ВАКА́ЛЬНАЯ МУ́ЗЫКА,

музыка для спеваў; галіна муз. мастацтва, у якой асн. сэнсавая нагрузка ўскладаецца на пеўчы голас. Вакальная музыка (акрамя вакалізу) звязана з літ. тэкстам і таму адносіцца да жанру праграмнай музыкі. Спецыфіка вакальнай музыкі ў тым, што вак. мелас нараджаецца ў выніку цеснага ўзаемадзеяння моўнай прасодыі з уласна музычнай інтанацыяй. У стараж. формах фальклору гэтая сувязь мела сінкрэтычны характар, пасля падзелу паэзіі і музыкі на самаст. віды мастацтва — сінтэтычны. Вакальная музыка можа быць з інстр. і аркестравым суправаджэннем і без яго (а капэла). Ахоплівае камерна-вак. творы для аднаго, 2 ці 3 галасоў (песня, раманс, вак. дуэт, трыо, вак. цыкл і інш.), ансамбля ці хору (хар. мініяцюра, паэма, канцэрт), буйныя творы для хору з арк. (кантата, араторыя, вакальна-сімфанічная паэма), сцэн. творы (опера, аперэта, мюзікл). З даўніх часоў вакальная музыка выкарыстоўваецца ў рэліг. кульце. Песнапенні складаюць асн. частку богаслужэнняў правасл. царквы (літургія, усяночная, паніхіда) і каталіцкай (меса, рэквіем; гл. Царкоўная музыка). На Беларусі традыцыі вак. свецкай харавой музыкі закладзены ў канцы 15 ст. ў кантах і псальмах. Вакальная музыка займала значнае месца ў творчасці многіх пакаленняў бел. кампазітараў. У 1980—90-я г. бел. кампазітары распрацоўваюць новыя, раней амаль не ўласцівыя нац. муз. мастацтву жанры вакальнай музыкі: духоўны хар. канцэрт (Л.​Шлег, А.​Бандарэнка), літургія (А.​Залётнеў, С.​Бельцюкоў), меса (А.​Літвіноўскі), вак. сімфонія (А.​Мдывані, А.​Сонін, В.​Войцік). Вакальная музыка розных жанраў прадстаўлена і творамі кампазітараў бел. замежжа (М.​Равенскі, М.​Шчаглоў, Э.​Зубковіч і інш.).

Э.​А.​Алейнікава.

т. 3, с. 462

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́РУСНЫЯ ХВАРО́БЫ,

хваробы раслін, жывёл і чалавека, узбуджальнікамі якіх з’яўляюцца вірусы. Падзяляюцца на групы: пухліны і інфекцыі. У чалавека выклікаюцца вірусамі РНК- і ДНК-геномных тыпаў. Крыніца заражэння — хворыя і вірусаносьбіты; шляхі — паветрана-кропельны (узбуджальнікі вострых рэспіратарных захворванняў, адру і інш.), аліментарны (узбуджальнікі кішэчных інфекцый і інш.), трансмісіўны (узбуджальнікі крывяных інфекцый і інш.), праз скуру (вірусы шаленства, воспы натуральнай, папіломы і інш.), палавы (вірус герпесу, узбуджальнік СНІДу і інш.), парэнтэральны (узбуджальнік гепатыту B), трансплацэнтарны (унутрывантробны, выклікае цяжкія захворванні нованароджаных) і інш. Патагеннае дзеянне вірусаў абумоўлена ў першую чаргу пашкоджаннем клетак, у якіх яны размнажаюцца. Часткова яно можа быць звязана з гібеллю клетак пад уплывам антывірусных антыцел і сенсібілізаваных Т-лімфацытаў, а таксама з цытатаксічным уплывам вірыёнаў на клеткі органаў, у якіх вірус не размнажаецца. Вірусныя хваробы класіфікуюць паводле цяжкасці хваробы, віду ўзбуджальніка, механізма перадачы, крыніцы інфекцыі, месца заражэння і інш. Адрозніваюць прыроднаачаговыя і антрапагенныя заанозы, паза- і ўнутрыбальнічныя антрапанозы. Да вірусных хвароб адносяцца: поліяміэліт, герпес, грып, воспа, адзёр, энцэфаліты, ліхаманкі, гепатыт інфекцыйны, краснуха, шаленства і інш. У большасці выпадкаў пасля іх застаецца працяглы імунітэт. Лячэнне: процівірусныя хім. прэпараты, інтэрфероны, імунапрэпараты, патагенетычныя і сімптаматычныя сродкі. У жывёл вірусныя хваробы выклікаюцца агульнымі з чалавекам або патагеннымі толькі для іх заавірусамі. Адрозненні ў этыялогіі, патагенезе, клінічных праяўленнях, фарміраванні імунітэту, метадах дыягностыкі і лячэння ў параўнанні з віруснымі хваробамі чалавека нязначныя. Для свойскай жывёлы асабліва небяспечныя яшчур, шаленства, чума, воспа, грып і інш. У раслінгл. Вірусныя хваробы раслін.

А.​П.​Красільнікаў.

т. 4, с. 193

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУШНЕ́РСТВА,

народны промысел па апрацоўцы аўчын і шкурак пушных звяроў. У бел. нар. К. гал. месца займаў выраб аўчын для пашыву зімовага адзення — кажухоў, паўкажушкоў, шапак. Апрацоўка шкурак упаляваных пушных звяроў (зайца, вавёркі, ліса, куніцы, тхара і інш.) мела другараднае значэнне; іх футра выкарыстоўвалася пераважна на шапкі і каўняры. Тэхнал. працэс традыц. К. ўключае некалькі паслядоўных аперацый. Адмочаную ў вадзе авечую шкуру ачышчалі ад мяздры на нахіленай паўкруглай дошцы на 2 ножках (калодзе) звычайнай касой, выкарыстоўвалі і скоблю (струг). Каб шкуру размякчыць і засцерагчы ад гніення пасля прасушвання яе заквашвалі ў «квасе» — кіслым растворы жытняй ці аўсянай мукі з соллю. Шкуры мякчылі спец. драўляным або жал. крукам, якім вадзілі па мяздры ўверх-уніз, пакуль уся паверхня не рабілася мяккай і белай. З 1830-х г. пачало практыкавацца дубленне аўчын. Да пач. 20 ст. побач з дубленымі кажухамі светла-карычневага колеру былі пашыраны і белыя нядубленыя. У пач. 20 ст. аўчыны пачалі фарбаваць хім. рэчывамі ў карычневы ці чорны колер. Падобным чынам апрацоўвалі і шкуркі пушных звяроў. Для іх сушкі і расцягвання выкарыстоўвалася дошка-канёк. З 1920-х г. кушнерская вытв-сць бытавала ў выглядзе хатняга промыслу, арцеляў і дзярж. прадпрыемстваў. У пасляваенны час кушнерскае рамяство заняпала. У наш час у некат. раёнах аўчыны і футры вырабляюцца на асабістыя патрэбы (гл. таксама Футра, Футравая прамысловасць).

Н.​І.​Буракоўская.

Да арт. Кушнерства. Традыцыйны кажух. Вёска Асаўніца Іванаўскага раёна Брэсцкай вобл. Канец 19 ст.

т. 9, с. 67

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫПЛАМА́ТЫКА (франц. diplomatique ад грэч. diploma ліст, дакумент, складзены ў дзве столкі),

спецыяльная гіст. дысцыпліна, якая вывучае паходжанне, форму і змест актавых крыніц (пераважна эпохі феадалізму) для вызначэння іх сапраўднасці. Праверка сапраўднасці актаў (практычная Д.), выкліканая барацьбой за зямлю і феад. прывілеі, вялася ўжо ў сярэдневякоўі. У 14—15 ст. пачала развівацца навук. Д. Падыходы і крытэрыі праверкі сапраўднасці дакументаў распрацаваў франц. даследчык Ж.​Мабільён. Сучасная Д. з’яўляецца часткай агульнага крыніцазнаўства, у задачы якой уваходзіць даследаванне форм і зместу дакументаў. На Беларусі ў 16—19 ст. мела месца фальсіфікацыя дакументаў, выкрыццё якой прывяло да зараджэння практычнай Д. Напр., вядома, што ў 1721—43 князі Радзівілы зрабілі фальшывы дакумент ад імя караля польскага і вял. князя літ. Жыгімонта II Аўгуста з датай 3.11.1551, паводле якога атрымалі права захоўваць дзярж. дакументы ВКЛ у сваім прыватным архіве ў Нясвіжы. Так Нясвіжскі архіў Радзівілаў станавіўся роўным з дзярж. архівам ВКЛ. У 1-й пал. 19 ст. распаўсюдзіліся падробкі дакументаў аб прыналежнасці да шляхецкага саслоўя ў сувязі з праверкай правоў на дваранства ў зах. губернях Рас. імперыі пасля падаўлення паўстання 1830—31 у Польшчы, Літве і Беларусі. Фабрыкацыя фальшывых дакументаў пра шляхецкае паходжанне асабліва пашырылася ў 1830-я г. ў Мінску, дзе спецыялісты па-майстэрску скарыстоўвалі даўнюю мову, падраблялі почырк і пячаткі каралёў, ужываючы паперу са стараж. актавых кніг.

Літ.:

Лихачев Н.П. Дипломатика. СПб., 1901;

Зимин А.А. Методика издания древнерусских актов. М., 1959;

Каштанов С.М. Русская дипломатика. М., 1988;

Актовое источниковедение: Сб. статей. М., 1979.

А.​П.​Грыцкевіч.

т. 6, с. 288

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫСКРЫМІНА́ЦЫЯ (ад лац. discriminatio адрозніванне),

абмежаванне або пазбаўленне грамадзянскіх, паліт. і інш. правоў і свабод з-за нац., расавай прыналежнасці, полу, веравызнання, паліт. поглядаў і г.д. У гісторыі краін свету Д. практыкавалася даволі часта. Адначасова дэмакр. сілы вялі барацьбу супраць Д. У ЗША вынікам Грамадз. вайны паміж Поўначчу і Поўднем 1861—65 было абвяшчэнне раўнапраўя неграў і яго юрыд. замацаванне ў форме паправак да Канстытуцыі. Прыкладамі жорсткай Д. шматлікіх груп грамадзян на глебе расізму былі Германія (1933—45), Радэзія і Паўд.-Афрыканская Рэспубліка, дзе расісцкі рэжым праіснаваў да пач. 1990-х г. (гл. Апартэід). Міждзярж. супрацоўніцтва для пераадолення Д. і абароны асн. правоў чалавека і грамадзяніна прывяло да афіц. асуджэння дыскрымінацыйнай практыкі на дзярж. узроўні і скасавання адкрыта дыскрымінацыйных заканад. актаў. Найб. агульныя антыдыскрымінацыйныя прынцыпы сфармуляваны ў Дэкларацыі правоў чалавека 1948. Пашыранымі відамі Д. з’яўляюцца пазбаўленне выбарчых правоў, звальненне з работы, адмова ў грамадзянстве ці візе на ўезд або выезд, ушчамленне правоў бежанцаў, імігрантаў і інш. Асаблівае месца займае Д. жанчын у прац., паліт. і інш. грамадскай дзейнасці. У міжнар. адносінах Д. азначае абмежаванне суверэннай роўнасці пэўных дзяржаў як суб’екта міжнар. права шляхам выкарыстання інш. дзяржавамі эканам. і паліт. мер, якія не адпавядаюць агульнапрызнаным прынцыпам міжнар. адносін. Праявай дыскрымінацыйнай палітыкі з’яўляецца стварэнне дзяржавамі закрытых арг-цый з мэтай абароны сваіх рынкаў ад тавараў інш. дзяржаў, свабоднага перамяшчэння працоўнай сілы і г.д. Праблема ўсебаковага пераадолення Д. ва ўсіх галінах міжнар. і грамадскага жыцця пакуль застаецца адной з глабальных праблем сучаснага чалавецтва.

В.​І.​Боўш.

т. 6, с. 293

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭМАКРЫ́Т (Dēmokritos) з Абдэры

(каля 460 г. да н.э. — ?; па некат. звестках пражыў больш за сто гадоў),

старажытнагрэчаскі філосаф, адзін з заснавальнікаў ант. атамістыкі. Напісаў каля 70 твораў па філасофіі, фізіцы, матэматыцы, медыцыне, тэорыі музыкі і інш. Да нас дайшло каля 300 фрагментаў, пераважна з этычных твораў. Адным з гал. вытокаў філас. вучэння Д. служаць погляды Леўкіпа. У сваёй тэорыі пазнання Д. абгрунтоўваў думку пра існаванне 2 груп ведаў: заснаваных на пачуццях і на працы розуму; калі пачуцці ў стане прынесці няпоўныя, недакладныя і непраяснёныя («цёмныя») звесткі аб навакольнай рэчаіснасці, то чалавечае мысленне забяспечвае веды аб сапраўднай, г.зн. атамнай прыродзе рэчаў, таму што ўспрыманне і разуменне сутнасці атамаў даступны выключна розуму. Паводле некат. звестак, Д. пашырыў атамістычную тэорыю на тлумачэнне такіх філас. катэгорый, як час і прастора. Прытрымліваўся высновы аб неабходнай і заканамернай сувязі паміж усімі прадметамі і з’явамі прыроды і грамадства, лічыў, што гал. мэта пазнання — знаходжанне прычын прыродных і гіст. працэсаў. Значнае месца ў яго творчасці займаюць распрацоўка і паглыбленне тэорыі Леўкіпа аб касм. віхрах, дзе побач з поглядамі пра атамную будову касм. цел выказаны цікавыя здагадкі аб дыферэнцыяцыі касм. светаў, у прыватнасці адносна існавання жыцця. Д. правёў параўнанне паміж чалавечым арганізмам (мікракосмасам) і космасам. Свае сац.-паліт. погляды ён канцэнтраваў на праблемах дэмакратыі; ідэальнай формай дзяржаўнасці лічыў стараж.-грэч. дзяржаву — поліс. У этыцы развіў вучэнне аб атараксіі.

Літ.:

Лосев А.Ф. История античной философии в конспективном изложении. М., 1989;

Яго ж. Античная философия истории. М., 1977.

В.​І.​Боўш.

Дэмакрыт.

т. 6, с. 347

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЕКАЦЯРЫНБУ́РГ,

горад у Расіі, цэнтр Свярдлоўскай вобл., на р. Ісець (Сярэдні Урал). 1278 тыс. ж. (1996). Буйны чыг. і аўтадарожны вузел. Аэрапорт. Метрапалітэн. Газаправоды. Найбуйнейшы цэнтр машынабудавання (ВА «Уралмаш», «Уралэлектрацяжмаш», «Уралхіммаш»; з-ды турбаматорны, буравога і металургічнага абсталявання, трансп. машынабудавання, падшыпнікавы і інш.), чорнай металургіі (Верх-Ісецкі металургічны з-д); развіты таксама прыладабуд. і эл.-тэхн. (кабель, трансфарматары, з-ды дакладнай механікі, оптыкі, халадзільнікаў і інш.), хім. (шыны, пластмаса і інш.), хім.-фармацэўтычная, лёгкая, харчасмакавая прам-сць; каменярэзная вытв-сць (з-д «Уральскія самацветы»). Уральскае аддзяленне Рас. АН, 14 ВНУ (у т. л. ун-т), 8 музеяў, 5 тэатраў. Арх. помнікі: жылыя і грамадскія будынкі ў стылі класіцызму (18, 19 ст.), сабор Аляксандра Неўскага (1-я пал. 19 ст.).

Засн. ў 1721 В.​М.​Тацішчавым як горназаводскі культ. і гандл. цэнтр Урала. Пазней Ісецкі з-д і крэпасць назвалі Е. у гонар Кацярыны I. Тут размяшчаліся Уральскае горнае ўпраўленне, горназаводская школа, з 1735 манетны двор. У 1763 праз Е. пракладзены Сібірскі тракт. З 1781 цэнтр вобласці, з 1796 пав. горад Пермскай губ. У 1834 засн. Горны музей, у 1836 — абсерваторыя. З канца 19 ст. важны чыг. цэнтр Урала, адзін з цэнтраў рэв руху. У ліп. 1918 у Е. расстраляны апошні рас. імператар Мікалай II з сям’ёй. Месца значных баёў у грамадз. вайну (гл. Чэхаславацкага корпуса мяцеж 1918). З 1919 цэнтр Екацярынбургскай губ., з 1923 — Уральскай, з 1934 — Свярдлоўскай абласцей. У 1924—91 наз. Свярдлоўск.

Екацярынбург. Кінаканцэртная зала «Космас».

т. 6, с. 384

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАМАІ́ЗМ,

адна з плыняў будызму. Узнік у 7 ст. ў Тыбеце, куды будызм пранік з Індыі ў форме махаяны. Да канца 8 ст. будызм стаў дзярж. рэлігіяй Тыбета. Тут пабудаваны першы манастыр Сам’е, з’явіліся манахі-тыбетцы, узнікла манастырскае землеўладанне; у пач. 9 ст. склалася духоўная іерархія. У перыяд т. зв. позняга распаўсюджвання будызму ў Тыбеце (10—14 ст.) узнікла мноства ламаісцкіх сект, сярод якіх найб. значнымі былі Кадампа, Сак’япа, Каджупа, Кармапа; у канцы 14 — пач. 15 ст. утварылася найб. буйная ламаісцкая секта Гэлуг-ба, заснаваная Цзанкабам (1357—1419). З 16 ст. кіраўнікі гэтай секты сталі насіць тытул Далайламы. Да сярэдзіны 17 ст. 5-му далай-ламе Агван Лабзан Джамцо (1617—82) удалося падпарадкаваць сваёй уладзе (духоўнай і свецкай) усе асн. раёны Тыбета, які т. ч. ператварыўся ў тэакратычную дзяржаву; узнік ін-т панчэн-лам — другіх (пасля далай-лам) іерархаў ламаісцкай царквы. У 16—17 ст. Л. стаў пануючай рэлігіяй у Манголіі, атрымаў пашырэнне ў Тыве, Бураціі, сярод калмыкаў Паволжа. Асн. ідэі Л. выкладзены ў свяшчэнных тэкстах «Ганджур» (пераклад адкравенняў, 108 тамоў), «Танджур» (пераклад тлумачэнняў, 225 тамоў). Важнае месца ў Л. займаюць магія, вера ў шматлікія мясц. божаствы, развіты рытуальнасць і поўнае падпарадкаванне вучня настаўніку—ламе. Састаўной часткай Л. з’яўляецца тэорыя ўвасабленняў буд, бадхісатваў, божастваў у пэўных асоб — «трулку», якія лічацца зямнымі вобразамі Буды і Бадхісатвы. Цэнтрамі культавай дзейнасці прыхільнікаў Л. з’яўляюцца манастыры (дацаны), дзе адбываюцца богаслужэнні, якія складаюцца з малітваў, ахвярапрынашэнняў, музыкі (выконваецца на традыц. інструментах). Пры манастырах існавалі ламаісцкія школы.

В.В. Краснова.

т. 9, с. 111

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІНГВІСТЫ́ЧНАЯ ГЕАГРА́ФІЯ,

раздзел мовазнаўства, які вывучае тэрытарыяльнае распаўсюджанне моўных з’яў. Вылучылася з дыялекталогіі ў канцы 19 — пач. 20 ст. Цесна звязана з арэальнай лінгвістыкай. Вытокі бел. Л.г. ў працах па ўсх.-слав. дыялекталогіі — «Нарыс рускай дыялекталогіі» А.​І.​Сабалеўскага (1892) і інш. Упершыню абгрунтаваў падзел бел. гаворак на 2 гал. часткі — паўн.-ўсх. і паўд.-зах. — і вызначыў іх тэр. межы Я.​Ф.​Карскі («Агляд гукаў і форм беларускай мовы», 1885). Вял. значэнне ў станаўленні Л.г. мелі працы П.​А.​Бузука, які шырока карыстаўся метадамі арэальнай лінгвістыкі («Спроба лінгвістычнай геаграфіі Беларусі», 1928, і інш.), праводзіў рэканструкцыю стараж. форм на аснове сучаснага распаўсюджання моўных з’яў. Якасна новы этап у развіцці Л.г. звязаны з інтэнсіўнай працай над складаннем дыялекталагічных атласаў бел., рус. і ўкр. моў, значнае месца сярод іх належыць «Дыялекталагічнаму атласу беларускай мовы». У ім акрэсліваюцца арэалы моўных з’яў, уласцівых агульнанац. бел. мове, а таксама дыялектных рыс, агульных для бел., рус. і ўкр. моў. Комплекс пытанняў, звязаных з групоўкай бел. гаворак, праблемамі гіст. дыялекталогіі і моўных кантактаў, асвятляецца ў працы (на базе атласа) «Лінгвістычная геаграфія і групоўка беларускіх гаворак» (1968, карты ізаглос 1969). Слоўнікаваму складу гаворак Беларусі прысвечаны спец. «Лексічны атлас беларускіх народных гаворак» у 5 тамах (т. 1—4, 1993—97).

Літ.:

Эдельман Д.И. Основные вопросы лингвистической географии. М., 1968;

Ареальные исследования в языкознании и этнографии: (Язык и этнос). Л., 1983;

Крывіцкі А.А. Што такое лінгвагеаграфія. Мн., 1986.

Ю.​Ф.​Мацкевіч.

т. 9, с. 264

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРАСНАЯ́РСК,

горад у Расіі, цэнтр Краснаярскага края, на берагах р. Енісей. 874 тыс. ж. (1997). Чыг. вузел. Аэрапорт. Рачны порт. Буйны прамысл. цэнтр Усх. Сібіры. Асн. галіны прам-сці: машынабуд. і металаапр. (збожжаўборачныя камбайны, лясное машынабудаванне, суднабудаванне, радыётэхніка, тэлевізары і інш.), хім. (хімвалакно, хімбытпрылады, сінт. каўчук, шыны, медпрэпараты, гумава-тэхн. вырабы і інш.), металургічная (алюмініевая, каляровых і каштоўных металаў і інш.), дрэваапр. (цэлюлозна-папяровы камбінат), буд. матэрыялаў, лёгкая і харчовая. ГЭС. Навук. цэнтр Сіб. аддзялення Рас. АН, Сіб.-Далёкаўсходняе аддзяленне Рас. Акадэміі мастацтваў. 13 ВНУ, у т. л. 2 ун-ты і Сіб. аэракасм. акадэмія. 5 т-раў, у т. л. оперы і балета. 4 канцэртныя залы. Філармонія. Цырк. Музеі: краязнаўчы, культ.-гіст. цэнтр, музей-сядзіба В.​І.​Сурыкава, маст. імя В.​І.​Сурыкава, карцінная галерэя. Каля К. — запаведнік «Сталбы».

Засн. ў 1628 як астрог Красны Яр ваяводам А.​Дубенскім для абароны ад набегаў татар. У пач. 18 ст. цэнтр рамёстваў (цяслярскага, кавальскага, медзеплавільнага, гарбарнага і інш.). Развіццё паскорылася пасля буд-ва (1735—41) Маскоўскага тракту (Ачынск—Канск). З 1822 цэнтр Енісейскай губ. У 19 ст. цэнтр сібірскага казацтва, месца ссылкі дзекабрыстаў, народнікаў, сацыял-дэмакратаў, перасыльны пункт асуджаных у Туруханскі край, Іркуцкую вобл., Якуцію, на Сахалін. У канцы 19 ст. праз К. прайшла Транссібірская чыгунка. З 1934 цэнтр Краснаярскага краю. У 1941—42 у К. эвакуіравана шмат заводаў з зах. раёнаў СССР, у т. л. з Беларусі.

Краснаярск. Панарама горада.

т. 8, с. 461

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)