БЕЛАРУ́СКІ НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ КАМІТЭ́Т (БНК) у Рэгенсбургу, грамадская арганізацыя ў Германіі ў 1945—50, якая займалася культ.-асв., дабрачыннай дзейнасцю сярод бел. эмігрантаў. Створаны ў жн. 1945 у амер.акупац. зоне для прадстаўніцтва бел. пасляваен. эміграцыі. У снеж. 1945 БНК дамогся спынення прымусовай рэпатрыяцыі беларусаў і правоў на арг-цыю бел.нац. лагераў для перамешчаных асоб (былі створаны ў Рэгенсбургу, Міхельсдорфе, Розенгайме, Остэргофене, Ватэнштэце, Мітэнвальдзе і інш.). БНК супрацоўнічаў з амер.акупац. ўладамі, К-там Аб’яднаных Нацый па дапамозе і аднаўленні (ЮНРРА), з інш.нац. камітэтамі па аказанні дабрачыннай дапамогі былым вязням, інвалідам, сіротам. Па ініцыятыве БНК у вер. 1945 у бел. лагерах былі адчынены 2 школы, у снеж. 1945 — першая бел. гімназія на чужыне (гл.Беларуская гімназія імя Янкі Купалы). Дзейнасць БНК спынена ў выніку масавага ад’езду з Германіі бел. эмігрантаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАНЧАРО́ВА (Людміла Мікалаеўна) (н. 19.1.1950, Мінск),
мастак тэатра. Скончыла Бел.тэатр.-маст.ін-т (1973). У 1973—80 маст. рэдактар выд-ва «Беларусь», з 1983 у Нац.акад. т-ры оперы Беларусі (з 1989 мастак-пастаноўшчык). Высокая культура малюнка, сакавітасць і гарманічная прыгажосць каларыту вызначаюць створаныя ёю эскізы касцюмаў да оперы «Кавалер руж» Р.Штрауса (1989), «Пікавая дама» П.Чайкоўскага (1993), балета «Карсар» А.Адана (1991), афармленне опер «Мадалена» С.Пракоф’ева (1989), «Рыгалета» Дж.Вердзі (1994), «Кармэн» Ж.Бізэ (1995), «Князь Ігар» А.Барадзіна (1996), фантазіі «Шэкспір і Вердзі» (1992). Па яе эскізах створаны таксама касцюмы да спектакляў «Залёты» В.Дуніна-Марцінкевіча (1992) у Бел. т-ры імя Я.Коласа, «Ідылія» Дуніна-Марцінкевіча (1993) у Бел. т-ры імя Я.Купалы і інш.
Л.Ганчарова. Эскіз касцюма да оперы «Кавалер руж» Р.Штрауса.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАРО́ШКА (Пятро Ануфрыевіч) (24.12.1910, с. Тупічаў Чарнігаўскай вобл., Украіна),
украінскі пісьменнік. Скончыў Харкаўскі ун-т (1933). Друкуецца з 1928. У зб-ках вершаў «Перад навальніцай» (1935), «Жывыя крыніцы» (1960), «След» (1971) і інш. арганічна спалучаны публіцыстычны пафас і мяккі лірызм, паэтызуюцца краса роднай зямлі і чысціня пачуццяў. У аповесці «Лясная Гута» (1964), рамане «Не паўтары маю долю» (1968) вострыя маральна-этычныя праблемы. Аўтар паэм-прысвячэнняў М.Чарнышэўскаму «Вілюйскі вязень» (1955) і Т.Шаўчэнку «Спалох уначы» (1965), кніг твораў для дзяцей, зб. апавяданняў і ўспамінаў «Ад зары да зары» (1987). Пераклаў на ўкр. мову творы П.Броўкі, Я.Коласа, Я.Купалы, П.Панчанкі. На бел. мову яго творы пераклалі М.Аўрамчык, М.Гамолка, К.Кірэенка.
Тв.:
Вибрані твори. Т. 1—2. Київ, 1980;
Бел.пер. — у кн.: Украінская савецкая паэзія. Мн., 1975. Т. 1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІ́ДАШ ((Hidas) Антал) (18.12.1899, в. Гёдзёлё, Венгрыя — 1980),
венгерскі пісьменнік. У 1920 эмігрыраваў у Чэхаславакію, у 1925 у СССР, дзе ў 1938—44 быў рэпрэсіраваны; рэабілітаваны ў 1955. У 1959 вярнуўся ў Венгрыю. Аўтар зб-каў вершаў «На зямлі контррэвалюцыі» (1925), «Масква — Радзіма» (1934), «Вуліца Язміну» (1960), «Сумуем па табе» (1968), раманаў «Пан Фіцэк» (1936), «Мартан і яго сябры» (1959) і інш., кн. «Шандар Пецёфі» (1949). Паэтыцы Гідаша ўласцівы спалучэнне дэкламацыйна-агітацыйнага пачатку з лірыка-драматычным, рэалізму з элементамі экспрэсіянізму. На венг. мову перакладаў вершы Я.Купалы, а таксама рус. і ўкр. паэзію. На бел. мове выйшла яго кн. «Венгрыя спраўляе ўрачыстасць» (1933). Дзярж. прэмія імя Л.Кошута 1962.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗУЛЬФІЯ́ (сапр.Ісраілава Зульфія; н. 14.3.1915, Ташкент),
узбекская паэтэса. Нар. паэтэса Узбекістана (1965). Герой Сац. Працы (1984). У паэт. зб-ках «Старонкі жыцця» (1932), «Блізкія сэрцу майму» (1958), «Сэрца ў дарозе» (1966), «Спатканне» (1972), «Радкі памяці» (1974; Дзярж. прэмія СССР 1976), «Роздум і пачуцці» (1982) і інш. вострае адчуванне сучаснасці, услаўленне жанчыны-працаўніцы, гуманістычны пафас. Змест кн. «Размова з сяброўкамі» (1953) — асэнсаванне ролі ўзб. жанчыны ў сям’і і ў грамадскім жыцці. Дзярж. прэмія Узбекістана імя Хамзы 1970, Міжнар. прэміі імя Дж.Нэру 1968 і «Лотас» 1970. Пераклала на ўзб. мову творы Я.Купалы, Я.Коласа, П.Броўкі, М.Танка, Э.Агняцвет, Е.Лось. На бел. мову асобныя творы З. пераклалі Э.Агняцвет, Р.Барадулін, А.Вярцінскі, С.Грахоўскі, А.Грачанікаў, В.Іпатава, А.Лойка і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАВАЛЕ́РАВА (Вера Ільінічна) (н. 13.7.1951, Мінск),
бел. актрыса. Засл. арт. Беларусі (1991). Займалася ў дзіцячай тэатр. студыі пры Рэсп. студыі тэлебачання (1959—69). З 1970 працуе ў Т-ры юнага гледача Беларусі (у 1978—84 у Львоўскім драм. т-ры). Актрыса на ролі травесці. Яе спецыфічная тэхніка выканання роляў казачных персанажаў выразна падкрэслівае іх характарнасць: Чыпаліна («Чыпаліна і яго сябры» паводле Дж.Радары), Ліс («Рыгорка — ясная зорка» А.Вярцінскага) і інш. Выканаўца, здольная і на глыбокае пранікненне ва ўнутр. свет вобразаў: Элен і Гітэль Моска («Стваральніца цуду» і «Двое на арэлях» У.Гіпсана). Лепшыя ролі вылучаюцца раскрыццём душэўнага стану персанажаў, тэмпераментнасцю, узрушанасцю пачуццяў: Міколка («Міколка-паравоз» паводле М.Лынькова), Кацярынка, Зоська («Чаму ж мне не пець, чаму ж не гудзець» паводле Я.Купалы і М.Чарота), Ларыса («Чатыры кроплі» В.Розава) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМІСА́РАВА (Марыя Іванаўна) (17.8.1904, с. Андрэеўскае Сусанінскага р-на Кастрамской вобл., Расія — 5.5.1988),
расійская паэтэса і перакладчыца. Скончыла Ленінградскі пед.ін-т (1930). Аўтар зб-каў вершаў «Першазімак» (1928), «Пераправа» (1932), «Самае дарагое» (1962), «Дарога да сяброў» (1968), «Чаканне сустрэчы» (1973), паэмы «Ліза Чайкіна» (1955), у якіх апяванне чалавека працы, клопат аб прыродзе, тэма кахання. Уражанні ад паездак на Беларусь у вершах «Беларусі», «Купалава крыніца», «Твая зямля», «Янку Купалу» і інш. На рус. мову перакладала творы Я.Купалы, Я.Коласа, М.Багдановіча, Цёткі, П.Броўкі, П.Глебкі, А.Куляшова, П.Панчанкі, М.Танка, Э.Агняцвет, К.Буйло, А.Звонака. На бел. мову асобныя яе вершы пераклалі С.Грахоўскі, М.Калачынскі, П.Макаль, К.Цвірка і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАТКО́ВІЧ (Лізавета Іванаўна) (н. 18.3.1947, в. Сімакава Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл.),
бел. актрыса. Скончыла Магілёўскае культ.-асв. вучылішча (1967), Дзярж.ін-ттэатр. мастацтва ў Маскве (1976). З 1967 актрыса Магілёўскага абл.драм.т-ра, з 1978 — Т-ра юнага гледача Беларусі. Яе творчасці ўласцівы лірычнасць і псіхалагізм. Сярод лепшых роляў: у Магілёўскім т-ры — Вольга («Апошнія суніцы ў жніўні» А.Дзялендзіка), Глашка («Трывога» А.Петрашкевіча), Таня («Развітанне ў чэрвені» А.Вампілава), Лэйдзі Торэнс («Арфей спускаецца ў пекла» Т.Уільямса), Ганначка («На бойкім месцы» А.Астроўскага); у Т-ры юнага гледача — маці Бэмбі («Бэмбі» Ф.Зальтэна, прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1980), Каралева («У краіне ліліпутаў» паводле Дж.Свіфта), маці Я.Купалы («Калыска чатырох чараўніц» У.Караткевіча), Турусіна, Аграфена Кандратаўна («На кожнага мудраца хапае прастаты», «Свае людзі — паладзім» Астроўскага), Нянька («Антыгона» паводле Ж.Ануя і Сафокла).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРПІ́ЛАЎ (Віктар Рыгоравіч) (8.12.1927, Мінск — 3.5.1994),
бел. рэжысёр. Засл. дз. маст. Беларусі (1967). Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1949). З 1956 на Рэсп. студыі тэлебачання, з 1969 адначасова выкладчык Бел.тэатр.-маст. ін-та. Для творчасці характэрны спалучэнне стылістыкі т-ра са спецыфічна тэлевізійнымі сродкамі выразнасці, выкарыстанне музыкі і жывапісна-графічных выяўл. сродкаў: тэлепастаноўкі «Млын на сініх вірах» У.Караткевіча і «Якаў Багамолаў» М.Горкага (1959), «Сэрца на далоні» паводле І.Шамякіна (1964), «Ранак» Г.Вагнера (1968, тэлеопера), «Ткачы» Г.Гаўптмана (1969), «Тэатр купца Япішкіна» Е.Міровіча (1978), «Безназоўнае» паводле твораў Я.Купалы і «Імяніны» па матывах твораў Я.Коласа (1982), «Федра» паводле Ж.Расіна (1983) і інш. Паставіў тэлефільмы: маст. «Тартак» (1974), дакумент. «Біяграфія маёй рэспублікі» (1968, 2-я і 3-я серыі), «Гранд эдукадор» (1970), «Помнікі не маўчаць» (1971).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗА́ЙЦАЎ (Юрый Канстанцінавіч) (н. 22.1.1937, г. Барнаул, Расія),
бел. мастак. Скончыў Маскоўскае вышэйшае маст.прамысл. вучылішча (1962). Творам уласціва шматпланавасць, экспрэсія, эмацыянальная насычанасць, багацце тэхн. і светлаколеравых вырашэнняў (жывапісныя творы «Спакуса», 1995, «Памяць», «Настальгія», «Натхненне», усе 1996, і інш.). Працуе ў станковай графіцы: «Хатынь» (1970; спец. прэмія на міжнар. выстаўцы «Супраць вайны» 1979 у г. Люблін, Польшча), «Трыумф касманаўтыкі» (1979), серыя «Вяртанне» (1982), «Партрэт В.Быкава» (1983), «Чарнобыльскі рэквіем» (1993); акварэлі: «Партрэт актрысы З.Белахвосцік» (1984), «Вясна на Беразіне» (1987), «Возера Свіцязь» (1991) і інш. Аформіў кнігі «Сярэбраная табакерка» З.Бядулі (1977), «Выбранае» Я.Купалы (на рус. мове, 1981; дыплом імя Ф.Скарыны на Рэсп. і дыплом 2-й ступені на Усесаюзным конкурсах кнігі, абодва 1982), «Асеннія гнёзды» С.Грахоўскага і «Антоній і Клеапатра» У.Шэкспіра (абедзве 1982) і інш.