ЯНПО́ЛЬСКІ Борух Залманавіч (10.4.1898, г. Глухаў, Украіна —5.12.1975),
бел. акцёр. Засл. арт. Беларусі (1946). Скончыў студыю пры Дзярж.яўр. т-ры Беларусі (1931) і працаваў у гэтым т-ры. У 1936—58 у Бел. т-ры імя Я.Купалы. У 1960—67 рэжысёр Белдзяржфілармоніі. Выканаўца камед. і характарных роляў. Майстар эпізоду. Створаныя ім вобразы вылучаліся выразнай формай, яркімі сцэн. дэталямі ў раскрыцці характару: Батура («Партызаны» К.Крапівы), Нічыпар («Пагібель воўка» Э.Самуйлёнка), Маёр («Канстанцін Заслонаў» А.Маўзона), Ігнат Буйніцкі («Шчасце паэта» В.Віткі), Аптэкар («Рамэо. і Джульета» У.Шэкспіра), маркіз Рыкарда («Сабака на сене» Лопэ дэ Вэгі), Лефлеш («Скупы» Мальера), Харытонаў («Рускія людзі» К.Сіманава), Ракала («За тых, хто ў моры!» Б.Лаўранёва) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУРЭ́ЙЧЫК Андрэй Уладзіміравіч (н. 14.1.1980, Мінск),
бел. драматург, рэжысёр, тэатр. крытык. Скончыў БДУ (2000). З 2002 працуе ў «Белорусской газете». Друкуецца з 1999. Піша на рус. мове. Аўтар п’ес «П’емонцкі звер» (паст. 2001 Нац. т-рам імя Я.Купалы; 2003 Нац. т-рам імя Я.Коласа, Маскоўскім маст.акад. т-рам імя А.Чэхава; 2004 Рэсп. т-рам бел. драматургіі), «Згублены рай» (паст. 2002 т-рам імя Я.Купалы), «Ілюзіён» (паст. 2003 Маскоўскім т-рам імя У.Маякоўскага), «Крылы» (паст. 2003 Бел.дзярж. маладзёжным т-рам), «Сямейны вечар» (паст. 2003 т-рам імя Я.Купалы) і інш. Зняўся ў фільмах «Дунечка», «Акупацыя» (абодва 2003). Заснавальнік Міжнар. фестывалю сучаснага тэатра «Адкрыты фармат» (з 2003).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРА́НДА (Brando) Марлан (н. 3.4.1924, г. Омаха, ЗША),
амерыканскі акцёр. Вучыўся ў школе драм. мастацтва (Нью-Йорк, 1943). З 1944 іграў на Брадвеі. Вядомасць атрымаў пасля выканання ролі Стэнлі Кавальскага ў спектаклі «Трамвай «Жаданне» Т.Уільямса. З 1950 здымаецца ў кіно. Мае ўласны стыль акцёрскай ігры — разнавіднасць сістэмы Станіслаўскага, прыстасаваная да кінакамеры. Выканаўца гал. роляў у драмах, камедыях, вестэрнах, дзе стварыў вобраз бунтоўнага героя, які не ў стане падтрымліваць сувязі з грамадствам: «Віва, Зана!», «Апошняе танга ў Парыжы», «Мужчыны», экранізацыя «Трамвая «Жаданне», «Апакаліпсіс», «У порце» (прэмія «Оскар», 1955), «Хросны бацька» (прэмія «Оскар», 1973, не прыняў) і інш. Супрацоўнічае з рэжысёрамі Ф.Копалай, Б.Берталучы, А.Пенам, Дж.Х’юстанам, Э.Дзмітрыкам. Як рэжысёр зняў вестэрн «Два аблічча помсты» (1960) і выканаў у ім гал. ролю.
Існаваў у 1956—62 у Бабруйску. Створаны як Бабруйскі бел. вандроўны калгасна-саўгасны т-р. Адкрыўся 1.1.1957 спектаклем «Раскіданае гняздо» Я.Купалы. Трупа складалася з акцёраў Тэатра драмы і камедыі пры Белдзяржэстрадзе, выпускнікоў Бел.тэатр.-маст. ін-та і ўдзельнікаў маст. самадзейнасці. Гал.рэжысёр А.Аркадзьеў. Тэатр ставіў класічныя творы, п’есы бел., рус., укр. драматургаў. Найб. поспехам карысталіся спектаклі з жыцця бел. калгаснай вёскі з камедыйным гучаннем: «Цені знікаюць» С.Свірыдава, «Нячыстая сіла» Г.Стафанскага, «Чалавек вярнуўся» і «Дзіўны дом» П.Васілеўскага, «Вясёлка» і «Антэй» М.Заруднага, «Кухарка» і «Кухарка замужам» А.Сафронава і інш. З пач. 1960-х г. пераважалі муз.-драм. спектаклі («Небяспечны ўзрост» С.Нарыньяні, «Курортнае знаёмства» М.Віннікава, «Вяселле ў Малінаўцы» Б.Аляксандрава). 17.12.1962 рэарганізаваны ў Бабруйскі музычна-драматычны тэатр.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТУА́Н (Antoine) Андрэ (31.1.1858, г. Лімож — 19.10.1943),
французскі рэжысёр і акцёр, тэарэтык т-ра. Арганізатар і дырэктар свабоднага т-ра (1887—95) і Т-ра Антуана (1897—1906), дырэктар т-ра «Адэон» (1906—14). З 1914 працаваў у кіно, займаўся тэатр. крытыкай. Прыхільнік і прапагандыст эстэт. прынцыпаў Э.Заля, адстойваў рэалізм у тэатр. мастацтве. Выступаў супраць рамесніцкай «касавай» драматургіі, за ўключэнне ў рэпертуар парыжскіх т-раў прагрэс.франц. і замежнай драмы. Паставіў інсцэніроўкі паводле рамана бр. Ганкур, п’есы Ж.Рэнара, Л.Талстога («Улада цемры», 1888), Г.Ібсена («Здані», 1890), Г.Гаўптмана («Ткачы», 1893) і інш. Выступаў супраць штампаў у акцёрскім і рэжысёрскім мастацтве. Характарны акцёр, майстар мізансцэны. З лепшых роляў: Освальд («Здані»), Акім («Улада цемры») і інш.
Літ.:
Антуан А. Дневники директора театра, 1887—1906: Пер. с фр.М.; Л., 1939.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛО́ЎБЕК (Holoubek) Густаў (н. 21.4.1923, г. Кракаў, Польшча),
польскі акцёр і рэжысёр. Праф. Вышэйшай тэатр. школы (Варшава). Скончыў Вышэйшую тэатр. школу ў Кракаве. З 1947 у т-рах Кракава і Катавіц, з 1957 у розных т-рах Варшавы (у т. л. ў 1969—87 у Т-ры Драматычным, у 1972—82 адначасова дырэктар). Акцёрскае мастацтва Галоўбека вызначаецца высокай інтэлектуальнасцю, строгасцю ў падборы выразных сродкаў разам з глыбокай унутр. засяроджанасцю. Сярод лепшых роляў: Эдып («Эдып» Сафокла), Конрад («Дзяды» А.Міцкевіча), Скрыпач («Разня» С.Мрожака), Лір («Кароль Лір» У.Шэкспіра). Яго лепшая рэжысёрская работа — «Гамлет» Шэкспіра (выканаў таксама гал. ролю). З 1953 здымаецца ў кіно («Пятля», «Супольны пакой», «Санаторый пад Клепсідрай» і інш.). У 1972—81 узначальваў Т-ва польскіх акцёраў т-ра і кіно. Дзярж. прэміі Польшчы 1966, 1978.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛЯ́ГІН Аляксандр Аляксандравіч (н. 25.5.1942, г. Малмыж Кіраўскай вобл., Расія),
расійскі акцёр і рэжысёр. Нар.арт. Расіі (1983). Скончыў Тэатр. вучылішча імя Шчукіна (1965). На сцэне з 1965, з 1971 у МХАТ. Заснавальнік і кіраўнік драм.т-ра «Et cetera» (з 1993).
Творчасці ўласцівы шырокі артыстычны дыяпазон — ад стрыманага драматызму да феерычнага гумару, ад камедыйнасці да тонкага псіхалагічнага аналізу і спавядальнай адкрытасці. Сярод тэатр. роляў: Ленін («Так пераможам!» М.Шатрова, 1981), Аргон («Тарцюф» Мальера, 1981), Пратасаў («Жывы труп» Л.Талстога, 1982), Сіман («Тамада» А.Галіна, 1986) і інш. Здымаецца ў кіно («Свой сярод чужых, чужы сярод сваіх», 1974; «Добры дзень, я ваша цёця!», 1975; «Раба кахання», 1976; «Няскончаная п’еса для механічнага піяніна», 1977; «Допыт», 1979; «Іван, ты абраж», 1992; «Прахіндзіяда», 1994, і інш.). Дзярж. прэміі СССР 1981, 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРМЭ́Н Раман Лазаравіч (29.11.1906, г. Адэса, Украіна — 28.4.1978),
расійскі рэжысёр, аператар, сцэнарыст дакумент. кіно. Нар.арт.СССР (1966). Герой Сац. Працы (1976). Скончыў Дзярж.ін-т кінематаграфіі (1932), з 1960 выкладаў у ім (з 1970 праф.). Фільмы вызначаюцца яскравай аўтарскай інтанацыяй, тэмпераментам, глыбінёй і дакладнасцю аналізу гіст. сітуацыі: «Дзень новага свету» (1940), «Суд народаў» (1947), «Гранада, Гранада, Гранада мая...» (1967), «Таварыш Берлін» (1969), «Чылі — час барацьбы, час трывог» (1973), «Камарадас. Таварыш» (1974, за ўсе прызы Міжнар. кінафестываляў у Лейпцыгу), «Сэрца Карвалана» (1975, прыз Міжнар. кінафестывалю ў Обергаўзене). Кіраваў стварэннем 20-серыйнай эпапеі «Вялікая Айчынная...» (1979; аўтар 2 фільмаў, гал. прыз Міжнар. кінафестывалю ў Лейпцыгу). За міжнар. кінапубліцыстыку і фільмы «Аповесць пра нафтавікоў Каспія» (1953), «Пакарыцелі мора» (1959) Ленінская прэмія 1960. Дзярж. прэміі СССР 1942, 1947, 1952, 1975.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЮ́МАЎ Малік Каюмавіч (н. 22.4.1912, Ташкент),
узбекскі аператар і рэжысёрдакумент. кіно. Нар.арт.СССР (1967). Герой Сац. Працы (1990). Вучыўся ва Усесаюзным дзярж. ін-це кінематаграфіі. Пачынаў як акцёр. З 1933 працаваў на Ташкенцкай студыі кінахронікі, карэспандэнтам «Саюзкінахронікі» ў Сярэдняй Азіі, на ўзб. студыі маст. фільмаў, у 1961—79 дырэктар, маст. кіраўнік Студыі навук.-папулярных і дакумент. фільмаў Узбекістана. Рэж.-аператар фільма «Прыязджайце да нас ва Узбекістан» (1959, прэмія Міжнар. кінафестывалю ў Венецыі) і інш. Зняў фільмы: «Раніца Індыі» (1956), «В’етнам — краіна мая» (1960), «Ад вясны да вясны» (1963, Дзярж. прэмія Узбекістана імя Хамзы 1964), «Ташкент, землетрасенне» (1967), «Залатая Бенгалія» (1973), «Зямельная рэформа» (1980, Дзярж. прэмія СССР 1981), «Хто страляе ў рэспубліку» (1984) і інш.
Літ.:
Караджев Б. Малик Каюмов // Режиссеры советского документального кино. М., 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРАСО́ЎСКАЯ Раіса Ермалаеўна (н. 12.1.1935, Мінск),
бел. артыстка балета. Засл. арт. Беларусі (1964). Скончыла Бел. харэаграфічнае вучылішча (1953). Працавала ў т-рах оперы і балета Чэлябінска і Баку. З 1960 салістка Дзярж.т-ра оперы і балета Беларусі. З 1975 балетмайстар-рэжысёр, з 1989 кіраўнік эстр.-харэаграфічнага ансамбля «Чараўніцы». Танцоўшчыца пераважна характарнага плана. Яе выкананне вызначалася высакароднасцю пластычнай формы, знешняй стрыманасцю пры ўнутр. тэмпераменце. Сярод партый у спектаклях бел. кампазітараў: Марта, Цыганка («Святло і цені», «Пасля балю» Г.Вагнера), Мадэрнісцкая танцоўшчыца, Карчмарка («Мара», «Выбранніца» Я.Глебава). З інш. партый: фея Карабос («Спячая прыгажуня» П.Чайкоўскага), Мерседэс («Дон Кіхот» Л.Мінкуса), Каляровая дзяўчына («Сцежкаю грому» К.Караева). Выканала шэраг характарных танцаў у балетах і операх.