залама́ць 1, ‑ламлю, ‑ломіш, ‑ломіць; зак.

1. што. Сагнуўшы, надламаць. Заламаць галінку на дрэве.

2. Разм. Крута павярнуць убок. Арцём звярнуў на агароды, шуснуў у каноплі, адтуль разораю між капусты забег у падворак Юркі Труса, з надворка заламаў у вулачку. Колас.

3. што. Разм. Надта дорага запрасіць. Зарослы сівой шчацінай дзед, перш чым перавезці Сяргея цераз Прыпяць, заламаў дзвесце рублёў. Навуменка.

•••

Асінку заламаць — даць зарок не рабіць чаго‑н., палажыць канец чаму‑н.

Заламаць залом (уст.) — зблытаць і заламаць на чыім‑н. полі пук жытніх сцяблоў з мэтай паклікаць бяду на гаспадара поля (з павер’я забабонных людзей).

Заламаць рукі — моцна загнуць каму‑н. рукі назад, за спіну.

Заламаць шапку — надзець шапку набакір або ссунуць яе на патыліцу.

залама́ць 2, ‑ламлю, ‑ломіш, ‑ломіць; зак.

Разм. Пачаць ламаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

замахну́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; ‑нёмся, ‑няцеся; зак.

1. чым, на каго і без дап. Узмахам падняць, адвесці (руку або які‑н. прадмет) для ўдару. [Наезнік] выхапіў з гарачкі шаблю і замахнуўся на Рыля. Колас.

2. перан.; на каго-што і без дап. Намерыцца зрабіць што‑н. вялікае, цяжкае, значнае. Шарэйку толькі іншым разам шкода было, што некалі, будуючы хату, на вялікае замахнуўся, бо тая камора, што была на правы бок ад сенцаў, стаяла пустая. Чыгрынаў. Што замахнуўся, тут высока, хлапчына гэта разумеў. Ён зрок узняў на Саламею, ён пакахаць яе пасмеў!.. Машара. // Зрабіць спробу незаконна захапіць што‑н., пазбавіць каго‑н. чаго‑н. Замахнуцца на чужое дабро. □ [Акупанты] нават не дапускалі думкі, што ў горадзе, у глыбокім тыле нехта асмеліцца замахнуцца на іх жыццё. Новікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

заця́ты, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад зацяць (у 1 знач.).

2. у знач. прым. Упарты, настойлівы, які патрабуе вытрымкі, сілы. Зацятая барацьба. Зацяты бой. Зацятая спрэчка. □ Пачалося зацятае спаборніцтва трох упартых, моцных характараў. Шамякін. // Упарты, працяглы. Зацятая варожасць. Зацяты боль.

3. у знач. прым. Які тоіць, захоўвае ў сабе свае думкі, пачуцці; скрытны. Бабіч, гэты ціхі, лагодны чалавек, які ўмее так добра слухаць, цяпер строгі і зацяты. Колас. Веньяміну хацелася б быць гордым і зацятым. Навуменка. // Напружаны, насцярожаны, затоены. У зацятай маўклівасці замерла вёска. Мала з якой хаты не было чалавека ў партызанах. Асіпенка.

4. у знач. прым. Вельмі адданы, верны чаму‑н.; заўзяты. Зацяты балельшчык. □ Барташэвіч злосна бліскаў на мяне вачыма, быццам я быў яго даўні і зацяты вораг. Сабаленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

го́рды, ‑ая, ‑ае.

1. Надзелены пачуццём уласнай годнасці, павагі да сябе. Чалавек наш горды і шчаслівы, Будучыня свеціцца ў вачах, Бо нясе ў сабе ён беражліва Дарагія рысы Ільіча! Звонак. // Поўны пачуцця задавальнення сваімі або чыімі‑н. поспехамі. [Моладзь] была гордая свядомасцю, што зрабіла вялікую справу. Колас. Успаміны хлопчыка палоняць, За бацьку горды хлопчык наш. А. Александровіч. // Які выражае гордасць. Горды позірк. □ Паша таксама калісьці красуняй лічылася: русыя валасы на прабор, карыя вочы, гордая пастава. Лось. // перан. Узвышаны, чысты. Гордая думка пра сыноў не выходзіла з галавы. Кавалёў. Дзесьці ў глыбіні істоты ў жанчыны заварушылася гордая радасць. Чорны.

2. Ганарысты, напышлівы, фанабэрысты. Яшчэ ўчора такія гордыя і грозныя, сёння кідаліся паны на калені перад Сёмкам-матросам. Лынькоў. Ласкавае цялятка дзвюх матак ссе, а гордае — ніводнае. Прыказка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

грош, гроша; мн. грошы, ‑аў; м.

1. Даўнейшая медная манета (да 1838 г. двухкапеечная, а пасля паўкапеечная) у Расіі з 1657 да 1917 г. Хай грошай ні гроша, абы слава хароша. Прыказка. // зб. Грошы. І грош стаў лішні завадзіцца, Было што есці, чым акрыцца, І быў парадак, лад у хаце. Колас.

2. звычайна мн. (грашы́, ‑эй). Зусім нязначная сума грошай. Атрымаць грашы. Купіць за грашы.

3. Сучасная разменная манета ў Польскай Народнай Рэспубліцы, роўная 1/100 злотага, і ў Аўстрыі, роўная 1/100 шылінга.

•••

Гроша ломанага не варты гл. варты.

Грош цана (у базарны дзень) каму-чаму гл. пана.

Ні за грош (капейку) — зусім дарэмна, без патрэбы (загінуць, прапасці і пад.).

Ні ў грош не ставіць гл. ставіць.

Уваткнуць (уставіць) свае тры грошы гл. уваткнуць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

гру́дзі, ‑ей; адз. няма.

1. Пярэдняя частка тулава ад шыі да жывата. Зашпіліць вопратку на грудзях. □ І тут Марына не ўтрымала — Ды гэта ж ён! ды гэта ж брат! На грудзі брату тварам пала. — Ігнатка! брацік мой Ігнат... Колас. // Частка тулава, у якой змяшчаюцца сэрца, лёгкія і інш. органы грудной клеткі. Дыхаць на поўныя грудзі. □ І здавалася Міколку, што вылеціць яго сэрца з грудзей ад вялікай радасці. Лынькоў.

2. Малочныя залозы ў жанчыны. Малая адрывалася ад пустых грудзей і крычала, ёй хацелася есці. Шамякін.

3. Разм. Верхняя пярэдняя частка адзення. Кашуля з вышыванымі грудзьмі.

•••

Біць (сябе) у грудзі гл. біць.

Грудзьмі пралажыць (пракласці) сабе дарогу гл. пралажыць.

Дыхнуць на поўныя грудзі гл. дыхнуць.

Прыгрэць змяю (гадзюку) на (сваіх) грудзях гл. прыгрэць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дада́ць, ‑дам, ‑дасі, ‑дасць; ‑дадзім, ‑дасца, ‑дадуць; зак., каго-што.

1. і чаго. Дабавіць звыш таго, што ёсць ці павінна быць; павялічыць што‑н.; прыбавіць, дабавіць. Да чацвёркі шахцёраў прыйшлося дадаць яшчэ чатырох чалавек. Мікуліч. Калі бульба зварылася, бабка патаўкла яе, дадала пшанічнай мукі ды ўбіла пару яечак. Колас. // Сказаць ці напісаць у дадатак. [Таіса] памаўчала і дадала: — І сама сябе я не ведаю. Скрыган. Вось, бадай, і ўсё. Хіба толькі яшчэ дадам, што немаведама як і завошта зрабілі мяне нейкім ледзь не героем. Краўчанка.

2. і чаго. Аддаць другі раз тую частку чаго‑н., якая не была аддадзена раней. Вазьмі пакуль гэта, астатняе дадам заўтра.

3. Прыкласці, далучыць да чаго‑н. Дадаць характарыстыку да заявы.

4. Скласці лікі. Да пяці дадаць чатыры.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дасягну́ць, ‑сягну, ‑сягнеш, ‑сягне; зак.

1. чаго і да чаго. Рухаючыся, дайсці, даехаць да якога‑н. месца; дабрацца куды‑н. Лодка дасягнула сярэдзіны рэчкі. Цень дрэва дасягнуў да дарогі. // Распаўсюджваючыся, дайсці, данесціся да каго‑, чаго‑н. (пра гукі, пахі і пад.). Гул дасягнуў нашага слыху. Чуткі дасягнулі вёскі. □ За ракой узляцелі ў вышыню ракеты, рассыпаліся, але святло іх не дасягнула гэтага берага. Шамякін.

2. чаго і да чаго. Дайсці да якога‑н. месца, узроўню, мяжы (пра велічыню, памеры, колькасць і пад.). Мароз дасягнуў 40°. Бой дасягнуў самага высокага напружання.

3. чаго. Дажыць да якога‑н. узросту. Дасягнуць паўналецця. Дасягнуць старасці.

4. чаго. Дамагчыся чаго‑н., набыць, атрымаць жаданае. Дасягнуць згоды. Дасягнуць мэты. □ Бальшавікі гаварылі проста: прэч старую ўладу, толькі пры гэтай умове можна дасягнуць свабоды. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

мо́кнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. мок, мокла; незак.

1. Станавіцца мокрым, вільготным; намакаць. Каля панурага старажытнага будынка караля мок пад дажджом маршчыністы стары.., зазываючы паесці гарачых сасісак. Мележ. З бярозы цурком палілася вада, мокла вопратка. Пташнікаў.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Псавацца ад празмернай вільгаці. Дошкі Грачоў прывёз для новых сенцаў, і частку іх склаў у двары, пад сцяной хлеўчука. Частку, каб не моклі, перацягаў на гарышча. Ракітны.

3. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Ляжаць у вадзе або іншай вадкасці для набыцця новых якасцей. У цэбры ля студні мокла лаза. Пестрак. Ну, што, здаецца, кусок дрэва, Той чорны дуб, што ў рэчцы мок, А вось жа выйшаў кад[а]ўбок, Майстэрства дзіва. Колас.

•••

Мокнуць у гарэлцы — многа і часта піць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

му́дры, ‑ая, ‑ае.

1. Надзелены вялікім розумам; вельмі разумны, празорлівы, з добрым веданнем жыцця. Мудры правадыр. □ І школе роднай пакланюся я За ўсё, чым для мяне яна была, За ўсё, што на жыццё з сабой дала, За ўсё, што, праслаўляючы свой век, Мне даў настаўнік — мудры чалавек. Кірэенка. // У якім выражаецца мудрасць; разумны. Мудрыя запавет. Мудрае правіла. Мудрая парада. □ Бясконцыя балоты вучылі .. [палешукоў-сялян] мудраму разважанню, мора лясоў выхоўвала ў іх засцярогу. Колас.

2. Заснаваны на глыбокім разуменні, вопыце, веданні чаго‑н. Спрактыкаваны слых гаспадыні, яе нейкае мудрае старэчае чуццё ўжо штосьці ўлавілі. Ракітны.

3. Разм. Складаны; мудрагелісты (у 1 знач.). Гарасім зноў расказвае пра тое, як цяжка зразумець жыццё. Мудрае яно стала. Скрыган. [Хведар] вучыў студэнтаў нейкай мудрай навуцы, назву якой бацьку ніяк не ўдавалася запомніць. Палтаран.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)