ІНТЭРНАЦЫЯНАЛІЗА́ЦЫЯ,
свядомае або стыхійнае распаўсюджанне той ці іншай з’явы, працэсу, крызісу, канфлікту і г.д. па-за нацыянальныя межы. Можа заключаць у сабе спецыфічны самаст. змест або выступаць сінонімам глабалізацыі. У 1-м выпадку І. падкрэслівае не нацыянальна абмежаваны, а міжнар. характар змяненняў, не закранаючы іх канкрэтных маштабаў. І. як глабалізацыя, наадварот, паказвае сусв. кантэкст тых ці інш. змен у існаванні чалавечага грамадства. Гісторыя зведала нямала прыкладаў І. наступстваў шматлікіх чалавечых дзеянняў, якія напачатку канцэнтраваліся ў адным горадзе ці на невял. тэрыторыі, а потым распаўсюджваліся на многія краіны, цэлыя рэгіёны (напр., пакарэнне стараж. Рымам інш. народаў і стварэнне Рымскай імперыі, ваен. паходы і заваяванні А.Македонскага). Больш ці менш пастаянныя формы І. набыла ў эпоху капіталізму, што абумоўлена ўздымам прадукц. сіл, гандлю, суднаходства, а таксама каланіяльнай палітыкай вял. дзяржаў. Гэтым былі зроблены першыя эфектыўныя крокі на шляху станаўлення адзінства чалавецтва, што служыць неабходнай перадумовай І. важных з’яў і працэсаў, сур’ёзных крызісных канфліктаў, незалежна ад месца іх узнікнення. Неабходныя аб’ектыўныя ўмовы станаўлення сапраўднага адзінства чалавецтва стварае сучасная навукова-тэхнічная рэвалюцыя. Усебаковая І. тэхнікі і тэхналогіі, эканам. сувязей, камунікацый, інфарм. сетак і г.д. сведчыць пра з’яўленне новага тыпу грамадскага развіцця, калі яно патрабуе не нацыянальна абмежаванай, а міжнар. прасторы. Адваротным бокам І. становіцца ўзаемазалежнасць прагрэсу народаў і краін. І. матэрыяльнай асновы жыцця грамадства пашыраецца на яго галоўныя праблемы, супярэчнасці і канфлікты, ад вырашэння якіх залежыць лёс сучаснай цывілізацыі.
В.І.Боўш.
т. 7, с. 287
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)