Азёры. На тэр. Беларусі больш за 10 000 азёр. Агульная іх плошча каля 2000 км², агульны аб’ём вады ў іх каля 6 км³. Азёр плошчай 0,1 км² і больш налічваецца 1072, плошчай больш за 10 км² — 20. Самае вял. па плошчы воз. Нарач (79,6 км²), самае глыбокае — Доўгае возера (глыб. 53,7 м). Да найбольшых належаць азёры Асвейскае (52,8 км²), Чырвонае (43,8 км²). Лукомскае (36,7 км²), Дрывяты (36,1 км²) і інш. Найбольш азёр на Пн краіны — у Беларускім Паазер’і і на Пд — у Беларускім Палессі. У асобных раёнах (Браслаўскі, Ушацкі) пад азёрамі да 10% тэрыторыі; у бас.р.Зах. Дзвіна і Нёман больш за 3,8 тыс. азёр. На Пд Беларусі шмат дробных азёр, у бас. рэк Дняпро і Прыпяць (разам са старыцамі) іх прыкладна 6500. Звесткі пра плошчы і глыбіні найбольшых азёр гл. ў табліцах 1 і 2.
Многія азёры ўтвараюць групы або ланцужкі, звязаныя невял. рэкамі і пратокамі, у іх ліку Ушацкая група, якая ўключае каля 40 азёр і аб’ядноўваецца р. Дзіва (бас.р.Зах. Дзвіна), і сістэма Браслаўскіх азёр (больш за 50), якую звязвае р. Друйка.
Катлавіны азёр найчасцей ледавіковага (пераважна на Пн), рачнога, карставага паходжання. Азёры паўн.ч. краіны звычайна размешчаны ў межах марэнных узвышшаў і раўнін на выш. да 160—180 м над узроўнем мора. У большасці яны маюць добра выражаныя берагі, стромкія, высокія схілы. Тыпы ледавіковых катлавін: падпрудныя, што ўтварыліся ад расталых ледавіковых вод у паніжэннях паміж марэннымі градамі, іх форма круглаватая або лопасцевая, схілы асіметрычныя (Нарач, Асвейскае, Мядзел, Дрывяты, Лукомскае і інш.); лагчынныя, што ўтварыліся ад ледавіковага выворвання вузкіх глыбокіх лагчын (глыб. да 80—100 м) і эварзійнай дзейнасці талых вод (Доўгае, Саро, Сянно, Балдук і інш.); эварзійныя, што ўзніклі ад разбуральнай дзейнасці вады, якая вадаспадам сцякала з ледавіка і выбівала невялікія, але глыбокія (25—30 м) чашы са стромкімі схіламі і акруглым малюнкам берагавой лініі (Рудакова, Вісяты, Варанец, Жэнна, Светлае і інш.); тэрмакарставыя, што ўзніклі на месцы раставання лінзаў лёду ў марэнных адкладах у час адступання ледавіка, малыя і неглыбокія, часам акруглыя прасадачнага паходжання (Лісіцкае, Усомля, Канашы). Найб. разнастайныя абрысы берагавой лініі ў складаных катлавінах азёр, утвораных у выніку ўзаемадзеяння некалькіх фактараў; у іх плане спалучэнне буйных мысаў і ўпадзін, высокіх паўастравоў і розных па форме заліваў (Крывое, Атолава, Лепельскае). Па ўсёй краіне, асабліва ў бас. рэк Дняпро і Прыпяць, шмат рачных азёр-старыц. Іх карставыя (Вулькаўскае, Свіцязь, Сомінскае, Лукаўскае і інш.) і суфазійныя катлавіны звязаны з вышчалочваннем вапнякоў, мелу, вымываннем гліністых часцінак і прасадкай грунту. Самыя буйныя азёры Беларускага Палесся мелкаводныя. Гэта азёры-разлівы, якія ляжаць у плоскіх забалочаных паніжэннях і акружаныя тарфянымі балотамі (Чырвонае, Арэхаўскае, Олтушскае, Выганашчанскае і інш.). У водным жыўленні азёр Беларусі пераважаюць паверхневы сцёк і атмасферныя ападкі, роля падземных вод малазначная. Узровень вады ў азёрах на працягу года амаль пастаянны, звычайна вагаецца ад 1 да 1,5 м; вясной узровень вады павышаецца, зімой і летам паніжаецца.
Тэмпературны рэжым азёр абумоўлены ўплывам клімату зоны ўмеранага пояса (мяшаных лясоў зона). Вялікую ролю ў жыццядзейнасці жывёльных і раслінных арганізмаў адыгрывае вертыкальны рух вады — перамешванне. Летам мелкаводныя азёры пад уплывам ветру перамешваюцца да дна, т-ра вады 18—20 °C (гоматэрмія). У глыбокіх азёрах узнікае прамая тэмпературная стратыфікацыя: верхні слой вады (эпілімніён) добра награваецца і перамешваецца, у сярэднім (металімніёне — слой тэмпературнага скачка) т-ра паніжаецца на 3—5 °C на 1 м, у ніжнім слоі (гіпалімніёне) на працягу лета вада амаль нерухомая, т-ра каля 5—7 °C, нават пры значнай празрыстасці вады (5—8 м) тут пастаянна цёмна. Увосень у выніку выхалоджвання і вертыкальнага канвекцыйнага перамешвання ўзнікае асенняя гоматэрмія. Зімой азёры 4—5 месяцаў укрыты лёдам таўшчынёй 50—70 см, каля дна т-ра 3,5—4 °C, утвараецца адваротная стратыфікацыя. Вясной вада інтэнсіўна праграваецца і перамешваецца ў ходзе веснавой цыркуляцыі і гоматэрміі.
Газавы рэжым азёр вызначаецца колькасцю ў вадзе кіслароду, вуглякіслага газу, азоту і інш. Кіслародны рэжым звязаны з гадавым цыклам, залежыць ад т-ры і перамешвання вады. Летам кіслародам багаты верхні слой вады (кіслародная насычанасць больш за 100%), ніжні слой збеднены. Іншы раз у канцы лета кісларод каля дна знікае зусім, разам з павелічэннем колькасці вуглякіслага газу нярэдка паяўляецца серавадарод, і ўзнікае мёртвы слой вады. Зімой у некаторых азёрах кіслароду не хапае ва ўсёй воднай масе. У мелкаводных азёрах да канца зімы кісларод часам расходуецца цалкам, жывёлы задыхаюцца, настаюць заморы рыбы. Найбольш у вадзе азёр азоту (64%), які паступае з паветра. Ён захоўваецца амаль поўнасцю ў свабодным стане і толькі часткова спажываецца некаторымі бактэрыямі і мікраскапічнымі водарасцямі.
Гідрахімічныя асаблівасці азёр. Паводле хімічнага саставу азёры Беларусі належаць да прэсных, гідракарбанатна-кальцыевага тыпу. Агульная іх мінералізацыя 200—300 мг/л. Асноўныя складаючыя мінералізацыі — гідракарбанатны іон (HCO3−), іон Ca2+, Mg2+, SO42−, Cl−. Яны паступаюць у азёры з марэнных адкладаў, багатых вапнякамі і даламітамі. Хларыды (Cl−) і сульфаты (SO42−) трапляюцца ў невялікай колькасці і павялічваюцца ў выніку гаспадарчай дзейнасці (унясенне на палі мінеральных угнаенняў, скід неачышчаных сцёкавых вод). Асноўных біягенных рэчываў (злучэнняў азоту, фосфару) у чыстай вадзе вельмі мала. Жалеза ў прыдонных слаях вады да 2—3 мг/л. Асноўны гідрахімічны паказчык — актыўная рэакцыя вады (pH) — у азёрах мяняецца ад слабакіслай (6—6,5) ва ўмовах балотнага жыўлення зімой да шчолачнай (8—8,5); у большасці выпадкаў pH роўная 7,5—8. Знешнімі прыкметамі стану возера, колькасці ў ім арганічных рэчываў і каламуці з’яўляюцца празрыстасць вады і колернасць. Найбольш празрыстыя глыбокія азёры: празрыстасць больш за 4—5 м (у Нарачы да 10 м); колернасць звычайна ніжэй 10—15°; найменш празрыстыя (<1 м) мелкаводныя і забруджаныя азёры з колернасцю вады 50—70°.
Раслінныя і жывёльныя арганізмы азёр. Азёрная расліннасць — мікрафіты і макрафіты. Да мікрафітаў належыць фітапланктон (больш за 500 відаў), прадстаўлены дыятомавымі водарасцямі (у глыбокіх халодных азёрах) і сіне-зялёнымі водарасцямі (у мелкаводных вадаёмах). Макрафіты ўтвараюць палосы расліннасці, найчасцей уздоўж берага. Жывёльны свет азёр прадстаўлены зоапланктонам і іхтыяфаунай. Прадстаўнікі зоапланктону займаюць сярод жывёльных арганізмаў самую нізкую ступень. Найбольш пашыраны галінаставусыя, весланогія рачкі (характэрныя для халодных азёр). Сярод насельнікаў дна (бентас) — малюскі, алігахеты, хіранаміды, ракападобныя. У азёрах Беларусі больш за 20 відаў прамысловых рыб, найбольш каштоўныя з іх лешч, сазан, шчупак, судак. Прамысловае значэнне маюць таксама віды, што ўзнаўляюцца або папаўняюцца штучна (напр., еўрапейскі вугор). У неглыбокіх азёрах акліматызаваны амурскі сазан і чудскі сіг, белы амур, таўсталобік. Паводле саставу іхтыяфауны азёры падзяляюць на рапушкава-сіговыя (найбольш глыбокія, празрыстыя і халодныя азёры), ляшчова-судаковыя і ляшчова-шчупаковыя (неглыбокія, высакакормныя азёры), сазанавыя (неглыбокія і мелкаводныя, высакакормныя), карасёва-лінёвыя (мелкаводныя, зарослыя, з недахопам кіслароду).
Азёрныя адклады. Тэрыгенныя адклады ўтвараюцца ў працэсе разбурэння берагоў. У выніку ў прыбярэжнай зоне намнажаюцца пяскі, гліны, валуны, галька. Хемагенныя — гэта прыбярэжныя адклады вапнякоў (азёрнага мергелю). Пашыраны і разнастайныя арганамінер. адклады (ілы, сапрапелі), якія ўзніклі ў выніку назапашвання адмерлых арганізмаў (пераважна раслінных) і дробных ілістых мінеральных часцінак. У іх састаў уваходзяць таксама злучэнні крэмнію, алюмінію, жалеза, кальцыю, магнію, серы, натрыю, шматлікія мікраэлементы (марганец, тытан, ёд). Адклады, у якіх арганічнага рэчыва больш за 50%, адносяць да арганічных тонка- або грубадэтрытавых сапрапеляў (у мелкаводных зарослых азёрах); у якіх 30—50% арганічнага рэчыва — да крэменязёмістых, карбанатных (вапняковістых), мяшаных сапрапеляў. Гліністыя або апясчаненыя ілы бедныя арганічным рэчывам. Для азёр Беларусі характэрны крэменязёмістыя адклады. На ПнЗ пашыраны азёры з карбанатнымі адкладамі на глыб. 1—7 м. Магутнасць сапрапеляў у азёрах каля 4 м, найб. — да 15—20 м; агульныя запасы — 1387 млн.м³. Самы ніжні пласт адкладаў у азёрах мае ўзрост каля 12—12,5 тыс. гадоў і прадстаўлены грубымі тэрыгеннымі адкладамі. Найбольш старажытныя разрэзы выяўлены ў азёрах Нарач, Глубелька, Вераб’і і інш. Узрост большасці азёр Паўн. Беларусі і Палесся складае 10—12 тыс. гадоў.
Паводле агульназанальных і азанальных фактараў (морфаметрычныя асаблівасці і ўзровень трофнасці), вылучаюць 4 асн. генетычныя тыпы азёр. Мезатрофныя з адзнакамі алігатрафіі, гэта глыбокія, невялікія азёры, яны празрыстыя, з выразнай стратыфікацыяй т-ры вады, магутным гіпалімніёнам; багатыя кіслародам, маюць нейтральную рэакцыю (pH) і сярэднія паказчыкі мінералізацыі. Адклады, мінеральныя і арганамінеральныя, маламагутныя. Іхтыяфауна сігова-снятковая. Да азёр такога тыпу належаць Балдук, Гінькава, Доўгае, Рудакова, Волас, Крывое і інш. За унікальныя прыродныя якасці некаторыя з такіх азёр ахоўваюць як заказнікі. Мезатрофныя, сярэднеглыбокія — гэта азёры са значнай плошчай, яны празрыстыя, багатыя кіслародам. Іх значная плошча спрыяе інтэнсіўнаму ветравому перамешванню вады, слаба развіты гіпалімніён. Рэакцыя вады і мінералізацыя раўнамерныя на працягу года. Адклады арганамінер. і мінеральныя. Іхтыяфауна рапушка-сіговая. Азёры такога тыпу — Нарач, Мядзел, Снуды, Рычы і інш. На Беларусі мезатрофныя азёры набываюць усё большае значэнне як месцы турызму і адпачынку. Эўтрофныя неглыбокія (слабаэўтрофныя) і мелкаводныя (моцнаэўтрофныя), з рознай плошчай — гэта азёры з багатым арганічным жыццём, са значнымі ваганнямі гідрахімічных паказчыкаў на працягу года. Іх водная маса летам інтэнсіўна перамешваецца пад уздзеяннем ветру, высокая насычанасць вады кіслародам, гіпалімніён амаль не выражаны. Зімой кіслароду дастаткова для рыбы. Пры малых глыбінях — кіслародны дэфіцыт, арганамінер. і арганічныя адклады магутныя. Іхтыяфауна ляшчова-судакова-шчупаковая. Да азёр такога тыпу належаць Дрывяты, Лукомскае, Мястра, Выганашчанскае, Арэхаўскае і інш. У дыстрафіруючых мелкаводных азёрах з рознай плошчай інтэнсіўнае ветравое перамешванне вады выклікае гоматэрмію, адсутнасць гіпалімніёну. Пры багатым грунтавым жыўленні яны моцна зарастаюць. Іх мінералізацыя і газавы рэжым вагаюцца. Амаль кожную зіму з-за недахопу кіслароду ўзнікаюць заморы рыбы. Арганічныя адклады магутныя. З прычыны недастатковага грунтавога жыўлення ў азёрах слаба развітыя макрафіты, пастаянна нізкая мінералізацыя і кіслая pH. Іхтыяфауна. карасёва-лінёвая, збедненая. Тыповыя азёры Жэрынскае, Ельня, Дабееўскае, Судабле, Чырвонае, Межужол.
На большасць азёр Беларусі ўплывае працэс антрапагеннага эўтрафіравання як вынік пашырэння прамысловай вытв-сці, інтэнсіфікацыі сельскай гаспадаркі і інш. тэхнагенных пераўтварэнняў. У краіне ствараюцца асабліва ахоўныя тэрыторыі, якія ўключаюць унікальныя азёры.
В.П.Якушка.
Табліца 1 Азёры Беларусі з максімальнымі глыбінямі больш за 30 м
№ п/п
Возера
Макс. глыбіня, м
Плошча, км
Адміністрацыйны раён
1
Доўгае
53,6
2,6
Глыбоцкі
2
Рычы
51,9
12,84
Браслаўскі
3
Гінькава
43,3
0,51
Глыбоцкі
4
Воласа Паўд.
40,4
1,21
Браслаўскі
5
Балдук
39,7
0,76
Мядзельскі
6
Трошча
38,2
0,51
Ушацкі
7
Саро
36,3
5,31
Бешанковіцкі
8
Вячэлле
35,9
1,36
Ушацкі
9
Лепельскае
33,7
10,18
Лепельскі
10
Какісіна
33,5
0,78
Лепельскі
11
Сомінскае
33
0,41
Івацэвіцкі
12
Воўчын
32,9
0,53
Мядзельскі
13
Пліса
32,9
4,24
Глыбоцкі
14
Бабына
32,3
0,49
Полацкі
15
Полазна
32
0,15
Ушацкі
16
Круглік
31,5
0,4
Шумілінскі
17
Крывое
31,5
4,5
Ушацкі
18
Сянно
31,5
3,13
Сенненскі
19
Чорнае
31,5
0,36
Пастаўскі
20
Дрысвяты
31
44,5
Браслаўскі
21
Доўгае
31
1,87
Браслаўскі
22
Світа
31
0,82
Пастаўскі
23
Лясковічы
30,7
0,72
Шумілінскі
24
Замошша
30,7
0,33
Ушацкі
Табліца 2 Азёры Беларусі з пл. больш за 10 км²
№ п/п
Возера
Плошча, км²
Макс. глыбіня, м
Адміністрацыйны раён
1
Нарач
79,62
24,8
Мядзельскі
2
Асвейскае
52,8 (з в-вам)
7,5
Верхнядзвінскі
3
Дрысвяты
44,5
31
Браслаўскі
4
Чырвонае
43,79
4
Жыткавіцкі
5
Лукомскае
36,7
11,5
Чашніцкі
6
Дрывяты
36,14
12
Браслаўскі
7
Нешчарда
27,4
8,1
Расонскі
8
Выганашчанскае
26
2,5
Івацэвіцкі
9
Свір
22,28
8,7
Мядзельскі
10
Снуды
22
16,5
Браслаўскі
11
Чорнае
17,3
2,5
Бярозаўскі
12
Мядзел
16,2
24,6
Мядзельскі
13
Лісна
15,71
6,1
Верхнядзвінскі
14
Езярышча
15,39
11,5
Гарадоцкі
15
Сялява
15
17,6
Крупскі
16
Богінскае
13,23
15
Браслаўскі
17
Мястра
13,1
11,3
Мядзельскі
18
Струста
13
23
Браслаўскі
19
Рычы
12,84
51,9
Браслаўскі
20
Спораўскае
11,5
2,2
Бярозаўскі
21
Лосвіда
11,42
20,2
Гарадоцкі
22
Лепельскае
10,18
33,7
Лепельскі
Лукомскае возера.Возера Нарач.Браслаўская група азёр. Возера Струста.
Вадасховішчы. На тэр. Беларусі больш за 150 значных і каля 1,5 тыс. невялікіх вадасховішчаў — сажалак. Іх утвараюць шляхам падпруджвання ракі, возера ці групы азёр. Большасць іх размешчана на Пд Беларусі ў бас. рэк Дняпро (каля 50), Прыпяць (больш за 50), дзе мала азёр і адчуваецца недахоп водных рэсурсаў. Найбольшыя з вадасховішчаў Вілейскае (пл. 64,6 км², аб’ём 238 млн.м³) на р. Вілія, Заслаўскае (пл. 25,6 км², аб’ём больш за 100 млн.м³) на р. Свіслач, Чырвонаслабодскае (пл. 23,6 км², аб’ём 69,5 млн.м³) на р. Морач, Салігорскае (пл. 23,1 км², аб’ём 55,9 млн.м³) на р. Случ, Любанскае (пл. 22 км², аб’ём 39,5 млн.м³) на р. Арэса, Чыгірынскае (пл. 21,1 км², аб’ём 60 млн.м³) на р. Друць, Пагост (пл. 16,2 км², аб’ём 54,5 млн.м³) на месцы ч. Пагосцкага возера, Лактышы (пл. 15,9 км², аб’ём 50,2 млн.м³) на р. Лань, Асіповіцкае (пл. 11,9 км², аб’ём 17,5 млн.м³) на р. Свіслач і інш. Паводле характару ўтварэння і запаўнення вадой штучных чашаў вадасховішчы падзяляюць на рачныя (напр., Вілейскае, Асіповіцкае, Заслаўскае, Чыгірынскае), азёрныя (напр., Любанскае, Лукаўскае, Пагост, Гомельскай і Лепельскай ГЭС), кар’ерныя (на месцах б. здабычы нярудных карысных выкапняў; Гайдукоўка, Мароські, Крычаўскі). Паводле велічыні большасць вадаёмаў належыць да катэгорыі малых (76%; аб’ём вады 1—10 млн.м³), невялікіх (10—100) і сярэдніх (больш за 100 млн.м³; Вілейскае, Заслаўскае). Паводле відаў затрымання рачнога сцёку вадасховішчы бываюць дзённага, тыднёвага, гадавога і шматгадовага рэгулявання; пераважаюць вадасховішчы з гадавым рэгуляваннем сцёку. Паводле тыпу напаўнення адрозніваюць сцёкавыя, прыточна-сцёкавыя, прыточна-наліўныя і наліўныя вадасховішчы; наліўныя і прыточна-наліўныя вадасховішчы будуюць пераважна на Палессі. Паводле велічыні падпору (падняцця ўзроўню вады ракі ці возера) вадасховішчы падзяляюць на ўмерана-напорныя, сярэдненапорныя, нізканапорныя і вельмі нізканапорныя. Максімальная велічыня падняцця вады назіраецца на Вілейскім вадасховішчы (12 м). Большасць вадасховішчаў мае напор 2—3 м, што дазваляе пазбегнуць значных затапленняў сумежных зямель і парушэнняў экасістэм азёр. Раўнінны характар тэр. Беларусі не дазваляе будаваць вадасховішчы са значным аб’ёмам і напорам вады. Перспектыўным для краіны з’яўляецца будаўніцтва вадасховішчаў рэчышчавага тыпу, у якіх падняцце ўзроўню вады не перавышае ўзровень ракі ў паўнаводдзе (Гродзенскае, Віцебскае вадасховішчы — у перспектыве). Ад вярхоўяў да плаціны са зменай глыбінь і гідралагічных умоў у вадасховішчах фарміруюцца гідралагічныя зоны: прыплацінная (азёрная), сярэдняя пераходная (азёрна-рачная) і верхняя (рачная), а таксама ўчастак выкліньвання падпору. Вадасховішчы вельмі адрозніваюцца паводле велічыні каэфіцыента водаабмену (інтэнсіўнасці поўнага ўмоўнага абмену вады): да 25 разоў за год (праточныя), 25—75 разоў за год (добра праточныя) і больш за 75 разоў — моцна праточныя ці транзітныя. Паводле велічыні мінералізацыі вадасховішчы Беларусі належаць да сярэдне- і высокамінералізаваных (да 500 мг/л). Гідралагічны рэжым вадасховішчаў залежыць ад іх гасп. прызначэння, рэжыму выкарыстання, суадносін паміж паступленнем і расходам вады на гасп. патрэбы, характару рэгулявання.
Сучасныя вадасховішчы Беларусі фарміраваліся ў некалькі этапаў. Пасля 2-й сусв. вайны стваралі вадасховішчы з энергет. мэтамі. На рэках і азёрах будавалі міжкалгасныя і раённыя гідраэлектрастанцыі (ГЭС «Дружба народаў» на р. Дрысвята; Чыгірынская і Цяцерынская ГЭС на р. Друць; Заслаўская і Асіповіцкая ГЭС на р. Свіслач; Браслаўская ГЭС на р. Друйка; Ключагорская ГЭС на р. Обаль; Рачунская на р. Ашмянка; Лукомская на р. Лукомка; Войкаўская на р. Сэрвач і інш.). У канцы 1960-х г. невял. ГЭС закансерваваны ці дэманціраваны, аднак вадасховішчы пры большасці гідравузлоў захоўваюцца. Колькасць вадасховішчаў павялічылася ў час масавай меліярацыі зямель. Іх выкарыстоўваюць для водазабеспячэння прамысл. цэнтраў (Вілейскае, Салігорскае), для рэалізацыі схем комплекснага выкарыстання водных і зямельных рэсурсаў рэк Палесся.
Гаспадарчае выкарыстанне. Азёры і вадасховішчы выкарыстоўваюцца як крыніцы і збіральнікі быт. і прамысл. вады, для рыбалоўства і рыбагадоўлі, арашэння зямель, рэгулявання сцёку, добраўпарадкавання населеных пунктаў і стварэння водна-рэкрэацыйных сістэм, турызму, комплекснага іх выкарыстання галінамі нар. гаспадаркі. Азёры-вадасховішчы з’яўляюцца басейнамі-ахаладжальнікамі вады пры ДРЭС (воз. Лукомскае, Белае), у якіх ёсць спрыяльныя ўмовы для развядзення расліннаедных рыб. У складзе Вілейска-Мінскай воднай сістэмы дзейнічаюць Вілейскае, Заслаўскае, Чыжоўскае і інш. вадасховішчы. З канца 1990-х г. у створы гал. плаціны Вілейскага вадасховішча будуюцца 2 гідраэлектрастанцыі. З будаўніцтвам вадасховішчаў Крыніца і Дразды на Беларусі створаны першы каскад вадасховішчаў на р. Свіслач. У перспектыве на Беларусі плануецца аднавіць будаўніцтва вадасховішчаў пры малых ГЭС рэчышчавага тыпу. Прамысл. лоўля рыбы вядзецца больш чым у 600 азёрах. Пры Любанскім, Чырвонаслабодскім, Лактышы і інш. вадасховішчах пабудаваны поўнасістэмныя рыбныя гаспадаркі. Азёрныя сапрапелі выкарыстоўваюць як угнаенне і на падкормку жывёле, у медыцыне, ветэрынарыі, буд. і хім. прамысловасці. Азёрнымі мергелямі вапнуюць кіслыя глебы. Зоны азёр і вадасховішчаў — месцы турызму і адпачынку насельніцтва. Толькі ў межах Беларускага Паазер’я створаны 24 ахоўныя тэрыторыі агульнай плошчай 4222 км², якія ўключаюць больш за 200 азёр. У іх ліку 2 нац. паркі (Нарачанскі і Браслаўскія азёры), Бярэзінскі біясферны запаведнік, 6 ландшафтных, 9 гідралагічных, 3 біялагічныя заказнікі і 3 гідралагічныя помнікі прыроды.
Літ.:
Якушко О.Ф. Белорусское Поозерье. Мн., 1971;
Якушко О.Ф. Озероведение. Мн. 1981;
Водохранилища Белоруссии: Природн. особенности и взаимодействие с окружающей средой. Мн., 1991;
Блакітная кніга Беларусі. Энцыкл.Мн., 1994;
Лопух П.С. Закономерности развития природы водоемов замедленного водообмена, их использование и охрана. Мн., 2000.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕАРГАНІЧНАЯ ХІМІЯ
Сістэматычныя даследаванні па неарганічнай хіміі на Беларусі пачаліся ў 1921 на кафедры неарганічнай, аналітычнай і фізічнай хіміі БДУ (Б.М.Беркенгейм). Вывучаліся прыродныя рэсурсы рэспублікі; кіслародныя злучэнні тытану (А.У.Памфілаў), гідраксіды і аксіды металаў, структура нікель-жалезных і інш. сплаваў (М.Ф.Ярмоленка); прапанаваны новы варыянт афармлення перыядычнай сістэмы хім. элементаў (Э.В.Змачынскі). У пасляваенны час даследаванні вядуцца ў БДУ (на кафедры неарганічнай хіміі, з 1978 таксама ў НДІ фізіка-хімічных праблем); Бел. тэхналагічным і нац. тэхнічным ун-тах; ін-тах агульнай і неарганічнай хіміі, цепла- і масаабмену, фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў, электронікі, хіміі новых матэрыялаў, радыеэкалагічных праблем Нац.АН Беларусі; Магілёўскім ун-це харчавання, Гомельскім ун-це транспарту, НДІ будаўнічых матэрыялаў і інш.
Закладзены фундаментальныя асновы і распрацаваны новыя метады сінтэзу шэрагу неарганічных матэрыялаў з зададзенымі хім. ўласцівасцямі і структурнымі параметрамі, напр., высокадысперсных парашкоў, шчыльных керамічных матэрыялаў, валокнаў і інш. (М.А.Безбародаў, У.С.Камароў, М.М.Паўлючэнка, М.Ф.Ярмоленка, І.М.Ярмоленка). Значную ролю ў развіцці хіміі неарганічных рэчываў адыгралі даследаванні па кінетыцы і механізме цвердафазных рэакцый, тапахіміі неарганічных фасфатаў (Я.А.Продан), на аснове якіх распрацаваны і шырока выкарыстоўваюцца на практыцы метады сінтэзу гарачатрывалых фасфатных матэрыялаў, комплексных удабрэнняў угнаенняў*, фунгіцыдаў, дэтэргентаў, люмінафораў, пратонных цвердацельных праваднікоў, высокатэмпературных звышправаднікоў, керамічных і шклопадобных матэрыялаў. Распрацоўваюцца фундаментальныя аспекты сінтэзу, рэгулявання структуры і паверхневых уласцівасцей неарганічных адсарбентаў і каталізатараў; атрыманы тэрмастабільныя сітаватыя адсарбенты шпінельнай структуры, цэалітзмяшчальныя каталізатары, вугляродныя адсарбенты, керамічныя кампазіцыйныя матэрыялы на аснове тугаплаўкіх неарганічных валокнаў на аснове аксідаў, карбідаў, барыдаў, сіліцыдаў (У.С.Камароў, А.І.Рацько). Даследаванні шляхоў абагачэння калійных і фосфарных мінеральных удабрэнняў угнаенняў* (М.П.Круцько, Ф.Ф.Мажэйка з супрацоўнікамі) заклалі аснову тэхналогіі айч. прамысловасці мінеральных удабрэнняў угнаенняў*. Вядуцца даследаванні метадаў сінтэзу і ўласцівасцей нанаструктураваных, мезапорыстых паўправадніковых аксідных матэрыялаў для гетэрагеннага каталізу і фотакаталізу, біянеарганічных матэрыялаў на аснове нанакрышталічнага гідраксіапатыту (А.І.Кулак). Вывучаліся састаў, структура і ўласцівасці індывідуальных і сумесна асаджаных аксідаў і гідраксідаў металаў і крэмнію, у т. л. ў выглядзе нанаструктураваных сістэм (В.В.Свірыдаў, М.Ф.Ярмоленка), а таксама фотахромных злучэнняў ртуці і серабра, тэрмічнага і фотахімічнага раскладання цвёрдых цел (Г.А.Браніцкі, Т.П.Каратаева, В.В.Свірыдаў); атрыманыя вынікі заклалі аснову стварэння новых матэрыялаў (на аснове аксідаў, халькагенідаў, нанапамерных часцінак металаў на цвёрдых носьбітах) з зададзенымі саставам, структурай і ўласцівасцямі і вызначылі новыя кірункі даследаванняў — фотахімія цвёрдых цел і распрацоўка фатаграфічных працэсаў запісу інфармацыі (Г.А.Браніцкі, С.К.Рахманаў, В.В.Свірыдаў), хімія кандэнсаваных сістэм з рэгулявальнай гаручасцю (А.І.Лесніковіч, В.В.Свірыдаў), высокатэмпературных неарганічных матэрыялаў (А.А.Вечар), ультрадысперсных і нанаструктураваных сістэм, атрыманых хім. і электрахім. метадамі (Г.А.Браніцкі, Т.М.Вараб’ёва, А.І.Кулак, А.І.Лесніковіч, С.К.Рахманаў, Дз.В.Свірыдаў). У рамках гэтай тэматыкі вызначаны заканамернасці і механізм фотакаталітычнага аднаўлення іонаў металаў на паверхні аксідаў і ў сістэмах паўправаднік—малыя часцінкі металу, працэсаў спектральнай сенсібілізацыі гэтых сістэм; выяўлены эфекты фотаактывавання сістэм малыя часцінкі металу—паўправадніковы аксід або ёдыд (С.К.Рахманаў, В.Г.Сакалоў). Распрацаваны працэсы фотаэлектрахім. запісу інфармацыі (А.І.Кулак, Дз.В.Свірыдаў, Я.А.Стральцоў), узмацнення слабых сярэбраных відарысаў на фотаслаях (Г.А.Браніцкі, В.В.Свірыдаў, В.Дз.Сташонак), вырабу фоташаблонаў для інтэгральных схем і пячатных плат без выкарыстання фотарэзістаў (Т.М.Вараб’ёва, В.Г.Сакалоў, Л.І.Сцяпанава), хім. і электрахім. асаджэння з раствораў металічных, сплаўных, кампазітных пакрыццяў на металы і дыэлектрыкі (Т.М.Вараб’ёва, Т.В.Гаеўская, Л.І.Сцяпанава) для электроннай і радыёпрамысловасці і інш., асаджэння золь-гель метадам плёнак аксідаў металаў (Г.А.Браніцкі, М.І.Іваноўская) для метал-аксідных газавых сенсараў і плёначных нанакампазітных каталізатараў метал-аксід. Устаноўлены прынцыпы электрахім. атрымання тонкіх плёнак халькагенідаў металаў, іх цвёрдых раствораў і звышструктур на аснове халькагенідных сістэм (Я.А.Стральцоў), стварэння эфектыўных фотакаталізатараў на аснове дыаксіду тытану для ачысткі і абеззаражвання вады (А.І.Кулак, Дз.В.Свірыдаў); распрацаваны метады сінтэзу і вывучаны ўласцівасці паўправадніковых нанакрышталёў (М.В.Арцем’еў, В.С.Гурын), у т. л. выяўлены нелінейныя з’явы ў нанаструктураваных электрахім. сістэмах (Г.А.Рагойша); распрацаваны і ўкаранёны працэсы перапрацоўкі адходаў каштоўных металаў, што дало магчымасць стварыць буйны рэспубліканскі цэнтр па гэтай перапрацоўцы — «Унікаштмет» БДУ (Г.М.Корзун, С.К.Рахманаў).
Знойдзены новыя шляхі кіравання кінетычнай стабільнасцю кандэнсаваных сістэм з адначасовым утрыманнем гаручых кампанентаў і акісляльніку; выяўлены прынцыпы рэгулявання параметраў гарэння розных гетэрагенных кандэнсаваных сістэм; распрацаваны высокаэфектыўныя вогнетушыльныя матэрыялы, у т. л. для тушэння лясных пажараў і торфу, а таксама кампаненты паліва са значнай энергаёмістасцю і высокай тэрмастабільнасцю адначасова (В.У.Багданава, А.І.Лесніковіч); адкрыта і вывучана з’ява вадкаполымнага гарэння (П.М.Гапонік, А.А.Івашкевіч, А.І.Лесніковіч). Распрацаваны метады атрымання калоідных раствораў на аснове ультрадысперсных металаў і аксідаў, якія выкарыстоўваюцца ў вытворчасці ракетнага паліва і пораху, лячэнні раку, рэнтгенаўскай дыягностыцы і інш. (С.А.Вараб’ёва, А.І.Лесніковіч). Выяўлены асаблівасці фарміравання элементаў мікра- і нанарэльефу паверхні крышталёў крэмнію пры траўленні ў шчолачных растворах, што выкарыстоўваецца пры вырабе мікрадатчыкаў і зондаў атамна-сілавых мікраскопаў (А.В.Юхневіч). Вывучана ўзаемасувязь структуры і ўласцівасцей фасфатных матэрыялаў (Л.С.Івашкевіч, А.С.Ляхаў); распрацаваны метады сінтэзу гарачатрывалых фасфатных сувязных для касмічнай і ваеннай тэхнікі (К.М.Лапко, В.Ф.Цікавы); атрыманы шэраг фасфатных матэрыялаў з выбіральнымі іонаабменнымі ўласцівасцямі, а таксама здольных эфектыўна сарбіраваць газападобныя рэчывы асноўнага характару (У.А.Люцко, У.А.Шаблоўскі). Даследаваны керамічныя матэрыялы са структурамі пераўскіту, флюарыту і пірахлору, цвёрдыя растворы на аснове манганітаў, кабальтытаў лантану-стронцыю, вісмутату барыю, дыаксіду цэрыю, аксіду вісмуту, што стала асновай для распрацоўкі высокатэмпературных цвёрдааксідных паліўных элементаў без каштоўных металаў (А.А.Вечар, Я.М.Навумовіч).
Даследуюцца механізм, тэрмадынаміка і кінетыка хім. рэакцый з мэтай распрацоўкі фізіка-хім. асноў сінтэзу новых матэрыялаў, стварэння новых і ўдасканалення існуючых тэхналагічных працэсаў. Да найб. важных належаць даследаванні высокатэмпературных раўнаваг і тэрмадынамічных характарыстык кандэнсаваных і парападобных галагенідаў (Р.Б.Даброцін, Г.І.Новікаў, А.Г.Палячэнак), злучэнняў фосфару (Г.І.Новікаў, В.М.Яглоў), аксідаў і гідратаў селену, а таксама фтарыдаў рэдказямельных элементаў (Р.Б.Даброцін), металічных і аксідных расплаваў (В.П.Глыбін); фазавых раўнаваг і кінетыкі абменных рэакцый у патройных сістэмах аксідаў, якія прыводзяць да ўтварэння ферытаў (Л.А.Башкіраў); электрахім. і тэрмахім. даследаванні ў галіне вадароднай энергетыкі (С.А.Жданок, А.К.Красін, Г.І.Новікаў). Да важнейшых распрацовак адносяцца: перапрацоўка фасфатнай сыравіны, у т. л. новымі плазмахім. і хлорным метадамі (М.І.Кузьмянкоў, У.Дз.Пячкоўскі); атрыманне неарганічных галагенідаў, у т. л. шчолачназямельных і рэдказямельных металаў (М.І.Вараб’ёў, Р.Б.Даброцін, А.Г.Палячэнак); сінтэз злучэнняў селену (Г.Ф.Пінаеў); тэхналогія вогнетрывалых бетонаў на вадкашкляных і фасфатных звязках, хуткацвярдзеючых цэментаў і магнезіяльных вяжучых, атрыманых з даламіту (М.І.Кузьмянкоў); атрыманне сплаваў пры дапамозе нізкатэмпературнай плазмы (М.А.Свідуновіч); тэхналогія шкла, у т. л. міжслойнай ізаляцыі ў мікраэлектроніцы, сіталу для гарачаўстойлівага посуду і ніткаправодаў у вытворчасці валокнаў, керамікі і інш. (Н.М.Бабкова, І.А.Лявіцкі, І.У.Пішч, В.М.Яглоў); атрыманне тонкіх і тоўстых слаёў аксідных высокатэмпературных звышправодных злучэнняў і сінтэз ферамагнітных матэрыялаў на аснове цвёрдых раствораў ферытаў з рэгулявальнай структурай і саставам для вертыкальнага запісу інфармацыі і паглынання ЗВЧ-хваль, што стала асновай развіцця ў краіне ўласнай вытв-сці крэдытных картак і інш. магнітных носьбітаў (Л.А.Башкіраў); тэхналогія глыбокай ачысткі газавых выкідаў і сцёкавых вод (В.П.Глыбін, Т.А.Жарская, У.М.Марцуль). Даследуюцца працэсы гідролізу іонаў металаў у водных растворах з утварэннем полілігандных, мона- і поліядзерных гідроксакомплексаў (Ю.П.Давыдаў, А.К.Баеў), што важна для прагназіравання міграцыі ў глебе і водных басейнах радыенуклідаў, распрацоўкі метадаў ачысткі сцёкавых вод і сінтэзу матэрыялаў на аснове аксідаў.
Літ.:
Химическое осаждение металлов из водных растворов. Мн., 1987;
Продан Е.А. Топохимия кристаллов. Мн., 1990;
Новікаў Г.І., Жарскі І.М. Асновы агульнай хіміі. Мн., 1995;
Комаров В.С. Адсорбенты: Вопросы теории, синтеза и структуры. Мн., 1997;
Жарский И.М., Новиков Г.И. Физические методы исследования в неорганической химии. М., 1998;
Химические проблемы создания новых материалов и технологий. Вып. 1. Мн., 1998; Вып. 2. Мн., 2003; Синтез, структура и свойства неорганических веществ и коллоидных систем. Мн., 2000; Гапоненко Н.В. Пленки, сформированные золь-гель методом на полупроводниковых и в мезопористых матрицах. Мн., 2003.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭКІ І КАНАЛЫ
Агульная характарыстыка рачной сеткі. Рэкі Беларусі належаць да вадазбораў Чорнага (Дняпро з Прыпяццю, Бярэзінай і Сажом; збіраюць ваду з 56% тэр. Беларусі) і Балтыйскага мораў (Нёман, Зах. Дзвіна, Нараў, Зах. Буг, Ловаць; дрэніруюць 44% тэр. краіны). Водападзел праходзіць праз паўн.-зах. ўскраіну Палесся, па Капыльскіх градах, Мінскім і Аршанскім узвышшах.
Рэкі. На Беларусі 20,8 тыс. рэк, іх агульная даўжыня 90,6 тыс.км. Малых рэк і ручаёў (даўжыня да 10 км) 19,3 тыс. (або 93% усіх рэк), іх агульная даўжыня 48,8 тыс.км (53% агульнай даўжыні рэк). Сярэдніх рэк (101—500 км) — 42 (0,2% усіх рэк), іх даўжыня 6,7 тыс.км (8% агульнай даўжыні). 9 рэк маюць даўжыню больш за 500 км: Бярэзіна (цячэ цалкам па тэр. Беларусі), Нёман, Вілія (пачынаюцца на тэр. Беларусі), Зах. Дзвіна, Дняпро, Сож, Прыпяць, Гарынь і Зах. Буг (транзітныя). Звесткі пра 20 найбуйнейшых рэк Беларусі гл. ў табліцы. Сярэдняя густата рачной сеткі Беларусі 0,44 км/км², у басейне Дняпра — 0,39 км/км², Нёмана — 0,47 км/км², Зах. Буга — 0,36 км/км², у басейне Прыпяці 0,42 км/км², у асобных вадазборах — 0,1—0,2 км/км².
Найбольш распаўсюджаны на Беларусі раўнінныя малыя рэкі, якія працякаюць у адносна неглыбокіх, добра распрацаваных шырокіх далінах са спадзістымі схіламі. Яны маюць складзеныя з лёгкаразмыўных грунтоў звілістыя рэчышчы з чаргаваннем плёсаў і перакатаў, невял. нахілы воднай паверхні, павольнае цячэнне. У межах узвышшаў даліны рэк больш выразныя, іх цячэнне больш хуткае; месцамі, асабліва ў вярхоўях, такія рэкі цякуць у ярах; іх берагі стромкія, узроўні вады пры раставанні снегу і значных дажджах могуць павышацца на 2—3 м, але затым хутка спадаць. На Пд Беларусі шмат рэк, якія цякуць праз балоты або маюць значныя забалочаныя ўчасткі ў складзе сваіх вадазбораў. На Пн Беларусі значную частку складаюць рэкі, якія выцякаюць з азёр або цякуць праз іх. За вытокі рэк звычайна прымаюць месцы, з якіх паяўляецца пастаяннае рэчышча патоку; на Беларусі гэта найчасцей крыніцы, балоты, радзей азёры.
У рачной сістэме з вялікай колькасцю вытокаў галоўным лічыцца найбольш аддалены ад вусця ці найбольш мнагаводны. Калі вярхоўе ракі, што выцякае з балота, каналізавана, за выток прымаюць пачатак асноўнага асушальнага канала, які з’яўляецца працягам ракі ўверх па цячэнні; у рэках, якія часова перасыхаюць, — месца на дне лагчыны ці яра, дзе назіраюцца сляды рэчышча, распрацаванага снегавымі ці дажджавымі водамі.
Рэчышчы характэрных для Беларусі раўнінных і нізінных рэк звычайна звілістыя, месцамі падзелены на рукавы. Ва ўзвышаных раёнах рэчышчы больш выразныя, без рукавоў і праток. З наносаў у іх фарміруюцца рэчышчавыя ўтварэнні — перакаты, косы, астравы, мелі, асяродкі і пляжы. На Пн рэчышчы звілістыя, неразгалінаваныя, у асноўным устойлівыя. Шырыня іх пераважна 10—20 м, у ніжніх цячэннях 30—50 м. Шырыня буйных рэк звычайна 80—120 м, месцамі да 300—500 м. Пераважныя глыбіні рэк 0,5—1 м, на плёсах 2—4 м, месцамі да 8 м. Дно часцей пясчанае і пясчана-ілістае, на ПнЗ месцамі камяністае і парожыстае. На Пд Беларусі рэчышчы неканалізаваных рэк звілістыя, разгалінаваныя, часта сустракаюцца старыцы, пратокі, меліярацыйныя канавы. Шырыня рэчышча ад 5—10 м у вярхоўях да 20—40 м у ніжніх цячэннях, месцамі да 60—80 м. Глыбіня ад 0,1—0,3 м да 7 м у асобных ямах. Часта трапляюцца пясчаныя нізкія астравы. Правыя берагі на рэках мерыдыянальнага напрамку часцей больш высокія, абразійныя, левыя — нізінныя акумуляцыйныя. Пераважаюць пясчаныя берагі, на Пд часта сугліністыя. Вышыня іх абумоўлена марфалогіяй і геалогіяй рэльефу, што ўплывае на ваганні ўзроўню вады ў рэках (да 12 м на асобных участках Дняпра і Зах. Дзвіны). Даліны рэк займаюць амаль 10% усёй тэр. Беларусі. На Пд ад мяжы апошняга (паазерскага) зледзянення сучасныя даліны шырокія, адносна мелкія, звычайна асіметрычныя ў папярочным сячэнні, іх правыя схілы больш высокія і стромкія, чым левыя. Самыя маладыя даліны на Беларускім Паазер’і (пачатак іх утварэння 16—14 тыс. гадоў назад, калі вобласць апошняга зледзянення хутка вызвалялася ад ледавіковага покрыва). Даліны тут звычайна глыбокія (20—30 м) і адносна вузкія, месцамі каньёнападобныя, са стромкімі схіламі, поймы вельмі вузкія або адсутнічаюць. У развітых поймавых далінах вылучаецца шырокае і плоскае дно, якое перыядычна затапляецца ў разводдзе, межаннае рэчышча ракі і схілы з тэрасамі. Вышыня поймаў над межанным узроўнем у рачных далінах Палесся 0,5—3 м, цэнтральных і паўночных частках краіны ад 1,5—4 да 6 м.
Нахілы рэк Беларусі вагаюцца ад 0,1 да 2—3‰. Сярэднія скорасці цячэння вялікіх і сярэдніх рэк 0,5—0,7 м/с, на перакатах да 0,8—1,5 м/с, на плёсах да 0,1—0,3 м/с, на парожыстых участках малых рэк больш за 1,5 м/с. Максімальныя скорасці назіраюцца ў час разводдзя і паводак, мінімальныя — у межань.
Каналы. На Беларусі створана густая сетка каналаў агульнай працягласцю каля 200 тыс.км (2001). Пераважаюць асушальныя меліярацыйныя каналы. Абсалютная большасць з іх мае невялікую працягласць, якая рэдка перавышае 10—20 км. Найбольшае значэнне сярод меліярацыйных каналаў маюць магістральныя. З іх самыя вялікія: Слаўкавіцка-Ямінскі, Дубайскі, Заазерскі, Асавецкі, Шчэлбінскі, Ненач; іх даўжыня ад 38 да 52 км. Нахілы магістральных меліярацыйных каналаў 0,3—0,4‰, скорасць цячэння ў іх вагаецца ад 0,3 да 1,4 м/с. На Пд шмат каналізаваных рэк (Арэса, Ведрыч, Іпа, Сведзь, Віць, Ненач і інш.); сетка меліярацыйных каналаў на балотных масівах павышае густату гідраграфічнай сеткі ў 2,5—4 разы. Некаторыя каналы створаны з мэтай злучэння суднаходных рэк: Дняпроўска-Бугскі (196 км) і Мікашэвіцкі (7 км). Захаваліся Агінскі, Аўгустоўскі, Бярэзінскі (у складзе Бярэзінскай воднай сістэмы) каналы, якія ў наш час страцілі сваё першапачатковае значэнне, але маюць значную каштоўнасць як гістарычныя аб’екты для турызму. Сярод каналаў трэба вылучыць водападвадныя, па якіх вада падаецца для арашальных сістэм, жыўлення рыбаводных сажалак, для цеплавых электрастанцый, пітнога водагаспадарчага забеспячэння, абвадняльных сістэм (напр., Сляпянская водная сістэма ў Мінску). Найдаўжэйшы з такіх каналаў — канал Вілейска-Мінскай воднай сістэмы (62 км).
Рэжым па сезонах. Паводле гідралагічнага рэжыму вылучана 6 гідралагічных раёнаў: Заходнядзвінскі, Верхнедняпроўскі, Вілейскі, Нёманскі, Цэнтральнабярэзінскі і Прыпяцкі (усе раёны, акрамя Нёманскага, падзяляюцца на падраёны). Асноўная крыніца жыўлення рэк — атмасферныя ападкі, якія ў цёплы перыяд года сцякаюць непасрэдна пасля выпадзення, у халодны — намнажаюцца на паверхні вадазбораў і сцякаюць пасля раставання снегу. Для рэжыму рэк Беларусі характэрна выразнае веснавое разводдзе і параўнальна ўстойлівыя летне-асенняя і зімовая межані, якія часам парушаюцца паводкамі ад дажджоў летам і ў час адліг зімой. Сярэдняе перавышэнне разводдзя над самым нізкім летнім узроўнем на вял. рэках складае ад 1,5 да 7 м (у залежнасці ад водных умоў года), на сярэдніх і малых рэках — прыкладна ўдвая ніжэйшае. Самае кароткае разводдзе ў басейне Нёмана (30—50 сут), самае працяглае — у басейне Прыпяці (да 120 сутак). Яно найчасцей суправаджаецца затапленнем поймаў рэк, а ў асобныя гады — і населеных пунктаў. Шырыня разліваў ад 1,5 да 15 км (Прыпяць), глыбіня затаплення ад 0,3—0,8 м на шырокіх поймах рэк да 2 м на вузкіх. Летне-асенняя межань, калі найбольш нізкія ўзроўні вады, доўжыцца ў басейне Зах. Дзвіны 160—180 сут, у басейне Прыпяці 135—165 сут, на астатніх рэках 190—205 сутак. У сухую летнюю межань малыя рэкі, а на Палессі ў асабліва засушлівыя гады таксама асобныя вадацёкі з пл. вадазбору 1200—1300 км², часам перасыхаюць. Летне-асенняя межань амаль штогод парушаецца дажджавымі паводкамі. У час найбольш высокіх з іх падняцце ўзроўню вады дасягае вышыні веснавога разводдзя, шматлікія сельскія населеныя пункты і с.-г. ўгоддзі аказваюцца падтопленымі. Працяг зімовай межані ў сярэднім 85—110 сутак. На рэках Беларусі пераважная большасць рачнога сцёку прыпадае на вясну пры раставанні снегу (да 77% гадавога сцёку). Агульнае памяншэнне веснавога сцёку назіраецца з Пн на Пд, гадавога сцёку — за ПнУ на ПдЗ. Веснавы сцёк (у % ад гадавога) па раёнах: Заходнедзвінскі — 50, Верхнедняпроўскі — 67, Вілейскі — 46 (Пн) і 40 (Пд), Нёманскі — 44, Цэнтральнабярэзінскі — 53 (ПнУ) і 59 (Перадпалессе), Прыпяцкі — 65 (Пн), 56 (Пд) і 46 (3). На перыяд летне-асенняй межані прыпадае 18—43% гадавога сцёку, зімовай 4—25%. У перыяд зімовых адліг на рэках нярэдка назіраюцца паводкі, што асабліва характэрна для заходняй і паўднёвай частак Беларусі. Азёрныя рэкі маюць працяглае разводдзе і павышаны сцёк у межань, Балотныя рэкі характарызуюцца працяглым разводдзем і паводкамі, а таксама паніжаным сцёкам у межань. На асобных участках рэк натуральны водны рэжым парушаецца дзеяннем гідратэхнічных збудаванняў — плацінамі, гідравузламі і інш. Для гідралаг. рэжыму каналаў характэрна значная ступень зарэгуляванасці сцёку.
Аб’ём сярэдняга шматгадовага мясцовага сцёку рэк, што фарміруецца на Беларусі, складае 34 км³, а з улікам транзітнага — 57,9 км³. З іх на Дняпро прыпадае 31%, Прыпяць — 22%, Зах. Дзвіну — 18%, Нёман — 25%, Зах. Буг — 4%. З сумежных з Беларуссю тэрыторый па рэках паступае каля 22 км³ вады (каля 70% з Расіі, 30% з Украіны). Адток вады ў суседнія краіны: 56% — на Украіну, 25% — у Латвію, 17% — у Літву, 2% — у Расію і Польшчу.
Зімой рэкі замярзаюць на 80—140 сут. Пачынаюць замярзаць пры т-ры паветра ніжэй за 0 °C у 2-й дэкадзе лістапада з Пн на Пд і ПдЗ. Таўшчыня лёду на іх на Пн і ПнУ 29—64 см, на З і ПдЗ 22—57 см, на Пд 17—45 см. Амаль усюды бывае веснавы крыгаход. У асобныя суровыя зімы некаторыя рэкі могуць прамярзаць да дна, але гэта нехарактэрная з’ява для рэк краіны. У мяккія зімы ледаставу часам не бывае. Сярэднемесячная тэмпература вады ў рэках у ліпені складае 19—22 °C (у асобныя дні да 27 °C) з максімумам у 16—18 гадзін і мінімумам у 6—8 гадзін. Тэрмічны рэжым каналаў у безлядовы перыяд амаль не адрозніваецца ад рэжыму суседніх рэк.
Рэкі нясуць, асабліва вясной, завіслыя часцінкі (каламуць). Вылучаюцца зоны павышанай каламутнасці (25—50 г/м³) — вярхоўі Зах. Дзвіны (да г. Бешанковічы), Дняпра (да Магілёва), вярхоўі Проні і Віхры (прытокі Сажа) і Нёмана — і зоны малой каламутнасці (да 25 г/м³) — Зах. Дзвіна (ніжэй Бешанковіч), Дняпро (ніжэй Магілёва), Вілія, Бярэзіна, Сож і Прыпяць. Рэкі штогод выносяць за межы Беларусі каля 1,2 млн.т завіслых наносаў і каля 6,5 млн.т (31,4 т/км² за год) раствораных рэчываў у выглядзе іоннага сцёку, паказчык якога (т/км² за год) вагаецца ад 64,6 (басейн Ашмянкі) да 16—24 (басейн Прыпяці).
Гаспадарчае выкарыстанне. Рэкі і каналы выкарыстоўваюць як крыніцы пітнога і тэхнічнага водазабеспячэння. На патрэбы нар. гаспадаркі з паверхневых крыніц штогод адбіраюць каля 750 млн.м³ вады (2001; з улікам вады, якая падаецца з Вілейскага вадасховішча па Вілейска-Мінскай воднай сістэме для абваднення р. Свіслач). Патэнцыяльныя гідраэнергарэсурсы рэк складаюць каля 900 тыс.кВт, працуе некалькі невялікіх ГЭС (найбольшая — Асіповіцкая на р. Свіслач). Агульная даўжыня суднаходных шляхоў Беларусі 3,9 тыс.км. Найбольш развіта суднаходства на Дняпры, Прыпяці, Бярэзіне, Сажы, а таксама на Дняпроўска-Бугскім і Мікашэвіцкім каналах. Па некаторых рэках (Зах. Дзвіне, Нёмане, Прыпяці, Бярэзіне, Сажы, Дняпры, Гарыні) у асобныя гады праводзяць лесасплаў. Даўж. лесасплаўных рэк 15 тыс.км. Прамысловае рыбалоўства вядуць на працягу амаль 4,6 тыс.км вялікіх і сярэдніх рэк, вылоўліваюць каля 200 т рыбы (2001). Многія рэкі з’яўляюцца водапрыёмнікамі меліярацыйных сістэм, крыніцамі вады на арашэнне і абвадненне. З мэтамі рэкрэацыі на рэках ствараюць зоны адпачынку (Беразіно, Гарадок, Дняпро, Масты, Стоўбцы і інш.), курорты (Рагачоў, Ушачы і інш.).
Рэкі выкарыстоўваюць як водапрыёмнікі сцёкавых вод: штогод у рэкі паступае каля 1200 млн.м³ сцёкаў (2001). Паводле якаснага складу вады рэкі ў пераважнай большасці адносяцца да катэгорыі ўмерана забруджаных. Найбольш забруджанымі з’яўляюцца вялікія і сярэднія рэкі ніжэй прамысловых цэнтраў (самая забруджаная — р. Свіслач ніжэй Мінска), малыя рэкі каля жывёлагадоўчых комплексаў. На ПдУ, у зоне ўплыву катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, некаторыя рэкі забруджаны радыёнуклідамі, каля Салігорска — солямі з адвалаў калійных камбінатаў. Для выкарыстання водных рэсурсаў і барацьбы са шкодным уздзеяннем на рэках ствараюць гідратэхнічныя збудаванні. Мерапрыемствы па ахове і рацыянальным выкарыстанні рэк і каналаў прадугледжаны ў Водным кодэксе Рэспублікі Беларусь.
Літ.:
Государственный водный кадастр. Многолетние данные о режиме и ресурсах поверхностных вод суши. Т. 3. Белорусская ССР. Л., 1985;
Блакітная кніга Беларусі: Энцыкл.Мн., 1994. Государственный водный кадастр. Водные ресурсы, их использование и качество вод. Мн., 1994—2002.
А.А.Макарэвіч.
Гідралагічныя паказчыкі найбольшых рэк Беларусі
Назва
Даўжыня, км
Плошча басейна, тыс.км²
Сярэднегадавы расход вады, м³/с
Дняпро, увесь
2145
504 000
1670
у межах Беларусі
689
66 380
583
Нёман, увесь
937
98 200
685
у межах Беларусі
459
34 600
214
Заходняя Дзвіна, уся
1020
87 900
666
у межах Беларусі
328
33 100
441
Прыпяць, уся
761
121 000
450
у межах Беларусі
500
51 370
450
Сож, увесь
648
42 100
219
у межах Беларусі
485
21 700
219
Бярэзіна
613
24 500
142
Заходні Буг, увесь
772
39 400
145
у межах Беларусі
154
10 360
100
Вілія, уся
498
25 100
186
у межах Беларусі
64
10 920
80
Гарынь, уся
659
27 700
110
у межах Беларусі
82
560
110
Іпуць, уся
437
10 900
55,6
у межах Беларусі
64
1 270
55,6
Свіслач
285
5 200
50,0
Пціч
421
9 470
49,7
Стыр, уся
494
12 900
49,5
у межах Беларусі
70
570
49,5
Шчара
325
6 990
37,7
Ясельда
250
7 790
35,8
Друць
295
5 020
31,6
Бярэзіна (прыток Нёмана)
226
4 000
30,0
Беседзь, уся
261
5 460
28,4
у межах Беларусі
185
3 880
28,4
Убарць, уся
292
5 800
24,4
у межах Беларусі
126
1 910
24,4
Асцёр, увесь
274
3 370
21,6
у межах Беларусі
50
430
21,6
Рака Нёман каля г. Гродна.Рака Дняпро каля Магілёва.Дняпроўска-Бугскі канал каля Кобрына.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРПА́ТЫ,
горная сістэма на УЦэнтр. Еўропы. Размешчана на тэр. Румыніі (каля 56% паверхні), Чэхіі і Славакіі (20%), Украіны (каля 10%), Польшчы (9,3%), Венгрыі (4,4%) і Аўстрыі (0,3%). Цягнецца дугой, адкрытай на З, ад Дзевінскіх Варот у наваколлі Браціславы да Жалезных Варот на Дунаі. Даўж. 1500 км, шыр. 100—300 км, найб. да 430 км на ПдУ. Паверхня К. разам з перадгор’ямі займае каля 190 тыс.км², з якіх 105 тыс.км² размешчана вышэй за 500 м; сярэдняя выш. каля 1000 м, найб. 2655 м (г. Герлахаўскі Шціт у Татрах). К. — адзін з гал. водападзелаў Еўропы паміж Балтыйскім і Чорным морамі. Складаюцца з кулісападобна размешчаных горных масіваў і хрыбтоў, расчлянёных падоўжнымі і папярочнымі далінамі рэк. Араграфічна вылучаюцца Заходнія Карпаты, Усходнія Карпаты (ч. іх наз. Украінскія К.), Бяскіды, Паўднёвыя Карпаты, Заходнія Румынскія горы і Трансільванскае плато. Уздоўж вонкавага боку дугі К. цягнецца паласа перадгор’яў, шыр. да 40—60 км. Ва ўнутранай ч. Карпацкай дугі знаходзіцца Вял. Венгерская нізіна. У К. пашыраны карставыя раёны, складзеныя з вапнякоў і даламітаў, якія асабліва ярка выражаны ў масівах Славацкі Крас, Хэгімаш, Аніна. Ва Усх. К. на нізкагор’ях участкі з гліністым і саляным карстам і актыўна дзеючымі гразевымі вулканамі.
К. ўваходзяць у склад альпійскай геасінклінальнай вобласці (гл. таксама Карпацкая складкавая вобласць). Утварыліся ў неаген-антрапагенавы перыяд. У фарміраванні рэльефу пасля гораўтваральнай стадыі асн. ролю адыгрывалі неатэктанічныя рухі, рачная эрозія, плейстацэнавыя ледавікі, схілавыя і карставыя працэсы. Вонкавы пояс перадкарпацкіх прагінаў складзены пераважна з флішу (пясчанікі, кангламераты, гліністыя сланцы). Цэнтр. (восевы) пояс утвораны пераважна з крышт. парод, вапнякоў, дзе знаходзяцца найб. высокія хрыбты (Татры, Фэгэраш і інш.) са слядамі стараж. зледзянення. Унутр. пояс прадстаўлены ў асн. вулканічнымі масівамі. Радовішчы нафты і газу, каменнага і бурага вугалю, каменнай і калійнай солей, серы, каляровых і рэдкіх металаў, мінер.вод і інш.
Клімат К. умераны, пераходны ад марскога да кантынентальнага. Сярэдняя т-растудз. ад -2 °C на Пд да -5 °C на Пн, на высокіх вяршынях да -10 °C. Ва ўнутр. упадзінах зімой назіраюцца тэмпературныя інверсіі. Сярэдняя т-раліп. ад 17 °C на Пн да 20 °C на Пд; у верхнім поясе гор зніжаецца да 4 °C. Гадавая колькасць ападкаў у перадгор’ях 600—800 мм на вонкавым баку дугі Усх. і Паўд. К. і 900—1000 мм у Зах. Румынскіх гарах і Зах. К. У высакагорным поясе сума ападкаў павялічваецца да 1200—1400 мм на Пд і 1800—2000 мм на ПнУ. Максімум ападкаў выпадае летам. Снежнае покрыва ў перадгор’ях трымаецца 2—3 месяцы, у высокіх гарах — 5—7 месяцаў і больш. Рэкі бас. Віслы і Одры ахопліваюць б.ч.паўн. схілаў і ўпадаюць у Балтыйскае м. Большасць рэк належаць да бас.р. Дунай, рэкі паўн.-ўсх. схілаў — да бас.р. Днестр, якія ўпадаюць у Чорнае м. Для рэк К. характэрны ваганні ўзроўню вады (да 5 м) вясной і ў пачатку лета; маюць вял. запасы гідраэнергіі. Азёры ў высакагор’і займаюць днішчы стараж. караў. Глебы пераважна горна-падзолістыя, у катлавінах — бурыя. Расліннасць размеркавана адпаведна вышыннай пояснасці: да 600—750 м шыракалістыя лясы (дуб, граб, бук), да выш. 1200—1400 м мяшаныя лясы (бук, піхта); хвойныя лясы (у асноўным з елкі) падымаюцца да 1500—1600 м ка Пн і 1700—1800 м на Пд. Вышэй лясоў размешчаны: субальпійскія зараснікі крывалесся (хваёвы сланік, ядловец у Зах. К. і вольха ва Усх. К.); альпійскія лугі (паланіны) ці пояс фрагментарнага развіцця альпійскіх лугоў (да выш. 2300—2400 м) з альпійскім разнатраўем і зараснікамі рададэндрану і карлікавай вярбы; востраканцовыя скалістыя вяршыні субнівальнай зоны пераважна без расліннасці. Жывёльны свет: алень, казуля, дзік, воўк, мядзведзь, рысь, лясны кот і інш. Для аховы прыроды ўтворана шмат заказнікаў і некалькі нац. паркаў. Самы вял. з іх у Татрах на тэр. Польшчы і Славакіі. Найб. густанаселены перадгор’і і ўнутрыгорныя катлавіны. Верхняя мяжа пасяленняў даходзіць да 800 м (макс. да 1300 м). Важнае значэнне маюць лясы як рэсурсы для вытв-сці драўніны. У сельскай гаспадарцы пераважае жывёлагадоўля (у асноўным авечкагадоўля). Земляробствам займаюцца ў міжгорных∙ катлавінах і на схілах да выш. 600—1000 м. праз К. ўздоўж далін рэк і на перавалах праходзяць камунікацыйныя лініі. Турыстычны раён. Цэнтры турызму і курорты на базе крыніц з мінер. вадой.
А.Ф.Санько, Т.Каліцкі.
Да арт.Карпаты. Высокія Татры, даліна Спішскіх азёр.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНГО́ЛА-ТАТА́РСКАЯ НЯВО́ЛЯ НА РУСІ́,
сістэма панавання манг.-тат. ханаў на землях паўн.-ўсх. і паўд.-зах. Русі ў 13—15 ст. Устаноўлена ў выніку заваявання гэтых зямель манг. ханам Батыем у 1237—40 (гл.Мангольскія заваяванні). Да пач. 1260-х г. Русь знаходзілася пад уладай вял.манг. ханаў, потым — ханаў Залатой Арды. Рус. княствы не ўваходзілі непасрэдна ў склад Мангольскай імперыі, захоўвалі мясц. княжацкую адміністрацыю, на тэр. княстваў не было пастаяннага манг. войска. У падпарадкаванні яны трымаліся пры дапамозе манг. пасланнікаў і рус. князёў, якія атрымлівалі ярлыкі на ўладанне (за выключэннем Кіева і некаторых інш. зямель паўд.-зах. Русі, дзе да сярэдзіны 14 ст. ўлада непасрэдна належала манг.баскакам і мясц. адміністрацыі). Баскакі і інш.спец. паслы з войскамі і вял. паўнамоцтвамі праводзілі збор даніны, у т. л. надзвычайныя зборы. Вядома 14 відаў ардынскіх павіннасцей, з якіх гал. былі «выхад», або «царская даніна» — падатак непасрэдна для манг. хана, гандл. зборы («мыт», «тамха»), фурманачныя павіннасці, утрыманне ханскіх паслоў, розныя «дары» хану, яго родзічам і г.д. Штогадовы «маскоўскі выхад» складаў 5—7 тыс.руб. серабром, «наўгародскі выхад» — 1,5 тыс. Перыядычна збіраліся вял. «запыты» на ваен. і інш. патрэбы. Для вызначэння колькасці плацельшчыкаў даніны ў 1245, 1257—59 і ў 1270-я г. мангола-татары праводзілі перапісы насельніцтва Русі. Ад даніны было вызвалена духавенства. Рус. князі абавязваліся паводле загаду хана пасылаць воінаў для ўдзелу ў ваен. паходах. Каб трымаць насельніцтва рус. зямель у пакорнасці, мангола-татары рабілі шматлікія карныя паходы, якія суправаджаліся масавымі забойствамі і забраннем тысяч людзей у няволю. У 1262 абавязак збору даніны даручаны самім мясц. князям, што паспрыяла ўмацаванню іх паліт. і ваен. ўлады. Маскоўскі кн.Іван I Данілавіч Каліта [1325—40] дамогся права збіраць «выхад» з усіх зямель паўн.-ўсх. Русі. Гасп. аднаўленне гэтых і інш. зямель Русі і заняпад Залатой Арды (з 2-й пал. 14 ст.) спрыялі актывізацыі барацьбы супраць манг.-тат. няволі. У паўд.-зах. частцы Русі з сярэдзіны 14 ст. паступова ўмацоўвалася ўлада ВКЛ. Бітва каля Сініх Вод 1362 стала гал. падзеяй у наступленні ВКЛ на землі, падпарадкаваныя мангола-татарам, і іх вызваленні ад ардынскага прыгнёту (пра адносіны паміж ВКЛ і мангола-татарамі гл. ў арт.Залатая Арда). Кулікоўская бітва 1380 значна аслабіла панаванне манг.-тат. ханаў у паўн.-ўсх. Русі, аднак у 1382 яно было адноўлена пасля спусташальнага паходу на Маскву хана Тахтамыша. Маскоўскі кн.Васіль I Дзмітрыевіч [1389—1425] упершыню атрымаў вял. княжанне без ханскага ярлыка як сваю «вотчыну». Пры ім манг.-тат. няволя мела фармальны характар: даніна выплачвалася нерэгулярна, рус. князі праводзілі ў значнай ступені самаст. палітыку. У 1476 вял. маскоўскі кн.Іван III Васілевіч [1462—1505] адмовіўся плаціць даніну, у 1480 спыніў на р. Угра карны паход на Маскву хана Ахмеда; у выніку рус. землі канчаткова вызваліліся ад манг.-тат. няволі.
Аб уплыве манг.-тат. панавання на гісторыю рус. і інш. народаў Усх. Еўропы існуюць розныя погляды. Адны гісторыкі адводзілі яму вырашальную ролю ва ўтварэнні Рус. цэнтралізаванай дзяржавы (М.М.Карамзін, М.І.Кастамараў), другія (С.М.Салаўёў, В.В.Ключэўскі) адстойвалі канцэпцыю ўзнікнення дзяржаўнасці на Русі ў выніку «ўнутранага развіцця» і адмаўлялі колькі-небудзь значны ўплыў мангола-татар на рас. дзяржаўнасць. Асаблівасці манг.-тат. няволі на землях паўд.-зах. Русі, а таксама ўзаемаадносіны ВКЛ і мангола-татар даследавалі ўкр. гісторыкі У.Б.Антановіч, А.С. і М.С. Грушэўскія і інш. Сістэма манг.-тат. панавання на Русі вывучалася ў сав. гістарыяграфіі. М.М.Ціхаміраў раскрыў ролю Масквы ў аб’яднанні рус. народа і барацьбе з мангола-татарамі. Л.У.Чарапнін паказаў, што Рус. цэнтралізаваная дзяржава ўтварылася ў працэсе барацьбы з манг.-тат. заваёўнікамі. Л.М.Гумілёў і М.Ф.Фларынскі даказвалі прагрэс. значэнне манг.-тат. панавання на Русі. А.М.Насонаў даследаваў гісторыю Тураўскай і Берасцейскай зямель у час ардынскага прыгнёту. Значная ўвага пытанню аб узаемаадносінах ВКЛ з мангола-татарамі аддадзена ў працах бел. гісторыкаў М.В.Доўнара-Запольскага, В.Л.Насевіча і інш.
Літ.:
Алексеев Ю.Г. Освобождение Руси от ордынского ига. Л., 1989;
Егоров В.Л. Золотая Орда: мифы и реальность. М., 1990;
Грушевський М.С. Нарис історії Київської землі від смерті Ярослава до кінця XIV сторіччя. Київ, 1991;
Карамзин Н.М. История государства Российского. Т. 5—6. М., 1993;
Насевіч В.Л. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: Падзеі і асобы. Мн., 1993;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАГО́РНЫ КАРАБА́Х,
гістарычная вобласць у Закаўказзі, у складзе Азербайджана. Пл. 4,4 тыс.км². Нас. 194 тыс.чал. (1991), гарадскога 52,7%. Сярэдняя шчыльн. 43,9 чал. на 1 км². Жывуць армяне (76,9%), азербайджанцы (21,5%), рускія (1%) і інш. У выніку армяна-азерб.ўзбр. канфлікту (1988—94) значна вырасла міграцыйная актыўнасць насельніцтва; тысячы азербайджанцаў пакінулі тэр. Н.К., адначасова павялічыўся прыток армян з Азербайджана ў Н.К. Цэнтр — г. Ханкэнды (б. Сцепанакерт). Гарады: Шуша, Акдэры (Мардакерт).
Прырода. Рэльеф гарысты. Асн. частка тэр. Н.К. размешчана ў межах М. Каўказа. На Пн — хр. Мураўдаг (выш. да 3724 м, г. Гямыш), у цэнтры, на З і Пд — Карабахскі хр. (выш. да 2725 м), на ПнУ і У — раўніны. Горы складзены часткова з кайназойскіх вулканагенна-асадкавых парод (туфы, туфабрэкчыі, лавы рознага складу, пясчанікі, вапнякі). Тэр. Н.К. адносіцца да ліку тэктанічна актыўных. Карысныя выкапні: поліметал. руды з прамысл. запасамі свінцу, цынку, медзі, барыты, буд. матэрыялы (мармур, мергелі, вапнякі, вогнетрывалыя гліны). Крыніцы мінер.вод. Клімат на б.ч. тэрыторыі ўмерана цёплы з сухой зімой. На раўніне і ў сярэднягор’і сярэдняя т-растудз. ад 3 °C да -2 °C, у высакагор’і ад -6 °C да -10 °C, ліп. адпаведна 20—25 °C і 10—15 °C. За год на раўніне і ў сярэднягор’і выпадае 400—600 мм ападкаў, у высакагор’і — больш за 800 мм. Гал. рэкі: Тэртэр, Хачынчай, Каркарчай (бас. Куры), Кендэланчай, Ішханчай (бас. Аракса) багатыя энергарэсурсамі. На р. Тэртэр — Сарсангскае вадасх. з ГЭС. Глебы на раўніне і нізкагор’і пераважна каштанавыя, у сярэднягор’і — горна-лясныя, вышэй — горна-лугавыя. Расліннасць на раўніне палыновая і палынова-злакавая паўпустынная, у перадгор’ях і нізкагор’і зараснікі паўксерафітных хмызнякоў у спалучэнні са стэпавай расліннасцю, вышэй — шыракалістыя. лясы (дуб, граб, бук), субальпійскія і альпійскія лугі. Пад лесам і хмызнякамі каля 32% тэрыторыі.
Гісторыя. Сляды дзейнасці чалавека на тэр. Н.К. выяўлены з ніжняга палеаліту. У старажытнасці і сярэднявеччы — ч.гіст. Арменіі (арм. Арцах). У 1 ст. да н. э. — 8 ст.н. э. ў складзе Албаніі Каўказскай. У 11 ст. адбылося нашэсце сельджукаў, у 13 ст. — манголаў, у 16 ст. заваяваны Іранам. З сярэдзіны 18 ст.цэнтр. вобласць Карабахскага ханства са сталіцай у г. Шуша. Да пач. 19 ст. ў Н.К. захаваліся 5 арм. мелікстваў (княстваў) — апошніх рэшткаў арм. дзяржаўнасці. Паводле Гюлістанскага мірнага дагавора 1813 у складзе Рас. імперыі. У 1918—20 — аб’ект вострай барацьбы паміж Азербайджанам і Арменіяй, у выніку якой загінула больш за 20% насельніцтва Н.К. Пасля ўсталявання ў Н.К. сав. улады ў ліп. 1921 перададзены ў склад Азерб. ССР. У ліп. 1923 ператвораны ў Нагорна-Карабахскую аўт. вобласць (НКАВ). У лют. 1988 аблсавет НКАВ звярнуўся да Вярх. Саветаў СССР, Арм. ССР і Азерб. ССР з просьбай аб далучэнні да Арменіі, што стала пачаткам арм.-азерб. канфлікту. 26.11.1991 Вярх. Савет Азербайджана скасаваў аўтаномію Н.К. У студз. 1992 абвешчана Нагорна-Карабахская Рэспубліка (НКР). У ходзе ваен. дзеянняў у 1992—93 сілы самаабароны НКР пры падтрымцы Арменіі ўсталявалі кантроль над усёй тэр. Н.К. і шэрагам прылеглых раёнаў Азербайджана. У маі 1994 у г. Бішкек (Кіргізія) падпісана пагадненне аб спыненні агню ў Н.К. У цяперашні час Арменія і Азербайджан вядуць перагаворы пад эгідай Мінскай групы Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе пра будучыню Н.К.
Гаспадарка. Н.К. — пераважна агр. краіна. С.-г. ўгоддзі займаюць каля 200 тыс.га, у т. л. пасяўныя пл. 51,7 тыс.га. Вядучыя галіны земляробства — вінаградарства, вытв-сць збожжа, садоўніцтва. Вырошчваюць збожжавыя (азімая пшаніца, ячмень), тэхн. (тытунь, бавоўнік), кармавыя і агародніна-бахчавыя культуры, бульбу. Вінаградарства развіта ў перадгор’ях, сярэднягор’і і на раўніне, пераважаюць тэхн. гатункі. Асн.пл. пладова-ягадных культур у Ханкэндыйскім і Ханджавендскім р-нах. Тутавае пладаводства. Жывёлагадоўля мяса-малочнага (на раўніне, у перадгор’ях і сярэднягор’і) і мяса-шэрснага (у высакагор’і) кірунку. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, авечак, коз, свіней, птушак. Развіта шаўкаводства. Прам-сць працуе пераважна на мясц. сыравіне. Асн. галіны: харч. (вінаробная, масласыраробная, мясная), лёгкая (шаўковая, абутковая, дывановая, швейная), маш.-буд. (эл.-тэхн.), электраэнергетыка, лясная і дрэваапр., у т. л. мэблевая. Вытв-сцьбуд. матэрыялаў. Транспарт аўтамаб., чыг. і паветраны. Асн. аўтадарогі Еўлах—Агдам—Ханкэнды—Шуша—Лачын, Еўлах—Акдэры—Кельбаджар, чыгунка Еўлах—Агдам—Ханкэнды. У г. Ханкэнды аэрапорт. Курорт Шуша і бальнеакліматычная лячэбная мясцовасць Туршсу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКУШЭРСТВА І ГІНЕКАЛОГІЯ
Навук. акушэрства і гінекалогія на Беларусі пачалі развівацца з часу заснавання Гродзенскай мед. акадэміі (1775—81). Пасля далучэння Беларусі да Рас. імперыі акушэрства і гінекалогія набылі рысы дзярж.мед. сістэмы. У 2-й пал. 18—19 ст. ступень доктара медыцыны па акушэрстве і гінекалогіі мелі бел. ўрачы М.Гарадзецкі, К.Гарэльчанка, В.Грабавецкі, Б.А.Кадыгробаў, І.П.Надпарожскі, С.Прабароўскі, А.А.Сіцынскі. Д-р медыцыны К.І.Стржалка (Слуцк) распрацаваў аперацыю эмбрыяспандылатаміі (1863), С.К.Свянціцкі (Мінск) рабіў пластычныя аперацыі пры пузырна-пахвінных свішчах (1883). Сістэматычныя даследаванні і падрыхтоўка практычных кадраў па акушэрстве і гінекалогіі праводзяцца з часу заснавання ў 1923 мед. факультэта БДУ (першы заг. кафедры М.Л.Выдрын). У 1931 заснаваны Бел.НДІ аховы мацярынства і дзяцінства (дырэктары Г.А.Калюжын, А.К.Усціновіч, Г.А.Шышко), у 1932 — Бел.мед. акадэмія паслядыпломнай адукацыі, у 1934 — Віцебскі мед. інстытут (першы заг. кафедры Г.Я.Гофман). З 1958 пытанні акушэрства і гінекалогіі даследуюцца ў Гродзенскім, з 1990 — і ў Гомельскім мед. універсітэтах.
У 1920—40-я г.бел. вучоныя распрацоўвалі пытанні арганізацыі акушэрска-гінекалагічнай дапамогі, прапанавалі і ўкаранілі ў практыку спосабы догляду пупавіннага астатку нованароджаных (Выдрын, І.М.Старавойтаў), назапашвання, кансервавання, фракцыйнага пералівання плацэнтарнай крыві (Л.І.Кантаровіч, Л.І.Рахманчык), кольпацыталогіі ў акушэрстве і гінекалогіі (Г.Л.Дазорцава), распрацавалі і палепшылі методыкі шэрагу гінекалагічных аперацый (Я.У.Клумаў). Навук. працы 1945—60 прысвечаны пераважна вядзенню ўскладненых родаў, папярэджанню мёртванароджанасці і мацярынскай смяротнасці, прафілактыцы і лячэнню крывацёку пры родах, вывучэнню пасляродавых септычных хвароб. Бел. акушэры-гінеколагі абгрунтавалі і ўкаранілі ў практыку спосабы ажыўлення ўяўнапамерлых нованароджаных (І.С.Лягенчанка, Л.С.Персіянінаў), распрацавалі метад прафілактыкі і лячэння тэрмінальнага стану парадзіх уліваннем крыві ўнутр. артэрый, пытанні этыялогіі, патагенезу разрываў маткі, таксікозаў цяжарнасці і іх патагенетычнай тэрапіі з ужываннем аміназіну (В.Ц.Камінская, Персіянінаў). Прапанавалі і ўкаранілі ў практыку спосаб прафілактыкі бленарэі нованароджаных, распрацавалі прафілактыку кровазліцця ў мозг нованароджаных, лячэнне перадракавага стану шыйкі маткі, вядзенне родаў пры вузкім тазе (Гофман, М.Ф.Лызікаў). Удакладнены прычыны позняй асфіксіі плода, узроставай марфалогіі і інервацыі мяккай мазгавой абалонкі, лячэнне дысфункцыянальнага матачнага крывацёку (Лягенчанка, П.М.Сяржанін).
З 1960-х г.бел. акушэры-гінеколагі даследавалі праблемы антэнатальнай аховы плода, прафілактыкі перынатальнай паталогіі. Вывучалі прыроджаныя заганы развіцця, інфіцыраваныя выкідышы, невыношванне цяжарнасці пры сардэчна-сасудзістых хваробах і таксікозах, дыягностыку і лячэнне злаякасных пухлін; распрацоўвалі мерапрыемствы па зніжэнні захворванняў жанчын на прамысл. прадпрыемствах (З.А.Азёрная, В.С.Ракуць). Даследавалі асаблівасці родаў пры несвоечасовым выцяканні каляплодных вод, значэнне кортыкастэроідных гармонаў, ультрагуку ў лячэнні гінекалагічных хвароб, мікраэлементаў у паталогіі цяжарнасці (В.В.Асадчая, Г.І.Герасімовіч, Лызікаў). Вывучалі інервацыю жаночых палавых органаў (В.Р.Лінкевіч). Распрацавана і ўкаранёна ў практыку тэхніка хірургічных аперацый гнойных хвароб у гінекалогіі (Старавойтаў), метад люмінесцэнтнай цытадыягностыкі пухлін (І.А.Макарэнка). У апошнія дзесяцігоддзі вывучаюцца фізіялогія і паталогія скарачальнай дзейнасці маткі (К.І.Малевіч, У.І.Дуда, В.Л.Васкрасенкі), дыягностыка і лячэнне запаленчых захворванняў (М.С.Занько, Г.А.Лукашэвіч), генітальна-герпетычная інфекцыя (І.М.Арэстава, А.І.Браноўская, Ю.К.Малевіч). Сфарміравана новая канцэпцыя аб праблеме генітальнага эндаметрыёзу (Т.С.Дзівакова, В.А.Перасада, Л.Я.Радзецкая, Л.Я.Супрун). Атрыманы новыя ўяўленні аб дыягностыцы і лячэнні дзіцячай і падлеткавай гінекалагічнай паталогіі (Н.П.Жукава, Л.Ф.Мажэйка), паталогіі шыйкі маткі (П.С.Русакевіч), вядзенні рознай акушэрскай паталогіі (В.М.Харкевіч), лячэнні бясплоднасці (С.І.Міхалевіч).
Ахова мацярынства і дзяцінства — прыярытэтны кірунак у сучаснай медыцыне Беларусі. Па якасных паказчыках гэты кірунак дзейнасці знаходзіцца на ўзроўні большасці краін Еўропы і Паўночнай Амерыкі. Гэта абумоўлена і мэтанакіраванай працай урада, навук. работнікаў і практычных урачоў. На пач. 2004 на Беларусі працавала больш за 2500 урачоў акушэраў-гінеколагаў, у т. л. каля 80 кандыдатаў і дактароў мед. навук.
Літ.:
Малевич К.И., Герасимович Г.И., Русакевич П.С. Методы лазеротерапии в акушерстве и гинекологии. Мн., 1992;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЖЫБУ́ЦІ (Djibouti), Рэспубліка Джыбуці (Republique de Djibouti),
дзяржава на ПнУ Афрыкі. Мяжуе на Пн з Эрытрэяй, на З і Пд з Эфіопіяй, на ПдУ з Самалі. На У абмываецца Баб-эль-Мандэбскім пралівам і Адэнскім зал. Індыйскага ак. Падзяляецца на 5 акруг. Пл. 22 тыс.км². Нас. 557 тыс.чал. (1993). Сталіца — г.Джыбуці. Афіц. мова — арабская і французская.
Нац. свята — Дзень незалежнасці (27 чэрв.).
Дзяржаўны лад. Дж. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1992. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, які выбіраецца насельніцтвам на 6 гадоў. Вышэйшы прадстаўнічы орган — аднапалатны Нац. сход (65 дэпутатаў), выбіраецца насельніцтвам на 5 гадоў. Выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад на чале з прэм’ер-міністрам.
Прырода. Для рэльефу характэрна чаргаванне горных масіваў з патухлымі вулканамі і нізкіх лававых плато. Цэнтр.ч. краіны займаюць камяністыя, пясчаныя або гліністыя раўніны. На ПнУ адгор’і хр. Данакіль (г. Муса-Алі, 2022 м). У глыбокай тэктанічнай упадзіне воз. Асаль (на 153 м ніжэй узр. м.). Клімат трапічны, сухі і гарачы. Сярэднямесячныя т-ры 27—35 °C. Ападкаў 45—130 мм за год. Пастаянных рэк няма. Расліннасць пустынная і паўпустынная. Нац. паркі Дай, Маскалі-Мусша, некалькі рэзерватаў.
Насельніцтва Рэспубліку насяляюць 2 народы, якія размаўляюць на мовах кушыцкай групы семіта-хаміцкай сям’і: іса (блізкія да самалійцаў, 50%) і афары (40%). Жывуць таксама самалійцы, арабы, выхадцы з Еўропы (французы, грэкі, італьянцы) і інш. 94% вернікаў мусульмане. Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 25,3 чал. на 1 км². 82% яго пражывае ў гарадах і пасёлках на ўзбярэжжы і на ПдУ, у т. л. больш за палавіну ў г. Джыбуці. Ва ўнутр. раёнах пераважаюць качэўнікі і паўкачэўнікі.
Гісторыя. У 1880-я г.тэр. п-ва Самалі падзелена паміж Англіяй і Францыяй. Калонія Франц. Самалі ў 1946 атрымала статус «заморскай тэр. Францыі», у 1956 — частковую аўтаномію. У ходзе рэферэндуму 1967 большасць насельніцтва выказалася за аўтаномію ў рамках Франц. Рэспублікі і краіна з чэрв. 1967 стала афіцыйна наз.Франц.тэр. афараў і іса. У 1970-я г. ў краіне і за мяжой узнік моцны незалежніцкі рух сярод іса, дыскрымінаваных французамі на карысць афараў. У 1972 створана Афр.нар. ліга (з 1975 Афр.нар. ліга за незалежнасць). У эміграцыі дзейнічалі вызв. партыі, у т. л. тыя, што выступалі за аб’яднанне з Самалі ці Эфіопіяй.
8.5.1977 абвешчана незалежная дзяржава пад назвай Рэспубліка Джыбуці; ролю канстытуцыі ў краіне выконвалі «арганічныя законы». Унутрыпаліт. напружанасць у 1990—92 выклікала сутыкненні кланава-племянных інтарэсаў афараў і іса. Афарская апазіцыя стварыла Фронт за аднаўленне адзінства і дэмакратыі, разгарнула антыўрадавыя ўзбр. выступленні. У чэрв. 1992 гэты Фронт разам з інш. апазіцыйнымі партыямі і рухамі, у т. л. і прадстаўнікамі інтарэсаў іса, утварылі Аб’яднаны фронт апазіцыі. 4.9.1992 на рэферэндуме ўпершыню прынята канстытуцыя. У маі 1993 прэзідэнтам краіны выбраны Х.Гулед Апцідон. Дж. — чл.ААН з 1977. Паліт. партыі — Нар. аб’яднанне за прагрэс (правячая), Партыя дэмакр. абнаўлення, Нац.-дэмакр. партыя.
Гаспадарка. Дж. — адна з найменш развітых краін свету. Штогадовы даход на душу насельніцтва каля 300 долараў. Гасп. дзейнасць абмежавана неспрыяльнымі прыроднымі ўмовамі. Доля ў валавым унутр. прадукце: транспарту і сферы паслуг — каля 85%, прам-сці — каля 10%, сельскай гаспадаркі — каля 4%. Найб. развіта абслугоўванне трансп. аперацый праз порт Джыбуці, дзе канчаецца чыгунка і аўтадарога, якія злучаюць Эфіопію з узбярэжжам. 3/4 грузаабароту порта — транзітныя грузы, праз яго праходзіць каля палавіны знешняга гандлю Эфіопіі. Даўж. чыгункі 106 км, аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 283 км. Каля г. Джыбуці міжнар. аэрапорт. Прам-сць прадстаўлена невял. паўсаматужнымі прадпрыемствамі па вытв-сці харч. прадуктаў, скураных вырабаў, буд. матэрыялаў, мех. і швейнымі майстэрнямі. Ёсць некалькі невял. электрастанцый, з-дмінер.вод, малаказавод, камбікормавы з-д, тэкст. прадпрыемствы. Суднарамонт і буд-ва невял. суднаў. Лоўля рыбы і крабаў, збор жэмчугу і перламутру, каралаў, губак. Здабыча кухоннай солі з марской вады, вапняку, перліту. Саматужныя промыслы: ювелірны (вырабы з серабра, упрыгожаныя жэмчугам, перламутрам, караламі), гарбарны (вырабы з ціснёнай скуры — сёдлы, збруя, бурдзюкі і інш.). Гал. крыніца існавання сельскага насельніцтва — качавая і паўкачавая жывёлагадоўля. Пагалоўе (тыс.гал.): авечак і коз каля 1000, вярблюдаў каля 40, буйн. раг. жывёлы каля 50. Пад пашай каля 12% тэрыторыі. Выкарыстоўваюцца таксама сезонныя пашы па-за межамі краіны, пераважна ў Эфіопіі. Для земляробства прыдатныя толькі 7 тыс.га зямель у аазісах. Вырошчваюць фінікавую пальму, каву, агародніну. Дж. экспартуе жывёлу і скуры, імпартуе харч. і прамысл. тавары. Імпарт перавышае экспарт у 10 разоў. Асн.гандл. партнёры: Францыя (57% экспарту, 26% імпарту), Йемен, Саудаўская Аравія. Краіна атрымлівае штогадовую дапамогу ад міжнар. арг-цый і Францыі. Грашовая адзінка — джыбуційскі франк.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРАСНАДА́РСКІ КРАЙ.
У складзе Рас. Федэрацыі. Утвораны 13.9.1937. Размешчаны на ПдЗПаўн. Каўказа ў бас.р. Кубань, на З і ПдЗ абмываецца Азоўскім і Чорным м.Пл. 76 тыс.км². Нас. 5011 тыс.чал. (1997), гарадскога 54%. Сярэдняя шчыльн. 66 чал. на 1 км². Жывуць рускія (86,7%), украінцы (3,9), армяне (3,7), беларусы (0,8), немцы (0,6), грэкі (0,6), адыгейцы (0,5) і інш. Цэнтр — г.Краснадар. Найб. гарады: Новарасійск, Армавір, Ейск, Крапоткін, Ціхарэцк, Туапсэ, Лабінск.
Прырода. На тэр. краю Кубана-Прыазоўская нізіна, на У частка Стаўрапольскага ўзв.; на Пд перадгор’і і хрыбты зах. часткі Вял. Каўказа (выш. да 3256 м). Уздоўж Чорнага м. вузкая ўзбярэжная паласа. Карысныя выкапні: нафта, прыродны газ, каляровыя і рэдкія металы. буд. матэрыялы, каменная соль. Шмат крыніц мінер.вод, ілавыя гразі. Клімат ад умерана кантынентальнага да субтрапічнага. Сярэдняя т-растудз. ад -4 °C (на раўніне) да 5 °C (на ўзбярэжжы Чорнага м.), ліп. 22—24 °C, у гарах (на выш. 2000 м) адпаведна -8 ºС і 13 °C. Ападкаў ад 400 мм на ПнУ да 1400 мм у раёне г. Сочы і да 3200 мм у гарах у раёне Краснай Паляны. Гал. рака Кубань з прытокамі Уруп, Лаба, Белая і інш.; рэкі паўн. часткі — Ея, Чэлбас, Бейсуг; выкарыстоўваюцца для арашэння. Вадасховішчы Краснадарскае, Тшчыкскае і Шапсугскае. На Таманскім п-ве і ўзбярэжжы Азоўскага м. азёры-ліманы. Глебы на раўніне чарназёмныя, у даліне Кубані алювіяльныя, у перадгор’ях і гарах горна-лясныя і горна-лугавыя. Расліннасць на раўніне культурная, у гарах шыракалістыя (дубовыя, букавыя, у раёне Туапсэ—Сочы мяшаныя калхідскія) і цёмна-хваёвыя (каўк. піхта, елка) лясы, субальпійскія і альпійскія лугі. У складзе жывёльнага свету ліс, ласка, тхор, заяц-русак, грызуны (на раўніне); буры мядзведзь, рысь, лясны кот, лясная і каменная куніца (у гарах); заходнекаўк. тур, серна, снежная палёўка (у высакагор’і). Каўказскі запаведнік, Сочынскі прыродны нац. парк.
Гаспадарка. Сярод галін прам-сці вылучаюцца харч., маш.-буд. і металаапр., паліўная, хім. і нафтахім., мікрабіял., дрэваапр., лёгкая, вытв-сцьбуд. матэрыялаў. Харч.прам-сць (41% прамысл. прадукцыі краю) грунтуецца на магутнай базе с.-г. сыравіны. Прадпрыемствы алейна-тлушчавай прам-сці (236 тыс.т, 1996) сканцэнтраваны ў гарадах Краснадар, Армавір, Крапоткін, Лабінск, Беларэчанск; вінаробнай — Абраў-Дзюрсо, Туапсэ, Анапа, Ейск, Крымск, Славянск-на-Кубані, цукр. (1,1 млн.т) — Лабінск, Новакубанск. рыбная — Новарасійск, Прыморска-Ахтарск, Тэмрук. Развіты агароднінакансервавая, мясная, масласыраробная, мукамольная, піваварная, тытунёвая прам-сці. У маш.-буд. і металаапр. вылучаецца вытв-сць станкоў, электра- і радыёвымяральных прылад, кампрэсараў, газавай апаратуры, рысаўборачных камбайнаў (Краснадар), электратэхн. прылад, абсталявання для нафтавай прам-сці (Армавір), рухавікоў, абсталявання для харч. прам-сці (Новарасійск), цяжкіх пуцявых машын, абсталявання для хім. прам-сці (Ціхарэцк), дрэваапр. станкоў (Крапоткін). Суднамех. і суднарамонтныя з-ды ў Новарасійску, Туапсэ, Ейску. Здабыча (1996): нафты (1,6 млн.т, разам з Тазавым кандэнсатам) і прыроднага газу (1,8 млрд.м³) у раёнах Абінска, Славянска-на-Кубані, Хадыжэнска, Апшэронска і інш. Перапрацоўка нафты (3,1 млн.т) на з-дах у Краснадары і Туапсэ. Хім.прам-сць (вытв-сць пластмас, гумава-тэхн. вырабаў, лакафарбавых матэрыялаў) у Краснадары, Крапоткіне, Лабінску. Камбінат біяхім. і вітамінных прэпаратаў у Краснадары, ёдавы з-д у Славянску-на-Кубані. Вытв-сць электраэнергіі (6,7 млрд.кВт∙гадз, 1996) пераважна на ЦЭЦ. Дрэваапр.прам-сць (вытв-сць фанеры, мэблі, драўлянай і кардоннай тары) у Краснадары, Новарасійску, Беларэчанску, Армавіры, Ейску, Лабінску.
Развіты шарсцяная, баваўняная, швейная, трыкат., гарбарна-абутковая прам-сць. Буйная вытв-сць цэменту (1,7 млн.т, 4 з-ды ў Новарасійску), цэглы, жалезабетонных вырабаў, мяккіх дахавых матэрыялаў. Фарфора-фаянсавы з-д у Краснадары. К.к. адзін з важнейшых с.-г. раёнаў Расіі. Пл.с.-г. угоддзяў 4,8 млн.га, у т. л. пад ворнымі землямі 4 млн.га. Пасевы пшаніцы, рысу (пераважна ў нізоўях Кубані), кукурузы, сланечніку, цукр. буракоў, тытуню, эфіраалейных культур (у т. л. клешчавіны). Агародніна-, бульба- і бахчаводства. Збор (тыс.т, 1995): збожжа — 5727, сланечніку — 817, цукр. буракоў — 4236, агародніны — 661, бульбы — 612. Вінаградарства, садоўніцтва. На Пд ад Туапсэ, на ўзбярэжжы, вырошчваюць чай, цытрусавыя і інш. субтрапічныя культуры. Жывёлагадоўля мяса-малочнага кірунку. Гадуюць буйн. раг. жывёлу (1,3 млн. галоў), свіней (1,7 млн. галоў), авечак, коз, птушку. Вытв-сць воўны 978 т (1995). Пчалярства. Даўж. чыгунак 2,2 тыс.км, аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 25,7 тыс.км. Гал. чыгункі Растоў-на-Доне—Армавір—Баку, Валгаград—Новарасійск, Армавір—Туапсэ—Сочы, аўтадарогі Новарасійск—Туапсэ—Сухумі, Растоў-на-Доне—Баку. Развіты марскі і паветр. транспарт. Марскія парты́: Новарасійск (вываз нафты і цэменту), Туапсэ, Сочы (Чорнае м.), Тэмрук, Ейск (Азоўскае м.). Найбуйнейшы аэрапорт — Адлер Суднаходства па р. Кубань (ад Краснадара да вусця). Газаправод Краснадар—Цэнтр. К.к. — буйнейшы ў Расіі курортны раён і цэнтр турызму. Курорты: Сочы, Анапа, Геленджык, Ейск, Гарачы Ключ, Туапсінская курортная зона.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫ́ПЯЦКАЕ ПАЛЕ́ССЕ,
фізіка-геаграфічны раён у сярэдняй ч. падправінцыі Беларускага Палесся. Размешчаны на Пд Беларусі, займае ўсх.ч. Брэсцкай, Пд Мінскай, крайні ПдЗ Магілёўскай, зах.ч. Гомельскай абласцей. Мяжуе з Брэсцкім Палессем і Загароддзем на 3, Баранавіцкай і Цэнтральнабярэзінскай раўнінамі на Пн, Гомельскім і Мазырскім Палессем на У і ПдУ, Жытомірскім і Валынскім Палессем на Пд. Выш. 125—145 м, найб. 186 м (на З ад в. Чалюшчавічы Петрыкаўскага р-на Гомельскай вобл.). Пл. больш за 20 тыс.км². Працягласць з 3 на У ад 140 да 220 км, з Пн на Пд ад 105 да 140 км.
У тэктанічных адносінах цэнтр. і ўсх.ч. П.П. прымеркаваны да Прыпяцкага прагіну, зах.ч. — да Палескай седлавіны. Асадкавы чахол у Прыпяцкім прагіне (магутнасць пераважна 1,5—2,6 км) утвораны адкладамі верхняга пратэразою, палеазою, мезазою і кайназою, сярод якіх больш развіты верхнедэвонскія саляносныя тоўшчы; на Палескай седлавіне (магутнасць 0,4—0,6 км) пераважна складзены з парод верхняга пратэразою, мелу, палеагену і неагену. Антрапагенавыя адклады (магутнасць 10—20 м на Пд і ў цэнтры, 50—70 м на Пн, да 80—100 м на 3) — азёрныя, балотныя, алювіяльныя, эолавыя» водна-ледавіковыя. Марэна бярэзінскага зледзянення трапляецца на ПнУ, дняпроўскага і сожскага на крайнім ПнЗ. На невял. плошчах (у раёне г. Столін, в. Глушкавічы Лельчыцкага р-на Гомельскай вобл.) і на асобных фрагментах рачных далін на паверхню выходзяць даантрапагенавыя адклады.
У рэльефе П.П. спалучаюцца азёрна-алювіяльныя, алювіяльныя тэрасаваныя, поймавыя і водна-ледавіковыя раўніны, з асобнымі ўчасткамі марэнных раўнін, краявымі ўзгоркамі і градамі, характэрна наяўнасць буйных затарфаваных масіваў і азёр. Мінім.выш. рэльефу 113 м прымеркавана да ўрэзу р. Прыпяць у сутоках з р. Пціч, найб. 155—186 м — да краявых марэнных утварэнняў. Азёрна-алювіяльныя раўніны вылучаюцца на ПнЗ з азёрамі Выганашчанскае, Чорнае, Спораўскае і інш. з адноснымі перавышэннямі паверхні 0,5—1,5 м; уздоўж р. Арэса і вакол воз. Чырвонае з адноснымі выш. 1—2 м (зрэдку трапляюцца пясчаныя ўзгоркі выш. да 5 м); паміж рэкамі Сцвіга і Убарць у шыротным напрамку з ваганнямі адносных выш. 0,3—0,5 м. Водналедавіковыя раўніны маюць хвалістую паверхню з нахілам у бок р. Прыпяць, з адноснымі выш. ад 1,5 да 3—5 м, ускладненую ланцугамі дзюн або асобнымі марэннымі ўзгоркамі. Каля г.п. Лагішын і в. Парахонск Пінскага р-на Брэсцкай вобл. дэнудаваныя краявыя ледавіковыя грады і ўзгоркі, згладжаныя і ’выцягнутыя ў субшыротным напрамку. Размытыя краявыя ледавіковыя грады (адносныя перавышэнні 8—10 м, радзей 15—20 м) захаваліся каля г.п. Акцябрскі і г. Петрыкаў, в. Мілевічы і Вятчын Жыткавіцкага р-на Гомельскай вобл. У даліне р. Прыпяць пойма і 2 надпоймавыя тэрасы. Пойма нізкая, забалочаная, паверхня ўскладнена пясчанымі грывамі (выш. 0,5—1 м, шыр. 30—40 м, даўж. 0,2—1,5 км). Першая надпоймавая тэраса акумулятыўная, шыр. ад 1—2 км да 8 км (на левабярэжжы), у месцах упадзення найб. прытокаў да 10—18 км. Паверхня роўная, месцамі забалочаная. Другая тэраса эразійна-акумулятыўная, шыр. ад 0,2—0,5 км да 18 км. Паверхня плоска-хвалістая з перавышэннямі 3—5 м, характэрны астанцы марэннай раўніны. Абедзве тэрасы ўскладнены эолавымі формамі. Карысныя выкапні: гліны тугаплаўкія, мел, каалін, буд. і абліцовачны камень, буд. пяскі, калійныя і каменная солі, буры вугаль, торф, сапрапель. Сярэдняя т-растудз. -5,5 °C, ліп. 18,3 °C, ападкаў 632 мм за год (паводле даных Палескай балотнай станцыі). Гал. водныя і дрэнажныя артэрыі — р. Прыпяць з прытокамі Піна, Ясельда, Бобрык 1-ы, Цна, Лань, Случ, Бобрык 2-і, Пціч, Трэмля, Іпа, Стыр, Гарынь, Сцвіга з Маствой, Убарць. Найб. азёры: Чырвонае, Выганашчанскае, Чорнае, Спораўскае, Бабровіцкае, Белае. Вадасховішчы: Салігорскае (часткова), Лактышы, Пагост. Разгалінаваная сетка меліярац. каналаў, Агінскі канал. Высокі ўзровень грунтавых вод і пастаяннае забалочванне абумоўлена недастатковай гушчынёй гідралагічнай сеткі. Істотнае значэнне маюць талыя і дажджавыя воды, якія часта выклікаюць разводдзі (да катастрафічных). У гэты перыяд пад’ём вады ў р. Прыпяць дасягае 4—5 м (радзей 6—7 м), Гарыні — 3,5—4,5 м. Шыр. разліваў у р. Прыпяць 5—15 км, да 25 км, яе прытокаў у сярэднім каля 3 км. Перыяд разводдзяў доўжыцца 40—90 дзён. Для глебавага покрыва характэрна частая змена дзярнова-падзолістых, дзярновых забалочаных і тарфяна-балотных глеб. Трапляюцца глебы дзярнова-глеістыя, поймавыя (алювіяльныя) і інш. Лясістасць П.П. найменшая (да 32%) у Пінскім р-не, найб. у Жыткавіцкім (56%) і на Пн Лельчыцкага р-наў. Пашыраны хваёвыя, шыракаліста-хваёвыя, чорнаальховыя, бярозавыя лясы, дубровы. Пад балотамі 23% тэрыторыі, больш як 1/3 з іх асушаны. Пад ворывам 30% тэрыторыі. У межах П.П. нац. парк Прыпяцкі, ландшафтныя заказнікі Прастыр, Стрэльскі, Сярэдняя Прыпяць, Альманскія балоты; біял. — Борскі, Жыткавіцкі, Лунінскі, Ялоўскі, гідралагічны — Выганашчанскае.
М.А.Шышонак.
Да арт.Прыпяцкае Палессе. 1. Рака Пціч каля г.п. Капаткевічы Петрыкаўскага раёна Гомельскай вобл. 2. Пясчаная дзюна на пласкахвалістай тэрасе каля в. Моршчынавічы Лунінецкага раёна Брэсцкай вобл.