюць сваю семантыку толькі ў этнагр. кантэксце. Разам з тым муз. і паэт. бакі вясельных песень утвараюць аўтаномныя падсістэмы, кожная з якіх мае спецыфічныя заканамернасці. У паэт. сферы яны раскрываюцца пры класіфікацыі тэкстаў па функцыян.-тэматычным і жанравым прынцыпах.

У бел. вясельных песнях на функцыянальна-тэматычным узроўні выяўляюцца групы песень, якія адпавядаюць пэўным этапам вяселля; на жанравым узроўні вясельныя песні падзяляюцца на апавядальна-каменціруючыя, імператыўныя (заклінанні, распараджэнні, патрабаванні, парады), велічальныя і дакаральныя, лірычныя (з вял. цыклам сірочых песень), прыпевы і меладызаваныя прыгаворы. Паводле геагр. аспекту асн. сюжэты бел. вясельных песень падзяляюць на 3 групы: сюжэты, якія бытуюць на ўсёй тэр. Беларусі; сюжэты, якія пры захаванні асн. сюжэтных характарыстык набываюць рэгіянальныя адметнасці пераважна ў выніку вар’іравання зачынаў, часцей канцовак тэкстаў, і сюжэты, характэрныя толькі для пэўных рэгіёнаў ці мясц. традыцый.

Напевы вясельных песень тыповыя, палітэкставыя, маюць разнастайны характар гучання, утвараючы ў абрадзе 3 вобразна-эмац. сферы: рытуальна-святочную, жартоўную (паводле нар. вызначэння, «вясёлыя») і лірыка-драматычную («абідлівыя»). У розных этнагр. рэгіёнах яны суадносяцца па-рознаму ў залежнасці ад дамінуючага там комплексу вясельнага абраду і асаблівасцей мясц. песеннай сістэмы. На У Беларусі, дзе ў песеннай сістэме пануе карагодна-гульнявы комплекс, а ў вясельным рытуале стаўбавы абрад (паўн. зона), напевы вясельных песень маюць яскравы эмац.-ўзнёслы, воклічны характар, маторны тып рытмікі, тэмбравую звонкасць; асаблівай кантрастнасцю вызначаецца песенны рытуал паўн. зоны, дзе святочнаму гучанню квінтавых вясельных песень процістаяць галашэнні маладой і яе маці, напевы якіх ідэнтычныя пахавальным. У зах. рэгіёне пануе лірычны гукавы вобраз, што звязана з элегічным характарам пашыранага тут абраду зборнай суботы і перавагай у песеннай сістэме пазаабрадавых лірычных песень позняга гіст. пласта, якія часта выступаюць у функцыі вясельных. Вясельным песням Паазер’я ўласціва сказава-апавядальная, напаўрэчытатыўная манера інтанавання, пераважаюць квартавыя напевы з пластычнай меладычнай лініяй. Мясц. галашэнні маюць песенны характар (стабільную складавую муз.-рытмічную форму, адносна спакойную манеру выканання) і складаюць з песнямі адзіны тыпалагічны рад. У гэтых трох рэгіёнах вясельныя песні выконваюцца пераважна аднагалосна, з нярэдкім «адхіленнем» у двухгалоссе: гетэрафоннага тыпу на Паазер’і, квартава-квінтавага ва ўсх. і тэрцава-квінтавага ў зах. рэгіёнах. Асаблівасці вясельных песень Палесся найперш вызначаюцца разгорнутай дэталізацыяй каравайнага абраду, ствараюць атмасферу абшчыннай урачыстасці і весялосці з палкім, часам нават разгульным характарам. Песні выконваюцца ва унісонна-гетэрафонным або дыяфонным на бурдоннай аснове стылі. Іх яркае, сакавітае, часам «вострае» з доўгімі выгукамі і глісанда гучанне абумоўлена і распаўсюджанай на Палессі традыцыяй галаснога спеву. У цэнтр. рэгіёне адбываецца змяшэнне песенных традыцый усходу, захаду, поўначы і поўдня. Пры гэтым у зонах іх перакрыжавання ўтвараюцца версіі тыповых напеваў, спецыфічных для мясц. традыцый.

Заканамернасці муз. кампанента вясельных песень раскрываюцца і на ўзроўні сістэматызацыі напеваў па функцыянальна-тыпалагічным прынцыпе (тыпізуючым выступае структурна-рытмічны комплекс), што дазваляе вылучыць 8 асн. тыпаў вясельных напеваў, пашыраных на ўсёй Беларусі, і некалькі лакальных груп. Асн. тыпы, захоўваючы ўстойлівасць структурна-рытмічных комплексаў, у розных рэгіёнах мяняюць інтанацыйна-меладычны комплекс і набываюць своеасаблівы характар гучання.

Літ.:

Янчук Н.А. По Минской губернии: (Заметки из поездки в 1886 г.). М., 1889;

Беларускія народныя песні. Т. 4. Мн., 1976;

Мухаринская Л.С. Белорусская народная песня. Мн., 1977;

Никольский Н.М. Происхождение и история белорусской свадебной обрядности. Мн., 1956;

Мажэйка З.Я. Песні Беларускага Паазер’я. Мн., 1981;

Яе ж. Песни Белорусского Полесья. Вып. 1. М., 1983;

Вяселле: Песні. Кн. 1—6. Мн., 1980—88;

Варфоломеева Т.Б. Северобелорусская свадьба. Мн., 1988;

Вяселле: Мелодыі. Мн., 1990.

Т.​Б.​Варфаламеева.

т. 4, с. 400

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІЛЮСТРА́ЦЫЯ (ад лац. illustratio наглядная выява) у мастацтве, 1) выява, якая суправаджае, дапаўняе, наглядна тлумачыць тэкст і ўспрымаецца ў пэўным адзінстве з ім (малюнак, гравюра, фотаздымак, рэпрадукцыя і інш.).

2) Галіна кніжнай графікі. Яе развіццё цесна звязана з гісторыяй кнігі (гл. Мастацтва кнігі). Уваходзячы ў маст. арганізм кнігі, газеты, часопіса, І. часта дапаўняецца інш. дэкар. элементамі афармлення (застаўкамі, канцоўкамі, ініцыяламі). Першапачаткова рукапісныя кнігі ілюстраваліся мініяцюрамі. З вынаходніцтвам кнігадрукавання і дрэварыту І. стала адной з гал. састаўных частак графікі.

На Усходзе найб. раннія дрэварытныя І. вядомы ў Кітаі з 6—7 ст., асабліва пашырыліся ў 12 ст.; у канцы 16 ст. там вынайшлі і каляровы дрэварыт У Японіі кніжная графіка ўзнікла ў пач. 17 ст., яе росквіт прыпадае на 18 — пач. 19 ст. (Х.​Маранобу, К.​Утамара, К.​Хакусай). Еўрап. дрэварытная І. ўзнікла ў 15 ст., першапачаткова была цесна звязана з мініяцюрай. З часам яна стала важным сродкам пашырэння рэліг.-дыдактычных, пазней гуманіст. і рэфармацыйных ідэй. Раннія І. вылучаліся лаканізмам абагульненых контураў, якія гарманіравалі са шрыфтамі. З 16 ст. павялічылася імкненне да перадачы глыбіні прасторы і жывапісных эфектаў (А.​Дзюрэр, Г.​Гольбейн Малодшы, Л.​Кранах Старэйшы, Тыцыян і інш). З канца 16 ст. пашырыліся І. ў тэхніцы медзярыту, яны пераўтвараюцца ў самаст. кампазіцыі, якія выконвалі на асобных аркушах. Асаблівая ўвага аддавалася франтыспісу, пабудаванаму на ўзор трыумфальнай барочнай аркі. У 18 ст. шырокае распаўсюджанне атрымала вытанчаная віньетка ў стылі ракако (Ж.​А.​Фраганар, У.​Хогарт і інш.). Масаваму пашырэнню І. ў 19 ст. садзейнічала вынаходства тарцовай гравюры, літаграфіі і асабліва фотамех. рэпрадукцыі. Гэтаму перыяду ўласцівы і завершаныя І. на асобных аркушах, і накіды ў тэксце, пашырэнне часопіснай графікі (А.​Дам’е, У.​Блейк, Э.​Дэлакруа, В.​Васняцоў, І.​Білібін і інш.). У І. 20 ст. вял. ролю адыгрывае інтэрпрэтацыя мастаком літ. тэксту, што дапускае шматзначнасць яго трактоўкі (П.​Пікасо, Р.​Гутуза, Р.​Кент, У.​Фаворскі, А.​Канеўскі і інш.).

На Беларусі І. бярэ пачатак ад мініяцюр рукапісаў (Аршанскае евангелле, Лаўрышаўскае евангелле і інш.). Асобнае месца займаюць І. Радзівілаўскага летапісу з рэаліст. адлюстраваннем гіст., быт. і фалькл. сцэн. З паяўленнем бел. кнігадрукавання (16 ст.) пашырылася дрэварытная І. (гравюры выданняў Ф.​Скарыны, П.​Мсціслаўца, друкарняў Вільні, Брэста, Нясвіжа, Куцейны, Магілёва), якая склалася пад уплывам зах.еўрап. (пераважна нямецкай) І. і змененай на мясц. грунце візант. традыцыі. Развівалася ў творчасці М. і В.​Вашчанкаў, Ф.​Ангілейкі, А. і Л.​Тарасевічаў і інш. У 17 ст. ў бел. І. пачалі выкарыстоўваць медзярыт (М.​Вашчанка). У 19 — пач. 20 ст. ў кніжнай графіцы працавалі І.​Аляшкевіч, А.​Бартэльс, К.​Бахматовіч, С.​Богуш-Сестранцэвіч, В.​Ваньковіч, К.​Кастравіцкі, К.​Каганец і інш. Забарона царскім урадам бел. мовы і кнігадрукавання прывяла да часовага заняпаду І. У 1920-я г. закладваліся асновы сучаснай нац. школы бел. І. (М.​Філіповіч, П.​Гуткоўскі, А.​Тычына, Г.​Змудзінскі, В.​Дваракоўскі, Я.​Горыд, Я.​Драздовіч). У 1930—40-я г. значны ўклад у развіццё І. зрабілі В.​Літко, М.​Малевіч, Б.​Басаў, А. і В.​Волкавы, Я.​Мінін і інш. У Вял. Айч. вайну пашырылася сатырычная І. (В.​Букаты, Дз.​Красільнікаў, В.​Козак). Пасля вайны ілюстравалася пераважна дзіцячая л-ра. Новы этап развіцця бел. І. пачаўся ў 1960-я г. Важнае значэнне мела стварэнне аддзялення кнігі пры Бел. тэатр.-маст. ін-це (1971), выд-ваў «Мастацкая літаратура» і «Юнацтва». У 1970—90-я г. ў кніжнай графіцы працавалі і працуюць М. і У.​Басалыгі, Я.​Кулік, А.​Кашкурэвіч, А.​Лось, Г. і Н.​Паплаўскія, У.​Савіч, М.​Селяшчук, В.​Славук, В.​Шаранговіч, А.​Шэвераў і інш.

Літ.:

Церашчатава В.В. Беларуская кніжная графіка, 1917—1941. Мн., 1978;

Шматаў В.Ф. Сучасная беларуская графіка, 1945—1977. Мн., 1979;

Книговедение: Энцикл. сл. М., 1982;

Шматаў В.Ф. Беларуская кніжная гравюра XVI—XVIII стст. Мн., 1984.

У.​Фаворскі. Ілюстрацыя да драмы А.​С.​Пушкіна «Барыс Гадуноў». 1954.
Да арт. Ілюстрацыя. Бельбела да Павія. Мініяцюра «Цар Давід». 1430.
А.​Дзюрэр. Нараджэнне Хрыста. Ілюстрацыя да «Жыццяпісу Марыі». Нюрнберг. 1511.
Ілюстрацыя да «Евангелля напрастольнага» П.​Мсціслаўца. 1575.
В.​Шаранговіч. Ілюстрацыя да паэмы А.​Міцкевіча «Пан Тадэвуш». 1985.

т. 7, с. 205

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУРЫ́ЛЬСКІЯ АСТРАВЫ́,

архіпелаг вулканічных астравоў паміж Ахоцкім м. і Ціхім ак., ад п-ва Камчатка (Расія) на Пн да в-ва Хакайда (Японія) на Пд. Уваходзяць у склад Сахалінскай вобл. Рас. Федэрацыі. Уключаюць больш за 30 значных і шмат дробных астраўкоў і скал. Пл. каля 15,6 тыс. км². Складаюцца з Вялікай (даўж. 1200 км) і Малой (даўж. 120 км) Курыльскіх град. К.а. падзелены Курыльскімі пралівамі. Глыбокія пралівы Крузенштэрна і Бусоль падзяляюць Вял. граду на 3 групы а-воў: паўн. (Шумшу, Парамушыр, Анекатан, Шыяшкатан і інш.), сярэднюю (Сімушыр, Кетой, Расшуа, Райкоке і інш.), паўд. (Кунашыр, Ітуруп, Уруп і інш.). На У ад в-ва Кунашыр за Паўд.-Курыльскім пралівам Малая Курыльская града (в-аў Шыкатан і інш.). Кожны востраў — вулкан, частка вулкана або ланцуг вулканаў (больш за 160 вулканаў, з іх каля 40 дзеючых), якія зліліся падножжамі або злучаны нізіннымі перашыйкамі. Астравы складзены пераважна з вулканагенных і вулканагенна-асадкавых парод. З карысных выкапняў ёсць сера і тэрмальныя воды. Бываюць землетрасенні і цунамі. Рэльеф гарысты, пераважаюць выш. 500—1000 м, макс. выш. 2339 м (г. Алаід на аднайменным в-ве). Клімат умерана халодны, мусонны. Сярэдняя т-ра лют. каля -7 °C, жн. ад 10 °C на Пн да 17 °C на Пд. Ападкаў за год да 1000 мм на Пд, каля 600 мм на Пн. Халоднае Курыльскае цячэнне ахалоджвае ціхаакіянскія берагі астравоў. Зах. схілы паўд. астравоў абагрэты цёплым цячэннем Соя. Зімовы мусон і цыклоны палярнага фронту прыносяць частыя мяцеліцы і штормы. На значных астравах густая сетка рэк і ручаёў. Шмат азёр, у т. л. кратэрных. Глебы пераважна дзярновыя, лугавыя і алювіяльныя, пад лесам — слабападзолістыя са значнымі дамешкамі вулканічнага матэрыялу. На паўн. астравах альхова-рабінавае крывалессе, кедравы сланік, нізкія кусцікі шыкшы (варанікі). На Пд трапляецца крывалессе з каменнай бярозы, курыльскі бамбук, ялова-піхтавыя і шыракалістыя лясы з ліянамі і бамбукам, месцамі рэдкалессе з курыльскай лістоўніцы. Для наземнай фауны характэрны мядзведзь, гарнастай, чорна-буры і чырвоны лісы, бурундук. Шмат птушак, асабліва марскіх, на скалах птушыныя базары. Мора багатае рыбай, асабліва ласасёвымі, крабамі, марскім зверам (нерпа, сівуч, марскі коцік, калан). Рыбалоўства, на Пд лясная гаспадарка. Развіта рыбаперапрацоўчая і кансервавая прам-сць. Гарады Курыльск (на в-ве Ітуруп), Севера-Курыльск (на в-ве Парамушыр). Пра гаспадарку К.а. гл. ў арт. Сахалінская вобласць.

Гісторыя. Да пач. 20 ст. К.а. насялялі айны. Першым з еўрапейцаў астравы наведаў нідэрл. мараплавец М.Г. дэ Фрыз у 1644. У Расіі першыя звесткі пра К.а. атрыманы ад землепраходца У.В.Атласава ў 1697. У 1711 астравы даследаваў, падрабязна апісаў і склаў іх чарцёж рас. служылы бел. паходжання І.П.Казырэўскі. У 1721 І.​М.​Яўрэінаў (таксама паходзіў з Беларусі) разам з Ф.​Ф.​Лужыным па заданні Пятра I правёў геад. вывучэнне К.а. і ўпершыню пазначыў іх на карце Расіі. У 1745 б. ч. астравоў нанесена на «Генеральную карту Расійскай імперыі» ў Акад. атласе. З канца 18 ст. пачалася рас.-яп. каланізацыя К.а. Паводле рас.-яп. дагавора 1855 в-аў Ітуруп і інш. астравы на Пд ад яго адыходзілі да Японіі, астатнія К.а. прызнаваліся ўладаннем Расіі. У 1875 у абмен на прызнанне Японіяй рас. суверэнітэту над в-вам Сахалін Расія перадала ёй сваю частку К.а., якія да 1945 знаходзіліся пад яп. кіраваннем. У час 2-й сусв. вайны ў адпаведнасці з рашэннем Крымскай канферэнцыі 1945 (апубл. ў лют. 1946) К.а. перададзены СССР і заняты сав. войскамі ў час Курыльскай дэсантнай аперацыі 1945; яп. насельніцтва з іх было эвакуіравана і заменена рас. перасяленцамі. З 1947 астравы ў складзе Сахалінскай вобл. Расіі. Японія не пагадзілася з перадачай Сав. Саюзу паўд. К.а. (Ітуруп, Кунашыр, Шыкатан, града Хабамаі) і да гэтага часу выказвае свае правы на іх, што стала прычынай нязгоды Японіі падпісаць Дагавор аб міры з СССР, а з 1991 з Расіяй як яго правапераемніцай.

Літ.:

Бондаренко О.Я. Неизвестные Курилы: Серьезные размышления о статусе Курильских островов. М., 1992;

Высоков М.С. История Сахалина и Курил в самом кратком изложении. Южно-Сахалинск, 1994.

І.​Я.​Афнагель (прырода, гаспадарка); М.​Г.​Нікіцін (гісторыя).

т. 9, с. 55

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)