БРЭ́ГА—ВУ́ЛЬФА ЎМО́ВА,

вызначае напрамак узнікнення максімумаў інтэнсіўнасці пры дыфракцыі рэнтгенаўскіх прамянёў на крышталях; аснова рэнтгенаўскага структурнага аналізу. Устаноўлена ў 1913 незалежна У.Л.Брэгам і Г.В.Вульфам. Паводле Брэга—Вульфа ўмовы 2dsinΘ = mλ, дзе d — адлегласць паміж адбівальнымі (крышталеграфічнымі) плоскасцямі, Θ — вугал паміж праменем, што падае, і адбівальнай плоскасцю (брэгаўскі вугал), λ — даўжыня хвалі выпрамянення, m — цэлы дадатны лік (парадак адбіцця). Брэга—Вульфа ўмова дае магчымасць вызначыць велічыню d (λ звычайна вядома, вугал Θ вымяраецца эксперыментальна). Брэга—Вульфа ўмова выконваецца таксама пры дыфракцыі γ-выпрамянення, электронаў, нейтронаў на крышталях, эл.-магн. выпрамянення радыё- і аптычнага дыяпазонаў на перыядычных структурах, пры дыфракцыі светлавых хваляў на ультрагуку.

Да арт. Брэга-Вульфа ўмова.

т. 3, с. 280

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУРА́КС,

крышталегідрат натрыю тэтрабарату Na2B4O7∙10H2O. У прыродзе мінерал класа баратаў. Крышталізуецца ў манакліннай сінганіі. Бясколерныя ці белыя крышталі, суцэльныя зямлістыя масы, скарынкі, лінзы, пражылкі ў гліністых пародах. Бляск шкляны. Паўпразрысты. Цв. 2—2,5. Шчыльн. 1,7 г/см³. Мае саладкавата-шчолачны смак. Раскладаецца моцнымі кіслотамі. Утвараецца пры выпарэнні салёных азёр, у выглядзе выцветаў на глебе ў засушлівых рэгіёнах і інш. Пры награванні да 380 °C ступеньчата абязводжваецца; бязводны крышталічны прадукт мае tпл 742 °C, tкіп 1675 °C; раствараецца ў вадзе лепш, чым крышталегідрат. Выкарыстоўваюць у вытв-сці злучэнняў бору, аптычнага і каляровага шкла, эмаляў і палівы, мыйных сродкаў, пры пайцы і зварцы металаў, дубленні скуры, як мікраўгнаенне, кансервант, мед. прэпарат.

т. 3, с. 344

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЮРО́ ДАПАМО́ГІ КАМПА́РТЫІ ЗАХО́ДНЯЙ БЕЛАРУ́СІ пры ЦК КП(б)Б, называлася таксама «закардоннае бюро». Дзейнічала з ліп. 1924 да 21.2.1925 у Мінску. Створана пры садзейнічанні прадстаўніцтва ЦК КПРП пры Выканкоме Камінтэрна для арганізацыі дапамогі КПЗБ. У розны час у яго ўваходзілі Я.​А.​Адамовіч, А.​М.​Асаткін-Уладзімірскі, У.​М.​Ігнатоўскі, А.​І.​Крыніцкі, І.​К.​Лагіновіч (П.​Корчык), А.​С.​Славінскі, А.​Р.​Чарвякоў. Вяло перапіску па пытаннях паліт. і арганізац. характару з ЦК КПЗБ, які знаходзіўся ў падполлі, аказвала дапамогу ў выданні падп. л-ры, рабоце друкарняў, фінансавала яго культ.-асв. дзейнасць, рыхтавала кадры для падп. работы ў Зах. Беларусі і інш. Скасавана паводле рашэння Бюро ЦК КП(б)Б.

У.​Ф.​Ладысеў.

т. 3, с. 390

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́ЗНЫ,

службовая асоба ў Польшчы (13—18 ст.) і ВКЛ (16—18 ст.). Прызначаўся ваяводам па прадстаўленні земскага суда і шляхты. У кожным павеце было некалькі возных, галоўнага з іх называлі генералам (енералам). Возны дастаўляў позвы асобам у суд (пры неабходнасці дастаўляў і гэтых асоб у суд), уводзіў ва ўладанне маёнткамі, аглядаў месцы і сляды злачынства, праводзіў апазнанне, допыт падазронага, сведак, пацярпелых, вызначаў памеры шкоды і інш. Вынікі дзеянняў і дазнанняў паведамляў суду пісьмовай рэляцыяй. Пры выкананні абавязкаў павінен быў мець пры сабе панятых (2 шляхціцаў). Узнагароду за службу атрымліваў ад асоб, па справах якіх дзейнічаў. У ВКЛ да 2-й пал. 16 ст. абавязкі вознага выконваў віж.

Г.​А.​Маслыка.

т. 4, с. 255

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕМАФІЛІ́Я (ад гема... + ...філія),

хвароба, выражаная ў схільнасці да крывацёку ад спадчыннага паніжэння згусання крыві. У хворых на гемафілію можа быць нястача тромбапласціну — антыгемафільнага глабуліну, VIII фактару згусання крыві (гемафілія A), плазмавага кампанента тромбапласціну — IX фактару (гемафілія B), X фактару згусання крыві (гемафілія C). Найчасцей бывае гемафілія A і B; хварэюць толькі мужчыны. Адрозніваюць цяжкую, сярэднюю і лёгкую формы гемафіліі. Цяжкая форма хваробы праяўляецца пры нараджэнні дзіцяці, лёгкая — пры траўмах, хірург. аперацыях. Пры гемафіліі працэс згусання крыві вельмі запаволены, пашкоджанне нават дробнага крывяноснага сасуда выклікае працяглы крывацёк. Бывае кровазліццё ў мышцы, суставы, крывацёк са слізістых, нырак, страўнікава-кішачнага тракту і інш. Лячэнне: пераліванне крыві, антыгемафільнай плазмы і спец. прэпаратаў.

т. 5, с. 148

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІДРАМАНІТО́Р (ад гідра... + манітор),

апарат для стварэння магутнага вадзянога струменя і кіравання ім; адзін з сродкаў гідрамеханізацыі. Выкарыстоўваецца для разбурэння і змывання горных парод, грунту, штучных масіваў (зацвярдзелых шлакаў, попелу і інш.).

Найб. пашыраны ў гідратэхн. і прамысл. буд-ве, пры адкрытай і падземнай распрацоўцы радовішчаў (напр., пры гідраўлічнай здабычы вугалю), пры свідравіннай гідраздабычы. Асн. частка гідраманітора — ствол са зменнай насадкай. Вада падаецца ў гідраманітор з напорнага трубаправода. Адрозніваюць гідраманітор нізкага (да 1 МПа), сярэдняга (1—5 МПа) і высокага (5—35 МПа) ціску; са стацыянарным і пульсоўным струменем; ручным і дыстанцыйным (праграмаваным) кіраваннем.

Гідраманітор з дыстанцыйным кіраваннем: 1 — насадка; 2 — верхняе рухомае (вярчальнае) калена; 3 — ствол; 4 — ніжняе нерухомае калена.

т. 5, с. 229

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІПЕРТРАФІ́Я (ад гіпер... + грэч. trophē харчаванне),

павелічэнне аб’ёму і масы тканкі, органа або часткі цела за кошт размнажэння клетак (гіперплазія) ці ўнутрыклетачнай рэгенерацыі арганел. Адрозніваюць сапраўдную і несапраўдную гіпертрафію. Да сапраўднай гіпертрафіі адносіцца кампенсатарна-рабочая гіпертрафія, звязаная з узмоцненай функцыяй пэўнага органа ці тканкі (гіпертрафія мышцаў у спартсменаў, гіпертрафія мышцы сэрца пры пароках і інш.). Вікарная гіпертрафія развіваецца пры гібелі ці выключэнні функцыі аднаго з парных органаў; гарманальная, або карэлятыўная, гіпертрафія фізіял. і паталаг. тыпу — ад парушэння дзейнасці залоз унутр. сакрэцыі. Да несапраўднай гіпертрафіі адносяць павелічэнне органа ў выніку разрастання злучальнай і тлушчавай тканкі пры атрафіі парэнхімы (функцыян. тканкі). У раслін гіпертрафія выклікаецца расліннымі і жывёльнымі паразітамі.

А.​С.​Леанцюк.

т. 5, с. 257

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІРСУТЫ́ЗМ (ад лац. hirsutus махнаты, валасаты),

мужчынскі тып абваласення ў жанчын; адно з праяўленняў вірылізму. Тэрмін «гірсутызм» увёў франц. ўрач Э.​Апер у 1910. Гірсутызм найчасцей бывае пры хваробах, якія ўзнікаюць пры пашкоджанні кары наднырачнікаў і палавых залоз. Праяўляецца валасатасцю на твары (вусы, барада), жываце, грудзях, руках, нагах, атлусценнем («тлусты» тып гірсутызму) з вял. колькасцю вугроў ці мужчынскімі рысамі («мышачны»); у дзяўчынак — заўчасным развіццём вонкавых палавых органаў і другасных палавых прыкмет, што ўласцівы мужчынскаму полу, адсутнасцю менструацый, павелічэннем малочных залоз (за кошт тлушчавай тканкі), грубым голасам; псіхіка і інтэлект зніжаны, палавыя пачуцці адсутнічаюць. Лячэнне хірургічнае. Валасатасць іншы раз бывае ў жанчын у клімактэрычны перыяд пры паніжэнні функцый яечнікаў. Лячэнне: электракаагуляцыя, электроліз.

т. 5, с. 263

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛАЎКО́МА (ад грэч. glaukos блакітнавата-зялёны + ...ома),

хранічная хвароба вачэй, пры якой павышаецца ўнутрывочны ціск і зніжаецца зрок. У аснове глаукомы — парушэнне цыркуляцыі вочнай вадкасці (найчасцей адтоку).

Бывае глаукома першасная (самастойная хвароба; хварэюць у асн. людзі пасля 40 гадоў), другасная (ад інш. хвароб вачэй — рубцы рагавіцы, пухліны) і прыроджаная (ад дэфектаў развіцця вока). Пры першаснай глаукоме пашкоджваюцца абодва вокі; нялечаная хвароба прагрэсіруе і прыводзіць да слепаты. Прыкметы: унутрывочны ціск да 70—80 мм рт. ст. (у норме 18—27), боль вока і вакол яго, пачырваненне вока, ацёк рагавіцы, расшырэнне зрэнак, пагаршэнне зроку, моташнасць, ірвота. Пры любой форме глаукомы звужаецца поле зроку, пагаршаецца зрок, атрафіруецца зрокавы нерв. Лячэнне: медыкаментознае, лазернае і хірургічнае.

Л.​М.​Марчанка.

т. 5, с. 287

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖЫЦЦЁВАЯ ЁМІСТАСЦЬ ЛЁГКІХ,

максімальны аб’ём паветра, які выдыхаецца пасля самага глыбокага ўдыху. Пры макс. выдыху колькасць газаў у лёгкіх памяншаецца да астаткавага аб’ёму (каля 1,5 л), што разам з Ж.ё.л. складае агульную ёмістасць лёгкіх. У норме Ж.ё.л. раўняецца каля 0,75 агульнай ёмістасці і характарызуе макс. аб’ём, у межах якога чалавек можа мяняць глыбіню свайго дыхання. Пры спакойным дыханні здаровы дарослы чалавек удыхае і выдыхае 0,3—0,5 л паветра (т.зв. дыхальны аб’ём). Велічыня Ж.ё.л. у норме залежыць ад полу, узросту, целаскладу, фіз. развіцця чалавека; пры захворваннях істотна памяншаецца. Вызначаюць з дапамогай спіраграфіі, згодна з табліцамі, намаграмамі і формуламі. У мужчын Ж.ё.л. складае 3,5—4,5 л (у добра трэніраваных да 6), у жанчын — 2,5—3,5 л.

т. 6, с. 477

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)