сувязь паміж псіхічнымі з’явамі, калі актуалізацыя (успрыманне або ўяўленне) адной з іх выклікае з’яўленне другой. Найб. вядомыя асацыяцыі па сумежжы (у прасторы або часе), падабенстве або кантрасце. У іх могуць спалучацца думкі, адчуванні, успрыманні, рухі або вобразы, якія ўзнікаюць у свядомасці без бачнай знешняй прычыны.
Упершыню пра наяўнасць такіх сувязяў пісаў Арыстоцель. У навук. ўжытак тэрмін «асацыяцыя» ўвёў у 1698 Дж.Лок, які лічыў, што асацыяцыі ствараюць штучныя, неадэкватныя спалучэнні. У 18—19 ст. у трактоўцы асацыяцыі існавалі розныя падыходы і кірункі. Дж.Берклі і Д.Юм разглядалі асацыяцыю як праяву суб’ектыўнай дзейнасці свядомасці. Д.Гартлі лічыў яе вынікам мінулага вопыту чалавека, які адлюстроўваўся ў яго нервовай сістэме. Дж.Міль сцвярджаў, што псіхіка — гэта сістэма асацыятыўных адчуванняў. А.Бэн і Дж.С.Міль прызнавалі магчымасць узнікнення якасна новых псіхічных з’яў з адчування. З паняцця асацыяцыі пры тлумачэнні дынамікі псіхічных працэсаў зыходзілі прадстаўнікі ўсіх асн. кірункаў асацыятыўнай псіхалогіі (гл.Асацыянізм). На пач. 20 ст. К.Г.Юнг прапанаваў асацыятыўны эксперымент для выяўлення неўсвядомленых, схаваных афектных утварэнняў (комплексаў). Падобныя эксперыменты выкарыстоўваў Ч.Дарвін для вывучэння эмоцый і Т.Эбінгаўз для даследавання памяці.
У сучаснай псіхалогіі вывучэнне асацыяцыі праводзіцца з мэтай выяўлення спецыфікі розных псіхічных працэсаў і з’яў.
Літ.:
Ярошевский М.Г. История психологии. 3 изд. М., 1985;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЕ ТАВАРЫ́СТВА ДРУ́ЖБЫ І КУЛЬТУ́РНАЙ СУ́ВЯЗІ З ЗАМЕ́ЖНЫМІ КРАІ́НАМІ,
добраахвотная грамадская арг-цыя, якая садзейнічае развіццю дружбы і супрацоўніцтва бел. народа з народамі іншых краін. Створана 7.4.1926 як Т-ва культурных сувязяў Сав. Беларусі з заграніцай. Каля вытокаў яго былі Я.Купала, Я.Колас, Ц.Гартны, М.Чарот і інш. дзеячы бел. культуры. У 1952—58 наз.Бел.т-ва культурнай сувязі з заграніцай. Сучасная назва і статут, прынятыя 17.12.1978, пацверджаны і ўдакладнены ў кастр. 1993 на рэсп. канферэнцыі т-ва. У склад т-ва ўваходзяць грамадскія арг-цыі, творчыя саюзы, калектывы работнікаў прамысл. прадпрыемстваў, калгасаў, навуч. і навук. устаноў і інш.Асн. задачы: знаёміць грамадскасць замежных краін з набыткамі культуры бел. народа, са знешняй палітыкай Беларусі, садзейнічаць умацаванню міру, міжнар. супрацоўніцтва, папулярызаваць на Беларусі дасягненні навукі і культуры замежных краін, арганізоўваць аказанне дапамогі жыхарам Беларусі, якія пацярпелі ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. Аддзелы: садзеяння сац.-эканам. развіццю Беларусі і ліквідацыі вынікаў Чарнобыльскай трагедыі; па ўзаемадзеянні з замежнымі краінамі; культуры і інфармацыі; секцыі л-ры і мастацтва, работы з моладдзю і інш. У 1991 у сувязі з абвяшчэннем суверэнітэту Рэспублікі Беларусь пачата стварэнне самаст. т-ваў дружбы з асобнымі замежнымі краінамі; на 1.1.1995 створана 30 такіх т-ваў.
А.М.Ваніцкі.
Будынак Беларускага таварыства дружбы і культурнай сувязі з замежнымі краінамі ў Мінску.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЯ АКАДЭ́МІЯ МАСТА́ЦТВАЎ (БелАМ),
вышэйшая спецыяльная навучальная ўстанова. Засн. ў 1945 у Мінску як Бел.тэатр.ін-т, з 1953 Бел.тэатр.маст.ін-т, з 1991 — БелАМ. У 1995—96 навуч.г. ф-ты: тэатр., мастацкі, дызайну; 15 кафедраў, 624 студэнты, 120 выкладчыкаў, у т. л. 12 прафесараў, дактароў навук. Навучанне дзённае і завочнае. Аспірантура з 1969, з 1993 асістэнтура-стажыроўка. Рыхтуе кадры для кіно і тэлебачання з 1984. З 1978 працуе студэнцкі тэатр, з 1985 — музей. Пры БелАМ дзейнічаюць Мінскае маст. вучылішча, Мінскі маст. ліцэй. Рэктары: М.А.Гурскі (1945—46), І.П.Прыс (1946—57), А.І.Бутакоў (1957—58), В.К.Цвірка (1958—60), П.В.Масленікаў (1960—64), В.А.Захараў (1964—68), Э.П.Герасімовіч (1968—84), А.В.Сабалеўскі (1984—89), В.П.Шаранговіч (з 1989).
Сярод выпускнікоў: нар. мастакі Беларусі А.Анікейчык, В.Грамыка, Л.Гумілеўскі, А.Кашкурэвіч, В.Шаранговіч, Л.Шчамялёў; засл. дзеячы мастацтваў Б.Герлаван, А.Бараноўскі, Г.Паплаўскі, І.Рэй, У.Савіч, Ю.Тур, У.Тоўсцік, У.Уродніч, І.Міско, С.Вакар, У.Маланкін; нар. артысты Беларусі Г.Аўсяннікаў, С.Акружная, Г.Гарбук, Л.Давідовіч, А.Дубашынскі, Г.Дубаў, М.Захарэвіч, У.Куляшоў, Б.Луцэнка, В.Тарасаў, Т.Кокштыс, В.Раеўскі; пісьменнікі і мастацтвазнаўцы А.Дудараў, У.Клімовіч, Г.Марчук, М.Раманюк.
Літ.:
Вытокі творчасці: Беларуская акадэмія мастацтваў: [Альбом]. Мн., 1995.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІ НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ КАМІТЭ́Т (БНК),
Віленскі нацыянальны беларускі камітэт (Вільнацбелкам), каардынацыйны прадстаўнічы орган бел. нац.-дэмакр. партый і арг-цый у Польшчы ў 1921—38. Створаны ў Вільні. У розны час аб’ядноўваў 19—40 прадстаўнікоў розных партый, арг-цый і т-ваў. Стаяў у апазіцыі да польскага ўрада. Вёў нац., культ.-асв. і кааператыўную работу. Ставіў за мэту напачатку дасягненне культ.-нац. аўтаноміі Зах. Беларусі, а потым стварэнне Бел.-Літ.дэмакр. рэспублікі. Пасля стварэння Беларускай сялянска-работніцкай грамады (БСРГ) апынуўся пад яе ўплывам. У гэты час у БНК уваходзіў 31 прадстаўнік бел.паліт. партый і арг-цый: БСРГ, Бел.сял. саюза (БСС), Бел. хрысціянскай дэмакратыі (БХД), Т-вабел. школы (ТБШ), Бел. студэнцкага саюза, Бел.навук. і выдавецкага т-ваў, бел. прэсы, кааператываў і інш. У 1926—27 вядучую ролю ў БНК адыгрывала левае крыло на чале з кіраўнікамі БСРГ Б.А.Тарашкевічам, С.А.Рак-Міхайлоўскім, П.В.Мятлой. Пасля разгрому БСРГ і рэпрэсій польскіх улад супраць яе прадстаўнікоў дзейнасць БНК заняпала. У пач. 1930-х г. БНК рэарганізаваны пад эгідай БХД. У 1934 БНК складаўся з 26 чал. У 1935 прыняты новы статут арг-цыі, у якім падкрэслівалася, што к-т з’яўляецца прадстаўніком арганізаванага бел. насельніцтва Зах. Беларусі, якое дамагаецца ажыццяўлення права бел. народа на самавызначэнне. У студз. 1938 дзейнасць БНК забаронена польскімі ўладамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯГЕАХІ́МІЯ (ад бія... + геахімія),
галіна геахіміі, якая вывучае геахім. працэсы ў біясферы ў іх сувязі з працэсамі біял. кругавароту рэчываў на працягу геал. гісторыі Зямлі і ў сучасных умовах. Даследуе: жывое рэчыва, яго ўздзеянне на геахім. працэсы; гісторыю, біягенную міграцыю, размеркаванне і канцэнтрацыю ў зямной кары хім. элементаў; біягеахім. правінцыі ў ходзе біягеахім. раянавання; геахім. цыклы біягенных элементаў праз пабудову колькасных мадэляў; ролю арганізмаў ва ўтварэнні і разбурэнні радовішчаў карысных выкапняў; тэрыторыі антрапагеннага ўздзеяння (гар. экасістэмы, цэнтры здабыўной і перапрацоўчай прам-сці); біягеахім. эндэміі чалавека і жывёл; геахім. дзейнасць арганізмаў на забруджаных цяжкімі металамі і радыенуклідамі ўчастках; прагназуе развіццё біясферы.
Заснавальнік біягеахіміі — рус. вучоны У.І.Вярнадскі, які арганізаваў першую ў свеце біягеахім. лабараторыю (1918), пашырыў уяўленне аб біясферы як абалонцы Зямлі, даў тлумачэнне геахім. дзейнасці жывых істот, увёў вызначэнні біягеахім. энергіі засялення Зямлі як планеты, скорасці расцякання і паўсюднасці жыцця і інш. Гэтыя даследаванні развіваў А.П.Вінаградаў, які вызначыў сярэдні хім. састаў жывога рэчыва, распрацаваў тэарэт. ўяўленні аб біягеахім. правінцыях, што паслужыла асновай для біягеахім. пошукаў карысных выкапняў. На Беларусі праблемы біягеахіміі даследуюцца з 1960-х г. (К.І.Лукашоў, А.К.Лукашоў, У.А.Кузняцоў, В.Б.Кадацкі і інш.). Работы вядуцца ў ін-тах АН Беларусі (геал.навук, праблем выкарыстання прыродных рэсурсаў і экалогіі, эксперым. батанікі, заалогіі, фотабіялогіі), у БДУ, БСГА, БелНДІ земляробства і кармоў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГРАЛЕСАМЕЛІЯРА́ЦЫЯ (ад агра... + лес + меліярацыя),
тэорыя і практыка правядзення лесаводчых (у спалучэнні з агранамічнымі і інж.) мерапрыемстваў па прадухіленні неспрыяльнага для с.-г. вытв-сці дзеяння прыродных фактараў. Асн. мэта агралесамеліярацыі — стварэнне ахоўных лесанасаджэнняў, якія прадухіляюць або памяншаюць эрозію глебы, замацоўваюць яры, схілы, пяскі, выконваюць ветраахоўную і снегазатрымальную функцыі, паляпшаюць мікраклімат, павышаюць вільготнасць глебы. У значных маштабах ахоўным лесаразвядзеннем займаюцца ў многіх краінах б.СССР і свету (ЗША, Данія, Вялікабрытанія, Германія, Францыя, Канада, Балгарыя, Венгрыя і інш.). На Беларусі яно ажыццяўляецца ў складзе мерапрыемстваў па меліярацыі зямель.
Навук. асновы агралесамеліярацыі ў Расіі закладзены працамі В.В.Дакучаева, А.І.Ваейкава, Г.М.Высоцкага ў канцы 19 ст. У распрацоўку агралесамеліярац. мерапрыемстваў вял. ўклад зрабілі рус. і бел. вучоныя-лесаводы Г.Ф.Марозаў, М.С.Несцераў, М.І.Сус, А.С.Казменка, А.Р.Мядзведзеў, І.К.Якушэнка, А.І.Саўчанка, В.К.Паджараў і інш.
Даследаванні на Беларусі пачаліся ў 1950-я г., вядуцца ў Ін-це лесу АН Беларусі, Бел.тэхнал. ун-це, н.-д. ін-тах глебазнаўства і аграхіміі, меліярацыі і лугаводства. Распрацаваны спосабы аблясення пяскоў, стварэння полеахоўных лясных палос на асушаных тарфяніках, лясных палос на схілах, разараных пясках і супесках, аблясення яроў, агратэхн. прыёмаў барацьбы з эрозіяй.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГРАТЭ́ХНІКА (ад агра... + тэхніка),
сістэма прыёмаў вырошчвання с.-г. раслін, тэхналогія раслінаводства. Уключае апрацоўку глебы, унясенне ўгнаенняў, падрыхтоўку насення, сяўбу і пасадку, догляд пасеваў, барацьбу з пустазеллем, шкоднікамі і хваробамі с.-г. раслін, уборку ўраджаю і інш. мерапрыемствы (усе працэсы ўзаемаабумоўлены і складаюць агратэхн. комплекс).
Прыёмы агратэхнікі, звязаныя з выкарыстаннем сістэмы с.-г. машын і заснаваныя на дасягненнях аграбіял. навук, пачалі складацца ў канцы 18 — пач. 19 ст. Задача сучаснай агратэхнікі — забеспячэнне высокіх ураджаяў пры мінім. затратах працы і сродкаў на адзінку высакаякаснай прадукцыі, захаванне ўрадлівасці глебы і ахова яе ад эрозіі (гл.Эрозія глебы). Выбар прыёмаў агратэхнікі абумоўліваецца спецыялізацыяй гаспадаркі, глебава-кліматычнымі ўмовамі, біял. асаблівасцямі культур і ажыццяўляецца ў сістэме севазваротаў.
На Беларусі, размешчанай у зоне дастатковага ўвільгатнення і бедных дзярнова-падзолістых глебаў, асн. мэта агратэхнікі — абагачэнне глебы пажыўнымі рэчывамі, паляпшэнне яе фіз.-хім. уласцівасцяў, рэгуляванне воднага рэжыму (гл.Акультурванне глебы, Вапнаванне глебы, Меліярацыя). З мэтай найлепшага выкарыстання ўгнаенняў створана аграхім. служба і на ўсе гаспадаркі складзены аграхім. картаграмы. Распрацоўку тэарэт. асноў і практычных метадаў агратэхнікі ўзначальваюць н.-д. ін-ты Мін-ва сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь.
Літ.:
Панников В.Д., Минеев В.Г. Почва, климат, удобрение и урожай. 2 изд. М., 1987;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ІНАЎ (Аляксандр Пятровіч) (20.11.1902, г. Колпіна Ленінградскай вобл., Расія — 1.10.1987),
бел. архітэктар, вучоны, педагог. Чл.-кар.АН Беларусі (1953), акад. Акадэміі буд-ва і архітэктуры СССР (1956—64), чл.-кар. Акадэміі архітэктуры СССР (1950—55). Праф. (1951). Засл. дз. маст. Беларусі (1940), засл. будаўнік Беларусі (1962). Скончыў Маскоўскі вышэйшы маст.тэхн.ін-т (1929). У Мінску з 1929, працаваў у розных праектных арг-цыях. З 1947 выкладаў у БПІ. У 1941—49 старшыня праўлення Саюза архітэктараў Беларусі. У першых работах адчуваўся ўплыў канструктывізму, пазней выкарыстоўваў кампазіцыйныя прыёмы і элементы класічнай архітэктуры. Яго творы належаць да лепшых дасягненняў бел. архітэктуры. Сярод іх у Мінску: жылыя дамы на вул. Маскоўскай (1932), гасцініца «Свіслач» (1938); у аўтарскім калектыве — Палац піянераў і школьнікаў (1937), Ін-т фізкультуры (1939), будынак б.ЦККПБ (1947, цяпер рэзідэнцыя Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь), Т-р юнага гледача (1952), аэравакзал, будынак б. абкома КПБ (1956, цяпер Выканаўчага Сакратарыята СНД) і інш.; у Магілёве: гасцініца «Дняпро» (1940) і жылыя дамы на вул. Першамайскай (1938—41). Адзін з арганізатараў эксперыментальнага і аб’ёмна-блочнага буд-ва ў Беларусі. Дзярж. прэмія Беларусі 1968 за праектаванне і забудову Скарыны праспекта ў Мінску. Навук. працы па тэорыі і практыцы архітэктуры.
Тв.:
Основные черты в развитии зодчества Белоруссии. Мн., 1955;
Архитектура и градостроительство Советской Белоруссии. Мн., 1957 (у сааўт.);
Минск: Послевоенный опыт реконструкции и развития. М., 1966 (у сааўт.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВРХЛІ́ЦКІ (Vrchlický) Яраслаў [сапр.Фрыда
(Frída) Эміль; 17.2.1853, г. Лоўні, Чэхія — 9.9.1912], чэшскі паэт, драматург, перакладчык. Скончыў Пражскі ун-т; з 1893 праф. гэтага ун-та. Чл. Чэшскай акадэміі навук і мастацтваў (1890). Яго творчасць фарміравалася на традыцыях рамантызму і пад уплывам франц. парнасцаў. Дэбютны зб. лірыкі «З глыбінь» (1875) прасякнуты песімістычнымі матывамі. У зб-ках «Эклогі і песні» (1880),
«Паломніцтва да Эльдарада» (1882) сцвярджаў сенсуалістычнае ўспрыняцце жыцця. Цэнтр. месца ў творчасці Врхліцкага займаюць цыкл паэт. зб-каў пад агульнай назвай «Эпапея чалавецтва» («Дух і свет», 1878; «Міфы», т. 1—2, 1879—80; «Абломкі эпапеі», 1886; «Новыя абломкі эпапеі», 1894; «Багі і людзі», 1899, і інш.), а таксама паэмы «Іларыён» (1882), «Твардоўскі» (1885), «Бар Кохба» (1897), у якіх, звяртаючыся да знакамітых постацей (Дж.Бруна, Г.Галілей, Я.Гус, Я.Жыжка) і падзей мінуўшчыны (франц. рэвалюцыя 1789—99), імкнуўся асэнсаваць ход гіст. развіцця чалавецтва. Грамадзянскімі матывамі насычаны зб-кі «Сялянскія балады» (1885) і «Мая радзіма» (1903). Аўтар зб-каў «Санеты самотніка» і «Галасы ў пустыні» (абодва 1900). Узбагаціў чэш. паэзію новымі паэт. формамі і вершаванымі памерамі. Пісаў апавяданні, эсэ, п’есы («Ноч на Карлштэйне», 1884; трылогія «Іпадамія», т. 1—3, 1883—90, у 1891 нап. музыка З.Фібіхам). Перакладаў на чэш. мову Дантэ, Т.Таса, Л.Арыёста, Дж.Байрана, Ф.Шылера, І.В.Гётэ, А.Міцкевіча і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕНЕАЛО́ГІЯ (ад грэч. genealogia радаслоўная),
спецыяльная гістарычная навука, якая вывучае паходжанне, гісторыю, сац. становішча, сваяцкія сувязі родаў і асоб. Вытокі генеалогіі ў язычніцкім кульце продкаў. Як галіна ведаў існавала ў Стараж. Рыме. У эпоху пераходу да феадалізму звесткі пра генеалогію — састаўная частка вусна-паэт. творчасці. У сярэдневякоўі былі вельмі пашыраны генеалагічныя паданні пра паходжанне родаў і цэлых народаў. Шырока вядома сага 12 ст. «Кніга пра ісландцаў» А.Торгільсана пра паходжанне і генеалогію насельнікаў Ісландыі. У ВКЛ у 15—16 ст. бытавала легенда, што мясц. шляхта паходзіць ад рымскага патрыцыя Палемона і яго паплечнікаў, якія перасяліліся ў Літву. У ВКЛ былі шырока распаўсюджаны гербоўнікі, якія спалучалі звесткі з генеалогіі і геральдыкі. Як гіст. навука генеалогія склалася ў 16—18 ст., калі сталі распрацоўвацца метады складання радаводных табліц і роспісаў, сістэмы нумарацыі сваяцтва. У 19 ст. ўзніклі генеалагічныя т-вы ў Вялікабрытаніі і Аўстрыі, якія займаліся даследаваннямі на навук. аснове. З часам падобныя т-вы ўтварыліся ва ўсіх краінах Еўропы, зараз яны існуюць і на правінцыяльным узроўні. У Рэспубліцы Беларусь пытанні генеалогіі распрацоўваюць Ін-т гісторыі Нац.АН, Згуртаванне бел. шляхты, Бел. генеалагічнае т-ва, Аддзел геральдыкі і генеалогіі К-та па архівах і справаводстве.
Літ.:
История и генеалогия. М., 1977;
Genealogia. Warszawa, 1959.
У.М.Вяроўкін-Шэлюта.
Да арт.Генеалогія. Шляхецкі герб і радаводнае дрэва Лазоўскіх.