народ, асноўнае насельніцтва Казахстана (6,54 млн.чал., 1992). Жывуць таксама ва Узбекістане (808 тыс.чал.), Туркменістане (87 тыс.чал.), Кыргызстане (37 тыс.чал.), Таджыкістане і Рас. Федэрацыі (635,9 тыс.чал.), у КНР (1115 тыс.чал., 1992), Манголіі (125 тыс.чал.) і інш. Агульная колькасць 9,42 млн.чал. Гавораць на казахскай мове. Вернікі — мусульмане-суніты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМЕНСАЛІ́ЗМ (ад позналац. commensalis сатрапезнік),
сатрапезніцтва, форма сімбіёзу, пры якой адзін з партнёраў сістэмы (каменсал) ускладае на другога (гаспадара) рэгуляцыю сваіх адносін са знешнім асяроддзем, але не мае з ім фізіял. сувязей. Звычайна гэта ўзаемаадносіны паміж 2 відамі ці арганізмамі, калі адзін з іх корміцца за кошт другога і не прычыняе яму шкоды. Гл.таксамаМутуалізм.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМІЗЭ́ЛЬКА,
від безрукаўкі; частка бел.нар. мужчынскага гарнітура 19 — пач. 20 ст.
На Беларусі перад К. шылі з тонкага даматканага сукна, паўсуконніка або з фабр. тканін, на палатнянай падшэўцы, прамога ці паўпрыталенага крою, спінку — з розных больш танных тканін. Апраналі К. паверх кашулі навыпуск, спераду зашпільвалі на гузікі. К. таксама састаўная частка класічнага касцюма-тройкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАПУЛЯ́ЦЫЯ (ад лац. copulatio злучэнне),
палавы акт у жывёл, якія маюць капулятыўныя органы, а таксама злучэнне пры палавым размнажэнні 2 асобін, у якіх адсутнічаюць капулятыўныя органы (напр., гатэрыі, дажджавыя чэрві). Да К. адносяць працэс зліцця 2 палавых клетак (ці асобін), якія знешне не адрозніваюцца (ізагаметы). Калі мужчынская гамета рэзка адрозніваецца ад жаночай, то працэс іх зліцця наз.апладненнем.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРМАВА́Я НО́РМА,
колькасць пажыўных рэчываў, неабходных свойскай жывёле для падтрымкі належнага ўзроўню яе жыццядзейнасці, прадукцыйнасці, здароўя і ўзнаўлення. Уключае 18—30 паказчыкаў: кармавыя адзінкі, абменную энергію, сухое рэчыва, сыры і засваяльны пратэін, крухмал, цукар, сырыя клятчатку і тлушч, макра- і мікраэлементы, вітаміны, а для некат. жывёл (свінні, птушкі) таксама незаменныя амінакіслоты. На аснове К.н. распрацоўваюць кармавы рацыён.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАТАНТЭ́Н (Cotentin),
Нармандыя, паўвостраў на ПнЗ Францыі. Удаецца ў праліў Ла-Манш на 100 км. Абмежаваны таксама залівамі Сены і Сен-Мало. Берагі нізкія, слаба расчлянёныя, з дзюнамі, на З месцамі скалістыя. Паверхня — узгорыстая раўніна, выш. да 191 м, расчлянёная рачнымі далінамі і ярамі. Складзены з пясчанікаў, гранітаў і сланцаў. Верасоўнікі, лугі. Жывёлагадоўля, садаводства. На Пн — порт Шэрбур.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАТАХРЭ́ЗА (ад грэч. katachrēsis злоўжыванне),
спалучэнне несумяшчальных у сваім асн. значэнні слоў, паняццяў, выразаў, якое стварае своеасаблівае сэнсавае адзінства. Пашырана ў гутарковай мове, найб. у фразеалагізмах: «языком малоць», «зубы на сонцы грэць», «ветрам падшыты» і інш. Вядома ў бел. вусна-паэт. творчасці. У л-ры ўзбагачае маст. выразнасць тропаў, надае ім эфект эмацыянальнай нечаканасці і навізны. Гл.таксамаАксімаран.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КВАДРАТУ́РА КРУ́ГА,
пабудаванне квадрата, роўнавялікага па плошчы дадзенаму кругу. Пад К.к. разумеюць таксама задачу вылічэння плошчы круга з пэўным набліжэннем.
Старажытнагрэч. матэматыкі спрабавалі рашыць задачу з дапамогай цыркуля і лінейкі. У 1882 ням. матэматык Ф.Ліндэман даказаў трансцэндэнтнасць ліку π і тым самым невырашальнасць задачы такім спосабам — яе можна рашыць з выкарыстаннем некаторых трансцэндэнтных крывых, напр., квадратрысаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕМІНЕ́ (сапр.Мамедвелі; каля 1770—1840),
туркменскі паэт. Вучыўся ў Бухары. Аўтар сатыр. вершаў, накіраваных супраць духавенства і феадалаў. Яму прыпісваюць аўтарства тэматычна блізкіх да сатыры анекдотаў. У творах пра сац. няроўнасць заклікаў да актыўнасці і адзінства, сцвярджаў ідэалы свабоды і шчасця. Пісаў таксама інтымна-лірычныя вершы. Захавалася каля 40 вершаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІСЛО́ТНЫЯ ФАРБАВА́ЛЬНІКІ,
водарастваральныя арган. фарбавальнікі, якія маюць у малекуле кіслотныя групы: сульфагрупу SO3H, карбаксільную групу COOH. Паводле хім. класіфікацыі К.ф. — пераважна азафарбавальнікі, антрахінонавыя фарбавальнікі і трыфенілметанавыя фарбавальнікі. Вырабляюць К.ф. ў выглядзе натрыевых солей, якія пры дысацыяцыі ў вадзе ўтвараюць афарбаваныя аніёны. Выкарыстоўваюць для фарбавання бялковых (шэрсць, натуральны шоўк) і поліамідных валокнаў, а таксама скуры, паперы, вырабу чарніла.