ГЕ́ЛЕР (ням. Heller, Haller),

1) разнавіднасць дэнарыя (маса 0,5 г), які з 1200 чаканіў Імперскі манетны двор г. Гале (Швабія).

2) Адна з назваў дэнарыя 14 ст., які чаканіўся ў Кракаве.

3) На тэр. Беларусі з 2-й пал. 15 ст. сярэбраная манета, разменны намінал у адносінах да гроша пражскага. У 14—15 ст. адпавядаў ​1/12, потым ​1/16 гроша. Вядомы пад назвамі «гарэль», «галер», «пенязь галелы». У 17 ст. разменная манета, роўная 6 дэнарыям польскім або 2 шэлегам.

4) Разменная манета Чэхаславакіі (1/100 чэш. кроны).

І.​Ф.​Масько.

т. 5, с. 139

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕМПШЫ́РСКАЯ ПАРО́ДА авечак,

паўтанкарунная, мяса-воўнавага кірунку. Выведзена ў 1-й пал. 19 ст. ў Вялікабрытаніі скрыжаваннем мясц. грубашэрсных і помесных цёмнагаловых авечак з саўтдаўнскімі. Гадуюць у Вялікабрытаніі, Германіі, ЗША і інш. краінах. У СССР выкарыстаны пры вывядзенні горкаўскай і літоўскай чорнагаловай парод.

Авечкі вялікія, з шырокім тулавам, бязрогія, скараспелыя. Тулава светлае, галава цёмная. Жывая маса бараноў 100—110, матак 65—70 кг. Воўна 50—58-й якасці, даўж. 8—10 см, выкарыстоўваецца пераважна на выраб трыкатажу, асабліва каштоўная воўна ягнят.

Баран гемпшырскай пароды.

т. 5, с. 149

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЭ́КА-ЛАЦІ́НСКІЯ ШКО́ЛЫ,

навучальныя ўстановы павышанага тыпу ў Маскве ў 2-й пал. 17 ст. Узніклі па ініцыятыве рас. ўрада, царквы і прыватных асоб (школа Ф.​М.​Рцішчава) у сувязі з патрэбай у адукаваных дыпламатах, настаўніках, прыказных. Школы былі прызначаны вучыць замежным мовам, задавальняць імкненне да ведаў шырокіх слаёў дваранства і пасадскага насельніцтва, павышаць іх агульны культ. ўзровень. Выкладчыкамі былі звычайна святары і манахі. Выкладаліся грэч., лац., царк.-слав. мовы, рыторыка і філасофія. Узнікненне і дзейнасць Грэка-лацінскіх школ садзейнічалі стварэнню ў Маскве Славяна-грэка-лацінскай акадэміі.

т. 5, с. 491

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗРУ́БНАЯ КУЛЬТУ́РА,

археалагічная культура бронзавага веку (2-я пал. 2-га — пач. 1-га тыс. да н.э.), пашыраная ў стэпах і лесастэпах Усх. Еўропы. Выдзелена В.​А.​Гарадцовым у 1901, назва ад пахавальнага абраду. Нябожчыкаў хавалі ў зрубах-ямах, абкладзеных дрэвам, скурчанымі на баку, побач клалі посуд, зброю, прылады працы. Плямёны З.к. займаліся земляробствам і жывёлагадоўляй, жылі ў паўзямлянках, каменных або зрубных жытлах, выраблялі пласкадонны ляпны посуд з геам. арнаментам, бронзавыя прылады працы, зброю, упрыгожанні. Аб’яднанні плямён З.к. адыгралі значную ролю ў фарміраванні кімерыйцаў, а пазней — скіфаў.

т. 7, с. 114

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

І́ВІК, Ібік (Ibykos),

грэчаскі паэт 2-й пал. 6 ст. да н.э. Родам з г. Рэджа-ды-Калабрыя (Італія). Некат. час жыў пры двары тырана Палікрата на в-ве Самас. Стваральнік хвалебнай і любоўнай лірыкі (энкаміі), урачыстай і харавой песні, якая ўхваляла не багоў, а людзей (падзяляюць на 7 кніг, захаваліся фрагменты каля 100 вершаў). Паводле падання, забіты разбойнікамі, якіх знайшлі дзякуючы жоравам. Легенда выкарыстана Ф.​Шылерам у баладзе «Івікавы жоравы» (пер. на рус. мову В.​Жукоўскага).

Тв.:

Рус. пер. — у кн.: Эллинские поэты. М., 1963.

т. 7, с. 159

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

І́ПА,

рака ў Светлагорскім, Калінкавіцкім і Мазырскім р-нах Гомельскай вобл., левы прыток р. Прыпяць. Даўж. 109 км. Пл. вадазбору 1010 км². Пачынаецца за 3 км на ПнЗ ад в. Сякерычы Светлагорскага р-на, цячэ па нізінах Гомельскага і Прыпяцкага Палесся. Асн. прыток — р. Віша (справа). Даліна трапецападобная, у нізоўі скрынкападобная, шыр. 1,5—2 км. Пойма нізкая, шыр. да 1,5 км. Рэчышча ад вытоку на працягу 95 км каналізаванае, шыр. 10—12 м. Замярзае ў канцы снеж., крыгалом у 2-й пал. сакавіка. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 5,9 м³/с.

т. 7, с. 299

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕЙТЭНА́НТ (франц. lieutenant намеснік),

воінскае званне малодшага афіцэрскага саставу ва ўзбр. сілах многіх дзяржаў. Узнікла ў Францыі ў 15 ст., дзе так называлі афіцэра, які быў нам. начальніка. З 2-й пал. 17 ст. ў Францыі і інш. еўрап. дзяржавах чын у арміі і ваен. флоце. У Расіі чын Л. існаваў з пач. 18 ст. на флоце. Ва ўзбр. сілах СССР у 1935 уведзены званні Л. і старшага Л., у 1937 — малодшага Л.; захаваліся ва ўзбр. сілах Рэспублікі Беларусь і інш. дзяржаў. Гл. таксама Званні воінскія.

т. 9, с. 192

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЭ́ЎСКАЯ КЕРА́МІКА,

ганчарныя вырабы з в. Крэва Смаргонскага р-на Гродзенскай вобл. Промысел вядомы з 14 ст. Найб. развіцця дасягнуў у 19—1-й пал. 20 ст. Вылепленыя вырабы дапрацоўвалі на ручным ганчарным крузе з наступным гартаваннем або дымленнем; у 20 ст. посуд рабілі на нажным крузе і глазуравалі, часам аздаблялі падглазурнай ангобнай размалёўкай у выглядзе простых расл. матываў. Посуд вызначаецца ўстойлівымі формамі, выразным S-падобным профілем сценак. З 1950-х г. быт. глазураваныя вырабы нешырокага асартыменту вырабляе кафляны цэх Астравецкага камбіната буд. матэрыялаў (Гродзенская вобл.).

Я.​М.​Сахута.

т. 8, с. 541

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУРА́НТА (франц. courante літар. бягучая),

прыдворны танец італьян. паходжання. Найб. пашыраны на мяжы 16—17 ст. Муз. памер ​2/4, рытм пункцірны. Пазней узніклі 2 віды К. — франц. (тэмп умераны, памер ​3/2 або ​6/4, частая змена рытму, урачысты характар) і італьянская (тэмп хуткі, пастаянны муз. памер ​3/4 або ​3/8). У прафес. музыцы існавала да 1-й пал. 18 ст. як 2-я частка інстр. сюіты (І.​С.​Бах, Г.​Ф.​Гендэль). Вядомы рукапісны зб. «Куранты», у якім змешчаны шэраг кантаў і псальмаў з акрэсленымі бел. рысамі.

т. 9, с. 41

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАШЭ́ВІЦКАЯ УСПЕ́НСКАЯ ЦАРКВА́,

помнік драўлянага дойлідства 17 ст. Пабудавана ў 1642 у в. Кашэвічы Петрыкаўскага р-на Гомельскай вобл. Спачатку мела глыбінна-прасторавую кампазіцыю, складалася з квадратнага ў плане асн. аб’ёму і 5-граннай апсіды. У 2-й пал. 19 ст. да асн. аб’ёму з З прыбудавана 2-ярусная чацверыковая вежа-званіца з дахам складанай канфігурацыі. Асн. аб’ём завершаны 2-ярусным васьмерыком з цыбулепадобным купалам. Апсіда накрыта шатровым дахам з купалком на глухім барабане. Помнік адметны своеасаблівай сістэмай прапорцый, звязанай са стараж.-рус. архітэктурай.

Ю.​А.​Якімовіч.

Кашэвіцкая Успенская царква.

т. 8, с. 202

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)