ЗІГРО́ЎСКІ (Антон Антонавіч) (6.2.1906, Мінск — 1937),

бел. акцёр. Засл. арт. Беларусі (1935). Выступаў у Трупе У.​Галубка (БДТ-3). Творчай манеры характэрны высокае майстэрства пераўвасаблення, дакладны псіхал. малюнак, тонкі артыстызм. Найб. значныя ролі: памешчык («Пінская мадонна» У.​Галубка), Вася Балабан («Гісторыя пяці хвастоў» Л.​Левіна), Лундышаў («Гадзіншчык і курыца» І.​Качаргі), Кадлуб-Дабравольскі («Сяржант Дроб» Э.​Самуйлёнка), Юсаў («Даходнае месца» А.​Астроўскага) і інш. Рэпрэсіраваны ў 1937, рэабілітаваны ў 1957.

А.А.Згіроўскі.

т. 7, с. 45

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ЗО́РКІ»,

дзіцячы часопіс. Выдаваўся з лютага 1921 да чэрв. 1922 штомесячна ў Мінску на бел. мове. Рэдактар З.​Бядуля. Публікаваў маст. творы Я.​Купалы, Я.​Коласа, Бядулі, Я.​Журбы, М.​Чарота і інш., матэрыялы пра жывёльны і раслінны свет, па мастацтве і музыцы. У рубрыцы «Для маленькіх дзетак» змяшчаў пазнавальныя матэрыялы (апісанне гульняў, загадкі, песні з нотамі і інш.), у рубрыцы «Дзіцячая творчасць» — вершы, малюнкі, карэспандэнцыі чытачоў. Выйшла 10 нумароў.

т. 7, с. 109

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІБРАГІ́МАЎ (Уладзіслаў Ахмедавіч) (н. 8.1.1945, Кіеў),

бел. матэматык. Д-р фіз.-матэм. н. (1979), праф. (1983). Скончыў Маскоўскі ун-т (1968). З 1979 у БПА. Навук. працы па матэм. тэорыі пластычнасці і нелінейнай механіцы разбурэння дэфармаваных цвёрдых цел. Распрацаваў метад абагульненых аналіт. выяўленняў у нелінейных двухмерных сінгулярных краявых задачах, выканаў цыкл даследаванняў па пабудове асімптотыкі рашэння задач аб расколінах, прапанаваў набліжаны метад рашэння краявых задач пластычнасці пры канечных дэфармацыях.

т. 7, с. 145

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІВАНО́Ў (Аляксандр Васілевіч) (19.2.1919, Масква — 24.12.1964),

бел. матэматык. Д-р тэхн. н. (1958), праф. (1962). Скончыў Маскоўскі пед. ін-т (1941). З 1957 у Ін-це энергетыкі, з 1959 у Ін-це матэматыкі і выліч. тэхнікі АН БССР. Адначасова выкладаў у БДУ. Навук. працы па аналіт. тэорыі цеплаправоднасці, канечных інтэгральных пераўтварэннях, аперацыйным вылічэнні.

Тв.:

Операционный метод в задачах теплопроводности и тепло- и массопереноса // Теплофизика в литейном производстве. М., 1963.

т. 7, с. 150

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАГУЦЕ́НКА (Аляксандр Гаўрылавіч) (н. 11.2.1924, в. Акцябрына Бялыніцкага р-на Магілёўскай вобл.),

поўны кавалер ордэна Славы. Скончыў Уральскі політэхн. ін-т (1954). У Вял. Айч. вайну з 1943 на Паўд.-Зах., 3-м Укр., 1-м Бел. франтах. Камандзір аддзялення аўтаматчыкаў ст. сяржант К. вызначыўся на тэр. Польшчы пры фарсіраванні Віслы, у баі каля в. Ліпскія Буды і ў баях на вуліцах Берліна. Да 1994 на гасп. рабоце.

т. 7, с. 403

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«КАЗА́НЕ РУ́СКЕ СХІЗМАТЫ́ЧНЭ»,

ананімны бел. празаічны твор сярэдзіны 18 ст. Адкрыты ў 1974. Створаны, відаць, у Віцебску, стылізаваны пад праваслаўную («схізматычную» — раскольніцкую) пропаведзь. У ім выявілася антыпольская арыентацыя аўтара, які ўслаўляў дзейнасць Пятра I. Асуджалася крывадушнасць мясц. феадалаў (асабліва прыгонніцы А.​Скарынкавай), якія сваю амаральнасць прыкрывалі маскай набожнасці. Напісана лацінкаю, уключае шмат лац. слоў і павучанняў, рус. лексіку. Рукапіс зберагаецца ў б-цы АН Літвы.

А.​В.​Мальдзіс.

т. 7, с. 413

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЗЛО́ВА (Вольга Васілеўна) (н. 25.5.1925, Мінск),

бел. літ.-знавец. Канд. філал. н. (1954). Засл. работнік вышэйшай школы Беларусі (1982). Скончыла БДУ (1948), з 1951 выкладае ў ім. Даследуе творчасць Я.​Коласа (стылістычныя асаблівасці, вобразы народа і інтэлігенцыі, прыёмы і сродкі тыпізацыі ў трылогіі «На ростанях»), праблемы адлюстравання Вял. Айч. вайны ў творчасці Я.​Купалы, М.​Лынькова, Я.​Брыля (увасабленне гераічнага і трагічнага). Адзін з аўтараў падручніка «Гісторыя беларускай савецкай літаратуры» (1981).

т. 7, с. 429

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЗЛО́Ў (Анатоль Сяргеевіч) (н. 28.7.1962, в. Асінаўка Краснапольскага р-на Магілёўскай вобл.),

бел. пісьменнік. Скончыў Гомельскі ун-т (1985). З 1990 у час. «Полымя», з 1992 у час. «Маладосць». Друкуецца з 1985. Аўтар кніг прозы «Першыя сцяжыны» (1987), «Міражы ценяў» (1990), «І тады я памёр» (1993), аповесцей «Адкуль з’явіліся Яны» (1992), «Перакуліся, перакуленае» (1998). У творах спалучае рэаліст. і містычнае (побач з героямі дзейнічаюць ведзьмакі, пярэваратні, русалкі і інш.).

т. 7, с. 429

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«КАЛГА́СНАЯ ПО́ЛЬКА»,

бел. сцэнічны парна-масавы танец. Муз. памер ​2/4. Тэмп хуткі, для рытму характэрна сінкапіраванне. Створана балетмайстрам П.Акулёнкам на аснове абагульнення элементаў танц. фальклору Талачынскага р-на, паст. ў 1955 у Дзярж. акад. нар. хоры Беларусі. Вызначаецца складанасцю харэаграфічнага малюнка, разнастайнасцю рухаў у масавых і сольных эпізодах. Дзякуючы яркаму нар. каларыту, жыццярадаснасці настрою набыў вял. папулярнасць, уваходзіць у рэпертуар многіх калектываў маст. самадзейнасці.

Л.​К.​Алексютовіч.

т. 7, с. 457

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́ЛЕР (Уладзілен Лазаравіч) (н. 11.11.1925, г. Мсціслаў Магілёўскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне біяхіміі. Д-р біял. н. (1972). Скончыў БДУ (1955). З 1994 у Ін-це эксперым. батанікі Нац. АН Беларусі. Навук. працы па даследаванні біясінтэзу хларафілу і фотасінтэзу з выкарыстаннем метадаў матэм. і кібернетычнага мадэліравання біяфіз. і біяхім. працэсаў у раслінах. Адзін з аўтараў электракаагуляцыйнага спосабу ачысткі прамысл. сцёкавых вод.

Тв.:

Авторегуляция образования хлорофилла в высших растениях. Мн., 1976.

т. 7, с. 462

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)