пры́красць, ‑і, ж.
1. Уласцівасць прыкрага. [Іван] таропка ўзбег на круцізну, быццам уцякаючы ад думак аб.. [Джуліі], пакінутай унізе, але ўсё ж не могучы адолець прыкрасці сваіх адчуванняў. Быкаў.
2. Непрыемнае пачуццё незадавальнення, крыўды, смутку. Нібы знарок, на прыкрасць дзеду, праплывае [рыба] каля самай галачкі і нават носа не заверне. Крапіва. [Лёдзя] тройчы разглядала сябе ў люстра і тройчы з прыкрасцю адварочвалася. Карпаў. Алесю падабалася гасціннасць гаспадыні і ўжо з прыкрасцю думалася, што стрэлкі гадзінніка бягуць занадта хутка. Шыцік.
3. Тое, што выклікае пачуццё незадавальнення, крыўды; непрыемнасць. — Даруйце мне. Васіль Міронавіч, што прычыніў вам прыкрасць. Колас. Дома ўсе ведаюць, што калі Арцём Іванавіч гаворыць такія рэчы, у яго на працы былі нейкія прыкрасці. Мележ.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
разго́ністы, ‑ая, ‑ае.
1. Звязаны з разгонам (у 2 знач.); які бывае пры разгоне (у 2 знач.). Разгоністая хада. Разгоністы галоп. □ Аўчарка разгоністымі скачкамі набліжалася, прыцяўшы да галавы вушы. Быкаў. // Моцны, хуткі. Разгоністы вецер. Разгоністая хваля.
2. Шырокі, з вялікім разгонам (у 3 знач.); размашысты. Асветленая безліччу ліхтароў, узнікла перад вагонамі разгоністая камяніца вакзала. Шынклер. [Павел] стаяў непадалёку, безуважна ўзіраўся ў разгоністае палатно шашы, у разлегласць палёў і сасновых пералескаў. Вышынскі. // Залівісты, працяглы (пра голас, брэх і пад.). За перагародкай нешта сіпела, патрэсквала, узрывалася шорганнем і піскам, а потым наплываў разгоністы моцны, але не вельмі выразны голас. М. Стральцоў.
3. З вялікімі прамежкамі паміж літарамі (пра почырк, друк).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
раска́т, ‑у, М ‑каце, м.
Доўгі, перарывіста гул, грукатанне (грому, кананады і пад.). Дзесьці далёка за лесам бліскалі зарніцы, і адтуль чутны былі глухія раскаты грому. Сачанка. Пушчаны з гары снежны ком набывае ўсе большую і большую імклівасць, .. ён ператвараецца ў грозную лавіну, якая змятае ўсё на сваім шляху, абуджаючы грамавымі раскатамі даліны і горы. Лынькоў. Начную цішыню, як раскат грому, раскалоў стрэл. Чарнышэвіч. // Перарывістыя моцныя гукі (чалавечага голасу, музыкі і пад.). — Мат! Гага-га... — ускалыхнуў кабінетную цішу магутны раскат шчаслівага смеху. Быкаў. Раскатамі грымеў, сатрасаючы паветра, нізкі, хрыплы бас старога аленя, зліваючыся ў адзіны хор з высокімі і звонкімі галасамі маладзейшых. В. Вольскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сербану́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.
1. Аднакр. да сёрбаць (у 1, 2 знач.).
2. чаго. Разм. З’есці колькі‑н. (чаго‑н. вадкага). Марыля сербанула разоў колькі квашанай капусты з грыбамі-апенькамі, адставіла міску, зноў аб нечым задумалася. «Беларусь».
3. перан.; чаго. Разм. Многа перанесці, зазнаць гора. [Ячны:] — Каб сербануў і ты [Шарэйка] за век таго, што я ці, скажам, бацька твой — таксама прафесарам стаў бы. Брыль. На.. [вайне] Карпенку давялося сербануць ліха, яго параніла. Быкаў.
4. Абл. Сцебануць. Хацеў яшчэ [дзед Купрыян] параіць Васілю ўзяць лейцы ды лепей лейцамі сербануць разы са два, калі.. [Аўгіня] вінавата. Колас. [Дзед:] — Мне лазовы дубчык сербануў па воку. Чорны.
•••
Сербануць лішняга — хапіць (выпіць) занадта многа.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сто́ўпіцца, ‑піцца; ‑пімся, ‑піцеся, ‑пяцца; зак.
Сабрацца натоўпам вакол каго‑, чаго‑н.; збіцца ў кучу. Званок перарваў мае думкі. Вучні стоўпіліся вакол стала. Усім хацелася паглядзець на сякеру, якая дайшла да нас з каменнага веку. Штыхаў. У чаканні далейшага распараджэння аўтаматчыкі стоўпіліся ля штаба. М. Ткачоў. // Размясціцца блізка адзін каля аднаго ў вялікай колькасці. [Гарасім:] — А машын нашых многа стоўпілася на пераправе, не паспелі яшчэ ўсе пераскочыў на той бок. Масарэнка. [Рыбак] узяў па снезе ўбок, уздоўж плота па лагчынцы, беручы кірунак да недалёкіх будынін наводшыбе (мабыць, гумнаў), што цесненька стоўпіліся ўнізе. Быкаў. // Вырасці густа. Здалося, што хтосьці шаснуў за кедрамі, якія стоўпіліся за спінай, ахутаныя снегам. Мяжэвіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
схі́біць, ‑блю, ‑біш, ‑біць; зак.
Разм.
1. Не трапіць у цэль, прамахнуцца. Першы стрэл жандара немінуча зваліў бы каня, і першы стрэл мог быць смяротны для яго, Мусатава, калі ў адказ грымнуць пісталеты ворага. Гэты не схібіць. Караткевіч. А я ўсё-такі не ведаў, ці насмерць забіў таго гада. А мо толькі параніў? Вельмі ж хваляваўся, рука магла схібіць. Сабаленка. [Лапецька:] — Паляванне — спорт для маладых і дужых. Дык не,.. [дзядзька Ціхон] яшчэ поўзае, пнецца давесці, што яго вока не схібіць. Паслядовіч.
2. перан. Зрабіць промах; памыліцца. [Зайчык] насцярожыўся, падрыхтаваўся, каб не схібіць, не пралічыцца. Мележ. У свядомасці цюкнула думка, што схібіць цяпер нельга інакш яны абодва загінуць. Быкаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
турбава́цца, ‑буюся, ‑буешся, ‑буецца; незак.
1. Праяўляць клопат, трывожыцца аб кім‑, чым‑н. Круглатварая, кірпаносая, з бялявым тварам, ветлівая і вясёлая,.. [Аўдуля] заўсёды турбавалася аб Міхалу. Лупсякоў. — Работы? Шукай, брат, сам. Сам турбуйся аб сабе, — спакойна адказаў Варановіч. Дуброўскі. «За азімыя можна не турбавацца, — разважае Анатоль. — Цяпер на чарзе новыя клопаты: сяўба яравых». Шымук.
2. Хвалявацца, непакоіцца. — Значыць, турбуешся, куды пайсці вучыцца? — гаворыць дзядзька Ахрэм і знімае з Тараскавай галавы папяровую шапку. Юрэвіч. Такім чынам Грамабой і сам ведаў, што яму рабіць: — яшчэ да сямейнай нарады цішком пераказаў некаторым з радні — няхай не турбуюцца, вяселля заўтра не будзе. Крапіва. Справа амаль скончылася, думалася, што турбавацца, уласна, і не было чаго. Быкаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
цяжэ́ць, ‑эю, ‑эеш, ‑эе; незак.
1. Станавіцца цяжкім (у 1–3 знач.) або больш цяжкім. Чым далей адыходзілі ад маёнтка, тым болей цяжэў мяшок з кнігамі. Каваленка.
2. Станавіцца цяжкім, рухацца, паднімацца, працаваць з цяжкасцю (пра часткі цела, галаву і пад.). Адчуўшы, як цяжэюць ногі, як калючым болем заходзіцца сэрца, .. [Косця] зразумеў, што яму не дагнаць .. [Надзю]. Лынькоў. Слесарэнка адчуваў, што яго хіліць у сон, што цела цяжэе, становіцца чужым. Бураўкін.
3. Набрыньваць, абвісаць. Пакрысе набрыньвалі вільгаццю і цяжэлі каляныя шынялі. Быкаў. // Налівацца сокам; спець. Прыязджайце, як маці-зямля Малаком сваю ніву напоіць — І колас цяжэе. Арочка. Была.. пара, блізкая да восені, калі ў садах пачынаюць цяжэць яблыкі. Адамчык.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ядо́к, едака, м.
1. Той, хто есць, мае патрэбу ў харчаванні. Хай штогадок ядок, Няхай няма навару — Шануй паэт радок І не ашуквай мару. Барадулін. // (звычайна з азначэннем). Разм. Пра чалавека, які выяўляе пэўныя адносіны да яды. — Ну і ладны ты ядок, браце. Каб вось касіў так! Быкаў. Які ядок, такі і работнік. З нар.
2. Чалавек як адзінка ўліку пры размеркаванні, выдаткаванні якіх‑н. сродкаў, неабходных для жыцця. Праменні цёплыя свяцілі У сэрцах нашых, у вачах, Калі зямлю, лугі дзялілі Тады па душах, едаках. Бялевіч. // Член сям’і, што харчуецца разам з іншымі яе членамі. Сям’я — у наўкруг за сталом. Багата яна едакамі, Дарослыя, дужыя ўсе. Прануза.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
узгарэ́цца, ‑руся, ‑рышся, ‑рыцца; зак.
1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Пачаць гарэць, загарэцца; разгарэцца, запалаць. Узгарэліся дровы. □ Паветра дыхала навальніцай, полымя магло ўзгарэцца... Колас. // Стаць бліскучым, заблішчаць пад уздзеяннем якога‑н. пачуцця (пра вочы); азарыцца якім‑н. пачуццём. Хворы ўстрапянуўся на ложку, вочы яго ўзгарэліся нядобрай рашучасцю. Быкаў.
2. перан. Зачырванець, стаць гарачым (ад хвалявання, узбуджэння і пад.). Шчокі .. [дзяўчыны] узгарэліся такім шчодрым румянцам, што ў булачнай нібы пацяплела. Лынькоў.
3. перан.; чым і без дап. Узбудзіцца, запаліцца якім‑н. пачуццём. Сядзім мы з Барысам у канторы майстроў цэха, і ён расказвае мне, як некалі ўзгарэўся жаданнем стаць матросам. Мыслівец. — Згубілася [карова], і даўнавата, — пацвердзіў Міхась. — Вось таму я і прыехаў да вас, — сказаў стары. — Дапраўды? — Міхась узгарэўся, пачуўшы пра Лысуху. — Дзе ж яна? Сіняўскі. // з інф. Нечакана і вельмі моцна захацець зрабіць што‑н. Прачнуўся Віцька. Убачыў, што я сабраўся ў дарогу, узгарэўся праводзіць мяне. Асіпенка. [Хвошч] успомніў маёнтак і быў зноў узгарэўся купіць яго. Лупсякоў.
4. (1 і 2 ас. не ўжыв.); перан. Нечакана ўзнікнуць, пачацца з новай сілай; разгарэцца. Узгарэлася сварка. Узгарэлася вайна. □ Не паспеў Шутаў Запытаць палонных, як на паўднёвым баку ўзгарэўся бой. Мележ. Тая трывога, што нечакана ўзгарэлася ў .. [байцоў] ад нядаўняй перастрэлкі ў тыле, спакваля сціхала. Быкаў.
5. перан. Разм. Раззлавацца, абурыцца. У той дзень яны ўпершыню пасварыліся. Марыя папракнула мужа за яго недарэчныя жарты, і Аляксей Іванавіч узгарэўся. Шашкоў. — Не ўсім з аднаго і таго ж пачынаць... Ды што вы мяне нейкім навічком лічыце, — узгарэўся Андрэй. Шахавец.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)