ХАЛЦЭДО́Н (грэч. chalkēdōn ад стараж.г. Халкедон у М. Азіі),
мінерал, скрытакрышталічная паўпразрыстая разнавіднасцькварцу, SiO2; гал. пародаўтваральны мінерал крэменяў, яшмы, крамяністых сланцаў. У саставе Х. вада (да 1,5%), прымесі аксідаў жалеза, алюмінію, марганцу, кальцыю і інш.
Утварае пражылкі, скарынкі. сталактыта- і гронкападобныя нацечныя агрэгаты. канкрэцыі і псеўдамарфозы па драўніне. Разнавіднасці: агат, онікс, сердалік, карнеол (чырвоны), сардэр (буры), хрызапраз (зялёны), сапфірын (блакітны, сіні), махавік (з зял. хларытам) і інш.Цв. 6,5—7. Шчыльн. 2,57—2.64 г/см³. Утвараецца пры нізкатэмпературным гідратэрмальным працэсе ў міндалінах эфузіваў, гідратэрмальных жылах, у асадкавых пародах і інш. Выкарыстоўваецца ў ювелірнай справе, таксама для вырабу лабараторнага посуду, у прыладабудаванні і інш.Гал. радовішчы ў Бразіліі, Уругваі, Індыі, Расіі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧАЧО́ТКА, карэльская бяроза (Betula pendula var. carelica),
кветкавая расліна сям. бярозавых, разнавіднасцьбярозы павіслай. Пашырана ў паўн. і цэнтр.ч. Еўропы. На Беларусі, акрамя паўд.-ўсх. і паўд. раёнаў, расце ўсюды асобнымі дрэвамі, радзей курцінамі ў мяшаных лясах. Бярэзнікі з Ч. ў Боркаўскім і Калінінскім лясніцтвах Івацэвіцкага р-на — помнікі прыроды рэсп. значэння.
Лістападнае дрэва выш. да 25 м або куст. Крона шырокая, раскідзістая, з вілаватым галінаваннем. На ніжняй ч. ствала і галінах утвараюцца наплывы і нарасці розных памераў. Паверхня драўніны пад карой рэльефная, на папярочным зрэзе — характэрны зоркападобны малюнак. Лісце трохвугольна-яйцападобнае. Плод — арэх. Драўніна Ч. жоўтая, вельмі цвёрдая, з прыгожай мармурападобнай тэкстурай, ідзе на выраб мэблі, муз. інструментаў, маст. вырабаў, аддзелку інтэр’ераў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭЛЕКТРАДЫНАМІ́ЧНАЯ ПРЫЛА́ДА,
прылада для вымярэння эл. велічынь (напружання, сілы току, магутнасці і інш.), дзеянне якой заснавана на ўзаемадзеянні магн. палёў рухомай і нерухомай шпуль з токамі. Выкарыстоўваюцца ў якасці пераносных вальтметраў, амперметраў, ватметраў пераменнага току (могуць працаваць і на пастаянным току).
Сярод электравымяральных прылад пераменнага току Э.п. найб. дакладныя (прыведзеная хібнасць не вышэй доляў працэнта). Частату, вуглы зруху фаз, ёмістасць, індуктыўнасць вымяраюць электрадынамічнымі лагометрамі, у якіх адхіленне рухомай часткі вызначаецца суадносінамі токаў у яе шпулях. Асн. недахопы Э.п. — вял. ўласнае спажыванне магутнасці, адчувальнасць да перагрузак і вонкавых магн. палёў. Межы вымярэння Э.п. павялічваюць нерухомымі шпулямі, рэзістарамі, трансфарматарамі напружання і току Разнавіднасць Э.п. — ферадынамічныя прылады.
У.М.Сацута.
Схема электрадынамічнай прылады: 1 і 2 — нерухомая і рухомая шпулі; 3 — вось; 4 — спружына.