КАПЫ́ЛЬ,

горад, цэнтр Капыльскага р-на Мінскай вобл., на р. Мажа. За 120 км ад Мінска, 9 км ад чыг. ст. Цімкавічы на лініі Баранавічы—Асіповічы. 10,8 тыс. ж. (1998).

Упершыню ўпамінаецца пад 1274 у Галіцка-Валынскім летапісе. З 1320-х г. у складзе ВКЛ. У 1395 утворана Капыльскае княства з цэнтрам у К., уладанне кн. Уладзіміра Альгердавіча, з пач. 15 ст. рэзідэнцыя князёў Алелькавічаў. У жн. 1506 слуцкія і капыльскія баяры разбілі каля К. рэшткі войска крымскіх татар. 25.11.1595 у час Налівайкі паўстання 1594—96 каля К. адбыўся бой казацкага атрада на чале з палкоўнікам Марцінкам з войскам К.​Радзівіла. З 1612 К. перайшоў да Радзівілаў. У 1652 К. атрымаў прывілей на магдэбургскае права, меў герб — на залатым полі выява паляўнічага рога. З канца 16 ст. ў К. былі кальвінскі збор і царква. У 17 ст. К. славіўся рамёствамі; было 6 цэхаў. З 1791 у складзе Случарэцкага пав. Навагрудскага ваяв. З 1793 у Рас. імперыі — мястэчка Слуцкага пав. Мінскай губ. З 1832 прыватнаўладальніцкае мястэчка кн. Вітгенштэйна. У 1880-я г. ў К. створана група народнікаў. У 1897—4463 ж., піваварны завод, 2 млыны, 6 крам, 3 школы, царква, касцёл, кальвінскі збор, 2 яўр. малітоўныя дамы. У 1903 створана група, у 1905 арг-цыя РСДРП. У лют.—снеж. 1918 акупіраваны герм., у жн. 1919 — ліп. 1920 — польскімі войскамі. З ліп. 1924 цэнтр раёна, У 1926—4 тыс. ж., сыраварны і цагельны з-ды, ганчарная, шавецкая арцелі. З 27.9.1938 гар. пасёлак. З 29.6.1941 да 1.7.1944 акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі тут 2915 жыхароў, адбыліся капыльскія баі 1942, 1944 партызан з гітлераўцамі. У 1977—5,7 тыс. ж. З 29.4.1984 горад.

Капыльскі завод гумава-тэхнічных вырабаў, прадпрыемствы харч. прам-сці. Капыльскі краязнаўчы музей. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан, магілы ахвяр фашызму. Помнік архітэктуры — царква (19 ст.). Помнікі археалогіі — гарадзішча і курганныя могільнікі.

А.​П.​Грыцкевіч, Л.​У.​Калядзінскі.

Горад Капыль. Забудова Калгаснай плошчы.

т. 8, с. 34

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛІ́ЧАЎСКІ РАЁН.

На ПдЗ Магілёўскай вобл. Утвораны 17.7.1924, скасаваны 25.12.1962, адноўлены 6.1.1965. Пл. 1,8 тыс. км². Нас. 23,2 тыс. чал. (1998), гарадскога 37,1%. Сярэдняя шчыльн. 13 чал. на 1 км². Цэнтр — г.п. Клічаў. 140 сельскіх нас. пунктаў. 8 сельсаветаў: Акцябрскі, Бацэвіцкі, Віркаўскі, Ганчанскі, Доўгаўскі, Каўбчанскі, Нясяцкі, Патоцкі. Раён пацярпеў ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС, у зоне радыяцыйнага кантролю 17 нас. пунктаў.

Тэр. раёна ў межах Цэнтральнабярэзінскай раўніны. Паверхня раўнінная, слабапарэзаная. Пераважаюць выш. 150—165 м, найвыш. пункт 176 м (на ПнЗ ад в. Дубно). Карысныя выкапні: торф, пясок, гліны і суглінкі для грубай керамікі. Сярэдняя т-ра студз -7,2 °C, ліп. 17,8 °C. Ападкаў 618 мм за год. Вегет. перыяд 190 сут. З Пн на Пд працякае р. Ольса з прытокамі Нясета (з Гарадзечанкай і Турчанкай), Цераболь, Сушанка, Ганчанка, Суша (з Перасопенкай) і Кострычка, на ПнУ — р. Друць з прытокам Даўжанка, на З — р. Бярэзіна. Азёры Танек, Дубавец, Орлінскае. Вадасх. Арэхаўка на р. Нясета. Глебы: дзярнова-падзолістыя (53%), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (21,7%), тарфянабалотныя (16,2%). Пад лесам 57,7% тэр. раёна, з іх 17,5% штучных насаджэнняў. На Пн пераважаюць масівы суцэльнага лесу, найб. Вял. Дулебава. Лясы ў асноўным хваёвыя, бярозавыя і чорнаальховыя, часткова забалочаныя. Пад балотамі 4,2% тэрыторыі, найб. балотныя масівы: Ганчанскае балота, Ванкоўшчына, Заполле. 20 мясц. геал. (тарфяных) заказнікаў. Помнікі прыроды: рэспубліканскія — дубова-грабавы лес у Бёрдаўскім лясніцтве; мясцовыя — дуброва ў Бацэвіцкім лясніцтве, крыніцы ў в. Бацэвічы і каля в. Ядраная Слабада.

Агульная пл. с.-г. угоддзяў 59 тыс. га, з іх асушаных 19,2 тыс. га. На 1.1.1998 у раёне 8 калгасаў, 5 саўгасаў, 25 фермерскіх гаспадарак. Асн. галіны сельскай гаспадаркі: малочна-мясная жывёлагадоўля, вырошчванне збожжавых і кармавых культур. Прадпрыемствы харч., дрэваапр., паліўнай, лясной, буд. матэрыялаў прам-сці. Па тэр. раёна праходзіць чыг. Асіповічы—Магілёў, аўтадарогамі райцэнтр звязаны з гарадамі Беразіно, Бабруйск, Магілёў. Па р. Бярэзіна суднаходства. У раёне 12 сярэдніх, 7 базавых, 7 пач., дзіцяча-юнацкая спарт., 7 муз., маст. школы, тэхнікум, 17 дашкольных устаноў, 23 клубы, 26 б-к, 5 бальніц, паліклініка, цэнтр гігіены і эпідэміялогіі, 19 фельч.-ак. пунктаў. Выдаецца газ. «Сцяг Саветаў».

Г.​С.​Смалякоў.

т. 8, с. 346

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРАЎЦО́Ў (Макар) (сапр. Касцевіч Макар Мацвеевіч; 18.8.1891, в. Баброўня Гродзенскага р-на — 1939),

дзеяч бел. нац.-вызв. руху, паэт, публіцыст, перакладчык. Скончыўшы Свіслацкую настаўніцкую семінарыю (1910), працаваў настаўнікам на Гродзеншчыне. З 1915 у арміі. Ад салдацкага к-та 44-га армейскага корпуса Паўд.-Зах. фронту абраны дэлегатам на Усебеларускі з’езд 1917. У 1917—19 у Мінску. З 1918 чл. Бел. партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў. У 1919 па заданні Мін-ва бел. спраў у Літоўскім урадзе стварыў бел. органы ўлады ў Сакольскім пав. Гродзенскай губ. Са снеж. 1919 уваходзіў у склад Беларускай вайсковай камісіі. Аўтар верша «Мы выйдзем шчыльнымі радамі», які стаў гімнам Беларускай Народнай Рэспублікі. Удзельнік Слуцкага паўстання 1920, Першай Усебеларускай палітычнай канферэнцыі ў Празе (вер. 1921). З 1921 настаўнічаў у Вільні, займаўся літ. грамадскай дзейнасцю, удзельнічаў у рабоце Беларускага навуковага таварыства. У 1926 быў арыштаваны польск. ўладамі. Пасля ўз’яднання Зах. Беларусі з БССР з кастр. 1939 працаваў у рэдакцыі газ. «Віленская праўда». У канцы 1939 арыштаваны. Далейшы лёс невядомы. Літ. дзейнасць пачаў у 1918. Выступаў пад псеўд. Дзын-Дзылін, Звончык, Макар, Язэп Светазар, Picolo, Smreczyński; крыпт. З-ык, К.М., Кр.М., М.К. Друкаваўся ў газ. «Вольная Беларусь», «Звон», «Беларусь», «Беларуская крыніца», «Родны край», час. «Рунь», «Маланка», «Беларуская культура», «Шлях моладзі» і інш. Аўтар літаратуразнаўчых артыкулаў пра творчасць Я.​Купалы, Я.​Коласа, М.​Багдановіча, У.​Жылкі, К.​Буйло, Цёткі і інш., успамінаў пра сучаснікаў, дзеячаў нац.-вызв. руху І.​Луцкевіча, А.​Астрамовіча, П.​Крачэўскага, А.​Гаруна, а таксама пра Усебел. з’езд 1917. Пераклаў на бел. мову многія творы М.​Гогаля, М.​Горкага, М.​Зошчанкі, А.​Купрына, М.​Лермантава, А.​Міцкевіча, Л.​Талстога, Г.​Сянкевіча, Т.​Шаўчэнкі і інш. Рукапісы К. часткова зберагаюцца ў Цэнтр. б-цы АН Літвы, Цэнтр. навук. б-цы Нац. АН Беларусі.

Літ.:

Гарэцкі М. Макар Краўцоў // Гарэцкі М. Гісторыя беларускае літаратуры Вільня, 1920;

Гесь А. Макар Краўцоў пра Усебеларускі з’езд // Спадчына. 1996. № 1.

А.​М.​Гесь.

т. 8, с. 467

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАСКО́ЎСКАЯ КАНСЕРВАТО́РЫЯ імя П.​І.​Чайкоўскага,

вышэйшая музычная навуч. ўстанова Расіі. Адкрыта ў 1866 на базе арганізаваных у 1860 Муз. класаў Рас. муз. т-ва. З 1940 — імя Чайкоўскага. Заснавальнік і першы дырэктар М.Рубінштэйн (у 1866—81 дырэктар, праф., дырыжор). У ёй выкладалі П.​Чайкоўскі, С.​Танееў В.​Сафонаў, М.​Іпалітаў-Іванаў, Ф.​Лаўб, І.​Гржымалі; сярод выхаванцаў С.​Рахманінаў, А.​Скрабін, М.​Метнер, А.​Зілоці, З.​Паліяшвілі, А.​Брандукоў, Л.​Нікалаеў, Р.​Гліэр, А.​Няжданава, Н.​Абухава, А.​Гальдэнвейзер, К.​Ігумнаў, А.​Гедыке, М.​Галаванаў, С.​Васіленка і інш. кампазітары, выканаўцы і педагогі. У 1999/2000 навуч. г. ф-ты: гісторыка-тэарэтыка-кампазітарскі, фартэпіянны, аркестравы, вакальны, ваенна-дырыжорскі, павышэння кваліфікацыі; аспірантура; асістэнтура для кампазітараў і выканаўцаў. Пры М.к. існуюць муз. вучылішча (з 1934) і Цэнтр. дзіцячая муз. школа (з 1936), праблемная н.-д. лабараторыя, Музей імя М.​Рубінштэйна (з 1995), оперная студыя і сектар пед. практыкі з вячэрняй муз. школай-дзесяцігодкай, навук. б-ка імя Танеева, інфармацыйна-выліч. цэнтр, лабараторыя гуказапісу і інш. М.к. мае Вял., Малую і Рахманінаўскую канцэртныя залы. Сярод выпускнікоў М.к. інструменталісты і дырыжоры Л.​Аборын, В.​Барысоўскі, Ю.​Башмет, Р.​Гінзбург, В.​Дулава, Я.​Зак, Л.​Коган, М.​Плятнёў, М.​Пятроў, Г.​Раждзественскі, М.​Растраповіч, С.​Рыхтэр, Я.​Святланаў, У.​Співакоў, Я.​Фліер, Дз.​Цыганоў; кампазітары Дз.​Кабалеўскі, А.​Хачатуран, В.​Шабалін, Р.​Шчадрын і інш.; музыказнаўцы Ю.​Келдыш, В.​Конен, В.​Левашова, Т.​Ліванава, Л.​Мазель, І.​Несцьеў, У.​Пратапопаў, С.​Скрабкоў, Ю.​Халопаў, Ю.​Цюлін, Б.​Ярустоўскі і інш. Значны ўклад у развіццё бел. муз. культуры зрабілі выпускнікі М.к. піяністы І.Алоўнікаў, А.Клумаў, Г.Пятроў, В.Сямашка, І.Цвятаева, скрыпачы А.Амітон, М.Браценнікаў, віяланчэліст Б.Скабло, валтарніст Я.Сцягенны, кампазітар Р.Пукст, музыказнаўцы Л.Мухарынская, М.​Шыфрын, спевакі Т.Ніжнікава, А.Саўчанка, хормайстар М.Маслаў і інш.

Літ.:

Московская консерватория. 1866—1966. М., 1966;

Келдыш Ю.В. 100 лет Московской консерватории [М., 1966];

Воспоминания о Московской консерватории. М., 1966;

Федосюк Ю.А. Улица Герцена, 13. М., 1988.

т. 10, с. 178

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКІ ВЕ́РХНІ ГО́РАД,

горадабудаўнічы ансамбль 16—19 ст. у Мінску. Пачаў фарміравацца ў пач. 16 ст. як новы цэнтр горада на тэр. сучаснай пл. Свабоды і прылеглых да яе кварталаў, абмежаваны р. Свіслач (У) і вуліцамі Рэспубліканскай (З), Нямігай (Пн) і Інтэрнацыянальнай (Пд). Быў абкружаны земляным валам (існаваў да канца 18 ст). У 17—18 ст. тут, пераважна на цэнтр. плошчы — Высокім рынку (з 1860-х г. Саборная, з 1917 пл. Свабоды) склаўся барочны ансамбль мураваных жылых, культавых і грамадскіх будынкаў. Да плошчы з З і У прымыкалі прамавугольныя кварталы мураванай забудовы. Захавалася першапачатковая прамавугольная сістэма планіроўкі і мураваная забудова на пл. Свабоды і прылеглых да яе вуліцах: з У — Кірылы і Мяфодзія (назва з 1990, б. Вял. Бернардзінская, з 19 ст. Манастырская, з 1922 Бакуніна), Гандлёвая (б. Зыбіцкая), Герцэна (назва з 1922, б. Малая Бернардзінская, пасля 1863 Стараманастырская), Дзям’яна Беднага (назва з 1933; б. Школьная, Козьмадзям’янская), Музычны зав. (б. Манастырскі зав.), Энгельса (б. Петрапаўлаўская); з З — вуліцы Рэвалюцыйная (назва з 1922, б. Койданаўская), Няміга, Камсамольская (назва з 1922, б. Феліцыянская, з 19 ст. Богаяўленская), Рэспубліканская (назва з 1922, былыя Раманаўскі зав., вуліцы Старараманаўская, Новараманаўская); з Пд — вул. Інтэрнацыянальная (з 1919 назва яе паўд.-зах. часткі — б. Зборавая, у 17 ст. Праабражэнская; з 1919 яе паўд.-ўсх. частка наз. Кастрычніцкай — б. Валоцкая, у 19 ст. Хрышчэнская). У ансамбль М.В.г. ўваходзілі: Мінская ратуша, Мінскі гасціны двор, Мінскі касцёл і кляштар бернардзінцаў, Мінскі касцёл і кляштар бернардзінак, Мінскі езуіцкі калегіум, Мінскі касцёл і кляштар францысканцаў, Мінскі касцёл і кляштар дамініканцаў, Мінскі кляштар бенедыкцінак, адм. будынак. гар. сядзіба Ваньковіча (гл. ў арт. Мінскія сядзібы Ваньковічаў), Мінская царква Святога Духа і базыльянскія манастыры, Мінскага тэатра будынак, жылыя будынкі 17—19 ст. і інш. У 1979 зацверджана ахоўная зона М.В.г. У 1988 ён у межах вуліц Нямігі, Інтэрнацыянальная, Гарадскога вала, набярэжнай р. Свіслач абвешчаны помнікам археалогіі, горадабудаўніцтва і архітэктуры рэсп. значэння.

Літ.:

Денисов В.Н. Площадь Свободы в Минске. Мн., 1985.

Т.​Л.​Чарняўская.

Мінскі Верхні горад. Рэканструкцыя.
Мінскі Верхні горад. Выгляд Высокага рынку з Траецкай гары. Малюнак Я.​Драздовіча. 1919.

т. 10, с. 434

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКІ КАСЦЁЛ І КЛЯ́ШТАР ЕЗУІ́ТАЎ,

помнік архітэктуры 2-й пал. 17 — пач. 18 ст. ў Мінску. Уваходзіў у ансамбль Высокага рынку (цяпер пл. Свабоды), займаў яго паўд.-зах. бок і большую частку вул. Койданаўскай (цяпер Рэвалюцыйная) да перасячэння з вул. Феліцыянскай ( цяпер Камсамольская). Рэзідэнцыя езуітаў існавала у Мінску з сярэдзіны 17 ст. (з 1714 мела ранг калегіума). Комплекс уключаў касцёл, калегіум, школу і гасп. пабудовы. Засн. ў 1654 па фундацыі смаленскага біскупа Г.​Сангушкі, які падараваў палац у стылі рэнесансу, побач з ім у 2-й пал. 17 ст. пабудаваны невял. мураваны касцёл. Да канца 17 ст. ўзведзены 2-павярховы будынак школы, у пач. 18 ст. — касцёл. У 1733—50 калегіум, на яго вежы быў гар. гадзіннік. У глыбіні квартала размяшчаліся гасп. пабудовы. Цэнтр. месца ў ансамблі займаў касцёл Ісуса, Марыі і св. Барбары (пасля 1798 Марыінскі кафедральны). Пабудаваны ў 1700—10 у стылі барока. 3-нефавая 6-слуповая базіліка. Цэнтр. неф, накрыты 2-схільным дахам, пераходзіць у прэсбітэрый з паўкруглай апсідай, над якой тарэц даху закрыты пластычным шчытом. Абапал апсіды ў бакавых нефах размешчаны 2 капліцы: св. Тройцы і св. Феліцыяны (фундатар апошняй К.​Завіша; 1722), накрытыя купаламі на гранёных светлавых барабанах. 2-вежавы гал. фасад, арыентаваны на плошчу, расчлянёны складанымі карнізамі і цягамі, аздоблены калонамі і пілястрамі, завяршаўся фігурным франтонам паміж 2-яруснымі вежамі (пабудаваны ў 1731), дэкарыраванымі пілястрамі іанічнага ордэна і завершанымі невял. купаламі. Сярэдняя частка фасада падзелена на 2 ярусы складанапрафіляванымі карнізамі і ўвянчана фігурным франтонам з сігнатуркай. Сцены бакавых фасадаў раскрапаваны шырокімі плоскімі пілястрамі, аконнымі праёмамі з лучковым і паўцыркульным завяршэннем. У інтэр’еры было 12 драўляных скульптур апосталаў (не захаваліся), паліхромны манум. жывапіс (маст. К.​Анташэўскі). Рэканструкцыя касцёла праведзена ў 1798—1800 (арх. Ф.​Крамер), інтэр’ера — у 1850-я г. (арх. К.​Хршчановіч), у 1951 перапланаваны і перабудаваны гал. фасад (арх. М.​Драздоў). У 1993 касцёл адноўлены як архікафедральны найсвяцейшай Панны Марыі. У 1994—97 рэстаўрыраваны фасады і часткова інтэр’еры.

У.​М.​Дзянісаў.

Мінскі касцёл і кляштар езуітаў. 1999.

т. 10, с. 442

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕАТРАПІ́ЧНАЯ БІЯГЕАГРАФІ́ЧНАЯ ВО́БЛАСЦЬ,

уваходзіць у царства Неагею. Вылучаюць ад 3 да 6 фларыстычных падабласцей: Амазонскую, Амдыйскую, Арынокскую, Бразільскую, Карыбскую, Лаплацкую. Яны займаюць мацерыковую ч. Амерыкі, ад Ніжняй Каліфорніі і паўд. ч. Мексіканскага нагор’я на Пн да 40° паўд. ш. на Пд і прылеглыя да Цэнтр. Амерыкі астравы. Для раслін і жывёл межы Н.б.в. не супадаюць.

Флора багатая і разнастайная, з перавагай мезафільнай лясной расліннасці. Найб. пашыраны расліны сям. архідных, лаўравых, малачайных, марэнавых, меластомавых, міртавых, тутавых, пальмы і інш. Эндэмічных сям. 25 (біксавыя, брамеліевыя, кактусавыя, канавыя і інш.). У адносінах да фауны вылучаюць 3 або 4 падвобласці: Антыльскую, Гвіяна-Бразільскую, Патагона-Андыйскую, або Чылійска-Патагонскую, і Цэнтральнаамерыканскую. Яны займаюць Паўд. Амерыку, б. ч. Цэнтр. Амерыкі (на Пн да Мексіканскага нагор’я), а-вы: Антыльскія, Багамскія, Вогненная Зямля, Галапагас, Фалклендскія, Хуан-Фернандэс. Жывёльны свет вельмі багаты. Сярод млекакормячых шэраг эндэмічных груп (атр. непаўназубых — браняносцы, ляніўцы, мурашкаедавыя; з грызуноў — агуці, марскія свінкі, шыншылы, учэпістахвостыя дзікабразы і інш.; з няпарнакапытных — ламы, тапіры; з сумчатых — апосумы, цэналеставыя; з драпежнікаў — пума, ягуар, акулярны мядзведзь, ацэлот, некалькі відаў сабачых і янотавых і інш.). Характэрны кровасысучыя лятучыя мышы. У рэках жывуць ламанціны і рачныя дэльфіны. Усе малпы належаць да групы шыраканосых: ігрункі, равуны, сапажу і інш.). Сярод птушак больш за 20 эндэмічных сям. — гаацыны, калібры, нанду, гарпіі, кондары, папугаі, туканы, тынаму і інш. Сярод паўзуноў — кайманы, кракадзілы, змеі (удавы, грымучыя і інш.), яшчаркі (ігуанавыя і інш.), бакашыйныя чарапахі. Сярод земнаводных — бязногія, вял. колькасць бясхвостых, у т. л. квакшы, піпавыя і інш. З рыб — піраньі, гіганцкая арапайма, дваякадыхальны лепідасірэн і інш. Характэрны павукі-птушкаеды, сярод насякомых — лістарэзы, буйныя дзённыя матылі, гіганцкія жукі (геркулес, насарог-актэон, браз. даўганогі арлекін).

А.​М.​Петрыкаў.

Да арт. Неатрапічная біягеаграфічная вобласць. Характэрныя прадстаўнікі фауны: 1 — калібры вымпелавая; 2 — геліконіус; 3 — вампір вялікі; 4 — тукан вялікі; 5 — грымучая змяя бушмайстар; 6 — апосум вадзяны; 7 — бакашыйная чарапаха матамата; 8 — вугор электрычны; 9 — дэльфін рачны; 10 — піранья.

т. 11, с. 261

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛТА́ЎСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ.

У цэнтр. ч. Левабярэжнай Украіны. Утворана 22.9.1937. Пл. 28,8 тыс. км². Нас. 1708 тыс. чал. (1997), гарадскога 59%. Цэнтр — г. Палтава. Найб. гарады: Крамянчуг, Лубны, Міргарад.

П.в. размешчана ў межах Прыдняпроўскай нізіны. Паверхня — хвалістая раўніна, якая спадзіста паніжаецца да р. Дняпро. Карысныя выкапні: жал. руда (Крамянчугская магнітная анамалія), нафта і газ (Дняпроўска-Данецкая газанафтаносная вобласць), торф, буд. матэрыялы, крыніцы мінер. вод і тарфяныя гразі. Клімат умерана кантынентальны. Сярэднія т-ры студз. ад -5 °C да -7 °C, ліп. 21 °C, ападкаў 400—500 мм за год. Гал. р. Дняпро з прытокамі Сула, Псёл, Ворскла. У межах вобласці часткі Крамянчугскага і Днепрадзяржынскага вадасховішчаў. Невял. азёры. Глебы чарназёмныя. Стэпы пераважна разараныя. Участкі дрэвава-хмызняковай расліннасці (дуб, ясень, бераст, клён) і лесапалосы займаюць каля 8% тэрыторыі. Дэндрапарк (каля г. Глобіна).

Асн. галіны прам-сці: машынабудаванне і металаапрацоўка (вытв-сць грузавых аўтамабіляў, дарожных машын, вагонаў, станкоў, электратэхнікі, алмазнага інструменту, абсталявання для харч. і хім. прам-сці), чорная металургія, нафтахім., хім. і хім.-фармацэўтычная, харч. (цукр., мясная, малочная, кансервавая, алейна-тлушчавая і інш.), камбікормавая. Здабыча нафты, газу, жал. руды, буд. матэрыялаў. Энергетыка грунтуецца на мясц. і прывазной нафце і газе, энергіі Крамянчугскай ГЭС. Развіта лёгкая (тэкст., трыкат., гарбарна-абутковая, швейная), дрэваапр., у т. л. мэблевая прам-сць. Вытв-сць буд. матэрыялаў. Маст. промыслы (вырабы з керамікі, вышыўка, вытв-сць дываноў). Сельская гаспадарка спецыялізуецца на вырошчванні збожжавых, цукр. буракоў, мяса-малочнай жывёлагадоўлі. Пад с.-г. ўгоддзямі 2115 тыс. га (1997), у т. л. 1740 тыс. га займаюць пасяўныя плошчы. Сеюць збожжавыя (пшаніца, ячмень, кукуруза, зернебабовыя, жыта), тэхн. (цукр. буракі, сланечнік), кармавыя, агародніна-бахчавыя культуры, бульбу. Садоўніцтва. Плантацыі лекавых раслін. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, свіней, авечак, коз, птушак. Рыбаводства. Даўж. чыгунак 853 км, аўтадарог каля 8 тыс. км. Чыг. вузлы: Палтава, Крамянчуг, Рамадан, Грабёнка. Гал. аўтадарогі: Кіеў—Палтава—Харкаў, Палтава—Запарожжа—Сімферопаль і інш. Суднаходства па р. Дняпро і на асобных участках рэк Псёл, Сула, Ворскла.

Аэрапорт у г. Палтава. Па тэр. вобласці праходзяць трубаправоды: Крамянчуг—Херсон (нафтаправод), Шабялінка—Крамянчуг—Адэса (газаправод) і інш. Курорт Міргарад.

В.​М.​Сасноўскі.

т. 12, с. 16

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎДНЁВАЯ АСЕ́ЦІЯ, Цхінвальскі рэгіён,

гісторыка-геаграфічная вобласць на Пн Цэнтр. Грузіі, размешчаная на паўд. схілах і ў перадгор’і Вял. Каўказа ў далінах рэк Вял. і Малая Ліяхві, Ксані, Меджуда і інш. (усе прытокі Куры) і населеная пераважна асецінамі (адсюль назва).

Тэр. П.А. заселена чалавекам з часоў палеаліту. У 2—1-м тыс. да н.э. адбываўся распад першабытнаабшчынных і зараджэнне раннякласавых адносін. У 2-й пал. 1-га тыс. да н.э. — 4 ст. н.э. тэр. П.А ў складзе Керыі (Картлі), потым пад уладай дзяржавы Сасанідаў, Візантыі, арабаў. З канца 10 ст. ў складзе адзінага Грузінскага царства, з 2-й пал. 15 ст. Картлійскага, з 1762 — Картлійска-Кахецінскага царстваў. З 13 ст. ў П.А. развіваліся феад. адносіны. У 13 — канцы 14 ст., ратуючыся ад нашэсцяў мангола-татар і Цімура (Тамерлана) ч. асецінаў (аланаў) з Паўн. Прыкаўказзя перасялілася ў цясніны Вял. Каўк. хрыбта, адкуль яны спачатку засялілі высакагорную ч. сучаснай П.А. а ў 17—18 ст. — яе перадгорную зону. У 1801 П.А. ў складзе Усх. Грузіі далучана да Расіі (з 1849 у Тыфліскай губ.). Прыгонніцкі прыгнёт і калан. палітыка царызму выклікалі буйныя сял. паўстанні 1810, 1830, 1840, 1850. Прыгоннае права ў П.А. скасавана ў 1864 Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 П.А была базай бальшавікоў у барацьбе супраць меншавіцкіх улад Грузінскай Дэмакр. Рэспублікі, у 1919—20 тут адбыліся шматлікія антыменшавіцкія паўстанні. Сав. ўлада ўстаноўлена ў лют. 1921 пасля заняцця Грузіі Чырв. Арміяй.

20.4.1922 утворана Паўд.-Асецінская аўт. вобласць (3,9 тыс. км², 99 тыс. жыхароў у 1990, цэнтр — г. Цхінвалі) у складзе Грузінскай ССР. У 1990 улады Грузіі скасавалі аўтаномію П.А., пасля чаго тут 19.9.1990 абвешчана афіцыйна не прызнаная Рэспубліка Паўднёвая Асеція. Гэтыя падзеі справакавалі грузіна-асецінскі ўзбр. канфлікт, які прывёў да вял. чалавечых ахвяр і матэрыяльных страт, вымусіў тысячы людзей (грузін, асецінаў і інш.) стаць бежанцамі. Паводле падпісанага ў чэрв. 1992 Пагаднення аб прынцыпах урэгулявання канфлікту сітуацыю ў П.А. ўзялі пад кантроль Змешаныя рас.-груз.-асецінскія сілы па падтрыманні міру, але і дагэтуль яе юрыд. статус у складзе Грузіі не ўрэгуляваны.

т. 12, с. 197

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫ́МСКІ САБО́Р СВЯТО́ГА ПЯТРА́, Сан-П’етра,

помнік архітэктуры эпохі Адраджэння ў Рыме. Узведзены ў 1506—1614 на месцы аднайм. 5-нефавай базілікі 324—349 (перабудавана; з 1452 арх. Б.​Раселіна). Задуманы і пачаты арх. Д.​Брамантэ як цэнтрычная кампазіцыя. Праект неаднаразова перапрацоўваўся (пераважна са зменай кампазіцыі на падоўжную): арх. Фра Джаконда, Дж. да Сангала, Рафаэль (1516), Б.​Перуцы, А. да Сангала Малодшы; у 1546—64 Мікеланджэла вярнуўся да цэнтрычнай кампазіцыі: узмацніў гал. апоры, узвёў апсіды і цэнтр. ч. да барабана. У 1564—85 узведзены 2 пярэднія купалы (арх. Дж.​Віньёла), у 1586—93 — гал. купал (арх. Дж. дэла Порта), у 1607—14 створаны гал. фасад, 3 новыя нефы (арх. К.​Мадэрна). На фасадзе з вял. цэнтр. порцікам — 9 балконаў (сярэдні наз. Лоджыя Дабравешчання, адсюль папа рымскі звяртаецца да вернікаў). Праз 5 манум. бронз. брам (адна з іх — Свяшчэнная, адчыняецца самім папам рымскім раз у 25 гадоў) з мармуровымі калонамі ўздоўж фасада — уваход у б. атрый (двор, абкружаны порцікамі; арх. Мадэрна). Грандыёзны манум. інтэр’ер — узор гарманічнага зліцця стыляў рэнесансу і барока. У апсідзе месца спавядання (т.зв. канфесія) пазначана адкрытай крыптай (1600, арх. Мадэрна). Гал. алтар увянчаны лёгкім і манум. бронз. балдахінам (1624—33, арх. Л.​Берніні). У інтэр’еры творы Мікеланджэла (скульпт. група «Аплакванне Хрыста», ці «П’ета», каля 1498—99), Берніні (кафедра св. Пятра, 1657—66, надмагіллі), Дж.​Манцу (манум. бронз. «Брама Смерці», 1947—64) і інш. У рызніцы (канец 18 ст.) створаны музей (зборы рэліквій і скарбаў сабора). Пад саборам вял. падзямелле — т.зв. Свяшчэнныя гроты, дзе сабраны дахрысц. грабніцы, а таксама магілы рымскіх пал і каралёў ( у 1935—50 гроты перароблены ў 3-нефавы могілкавы храм). Перад саборам — барочная авальная пл. святога Пятра (1657—63, арх. Берніні), абкружаная 2 паўкруглымі каланадамі і галерэямі са 140 статуямі святых; у цэнтры — стараж.-егіп. абеліск, фланкіраваны 2 фантанамі. Сабор уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.

Рымскі сабор святога Пятра.
Рымскі сабор святога Пятра. Фрагмент інтэр’ера.

т. 13, с. 512

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)