ЛЕС,

прыродны комплекс згуртаванняў лясных раслін і жывёл з пэўным геагр. асяроддзем; адзін з асн. тыпаў расліннага покрыва Зямлі. Узнаўляльны прыродны рэсурс, які забяспечвае ўстойлівасць біясферы. Важны кампанент геагр. ландшафтаў. Складаецца з сукупнасці дрэвавых, кустовых і травяністых раслін, дзе гал. роля належыць дрэвам. Пашыраны на ўсіх кантынентах (акрамя Антарктыды). Займае больш за 27% сушы. Біямаса Л. — 90% наземнай біямасы. Л. вывучае лесазнаўства, лесаводства і інш.

Структура Л. залежыць ад фіз.-геагр. умоў асяроддзя, відавога складу і біял. асаблівасцей раслін (гл. Біягеацэноз). Для Л. характэрна ярусная будова. Звычайна вылучаюць дрэвавыя ярусы (дрэвастой), ярус кустовага падлеску, кусцікавае, паўкусцікавае і травяністае покрыва, ярус імхоў і лішайнікаў, пазаярусныя расліны (ліяны, эпіфітныя расліны на ствалах і ў кронах дрэў). У залежнасці ад складу, умоў і асаблівасцей развіцця вылучаюць вечназялёныя лясы (вільготныя трапічныя, мангравыя, хвойныя; гл. адпаведныя арт.), лістападныя лясы (дробна- і шыракалістыя, мусонныя, саванныя і інш.). Паводле тыпу аднаўлення адрозніваюць насенныя і парасткавыя, паводле паходжання — натуральныя і штучнаствораныя, паводле гісторыі фарміравання — карэнныя і другасныя, па складзе парод — чыстыя і мяшаныя. Л. уздзейнічае на працэсы глебаўтварэння, клімат, кругаварот вільгаці, з’яўляецца адным з планетарных акумулятараў жывога рэчыва ў біясферы; актыўна ўзаемадзейнічае з трапасферай і вызначае ўзровень кіслароднага і вугляроднага абмену. Выконвае водаахоўную, глебаахоўную, рэкрэацыйную і інш. функцыі. Выключная роля Л. ў экалагічнай раўнавазе біясферы, захаванні генет. разнастайнасці раслін і жывёл, як крыніц рэсурсаў для розных галін прам-сці, сельскай гаспадаркі і інш. робяць неабходнымі мерапрыемствы па ахове лясоў, аднаўленні лясоў, лесаразеядзенні.

На Беларусі агульная пл. Л. 8,68 млн. га (1997), лесаўкрытая (без прагалін, высечак, гараў) 7 млн. га, або 35,4% тэр. краіны. Лясістасць асобных раёнаў ад 10 (Нясвіжскі) да 60% (Лельчыцкі). Найб. лясныя масівы на раўнінах (напр., Цэнтральнабярэзінскай) і нізінах (Полацкай, Верхнебярэзінскай, Верхнянёманскай), у Прыпяцкім і Мазырскім Палессі. Растуць 28 абарыгенных відаў дрэў і каля 80 відаў кустоў, паўкустоў і кусцікаў. Асн. лесаўтваральныя пароды — хвоя, елка, дуб чарэшчаты, бярозы павіслая і пушыстая, асіна, вольхі чорная і шэрая, ясень, граб, клён вастралісты і ліпа драбналістая. У поймах рэк і на забалочаных глебах участкі таполі белай і чорнай, зараснікі вярбы, бярозы нізкай. Тыповыя Л.: хвойныя (хваёвыя лясы, яловыя лясы), шыракалістыя (грабавыя лясы, дубовыя лясы, ясянёвыя лясы), драбналістыя вытворныя (асінавыя лясы, бярозавыя лясы, шэраальховыя лясы), карэнныя лісцевыя балотныя (пушыстабярозавыя лясы, чорнаальховыя лясы). Пераважаюць хваёвыя Л., яловых менш па Пд (на Палессі трапляюцца рэдка), дубовых — на Пн. У паўн. ч. рэспублікі ўсх.-еўрап. Л. паўднёватаежнага тыпу, у асн. яловыя цемнахвойныя, у паўд. ч. пашыраны шыракалістыя Л. зах.-еўрап. тыпу, у цэнтр. ч. — тыя і другія. Занальнае змяненне Л. пакладзена ў аснову геабатанічнага раянавання.

Літ.:

Юркевич И.Д., Гельтман В.С. География, типология и районирование лесной растительности Белоруссии. Мн., 1965;

Морозов Г.Ф. Избр. труды. Т. 1—2. М., 1970—71;

Мелехов И.С. Лесоведение. М., 1980;

Лесная энциклопедия. Т. 1—2. М., 1985—86.

А.​В.​Пугачэўскі.

т. 9, с. 212

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІСІЯНЕ́РСТВА (ад лац. missio пасылка, даручэнне),

форма дзейнасці рэліг. арг-цый па распаўсюджванні свайго веравучэння і культу сярод іншаверцаў. Характэрна для ўсіх сусв. рэлігій, найб. пашырана ў хрысціянстве. Дзейнасць першых місіянераў у Зах. Еўропе звязана з пашырэннем хрысціянства як пануючай ідэалогіі феад. грамадства. Місіянерская дзейнасць каталіцкай царквы ў 10—13 ст. спалучалася з жорсткімі крыжовымі паходамі, прымусовым хрышчэннем мясц. насельніцтва. Намаганні правасл. місіянераў садзейнічалі распаўсюджванню хрысціянства сярод малалікіх народаў Расіі на Поўначы, Урале, у Сібіры, а таксама ў Амерыцы (Аляска, Каліфорнія), Кітаі, Японіі і інш. У 15—16 ст. М. стала часткай дзейнасці ордэнаў францысканцаў, бенедыкцінцаў, дамініканцаў, езуітаў. Місіянеры пракладвалі шлях заваёўнікам — салдатам і купцам еўрап. краін, іх дзейнасць суправаджалася знішчэннем помнікаў нац. культуры як язычніцкіх, іншаверных. У 18—19 ст. ствараліся пратэстанцкія місіянерскія т-вы — Нідэрландскае (1792), Лонданскае (1795), Англійскае (1797), Берлінскае (1824), якія кіравалі дзейнасцю евангелічных місій. М. адыграла значную ролю ў барацьбе за перадзел свету. Асаблівая актыўнасць у гэтым належала Ватыкану і створанай пры ім кангрэгацыі прапаганды веры. Пасля 1-й сусв. вайны ў энцыкліках рым. пап намечана новая тактыка Ватыкана, якая прадугледжвала падрыхтоўку каталіцкага духавенства і місіянераў з мясц. насельніцтва з мэтай прыстасавання прапаганды да мясц. звычаяў і нораваў. Разам з тым М. садзейнічала пашырэнню сан.-гігіенічных ведаў, лячэнню хвароб і барацьбе з эпідэміямі, вывучэнню еўрап. моў і авалоданню дасягненнямі еўрап. культуры (стварэнне і дзейнасць місіянерскіх школ, дзіцячых дамоў, бальніц, бібліятэк і г.д.).

На тэр. Вял. кн. Літоўскага місіянерскую дзейнасць шырока праводзілі каталіцкія манахі т. зв. жабрацкіх ордэнаў (гл. Ордэны манаскія), езуіты. Місіянерскія пляцоўкі знаходзіліся ў Вільні (засн. 1695, з 1803 дзейнічала школа, дзе навучалі чытанню, пісьму, арыфметыцы, лац. і рус. мовам, катэхізісу, маральным навукам), у Асвеі (1788), Лыскаве (1751, з 1757 дзейнічала павятовая 6-класная школа, шпіталь), Оршы (1752), Сямяцічах (1719), Смілавічах (1747), Смолінску (1808, парафія і школка), Тыкоціне (1751). Дзейнічалі таксама семінарыі ў Магілёве (1783), Мінску (1804), Беластоку, Краславе, рэзідэнцыя ў Ігумене. У 1921—39 актыўную місіянерскую дзейнасць у Зах. Беларусі вяла каталіцкая царква, а таксама баптысты, евангельскія хрысціяне, пяцідзесятнікі.

У канцы 20 ст. формы і метады М. змяніліся. Ордэн езуітаў у 1965 распрацаваў сучасныя прынцыпы М., у іх ліку навучанне або абуджэнне веры як адказ на пытанні людзей, выкарыстанне нац. мовы, рэалістычнае ўспрыняцце сучаснай цывілізацыі, дыялогі і кантакты, аб’яднанне місіянерскай і пастырскай дзейнасці і інш. У аснову дзейнасці пратэстанцкай царквы пакладзена евангелізацыя — распаўсюджванне і ўкараненне ў сістэму мясц. культ.-гіст. традыцый і веравызнання асн. палажэнняў хрысц. веравучэння, яго абрадавай практыкі і адпаведнага светапогляду. У краінах і рэгіёнах, дзе маюць месца секулярызацыйныя тэндэнцыі або атэістычныя настроі, пастаўлена мэта рэевангелізацыі, пераўтварэння традыц. канфесій і плыняў у састаўную частку абвешчанага місіянерамі вучэння. З істотнымі грашовымі ўліваннямі з-за мяжы звязана М. ў Беларусі, дзе выкарыстоўваюцца такія яго формы, як аказанне гуманіт. дапамогі, выкарыстанне сродкаў масавай інфармацыі, арэнда залаў, стадыёнаў для агітацыйнай работы, арг-цыя паездак за мяжу і інш.

І.​В.​Катляроў.

т. 10, с. 472

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЁМАНСКАЕ ШКЛО мастацкае,

вырабы са шкла (посуд, вазы, скульптура, творы манум.-дэкар. мастацтва) шклозавода «Нёман». Традыцыі Н.ш. закладзены ў 2-й пал. 19 ст. майстрамі гутаў хутара Устрынь-Боркі (1875), урочышча Малодзіна (цяпер г. Бярозаўка Лідскага р-на Гродзенскай вобл.). Посуд і прадметы раскошы (маст. шкло) выраблялі метадамі прасавання, выдзімання ў нерухомыя і рухомыя формы (ціхае выдзіманне), свабоднага фармавання з бясколернага, каляровага празрыстага і глушанага шкла. Пры дэкарыраванні вырабаў выкарыстоўваліся алмазная і шырокая грань, гравіроўка, люстр, размалёўка эмалямі і золатам, светлае і глыбокае траўленне, налепы, скульптурная пластыка, каляровыя ніці. У 1880—1914 прасаваныя і ціхавыдзіманыя вырабы пакрывалі нізкарэльефным дэкорам з матывамі неаготыкі і неаракако. Віцці аканта, ракайлевыя грабеньчыкі і краты, выявы анёлаў, дробныя раслінныя элементы мудрагеліста кампанаваліся на паверхні пасудзін і рэчаў. Прасаваныя і свабодна фармаваныя вырабы часта дадаткова дэкарыравалі гутнымі пластычнымі аздобамі (фігуркамі людзей, жывёл, птушак, каляровымі ніткамі). Выдзіманыя масавыя вырабы ў 1890—1920-я г. ствараліся ў стылі мадэрн, пазней — пад уплывам чэш. шкла і школы «Баўгауз» — функцыяналізму, канструктывізму і кубізму. Сярод размалёвак пераважалі пейзажныя і кветкавыя кампазіцыі, якія стылістычна набліжаюцца да размалёвак на бел. дыванах пач. 20 ст. У 1940 — сярэдзіне 1950-х г. пераважаў выраб посуду з каляровага накладнога (2—3-слойнага) жоўтага, зялёнага, сіняга, фіялетавага і чырвонага шкла па бясколерным і малочным, аздоблены шліфаваным геам. і зрэдку расл. арнаментам. З 1956 на з-дзе працуюць прафес. мастакі, работы якіх сталі значным укладам у распрацоўку маст. шкла. Н.ш. гэтага часу характарызуецца класіцыстычнай прастатой высакародных форм гладкасценнага недэкарыраванага посуду са слабаафарбаванага шкла пастэльных, пераважна дымчатых колераў. Для серыйных і дэкар. вырабаў характэрна скульптурна-вобразнае вырашэнне. У 1969 майстар А.​Федаркоў распрацаваў новы метад дэкарыравання вырабаў сульфідна-цынкавым шклом пад назвай «нёманская ніць». У 1970-я г. распрацаваны новыя віды ўзбагачэння малюнкаў фактуры спосабам ціхага выдзімання, што дало магчымасць выкарыстоўваць разнастайныя выяўл. і асацыятыўныя сродкі пры стварэнні маст. вобразаў. У 1980-я г. створана брыгада па вырабе масавых рэчаў у тэхніцы пракатнага маліравання. Сучаснае Н.ш. характарызуецца разнастайнасцю маст. стылістыкі і тэхнік формаўтварэння (гута, прэс, рухомае і ціхае выдзіманне, рыфленне, пракатнае маліраванне), шырокім выкарыстаннем розных тэхнік дэкарыравання — халоднага (алмазная грань, шліфоўка, пескаструменная тэхніка, фотадрук, размалёўка) і гутнага (прылепы, пячаткі, аплікацыі, дробная пластыка, каляровая крошка, ніці сульфідныя, крыялітавыя, каляровыя, бясколерныя). Сярод вядучых мастакоў Н.ш. — А.​Анішчык, К.​Вакс, В.​Дзівінская, У.​Жохаў, Г.​Ісаевіч, Т.​Малышава, У.​Мурахвер, Л.​Мягкова, С.​Раўдвеэ, В.​Сазыкіна, Г.​Сідарэвіч, Федаркоў і інш.

Літ.:

Беларускае мастацкае шкло: [Альбом]. Мн., 1978;

Яніцкая М.М. Беларускае мастацкае шкло, XIX — пачатак XX ст. Мн., 1984.

М.​М.​Яніцкая.

Да арт. Нёманскае шкло. Г.​Сідарэвіч. Дэкаратыўныя пласты «Цішыня». 1985.
Да арт. Нёманскае шкло. Л.​Мягкова. Кампазіцыя «Антык». 1996.
Да арт. Нёманскае шкло. У.​Мурахвер. Дэкаратыўная скульптура «Ефрасіння». 1999.

т. 11, с. 308

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУХАВЕ́НСТВА,

асобная іерархічная карпарацыя прафес. служак культу ў розных рэлігіях, якая выконвае ролю пасрэдніка паміж Богам і вернікамі, ажыццяўляе арганізац., магічна-культавыя дзеянні і прапаведуе веравучэнне пэўнай рэлігіі. Д. сфарміравалася ў стараж. часы на аснове жрэцтва і па сутнасці з’яўляецца прадаўжальнікам яго традыцый. У залежнасці ад свайго становішча і функцыі ў царкве Д. падзяляецца на вышэйшае і ніжэйшае. У некат. рэлігіях прадстаўнікоў вышэйшага Д. шануюць як намеснікаў Бога на зямлі (папа рымскі ў каталіцызме) або як увасабленне бажаства (далай-лама ў ламаізме, кіраўнік секты ісмаілітаў). У шэрагу рэлігій Д. падзяляецца на белае (абслугоўвае прыход, храмы; складаецца з асоб жанатых, што знаходзяцца ў адным шлюбе, неразведзеных) і чорнае (спалучае манаства са свяшчэнніцкім санам, дае зарок бясшлюбнасці, поўнага паслушэнства і г.д.). У першых хрысц. абшчынах Д. не існавала. У 2 ст. склаўся ін-т епіскапаў (кіраўнікоў хрысц. абшчын), у 4 ст. пашырылася манаства, потым на аснове епіскапату ўзнікла папства. Канчаткова ў хрысціянстве Д. сфарміравалася ў 5 ст., пасля таго, як яно стала дзярж. рэлігіяй Рымскай імперыі. У Стараж. Русі, у т. л. і Беларусі, куды хрысціянства прыйшло ў канцы 10—11 ст. з Візантыі, паступова фарміраваліся кадры свяшчэннаслужыцеляў, усталёўвалася выразная царк.-адм. структура, якая складалася з епархій на чале з епіскапамі. Узначальваў іерархію Д. кіеўскі мітрапаліт, што падпарадкоўваўся канстанцінопальскаму патрыярху. У 1448 на чале Рус. правасл. царквы быў пастаўлены мітрапаліт Маскоўскі і ўсяе Русі. У 1589 вышэйшы правасл. іерарх быў пасвячоны ў сан патрыярха. У 14—16 ст. амаль усю тэр. Беларусі ахоплівала Віленскае біскупства (дыяцэз), якое налічвала 259 парафій каталіцкай царквы. Д. тут было прадстаўлена арцыбіскупамі, біскупамі, суфраганамі (памочнікамі біскупаў), плябанамі, вікарыямі і інш. Падобная структура Д. была характэрна і для Беларускай грэка-каталіцкай царквы, якая ўсталявалася ў выніку Брэсцкай уніі 1596. У 1790 у 14 бел. паветах ВКЛ было 143 правасл., 1199 уніяцкіх, 83 рымска-каталіцкія і 16 кальвінісцкіх прыходаў. У канцы 19 — пач. 20 ст. на Беларусі служылі 104 протаіерэі, 1924 святары, 234 протадыяканы, дыяканы і паддыяканы, 1911 псаломшчыкаў, прычэтнікаў, пеўчых і званароў. З 2-й пал. 16 ст. на Беларусі разгарнула дзейнасць і стварыла свае абшчыны пратэстанцкае Д. — кальвіністы, лютэране, антытрынітарыі. Мячэці мусульм. абшчын, якія таксама дзейнічалі на Беларусі, абслугоўваліся муламі (імамамі) і муэдзінамі (памочнікамі).

Рэліг. жыццё і дзейнасць Д. на Беларусі сталі актыўна адраджацца ў 1990-я г. На пач. 1997 зарэгістравана 37 рэліг. канфесій (афіцыйна дзейнічаюць больш як 20), 2120 рэліг. абшчын. Правасл. епархіі ўзначальваюць 2 архіепіскапы і 8 епіскапаў, кіраўніком Беларускай праваслаўнай царквы з’яўляецца мітрапаліт Мінскі, Слуцкі, патрыяршы экзарх усяе Беларусі Філарэт. У благачынных акругах (аб’ядноўваюць 964 прыходы) служаць больш за 900 свяшчэннікаў. Вышэйшую іерархію каталіцкай царквы (аб’ядноўвае 362 прыходы) з 1994 узначальвае мітрапаліт мінскі і магілёўскі Казімір Свёнтак. Дэкан Бел. грэка-каталіцкай царквы (уваходзяць 11 абшчын) Ян Матусевіч. Розныя катэгорыі Д. абслугоўваюць 332 абшчыны Саюза хрысціян веры евангельскай, 37 — адвентыстаў сёмага дня, 14 — сведкаў Іеговы, 33 — старавераў, 22 мусульм. абшчыны, 15 іудзейскіх абшчын і інш. Падрыхтоўкай Д. на Беларусі займаюцца духоўныя навучальныя ўстановы.

Т.​І.​Адула.

т. 6, с. 265

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

І́КАНАПІС, пісанне абразоў (ікон),

від жывапісу (пераважна сярэдневяковага), рэліг. па тэматыцы і сюжэтах, культавага па прызначэнні. Найб. характэрны для ўсх. хрысціянства. Узнік і развіваўся як важны элемент візант. культуры і рэгіёнаў, мастацтва якіх зведала яе ўплыў. Тэхніка І. блізкая да станковага жывапісу, аднак яго творы — абразы, што звычайна ўваходзяць у адзіны ідэйна-маст. комплекс з архітэктурай, дэкар.-прыкладным мастацтвам і ў ансамбль іканастаса, не разглядаюцца як цалкам станковыя творы.

Найбольш стараж. творы І. (6 ст.) паходзяць з Пярэдняй Азіі і захаваліся ў сінайскіх манастырах. Узнік на аснове познаэліністычнай традыцыі пахавальных партрэтаў (гл. Фаюмскі партрэт). Паводле царк. паданняў, сімвалічнае аблічча Хрыста цудоўным чынам захавалася на ўбрусе (хусце), а прататыпы абразоў Маці Божай намаляваны евангелістам Лукой. Іканаграфія святых і евангельскіх падзей склалася пераважна ў Візантыі і пазней паўтаралася праз іканапісныя дапаможнікі У маст. практыцы выпрацавалася сістэма ўмоўных прыёмаў адлюстравання рэчаіснасці: адсутнасць перадачы аб’ёмаў і трохвымернай прасторы, адасоблены, часта «залаты» фон, падпарадкаванне адлюстравання мэтам сімвалічнага ці апавядальнага сэнсу кампазіцыі. Гал. ролю ў фарміраванні вобразнага ладу твораў І. меў кампазіцыйна-рытмічны пачатак, выразнасць лініі і колеру, часцей лакальнага. Ідэйнага і маст. росквіту І. Візантыі дасягнуў у 11—12 ст., творы таго часу сталі кананічнымі. У 14—15 ст. склаўся рус. І. (Феафан Грэк, А.Рублёў, Дыянісій), які ў 17 ст. перажыў карэнныя змены пад уплывам еўрап. мастацтва праз пасрэдніцтва бел., укр., польскіх мастакоў (майстры Аружэйнай палаты). Самабытныя школы І. існавалі ў копцкім Егіпце, Эфіопіі, Грузіі, у балканскім і карпацкім рэгіёнах. Цэласнасць эстэт. прынцыпаў І. была падарвана крызісам сярэдневяковага светаўяўлення і развіццём культуры Адраджэння. Напачатку І. перайшоў да кампрамісных форм, што было выклікана рэаліст. пошукамі ў асобных краінах, пазней заняпаў і наблізіўся да рамяства.

На Беларусі І. узнік з прыняццем хрысціянства. Да 16 ст. развіваўся на аснове візант. традыцый, паступова засвойваў рэаліст. рысы зах.-еўрап. сакральнага мастацтва. У 16—1-й пал. 17 ст. склалася самабытная беларуская іканапісная школа, якой характэрна візант. духоўная і іканаграфічная аснова ў спалучэнні з рэальнасцю вобразаў, уключэннем ў біблейскія сюжэты этнагр. элементаў, простанароднасць тыпажу, пэўная маст. свабода выканаўцаў. Праіснавала яна да сярэдзіны 19 ст., калі страціла сваю самабытнасць і прыйшла ў заняпад. Іл. гл. таксама да арт. Абраз, Беларуская іканапісная школа.

Літ.:

Жывапіс Беларусі XII—XVIII ст.: [Альбом]. Мн., 1980;

Алпатов М.В. Древнерусская иконопись. М., 1984;

Іканапіс Беларусі XV—XVIII стст. 3 выд. Мн., 1995.

А.​А.​Ярашэвіч.

Да арт. Іканапіс. Спас Нерукатворны. З Успенскага сабора ў Маскве. 12 ст.
Да арт. Іканапіс. Багародзіца Адзігітрыя. Абраз іканастаса Ражэнскага манастыра. 17 ст. Балгарыя.
Да арт. Іканапіс. Святая Агнеса з Марыяй і маленькім Ісусам. Апошняя чвэрць 15 ст. Кёльнскі жывапісец (Германія).
Да арт. Іканапіс. Параскева. Сярэдзіна — 2-я пал. 16 ст. беларуская іканапісная школа.
Да арт. Іканапіс. Выбраныя святыя: Васіль Вялікі, Грыгорый Багаслоў, Іаан Златавуст. 2-я пал. 18 ст. Беларуская іканапісная школа. Шарашоўскі майстар.
Да арт. Іканапіс. Мадонна з маленькім Ісусам. Канстанцінопаль. 1200.
Да арт. Іканапіс. Тадэа ды Бартала. Мадонна з дзіцем. 15 ст. Італія.

т. 7, с. 190

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІНАКАМЕ́ДЫЯ,

жанр кінамастацтва, творы якога адлюстроўваюць камед. характары і сітуацыі, выклікаюць смех гледачоў; адносяцца да эстэт. катэгорыі камічнага. Бывае эксцэнтрычная, лірычная, сатыр., фантаст., абсурдная, парадыйная, кінавадэвіль, кінафарс, трагікамедыя і інш.

Першыя К. — «Паліты палівальшчык» (1895, Францыя, рэж. Л.​Люм’ер). Распрацоўка жанру К. звязана з дзейнасцю франц. (М.​Ліндэр, Р.​Клер, Фернандэль, Бурвіль, Ж.​Таці, П.​Этэкс, Л дэ Фюнес, П.​Рышар), амер. (М.​Сенет, Б.​Кітан, Г.​Лойд, браты Маркс, М.​Брукс, В.​Ален і асабліва Ч.​Чаплін, які аб’яднаў эксцэнтрыку з лірыка-рамант. і трагікамічнымі элементамі), італьян. (П.​Джэрмі, В. Дэ Сіка, Тато, А.​Сордзі, М.​Мастраяні, А.​Чэлентана) камед. школ. Для сав. К. характэрна ўзмацненне сац. функцый. Вял. ўклад у яе развіццё зрабілі рэж. Я.​Пратазанаў, Б.​Барвет, Р.​Аляксандраў, І.​Пыр’еў, А.​Мядзведкін, Э.​Разанаў, Л.​Гайдай, Г.​Данелія, акцёры І.​Ільінскі, В.​Марэцкая, Э.​Гарын, Л.​Арлова, М Кручкоў, М.​Жараў, Ф.​Ранеўская, С.​Марцінсон, Р.​Плят, М.​Пугаўкін, Г.​Віцын, Л.​Гурчанка, Р.​Быкаў, Ю.​Нікулін, Я.​Лявонаў, А.​Міронаў, А.​Папанаў, Л.​Кураўлёў, Л.​Ахеджакава і інш.

У бел. кіно канца 1920—30-х г. створаны быт. і сатыр. К.: «Джэнтльмен і певень» (1929, рэж. У.​Балюзак), «Паручнік Кіжэ» (1934, рэж. А.​Файнцымер), «Дзяўчына спяшаецца на спатканне» (1936, рэж. М.​Вернер); лірычныя К.: «Шукальнікі шчасця» (1936) і «Маё каханне» (1940, абедзве рэж. У.​Корш-Саблін), «Маска» і «Мянтуз» (1938, рэж. С.​Сплашноў), «Мядзведзь» (1938) і «Чалавек у футарале» (1939, рэж. І.​Аненскі; апошнія 4 паводле А.​Чэхава). Экранізаваны камед. спектаклі па творах бел. драматургаў: Я.​Купалы «Паўлінка» (1952) і В.​Вольскага «Несцерка» (1955; рэж. А.​Зархі), К.​Крапівы «Пяюць жаваранкі» (1953, рэж. Корш-Саблін і К.​Саннікаў) і «Хто смяецца апошнім (1954, рэж. Корш-Саблін), А.​Макаёнка «Лявоніха на арбіце» («Рагаты бастыён», 1975, рэж. П.​Васілеўскі), М.​Матукоўскага «Амністыя» («Траянскі конь», 1980) і «Мудрамер» (1988; рэж. В.​Панамароў) і інш. Шмат створана дзіцячых эксцэнтрычных, муз., прыгодніцкіх К.: «Па сакрэту ўсяму свету» (1976, маст. кіраўнік І.​Дабралюбаў, рэж. Ю.​Аксачанка, У.​Папоў, Дз.​Міхлееў, В.​Канеўскі), «Капітан схлусі-галава» (1979, рэж. М.​Лук’янаў), «Ціхія троечнікі» (1980, рэж. В.​Нікіфараў), «Як я быў вундэркіндам» (1983, рэж. Я.​Маркоўскі), «Не забудзьце выключыць тэлевізар» (1987, рэж. Лук’янаў), серыя кароткаметражных фільмаў «Кешка і іншыя» (1991—93, рэж. Б.​Берднер) і інш. Сярод бел. К. апошніх дзесяцігоддзяў: «Белыя росы» (1983, рэж. Дабралюбаў), «Не разумею» (рэж.

Н.​Шылок) і «Філіял» (рэж. Маркоўскі), 1988; «Чырвоны востраў» (1991, рэж. А.​Фянько), «Хачу ў Амерыку» (1992, рэж. С.​Ніканенка), «Кааператыў «Палітбюро» (1993) і «Гульня ўяўлення» (1995, рэж. М.​Пташук).

Літ.:

Юренев Р.Н. Советская кинокомедия. М., 1964;

Комики мирового экрана. М., 1966;

История белорусского кино. Кн. 1—2. Мн., 1969—70;

Волков А.А. Эксцентрическая кинокомедия. М., 1977;

Кушниров М.А. На экране — кинокомедия. М., 1983;

Трауберг Л.З. Мир наизнанку: Соц.-критич. мотивы в американской кинокомической 1910—1930-х гг. М., 1984.

Л.​М.​Зайцава.

т. 8, с. 264

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРШАБЫ́ТНАЕ МАСТА́ЦТВА,

мастацтва эпохі першабытнага грамадства. Пачатковыя імпульсы выяўл. дзейнасці вядомы ў неандэртальцаў, фарміраванне П.м. адносіцца да позняга палеаліту і паяўлення сучаснага чалавека (40—30 тыс. г. назад). Найб. стараж. помнікі П.м. выяўлены ў Зах. Еўропе, пераважна на тэр. Францыі і Іспаніі (наскальныя размалёўкі ў пячоры Альтаміра і інш.), Афрыцы (наскальныя выявы на плато Тасілін-Аджэр), а таксама ў Італіі, Аўстрыі, Чэхіі, на Урале, Каўказе і інш. У абарыгенаў Аўстраліі, Акіяніі, эскімосаў Канады, некат. народаў Афрыкі, Паўд. Амерыкі і Паўн.-Усх. Сібіры П.м. захавалася да нашых часоў. Першапачаткова П.м. не было аформлена ў асобны від дзейнасці і было звязана з прац. працэсам, паляўнічай (пазней і аграрнай) магіяй, выяўляла асн. жыццёвыя інтарэсы і светаўяўленне першабытнага чалавека, адухоўленне сіл прыроды (гл. Анімізм), культ жывёл — прабацькоў роду (гл. Татэмізм) і інш. Сярод матываў П.м. пашыраны гравіраваныя, рэльефныя і жывапісныя выявы (гл. Наскальнае мастацтва) жывёл — аб’ектаў палявання, схематычныя фігуры чалавека, каменныя і касцяныя статуэткі жанчын з гіпертрафіраванымі формамі цела і схематызаванымі галовамі (т. зв. «палеалітычныя Венеры», магчыма, звязаныя з культам прамаці), абагульнена-выразныя скульпт. фігуркі жывёл і іх гравіраваныя выявы на косці і камені, просты геам. арнамент на посудзе і прыладах працы, пятрогліфы. Помнікі П.м. эпохі палеаліту вызначаюцца яркай, стыхійнай рэалістычнасцю перадачы знешняга выгляду, звычак жывёл. У познім палеаліце зарадзілася архітэктура: паглыбленыя ў зямлю жытлы, дамы на па́лях, культавыя комплексы з вял. камянёў (гл. Кромлех, Дальмен) і інш. У мастацтве мезаліту павялічваецца схематызм, пашыраюцца шматфігурныя кампазіцыі, выявы чалавека ў дзеянні (сцэны паляванняў, бітваў і інш.). Развіццё керамікі, ткацтва, металаапрацоўкі абумовіла пашырэнне і ўскладненне мастацтва арнаменту, спрыяла вылучэнню дэкар.-прыкладнога мастацтва ў самаст. від творчай дзейнасці. На мяжы бронзавага і жал. вякоў у сцяпных стэпавых народаў Еўразіі пашырыўся «звярыны стыль». У перыяд разлажэння першабытнаабшчынных адносін пачалі ўзнікаць развітыя віды выяўл. і дэкар.-прыкладнога мастацтва.

На тэр. Беларусі знаходкі выяўл. П.м. вядомы з мезалітычнага часу (арнаментаваныя касцяныя наканечнікі, гравіраваныя выявы мужчын і звяроў). На неалітычных стаянках сустракаюцца арнаментаваныя касцяныя вырабы, упрыгожанні з косці, зубоў, бурштыну, дробныя пластычныя выявы людзей, жывёл і птушак з дрэва, рогу, косці. Арнамент на керамічным посудзе пераважна штампаваны і пракрэслены, складзены з ямак, наколаў, насечак, грабеньчатых адбіткаў, ліній. У канцы неаліту і ў бронзавым веку паявіліся сімвалічныя выявы нябесных свяціл, а таксама сімвалы плоднасці. Для ранніх этапаў бронзавага веку Беларусі характэрна суіснаванне маст. традыцый мясц. паляўнічых з абстрактным стылем маст. творчасці земляробаў. У П.м. жал. веку на Беларусі развівалася дэкар.-прыкладное мастацтва. Буйныя скульптурныя формы, характэрныя для канца жал. веку, прадстаўлены каменнымі ідаламі. Адчуваліся ўплывы з Прычарнамор’я, Цэнтр. Еўропы і Прыбалтыйскага рэгіёна.

Літ.:

Гісторыя беларускага мастацтва. Т. 1. Мн., 1987;

Мириманов В.Б. Первобытное и традиционное искусство. М., 1973;

Мировая художественная культура: Хрестоматия. [Т.] 1. Художественная культура первобытного общества. СПб., 1994;

Столяр А.Д. Происхождение изобразительного искусства. М., 1985;

Формозов А.А. Памятники первобытного искусства на территории СССР. 2 изд. М., 1980.

С.​У.​Пешын, М.​М.​Чарняўскі.

Да арт. Першабытнае мастацтва. Першабытны мастак. З мал. З.​Бурыяна.

т. 12, с. 306

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Вярста́1 ’мера даўжыні = 1,067 км’ (БРС, КТС, Бяльк., Сцяшк. МГ), вэрста́ (Бес.), ст.-бел. верста = 1554,6 м. Укр. верста, верства ’вярста, верставы слуп’, рус. верста ’рад, парадак, лінія, прамая лінія’; ’вярста, верставы слуп’; ’высокі чалавек’, ст.-рус. верста, вьрста, връета ’вярста’ (з XI ст.), польск. wiorsta, чэш., славац. versta, славен. vŕsta, серб.-харв. вр́ста, балг. верста. Прасл. vьrsta ’паварот плуга’ побач з vьrstь узыходзяць да дзеяслова vьrtěti > vьrt‑ta > vьrsta (Гараеў, 1896, 66; Праабражэнскі, 1, 76; Міклашыч, 384; Брукнер, 603; КЭСРЯ, 76; Фасмер, 1, 300; Скок, 3, 629; БЕР, 1, 189; Махэк₂, 700–701; Голуб-Копечны, 423; Патабня, Из записок, 1, 13–16; Скурат, Меры, 28–31). Яна першапачаткова абазначала ’даўжыню баразны, якая ўтваралася ад аднаго да другога павароту плуга (сахі)’, пасля — ’даўжыню баразны’ і, нарэшце, — ’меру даўжыні’. Мае і.-е. адпаведнікі: літ. varsnà, var̃snas ’гон’, var̃štas ’паварот плуга, вярста’ (Траўтман, 355), ст.-інд. vr̥ttáḥ ’круглы’, vr̥ttam ’круг’ (Майргофер, 21, 246), лац. vorsus, versus ’баразна, рад, радок’, оск.-умбр. vorsus ’мера поля’; ’абарот’, н.-перс. gird ’круг’. Вальдэ₂ (824) аспрэчвае гэта.

Вярста́2 ’мера дроў, складзеных на ўсю шырыню і вышыню папярочнай сцяны хлява або іншага будынка’ (Інстр. III, Шат.), ст.-дар. ’доўгая сцірта дроў’ (З нар. сл.), вірста́ ’парэзаныя і пашчапаныя дровы, складзеныя сціртою’ (лаг., КЭС), а таксама вярста ’капа сена’ (Жд., 3) і лях. верста́ ’ўкладка сена на краі стога’ (Мат. канф. МДПІ, 1966). Да вярста́1 і (гл.), значэнне якой ’баразна’, але ў дадзеным выпадку азначала ’пласт, слой’, якое ў адных гаворках канкрэтызавалася ў ’пласт дроў’ → ’дровы, пластамі складзеныя ў штабель’, у другіх — ’пласт сена’ → ’капа сена (якая ўтваралася з пластоў)’. Значэнне ’пласт, слой’ характэрна зах.-слав. мовам: польск. warstwa, н.-луж. warsta, в.-луж. woršta, worštwa, чэш. vrstva, vrstev, brstva, славац. vrstva, дзе яно таксама магло канкрэтызавацца: чэш., славац. vrstva ’спосаб укладання снапоў (у стозе, у пуні)’, в.-луж. worštwa ’сцірта дроў, засек для снапоў’, worštowc ’штабель дроў’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тхор, тхур, тху͡ор, тхір, тхыр, хор(ь) ‘шашок, драпежная жывёліна сямейства куніцавых, Mustela putorius’ (ТСБМ, Нас., Некр. і Байк., Бяльк., Касп., Клім., Бес., Сцяшк., Дразд., Др.-Падб., Вруб., ТС, Гарэц., Пятк. 2; паўд.-бел., Сл. ПЗБ; усх.-віц., маг., ваўк., віл., гарад., свісл., ЛА, 1): седзі моўчкі, тхуор у нары (Сержп. Прык.), тхор, тхорь ‘тс’ (Растарг.); ст.-бел. тхоръ ‘тс’, ‘футра тхара’ (ГСБМ), перан. тхор ‘баязлівец’ (Нас.), сюды ж тхары́ць ‘баяцца, палохацца’, тхарлі́вы ‘палахлівы’ (Некр. і Байк.), тхарава́ты ‘нелюдзімы, пануры (пра чалавека)’ (Рэг. сл. Віц.). Параўн. укр. тхір, хір, рус. хорь, хорёк, тхорь, стараж.-рус. дъхорь, дохорь, тхорь; польск. tchórz, tkórz, twórz, tfórz, tórz, ćkórz, каш. tvȯř, славін. tk​ȯ́ř, н.-луж. twóŕ, в.-луж. tkhóŕ, tchór, twór, чэш. tchoř, schoř, zhoř, ст.-чэш. dchoř, славац. tchor, славен. thȏr, dihúr, dehȏr, харв., tvȏr, vȍr, fȍr, por, torec, серб. тво̑р, тор, хор, то̏рац, балг. твор, трор, тор, то́рче, тръ́рче, пхорь, пор, по́рът, макед. твор, пор. Прасл. *dъxoŕь першапачаткова ‘смярдзючка’ (Бернекер, 1, 101; SP, 5, 153; Сной₂, 109; Фасмер, 4, 270; Махэк₂, 643; Скок, 1, 374; Бязлай, 1, 101; ЭССЯ, 5, 177–178; ЕСУМ, 5, 689–670). Утворана ад дзеяслова *dъxnǫti ‘смярдзець’ пры дапамозе суф. *‑oŕь. Уласцівасць тхара выдаваць з сябе смярдзючы пах выклікала шэраг падобных утварэнняў ад іншых дзеясловаў з такой жа семантыкай: смярдзюк (Жыв. сл.), польск. śmierdziel, славен. smrdak, smrduh, харв. smŕdelj, серб. смр̏дљивац, макед. смрдушка, смрдуљка (< прасл. *smŕ̥děti ‘смярдзець’), рус. дыял. бздюх ‘тхор’ (< прасл. *pьzděti ‘псаваць паветра’), а таксама ў неславянскіх мовах, напрыклад, франц. putois < ст.-франц. put ‘смярдзючы’ < лац. puter ‘гнілы, трухлявы; смярдзючы’, ‘вялы’. Варыянтнасць пачатку слова назіраецца пасля страты рэдукаваных у выніку прыпадабнення звонкага *d‑ да глухога *t‑ і іншых фанетычных працэсаў. Няма падстаў выводзіць бел. тхор ‘шашок’ з польск. tchórz (Мацкевіч, Сл. ПЗБ, 5, 152), аднак пераноснае значэнне ‘баязлівец’, магчыма, з’яўляецца супольнай інавацыяй або ўтварылася на базе значэння ‘псаваць паветра ў выпадку небяспекі’, што характэрна для жывёліны, ці абазначэння скрытнага характару паводзін чалавека.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ВЕРШАСКЛАДА́ННЕ, версіфікацыя,

сістэма гукавой арганізацыі вершаванай мовы на аснове пэўнай рытміка-інтанацыйнай суладнасці і перыядычнасці. У адпаведнасці з культ. традыцыямі і прасадычнымі асаблівасцямі мовы еўрап. вершаскладанне падзяляецца на дысметрычнае (несувымернае) і метрычнае (размеранае, урэгуляванае). Адзінка сувымернасці вершаў у розных мовах — склад. Асн. фанетычныя характарыстыкі склада (складаўтваральнага галоснага) — вышыня, даўжыня і сіла. Упарадкавацца можа як агульная колькасць складоў (сілабічнае вершаскладанне), так і колькасць складоў пэўнай вышыні (меладычнае вершаскладанне), даўжыні (антычнае, або метрычнае вершаскладанне) і сілы (танічнае вершаскладанне). Звычайна гэтыя фанетычныя прыкметы ўзаемазвязаны, таму існуюць сістэмы, заснаваныя на дзвюх і больш прыкметах (напр., сілаба-меладычнае, сілаба-метрычнае, сілаба-танічнае вершаскладанне). У розных мовах розныя сістэмы вершаскладання развіваюцца па-рознаму. Напр., у рус. мове, дзе вышыня і даўжыня гукаў не з’яўляюцца фаналагічнымі (сэнсавызначальнымі), не развілося меладычнае і метрычнае вершаскладанне. У франц. мове, дзе таксама не фаналагічны націск у слове, не развіліся танічнае і сілаба-танічнае вершаскладанне. Разам з тым не ўсе сістэмы, прыдатныя для пэўнай мовы, атрымліваюць аднолькавае развіццё (напр., стараж.-грэч. мова дазваляла пашырэнне і метрычнага, і танічнага, і сілабічнага вершаскладання, а пераважным стала метрычнае).

У бел. паэзіі склаліся 2 віды дысметрычнага вершаскладання — інтанац.-сказавае і танічнае, або акцэнтнае. Першы з іх заснаваны на гукавой уладкаванасці пэўных сінтаксічных частак ці перыядаў паэт. фразы (напр., стараж. ўзоры нар. паданняў, асобныя ўрыўкі «Слова пра паход Ігараў»). Танічны верш заснаваны на раўнамернасці т.зв. моцных акцэнтаў у рытмарадзе, якія падкрэсліваюць сэнсавую і структурную ролю пэўных слоў. Да танічнага верша звярталіся амаль усе бел. пісьменнікі (паэма «Безназоўнае» Я.​Купалы, «Сымон-музыка» Я.​Коласа, «Сцяг брыгады» А.​Куляшова). Найб. развітыя і арыгінальныя ўзоры антычнага вершаскладання ёсць у творчасці бел. паэтаў-лаціністаў 16—17 ст. Я.​Вісліцкага, М.​Гусоўскага і інш. Зараджэнне бел. сілабікі ў 16—17 ст. звязана з дзейнасцю Ф.​Скарыны, Я.​Пашкевіча, Сімяона Полацкага. Нягледзячы на сваю неадпаведнасць прасодыі бел. мовы, сілабічнае вершаскладанне праіснавала амаль да канца 19 ст. і было важным этапам у гіст. развіцці нац. паэзіі. У творчасці В.​Дуніна-Марцінкевіча, Ф.​Багушэвіча і інш. прадстаўнікоў новай бел. л-ры сілабічнае вершаскладанне мадэрнізавалася і ўзбагацілася. Пад уплывам нар.-песенных формаў, жывых традыцый гутарковай мовы яно прыкметна танізавалася, набліжаючыся да сілаба-танічнага гучання (пачатак паэмы «Гапон» Дуніна-Марцінкевіча). Паралельна з гэтым у пач. 19 ст. пад уплывам рус. і ўкр. літаратур зарадзілася і бел. сілабатоніка (паэмы «Энеіда навыварат», «Тарас на Парнасе»). Працэс сінтэзу сілабічных і танічных прынцыпаў вершаскладання завяршыўся ў канцы 19 ст. (цыкл «Песні» Багушэвіча, вершы і байкі Я.​Лучыны, А.​Гурыновіча). У пач. 20 ст. сілаба-танічнае вершаскладанне стала пануючым у бел. паэзіі. Для яго характэрна максімальная танізацыя вершаванай мовы, кандэнсацыя энергіі рытму на самых значных у сэнсавых адносінах словах, шырокае выкарыстанне сродкаў эмац. падкрэслівання (эмац. звароты і выклічнікі, паўзы, міжрадковыя пераносы, паўторы, гукаперайманні). Істотную выяўл. ролю адыгрывае страфа як вышэйшая форма арганізацыі верша. У сувязі з далейшым паглыбленнем сац.-эстэтычных і філас. асноў сучаснай бел. паэзіі побач з традыц. формамі сілабатонікі ўсё большае пашырэнне набывае свабодны верш, які будуецца на чаргаванні эквівалентных па гучанні рытмарадоў, аб’яднаных адзінствам думкі, дынамізмам унутр. лірычнай плыні.

Літ.:

Лазарук М.А., Ленсу А.Я. Пытанні тэорыі літаратуры. М., 1964;

Ралько І.Д. Беларускі верш: Старонкі гісторыі і тэорыі. Мн., 1969;

Грынчык М.М. Шляхі беларускага вершаскладання. Мн., 1973;

Рагойша В.П. Паэтычны слоўнік. 2 выд. Мн., 1987.

М.​М.​Грынчык.

т. 4, с. 113

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)