КАНВЕРГЕ́НЦЫІ ТЭО́РЫЯ,

1) тэорыі аб паступовым збліжэнні розных сац.-паліт. сістэм на аснове паглыблення ўзаемасувязі, узаемадзеяння і ўзаемаўплыву паміж імі. Бярэ пачатак у канцэпцыі «стадый эканамічнага росту» амер. сацыёлага У.Ростаў, паводле якой капіталізм і сацыялізм — гэта толькі розныя варыянты «адзінага індустрыяльнага грамадства», а яго структура не залежыць ад характару форм уласнасці і грамадскіх адносін. Розныя аспекты К.т. распрацоўвалі Дж.Голбрэйт, П.Сарокін (ЗША), Р.Ароп, Ж.Фурасцье, Ф.Перу (Францыя), Я.Тынберген (Нідэрланды), Х.Шэльскі, О.Флехтхейм (ФРГ), А.Дз.Сахараў (СССР) і інш. Яны зыходзілі з таго, што аб’ектыўныя працэсы развіцця НТР і інтэрнацыяналізацыі эканам., паліт. і культ. дзейнасці, неабходнасць сумеснага вырашэння глабальных праблем чалавецтва непазбежна прывядуць да ўзнікнення новага змешанага грамадства, якое будзе спалучаць рысы і ўласцівасці капіталізму і сацыялізму. Паводле К.т., сустрэчнае збліжэнне гэтых дзвюх сусв. сістэм, прызнанне прыярытэту агульначалавечых каштоўнасцей і інтарэсаў з’яўляюцца адзіным шляхам спынення тэрмаядзернай і экалагічнай гібелі чалавецтва, пераадолення голаду, галечы і беднасці ў розных рэгіёнах Зямлі. У 1970-я г. ў рамках К.т. распрацавана канцэпцыя «асіміляцыі» капіталізмам сацыяліст. ладу шляхам яго лібералізацыі, плюралізму і г.д. (З.Бжэзінскі, Р.Хантынгтан, К.Менерт, Э.Гелнер). Атрымала пашырэнне таксама канцэпцыя т.зв. «негатыўнай канвергенцыі», у адпаведнасці з якой процілеглыя сац.-паліт. сістэмы засвойваюць адна ў адной больш адмоўнага, чым станоўчага, што вядзе да крызісу сучаснай цывілізацыі як цэлага (Р.Хейлбранер, Г.Маркузе, Ю.Хабермас і інш.). Ідэя канвергенцыі застаецца актуальнай і ў канцы 20 ст.. калі размежаванне паміж краінамі капіталізму і постсацыялізму праходзіць не па лініі паліт. ўладкавання, а па лініі ўзроўню развіцця. Асн. элементамі сучаснай канвергенцыі прынята лічыць станаўленне рыначнай эканомікі, прававой дзяржавы, развіццё грамадзянскай супольнасці, міждзяржаўнай інтэграцыі і супрацоўніцтва, прызнанне суверэннага права народаў самім вызначаць свой лёс.

2) Тэорыя псіхал. развіцця дзіцяці, распрацаваная ў пач. 20 ст. ням. псіхолагам В.Штэрнам. Засноўвалася на тым, што псіхал. развіццё дзіцяці вызначаецца канвергенцыяй унутраных (фактар спадчыннасці) і знешніх (навакольнае асяроддзе) умоў пры дамінуючай ролі фактару спадчыннасці.

С.Ф.Дубянецкі.

т. 7, с. 574

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КВЕТКАВО́ДСТВА,

галіна раслінаводства, якая займаецца вырошчваннем кветкава-дэкаратыўных раслін для ўпрыгожвання садоў, паркаў, вуліц, плошчаў, сквераў, азелянення памяшканняў, забеспячэння насельніцтва кветкамі; частка зялёнага будаўніцтва. Бывае адкрытага і ахаванага грунту, а таксама пакаёвае.

К. вядома з глыбокай старажытнасці (Стараж. Егіпет, Месапатамія, Грэцыя, Рым). Захапленне прыгожымі іншаземнымі раслінамі спрыяла іх пашырэнню за межы прыродных арэалаў: з Амерыкі ў Еўропу трапілі вяргіні і флёксы, з Азіі — бэз, з Кітая і Японіі — азалеі і інш. У выніку селекцыйнай работы ў сусв, асартымент кветкава-дэкар. раслін увайшло мноства сартоў, у т. л. больш за 100 тыс. гладыёлусаў, 40 тыс. руж, 30 тыс. касачоў, 12 тыс. вяргінь, 3 тыс. цюльпанаў і інш. К. шырока прадстаўлена ва ўсіх краінах свету, асабліва ў Нідэрландах, Францыі, Італіі, Германіі, Расіі, Даніі, Балгарыі, Польшчы, Японіі, Ізраілі, Індыі; развіта ў ЗША, Канадзе, Калумбіі, Аўстраліі, Паўд. Афрыцы. К. базіруецца на высокім узроўні інтэнсіфікацыі і з’яўляецца вельмі прыбытковай таварнай галіной. У большасці краін перавага аддаецца вырошчванню культур на зразанне: руж, рэмантантных гваздзікоў, хрызантэм, фрэзій, цюльпанаў, нарцысаў, лілей, гіяцынтаў, гербер, архідэй, анемон і інш. У краінах Еўропы вял. попыт на вазонныя кветкавыя расліны: бегоніі, азалеі, фуксіі, пеларгоніі, хрызантэмы, сенполіі, з дэкаратыўных — на фікусы, драцэны, плюшчы, кактусы, юкі.

На Беларусі кветкі здаўна выкарыстоўваюць для ўпрыгожвання жылых памяшканняў. З пач. 18 ст. К. пашырылася ў аранжарэях магнацкіх уладанняў. Прамысл. К. у рэспубліцы займаюцца 15 спецыялізаваных гаспадарак, якія вырошчваюць кветкі на зразанне і пасадачны матэрыял. Гэта пераважна гаспадаркі па азеляненні, размешчаныя вакол буйных гарадоў. Вял. ўклад у развіццё галіны робіць Цэнтральны батанічны сад Нац. АН Беларусі, які займаецца інтрадукцыяй, акліматызацыяй і развядзеннем кветкавых, дэкаратыўных і лекавых раслін, таксама Беларускі НДІ садоўніцтва, агародніцтва і бульбы, доследная гаспадарка Лошыца 1-я. Шмат аматараў-кветкаводаў вырошчваюць кветкі для сябе і на продаж. Некат. прамысл. прадпрыемствы вырошчваюць кветкі для ўнутрызаводскага азелянення.

Н.І.Жураўская.

Да арт. Кветкаводства: 1 — цюльпаны; 2 — півоня; 3 — ружы; 4 — ландышы; 5 — нарцыс; 6 — сухацветнікі.

т. 8, с. 215

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ́ТАРНА-ГУКАВО́Е ПІСЬМО́, алфавітнае пісьмо,

адзін з тыпаў пісьма, асобныя знакі якога (літары) перадаюць пераважна адзін гук. Гэта можа быць фанема, алафон або любая фанема ў межах пэўнай групы акустычна падобных гукаў; часам літары злучаюцца па 2, 3 і 4 для абазначэння адной фанемы (ням. sch «ш», tsch «ч»). Перавага Л.-г. п. над інш. тлумачыцца прастатой, меншай колькасцю знакаў і лёгкасцю перадачы граматычных форм слоў. Такімі сістэмамі карыстаецца большасць народаў свету. Амаль усе яны паходзяць ад фінікійскага пісьма, пабудаванага паводле кансанантна-гукавога прынцыпу. На яго аснове ўзніклі арамейскае пісьмо і грэчаскае пісьмо, якія далі пачатак большасці алфавітных сістэм. У алфавітах, што складаліся на аснове фінікійскага пісьма, найчасцей захоўваліся назвы фінікійскіх літар і парадак іх у алфавіце. Арамейскі алфавіт стаў крыніцай арабскага пісьма (да 6 ст. н.э.), яўрэйскага пісьма (з 3 ст. да н.э.), іранскага пісьма (з 2 ст. да н.э.). Грэч. пісьмо, якое паступова распалася на зах.-грэч. і ўсх.-грэч., дало пачатак усім еўрап. алфавітам. На аснове зах.-грэч. ўзнікла этрускае пісьмо (з 7 ст. да н.э.), на аснове этрускага — лац. алфавіт (гл. Лацінскае пісьмо), які ў эпоху Рым. імперыі і ў сярэдневякоўі набыў міжнар. характар, а пазней стаў крыніцай франц., ням., англ., італьян. і інш. нац. пісьмовых сістэм зах.-еўрап. народаў. З усх.-грэч. ў 5—4 ст. да н.э. развілося класічнае грэч., потым візант. пісьмо, якое ў 9 ст. лягло ў аснову слав. кірылаўскага пісьма — кірыліцы. Кірыліца выкарыстоўвалася ў старабел. пісьменнасці. Ф.Скарына стварыў друкарскі варыянт старабел. алфавіта, які стаў узорам для інш. усх.-слав. друкароў. Бел. пісьмовая сістэма сфарміравалася пад уплывам рус. грамадзянскага шрыфту, створанага ў выніку Пятроўскай рэформы 1708—10. Пытанне пра паходжанне другога слав. пісьма глаголіцы не вырашана.

Літ.:

Фридрих И. История письма: Пер. с нем. М., 1979;

Павленко Н.А. История письма. 2 изд. Мн., 1987.

А.М.Булыка.

т. 9, с. 298

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЮ́ДЗІ «ПАХО́ЖЫЯ»,

«людзі вольныя», феадальна-залежныя сяляне ў ВКЛ у 15—1-й пал. 17 ст., якія карысталіся правам вольнага пераходу ад аднаго феадала да другога і не былі прымацаваны да зямлі, як айчызныя людзі, людзі «непахожыя» або чэлядзь нявольная. Лічыліся асабіста вольнымі. У 15 ст. Л.«п.» складалі найб. групу сялянства. У актах 16 ст. Л.«п.» называюцца таксама людзьмі прыбылымі, «прыхожымі». Пераходзячы да інш. землеўладальніка, Л.«п.» павінны былі выплаціць грашовы эквівалент усіх павіннасцей, выканаць умовы «выхаду» і папярэдзіць пра гэта землеўладальніка. Л.«п.» маглі ўзяць з сабой сваю маёмасць. Феадал не меў права затрымліваць выхад Л.«п.» ці прысвойваць іх рухомыя рэчы («дамовыя статкі»). Колькасць Л.«п.» скарачалася па меры ўзмацнення паліт. правоў шляхты. У Статутах ВКЛ 1529 і 1566 тэрмін даўнасці, паводле якога «пахожы» селянін траціў права пераходу і станавіўся «непахожым», не быў агавораны, хоць у Статуце ВКЛ 1529 прыводзіцца 10-гадовы тэрмін земскай даўнасці. Гэты артыкул Статута феадалы Беларусі і дзярж. апарат выкарыстоўвалі, каб запрыгоніць Л.«п.», што пражылі ў іх маёнтках больш за 10 гадоў. Статут ВКЛ 1588 канстатаваў узмацненне працэсу запрыгоньвання Л.«п.». «Пахожы» селянін мог пайсці ад феадала, толькі адпрацаваўшы льготныя гады або заплаціўшы па 6 грошаў за льготны тыдзень. Калі ж «пахожы» селянін прабыў («засидел») у пана 10 гадоў, то незалежна ад таго, атрымліваў ад шляхціца дапамогу ці не, ён пазбаўляўся права пераходу і разам з дзецьмі пераводзіўся ў становішча отчыча. Ён мог адкупіцца, аддаўшы пану 10 коп грошаў і выплаціўшы атрыманую ад пана дапамогу. Але заплаціць такія грошы селянін фактычна не меў магчымасці. Збеглых Л.«п.» феадалы адшуквалі ўжо як отчычаў. У канцы 16—1-й пал. 17 ст. «пахожыя» і «непахожыя» сяляне зліліся ў адну групу прыгоннага сялянства.

А.П.Грыцкевіч.

т. 9, с. 402

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАЦЫЯНА́ЛЬНАЕ ВЫЗВАЛЕ́ННЕ,

сацыяльна-паліт. працэс і вынік барацьбы супраць нац., эканам., паліт. і інш. прыгнёту за дасягненне незалежнасці (суверэнітэту) і стварэння самаст. нац. дзяржаўнасці. Праяўленні барацьбы за Н.в. вядомы здаўна (напр., барацьба паўд. славян супраць тур. панавання), аднак яе пашырэнне звязана з развіццём капіталізму, фарміраваннем нацый і нац. культур, стварэннем нац. дзяржаў у Зах. Еўропе і Паўн. Амерыцы (Нідэрландская буржуазная рэвалюцыя, вайна за незалежнасць у ЗША). Найбольшыя маштабы Н.в. мела ў 20 ст., калі яно набыло глабальны характар і прывяло да краху шматнацыянальных калан. імперый. Нац. незалежнасць заваявалі Кітай. Індыя, Інданезія, Пакістан, інш. краіны Азіі, Афрыкі, Лац. Амерыкі. Н.в. ажыццяўляецца ў форме нац.-вызв. рэвалюцыі, якая часта набывае характар шматгадовай узбр. барацьбы супраць замежных прыгнятальнікаў (напр., у Кітаі), ці ў форме мірнага эвалюцыйнага руху ў кірунку незалежнасці, калі ў канчатковым выніку ўлада перадаецца нац. ўраду мірным шляхам, як гэта адбылося ў Індыі. Н.в. з’яўляецца вынікам барацьбы, складанага ўзаемаперапляцення этнанац., паліт., сац., рэліг., сацыякультурных і інш. грамадскіх сіл. што складаюць масавую базу гэтага працэсу. Узначальваць рух за Н.в. могуць розныя супольнасці і арг-цыі: нац.-бурж., рэв.-дэмакр., сацыяліст., феад.-манархічныя і інш. Значны ўклад у фарміраванне бел. нац. ідэі і асэнсавання неабходнасці барацьбы за Н.в. зрабілі сваёй творчасцю Т.Нарбут, Я.Чачот, В.Дунін-Марцінкевіч, Ф.Багушэвіч, А.Гурыновіч і інш. Важнай вяхой у барацьбе бел. народа за Н.в. з’явілася паўстанне пад кіраўніцтвам К.Каліноўскага і выданне ім нелегальнай рэв.-дэмакр. газ. «Мужыцкая праўда», у якой выяўлены асн. арыенціры нац.-вызв. барацьбы бел. народа. Істотны ўклад у Н.в. беларусаў зрабіла ў 1906—15 газ. «Наша ніва», актыўная дзейнасць плеяды класікаў бел. л-ры, грамадска-паліт. дзеячаў Я.Купалы, Я.Коласа, М.Багдановіча, А.Пашкевіч, А.Гаруна, Ц.Гартнага, М.Гарэцкага і інш. Нац.-вызв. барацьба бел. народа прывяла да абвяшчэння ў 1918 Бел. Нар. Рэспублікі, у 1919 — БССР, у 1991 — Рэспублікі Беларусь як незалежнай, суверэннай і самаст. дзяржавы. Гл. таксама Беларускі нацыянальна-вызваленчы рух, Нацыянал-дэмакратызм, Нацыянальнае самавызначэнне.

Я.М.Бабосаў.

т. 11, с. 225

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЭРУ́ДА (Neruda) Пабла [сапр. Рэес Басуальта

(Reyes Basoalto) Нефталі Рыкарда; 12.7.1904, г. Параль, Чылі — 23.9.1973], чылійскі паэт, грамадскі дзеяч. Вучыўся ў ін-це г. Сант’яга. У 1927—43, 1970—72 на дыпламат. рабоце. У 1949—52 у эміграцыі. Друкаваўся з 1917. Псеўданім абраў пад уражаннем творчасці чэш. паэта Я.Неруды. У зб-ках «Дваццаць вершаў пра каханне і адна песня роспачы» (1924),

«Месцажыхарства — зямля» (ч. 1—2, 1933—35), «Іспанія ў сэрцы» (1937), «Вінаграднікі і вятры» (1954), «Оды спрадвечным рэчам» (кн. 1—3, 1954—57), «Камяні Чылі» (1961), «Баркарола» (1967), «Мора і званы» (1973), «Адзінокая ружа», «Зімовы сад», «Кніга пытанняў», «Выбраныя недахопы» (усе выд. 1974), драме ў вершах «Зорка і смерць Хаакіна Мур’еты» (1967), паэме «Усеагульная песня» (1950) і інш. тэмы адказнасці мастака перад чалавецтвам, мужнасці і самаахвярнасці барацьбітоў за мір і справядлівасць, адданасці радзіме, кахання. Аўтар паэт. аўтабіяграфіі «Мемарыял Чорнага вострава» (т. 1—5, 1964), кн. ўспамінаў «Прызнаюся: я жыў» (выд. 1974). Яго творчасць адметная разнастайнасцю маст. прыёмаў, асацыятыўнасцю, смелай вобразнасцю, спалучэннем лірычна-спавядальнага з гратэскава-сатыр. і гумарыстычным, рэаліст. з авангардысцкім. На бел. мову яго вершы пераклалі Р.Барадулін, Г.Бураўкін, А.Вялюгін, С.Грахоўскі, А.Грачанікаў, Х.Жычка, М.Калачынскі, І.Калеснік, Г.Кляўко, А.Куляшоў, А.Лойка, Я.Семяжон, М.Стральцоў, М.Танк, К.Шэрман. Магілёўскі абл. т-р лялек (1980) і Дзярж. т-р лялек (1981) паставілі спектаклі «Зорка і смерць Хаакіна Мур’еты». Міжнар. прэмія Міру 1950. Міжнар. Ленінская прэмія «За ўмацаванне міру паміж народамі» 1953. Нобелеўская прэмія 1971.

Тв.:

Бел. пер. — Крыві бунтоўнай кроплі: Лірыка. Мн., 1976;

у кн.: Кахаць — гэта значыць... Старонкі з паэзіі свету. Мн., 1986;

Рус. пер.Собр. соч. Т. 1—4. М., 1978—79;

Признаюсь: я жил: Воспоминания. 2 изд. М., 1988.

Літ.:

Осповат Л. Пабло Неруда: Очерк творчества. М., 1960;

Венок Неруде. М., 1974;

Тейтельбойм В. Неруда: Пер. с исп. М., 1988;

Пабло Неруда: Биобиблиогр. указ. М., 1960.

Е.А.Лявонава.

П.Нэруда.

т. 11, с. 399

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

e

э; ах; эх; ай; эй; гэй; о; ого;

e, jaka to nagroda! — ай, што гэта за ўзнагарода!;

e, chodź no tu! — эй (гэй), хадзі сюды!;

e, to z pana majster! — о (ого), дык вы майстар!

Польска-беларускі слоўнік (Я. Волкава, В. Авілава, 2004, правапіс да 2008 г.)

betka

м. (przy kim/czym) дробязь (у параўнанні з кім/чым);

to co zrobili ci chuligani, to betka przy wandalach z Radzymina — тое, што зрабілі гэтыя хуліганы, гэта “кветачкі” (дробязь) у параўнанні з вандаламі з Радзыміна.

Польска-беларускі слоўнік (Я. Волкава, В. Авілава, 2004, правапіс да 2008 г.)

bezwzględnie

1. бязлітасна, няшчадна; сурова;

traktować kogo bezwzględnie — жорстка ставіцца да каго;

2. абсалютна; безумоўна; цалкам, зусім;

ufać komu bezwzględnie — абсалютна (безумоўна) давяраць каму;

3. безумоўна; абавязкова; пэўна;

to bezwzględnie trzeba zobaczyć — гэта абавязкова трэба пабачыць

Польска-беларускі слоўнік (Я. Волкава, В. Авілава, 2004, правапіс да 2008 г.)

kto

хто;

kto to jest? — хто гэта?;

kto bądź — хто-небудзь;

sprawdź, kto przyszedł — паглядзі, хто прыйшоў;

kto rano wstaje, temu Pan Bóg daje прык. хто рана ўстае, таму Бог дае; хто дбае, той і мае

Польска-беларускі слоўнік (Я. Волкава, В. Авілава, 2004, правапіс да 2008 г.)