ДАВІТАШВІ́ЛІ (Георгій Міхайлавіч) (27.2.1893, Баку — 4.7.1966),
грузінскі акцёр. Нар. арт. Грузіі (1934). Вучыўся ў школе сцэн. мастацтва ў Пецярбургу (1913—15). У 1915 выступаў у т-рах Таганрога, Уладзікаўказа, Баку, Батумі, з 1920 у драм. т-ры ў Тбілісі (цяпер Груз. т-р імя Ш.Руставелі). Яго творчасць вызначалася вял. сцэн. культурай, мяккай, высакароднай манерай выканання, рамантычнай узнёсласцю. Сярод роляў: Міндзія («Ламара» паводле Важы Пшавелы), Гелахсан («Тэтнульд» Ш.Дадыяні), Гарсія Лорка («Алькасар» Г.Мдывані), Гадуноў («Вялікі гасудар» У.Салаўёва), Захар Бардзін («Ворагі» М.Горкага), Гамлет (аднайм. п’еса У.Шэкспіра), Франц Моар («Разбойнікі» Ф.Шылера). Здымаўся ў кіно. Дзярж. прэмія СССР 1946.
т. 5, с. 563
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАКУТО́ВІЧ (Барыс Нічыпаравіч) (н. 1.8.1921, Масква),
рускі рэжысёр. Скончыў Дзярж. ін-т тэатр. мастацтва ў Маскве (1951), дзе і выкладаў да 1958. Працаваў у т-рах Расіі. У 1958—63 на Беларусі: гал. рэжысёр Дзярж. рус. т-ра БССР (1958—60) і Бел. рэсп. т-ра юнага гледача (1962—63). Пастаноўкам Д. ўласціва яркая тэатр. форма, вобразна-асацыятыўная сцэн. мова, інтэлектуальнасць: «Іркуцкая гісторыя» А.Арбузава (1960), «Чырвоныя чарцяняты» П.Бляхіна, А.Палявога і А.Талбузіна (1961), «Клоп» У Маякоўскага (1962), «Бітва ў космасе» М.Гамолкі (1963). Аўтар кніг «Акцёр і роля: Некаторыя рэжысёрскія ўрокі Ю.А.Завадскага» (1983), «Загадкі малой драматургіі» (1989).
т. 6, с. 14
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАЛМА́ТАЎ (сапр. Лучыч Васіль Панцеляймонавіч; 1852, вобл. Далмацыя, Югаславія — 27.2.1912),
рускі акцёр. Сцэн. дзейнасць пачаў у Адэсе. У 1873—76 у Маск. агульнадаступным т-ры, у 1880—84 у маскоўскіх т-рах Пушкінскім і Ф.Корша, у 1884—94 і з 1901 у Александрынскім т-ры (Пецярбург). Яго мастацтва вызначалася высокай культурай, філіграннай дакладнасцю, уменнем ствараць тыповыя вобразы. Сярод роляў: Гамлет, Макбет, кароль Лір (аднайм. п’есы У.Шэкспіра), Іаан («Смерць Іаана Грознага» А.К.Талстога), Агішын («Жаніцьба Бялугіна» А.Астроўскага і М.Салаўёва), Крачынскі («Вяселле Крачынскага» А.Сухаво-Кабыліна), Ракіцін, граф Любін («Месяц у вёсцы», «Правінцыялка» І.Тургенева). Аўтар п’ес, фельетонаў, апавяданняў і аповесцей з тэатр. жыцця.
т. 6, с. 20
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАШКО́Ў (Яўген Іванавіч) (н. 15.2.1941, г. Екацярынбург, Расія),
рускі і бел. акцёр. Засл. арт. Беларусі (1976). У 1961—67 працаваў у т-рах Казані, Свярдлоўска, Бранска. З 1967 у Гомельскім абл. драм. т-ры. Выканаўца роляў героіка-рамантычных, характарных і лірычных.
Творчая манера адметная спалучэннем мяккага лірызму з адчуваннем драматызму чалавечага лёсу. Сярод лепшых роляў: Башлыкоў («Подых навальніцы» паводле І.Мележа), князь Уладзімір («Гора і слава» А.Петрашкевіча), Васіль («Таблетку пад язык» А.Макаёнка), Павел, Сяргей («Грэшнае каханне», «Амазонкі» А.Дзялендзіка), Гараднічы («Рэвізор» М.Гогаля), Дон Хуан («Каханне не жарты» П.Кальдэрона), Фіеска («Змова Фіеска ў Генуі» Ф.Шылера), Бусыгін («Спатканне ў прадмесці» А.Вампілава).
т. 6, с. 72
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІ́ЛГУД ((Gielgud) Джон Артур) (н. 14.4.1904, Лондан),
англійскі акцёр і рэжысёр. Тэатр. адукацыю атрымаў у Каралеўскай акадэміі драм. мастацтва. З 1921 у т-рах «Олд Вік», Шэкспіраўскім мемарыяльным і інш. Асабліва вядомы па шэкспіраўскім рэпертуары (таксама і як рэжысёр): Гамлет, Кароль Лір, Рычард III, Юлій Цэзар (аднайм. п’есы; дзве апошнія ролі і ў кіно), Бенядзікт («Многа шуму з нічога») і інш. Значнымі ў яго творчасці былі ролі ў п’есах А.Чэхава, Г.Грына, Э.Олбі і інш. Інсцэніраваў «Злачынства і пакаранне» Ф.Дастаеўскага (1946, выканаў ролю Раскольнікава). З 1932 у кіно: «Сакрэтны агент», «Забойства ва Усходнім экспрэсе», «Дырыжор», «Гандзі», «На паляванні» і інш.
т. 5, с. 242
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЭМ’Е́ (Gémier; сапр. Танер; Tonnerre) Фірмэн
(21.2.1869, г. Абервілье, Францыя — 26.11.1933),
французскі акцёр, рэжысёр, тэатр. дзеяч. Вучыўся ў прыватнай драм. студыі. Сцэн. дзейнасць пачаў у 1888. З 1892 іграў у розных т-рах Парыжа. У 1906—21 узначальваў Тэатр Антуана, у 1920—33 — створаны ім Нац. нар. т-р. Лічыў грамадскім прызначэннем тэатр. мастацтва служэнне народу, шукаў новыя формы тэатр. паказаў, імкнуўся спалучаць тэатральнасць з жыццёвай праўдай. Валодаў віртуознай сцэн. тэхнікай, майстар грыму. З лепшых роляў: Убю («Кароль Убю» А.Жары), Шэйлак («Венецыянскі купец» У.Шэкспіра), Філіп Брыдо («Драпежніца» Э.Фабра паводле А.Бальзака). З 1908 здымаўся ў кіно і ставіў фільмы.
т. 6, с. 478
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЗАКО́Ў (Аляксандр Мікалаевіч) (н. 8.5.1958, г. Жлобін Гомельскай вобл.),
бел. акцёр т-ра лялек. Засл. арт. Беларусі (1972). Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1979). Працуе ў Дзярж. т-ры лялек Беларусі. Яму ўласціва абвостранае пачуццё камедыйнага — ад мяккага гумару да буфанады і гратэску. Многіх сваіх герояў надзяляе рысамі эксцэнтрыкі, выразным пластычным малюнкам. Сярод лепшых роляў: Воўк («Чырвоная шапачка» Я.Шварца), Бармалей («Доктар Айбаліт» В.Карастылёва), Купец («Граф Глінскі-Папялінскі» А.Вольскага), Арлекін, тата Карла («Прыгоды Бураціна ў краіне дурняў» паводле А.Талстога), Гермес («Хачу быць богам» А.Вярцінскага), Бегемот («Майстар і Маргарыта» паводле М.Булгакава), Сымон («Сымон-музыка» паводле Я.Коласа).
М.А.Каладзінскі.
т. 7, с. 412
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІМ (Кім Сен) Нічыпар Сцяпанавіч
(н. 28.11.1936, с. Цінкан Прыморскага краю, Расія),
расійскі тэатр. дзеяч, педагог. Д-р мастацтвазнаўства (1997). Скончыў Ташкенцкі ін-т мастацтваў (1960). У 1960—63 рэжысёр і акцёр Карэйскага т-ра ў г. Кзыл-Арда (Казахстан). У 1970—89 выкладаў у Ташкенцкім ін-це культуры. Даследуе вытокі і формы нар. тэатр. мастацтва сярэднеазіяцкага рэгіёна, іх узаемасувязі і ўзаемаўплывы. Наладжвае творчыя сувязі дзеячаў культуры краін СНД. З 1991 прэзідэнт Саюза міжнар. кар. асацыяцый дружбы і супрацоўніцтва (Масква).
Тв.:
Народное художественное творчество Советского Востока. М., 1985.
Літ.:
Пашкоў Г.П. Дарога да акіяна // Пашкоў Г.П. Палескія вандроўнікі. Мн., 1998.
А.В.Сабалеўскі.
т. 8, с. 260
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛІНО́ЎСКІ (Мікалай Іванавіч) (5.11. 1916, в. Пірагова Нерахцкага р-на Кастрамской вобл., Расія —22.2.1991),
бел. акцёр. Засл. арт. Беларусі (1966). Скончыў Іванаўскае тэатр. вучылішча (1940). Працаваў у т-рах Расіі, Украіны, Латвіі. У 1959—82 у Гомельскім абл. драм. т-ры. Выканаўца характарных роляў. Створаныя ім вобразы вылучаліся рэалістычнасцю, яркімі сцэнічнымі дэталямі. Сярод роляў у Гомельскім т-ры: Глуздакоў («Лявоніха на арбіце» А.Макаёнка), Кузьміч («Укралі кодэкс» А.Петрашкевіча), Шыковіч («Сэрца на далоні» паводле І.Шамякіна), Барыс Мікалаевіч («Вайна пад стрэхамі» паводле А.Адамовіча), Андрэй Ермаліцкі («Рудабельская рэспубліка» паводле С.Грахоўскага), дож Венецыі («Атэла» У.Шэкспіра), Рабурдэн («Наследнікі Рабурдэна» Э.Заля).
Г.Р.Герштэйн.
т. 10, с. 34
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МКРТЧАН (Мгер) (Фрунзе) Мушэгавіч (4.7.1930, г. Гюмры, Арменія—1993),
армянскі акцёр. Нар. арт. Арменіі (1971). Нар. арт. Грузіі (1980). Нар. арт. СССР (1984). Скончыў Ерэванскі тэатр. ін-т (1956). У 1946—53 працаваў у Ленінаканскім,драм. т-ры імя А.Мравяна. З 1956 у т-ры імя Г.Сундукяна ў Ерэване. Мастацтву акцёра ўласцівы лірызм, спалучэнне камедыйнай імправізацыйнасці з пранікненнем ў характары герояў. Здымаўся ў кіно: «Каўказская палонніца», «Трохвугольнік» (абодва 1967), «Мы і нашы горы» (1970), «Хатабала» (1971), «Айрык» (1972), «Наапет» (1977), «Міміно» (1978), «Аплявуха» (1980), «Песня мінулых дзён» (1982), «Адзінокім прадастаўляецца інтэрнат» (1984). Дзярж. прэмія Арменіі 1967. Дзярж. прэмія СССР 1978.
т. 10, с. 495
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)