ДЗЕНІСЮ́К (Юрый Мікалаевіч) (н. 27.7.1927, г. Сочы, Расія),
расійскі фізік, адзін са стваральнікаў галаграфіі. Акад.Рас.АН (1992, чл.-кар. з 1970). Скончыў Ленінградскі ін-т дакладнай механікі (1954). З 1954 у Дзярж. аптычным ін-це, з 1989 у Фізіка-тэхн. ін-це Рас.АН (С.-Пецярбург). Навук. працы па фіз. оптыцы і галаграфіі. Абгрунтаваў і распрацаваў (1962) метад стварэння аб’ёмных галаграм, якія ўзнаўляюць каляровы відарыс аб’екта пры дапамозе звычайных крыніц святла. Ленінская прэмія 1970, Дзярж. прэмія СССР 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЮСЕЛЬДО́РФСКАЯ ШКО́ЛА ЖЫ́ВАПІСУ,
адна са школ ням. жывапісу 19 ст. Узнікла ў сувязі з заснаваннем у 1819 Дзюсельдорфскай АМ, першы дырэктар якой П.Карнеліус імкнуўся скіраваць яе дзейнасць у рэчышча акадэмізаванага рамантызму. Пры дырэктару В.Шадаве (1826—59) у ёй вылучыліся асобныя кірункі: нац.-гіст. тэматыка Трактавалася ў павярхоўна-рамант. (К.Ф.Зон, Т.Гільдэбрант), эпіка-гераічным (А.Рэтэль) і нават апазіцыйна антыкаталіцкім (К.Ф.Лесінг) рэчышчы; развіваўся рэаліст. пейзаж (О. і А.Ахенбах). У быт. жанры з 1850-х г. панавалі ідылічныя сцэны з бюргерскага і традыц. сялянскага побыту (Л.Кнаўс, Б.Вацье).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯВО́ЧАЕ ВО́ЗЕРА,
у Лепельскім р-не Віцебскай вобл. ў бас.р. Тураўлянка, за 18 км на ПнУ ад г. Лепель. Пл. 0,51 км², даўж. 1,2 км, найб.шыр. 520 м, найб.глыб. 17,5 м, даўж. берагавой лініі каля 4 км. Пл. вадазбору 4,15 км². Схілы катлавіны выш. 6—10 м (на Пд і ПдУ да 20 м), пад хмызняком, месцамі ў верхняй ч. разараныя. Берагі нізкія, участкамі зліваюцца са схіламі. Дно выслана пяском (да глыб. 2—3 м) і гляямі. Надводная расліннасць утварае паласу шыр. да 35 м. З возера выцякае ручай у воз. Чаросава.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДОБРАНАДЗЕ́ЙНАСЦЬ,
адно з маральна-этычных і паліт. паняццяў, якое адлюстроўвае адносіны дзяржавы і яе спец. органаў, грамадскіх і інш. арг-цый да асобы. Па меры развіцця грамадства ўдакладняўся і ўскладняўся механізм кантролю за грамадска-паліт. і асабістым жыццём грамадзян, іх адносінамі да рэлігіі, палітыкі дзяржавы і яе мясц. органаў. Са з’яўленнем тэхнатронных сродкаў і камп’ютэрызацыі з’явілася магчымасць татальнага нагляду за Д. грамадзян у межах дзяржавы і міжнар. маштабе.
На Беларусі ў часы ВКЛ і Рэчы Паспалітай за Д. грамадзян назіралі царква і прадстаўнікі ўлады, у Расіі спец.дзярж. орган — жандармерыя, пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 — органы ДПУ, АДПУ, НКУС, КДБ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДО́БРЫНА,
возера ў Віцебскім р-не, у бас.р.Зах. Дзвіна, за 10 км на ПдЗ ад Віцебска. Пл. 0,37 км², даўж. 1,6 км, найб.шыр. 380 м, найб.глыб. 4,9 м, даўж. берагавой лініі каля 4 км. Пл. вадазбору 15,2 км². Схілы катлавіны выш. да 20 м (на Пн і Пд да 5 м), у верхняй ч. разараныя, на У пад хмызняком. Берагі пераважна зліваюцца са схіламі, уздоўж урэзу вады параслі хмызняком, на Пн нізкія, пераўвільготненыя. Мелкаводдзе пясчанае, глыбей — сапрапелі; глеі. Зарастае слаба. У возера ўпадае ручай, на Пн выцякае ручай у Зах. Дзвіну.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАНІСЕ́ВІЧ (Стафан) (1836, Магілёўская губ. — 3.12.1913),
бел. каталіцкі рэліг. дзеяч. Скончыў Пецярб. каталіцкую духоўную акадэмію са ступенню магістра тэалогіі (1863) і пасвячоны ў святара. Служыў на розных пасадах у Магілёўскай губ. і Смаленску. З 1903 адміністратар Магілёўскай архідыяцэзіі, у 1908 атрымаў ганаровы тытул біскупа клаўдзіяпалітанскага. Быў прыхільнікам выкарыстання бел. мовы ў царк. жыцці. Садзейнічаў выданню «Элементара [буквара] для добрых дзетак каталікоў» (СПб., 1906, лацінкай), для якога напісаў прадмову. Быў цэнзарам кніг на бел. мове (лацінкай) «Кароткі катэхізм» (1907) і «Кароткая гісторыя святая» (1914).
Літ.:
Stankiewicz A Rodnaja mowa ŭ światyniach. Wilnia, 1929.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІМЕНАЛЕПІДЫ́ДЫ (Hymenolepididae),
сямейства гельмінтаў кл. стужачных чарвей. Больш за 100 родаў, каля 400 відаў. Пашыраны ўсюды, пераважна ў трапічных і субтрапічных раёнах. На Беларусі больш за 50 відаў, найб. небяспечны карлікавы цэпень (Hymenolepis nana). Паразіты птушак, пераважна свойскіх гусей і качак, млекакормячых, чалавека (асн. гаспадары). Узбуджальнікі гіменалепідыдозаў.
Даўж. цела ад долей да 700 мм, шыр. 0,2—11 мм, складаецца са сколекса, шыйкі і стробілы. На сколексе 4 прысоскі і хабаток з 8—10 і больш кручкамі. Гермафрадыты. Развіваюцца з удзелам прамежкавых (насякомыя, ракападобныя) і рэзервовых (малюскі) гаспадароў. Лічынкі гіменалепідыдаў (цыстыцэркоіды) у кішэчніку асн. гаспадара ўкараняюцца ў падслізістую абалонку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛУТАТЫЁН, γ-L-глутаміл-L-цыстэінгліцын,
C10H17O6N3S, унутрыклетачны трыпептыд, складзены з астаткаў трох амінакіслот — глутамінавай, цыстэіну і гліцыну. Ёсць у высокіх канцэнтрацыях практычна ва ўсіх жывых клетках. Мае важнае значэнне для акісляльна-аднаўленчых рэакцый у сувязі са здольнасцю сульфгідрыльнай групы (-SH) цыстэіну акісляцца з утварэннем дысульфіднага мастка. Асн. функцыя глутатыёну — захаванне SH-групы бялкоў у адноўленым стане. Выконвае спецыфічную ролю пры разбурэнні таксічнага перакісу вадароду, аднаўленні акісленай формы аскарбінавай к-ты. Служыць кафактарам асобных ферментаў, асабліва пратэінаў, адыгрывае пэўную ролю ў транспарце амінакіслот праз клетачныя мембраны. Глутатыён атрымліваюць з дражджэй і сінтэтычна; выкарыстоўваюць пры біяхім. даследаваннях, кансерваванні крыві.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛЫБО́КАЕ ВО́ЗЕРА,
у Полацкім р-не Віцебскай вобл., у бас.р. Палата, за 47 км на ПнУ ад г. Полацк, у межах гідралагічнага заказніка Глыбокае-Чарбамысла. Пл. 0,42 км², даўж. 1,11 км, найб.шыр. 800 м, найб.глыб. 11,5 м, даўж. берагавой лініі каля 3,4 км. Пл. вадазбору 1,94 км². Схілы катлавіны выш. 15 — 17 м, на Пн да 2 м, пад хваёвым лесам. Берагі месцамі зліваюцца са схіламі, пясчаныя, на Пн тарфяныя. Мелкаводдзе вузкае. Дно пясчанае, з глыб. 5,5 м сапрапелістае. Расце палушнік азёрны — рэдкі ахоўны від раслін, занесены ў Чырв. кнігу Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛЫБО́ЧЫНА,
возера ў Полацкім р-не Віцебскай вобл., у бас.р. Вядзеціца, за 21 км на ПнУ ад г. Полацк. Пл. 0,37 км², даўж. 1,5 км, найб.шыр. 700 м, найб.глыб. 6,8 м, даўж. берагавой лініі 4 км. Пл. вадазбору 6,2 км². Схілы катлавіны выш. 5—8 м, на У да 10 м, пясчаныя, параслі лесам. Берагі на У участкамі супадаюць са схіламі, на ПдУ і ПдЗ сплавінныя. Мелкаводдзе вузкае, стромкае. Дно ў паўн.ч. да глыб. 4—5 м пясчанае, у цэнтр. і паўд. — сапрапелістае. Зарастае слаба. Упадае ручай з воз. Бярэзінак, выцякае ручай у воз. Вядзета.