БУАГІЛЬБЕ́Р, Буагійбер (Boisguillebert) П’ер (17.2.1646 — 10.10.1714), французскі эканаміст, пачынальнік класічнай школы ў палітэканоміі ў Францыі, адзін з заснавальнікаў тэорыі прац. вартасці. Адрозніваў рыначную цану ад «існай вартасці», мерай якой лічыў рабочы час. У грошах бачыў асн. зло і прычыну нар. бедстваў, меркаваў, што для ліквідацыі ўлады грошай неабходна звесці іх ролю да простага сродку абарачэння. Выступаў супраць феад. прыгнёту і меркантылізму, быў папярэднікам фізіякратаў.

т. 3, с. 303

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНАКРЭАНТЫ́ЧНАЯ ПАЭ́ЗІЯ,

лёгкая жыццярадасная лірыка, пазбаўленая суму і глыбокіх перажыванняў. Назва ад імя стараж.-грэч. паэта Анакрэонта, асн. матывамі песень якога былі каханне, бестурботная весялосць, віно. Анакрэантычныя вершы ў Францыі пісалі А.​Шэнье, Вальтэр, П.​Беранжэ; у Германіі — І.​Глейм, Г.​Лесінг; у Расіі — М.​Ламаносаў, Г.​Дзяржавін, К.​Бацюшкаў, А.​Пушкін і інш. У бел. паэзіі матывы анакрэатычнай паэзіі ў лірыцы М.​Багдановіча.

т. 1, с. 332

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДА́Н ((Adam) Адольф Шарль) (24.7.1803, Парыж — 3.5.1856),

французскі кампазітар. Чл. Ін-та Францыі (1844). Скончыў Парыжскую кансерваторыю, з 1849 яе прафесар. У 1839—40 жыў у Пецярбургу. Сцвердзіў рамант. кірунак у франц. балеце («Жызэль, або Вілісы», 1841, «Карсар», 1856, і інш.). У Пецярбургу напісаў балет «Пірат». Аўтар больш як 40 опер, у т. л. «Паштальён з Ланжумо» (1836). Выступаў як муз. крытык. Рымская прэмія 1825.

т. 1, с. 94

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБД АЛЬ-КА́ДЗІР, Абд аль-Кадзер (Насір-ад-дзін ібн Мухіддзін аль-Хасані; 6.9.1808—26.5.1883),

нацыянальны герой Алжыра, палкаводзец, вучоны, аратар, паэт. Паходзіў з уплывовага феад. роду. У 1832—47 узначаліў паўстанне супраць франц. акупацыі Алжыра. У 1832 абвешчаны султанам Зах. Алжыра, прыняў тытул эміра. У 1847—52 зняволены ў Францыі. З 1855 займаўся багаслоўем у Дамаску. Аўтар прац па вайск. справе, рэліг.-філас. трактата.

т. 1, с. 18

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБ’ЯДНА́ННЕ Ў АБАРО́НУ РЭСПУБЛІКІ, Аб’яднанне ў падтрымку рэспублікі (Rassemblement pour la Républigue; РПР),

палітычная партыя ў Францыі. Засн. ў 1958 прыхільнікамі Ш. дэ Голя пад назвай Саюз за новую рэспубліку, неаднаразова мяняла назвы, сучасная — з 1976. Асн. праграмныя палажэнні прадугледжваюць незалежны курс на міжнар. арэне, узмацненне ролі дзяржавы і прыярытэт прэзідэнцкай улады. Абапіраецца на дзярж. апарат. З 1976 лідэр Ж.Шырак. У 1993 каля 900 тыс. чал.

т. 1, с. 55

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНВА́Р,

магнітны сплаў жалеза з 36% нікелю. Мае малы тэмпературны каэф. лінейнага расшырэння (1,5∙10​−6 К−1) пры т-ры ад -80 да 100 °C. Атрыманы ў 1896 у Францыі. Выкарыстоўваюць для вырабу дэталей вымяральных прылад вельмі высокай дакладнасці. Разнавіднасці І. — суперінвар (64% жалеза, 32% нікелю і 4% кобальту) з асабліва нізкім тэмпературным каэф. лінейнага расшырэння і нержавейны І. (54% кобальту, 37% жалеза і 9% хрому).

т. 7, с. 219

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛЕ́Ж ДЭ ФРАНС (Collćge de France),

адна з старэйшых н.-д. і навуч. устаноў Францыі. Засн. ў 1530 у Парыжы. Арганізоўвае агульнадаступныя (без экзаменаў, звычайна для асоб з вышэйшай адукацыяй) курсы лекцый, пераважна па прыродазнаўчанавук. тэматыцы, якую штогод вызначаюць прафесары на аснове сваіх найноўшых даследаванняў. Вучоныя ступені і дыпломы не прысуджае. Н.-д. і выкладчыцкую работу праводзяць найб. дасведчаныя вучоныя з розных галін ведаў.

т. 7, с. 458

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМЕ́ННЫЯ КО́ЛЬЦЫ,

рытуальныя збудаванні ў выглядзе кальца, авала ці спіралепадобнай фігуры з вертыкальна пастаўленых камянёў. Пашыраны на Брытанскіх а-вах, у Паўн. Францыі; выяўлены на Салавецкіх а-вах і ў Архангельскай вобл. Расіі. Пры раскопках у Шатландыі ў К.к. знойдзены фрагменты керамічных кубкаў, урнавыя пахаванні, якія належаць да бронзавага веку. Часта звязаны з алеямі менгіраў і інш. тыпамі пахаванняў, зробленых з выкарыстаннем камянёў.

А.​В.​Лоў.

т. 7, с. 515

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАТАЛАУ́НСКІЯ ПАЛІ́,

раўніна ў Паўн.-Усх. Францыі (каля г. Каталаунум, сучасны г. Шалон-сюр-Марн), дзе ў чэрв. 451 адбылася буйная бітва ў час Вялікага перасялення народаў. Рым. войскі на чале з Аэцыем і іх саюзнікі (вестготы, бургунды, франкі, аланы і інш.) разбілі аб’яднаныя сілы гунаў, остготаў, гепідаў і інш. плямён на чале з Атылам. Бітва на К. п. спыніла нашэсце гунаў у Зах. Еўропу.

т. 8, с. 169

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАМБА́РД,

установа, якая выдае пазыкі пад заклад рухомай маёмасці, рэчаў, што перадаюцца ёй на захоўванне. Вартасць рэчаў ацэньваецца па ўзгадненні бакоў. Уладальніку рэчы выдаецца імянны ламбардны білет (распіска). У выпадку невяртання пазыкі, нявыкупу маёмасці яго ўладальнікам яна перадаецца ва ўласнасць Л. і можа быць прададзена. Часам Л. з’яўляецца надзейным сховішчам маёмасці. Упершыню заснаваны ў 15 ст. ў Францыі ліхвярамі з італьян. правінцыі Ламбардыя (адсюль назва).

т. 9, с. 114

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)