ВЯЛІ́КАЕ КНЯ́СТВА ЛІТО́ЎСКАЕ,

афіцыйная назва Вялікае княства Літоўскае, Рускае і Жамойцкае [у бел. гістарыяграфіі Беларуска-Літоўская дзяржава (гаспадарства), у расійскай 19 — пач. 20 ст. Літоўска-Руская дзяржава, у літ. — Літоўска-Беларуская дзяржава], феадальная дзяржава ва Усх. Еўропе, якая займала тэр. Беларусі і Літвы (у 13—18 ст.), Жамойціі (з 1422), частку ўкр. зямель (Кіеўская, Чарнігаўская, Валынская землі ў 14 ст. — 1569), частку вялікарасійскіх зямель (у 14 — пач. 16 ст.). Ядром дзяржавы пры яе ўтварэнні былі бел. землі верхняга і сярэдняга Панямоння, т.зв. Чорная Русь, ці гістарычная Літва, і землі па верхнім цячэнні р. Віліі. Першая сталіца дзяржавы — г. Навагрудак (Новагародак). ВКЛ узнікла ва ўмовах няспыннай барацьбы з крыжацкай агрэсіяй і пад пагрозай мангола-татарскага нашэсця. Уключэнне бел. зямель у склад навастворанай у сярэдзіне 13 ст. дзяржавы мела добраахвотны характар, яно ажыццяўлялася праз пагадненні вял. князёў літ. з феадаламі бел., а потым і ўкр. зямель пры захаванні льгот, прывілеяў і пэўнага самакіравання.

Гістарычны нарыс да Люблінскай уніі 1569. Утварэнне ВКЛ з цэнтрам у Новагародку адносіцца да 1240-х г., калі тут стаў княжыць Міндоўг [сярэдзіна 1230-х г. — 1263]. У 1251 Міндоўг быў ахрышчаны паводле каталіцкага абраду, у 1253 ён каранаваны ў Новагародку каралеўскай каронай, прысланай ад імя папы Інакенція IV (Міндоўг — адзіны кароль ВКЛ). Пасля забойства Міндоўга ў выніку змовы ў 1263 велікакняжацкі пасад заняў Транята, але ён быў забіты слугамі Міндоўга. Вял. князем стаў сын Міндоўга Войшалк [1264—67], які значна пашырыў тэр. дзяржавы. Барацьбу за ўмацаванне ВКЛ вялі яго наступнікі Шварн [1267—70] і Трайдзень [1270—82]. Узмацненне велікакняжацкай улады адносіцца да перыяду панавання Віценя [каля 1295—1316], у час княжання якога да ВКЛ далучана Полацкае княства (1307). Значна пашырылася тэр. ВКЛ пры вял. князю Гедзіміне [1316—41], у склад дзяржавы ўвайшлі Віцебская, Берасцейская, Тураўская землі, Менскае (Мінскае) княства. У 1323 Гедзімін перанёс сталіцу ў Вільню. Яшчэ пры жыцці Гедзіміна ён перадаў сынам удзельныя княжанні. Яго малодшы сын Яўнут стаў вял. князем [1341—45], але ў выніку змовы старэйшых братоў Альгерда і Кейстута быў пазбаўлены трона. Вял. князем стаў Альгерд [1345—77]. У час яго панавання ў ВКЛ увайшлі бел. падняпроўскія землі, Мазырская і Брагінская воласці, Бранскае княства, Кіеўская, Чарнігаўская, Падольская і Валынская землі. Было падначалена і Смаленскае княства. Барацьба супраць Тэўтонскага ордэна ішла з пераменным поспехам. Альгерд праводзіў актыўную палітыку на Усходзе, намагаючыся аб’яднаць пад сваёй уладай усе землі былой Кіеўскай Русі. У 1368, 1370 і 1372 ён зрабіў тры паходы на Маскву, але захапіць яе не змог. За час княжання Альгерда тэр. ВКЛ павялічылася ўдвая. Пасля яго смерці вял. князем літоўскім стаў Ягайла Альгердавіч (1377—92). Барацьбу з Ягайлам пры дапамозе крыжакоў вёў князь Вітаўт Кейстутавіч. Урэшце паміж дваюраднымі братамі было заключана пагадненне, і Вітаўт атрымаў у княжанне Гародню (Гродна) і Бярэсце (Брэст), а потым і Трокі. З мэтай супрацьдзеяння крыжацкай агрэсіі і ўмацавання сваёй улады Ягайла заключыў Крэўскую унію 1385, паводле якой перайшоў у каталіцтва, прыняў імя Уладзіслаў, ажаніўся з польскай каралевай Ядвігай і быў абвешчаны польскім каралём. Ён абяцаў правесці хрышчэнне літоўцаў паводле каталіцкага абраду і далучыць да Польшчы землі ВКЛ. Супраць падпарадкавання ВКЛ Польшчы выступіў Вітаўт на чале групоўкі літоўскіх і бел. феадалаў. Міжусобная вайна паміж Вітаўтам і Ягайлам скончылася Востраўскім пагадненнем 1392, паводле якога Вітаўт стаў вял. князем літ. [1392—1430], ВКЛ гарантавалася самастойнасць у саюзе з Польшчай. Умацаваўшы сваю ўладу, Вітаўт ліквідаваў некалькі ўдзельных княстваў (у Полацку, Віцебску, Кіеве і інш.). У войнах з Тэўтонскім ордэнам Вітаўт страціў б. ч. Жамойціі (1398). Пасля бітвы на Ворскле 1399, дзе войска ВКЛ было разгромлена ардынскім войскам, Вітаўт вымушаны быў заключыць Віленска-Радамскую унію 1401, паводле якой ВКЛ прызнавалася пажыццёвым уладаннем Вітаўта, а Ягайла захоўваў тытул вярхоўнага князя. У 1404 ВКЛ канчаткова падпарадкавала Смаленскае княства, потым Вярхоўскія княствы (бас. верхняй Акі). У час Грунвальдскай бітвы 1410 войска Тэўтонскага ордэна было разбіта саюзнымі войскамі, Жамойція пераходзіла ў пажыццёвае ўладанне Вітаўта (канчаткова далучана да ВКЛ у 1422).

Нямецкая агрэсія на У была спынена. Гарадзельская унія 1413 замацавала паліт. саюз Польшчы і ВКЛ. У 1416 Вітаўт дамогся выбрання і зацвярджэння асобнага мітрапаліта правасл. царквы ў ВКЛ Грыгорыя Цамблака, падпарадкаванага канстанцінопальскаму патрыярху. Пасля смерці Вітаўта вял. князем быў выбраны малодшы брат Ягайлы Свідрыгайла [1430—32], праціўнік дзярж. уніі з Польшчай, з якой адбыўся канфлікт. У выніку змовы літ. баяр, не згодных з палітыкай Свідрыгайлы, які абапіраўся на буйных бел. і ўкр. феадалаў, ён быў скінуты ў вер. 1432 з велікакняжацкага пасада і ўцёк у Полацк. Вял. князем быў абвешчаны малодшы брат Вітаўта Жыгімонт Кейстутавіч [1432—40]. Пачалася феад. грамадз. вайна 1432—39. 15.10.1432 Жыгімонт аднавіў унію з Польшчай. Пасля выдання Жыгімонтам прывілея аб ураўнаванні асабістых і маёмасных правоў баяр-католікаў і праваслаўных (6.5.1434) Свідрыгайла страціў падтрымку большасці бел. феадалаў. 1.9.1435 у бітве пад Вількамірам войска Свідрыгайлы было разбіта. 20.3.1440 Жыгімонт у выніку змовы быў забіты і вял. князем выбраны малодшы брат польск. караля Уладзіслава III Казімір IV Ягелончык [1440—92]. У 1447 Казімір выбраны і каралём Польшчы. Прывілеем 1447 вял. князь гарантаваў усім баярам асабістую недатыкальнасць, скасаваў натуральныя і грашовыя павіннасці з маёнткаў на карысць дзяржавы, перадаў баярам права судзіць і караць сваіх сялян. Прывілей паслужыў кансалідацыі ўсяго баярскага саслоўя ВКЛ. Казімір выдаў судзебнік 1468, у якім былі змешчаны юрыд. нормы, пераважна крымінальнага права. Пасля смерці Казіміра вял. князем стаў яго сын Аляксандр [1492—1506]. У час яго панавання велікакняжацкая ўлада аслабела. Паны-рада (вышэйшы кіруючы орган) дамагліся выдання Аляксандравага прывілея 1492, паводле якога ўсе найважнейшыя дзярж. справы вял. князь павінен быў вырашаць разам з радай. У гэты час адбылася серыя войнаў ВКЛ з Маскоўскім вял. княствам, якое паступова пашырала сваю тэр. на захад. Адначасова саюзнікі вял. князя маскоўскага Івана III крымскія татары пачалі напады на Украіну і Беларусь, асабліва моцныя набегі былі ў 1505 і 1506. Гэтыя нашэсці спыніліся пасля разгрому татарскага войска ў Клецкай бітве 1506. Перамога войска ВКЛ у Аршанскай бітве 1514 у час вайны з Маскоўскай дзяржавай 1512—22 дазволіла стабілізаваць усх. граніцу. У час панавання вял. князя Жыгімонта І Старога [1506—48] прыняты адзін з першых у Еўропе сістэматызаваных збораў законаў — Статут Вялікага княства Літоўскага 1529. Пры сыне Жыгімонта Старога вял. князю Жыгімонце II Аўгусце [1548—72] у ВКЛ праведзены важныя паліт. і эканам. рэформы. Паводле адм. рэформы 1565—66 утвораны паветы і павятовыя сеймікі, якія вырашалі мясц. пытанні і выбіралі па 2 паслы (дэпутаты) на агульнадзярж. сейм, і павятовыя суды — гродскія, земскія і падкаморскія. У выніку рэформы шляхецкае саслоўе (баяры з 2-й чвэрці 16 ст. пачалі называцца шляхтай) стала пануючым у дзяржаве, адхіліўшы магнатаў і князёў ад манапольнага кіравання дзяржавай. У Лівонскую вайну 1558—83 рас. цар Іван IV Грозны намагаўся захапіць Лівонію. У лютым 1563 яго войска захапіла Полацк. У Ульскай бітве 1564 і Аршанскай бітве 1564 рас. войскі пацярпелі паражэнне. Далейшы ход вайны паказаў, што аднаму ВКЛ без саюзнікаў не перамагчы. На палявым сейме каля Віцебска 13.9.1562 шляхта прыняла акт і накіравала яго вял. князю з просьбай заключыць новую, больш цесную дзярж. унію з Польшчай. Супраць выступіла асн. частка магнатаў на чале з М.Радзівілам Чорным, якая не хацела страціць свае паліт.пазіцыі ў кіраванні дзяржавай і грамадскія прывілеі. Жыгімонт Аўгуст, які не меў нашчадкаў, намагаўся аб’яднаць абедзве дзяржавы і падтрымліваў унітарную ідэю. Ён абапіраўся на шляхту ВКЛ. Быў прыняты Статут Вялікага княства Літоўскага 1566, які замацаваў грамадска-паліт. змены, што адбыліся ў ВКЛ у 1530—60-я г. 1.7.1569 асобна дэпутатамі польскага сейма і сейма ВКЛ пад прысягаю быў прыняты акт аб уніі (гл. Люблінская унія 1569), паводле якой абедзве дзяржавы на аснове роўнасці аб’ядноўваліся ў федэратыўную дзяржаву — Рэч Паспалітую. Былыя прывілеі шляхты захоўваліся ў кожнай дзяржаве, абедзве краіны захоўвалі суверэнітэт, асобныя дзярж. адміністрацыі, войскі, скарб і права эмісіі аднолькавай манеты, кіраванне, адм. і судовы апарат, свае законы і сваю мытную сістэму. Кожная краіна мела сваю дзярж. мову: Польшча лацінскую, ВКЛ беларускую. Люблінская унія была кампрамісам шляхты Польшчы і ВКЛ, у выніку якога стварылася больш моцная дзяржава. Яна ўмацавала паліт. еднасць абедзвюх дзяржаў, узмацніла працэсы іх эканам., паліт. і культ. збліжэння, уплыў зах.-еўрап. культуры на бел. землі.

Пасля Люблінскай уніі (з 1569 да канца 18 ст.). Пасля смерці Жыгімонта II Аўгуста каралём стаў Генрык Валезы [1573—74], потым Стафан Баторый [1576—86]. Працягваючы Лівонскую вайну, ён у 1579 адваяваў Полацк і нанёс некалькі паражэнняў войскам цара. Вайна скончылася падпісаннем Ям-Запольскага мірнага дагавора 1582, паводле якога Расія адмовілася на карысць Рэчы Паспалітай ад Лівоніі, Полацкай зямлі і Веліжа, а Рэч Паспалітая вяртала заваяваныя крэпасці на рас. тэрыторыі. Наступным польск. каралём і вял. князем літ. быў выбраны Жыгімонт III Ваза (1587—1632), які імкнуўся мець падтрымку бел.-літ. шляхты. Ён зацвердзіў Статут Вялікага княства Літоўскага 1588, які падкрэсліваў самастойнасць ВКЛ і забараняў польск. шляхце атрымліваць у ВКЛ дзярж. землі і пасады. Была пацверджана самастойнасць дзярж. устаноў ВКЛ, адасобленасць фінансаў і заканадаўства. Жыгімонт падтрымаў Брэсцкую унію 1596, але і далучыўся да пастаноў сеймаў 1609, 1618 і 1631, якія гарантавалі правы праваслаўных. Кароль захапіўся планам далучыць Маскоўскую дзяржаву да Рэчы Паспалітай у якасці члена федэрацыі або заключыць з Расіяй саюз з каралевічам польскім у якасці цара. З гэтай мэтай былі падтрыманы Лжэдзмітрый І (гл. Ілжэдзмітрый І) і Лжэдзмітрый II (гл. Ілжэдзмітрый II), а потым пачата вайна Рэчы Паспалітай з Расіяй 1609—18, якая скончылася падпісаннем Дэулінскага перамір’я 1618. Да ВКЛ адышла Смаленшчына. Пасля смерці Жыгімонта Вазы польск. каралём і вял. князем літ. выбраны яго сын Уладзіслаў IV [1632—48]. Выкарыстаўшы міжуладдзе ў Рэчы Паспалітай, цар Міхаіл Фёдаравіч пачаў вайну Расіі з Рэччу Паспалітай 1632—34. Рас. войскі асадзілі Смаленск, але горад вытрымаў аблогу. Маскоўская армія была акружана войскам Рэчы Паспалітай на чале з каралём і капітулявала. Палянаўскі мір 1634 пацвердзіў умовы Дэулінскага перамір’я аб пераходзе Смаленскага ваяв. ў склад ВКЛ. У канцы 16 — пач. 17 ст. ўскладнілася становішча на Украіне. Адным з самых буйных антыфеад. казацка-сял. выступленняў было Налівайкі паўстанне 1594—96. Адступаючы з Украіны, паўстанцы адышлі на бел. Палессе, дзе да іх далучыліся мясц. сяляне, мяшчане і дробная шляхта, захапілі Петрыкаў, Слуцк, Магілёў, пасля адышлі на Валынь. Новым каралём польск. і вял. князем літ. быў выбраны Ян II Казімір [1648—68]. У 1648 на Украіне пачалася нац.-вызв. вайна, якую ўзначаліў Б.Хмяльніцкі. На Беларусі яна выклікала антыфеадальную вайну 1648—51. Улетку 1654 пачалася вайна Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. У час кампаніі 1654 была занята рас. войскамі ўся паўн. і ўсх. Беларусь, у час кампаніі 1655 — астатняя частка Беларусі (акрамя Брэсцкага пав. і Навагрудскага ваяв.), Вільня, Коўна. У час ваен. дзеянняў былі разрабаваны і спалены многія гарады, мястэчкі і вёскі, шмат людзей загінула або трапіла ў палон, дзесяткі тысяч сялян і тысячы гараджан вывезены ў Расію. Шляхце, якая прысягнула цару, рас. ўрад захаваў маёнткі і саслоўныя правы. Была забаронена дзейнасць рымска-каталіцкай і уніяцкай цэркваў. Гарады Беларусі атрымалі граматы на дазвол рамесніцка-гандлёвай дзейнасці. Сяляне, якіх раздавалі шляхце, абкладаліся дадатковымі павіннасцямі на карысць войска. У 1660 рас. войскі сталі цярпець паражэнні. У шэрагу гарадоў (Магілёў, Дзісна, Себеж, Гомель і інш.) адбыліся паўстанні мяшчан супраць рас. гарнізонаў. Паводле Андросаўскага перамір’я 1667 Расія захавала Смаленскае ваяв., Левабярэжную Украіну і Кіеў. Расчараваны няўдачамі ў войнах і ва ўнутр. палітыцы, кароль Ян Казімір у 1668 адрокся ад трона. Новым каралём польск. і вял. князем ВКЛ быў выбраны Міхал Вішнявецкі [1669—73]. Паводле пастановы сейма 1673, кожны трэці сейм (акрамя тых, што выбіралі караля) збіраўся ў ВКЛ у Гродне. Наступным каралём польск. і вял. князем літ. быў выбраны Ян III Сабескі [1674—96], якога падтрымлівалі магнаты і шляхта прафранцузскай арыентацыі. «Вечны мір» 1686 паміж Рэччу Паспалітай і Расіяй замацаваў дзярж. граніцы і стварыў умовы для сумесных дзеянняў супраць Турцыі і Крымскага ханства. Але 9-ы артыкул гэтага дагавора даваў магчымасць царызму пад выглядам абароны праваслаўя пастаянна ўмешвацца ва ўнутр. справы Рэчы Паспалітай.

Супраць караля выступілі Сапегі, якія мелі намер узначаліць самастойнае ВКЛ. Супраць іх у 1696 пачалася адкрытая барацьба бел. і літ. шляхты на чале з Р.Агінскім. Шляхце ВКЛ удалося правесці на канфедэрацыйным сейме 29.8.1696 канчатковае ўраўнаванне яе правоў з правамі польскай шляхты. Гэтай жа пастановай замест афіцыйнай бел. мовы ў дзярж. установах ВКЛ уводзілася польская мова. Новым каралём польск. і вял. князем літ. быў выбраны Аўгуст II Моцны [1697—1706, 1709—33], падтрыманы Расіяй і Аўстрыяй. У гэты час канфлікт паміж Сапегамі і б.ч. шляхты набыў характар грамадз. вайны. У ліст. 1700 пад Алькенікамі (каля Вільні) атрады шляхты разбілі войска Сапегаў. Аўгуст II уступіў у Паўночную вайну 1700—21 як саюзнік Пятра І і як курфюрст Саксоніі. Рэч Паспалітая спачатку ў вайне не ўдзельнічала. У пач. 1702 шведскія войскі прайшлі праз Гродна ў Польшчу, дзе ваен. дзеянні ішлі некалькі гадоў. Скліканая вясной 1703 генеральная канфедэрацыя ВКЛ абвясціла саюз з Расіяй. Шведскі кароль Карл XII арганізаваў у Польшчы канфедэрацыю, якая дэтранізавала Аўгуста II і выбрала каралём польск. і вял. князем літ. Станіслава Ляшчынскага [1704—09, 1733]. У 1706 Аўгуст II, пацярпеўшы паражэнне, заключыў Альтранштацкі дагавор, паводле якога адмовіўся ад кароны на карысць Ляшчынскага. Наступныя ваен. дзеянні адбываліся на тэр. Беларусі. У бітве пад Лясной 1708 армія Пятра І разграміла шведскі корпус А.Левенгаўпта. Пасля перамогі рас. войск пад Палтавай 8.7.1709 Аўгуст II вярнуўся ў Польшчу і зноў заключыў саюз з Пятром І. Вайна прычыніла вял. страты Беларусі, колькасць насельніцтва зменшылася з 2,2 млн. чал. да 1,5 млн. чал. Пасля Паўн. вайны паліт. ўплыў Расіі на частку магнатаў і шляхты ВКЛ узмацніўся. Пасля смерці Аўгуста II 12.9.1733 шляхта зноў выбрала каралём польск. і вял. кн. літ. Станіслава Ляшчынскага, але гэта не адпавядала інтарэсам Расіі. На тэр. Рэчы Паспалітай былі ўведзены рас. войскі, арганізаваны новыя выбары і 5.10.1733 новым каралём польск. і вял. князем літ. быў выбраны Аўгуст III [1733—63]. У час яго панавання адбылося далейшае паглыбленне паліт. крызісу Рэчы Паспалітай. Пасля смерці Аўгуста III па прапанове рас. імператрыцы Кацярыны II быў выбраны апошні кароль польскі і вял. князь літ. Станіслаў Аўгуст Панятоўскі [1764—95], які пачаў праводзіць палітыку памяркоўных рэформаў дзярж. ладу, што выклікала незадаволенасць Расіі і Прусіі. Пры падтрымцы рас. пасла кн. М.В.Рапніна ў 1767 былі створаны пратэстанцкая шляхецкая канфедэрацыя ў Торуні і кальвінісцка-праваслаўная Слуцкая канфедэрацыя 1767, якія імкнуліся ўраўнаваць правы дысідэнцкай шляхты з каталіцкай. На дапамогу канфедэратам Кацярына II накіравала 40-тысячную армію. Сейм 1768 ураўнаваў правы некаталіцкай шляхты з каталіцкай і пад націскам Кацярыны II замацаваў анархічны лад дзяржавы. Патрыятычна настроеная шляхта выступіла супраць чужаземнага ўмяшання ва ўнутр. справы дзяржавы і арганізавала Барскую канфедэрацыю. Пасля яе разгрому ў Пецярбургу быў падрыхтаваны першы падзел Рэчы Паспалітай 1772, паводле якога Расія, Прусія і Аўстрыя далучылі часткі тэр. Рэчы Паспалітай. Расіі адышлі тэрыторыі на Пн ад Зах. Дзвіны, на У ад Друці і Дняпра. У 1770—80-я г. ў Рэчы Паспалітай былі праведзены некаторыя рэформы, накіраваныя на паляпшэнне гандлю і развіццё прам-сці. Больш грунтоўныя рэформы праводзіў Чатырохгадовы сейм 1788—92. Была прынята Канстытуцыя 3 мая 1791. Рэакцыйныя колы магнатаў і шляхты, незадаволеныя прагрэс. зменамі, звярнуліся да Кацярыны II з просьбай аб дапамозе. У Пецярбургу пад наглядам імператрыцы 27.4.1792 складзены акт канфедэрацыі і да граніцы з Рэччу Паспалітай перакінуты рас. войскі. Пасля пераходу граніцы ва ўкр. мяст. Таргавіца быў абвешчаны акт Таргавіцкай канфедэрацыі. Рас. войскі з баямі занялі тэр. Беларусі і Правабярэжнай Украіны, разам з прускімі войскамі акупіравалі Польшчу. Канстытуцыя 3 мая і рэформы Чатырохгадовага сейма былі адменены. Таргавіцкая канфедэрацыя фактычна падрыхтавала другі падзел Рэчы Паспалітай 1793. Канвенцыя аб гэтым падпісана ў Пецярбургу паміж Расіяй і Прусіяй 23.1.1793. Расія ўзяла сабе цэнтр. частку Беларусі, а таксама Правабярэжную Украіну. Гродзенскі сейм 1793 зацвердзіў падзел Рэчы Паспалітай. Ва ўмовах рас. і прускай акупацыі было падрыхтавана нац.-вызв. паўстанне 1794 на чале з Т.Касцюшкам. Паўстанне было задушана рас. войскамі пад камандаваннем ген. А.В.Суворава. Рэч Паспалітая была поўнасцю акупіравана рас., прускімі, потым і аўстр. войскамі. 24.10.1795 у Пецярбургу падпісана канвенцыя аб трэцім падзеле Рэчы Паспалітай 1795. Расія далучыла землі Зах. Беларусі, б.ч. Літвы і Курляндыю. Станіслаў Аўгуст Панятоўскі адмовіўся ад трона на карысць Кацярыны II. Рэч Паспалітая спыніла сваё дзярж. існаванне.

Дзяржаўны і палітычны лад. ВКЛ была феад. манархіяй. У першыя стагоддзі свайго існавання гэта дзяржава з моцнай уладай вял. князя (гаспадара) у цэнтр. раёнах і аўтаномнымі княствамі і землямі са сваім паліт. жыццём, якія падпарадкоўваліся вял. князю. У канцы 14 ст. Вітаўт ліквідаваў буйныя ўдзельныя княствы, але невял. княствы захоўваліся да 1520-х г. З канца 14 ст. збіраўся пастаянны кансультатыўны орган пры вял. князю — паны-рада (гл. Рада Вялікага княства Літоўскага). З 1492 рада мела заканадаўчыя і распарадчыя функцыі (асабліва ў час адсутнасці вял. князя ў дзяржаве). У 15 ст. сфарміраваўся сейм — прадстаўнічы орган шляхецкага саслоўя. У пач. 16 ст. ён набыў значэнне заканадаўчага і кантрольнага органа. На пасады цэнтр. кіравання назначэнне рабіў вял. князь. Найважнейшымі былі пасады маршалка земскага (потым — вялікага), канцлера, падскарбія, гетмана найвышэйшага (потым — вялікага) і інш. Асобнымі землямі кіравалі намеснікі, старосты, а з 15 ст. і ваяводы, якія мелі шырокія паўнамоцтвы. Акругамі кіравалі дзяржаўцы, а ніжэйшае звяно дзярж. кіравання да 16 ст. складалі прадстаўнікі мясц. насельніцтва — валасныя старцы, соцкія, дзесяцкія. У 1413 былі ўтвораны вял. па тэрыторыі Віленскае і Трокскае ваяв., куды ўваходзілі ўсх.-літ. землі і землі Зах. і Цэнтр. Беларусі. Ваяводы віленскі і трокскі і іх намеснікі — кашталяны — таксама належалі да найвышэйшых саноўнікаў дзяржавы. Паводле адм. рэформы ў 1565—66 у ВКЛ было ўтворана 13 ваяводстваў, якія падзяляліся на паветы. Павет стаў асн. адм.-тэр. адзінкай са сваім прадстаўнічым органам — шляхецкім сеймікам і павятовымі шляхецкімі судамі (гл. Земскі суд, Гродскі суд, Падкаморскі суд). У 1581 быў арганізаваны Трыбунал Вялікага княства Літоўскага, вышэйшы апеляцыйны суд. Члены судоў і дэпутаты Трыбунала выбіраліся шляхтай. Да 17—18 ст. у некаторых мясцовасцях захоўваўся нар. традыцыйны копны суд, які дзейнічаў пад кантролем дзярж. або панскай адміністрацыі. Прывілеем 1447 вял. князь Казімір Ягелончык перадаў права суда над насельніцтвам феадалам — панам і баярам, на чыёй зямлі жылі залежныя ад іх сяляне і гараджане. З 15 ст. мяшчане гарадоў, што атрымалі самакіраванне паводле магдэбургскага права, вызваляліся ад феад. павіннасцей, суда і ўлады ваявод і старостаў, мелі свае войтаўска-лаўніцкія суды. У 16 ст. былі распрацаваны сістэматызаваныя зборы законаў, выдадзеныя на бел. мове, — Статуты ВКЛ 1529, 1566 і 1588. Яны аб’ядноўвалі юрыд. нормы міжнар., дзярж., саслоўнага, маёмаснага, сямейнага і інш. права.

Рэлігійныя адносіны. Большасць насельніцтва ВКЛ у 13 ст. належала да правасл. царквы, літоўцы і жэмайты былі яшчэ язычнікамі. У 1387 Ягайла правёў хрышчэнне літоўцаў паводле каталіцкага абраду. Хрышчэнне жэмайтаў расцягнулася яшчэ на стагоддзе. Паступова каталіцкая царква пры дапамозе вял. князёў пашырала свае пазіцыі. З 1458 правасл. царква ў ВКЛ мела сваю самаст. мітраполію. У сярэдзіне 16 ст. на Беларусі вял. ўплыў мела Рэфармацыя ў яе розных плынях. 9.10.1596 абвешчана Брэсцкая унія, акт аб арганізацыйным аб’яднанні на тэр. Беларусі і Украіны правасл. царквы з каталіцкай. Вернікі уніяцкай царквы ў канцы 18 ст. складалі 75% насельніцтва Беларусі (у вёсцы 80%), праваслаўнымі заставалася 6,5% насельніцтва.

Сельская гаспадарка і становішча сялян. У 13—14 ст. вярхоўным уласнікам усёй зямлі ў ВКЛ лічыўся вял. князь. Прыватнаўласніцкія маёнткі падзяляліся на 2 групы: вотчыны, якія належалі спадчынна княжацкім і буйным феад. (панскім) сем’ям, і двары (маёнткі), якія раздаваліся баярам на ўмоўным праве, за службу (у асн. вайсковую). Пачынаючы з прывілея 1447, права спадчыннай уласнасці на зямлю было пашырана на ўсё саслоўе баяр (шляхты). Гэта права як манаполія саслоўя феадалаў было заканадаўча замацавана Статутамі ВКЛ. У 14—16 ст. сялянства юрыдычна падзялялася на групы: чэлядзь нявольная, людзі пахожыя, людзі непахожыя, сяляне-слугі. Вышэйшай групай сялян-слуг былі вайсковыя сяляне, што выходзілі ў паход разам з панам, — панцырныя, путныя і конныя баяры. Частка іх увайшла ў 15—16 ст. у ніжэйшую групу шляхецкага саслоўя або замацавалася ў нешматлікай групе вольных людзей — зямян, выбранцаў, баяр, якія былі васаламі вял. князя, магнатаў, буйной шляхты. У час вайны яны служылі ў войску, у мірны час плацілі грашовы чынш. Статуты ВКЛ 1529, 1566 і 1588 юрыдычна замацавалі прыгоннае права. Розныя групы сялян у 1-й пал. 17 ст. канчаткова ператварыліся ў асабіста залежных ад феадала людзей. У 14—15 ст. асн. павіннасцю быў натуральны аброк. З канца 15 ст. ў сувязі з павелічэннем попыту на с.-г. прадукцыю ў Зах. Еўропе феадалы ВКЛ пашыралі ворныя землі ў маёнтках, стваралі фальваркі, шырока ўводзілі паншчыну. З сярэдзіны 16 ст. ў велікакняжацкіх (дзяржаўных) маёнтках пачала актыўна праводзіцца зямельная рэформа (гл. Валочная памера, «Устава на валокі» 1557). У 2-й пал. 16 — пач. 17 ст. рэформа праведзена ва ўладаннях феадалаў Літвы, зах. і цэнтр. Беларусі, да сярэдзіны 17 ст.усх. і паўд. Беларусі. Стварэнне фальваркаў суправаджалася ўзбуйненнем часткі вёсак, іх перапланіроўкай і наразаннем сялянам валочных надзелаў (1 валока — 21,36 га). Пашыраўся 3-польны севазварот, павялічылася ўраджайнасць. Паводле павіннасцей сяляне падзяляліся на 2 асн. катэгорыі: цяглыя сяляне і асадныя сяляне. Сяляне з невял. ўчасткамі зямлі (агароднікі, халупнікі, каморнікі) да сярэдзіны 17 ст. зліліся з цяглымі сялянамі, надзелы якіх зменшыліся да паўвалочных. У час ваен. дзеянняў сярэдзіны 17 ст. гаспадарка ВКЛ была разбурана. Для яе аднаўлення ў 2-й пал. 17 — 1-й пал. 18 ст. феадалы, пераважна ў каралеўскіх маёнтках, пераводзілі значную частку сялян з паншчыны на грашовы чынш. У магнацкіх маёнтках паншчына ў асн. захоўвалася. Да сярэдзіны 18 ст. сялянская гаспадарка дасягнула некаторых поспехаў у развіцці агратэхнікі, павысілася ўраджайнасць, павялічылася пагалоўе жывёлы. У 2-й пал. 18 ст. пачаўся перыяд разлажэння феадалізму і зараджэння капіталіст. адносін. Пашырыўся ўнутр. рынак, развіваліся таварна-грашовыя адносіны. Усё гэта адбілася на дзярж. палітыцы пашырэння фальварковай гаспадаркі ў каралеўскіх эканоміях (рэформы К.Тызенгаўза).

Культура і асвета. Бел. мова з часу ўтварэння ВКЛ была афіцыйнай дзяржаўнай і мовай міжэтнічных зносін. На ёй вялося справаводства і судаводства, выдаваліся велікакняжацкія прывілеі і дыпламат. дакументы, сеймавыя пастановы, статуты, пісаліся летапісы, хронікі, маст. і царк.-рэліг. творы. З 15 ст. на бел. мове ствараецца свецкая арыгінальная і перакладная літаратура. На бел. мове Ф.Скарына надрукаваў першыя ва ўсх. славян 22 кнігі Бібліі, заснаваў першую ў ВКЛ друкарню. На лацінскай мове ў 1523 выйшла паэма М.Гусоўскага «Песня пра зубра». Новы ўздым у культ. і грамадска-паліт. жыцці быў звязаны з рэфармац. рухам 2-й пал. 16 ст. Высокага ўзроўню дасягнула кнігадрукаванне. Паслядоўнікамі Скарыны былі С.Будны, І.Фёдараў, П.Мсціславец. Друкарні дзейнічалі ў Брэсце, Нясвіжы, Вільні, Заблудаве, Еўі, Куцейне, Магілёве. Вял. ўклад у развіццё бел. культуры зрабілі В.Цяпінскі, Л.Зізаній, браты Мамонічы, М.Сматрыцкі, браты Вашчанкі і інш. Вышэйшай навуч. установай у ВКЛ была Віленская акадэмія, заснаваная ў 1578. У Літве і Беларусі існавала сетка сярэдніх навуч. устаноў з высокім узроўнем навучання. У 18 ст. ўзніклі піярскія вучылішчы, у 1773—75 пачала дзейнасць Адукацыйная камісія з сеткай дзярж. школ у кожным павеце. Паспяхова развівалася муз. мастацтва. Падрыхтоўка спевакоў вялася ў манастырскіх і брацкіх школах. З 17 ст. пры калегіумах і дварах магнатаў існавалі капэлы, якія складаліся з аркестра і групы вакалістаў. Яны суправаджалі спектаклі тэатраў, балі, рэлігійныя службы, вайсковыя парады. У 18 ст. ў прыватнаўласніцкіх гарадах існавалі прыдворныя т-ры з балетнымі трупамі. У 16—18 ст. дзейнічалі школьныя т-ры. Значнага развіцця ў 14—16 ст. дасягнула буд-ва абарончых збудаванняў (замкі ў Новагародку, Гродне, Крэве, Лідзе, Вільні, Нясвіжы, Міры, Троках) і цэркваў-крэпасцей (у Сынковічах, Супраслі, Мураванцы). Магнацкія замкі і рэзідэнцыі ў 17—18 ст. ператварыліся ў палацава-замкавыя ансамблі. У выяўл. мастацтве спачатку пераважаў іканапіс, з 16 ст. пашырыліся партрэтны і батальны жанры. Дасягнулі росквіту драўляная разьба і скульптура. У 18 ст. на мануфактурных прадпрыемствах выраблялі унікальныя ўзоры прыкладнога мастацтва — шпалеры, слуцкія паясы, урэцкае шкло і інш.

Літ.:

Гісторыя Беларускай ССР. Т.1. Мн., 1972;

Нарысы гісторыі Беларусі. Ч.1. Мн., 1994;

История Литовской ССР. (С древнейших времен до нашнх дней). Вильнюс, 1978;

Любавский М.К. Областное деление и местное управление Литовско-русского государства ко времени издания первого Литовского статута: Ист. очерки. [М., 1892];

Яго ж. Литовско-русский сейм. М., 1900;

Довнар-Запольский М. Государственное хозяйство Великого княжества Литовского при Ягеллонах. Т. 1. Киев, 1901;

Пресняков А.Е. Лекции по русской истории. Т. 2, вып. 1. М., 1939;

Пичета В.И. Белоруссия и Литва XV—XVI вв. М., 1961;

Мальцев А.Н. Россия и Белоруссия в середине XVII в. М., 1974;

Шабульдо Ф.М. Земли Юго-Западной Руси в составе Великого княжества Литовского. Киев, 1987;

Пашуто В.Т. Образование Литовского государства. М., 1959;

Ермаловіч М.І. Старажытная Беларусь: Полацкі і новагародскі перыяды. Мн., 1990;

Яго ж. Старажытная Беларусь: Віленскі перыяд. Мн., 1994;

Юхо Я.А. Кароткі нарыс гісторыі дзяржавы і права Беларусі. Мн., 1992;

Статут Вялікага княства Літоўскага 1588: Тэксты. Давед. Камент. Мн., 1989;

Францыск Скарына і яго час: Энцыкл. давед. Мн., 1988;

Morzy J. Kryzys demograficzny na Litwie i Białorusi w II połowie XVII wieku. Poznań, 1965;

Lowmiański H. Studia nad dziejami Wielikogo Ksiestwa Litewskiego. Poznań, 1983.

А.П.Грыцкевіч.

т. 4, с. 357

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́МЕЛЬ,

горад, цэнтр Гомельскай вобл. і раёна. За 301 км ад Мінска. Вузел чыгунак (напрамкі на Жлобін, Калінкавічы, Чарнігаў, Шчорс, Навазыбкаў) і аўтадарог. Порт на р. Сож. Аэрапорт. 501 тыс. ж. (1997).

Гісторыя. Летапісныя назвы Гомель, Гомій, Гомін, Гомь, Гомье. Узнік у канцы 1-га тыс. н. э. пры ўпадзенні р. Гомій (Гамяюк) у Сож на зямлі радзімічаў. Археал. раскопкамі тут выяўлены матэрыялы эпохі неаліту і бронзавага веку, мілаградскай, зарубінецкай, калочынскай культур, гар. ўмацаванні 9—11 ст., рэчы 10—13 ст. Упершыню ўпамінаецца ў Іпацьеўскім летапісе пад 1142 як уладанне чарнігаўскага князя. У 12 ст. барацьбу за Гомель вялі чарнігаўскія, кіеўскія і ноўгарад-северскія князі. З 1161 уладанне Ольгавічаў. У 1-й пал. 13 ст., магчыма, спалены мангола-татарамі. Каля 1335 далучаны да ВКЛ, уладанне Патрыкія Нарымунтавіча і яго нашчадкаў. У канцы 14 ст. ўпамінаецца сярод кіеўскіх гарадоў. У 1406—19 Гомелем кіравалі велікакняжацкія намеснікі, пазней належаў кн. Свідрыгайлу, беглым серпухаўскаму і бароўскаму кн. Васілю Яраславічу і мажайскаму кн. Івану Андрэевічу, з 1483 сыну апошняга. У вайну Маскоўскай дзяржавы з ВКЛ 1500 — 03 заняты рус. войскамі, якія ўмацавалі горад і Гомельскі замак. У выніку вайны Маскоўскай дзяржавы з ВКЛ 1534—37 зноў у ВКЛ, цэнтр Гомельскага староства (гл. Гомельская воласць). З 1565 у Рэчыцкім пав. Мінскага ваяв. У сярэдзіне 16 ст. адыгрываў важную ролю ў абароне паўд.-ўсх. зямель ВКЛ ад набегаў крымскіх татар. У Лівонскую вайну 1558—83 Гомель ненадоўга заняты войскамі Івана IV Грознага, у маі 1581 вытрымаў аблогу царскіх войск, у 1595 захоплены атрадам паўстанцаў С.Налівайкі. У час вызваленчай вайны ўкраінскага народа 1648—54, антыфеадальнай вайны 1548—51 казацкія атрады Галавацкага і М.Нябабы пры падтрымцы мясц. жыхароў у 1648 і 1649 займалі Гомель. У 1651 зноў абложаны казакамі (гл. Гомеля аблога 1651). У вайну Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 заняты казацкім войскам І.Н.Залатарэнкі. З 1667 у складзе Рэчы Паспалітай, належаў М.К.Радзівілу, потым Чартарыйскім. У 1670 атрымаў магдэбургскае права. У час Паўн. вайны 1700—21 у Гомелі размяшчаліся рус. войскі пад камандаваннем А.Д.Меншыкава (1706). З 1772 у Рас. імперыі. З 1773 цэнтр Гомельскага павета Рагачоўскай правінцыі, з 1777 мястэчка Беліцкага павета, з 1852 горад, цэнтр павета Магілёўскай губ. Належаў П.А.Румянцаву-Задунайскаму, з 1836 І.Ф.Паскевічу-Эрыванскаму. У 1775 — 5 тыс. ж., у 1858 — 14 тыс. ж. У 1854 да Гомеля далучаны заштатны горад Новая Беліца як прадмесце. У 1856 зацверджаны гар. герб: у верхняй частцы выява двухгаловага арла, у ніжняй — рысі на блакітным полі. У 1897 — 36,8 тыс. ж. У 1890-я г. ўзнік першы ў горадзе с.-д. гурток. Напярэдадні рэвалюцыі 1905—07 аформіліся гомельскія арг-цыі РСДРП, Бунда, Гомельскі к-т партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў. Па маштабах рэв. руху Гомель займаў адно з першых месцаў у царскай Расіі. У снеж. 1905 дзейнічаў Гомельскі камітэт дэлегатаў. У 1-ю сусв. вайну адбылося Гомельскага перасыльнага пункта паўстанне 1916. 19.3.1917 утвораны Гомельскі Савет рабочых і салдацкіх дэпутатаў. З 1.3.1918 да 14.1.1919 акупіраваны ням. войскамі. Паводле дагавора Укр. цэнтр. рады з герм. камандаваннем Гомель уключаны ў склад новаўтворанай Палескай губ. Украіны; ваен. ўлада належала герм. камендатуры, Цывільная — камісару Укр. цэнтр. рады, павятоваму старасту, з 17.12.1918 — Гомельскай дырэкторыі. Пасля Гомельскай забастоўкі 1918—19 (гл. Гомельскія забастоўкі 1918—19) улада 6.1.1919 перададзена ВРК. У сак. 1919 у горадзе адбыўся стракапытаўскі мяцеж 1919. З крас. 1919 Гомель — цэнтр Гомельскай губерні ў складзе РСФСР, з 1926 у БССР; у 1926—31 і з 1937 цэнтр Гомельскага раёна, у 1926—30 — Гомельскай акругі, з 15.1.1938 — Гомельскай вобласці. У першыя дні Вял. Айч. вайны створаны Гомельскі полк народнага апалчэння (гл. Гомеля абарона 1941). З 19.8.1941 да 26.11.1943 акупіраваны ням.-фаш. захопнікамі, якія знішчылі ў гар. турмах, 5 лагерах смерці і 4 гета больш за 100 тыс. чал. Дзейнічала Гомельскае патрыятычнае падполле і Гомельскае камсамольска-маладзёжнае падполле. Вызвалены ў ходзе Гомельска-Рэчыцкай аперацыі 1943. Пасля вызвалення ў Гомель пераехалі ЦК КП(б)Б, СНК БССР. У 1959 — 168 тыс. ж., у 1979 — 383 тыс. ж. У сувязі з невырашэннем праблем, звязаных з Чарнобыльскай катастрофай 1986, адбылася Гомельская забастоўка 1990.

Гаспадарка. У 1-й пал. 19 ст. Гомель стаў набываць прамысл. аблічча. Дзейнічалі з-д па вырабе свечак, шкляная мануфактура, 2 ткацкія ф-кі, цукр. з-д Паскевіча (1839), сальна-свечачны з-д Школьнікава (1840), крупадзёрка (1853), некалькі канатна-вяровачных і лесапільных прадпрыемстваў. У 1850 праз Гомель пракладзена шаша Пецярбург—Кіеў і першая ў Расіі тэлегр. лінія Пецярбург—Севастопаль. Пракладзены чыг. лініі Гомель—Бабруйск (1873) і Гомель—Рамны (1874) Лібава-Роменскай чыгункі, лініі Гомель—Лунінец (1886) і Гомель—Бранск (1887) Палескіх чыгунак. У выніку Гомель стаў важным чыг. вузлом, звязаным з Украінай, Польшчай, Прыбалтыкай, Масквой, Пецярбургам і інш. прамысл. цэнтрамі Расіі. У канцы 19 — пач. 20 ст. Гомель — буйны прамысл. цэнтр Беларусі. Тут існавала больш за 40 прадпрыемстваў, асн. частка іх перапрацоўвала мясц. сыравіну: 9 лесапільных ф-к (гл. Гомельскія лесапільныя фабрыкі), запалкавая ф-ка «Везувій» (400 рабочых у 1913, гл. Гомельскі фанерна-запалкавы камбінат), 4 маслабойныя прадпрыемствы, з-ды спіртаачышчальны, цукровы, піваварны, канатны, 2 мукамольныя, швейная ф-кі і інш. Дзейнічалі металаапр. прадпрыемствы: з-ды ліцейна-мех. Фрумкіна і сыноў, ліцейна-мех. з-д «Рухавік» (гл. Гомельскі завод «Стромаўталінія»), гал. мех. майстэрні (абслугоўвалі Лібава-Роменскую чыгунку, 1220 рабочых у 1913; гл. Гомельскі вагонарамонтны завод) і малыя рамонтныя майстэрні (абслугоўвалі Палескія чыгункі, 145 рабочых у 1913), якія выконвалі функцыі паравозавагонарамонтных з-даў, а таксама лакафарбавае прадпрыемства, 5 друкарняў, Гомельскія рагожныя мануфактуры, электрастанцыі і інш. Пачалося паравое суднаходства па р. Сож. Важнае месца ў эканам. жыцці горада займаў гандаль лесам, лёнам, пянькой; гандл. абарот у канцы 1870 — пач. 1890-х г. каля 5,5 млн. руб. Штогод у Гомелі праводзіліся 3 кірмашы. Пасля рэформы 1861 г. ў Гомелі адкрыты гар. грамадскі банк, у пач. 1890-х г.аддз. (агенцтвы) Віленскага і Мінскага камерц. банкаў; у пач. 20 ст.аддз. Арлоўскага, Паўн., Аб’яднанага, Руска-Азіяцкага камера банкаў. Пасля 1-й сусв. і грамадз. войнаў пачалося аднаўленне прам-сці і транспарту. У 1920 адноўлена работа ф-кі «Везувій», чыгуналіцейных майстэрняў, цагельных з-даў. Уведзены ў дзеянне ф-ка «Палесдрук» (гл. Гомельская фабрыка «Палесдрук»), у 1922—24 абутковая ф-ка «Праца», хлебакамбінат, электрастанцыя, у 1928 Гомельскі завод сельскагаспадарчага машынабудавання «Гомсельмаш». У 1930-я г. рэканструяваны «Гомсельмаш», пабудаваны станкабуд. з-д імя Кірава, шклозавод імя Ламаносава, ф-кі «Камінтэрн» (гл. Гомельскае акцыянернае таварыства «Камінтэрн»), «8 Сакавіка» (гл. Гомельская прамыслова-гандлёвая фірма «8 Сакавіка»), «Спартак» (гл. Гомельскае адкрытае акцыянернае таварыства «Спартак»), тлушчакамбінат і інш. На пач. 1940 у Гомелі 264 прамысл. прадпрыемствы (3-е месца ў БССР па аб’ёме прамысл. прадукцыі). Пасля вызвалення Гомеля ад ням.-фаш. захопнікаў адноўлены чыг. вузел, да канца 1944 — 25 прадпрыемстваў. Да 1950 адноўлены ўсе даваен. і пабудаваны новыя прадпрыемствы. У 1950—60-я г. ўведзены ў дзеянне з-ды «Гідраапаратура» (гл. Гомельскі завод «Гідрапрывод»), Гомельскі завод пускавых рухавікоў, сан.-тэхн. абсталявання (гл. Гомельскі завод «Эмальпосуд»), Гомельскі ліцейны завод «Цэнтраліт». У 1961 горад атрымаў прыродны газ, у 1962 пушчаны першы тралейбус. Вырашэнне сац. і эканам. праблем вельмі ўскладнілася ў сувязі з Чарнобыльскай катастрофай 1986. Створаны філіялы НДІ с.-г. радыялогіі і НДІ радыелагічнай медыцыны. Гомель — адзін з буйнейшых прамысл. цэнтраў Беларусі. Прадпрыемствы маш.-буд. і металаапр. (Гомельскі завод вымяральных прылад, Гомельскі падшыпнікавы завод, Гомельскае вытворчае аб’яднанне «Карал», Гомельскі электратэхнічны завод, Гомельскі завод «Электраапаратура», Гомельскі кабельны завод, Гомельскі суднабудаўніча-суднарамонтны завод і інш.), хім. (Гомельскі хімічны завод, Гомельскі завод хімічных вырабаў, Гомельскі завод пластмасавых вырабаў), лясной, цэлюлозна-папяровай, лёгкай (Гомельская фабрыка мастацкіх вырабаў), буд. матэрыялаў (Гомельскае акцыянернае таварыства «Гомельшпалеры», Гомельскі шклозавод), дрэваапр. (Гомельскае вытворчае дрэваапрацоўчае аб’яднанне «Гомельдрэў»), харч. (Гомельскі тлушчавы камбінат) прам-сці.

Асвета і культура. У 1781 у Гомель засн. правасл. духоўнае вучылішча (з 1840 павятовае духоўнае вучылішча). У 1818 пры ўдзеле М.П.Румянцава адчынена пач. школа Бел-Ланкастэрскай сістэмы навучання. У 19 ст. ствараюцца ніжэйшыя і сярэднія навуч. ўстановы. У 1841 на базе Беліцкага пав. вучылішча (засн. ў 1790 як дамініканскае, з 1833 свецкае прыходскае) створана 3-класнае пав. нар. вучылішча, на базе якога ў 1866 у Гомелі засн. 4-класная прагімназія (з 1877 — 6-класная гімназія, з 1897 — 8-класная). У 1878 на сродкі Лібава-Роменскай чыгункі засн. тэхн. чыг. вучылішча (гл. Гомельскі тэхнікум чыгуначнага транспарту), адчынена пач. аднакласнае яўр. вучылішча з падрыхтоўчым класам. У 1882 на базе жаночага 3-класнага прыватнага пансіёна створана жаночая 4-класная прагімназія (з 1897 — урадавая гімназія). У 1903, 1907 створаны прыватныя муз. школы. З 1906 дзейнічала прыватная школа павітух, з 1907 — гімназіі: жаночая В.А.Копіш і яўр. мужчынская А.Е.Ратнера; з 1911 жаночая прагімназія М.А.Табалевіч-Федароўскай (гл. Гомельскія гімназіі). У 1911 у Гомелі 32 навуч. ўстановы, у т. л. 5 сярэдніх, 24 ніжэйшыя і пач., 3 падрыхтоўчыя, 45 яўр. вучылішчаў рознага тыпу. З 1915 у Гомелі працавала настаўніцкая семінарыя (у 1919 пераўтворана ў пед. курсы для падрыхтоўкі настаўнікаў школ 1-й ступені). У 1919 створаны курсы буд. дзесятнікаў, бухгалтараў, рахункаводаў, школы паліграф. справы, майстроў для швейнай прам-сці і інш. У 1926 у Гомелі працавалі 3 тэхнікумы — пед. агульны (з 1937 пед. вучылішча), яўр. педагагічны, шляхоў зносін; 15 школ 1-й ступені, 13 школ сямігодак, 9-годка, 4 школы 2-й ступені; 8 дзіцячых дамоў. У 1930 у Гомелі засн. ін-ты механіка-машынабуд., лесатэхн. (у 1945 пераведзены ў Мінск, гл. Беларускі тэхналагічны універсітэт), Гомельскі аграпедагагічны інстытут (з 1933 пед. ін-т); Гомельскі дарожна-будаўнічы тэхнікум. У 1932 адчынена мед. вучылішча і муз. тэхнікум (з 1939 муз. вучылішча). У 1936 пры пед. ін-це створаны Гомельскі настаўніцкі інстытут. У час Вял. Айч. вайны спалены 2 ін-ты, пед. вучылішча, 24 школы. У 1944 аднавілі работу пед., настаўніцкі, лесатэхн. ін-ты, пед. вучылішча, 2 сярэднія, 7 няпоўных сярэдніх і 4 пач. школы, адчынены тэхнікумы рачны, фіз. культуры, Гомельскі кааператыўны тэхнікум, у 1946 — Гомельскі політэхнічны тэхнікум. У 1953 засн. Бел. ін-т інжынераў чыг. транспарту (гл. Беларускі універсітэт транспарту). У 1955 адчынены Гомельскі машынабудаўнічы тэхнікум, у 1956 — Гомельскі сельскагаспадарчы тэхнікум. У 1996/97 навуч. г. ў Гомелі 154 дашкольныя ўстановы, у т. л. дашкольная гімназія, цэнтр развіцця дзіцяці, 4 дашкольныя ўстановы з паглыбленымі кірункамі дзейнасці (замежная мова, эстэтыка і інш.), 8 устаноў санаторнага тыпу, сад для дзяцей з рознымі дэфектамі, сад для глухіх і з недахопамі слыху. У дашкольных установах выхоўвалася каля 25 тыс. дзяцей. Дзейнічала 80 агульнаадук. школ (больш за 70 тыс. вучняў), у т. л. ліцэй, бел.-слав. гімназія імя І.Мележа, спец. школа з паглыбленым вывучэннем англ. мовы (навучанне з 5 гадоў), 3 пач. школы, школа-сад для дзяцей з парушэннямі зроку, 1 яўр. школа-сад, спец. школа для глухіх і з недахопамі слыху дзяцей, 4 школы-інтэрнаты (2 для разумова адсталых дзяцей, базавая для дзяцей хворых на скаліёз, 1 для сірот і дзяцей, якія засталіся без бацькоўскай апекі), 4 зменныя школы (адна з іх на тэр. жаночай калоніі для непаўналетніх дзяўчынак). Акрамя таго ў Гомелі ёсць прыватная гімназія і абласны ліцэй, 16 прафес.-тэхн. вучылішчаў, у якіх займалася больш за 8 тыс. навучэнцаў, 11 сярэдніх спец. навуч. устаноў (каля 10 тыс. студэнтаў), у т. л. мед. вучылішча, каледж мастацтва, муз.-пед. каледж і інш. У Гомелі 5 дзярж. ВНУ: Гомельскі універсітэт, Гомельскі політэхнічны інстытут, Гомельскі медыцынскі інстытут, Гомельскі кааператыўны інстытут, Беларускі універсітэт транспарту, а таксама Гомельскі філіял Міжнар. недзярж. ін-та працоўных і сац. адносін. У Гомелі 18 масавых б-к, у т. л. 6 дзіцячых, а таксама Гомельская абласная б-ка з дзіцячым аддзяленнем (гл. Бібліятэкі абласныя Беларусі, Бібліятэка дзіцячая). Працуе Гомельскі абласны краязнаўчы музей.

Архітэктура. У 14 ст. аснову Гомеля складаў драўляны замак, пабудаваны на месцы дзядзінца. Горад забудоўваўся хаатычна. Да сярэдзіны 18 ст. ён уяўляў сабой шэраг слабод і вёсак, якія групаваліся вакол замка. У канцы 18 ст. пачалася перапланіроўка — на месцы стараж. замка створаны Гомельскі палацава-паркавы ансамбль, Гомельскі Петрапаўлаўскі сабор; на тэр. Спасавай слабады — Гомельская Ільінская царква. 3-прамянёвая сістэма планіроўкі прадугледжвала арыентацыю гал. магістралей — вуліц Румянцаўскай (цяпер Савецкая, асн. вось кампазіцыі горада), Замкавай (праспект Леніна), Фельдмаршальскай (Пралетарская) — на палац. Гэты прынцып захоўваўся і пры наступных рэканструкцыях. Усе будынкі на Румянцаўскай вул. былі створаны ў стылі класіцызму (Гомельскай ланкастэрскай школы будынак і інш.). На вул. Мільённай (цяпер Бялецкага) размяшчаліся Гомельскі «паляўнічы домік», летні дом Румянцава (у 1819 пераабсталяваны пад Гомельскага духоўнага вучылішча будынак). Да ліку лепшых пабудоў канца 19 — пач. 20 ст. належаць Гомельскай гарадской думы будынак, Гомельскага камерцыйнага банка будынак, Гомельскага філіяла Руска-Азіяцкага банка будынак, будынкі мужчынскай і жаночай гімназій, тэхн. вучылішча (гл. адпаведныя артыкулы), асобныя жылыя дамы. У маст. вырашэнні фасадаў гэтых будынкаў выкарыстаны элементы стылізатарска-эклектычнага кірунку і стылю мадэрн. У культавых пабудовах панаваў неарускі стыль: цэрквы Георгіеўская (1904, не захавалася), Праабражэнская (захавалася часткова), Гомельская капліца. Значны ўклад у забудову Гомеля гарадскога арх. С.Шабунеўскага. У 1920—30-я г. пачалося масавае жыллёвае і прамысл. буд-ва: пабудаваны першыя секцыйныя шматкватэрныя жылыя дамы для чыгуначнікаў, Гомельскі дом-камуна, Палац культуры чыгуначнікаў з кінатэатрам, настаўніцкі ін-т і інш. Паблізу прамысл. прадпрыемстваў узніклі рабочыя пасёлкі: Залінейны, Сельмашаўскі, Касцюкоўка. У 1946 распрацаваны праект аднаўлення і рэканструкцыі Гомеля («Белдзяржпраект», арх. І.Сяргееў, Т.Сяргеева, інж. Г.М.Ішчанка, І.Дзесятнікаў, І.Бардукоў) з захаваннем асн. прамянёвых магістралей, што склаліся гістарычна. Паводле генплана 1964 (Гомельскі філіял «Белдзяржпраекта»; арх. М.Сундукоў, К.Усцюгоў, Б.Барысаў, А.Касякоў, інж. М.Найшулер і інш.) радыяльныя напрамкі вуліц паступова ператвараліся ў лінейныя. На гал. магістралях пабудаваны Дом спорту (арх. І.Спірын, С.Паўлаў), рэстаран «Беларусь» (арх. Л.Тамкоў), будынкі абл. б-кі (арх. В.Бурлака), абл. драм. т-ра (арх. А.Тарасенка), пешаходны мост цераз Сож і інш. Аб’екты, пабудаваныя ў 1970—80-я г. змянілі арх. аблічча Гомеля: будынкі Дома сувязі (арх. Р.Ціхаў), трэста «Гомельсаўгасбуд», цэнтра навук.-тэхн. інфармацыі, гал. корпус ун-та, праектнага ін-та «Дзіпражыўмаш» (усіх арх. С.Пеўны), Гомельскі цырк, Ін-т механікі металапалімерных сістэм АН Беларусі (арх. Тамкоў), Гомельскі лёгкаатлетычны манеж, кінатэатр «Юбілейны» (арх. В.Ціхава), аэравакзальны комплекс, гасцініца «Турыст», шпіталь для інвалідаў Вял. Айч. вайны, комплекс фізкультурна-аздараўленчага камбіната (усіх арх. В.Бяспалаў) і інш. Створаны шэраг мікрараёнаў у паўд.-зах. (арх. Л.Стукачоў, А.Лебедзеў, С.Крывашэеў), паўн.-зах. і левабярэжнай частках (арх. Я.Казлоў, Лебедзеў), раёнах «Аэрадром» (арх. Казлоў) і «Гомсельмаш» (арх. Стукачоў, Л.Патапаў). Паводле генплана 1977 («Гомельграмадзянпраект»; арх. Паўлаў, Крывашэеў, А.Падабедаў, інж. І.Дубаў, Л.Калашнікаў, Найшулер) планіровачная структура горада фарміруецца з 5 комплексных планіровачных раёнаў (Цэнтральнага, Паўночна-Усходняга, Паўднёва-Заходняга, Сельмашаўскага, Навабеліцкага) і развіваецца ў паўн.-ўсх., паўд.-зах. і паўд. напрамках; агульнагарадскі цэнтр развіваецца ўздоўж р. Сож. У 1980-я г. у Гомелі пачалося асваенне поймы р. Сож пад жыллёва-грамадзянскае буд-ва (аўтары інж. Дубаў, А.Карамышаў, Найшулер). На гідранамыўных поймавых тэрыторыях забудаваны вял. жылыя масівы Волатава (арх. Крывашэеў, Казлоў, Лебедзеў), Паўднёвы і інш. Сярод значных пабудоў 1990-х г.: прыгарадны чыг. вузел (арх. Л.Гоер), гал. корпус політэхн. ін-та (арх. Пеўны), ін-та «Гомельпраект» (арх. Ціхаў), Палац моладзі (арх. Г.Комар). У Гомелі брацкія магілы: сав. воінаў, ахвяр фашызму, сав. воінаў і партызан; камунараў; падпольшчыкаў; сав. воінаў і ахвяр фашызму; сав. воінаў і падпольшчыкаў; магілы ахвяр фашызму; магіла гомельскіх апалчэнцаў; брацкія могілкі сав. воінаў. Курган Славы. Помнікі: Вызвалення, П.Я.Галавачову, гомельскім апалчэнцам, А.А.Грамыку, П.А.Румянцаву, П.В.Сухому, у гонар войск Бел. фронту, якія вызвалілі Гомель, і інш.

Друк, радыё, тэлебачанне. Пачатак кнігадрукавання ў Гомелі звязаны з друкарняй Ш.А.Фрыдланда (1887—1912). На пач. 20 ст. ў Гомелі выдаваліся газеты рознай грамадска-паліт. і тэматычнай арыентацыі: «Полесский листок» (1904—05), «Труд» (1906), «Гомельский вестник» (1908—09), «Полесская жизнь» (1909—11), «Гомельская мысль» (1913—14), «Белорусский голос» (1910), «Гомельское слово» (1911—12), «Гомельская жизнь» (1911—19; да 1917 «Гомельская копейка»), «Гомельский театрально-музыкальный вестник» (1914), «Виленский вестник» (1915—16), «Рабочая мысль» (1917), «Голос народа» (1917—18), «Известия Гомельского Совета рабочих, солдатских и крестьянских депутатов» (з 1917, мяняла назвы, з 1930 на бел. мове, з 1938 «Гомельская праўда») і інш. Літ.-маст. час. «Зарницы» (1911—12) друкаваў творы маладых літаратараў. З 1919 пачалі выдавацца шматтыражныя ведамасныя газеты [«Проблески», «Путь пролетария» (у 1920—21 «Сигнал»), «Рабочая жизнь» (у 1921—22 «Молот») і інш.], а таксама штотыднёвікі («Жизнь — творчество»), У 1920—30-я г. выдаваліся газеты: «Новая деревня» (1919—28), «Бюллетень Гомельского губкома РКП» (1920), «Власть Советов» (1922), «Набат молодёжи» (1922—26), «Искра Ильича» (1924—27), «Камсамолец Гомельшчыны» (1931—35), «Сталінскі сцяг» (з 1938; з 1956 «Трыбуна хлебароба», з 1962 «Маяк», раённая); часопісы «Полесский коммунар» (1919—26), «Коммунистическое просвещение» (1920—21), «Вереск» (1922), «Агитатор» (1922—23), «Рабочий досуг» (1925—26) і «Дэр камунісцішэр вэг» («Камуністычны шлях», 1926, на яўр. мове). У 1922—24 у Гомелі выдаваліся 24 шматтыражныя газеты (большасць з іх праіснавала нядоўга). У 1930-я г. колькасць іх павялічылася, у т. л. «За высокую якасць» ф-кі «Везувій» (1928—41), «Ратацыя» ф-кі «Палесдрук» (1928—41), «Рачнік Беларусі» (1929—41; 1944—53; 1957—63, мяняла назвы) і інш. У Вял. Айч. вайну ў Гомелі выходзіла рэсп. газета «Звязда» (да 13.8.1941), выдадзены 1-ы нумар сатыр. выдання «Раздавім фашысцкую гадзіну». У гады акупацыі ў Гомелі падпольна выдаваліся газеты «Гомельская праўда» і «Партызан Гомельшчыны» (1943). Пасля вызвалення ў Гомелі працавалі рэдакцыі газет «Советская Белоруссия» (снеж. 1943 — ліп. 1944), «Чырвоная змена» (сак. 1944), адноўлена выданне абласной, раённай і шматтыражных газет, пачалі выдавацца новыя.

Выходзяць газеты: «Гомельская праўда», «Рабочае слова» (абл., з 1990), «Агронеделя» (абл. з 1991), «Гомельскія ведамасці» (гар., з 1991), «Вячэрні Гомель» (гар., з 1991); шматтыражныя «Сельмашавец» (з 1930), «Гомельскі універсітэт» (з 1969) і інш.

Літаратура. Літ. жыццё ў Гомелі актывізавалася ў канцы 18 — пач. 19 ст. ў сувязі з дзейнасцю тут мецэната, збіральніка кніг і рукапісаў М.П.Румянцава. Бел. гісторык і археограф І.І.Грыгаровіч працаваў у Гомелі над «Беларускім архівам старажытных грамат» — першым зборнікам дакументаў па гісторыі Беларусі (выд. 1824 у Маскве на сродкі Румянцава). Літ. лекцыі, дыспуты, сходы наладжвала Гомельскае музычна-драматычнае таварыства (1908—14). Горад наведвалі пісьменнікі К.І.Чукоўскі (1913), А.А.Блок (1916), У.У.Маякоўскі (1924). У 1925—27 дзейнічала Гомельская філія «Маладняк» (створана пры ўдзеле Я.Пушчы і Н.Чарнушэвіча), якая арганізоўвала літ. гурткі і студыі, наладжвала вучобу творчай моладзі, праводзіла літ. вечары з удзелам бел. пісьменнікаў (М.Зарэцкі, А.Гурло, А.Дудар і інш.); у 1927 і 1930 у Гомель прыязджаў Я.Купала, у 1934 і 1936 — Я.Колас, у 1937 ён прысутнічаў на спектаклі па сваёй п’есе «Вайна вайне» ў пастаноўцы БДТ-2. У 1934 выдадзены альманах «Літаратурны Гомель». Пасля вайны пры газ. «Гомельская праўда» працавала літ. аб’яднанне, выдадзены альманах «Літаратурны Гомель» (1958), праводзіліся абл. нарады маладых пісьменнікаў. З 1967 дзейнічае Гомельскае абл. аддзяленне Саюза пісьменнікаў Беларусі. У горадзе праводзяцца літ. вечары, канферэнцыі, сустрэчы з пісьменнікамі, дні л-ры, семінары маладых пісьменнікаў, літ. свята «Над Дняпром, Дзясной і Сожам» з удзелам пісьменнікаў Мінска, Чарнігава і Бранска. Шырока адзначалася ў Гомелі 80-, 90-, 100-годдзе з дня нараджэння Я.Купалы і Я.Коласа. У 1971 брыгада пісьменнікаў (І.Мележ і інш.) удзельнічала ў днях бел. л-ры на Гомельшчыне. У розны час у Гомелі жылі пісьменнікі У.Галубок, П.Трус, Р.Сабаленка, Л.Гаўрылкін, А.Грачанікаў, А.Капусцін, Я.Каршукоў, І.Кірэйчык, М.Кусянкоў, Б.Спрынчан, У.Дзюба, С.Дубавец і інш. Тут пачыналі сваю творчую дзейнасць Л.Гаўрылаў, Дз.Кавалёў, К.Кірэенка, С.Кухараў, П.Прануза, М.Сурначоў, І.Шамякін; тут жывуць і працуюць пісьменнікі Г.Афанасьеў, М.Даніленка, А.Бароўскі, Т.Мельчанка, А.Сопат, І.Сяркоў, В.Ткачоў, В.Ярац. Гомельскі ун-т скончылі пісьменнікі Э.Акулін, І.Багдановіч, А.Казлоў, В.Куртаніч, А.Сыс, Л.Раманава і інш. Выдаецца альманах «Магістраль» (з 1992), час. «Палессе» (з 1996). Працуе абл. літ. аб’яднанне «Магістраль» імя А.Грачанікава.

Мастацкае жыццё. У 10—15 ст. у Гомелі былі пашыраны разнастайныя рамёствы і маст. промыслы, у т. л. ганчарства, ткацтва, ювелірна-бронзаліцейная справа, апрацоўка косці, скуры, дрэва. Пры маст. апрацоўцы прадметаў побыту, рэліг. культу, працы і зброі выкарыстоўвалі коўку, ліццё, чаканку, гравіроўку, інкрустацыю і інш.

У 16 ст. пачалася вытв-сць пячной кафлі. У сярэдзіне 17 — канцы 18 ст. з’явіліся прадпрыемствы па вытв-сці шклянога посуду (келіхі, штофы, бутэлькі), які вылучаўся высокім майстэрствам выканання, мудрагелістай арнаментыкай. Мясц. майстры размалёўвалі вырабы на фаянсавай ф-цы. Разнастайнымі вытканымі і набіванымі ўзорамі аздаблялі баваўняныя тканіны на хустачнай мануфактуры, талеснай ф-цы. Рэзчыкі па дрэве, спалучаючы традыц. арнаментальныя матывы з элементамі тагачасных маст. стыляў, аздаблялі фасады дамоў, мэблю, прадметы побыту праразной карункавай і мудрагелістай аб’ёмнай разьбой. У пач. 20 ст. працавалі прыватная маст. школа Школьнікава, студыя Камінскага, Гомельская мастацкая студыя, жывапісна-малярныя майстэрні Н.Гурэвіч і Х.Рахліна, філіялы маст.-плакатнай майстэрні Усерас. арг-цыі працаўнікоў мастацтва, жывапісная майстэрня «Арцель», выдаваліся плакаты «Гомель-РОСТА». У 1920-я г. дзейнічала маст. школа пад кіраўніцтвам Я.Краўчанкі, у 1924—27 — маст. студыя (кіраўнік С.Каўроўскі), у якой займаліся К.Максімцаў, Б. і Т.Несцярэнкі, М.Сімкоўскі, Н.Тарасікаў і інш. У 1930-я г. існавалі курсы клубных мастакоў, дзе выкладалі А.Бембель, А.Шаўчэнка, А.Шыфрын. У маст. школе выкладаў М.Русецкі. У 1927—32 дзейнічала абл. аддзяленне «Усебеларускай асацыяцыі мастакоў». У 1939 адбылася 1-я абл. маст. выстаўка, у 1941 — перасоўная выстаўка графікі, 3-я абл. маст. выстаўка. Пры Палацы чыгуначнікаў працавала студыя выяўл. мастацтва (кіраўнікі М.Малец, Б.Звінагродскі). З 1966 дзейнічае Гомельская абл. арг-цыя Саюза мастакоў Беларусі. Вял. ролю ў прапагандзе выяўл. і прыкладнога мастацтва адыграла адкрыццё выставачнай залы (1968), дзе адбываюцца персанальныя і тэматычныя выстаўкі. Цяпер у Гомелі працуюць засл. дз. маст. Беларусі Дз.Алейнік і М.Казакевіч, жывапісцы В.Дзенісенка, С.Дзьяканаў, У.Еўтухоў, В.Казачэнка, П.Лук’яненка, М.Палянкоў, І.Сямека, В. і М.Ягоравы, графікі В.Дземянчук, У.Лосеў, А.Отчык, М.Шкляраў, скульптары Г.Гарбанёў, Дз.Папоў, мастакі дэкар.-прыкладнога мастацтва У.Андрыянаў, І.Данілава, А.Дваранін, М.Кляцкоў, А. і Г.Осіпавы, П. і В.Феі, А.Чудзін, мастацтвазнавец А.Шныпаркоў і інш. У творчы калектыў прыйшлі маладыя мастакі: Л.Зуева, А.Крылоў, С.Курашова, С.Наздрын-Платніцкая, М.Няхайчык, І.Папоў.

Тэатральнае жыццё. Вядома, што ў Гомелі адбываліся нар. тэатр. паказы. Бел. фалькларыст Е.Раманаў адзначаў выкананне тут на Каляды нар. драм «Цар Максімілян» і «Трон». У канцы 18 ст. ў маёнтку графа П.А.Румянцава дзейнічаў т-р. Актывізацыя тэатр. жыцця ў 2-й пал. 19 ст. звязана са з’яўленнем у Гомелі прыватнага тэатр. памяшкання (1852) і зімовага т-ра на 400 месцаў (1887—1900). У 19 — пач. 20 ст. ў горадзе выступалі польска-рускія трупы К.Фядзецкага, Ю.Кондрата, С.Навакоўскага і В.Вяжбіцкага; працавалі рус. тэатр. калектывы: антрэпрызы І.Славянскага (1869; у складзе трупы В.Далматаў, М.Мяшкоў-Траяпольскі, Г.Страмлянаў), Ліпоўскай (1881—82), Я.Бяляева (1903), Л.Балоцінай і І.Арлова (1909); т-вы артыстаў пад кіраўніцтвам Е.Свіршчэўскага (1893—94), на чале з Г.Фядотавай (1898), Далматавым (1898; у складзе трупы акцёры пецярб. Александрынскага т-ра В.Істоміна, І.Ставінская, М.Ходатаў), Пісаравым (1910; у складзе трупы П.Арленеў), М.Волкавым (1917) і інш.; украінскія трупы пад кіраўніцтвам Б.Замоўскага (1909, 1911), Н.Запарожца (1917) і інш.; яўрэйскія пад кіраўніцтвам І.Канеўскага (1912), А.Ф.Фішзона (1914); яўрэйска-нямецкая Ш.Жоржа і Ф.Бекера (1914). Поспехам карысталіся спектаклі па п’есах М.Гогаля, А.Астроўскага, М.Горкага, А.Чэхава, Г.Ібсена, інсцэніроўкі па творах Ф.Дастаеўскага, Л.Талстога, І.Тургенева. Прыкметную ролю ў культ. жыцці горада адыгрывалі аматары, якія наладжвалі вечары, канцэрты, ставілі спектаклі. У 1914 выходзіў «Гомельский театрально-музыкальный вестник». У 1918 у горадзе дзейнічала тэатр. аматарскае т-ва «Вянок». У пач. 1919 арганізавана пралетарская муз.-драм. студыя, якая рыхтавала канцэртныя праграмы, муз.-драм. пастаноўкі. У 1919—20 па ініцыятыве Пралеткульта створана шырокая сетка тэатр. гурткоў пры клубах і рабочых арг-цыях. У 1922 у Гомелі было 8 драм. гурткоў (найб. значны клуба чыгуначнікаў), самадзейны т-р навучэнцаў; выдаваўся часопіс т-ра, л-ры і мастацтва «Вереск». У пач. 1920-х г. у горадзе гастраліравалі бел. тэатр. калектывы, а таксама прафес. калектывы з Расіі і Украіны. У 1920-я г. дзейнічаў калектыў «Сіняй блузы». У 1930 на базе гуртка чыгуначнікаў створаны т-р рабочай моладзі, рэарганізаваны ў 1935 у калгасна-саўгасны т-р (існаваў да 1937). У 1932—37 Гомель быў базай Беларускага трэцяга дзяржаўнага тэатра. У 1938 у Гомелі пачаў сваю дзейнасць Дзяржаўны тэатр лялек Беларусі, у 1939 — Гомельскі абласны рускі драматычны тэатр. Пасля Айч. вайны аднавілі дзейнасць т-р лялек (працаваў да мая 1949) і абл. рус. драм. т-р (у 1946 пераведзены ў Магілёў). З 1954 цэнтрам культ. жыцця горада з’яўляецца Гомельскі абласны драматычны тэатр. З 1968 працуе Гомельскі абласны тэатр лялек. Дзейнічаюць шматлікія самадз. драм. калектывы, нар. т-ры.

Музычнае жыццё. З часу прыняцця хрысціянства тут пераважала царкоўная музыка, асабліва спевы. У муз. культуры Гомеля 18 ст. асобае месца займае творчасць старавераў (захаваліся іх рукапісныя нотныя зборнікі). У 1-й пал. 19 ст. пераважала хатняе музіцыраванне, выкладаліся муз. дысцыпліны ў асобных прыватных навуч. установах, у т. л. ў жаночым пансіёне А.Петрашэнь. Пасля 1852 пачалося развіццё муз. культуры гар. тыпу. У 1870—90-я г. на Гомельшчыне збіралі ўзоры песеннага фальклору муз. этнографы (З.Радчанка і інш.). Спевы і музыку выкладалі ў мужчынскіх і жаночых гімназіях, у тэхн. чыгуначным вучылішчы, настаўніцкай семінарыі. У 1903 адкрыта муз. школа С.Валовіча, у 1907 — С.Захарына, у 1908 — фартэпіянныя класы Б.Розенблюма. У 1908—14 дзейнічала Гомельскае музычна-драматычнае таварыства. Да 1917 пры гомельскіх храмах існавалі шматлікія хары, у т. л. мужчынскі пры Георгіеўскай царкве, дзявочы пры Петрапаўлаўскім саборы (арганізатар А.Паскевіч). У 1908—17 у Гомелі гастраліравалі «Кааператыўнае т-ва» рус. оперы, вядомыя вакалісты, піяністы, скрыпачы (Л.Аўэр і інш.), рус. і польскія тэатр. трупы, якія ставілі муз. спектаклі. Пасля 1917 створаны шматлікія харавыя студыі і гурткі, у т. л. муз.-харавая студыя пры Гомельскім пралет. ун-це (кіраўнік Шубін), пры рабочым клубе на станцыі Палескай чыгункі (кіраўнік Р.Пукст), муз.-хар. студыя на Палессі імя Н.Брусавай (кіраўнік М.Назараў), студыі пры культ. аддзеле губ. савета прафсаюзаў (кіраўнік Р.Розенблюм) і запалкавай ф-цы «Везувій» (кіраўнік А.Туранкоў). Самадзейным хар. калектывам дапамагалі кампазітары Туранкоў, Пукст, піяніст і хормайстар Г.Пятроў. У ліп. 1919 адкрыта нар. кансерваторыя, якая стала цэнтрам муз. жыцця горада. У 1920 яна рэарганізавана ў дзярж. муз. школу 1-й і 2-й ступеней, у 1921 на яе базе створаны муз. тэхнікум і спец. муз. школа. У вер. 1920 адбылася 1-я Гомельская канферэнцыя работнікаў мастацтваў. Пры губ. аддзеле нар. адукацыі быў створаны пастаянны сімф. аркестр (50 музыкантаў у ліп. 1921; дырыжоры Назараў, Захарын). У канцы 1921 адкрыта 2-я дзярж. муз. школа (у 1923 аб’яднана з 1-й, з 1940 муз. дзіцячая школа-сямігодка № 1 імя П.Чайкоўскага). Муз. мастацтва прапагандавалі педагогі і навучэнцы тэхнікума і школы. У 1920-я г. ў Гомелі гастраліравалі шматлікія муз.-тэатр. трупы (у т. л. У.Галубка), аркестры, асобныя выканаўцы, у т. л. А.Дункан, У.Горавіц, М.Эрдэнка і інш. У 1930-я г. шырока развівалася маст. самадзейнасць, цэнтрам якой быў клуб чыгуначнікаў (цяпер Гомельскі Палац культуры і тэхнікі чыгуначнікаў), дзе працавалі муз., харавы, струнны і інш. гурткі. Музыку да пастановак Гомельскага трама пісалі Туранкоў і Пукст. Дзіцячым аркестрам і хорам (170 чал.) кіравалі К.Карнілаў і Пукст, танц. калектывам, створаным у 1936, — А.Рыбальчанка. У суправаджэнні Дзярж. ансамбля бел. нар. інструментаў (кіраўнік Дз.Захар) выступала Л.Александроўская. Бел. нар. песні выконвала І.Яўнзем. Пасля вызвалення Гомеля ад ням.-фаш. захопнікаў 30.12.1943 у Навабеліцы адбыўся святочны канцэрт з удзелам Бел. дзярж. ансамбля песні і танца пад кіраўніцтвам Р.Шырмы. З 1967 вял. канцэртна-лекцыйную працу вядзе Гомельская абласная філармонія, пры якой пачыналі сваю дзейнасць вак.-інстр. ансамблі «Лявоны» (з 1967; цяпер «Песняры») і «Сябры» (з 1974). Тут жыў і працаваў рэгент Петрапаўлаўскага сабора (да 1961), кампазітар М.Бутома, царк. музыка якога шырока выконвалася ў бел. храмах і за межамі Беларусі. У 1970—80-я г. выступалі шматлікія бел. і інш. муз.-тэатр., харавыя, аркестравыя, харэаграфічныя калектывы, вак.-інстр. групы і ансамблі, калектывы з Польшчы, Венгрыі, Югаславіі. У 1978—93 у Гомелі працаваў фальклорны драм.-муз. т-р «Жалейка» (з 1985 народны, з 1989 прафесійны). У 1997 працуюць 3 муз. школы, 5 школ мастацтваў з аддзяленнямі муз. і харэаграфічным, муз. каледж імя Н.Сакалоўскага, муз.-пед. каледж, абл. аддзяленне Саюза муз. дзеячаў Беларусі (з 1987). Больш за 30 самадзейных калектываў маюць званні народных і ўзорных.

Літ.:

Лебедев Г. Гомель: (Ист.-экон. очерк). 2 изд. Мн., 1962;

Пашкин Ю.А. Русский драматический театр в Белоруссии XIX в. Мн., 1980;

Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі: Гомельская вобл. Мн., 1985;

Гомель: Энцикл. справ. Мн., 1991;

Мальцаў У. Тэатральная геаграфія Гомеля // Мастацтва. 1993. №11.

В.М.Лебедзева, А.А.Макушнікаў (гісторыя), М.І.Ліс, А.Ф.Самусік (асвета і культура), М.А.Найшулер, С.Ф.Самбук (архітэктура), Т.А.Меляшкевіч (друк), Т.Ф.Літвінава, Л.Дз.Налівайка (маст. жыццё), У.В.Мальцаў (тэатр. жыццё).

т. 5, с. 331

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРАЗІ́ЛІЯ (Brasil),

Федэратыўная Рэспубліка Бразілія (República Federativa de Brasil), дзяржава ў Паўд. Амерыцы, займае ўсх. і цэнтр. ч. мацерыка. Мяжуе на Пн з франц. Гвіянай, Сурынамам, Гаянай, Венесуэлай, на З — з Калумбіяй, Перу, Балівіяй, на ПдЗ і Пд — з Парагваем, Аргенцінай, Уругваем. На У абмываецца Атлантычным ак., даўж. берагавой лініі 7,4 тыс. км. Пл. 8,5 млн. км² (5-я па велічыні краіна свету). Нас. 162,2 млн. чал. (1994). Афіц. мова партугальская. Сталіца — г. Бразілія. Падзяляецца на 26 штатаў (Акры, Алагоас, Амазонас, Амапа, Баія, Гаяс, Мараньян, Мату-Гросу, Мату-Гросу-ду-Сул, Мінас-Жэрайс, Пара, Параіба, Парана, Пернамбуку, Піауі, Рандонія, Рарайма, Рыо-дэ-Жанейра, Рыу-Гранды-ду-Норты, Рыу-Гранды-ду-Сул, Санта-Катарына, Сан-Паўлу, Сеара, Сержыпі, Такантынс, Эспірыту-Санту) і федэральную сталічную акругу. Нац. свята — Дзень незалежнасці (7 вер.).

Дзяржаўны лад. Бразілія — федэратыўная рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1988. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, што выбіраецца ўсеаг. галасаваннем на 4 гады. Заканад. ўладу ажыццяўляе 2-палатны Нац. кангрэс, які складаецца з палаты дэпутатаў і федэральнага сената. Выканаўчая ўлада належыць прэзідэнту, які фарміруе ўрад. Штаты маюць уласныя канстытуцыі і заканад. сходы. На чале штатаў стаяць губернатары. Суд. сістэма складаецца з Вярх. федэральнага суда (11 суддзяў, якіх пажыццёва прызначае прэзідэнт са згоды сената), федэральных апеляцыйных судоў, ваен. трыбуналаў, судоў штатаў.

Прырода. На крайняй Пн адгор’і Гвіянскага пласкагор’я (на мяжы з Венесуэлай найвышэйшы пункт краіны — г. Ла-Небліна, 3014 м). Паўн. палавіну краіны займае Амазонская нізіна (Амазонія). Далей на Пд Бразільскае пласкагор’е (сярэдняя выш. 600—900 м), якое паступова павышаецца на ПдУ (г. Бандэйра, 2890 м) і стромка абрываецца да вузкай Прыатлантычнай нізіны. У верхнім цячэнні р. Парана акумулятыўная нізіна Пантанал. Бразілія займае адно з вядучых месцаў у свеце па запасах жал. руды (больш за 100 млрд. т), марганцу, вальфраму, баксітаў, волава, нікелю, хрому, медзі, поліметал. і уранавых рудаў, сурмы, берылію, азбесту, рэдказямельных элементаў, золата. Есць радовішчы нафты і прыроднага газу, каменнага вугалю, алмазаў, каштоўных і вырабных камянёў, фасфарытаў і інш. Клімат мяняецца з ПнЗ на ПдУ ад вільготнага экватарыяльнага да сезоннага вільготнага субтрапічнага. Сярэднемесячная т-ра паветра 16—29 °C, толькі на Пн паніжаецца зімой да 12 °C, зрэдку бываюць замаразкі. Ападкаў 2000—3500 мм за год у Амазоніі, 1400—2000 мм на Бразільскім пласкагор’і і ў Пантанале, 700—500 мм на ПнУ, дзе адзначаюцца частыя і працяглыя засухі. Самая вял. р. Амазонка з густой сеткай прытокаў. 18 з іх даўж. больш за 1500 км кожны (найб. Рыу-Негру, Мадэйра, Тапажос). На З і Пд рэкі Парана, Парагвай, Уругвай, на У і ПнУ — Сан-Франсіску, Такантынс. Патэнцыяльныя гідраэнергет. рэсурсы 21 млн. кВт. Пераважаюць чырванаколерныя фералітавыя глебы, на Пд жаўтазёмы і чырвона-карычневыя, уздоўж рэк алювіяльныя. Пад лесам 38% тэр. краіны. На З Амазоніі густыя вільготныя экватарыяльныя лясы — гілея або сельвас, з каштоўнымі відамі дрэў (больш за 400 відаў), на У і на схілах Гвіянскага і Бразільскага пласкагор’яў пераважаюць лістападныя лясы. Цэнтр. ч. Бразільскага пласкагор’я занята саваннай (мясц. назва кампас), на ПнУ паўпустыннае рэдкалессе (каатынга), на Пд пераважна араўкарыевыя лясы. Жывёльны свет багаты і разнастайны. Больш за 20 нац. паркаў (Арагуая, Жау, Ігуасу, Піку-да-Небліна і інш.), запаведнікі, заказнікі.

Насельніцтва. Асн. частка (95%) — бразільцы, нацыя, якая склалася ў выніку змяшання еўрапейцаў (пераважна партугальцаў, а таксама італьянцаў, іспанцаў і інш.) з неграмі (у асн. з Зах. Афрыкі) і індзейцамі; белыя (каля 55%), негры (каля 6%), мулаты і метысы (больш за 30%), каля 300 тыс. індзейцаў (пераважна ў Амазоніі) і каля 3млн. імігрантаў — партугальцаў, іспанцаў, італьянцаў, немцаў, японцаў і інш.; ёсць выхадцы з краін Усх. Еўропы, у т. л. беларусы. Каля 89% вернікаў — католікі, 8% — пратэстанты і прадстаўнікі інш. хрысц. канфесій, ёсць будысты, мусульмане, іудаісты і інш. На ПнУ сярод нашчадкаў б. рабоў захаваліся афр. культы. Сярэднегадавы прырост каля 2,5%. Сярэдняя шчыльн. 18,4 чал. на 1 км². На ПнУ, ПдУ і Пд краіны (каля 40% тэр.) жыве каля 90% насельніцтва, у т. л. ў зоне Атлантычнага ўзбярэжжа (9% тэр.) — каля 50%. Слаба населена (ад 1 да 5 чал. на 1 км²) паўн. ч. краіны. У гарадах жыве 70% (1993). Найбольшыя гарады (1991, тыс. ж.): Сан-Паўлу — 9480, Рыо-дэ-Жанейра — 5336, Салвадор — 2056, Белу-Арызонты — 2019, Фарталеза — 1758, Бразілія — 1596, Рэсіфі — 1290, Курытыба — 1290, Нова-Ігуасу — 1286, Порту-Алегры — 1263, Белен — 1246, Манаус — 1011.

Гісторыя. Чалавек на тэр. Бразіліі з’явіўся ў 8—7-м тыс. да н.э. Карэнныя жыхары яе — індзейскія плямёны (гуайкуру, тупі-гуарані, айморэс, карыбы і інш.), якіх напярэдадні з’яўлення тут партугальцаў было 800 тыс. — 1 млн. чал. Партуг. мараплавец П.А.Кабрал 1.5.1500 абвясціў адкрытую ім Зямлю Святога Крыжа ўладаннем партуг. караля. Партуг. каланізацыя напачатку абмяжоўвалася нарыхтоўкай і вывазам мясц. чырв. дрэва pau-brasil (адсюль і назва Бразілія). З 1530 партугальцы перайшлі да арганізаванай каланізацыі. У 1532—36 узбярэжжа падзелена на 13 капітаній (феад. землеўладанняў) на чале з капітан-губернатарамі (сталіца — Баія). У с.-г. вытворчасці найб. развіццё атрымала плантацыйная сістэма, заснаваная на эксплуатацыі неграў-рабоў з Афрыкі. На працягу 16 ст. на браз. узбярэжжы намагаліся замацавацца французы. Бандэйранты — удзельнікі ваен. паходаў ва ўнутр. раёны Бразіліі — частку індзейцаў знішчылі ці ператварылі ў рабоў. Паўстанні індзейскіх плямён (1555, 1557, 1561) былі задушаны партугальцамі. Збеглыя негры стварылі сваю рэспубліку Палмарыс (1630—97). У 1680 адменена рабства індзейцаў. У 1720 у Бразіліі ўведзена пасада віцэ-караля, рэзідэнцыя якога ў 1763 пераведзена з Баіі ў Рыо-дэ-Жанейра. Палітыка партуг. улад стрымлівала эканам., паліт. і культ. развіццё Бразіліі, выклікала паўстанні каланістаў (у капітаніях Мараньян у 1684—85 і Мінас-Жэрайс у 1720), абуджала нац.-вызв. рух. У 1789 у капітаніі Мінас-Жэрайс узнікла змова Тырадэнтыса, якая мела на мэце ўзбр. паўстанне і абвяшчэнне Бразіліі незалежнай рэспублікай (раскрыта партугальцамі). Пасля акупацыі Партугаліі войскамі франц. імператара Напалеона І (1807) у Бразіліі знайшоў прытулак каралеўскі дом Браганса на чале з прынцам-рэгентам Жуанам (з 1816 кароль Партугаліі Жуан VI). У краіне былі адменены абмежаванні на арганізацыю мануфактур, рамёстваў і промыслаў, заснаваны Браз. банк, адкрыта Нац. б-ка ў Рыо-дэ-Жанейра (1808), адменены мытныя тарыфы на ўвоз друкаванай прадукцыі (1821) і інш. У 1815 абвешчана стварэнне Аб’яднанага каралеўства Партугаліі, Бразіліі і Алгарві (паўд. ч. Партугаліі), што афіцыйна скасоўвала статус Бразіліі як калоніі. Партугальская рэвалюцыя 1820 вымусіла Жуана VI вярнуцца ў Лісабон, рэгентам у Бразіліі застаўся яго сын прынц Педру. Ідэю незалежнасці краіны падтрымалі кансерватыўныя браз. колы, якія звязвалі незалежнасць з захаваннем манархіі. У 1822 Бразілія абвешчана незалежнай імперыяй (прызнана Партугаліяй у 1825), прынц-рэгент каранаваны як імператар Педру I. Паводле першай браз. канстытуцыі 1824 дзяржава стала канстытуцыйнай манархіяй. Пасля няўдалай спробы Педру І зрабіць у 1831 дзярж. пераварот ён адрокся ад прастола на карысць 5-гадовага сына (з 1840 імператар Педру II). Паступовая перабудова сац.-эканам. адносін вяла да змяншэння ролі рабскай працы. У 1850 забаронены гандаль рабамі, пасля чаго амаль спыніўся прыток неграў-рабоў з Афрыкі (на працягу 350 гадоў у Бразілію ўвезена каля 5 млн. рабоў). Гасп. развіццю Бразіліі садзейнічаў рост іміграцыі (ад 20 тыс. чал. у 1822—50 да 650 тыс. у 1871—89). З 1860-х г. у Бразіліі ўзмацніўся рух за ўстанаўленне рэспублікі, які спалучаўся з абаліцыянізмам. Адмена рабства, абвешчаная парламенцкім актам 1888, прадвызначыла лёс браз. манархіі. У выніку выступлення маладых афіцэраў-рэспубліканцаў у 1889 скінуты Педру II і ў краіне ўстанавіўся рэсп. лад. Паводле канстытуцыі 24.2.1891 краіна стала называцца Аб’яднанымі Штатамі Бразіліі. Барацьба сялян за зямлю ў канцы 19 ст. вылілася ў шэраг выступленняў, найб. буйное — у штаце Баія ў 1896—97. З канца 19 ст. ў Бразілію пранікаў англ. і паўн.-амер. капітал. Аграэкспартная накіраванасць эканомікі зрабіла Бразілію да 1-й сусв. вайны адным з буйнейшых пастаўшчыкоў кавы на сусв. рынак. У пасляваен. час уладу ў краіне ўтрымлівалі кансерватыўныя «кававыя» вярхі штатаў Сан-Паўлу і Мінас-Жэрайс. У 1920-я г. ва ўмовах слабай апазіцыі і спаду рабочага руху супраць урада адкрыта выступілі маладыя афіцэры — «тэнентысты» (ад партуг. «тэнентэ» — лейтэнант). Іх паўстанні ў Рыо-дэ-Жанейра (1922), Сан-Паўлу і штаце Рыу-Гранды-ду-Сул (адпаведна ліп. і кастр. 1924) задушаны ўрадавымі войскамі, але барацьба працягвалася да 1927. На пачатку эканам. крызісу 1929—33 апазіц. сілы згуртаваліся ў Ліберальны альянс і вылучылі на выбарах 1930 кандыдатам у прэзідэнты Ж.Варгаса. Праграма альянсу патрабавала дэмакратызацыі краіны і «агульнанац. рэвалюцыі ў інтарэсах усяго народа», была падтрымана большасцю «тэнентыстаў». З-за перашкод па-праанглійску настроеных улад спадзяванні апазіцыі перамагчы на выбарах не спраўдзіліся, таму Ліберальны альянс перайшоў да ўзбр. барацьбы, якую падтрымлівалі ЗША. Вырашальную ролю ў падрыхтоўцы і правядзенні паўстання адыгралі «тэнентысты», якія перацягнулі на свой бок шэраг вайск. часцей. Паўстанне пачалося 3.10.1930 адразу ў некалькіх штатах (т.зв. Ліберальная рэвалюцыя). Пры падтрымцы насельніцтва паўстанцы ўстанавілі кантроль над усёй краінай. У Рыо-дэ-Жанейра быў сфарміраваны ўрад Ліберальнага альянсу на чале з Варгасам, які ўстанавіў часовы ваен. рэжым, увёў пратэкцыянісцкі мытны тарыф, адмяніў гандл. пошліны паміж штатамі, стварыў працоўнае заканадаўства, былі ўведзены выбарчыя правы для жанчын. Мэтай урада было выкараненне класавай барацьбы і пашырэнне свайго ўплыву на рух працоўных («сац. гармонія»). Да 1934 урад пайшоў на кампраміс з кансерватыўнымі сіламі. У 1937 Варгас разагнаў кангрэс, устанавіў дыктатарскі рэжым «новай дзяржавы», у 1938 разграміў фаш. партыю «інтэгралістаў» і забараніў усе паліт. партыі. На ўзор фаш. Італіі ўводзілася карпаратыўная сістэма. Рэжым «новай дзяржавы» стымуляваў развіццё нац. прам-сці, дзярж. сектара, абмяжоўваў прывілеі замежнага капіталу. На пач. 2-й сусв. вайны Бразілія захоўвала нейтралітэт, у 1942 абвясціла вайну Германіі і Італіі, у 1945 — Японіі. Краіна далучылася да антыгітлераўскай кааліцыі і падпісала Дэкларацыю Аб’яднаных Нацый, у 1944 накіравала 50-тысячны корпус на італьян. фронт. У 1945 Варгас абвясціў пра ўвядзенне ў краіне дэмакр. свабод і заснаваў уласную Трабальісцкую («рабочую») партыю, якая заклікала да нац. адзінства на аснове супрацоўніцтва класаў, да абароны нац. эканомікі і паляпшэння становішча працоўных. Кансерватыўныя сілы з дапамогай ваен. вярхоў у кастр. 1945 дамагліся адхілення Варгаса ад улады. На прэзідэнцкіх выбарах у снеж. 1945 перамог маршал Э.Г.Дутра. У 1946 прынята канстытуцыя Бразіліі, якая абвясціла дэмакр. правы і свабоды. Урад Дутры наладзіў цеснае эканам. і ваен.-паліт. супрацоўніцтва з ЗША У 1947 у прадмесці Рыо-дэ-Жанейра прадстаўнікі ЗША і 20 лац.-амер. краін, у т. л. Бразілія, падпісалі Міжамер. дагавор аб узаемадапамозе (дагавор Рыо-дэ-Жанейра), аформіўшы першы ваен.-паліт. блок у пасляваен. свеце. На прэзідэнцкіх выбарах 1950 зноў перамог Варгас. Яго ўрад (1951—54) аднавіў нацыянал-рэфармісцкі курс, які атрымаў падтрымку ў шырокіх колах насельніцтва. У жн. 1954 незадаволеныя палітыкай прэзідэнта генералы-змоўшчыкі запатрабавалі яго адстаўкі. Варгас скончыў самагубствам. У перадсмяротным лісце ён абвінаваціў у змове міжнар. і мясц. фін.-эканам. групы. Хваля нар. абурэння стрымала правыя сілы ад устанаўлення дыктатуры. Курс на адстойванне канстытуцыі і дэмакр. свабод, абарону нац. інтарэсаў і правоў працоўных працягвалі прэзідэнты Ж.Кубічэк ды Алівейра (1956—61), Ж.Куадрус (студз.жн. 1961) і Ж.Гуларт (1961—64). У выніку перавароту 31.3.—1.4. 1964 уладу захапілі ваенныя. Прэзідэнтам з надзвычайнымі паўнамоцтвамі стаў маршал У.Кастэлу Бранку (1964—67). Была адменена канстытуцыя 1946, распушчана большасць прафсаюзаў. Сотні тысяч людзей былі арыштаваны, кінуты ў турмы, пазбаўлены паліт. правоў на 10 і больш гадоў, прафсаюзы пастаўлены пад кантроль урада і інш. У 1965 замест усіх скасаваных партый створаны праўрадавы Нац. саюз абнаўлення (АРЕНА) і апазіцыйны Бразільскі дэмакр. рух (БДР), у які ўступіла большасць трабальістаў. Дзейнасць, праграмы і фінансы абедзвюх партый кантраляваліся ваен. ўладамі. Паводле новай канстытуцыі 1967 правы кангрэса значна абмежаваны (у 1968 кангрэс увогуле распушчаны), а прэзідэнта выбірала калегія выбаршчыкаў з членаў Нац. кангрэса і прадстаўнікоў ад штатаў. Выбраны прэзідэнт маршал А. да Коста-і-Сілва (1967—69) у 1968 выдаў акт, які даваў кіраўніку дзяржавы неабмежаваныя паўнамоцтвы. За кошт вял. сац. выдаткаў для насельніцтва да канца 1860-х г. эканоміка краіны стабілізавана і забяспечаны высокія тэмпы яе развіцця. У знешняй палітыцы ваен. рэжым арыентаваўся на саюз з ЗША. Час прэзідэнцтва ген. М.Гарастазу (1969—74) — перыяд найб. поспехаў браз. дыктатуры. Эканам. ўздым забяспечаны за кошт скарачэння выдаткаў на аплату працы, павышэння нормы прыбытку, прытоку замежнага капіталу, мабілізацыі рэсурсаў дзяржавы на перабудову эканомікі.

Аднак эканам. крызіс 1974—75 і рост цэн на імпартную нафту запаволілі тэмпы росту эканомікі. Урад ген. Э.Гейзела (1974—79) ва ўмовах узмацнення апазіцыі дыктатуры ў 1978 распрацаваў праграму лібералізацыі рэжыму: адменены цэнзура друку і частка рэпрэсіўных законаў, надзвычайныя паўнамоцтвы прэзідэнта. У знешняй палітыцы ўрад Гейзела пачаў адыход ад безагаворачнай арыентацыі на ЗША на карысць прыярытэту гандл.-эканам. інтарэсаў Бразіліі. Урад ген. Ж.Б.Фігейрэду (1979—85) паскорыў працэс лібералізацыі (амністыя палітвязням і палітэмігрантам, пераход да шматпартыйнасці з 1980, скасаванне партый АРЕНА і БДР). Буйнейшай сярод апазіцыйных стала Партыя бразільскага дэмакр. дзеяння. Пагаршэнне эканам. сітуацыі на мяжы 1980-х г. узмацніла апазіц. настроі. У 1983 распачалася масавая кампанія за прамыя прэзідэнцкія выбары і пераход да цывільнага кіравання. Прыхільнікі гэтага курсу аб’ядналіся ў Дэмакр. саюз. У 1985 улада перададзена цывільнаму ўраду. Прэзідэнт Ж.Сарней (1985—90) стварыў новае прац. заканадаўства, прыняў праект агр. рэформы. Канстытуцыйныя папраўкі аднавілі ўсеагульныя прамыя выбары прэзідэнта і ліквідавалі абмежаванні дэмакр. свабод, права голасу атрымалі 20 млн. непісьменных. Нац. кангрэс, выбраны ў 1986, прыняў у 1987 новую дэмакр. канстытуцыю. Нягледзячы на поспехі, эканам. курс урада з-за немагчымасці сумясціць высокія тэмпы росту эканомікі і выплату працэнтаў па вял. знешнім доўгу, які да 1989 дасягнуў каля 115 млрд. долараў, пацярпеў няўдачу. На прэзідэнцкіх выбарах 1989 перамог Ф.Колар ды Мела, які стварыў уласную Партыю нац. рэканструкцыі. Яго ўрад (1990—92) скараціў дзярж. выдаткі, але не здолеў спыніць інфляцыю. У 1992 адбыўся буйнейшы ў гісторыі Бразіліі паліт. крызіс, выкліканы абвінавачваннямі Колара ды Мелы ў карупцыі і злоўжыванні службовым становішчам. Пасля яго адстаўкі на чале дзяржавы стаў віцэ-прэзідэнт І.Франку. На прэзідэнцкіх выбарах 1994 перамог сацыял-дэмакрат Ф.Э.Кардозу. Бразілія — член ААН (з 1945), Арг-цыі амер. дзяржаў і інш. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь з 1992.

Палітычныя партыі і прафсаюзы. Дзейнічаюць партыі: браз. сацыял-дэмакратыі, браз. дэмакр. дзеяння, ліберальнага фронту, Сацыял-дэмакратычная, Дэмакр. трабальісцкая, партыя працоўных, Нар. сацыялістычная, нац. рэканструкцыі; Адзіны прафцэнтр працоўных (у 1993 аб’ядноўваў больш за 15 млн. чл.), прафс. цэнтр «Форса сіндыкал» (каля 8 млн. чл. у 1993), Усеагульны цэнтр працоўных, Усеагульная канфедэрацыя працоўных, Незалежны прафес. саюз.

Гаспадарка. Бразілія — індустр.-агр. краіна, буйнейшая па эканам. патэнцыяле ў Лац. Амерыцы, 10-я ў свеце па велічыні валавога ўнутр. прадукту (ВУП). Важную ролю ў яе эканоміцы адыгрываюць міжнар. кампаніі: агульная сума прамых прыватных замежных інвестыцый складае больш за 30 млрд. дол. ЗША (з іх больш за 70% інвестыцыі ЗША, ФРГ, Японіі). У дзярж. сектары чыгункі, сувязь, ч. марскога транспарту, здабыча і значная ч. перапрацоўкі нафты, большая частка вытв-сці эл. энергіі, здабычы жал. руды, каменнага вугалю, большасць прадпрыемстваў чорнай металургіі. Прамысловасць дае больш за 26% ВУП, сельская і лясная гаспадарка, рыбалоўства — 8, буд-ва — 6,7, транспарт і сувязь — 6,6%. Здабыча (1993): жал. руды 153,1 млн. т, марганцавай 722 тыс. т (па колькасці марганцу), баксітаў 9,4 млн. т, волава 25,6 тыс. т, золата 76 т, алмазаў 1500 тыс. каратаў, фасфарытаў 3,4 млн. т, нафты 32 млн. т, каменнага вугалю каля 30 млн. т. Здабыча нафты задавальняе патрэбы краіны прыкладна на 50%, як паліва выкарыстоўваецца этылавы спірт расліннага паходжання (штогадовая вытв-сць больш за 15 млрд. л, на ім працуе каля ​1/3 аўтатранспарту). Вытв-сць эл. энергіі 248,8 млрд. кВт гадз (1993), з іх 92% — на ГЭС. Буйнейшая ў свеце ГЭС Ітайпу (12,6 млн. кВт) на р. Парана. Значныя ГЭС: Кубатан на р. Тыетэ; Фурнас, Пейшоту, Марымбонду, Жагуара і Эстрэйту на р. Рыу-Гранды; Трэс-Марыяс і Паўлу-Афонсу на р. Сан-Франсіску; Жупія і Ілля-Салтэйра на р. Парана. Працуе АЭС Ангра 1. Прадпрыемствы чорнай металургіі пераважна на ПдУ (з-ды ў гарадах Волта-Рэдонда, Піасагуэра, Белу-Арызонты, Ітабіра). Выплаўка чыгуну 23,9 млн. т, сталі 25,7 млн. т (1994). Каляровая металургія (вытв-сць алюмінію, медзі, нікелю, волава) развіта ў штатах Сан-Паўлу і Мінас-Жэрайс. Апрацоўчая прам-сць забяспечвае 85% патрэб краіны. Бразілія ўваходзіць у лік буйных маш.-буд. краін свету. Вылучаецца трансп. машынабудаванне — вытв-сць аўтамабіляў (больш за 1 млн. штогод), самалётаў, суднаў, трактароў, а таксама станкоў, эл.-тэхн. вырабаў. Адна з найб. дынамічных галін — вытв-сць камп’ютэрнай тэхнікі і яе кампанентаў. Развіта ваен. прам-сць, у т. л. на экспарт. Найбуйнейшыя цэнтры машынабудавання Сан-Паўлу, Рыо-дэ-Жанейра, Белу-Арызонты. У Бразіліі — буйная нафтаперапр. (Рыо-дэ-Жанейра і Кубатан), разнастайная хім. (пераважае выпуск пластмасаў, азотных і фосфарных угнаенняў) і нафтахім. (штаты Сан-Паўлу, Баія, Рыу-Гранды-ду-Сул), цэлюлозна-папяровая (штаты Парана і Сан-Паўлу), тэкст. (пераважае вытв-сць баваўняных тканін) і гарбарна-абутковая (штат Мінас-Жэрайс, гарады Сан-Паўлу і Рыо-дэ-Жанейра) прам-сць. У харчасмакавай прам-сці найб. развіты экспартныя галіны: цукровая (вытв-сць цукру 7,4 млн. т, 1993), алейная (соевага алею 3,6 млн. т, 1993), а таксама тытунёвая, мясная, кававая і інш. Нарыхтоўка драўніны 268,9 млн. м³, у т. л. 191,2 м³ паліўнай. Марское і рачное рыбалоўства (каля 1 млн. т штогод). Сельская гаспадарка (занята 30% самадзейнага насельніцтва) дае больш за 40% экспартнай прадукцыі. Бразілія — адна з буйнейшых у свеце с.-г. краін. Пад ворывам і шматгадовымі культурамі каля 5% пл. краіны, пад лугамі і пашай каля 20%. Гал. экспартныя культуры (1993): кава — 1,27 млн. т (1-е месца ў свеце), какава — 346 тыс. т (2-е месца ў свеце), соя — 22,7 млн. т, бавоўна — 405 тыс. т, цукр. трыснёг — 251,4 млн. т; вырошчваюцца пераважна на ПдУ і Пд. Экспартнае значэнне маюць (1992): апельсіны — 18 млн. т, бананы — 5,6 млн. т, тытунь — 663 тыс. т, сізаль — 126 тыс. т. На Пд развіта вінаградарства. Гал. харч. культуры (1993): збожжа — 44,2 млн. т (у т. л. кукуруза — 30 млн. т, рыс — 10,2 млн. т, пшаніца — 2,2 млн. т), маніёк — 21,7 млн. т, фасоля, боб. Жывёлагадоўля на пашавых землях Бразільскага пласкагор’я, у Амазоніі, у адкормачных гаспадарках на Пд і ПдУ. Пагалоўе (млн. галоў, 1993): буйн. раг. жывёлы 153, свіней 31, авечак 19,7, коз 12,5. Вытв-сць (млн. т, 1993): ялавічыны і цяляціны 3,1, свініны 1,2, мяса птушкі 3,2, малака 15,7. Транспарт. Даўжыня аўтадарог 1,8 млн. км, з іх з цвёрдым пакрыццём (пераважна на У) 12,3%. Пабудавана Трансамазонская шаша (ад Рэсіфі да граніцы з Перу), будуецца мерыдыянальная Трансбразільская шаша. На аўтатранспарт прыпадае 60% усіх перавозак грузаў і 95% пасажыраў. Чыгунак 19,2 тыс. км, з іх электрыфікавана 2,1 тыс. км, чыг. сетка сканцэнтравана на ПдУ, Пд і ўзбярэжжы акіяна. Даўжыня ўнутр. водных шляхоў больш за 31 тыс. км. Гал. водныя сістэмы: Амазонка з прытокамі, Сан-Франсіску, Парана. Марскі флот (агульная грузападымальнасць больш за 10 млн. т) базіруецца на 40 глыбакаводных партах. Найбуйнейшыя універсальныя парты Сантус, Рыодэ-Жанейра, Рыу-Гранды, Паранагуа, Порту-Алегры, спецыялізаваныя на экспарце жал. руды — Тубаран і Сан-Себасцьян. Авіяц. транспарт (больш за 1000 аэрапортаў і аэрадромаў з цвёрдым пакрыццём) займае значнае месца ва ўнутр. і міжнар. пасажыраперавозках. У экспарце каля 70% па кошце складаюць гатовыя вырабы. Вывозяцца сталь, алюміній, волава і інш. каляровыя металы, самалёты, аўтамабілі, абутак, жал. руда, кава, какава, соя, цукар, апельсінавы сок і інш. Імпартуецца нафта, машыны і абсталяванне, некаторыя харч. і хім. прадукты і інш. Замежны гандаль вядзецца пераважна з ЗША, Германіяй, Японіяй, Вялікабрытаніяй, краінамі Лац. Амерыкі. Бразілія экспартуе ў Беларусь цукар і каву, імпартуе калійныя і азотныя ўгнаенні. У 1992 Бразілію наведалі 1 млн. 975 тыс. турыстаў. Знешні доўг 120,7 млрд. долараў (1992). Грашовая адзінка — крузада.

Узброеныя сілы складаюцца з сухап. войск, ВПС і ВМС. На канец 1994 налічвалі 336,8 тыс. чал. Вярх. галоўнакамандуючы — прэзідэнт. Сухап. войскі (219 тыс. чал.) аб’яднаны ў некалькі баявых камандаванняў, маюць на ўзбраенні 520 лёгкіх танкаў, 290 баявых разведвальных машын, 795 бронетранспарцёраў, розныя артыл. сістэмы і мінамёты, тактычныя ракеты і інш. Бразільскія ВПС самыя шматлікія (59,4 тыс. чал.) і аснашчаныя ў Лац. Амерыцы, маюць больш за 1000 самалётаў і верталётаў амер., франц. і браз. вытворчасці, з якіх каля 330 баявых. ВМС (58,4 тыс. чал.) маюць 46 баявых караблёў і 51 баявы катэр (у т. л. авіяносец, 4 падводныя лодкі, 12 фрэгатаў, 39 дэсантных катэраў, 5 рачных патрульных караблёў і манітор). Марская авіяцыя мае процілодачную эскадрыллю (11 баявых самалётаў) і інш.

Ахова здароўя. Сярэдняя працягласць жыцця ў мужчын 57 гадоў, у жанчын 67 гадоў. Смяротнасць 9 на 1 тыс. чал. Забеспячэнне бальнічнымі ложкамі — 1 на 270 чал., урачамі — 1 тэрапеўт на 848 чал. Узровень нараджальнасці 21 на 1 тыс. чал. Дзіцячая смяротнасць 60 на 1 тыс. нованароджаных (1994).

Асвета, навуковыя ўстановы. Сучасная сістэма адукацыі Бразіліі ўключае дашкольныя ўстановы для дзяцей 2—6 гадоў, пач. (асноўную) 8-гадовую школу, абавязковую для дзяцей 7—14 гадоў, сярэднія школы (3-гадовыя каледжы з класічным або тэхн. ухілам, заканчэнне якіх дае права на паступленне ў ВНУ), прафес. навуч. ўстановы, ВНУ (дзярж. і прыватныя). Найбольшыя ун-ты: у Рыо-дэ-Жанейра (з 1920), Сан-Паўлу (1934), г. Бразілія (з 1961), Каталіцкі ў г. Кампінас (з 1941). Буйнейшыя б-кі: Нац. (з 1810), Партуг. каралеўская чытальная зала (з 1897), Мін-ва замежных спраў (з 1906) — усе ў Рыо-дэ-Жанейра, Муніцыпальная ў Сан-Паўлу (з 1925). Музеі: Нац., Нац. гіст., Нац. прыгожых мастацтваў у Рыо-дэ-Жанейра; сучаснага мастацтва і этнагр. ў Сан-Паўлу. Навуковыя даследаванні вядуцца ў навук. цэнтрах, ін-тах, спецыялізаваных ін-тах, ін-тах пры ун-тах. 12 акадэмій, якія маюць карпаратыўны характар (не вядуць н.-д. дзейнасці). Старэйшыя з іх Бразільская акадэмія л-ры (з 1897) і Бразільская АН (з 1916).

Друк, радыё, тэлебачанне. Выходзіць 270 штодзённых газет агульным тыражом 8,5 млн. экз. (1990). Буйнейшыя: «О Globo» («Зямны шар», з 1925), «О Estado do São Paulo» («Штат Сан-Паўлу», з 1875), «О Dia» («Дзень», з 1951). Урадавая інфарм. служба Эмпрэза Бразілейра ды камунікасан радыубраз (ЭБКР, засн. ў 1979). Радыёвяшчанне з 1921. Дзейнічае каля 2800 радыёстанцый (з 1989). Асноўныя: «Радыу Насіянал», «Радыу глобу», «Радыу Эльдараду», «Радыу жорнал ды Бразіл», «Радыу Тупі», «Радыу Мундыял». Тэлебачанне з 1952. Працуе 235 тэлевізійных станцый. Буйнейшае аб’яднанне, у якое ўваходзяць 1410 радыё- і 177 тэлестанцый, — Эмусорас ды Радыу і Тэлевізаў.

Літаратура. Нац. л-ра Бразіліі, якая развіваецца пераважна на партуг. мове, пачала складвацца на рубяжы 18—19 ст. Але актыўнае творчае жыццё ішло на працягу ўсяго калан. перыяду: трактаты і пісьмы місіянераў-езуітаў, хронікі і апісанні падарожжаў, паэт. і драм. творы ў стылі барока. Шырока засвойваліся партуг., індзейскія і негрыцянскія фалькл. багацці. У 16—17 ст. мелі пашырэнне рэліг. тэатр. пастаноўкі — аўта, у якія, каб палегчыць іх успрыманне індзейцамі-язычнікамі, уводзіліся сюжэты з мясц. паданняў і міфаў. Буйнейшыя тагачасныя аўтары: Ж. ды Аншыета, Б.Тэйшэйра Пінту, А.Віейра, А. ды Са, Г. ды Матус, М.Батэлью ды Алівейра, Н.Маркес Перэйра, С. да Роша Піта. У творах 18 ст. спалучыліся класіцыстычныя памкненні, уплыў асветы і эстэтыкі Аркадыі (італьян. літ. акадэміі). Пераадоленне барочнага светаўспрымання, мноства хвалебных і любоўных паэм, сатыр, элегій, ліслівых санетаў, прысвечаных вяльможам, спалучаліся з пошукамі нац. асноў творчасці. У эпічных паэмах «Уругвай» (1769) Ж.Б. да Гамы і «Карамуру» (1781) Ж. ды Санта-Рыта Дурана асветніцкі ідэал «натуральнага» чалавека ўвасобіўся ў вобразе індзейца. Вядучым лірыкам, адным з заснавальнікаў як нац. л-ры, так і лац.-амер. рамантызму быў Т.А.Ганзага. Яго кн. вершаў «Дырсеева Марылія» (ч. 1—2, 1792—99) уласцівы пастаральны каларыт і культ прыроды. Ганзага і паэты К.М. да Коста, І.Ж. ды Алварэнга Пейшоту заклалі эстэт. прынцыпы «мінаскай школы» (Мінас-Жэрайс — штат на ПдУ Бразіліі), удзельнічалі ў антыпартуг. руху «інканфідэнтаў». Лічыцца, што іх пяру належыць паэма «Чылійскія лісты» (1786) — вострая сатыра на калан. чыноўніцтва. Абвяшчэнне незалежнасці Бразіліі ў 1822 прадвызначыла канчатковае аддзяленне яе л-ры ад партугальскай. Сцвярджэнне ў 19 ст. рамантызму ў браз. л-ры ішло праз «перадрамантызм» тых аўтараў, якія захавалі сувязь з «аркадыйскім» рухам (А.П. ды Соза Колдас і Ж.Б. ды Андрада-і-Сілва). Аптымізму, рамантычнай ідэалізацыі абарыгенаў (індзейцаў) у індыянізме — значнай плыні ўнутры рамантызму (паэты Ж.Г. ды Магальяэнс і А.Гансалвіс Дыяс, раманісты Бразіліі да Сілва Гімараінс і Ж.М. ды Аленкар) — прыйшлі на змену «сертанізм» (паэтызацыя патрыярхальнага сял. жыцця), песімістычныя матывы філас. лірыкі. У 2-й пал. 19 ст. браз. л-ра зазнала ўплыў Парнаскай школы, даволі моцныя былі тэндэнцыі сімвалізму, натуралізму, рэгіяналізму (адлюстраванне прыроды розных раёнаў краіны і нораваў жыхароў). Раманы «Ханаан» (1902) Ж.П. да Граса Араньі, «Сертаны» (1902) Э. да Куньі, «Запіскі архіварыуса Ісаяса Каміньі» (1909) А.Э. ды Лімы Барэту прадвызначылі нац. спецыфіку развіцця гэтага жанру ў наступныя дзесяцігоддзі. 20 ст. адзначана рэаліст. і авангардысцкімі пошукамі ва ўсіх літ. родах. Вострыя сац. праблемы ўзнімаў «паўн.-ўсх. раман» (Г.Рамус, Ж.Ліне ду Рэгу, Ж.Амаду). Жанр гарадскога сац.-псіхал. рамана распрацоўваў Э.Верысіму. Прадстаўнікі паэзіі і прозы авангардысцкіх кірункаў — Ж.О. ды Андрадзі, Ж. ды Ліма, М.Р. ды Андрадзі, К.Д. ды Андрадзі, В. ды Марайс.

Архітэктура, выяўленчае мастацтва. Ад стараж. індзейскіх культур на тэр. Бразіліі захаваліся наскальныя выявы, каменная скульптура, кераміка з геам. і антрапаморфным арнаментам. З прыходам партугальцаў (1500) паявілася мураваная архітэктура, будаваліся гарады і крэпасці (Алінда, Рэсіфі, Салвадор, Рыо-дэ-Жанейра), умацаваныя сельскія сядзібы—фазэнды (дом памешчыка, царква, гасп. пабудовы і хлявы для рабоў). У 18 ст. ў раёне здабычы золата і алмазаў (цяпер штат Мінас-Жэрайс) сфарміравалася самабытная архітэктура браз. барока, якая вылучалася пластычнасцю аб’ёмаў, багаццем колеру, пышнасцю ляпнога дэкору, размалёўкамі і залачонай разьбой па дрэве ў інтэр’ерах (арх. М.Ф. ды Лісбоа, яго сын Алейжадынью і інш.). Для ўпрыгожання будынкаў выкарыстоўваліся і бела-блакітныя керамічныя пліткі («азулежус»), з якіх складваліся сюжэтныя кампазіцыі. Развіваліся станковая скульптура, якая адлюстравала нац.-вызв. імкненні (Алейжадынью), і дэкар. пластыка (В. ды Фансека-і-Сілва), узнік станковы жывапіс (М. да Коста Атаідзі). З абвяшчэннем незалежнасці Бразіліі (1822) у яе культуры ўзмацніўся свецкі пачатак, у архітэктуры — франц. класіцызм (арх. О.Гранжан ды Мантыньі). У 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. раслі гарады з багатымі будынкамі ў духу еўрап. эклектызму, а пазней у стылі мадэрн. Жывапіс (гіст., батальны, партрэт, пейзаж) таксама фарміраваўся пад уплывам франц. класіцызму, рамантызму і акадэмізму (Н.А. і Ф.Э.Тане); у ім узмацнялася цікавасць да нац. вобразаў (В.Мейрэліс ды Ліма, П.Амерыку ды Фігейрэду-і-Мелу) і рэаліст. паказу нар. жыцця (жанрыст Ж.Ф. ды Алмейда Жуніяр, партрэтыст Э.Вісконці). У 20 ст. пошукі самаст. шляху ў архітэктуры выявіліся ў адраджэнні формаў калан. эпохі («неакаланіяльны стыль») з выкарыстаннем нац. традыцый, сучаснай буд. тэхнікі і лаканічных геаметрызаваных формаў. З 1930-х г. складваецца самабытная браз. школа архітэктуры з экспрэсіўнай пластычнасцю і маляўнічасцю абагульненых крывалінейных формаў (арх. О.Німеер). Рэканструяваліся старыя гарады (Сан-Паўлу, Рыо-дэ-Жанейра) і будаваліся новыя, у т. л. сталіца Бразілія (арх. Л.Коста, Німеер). У 1960—70-я г. пашырылася прамысл. і жыллёвае буд-ва (вышынныя будынкі, вял. жылыя масівы). Паявілася імкненне да замкнутасці прасторы, строгасці формаў, масіўнасці дэталяў, цікавасць да формы і колеру, працягваліся пошукі нац. спецыфікі (арх. А.Гарсія Роза, Ф.Р.Карвалью, Ж.М.Кардозу і інш.). У выяўл. мастацтве з 1920-х г. пошукі ў духу сацыяліст. рэалізму (маст. К.Партынары, Т. ду Амарал) перапляліся з выкарыстаннем прыёмаў найноўшых еўрап. кірункаў (рух «Тыдзень сучаснага мастацтва», Сан-Паўлу, 1922). Драм. выразнасцю вылучаецца дэмакр. графіка (О.Гаэлдзі, К.Скліяр, Р.Кац). Жахі вайны і фашызму выкрываў Л.Сегал. Для скульптуры характэрныя ваганні паміж нац. і абстрактна-сімвалічнымі вобразамі. Разнастайныя віды нар. мастацтва Бразіліі — негрыцянскага (статуэткі, шматколернае адзенне, хатняе начынне ў традыцыях афр. мастацтва) і асабліва індзейскага (фігурная кераміка, драўляныя статуэткі, паліхромная размалёўка хацін тукана, разныя зааморфныя лаўкі карыбаў, узорнае ткацтва, пляценне, вырабы з пер’я).

Музыка. Муз. фальклор у Бразіліі склаўся на аснове амер., еўрап. (пераважна партугальскіх) і афр. крыніц. У сучаснай нар. музыцы пераважаюць афр. элементы (песенна-танц. жанры батукада, самба, машышы, ударныя і шумавыя інструменты), у крэольскай — песенныя жанры (дэзафіў, мода, мадынья, лунду) і вак.-інстр. формы гар. музыкі (шора). Сярод муз. інструментаў: віялан (6-струнная гітара), віёла, кавакінью (струнныя), барабаны, шумавыя. Прафес. муз. творчасць развівалася пад еўрап. уплывам. У 19 ст. пераважалі оперныя жанры італьян. ўзору. Заснавальнік браз. нац. оперы К.А.Гоміс («Гуарані», 1870). У канцы 19 — пач. 20 ст. фарміруецца нац. кампазітарская школа: Л.Мігіс, Э.Освалд, А.Леві, Ф.Брага, А.Непамусену. Сярод кампазітараў нац. кірунку: Э.Віла-Лобас, О.Л.Фернандыс, Ф.Міньёні, Р.Гнаталі, К.Гуарньеры, Ж.Сікейра, К.Сантору (пазней звярнуўся да дадэкафоніі). Сярод прыхільнікаў муз. авангардызму С.Гера Пейшы (засн. «Групу новай музыкі»), Э.Крыгер і інш. Працуюць (1996): у Рыо-дэ-Жанейра оперны т-р «Сан-Жуан», Браз. муз. акадэмія імя Фернандыса, Нац. школа музыкі Федэральнага ун-та; у Сан-Паўлу Кансерваторыя драмы і музыкі і інш. Дзейнічаюць цэнтр фалькл. даследаванняў, Саюз музыкантаў (з 1954) і Ордэн музыкантаў (з 1960); выдаюцца муз. часопісы, праводзяцца міжнар. конкурсы піяністаў (з 1957) і скрыпачоў (з 1965).

Тэатр. Элементы т-ра былі ў абрадавых гульнях афра-браз. культу, т.зв. макумбах. Першыя спектаклі ў 16 ст. наладжвалі езуіты — ставілі інсцэніроўкі літ. твораў ці стваралі аўта (кароткія драм. паказы на рэліг. сюжэты). У 18 ст. рабіліся спробы стварыць прафес. тэатр. Ставіліся п’есы прадстаўнікоў браз. класіцызму (М.Батэлью ды Алівейры, А.Ж. да Сілвы, І.Ж. ды Алварэнгі Пейшоту, К.М. да Косты). У 1813 адкрыты Каралеўскі тэатр св. Жуана, дзе выступалі пераважна партуг. і італьян. трупы. Абвяшчэнне незалежнасці Бразіліі (1822) садзейнічала развіццю нац. тэатра і драматургіі. Пасля 1-й сусв. вайны колькасць замежных труп паменшала, больш інтэнсіўна развіваўся нац. т-р. На пач. 1920-х г. створаны пастаянныя драм. трупы К. ды Соза, А.Азеведу, Л.Фроіса, Г.Кардзіна, якія адначасова з замежнай драматургіяй ставілі творы нац. аўтараў. Пасля 2-й сусв. вайны працавалі шматлікія тэатр. трупы ў Рыо-дэ-Жанейра і Сан-Паўлу, створаны тэатр. навуч. ўстановы. Вялікую ролю ў абнаўленні браз. т-ра адыграла дзейнасць т-ра «Камедыянты» (засн. ў труп А.Марына, А.Чэлі, Дж.Рата, студэнцкага т-ра Пернамбуку. Грубая камедыя, т.зв. шаншада, якая пераважала ў рэпертуары т-раў, саступіла месца творам драматургіі, што адлюстроўвалі грамадска значныя з’явы жыцця, — п’есам Ж.Камаргу, Н.Радрыгіса, Г.Фігейрэду і інш.

Кіно. Вытворчасць фільмаў у Бразіліі пачалася ў 1903. У 1915 створана першая кінастудыя, дзе здымаліся пераважна браз. варыянты замежных фільмаў, экранізаваліся творы л-ры. У першых гукавых фільмах, гал. чынам муз. камедыях, здымаліся вядомыя спевакі, выкарыстоўваліся нац. муз. мелодыі, сюжэты фільмаў былі звязаны з штогадовымі карнаваламі. У 1940-я г. створаны кінастудыі «Атлантыка» (Рыо-дэ-Жанейра) і «Вера-Крус» (Сан-Паўлу). Найб. значныя стужкі знялі рэж. У.Маўру, А.Кавалканці, Л.Барэту. У 1950—60-я г. пачалі дзейнасць рэжысёры т.зв. «новага кіно», творчасць якіх сфарміравалася пад уплывам італьян. неарэалізму (А.Віяні, Н.Перэйра дус Сантус і інш.). У 1970—80-я г. ўзмацніўся кантроль урада над кінапракатам з мэтай стымуляваць кінавытворчасць. Адначасова з камерцыйнымі здымаліся творы, заснаваныя на міфал. і фалькл. матывах, гіст. фактах. Ствараліся карціны, у аснове якіх сур’ёзныя сац. праблемы. Сярод лепшых фільмаў: «Кангасейра» (1953), «Песня мора» (1954), «Рыо 40°» (1955), «Там, дзе канчаецца асфальт» (1956), «Чырвоная смакоўніца» (1961), «Абяцанне» (1962), «Высушаныя жыцці» (1964), «Зямля ў трансе» (1966), «Дона Флор і абодва яе мужы» (1976), «Падзенне» (1977), «Насенне помсты».

Літ.:

История Латинской Америки: Доколумбова эпоха — 70-е годы XIX в. М., 1991;

Коваль Б.И. Бразилия вчера и сегодня. М., 1975;

Челядинский А.А. Демократическая альтернатива фашизму: (Опыт борьбы коммунистических партий Латинской Америки в 60—80-е годы). Мн., 1991. С. 132—141;

Тертерян И.А. Бразильский Роман XX века. М., 1965;

Художественное своеобразие литератур Латинской Америки. М., 1976;

Культура Бразилии. М., 1981;

Кириченко Е.И. Три века искусства Латинской Америки. М., 1972;

Каптерева Т.П. Искусство Бразилии. М., 1986;

Leite J.P.T. Pintura moderna brasileira. [Rio de Janeiro], 1978;

Lemos C.A. Arquitetura brasileira. São Paulo, 1979;

Эстрела А. Современная бразильская музыка // Музыкальная культура стран Латинской Америки. М., 1974;

Алваренга О. Бразильские народные танцы-действа // Тамсама;

Яе ж. Бразильские народные танцы и песни // Музыка стран Латинской Америки. М., 1983.

М.С.Вайтовіч (прырода, насельніцтва, гаспадарка), У.Я.Калаткоў (гісторыя), І.Л.Лапін (літаратура).

т. 3, с. 231

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІЗРА́ІЛЬ, Дзяржава Ізраіль (Медынат-Ісраэль),

дзяржава ў Зах. Азіі, на ўзбярэжжы Міжземнага м. Мяжуе на Пн з Ліванам, на У з Сірыяй, тэрыторыяй арабскай аўтаноміі на зах. беразе р. Іардан, Іарданіяй, на Пд з Егіптам і сектарам Газа, на З абмываецца Міжземным м. Падзяляецца на 6 акруг (дыстрыктаў). Пл. 20,8 тыс. км². І. акупіруе ч. суседніх араб. тэрыторый пл. 7,1 тыс. км² (Зах. бераг р. Іардан, сектар Газа, Галанскія вышыні). Нас. каля 5950 тыс. чал. (канец 1997). Паводле пастаноў урада 1950 і парламента 1980, сталіца — г. Іерусалім (не прызнана большасцю краін і ААН). Афіц. мовы — іўрыт (старажытнаяўрэйская) і арабская. Нац. свята — Дзень незалежнасці (5 іяра па яўр. календары, рухомае — у крас. або маі).

Дзяржаўны лад. І. — дэмакр. рэспубліка. Краіна не мае канстытуцыі; асновы дзярж. ладу рэгулююцца некалькімі заканад. актамі, у т. л. законамі аб грамадзянстве, прэзідэнце, парламенце. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца парламентам на 5 гадоў. Паўнамоцтвы прэзідэнта абмежаваны і ў асноўным зводзяцца да прадстаўніцтва. Уся паўната ўлады належыць прэм’ер-міністру, які выбіраецца насельніцтвам на 4 гады. Урад кіруе ўсімі пытаннямі ўнутр. і знешняй палітыкі дзяржавы. Вышэйшы заканад. орган — аднапалатны парламент (кнесет); складаецца з 120 дэпутатаў, якія выбіраюцца насельніцтвам на 4 гады. Мясц. органы ўлады — муніцыпальныя саветы ў гарадах і сельскія акр. саветы, выбіраюцца на 4 гады. Суд. сістэма складаецца са свецкіх і рэліг. судоў (судоў равінату і судоў шарыяту — для араб. насельніцтва). Сістэму свецкіх судоў (раённых, муніцыпальных і акруговых) узначальвае Вярх. суд. Суды равінату разглядаюць пытанні шлюбу і сям’і, культавыя справы і дзейнічаюць на аснове Талмуда і галахічных пастаноў.

Прырода. Асн. частка тэр. І. — нагор’е выш. 600—700 м. Паўночная, найб. высокая ч. нагор’я наз. плато Галілея (найвыш. пункт — г. Мейрон, 1208 м). На Пд паўпустыннае і пустыннае плато Негеў (60% тэр.). На У грабен Гхор і яго працяг — Вадзі-эль-Араба. Самая нізкая ч. ўпадзіны занята Мёртвым м., узровень якога на 400 м ніжэй узроўню акіяна. Уздоўж Міжземнага м. ўрадлівая ўзгорыстая раўніна, больш шырокая на Пд. Гал. карысныя выкапні — расолы Мёртвага м., багатыя солямі калію, брому, магнію. Ёсць фасфарыты, буд. матэрыялы, невял. запасы медных і жал. руд, нафты і прыроднага газу. Клімат субтрапічны міжземнаморскі з сухім і гарачым летам. Ападкаў ад 800—400 мм на Пн да 100 мм на Пд. Адзіная рака з пастаянным сцёкам — Іардан, працякае праз Тыверыядскае воз., упадае ў Мёртвае м. Астатнія рэкі невялікія, летам перасыхаюць або выкарыстоўваюцца на арашэнне. На Пд пашыраны вадзі. Вада р. Іардан па сістэме каналаў і трубаправодаў перакідваецца на Пд. Глебы карычневыя, шэра-карычневыя, шэразёмы, шэра-бурыя. Уздоўж узбярэжжа захаваліся ўчасткі маквісу, фрыганы; лясы займаюць 5% тэрыторыі. Нац. парк Кармель, некалькі рэзерватаў.

Насельніцтва. Яўрэі складаюць каля 81% насельніцтва, арабы — каля 18%. Жывуць таксама армяне, чэркесы і інш. Каля 60% яўр. насельніцтва нарадзілася ў І. Каля 25% яўр. насельніцтва — выхадцы з Еўропы, каля 15% — з араб. і інш. мусульм. краін. Сярод імігрантаў з Еўропы значную ч. складаюць выхадцы з Беларусі (за 1980—96 выехала больш за 95 тыс. чал.) і інш. частак былога СССР. Сярод вернікаў пераважаюць іудаісты, большасць арабаў — мусульмане-суніты, ёсць друзы і хрысціяне. Сярэдняя шчыльн. 286 чал. на 1 км². У наваколлі Тэль-Авіва шчыльн. больш за 5000 чал., у Негеве зніжаецца да 30 чал. на 1 км². У гарадах жыве 91% насельніцтва (1997). Найб. гарады (тыс. ж., 1996): Іерусалім — 602, Тэль-Авіў — 353 (разам з прыгарадамі і суседнімі гарадамі каля 2 млн. ж), Хайфа — 255. У прам-сці, буд-ве, транспарце і сувязі занята 35% насельніцтва, у сельскай гаспадарцы — 4%, астатнія — у абслуговых галінах.

Гісторыя. Перадумовы для ўтварэння сучаснай дзяржавы І. пачалі складвацца пасля арганізац. афармлення паліт. кірунку ў сіянізме (1897). Сусветная сіянісцкая арганізацыя (ССА) абвясціла сваёй мэтай стварэнне «для яўр. народа праваахоўнага прыстанішча» ў Палесціне (у старажытнасці тут існавалі Ізраільскае царства і Іудзейскае царства) шляхам каланізацыі гэтай тэрыторыі, якая тады ўваходзіла ў склад Асманскай імперыі. У Палесціне жылі пераважна арабамоўныя мусульмане і хрысціяне; напярэдадні 1-й сусв. вайны тут было каля 60 тыс. яўрэяў. Для здзяйснення сваіх намераў сіяністы шукалі саюзнікаў і заступнікаў сярод найб. уплывовых краін свету, найперш Вялікабрытаніі. Каб выкарыстаць сіянісцкі рух для ўзмацнення ўласных пазіцый у Палесціне, урад Вялікабрытаніі ў ліст. 1917 афіцыйна абвясціў пра свае «прыхільныя адносіны» да стварэння тут «нац. ачага для яўр. народа». Пасля перамогі дзяржаў Антанты ў 1-й сусв. вайне і зацвярджэння мандата Вялікабрытаніі на кіраванне Палесцінай (1922) склаліся спрыяльныя ўмовы для каланізацыі (засялення) яе яўрэямі. З 1920 да 1948 мясц. яўр. абшчына (ешуў) павялічылася амаль у 40 разоў. Пасля 2-й сусв. вайны яўр. паліт. арг-цыі, падтрыманыя ЗША, адкрыта паставілі пытанне пра стварэнне ўласнай дзяржавы на тэр. Палесціны, што выклікала процістаянне паміж ешувам і брыт. ўладамі. Узмацніўся і нац.-вызв. рух палесцінскіх арабаў. У гэтых умовах Вялікабрытанія перадала палесцінскае пытанне на абмеркаванне ў ААН. У выніку працяглых дэбатаў Ген. Асамблея галасамі 33 дзяржаў (Вялікабрытанія ўстрымалася ад галасавання) 29.11.1947 прыняла рашэнне аб скасаванні брыт. мандата на Палесціну і падзеле яе на 2 дэмакр. дзяржавы: арабскую (11.1 тыс. км²) і яўрэйскую (14,1 тыс. км², або 56% палесцінскай тэр., са змяшаным насельніцтвам — 499 тыс. яўрэяў і больш за 509 тыс. арабаў); г. Іерусалім вылучаўся ў спец. зону пад міжнар. кантролем. На падставе рэзалюцыі ААН лідэры ССА і яўр. абшчыны ў Палесціне 14.5.1948 абвясцілі ўтварэнне дзяржавы І. Араб. краіны, незадаволеныя рашэннем ААН, на наступны дзень пачалі араба-ізраільскую вайну 1948—49, у выніку якой яны пацярпелі паражэнне, а ізраільцяне заваявалі 6,7 тыс. км² (б.ч. зямель не створанай палесцінскай араб. дзяржавы). Узнікла праблема палесцінскіх бежанцаў-арабаў, што ўскладніла араба-ізраільскія адносіны (гл. Блізкаўсходні канфлікт). У 1949 у выніку пагадненняў аб перамір’і паміж І. і суседнімі араб. дзяржавамі (Егіпет, Іарданія, Ліван, Сірыя) вызначана дэмаркацыйная лінія (працягласць 1239 км, заставалася нязменнай да ізраільска-араб вайны 1967). У 1949 у І. адбыліся выбары ў парламент. Першым прэзідэнтам краіны стаў адзін з лідэраў сіянісцкага руху Х.Вейцман, першым прэм’ер-міністрам — Д.Бен-Гурыён. Яго ўрады (1948—53, 1955—63) аддавалі вял. ўвагу забеспячэнню нац. бяспекі і стварэнню ўзбр. сіл: распушчаны або ўключаны ў склад рэгулярнай арміі вайск. фарміраванні розных паліт. партый і арг-цый, якія існавалі з часоў знаходжання Палесціны пад брыт. мандатам; праходжанню вайск. службы падлягалі мужчыны і жанчыны; да 1960-х г. з дапамогай Францыі створаны сучасныя ВПС.

У 1956 І. разам з Вялікабрытаніяй і Францыяй удзельнічаў ва ўзбр. інтэрвенцыі супраць Егіпта: урад Бен-Гурыёна разлічваў пашырыць паўд. межы І. (кампанія на Сінайскім п-ве). Пасля прыняцця ААН рэзалюцыі, якая асуджала траістую агрэсію, і дыпламат. націску з боку ЗША і СССР войскі І. выведзены з тэр. Егіпта. Улады І. заахвочвалі іміграцыю яўрэяў з усяго свету. Напачатку насельніцтва краіны папаўнялася пераважна за кошт б. вязняў нацысцкіх канцлагераў. У 1950-я г. ўзмацнілася эміграцыя яўрэяў з мусульм. краін Б. і Сярэдняга Усходу, Паўн. Афрыкі; у 1960-я г. іх стала больш, чым яўрэяў еўрап. паходжання. Вырашэнню многіх эканам. праблем краіны спрыяла фін. дапамога з боку ЗША. Аднак араба-ізраільскія адносіны заставаліся напружанымі. 5.6.1967 ізраільскія войскі адначасова нанеслі прэвентыўныя ўдары па тэр. Егіпта, Іарданіі і Сірыі. У ходзе т.зв. шасцідзённай вайны яны занялі егіпецкія (Сінайскі п-аў і сектар Газа), іарданскія (Усх. Іерусалім і Заходні бераг ракі Іардан), сірыйскія (Галанскія вышыні) землі; (усяго каля 70 тыс. км²). З гэтага часу пытанне пра будучыню акупіраваных араб. зямель стала адной з гал. праблем унутрыпаліт. жыцця І. 22.11.1967 Савет Бяспекі ААН прыняў рэзалюцыю, якая прадугледжвала спыненне вайны на Б. Усходзе, забеспячэнне тэр. недатыкальнасці і гарантыі граніц усіх дзяржаў рэгіёна, вывад ізраільскіх войск з акупіраваных тэрыторый. Аднак І. не прыняў гэта рашэнне: амаль усе вядучыя партыі краіны адмовілі ідэю вяртання да даваен. тэрыторый і прызнанне права араб. народа Палесціны на нац. самавызначэнне. Разыходжанні ў пазіцыях партый датычыліся толькі варыянтаў «тэр. уступак» і магчымасці кампрамісу для дасягнення міру на Б. Усходзе. У кастр. 1973 адбылася новая араба-ізраільская вайна (т.зв. Вайна Суднага Дня) — Егіпет і Сірыя спрабавалі ўзбр. шляхам вярнуць страчаныя тэрыторыі. На 1-м этапе вайны І. фактычна пацярпеў паражэнне. На 2-м этапе ізраільцяне з вял. цяжкасцямі аднавілі раўнавагу сіл, пры гэтым страцілі каля 3 тыс. чал. забітымі, 900 танкаў і каля 250 самалётаў; ваен. дзеянні прыпынены пад націскам СССР і ЗША. Урад Г.Меір вымушаны быў пайсці ў адстаўку. Новы кабінет узначаліў у крас. 1974 І.Рабін, але і яго ўрад не здолеў спыніць інфляцыю і пагаршэнне эканам. становішча краіны, што прывяло да аслаблення пазіцый кіруючага с.-д. блока Маарах (утвораны ў 1969). З 1948 да 1977 дзярж. ўлада ў І. належала сацыял-сіянісцкім партыям, якія прапагандавалі лозунг пабудовы «сіянісцкага сацыялізму». У 1977 на выбарах у кнесет перамог правы блок партый Лікуд (лідэр М.Бегін), што знаходзіўся на чале ўлады да 1984. Яго эканам. праграма прадугледжвала пашырэнне прыватнага прадпрымальніцтва на ўсе сферы эканомікі. Аднак лібералізацыя эканомікі не спыніла росту інфляцыі, выкліканай вял. выдаткамі на патрэбы абароны. Ураду Бегіна ўдалося дамагчыся мірнага ўрэгулявання з Егіптам. У 1978 пры ўдзеле ЗША паміж І. і Егіптам заключаны Кэмп-Дэвідскія пагадненні, 26.3.1979 падпісаны мірны дагавор, паводле якога Егіпту вернуты Сінайскі п-аў (крас. 1982). За першыя 30 гадоў існавання І. яго насельніцтва павялічылася ў 5 разоў, пры гэтым на ​2/з за кошт імігрантаў. У чэрв. 1982 Ізраільскія войскі ўварваліся ў Ліван і дамагліся эвакуацыі з Бейрута штаб-кватэры і ўзбр. фарміраванняў Арганізацыі вызвалення Палесціны (ААП). У выніку выдаткаў на вайну і акупацыі Пд Лівана ў І. паглыбіўся эканам. крызіс. У жн. 1983 урад узначаліў І.Шамір. У ліп. 1984 створаны ўрад «нац. адзінства» (кааліцыя Лікуд—Маарах). Абвешчанае кааліцыйным урадам «аздараўленне эканомікі» (прадугледжвала эканам. рост, поўную занятасць працаздольнага насельніцтва, стабілізацыю цэн і інш.) не было поўнасцю выканана, што прывяло да распаду кааліцыі (сак. 1989). Кіраўніком урада зноў стаў Шамір. Нягледзячы на абстрэлы тэр. І. іракскімі ракетамі, І. захоўваў нейтралітэт у час кувейцкага крызісу 1990—91. У чэрв. 1991 пасля паражэння на парламенцкіх выбарах блока Лікуд сфарміраваны ўрад на чале з лідэрам партыі Працы (ядро — блок Маарах) Рабінам. Пасля Мадрыдскай мірнай канферэнцыі па Б. Усходзе (кастр. 1991) пачаліся прамыя араба-ізраільскія перагаворы. У вер. 1993 Рабін і старшыня ААП Я.Арафат падпісалі ў Вашынгтоне ізраільска-палесцінскую Дэкларацыю аб прынцыпах, якая прадугледжвала стварэнне часовага самакіравання на Зах. беразе р. Іардан і ў Газе; І. і ААП абвясцілі пра ўзаемнае прызнанне. У маі 1994 войскі І. пакінулі г. Іерыхон і Газу, што перайшлі пад кіраванне палесцінскай аўт. адміністрацыі. У ліп. 1994 Рабін і кароль Іарданіі падпісалі мірнае пагадненне, якое завяршыла 46-гадовы стан вайны паміж гэтымі краінамі. У кастр. 1994 абодва бакі заключылі поўнамаштабны дагавор, паводле якога вырашаны тэр. спрэчкі і размеркаваны водныя рэсурсы, устаноўлена супрацоўніцтва ў сферы гандлю, эканомікі, абароны навакольнага асяроддзя і турызму. У 1994 І. устанавіў дыпламат. адносіны з Ватыканам. У 1995 паміж 1. і ААП падпісана другое пагадненне, якое прадугледжвала вывад ізраільскіх войск (адбыўся ў пач. 1996) з палесцінскіх тэрыторый на зах. беразе, выбары Палесцінскага савета з 88 членаў і прэзідэнта палесцінскай аўт. адміністрацыі. 4.11.1995 Рабін забіты ізраільскім экстрэмістам. Кіраўніком урада стаў Ш.Перас, які прадоўжыў перагаворы з ААП. Аднак у маі 1996 прэм’ер-міністрам І. выбраны Б.Нетаньяху — прыхільнік мінімальнага кампрамісу ў перагаворах з палесцінцамі. І. — член ААН (з 1949). Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў маі 1992.

Палітычныя партыі і грамадскія арганізацыі. Лікуд (найбуйнейшая партыя), Сацыяліст. партыя Авода (Праца), блок левых партый Мерэц (Дэмакр. І.) у складзе РАЦ (Рух за грамадз. правы), Шынуі (Змяненне) і МАПАМ (Аб’яднаная рабочая партыя), блок камуністаў і левых сіл, рэліг. партыя ШАС (Сефардскія вартаўнікі Торы), Мафдал (Нац.-рэліг. партыя), «Яхадут ха-Тора ха-меухедэт» («Аб’яднаны іудаізм Торы»), Дэмакр. араб. партыя і інш. Прафс. аб’яднанне — Гістадрут (Усеагульная федэрацыя працы І.).

Гаспадарка. І. — індустр.-агр. краіна. Доля ў валавым унутр. прадукце прам-сці і буд. каля 30%, сельскай гаспадаркі — каля 5%; на 1 чал. ў год прыпадае каля 17 тыс. долараў. У прамысловасці пераважаюць дробныя і сярэднія прадпрыемствы, аднак адбываецца канцэнтрацыя вытв-сці. Энергетыка засн. на выкарыстанні імпартаванай нафты. Вытв-сць электраэнергіі 29,6 млрд. кВтгадз (1996). Здабыўная прам-сць уключае здабычу хім. сыравіны з вод Мёртвага м.: калійных солей (каля 2 млн. т штогод), брому і магнію. Здабываюць фасфарыты (у Негеве, каля 3 млн. т штогод), буд. матэрыялы, невял. колькасць меднай руды, нафты і прыроднага газу. Развіты металаапрацоўка і машынабудаванне. Сталеліцейны з-д у Ака гадавой магутнасцю 200 тыс. т. Найважнейшую ролю (дае чвэрць усёй прамысл. прадукцыі) адыгрывае вытв-сць ваен. тэхнікі. Выпускаецца разнастайнае прамысл. абсталяванне. Ёсць некалькі аўтазборачных прадпрыемстваў, суднаверф у Хайфе. Добра развітая радыёэлектронная прам-сць спецыялізуецца пераважна на выпуску прадукцыі прамысл. і ваен. прызначэння: электраабсталявання, тэлеапаратуры, сістэм правадной радыё- і радыёрэлейнай сувязі, радыёстанцый, ЭВМ, кантрольна-вымяральных прылад, прыёмнікаў, тэлеф. станцый, мед. і быт. электронікі, канвектараў сонечнай энергіі і інш. Хім. прам-сць — адна з найб. развітых галін. Выпускае ўгнаенні (калійныя і суперфасфат), штучныя кармы, ядахімікаты, шыны і камеры. 2 нафтаперапр. з-ды (Хайфа, Ашдод) перапрацоўваюць штогод каля 10 млн. т нафты. Большая ч. прадукцыі добра развітой фармацэўтычнай прам-сці экспартуецца. Харч. прам-сць — старэйшая галіна прам-сці. Выпускае разнастайную прадукцыю (каўбасныя, малочныя і кандытарскія вырабы, сыры, канцэнтраты, кансервы, сокі). Вінаробства. Тэкст. і швейная прам-сць выкарыстоўвае сувязі з краінамі Еўропы і Амерыкі. Пераважае выпуск баваўняных і сінт. тканін, верхняга і футравага адзення, пасцельнай бялізны, сінт. дываноў, ваен. абмундзіравання. Ёсць некалькі соцень гарбарна-абутковых прадпрыемстваў. Развіты таксама галіны: дрэваапр., папяровая, паліграф., вытв-сць канцтавараў, спарт. інвентару, ювелірных і прыкладнога мастацтва вырабаў. І. займае адно з першых месцаў у свеце на апрацоўцы прамысл. алмазаў і агранцы брыльянтаў. Больш за палавіну прамысл. прадпрыемстваў у раёне Тэль-Авіва, каля чвэрці — у Хайфе. У сельскай гаспадарцы выкарыстоўваецца каля палавіны плошчы краіны. Апрацоўваецца каля 440 тыс. га, у т. л. больш за 220 тыс. га арашаецца. Паўпустынныя тэрыторыі выкарыстоўваюцца пад пашу. Большая частка зямлі належыць дзяржаве, якая перадае яе ў шматгадовае карыстанне яўр. калектыўным гаспадаркам (у т. л. кібуцам) і індывід. фермерам. І. сусв. лідэр па с.-г. тэхналогіях. Цытрусавыя займаюць каля 35 тыс. га, інш. фрукты — каля 55 тыс. га, палявыя культуры — каля 230 тыс. га, агародніна, бульба і бахчавыя культуры — каля 45 тыс. га, кветкі — каля 2 тыс. га, пад рыбнымі сажалкамі каля 3 тыс. га. Штогадовы збор (тыс. т): пшаніцы — каля 300, бавоўны-валакна (асн. тэхн. культура) — каля 50, кармавых культур — каля 150, агародніны — каля 1100, бульбы — каля 220, бахчавых культур — каля 160, цытрусавых — каля 1500, інш. фруктаў (яблыкі, вінаград, бананы, аліўкі, авакада, ківі і інш.) — каля 500. Развіта малочна-мясная жывёлагадоўля. Буйн. раг. жывёлы 395 тыс. галоў, кур-нясушак 6,4 млн. галоў, бройлераў 15 млн. галоў, індыкоў 4,1 млн. галоў (1996). Па ўдоі малака на адну карову (больш за 8,5 тыс. л за год) І. займае 1-е месца ў свеце. Гадуюць авечак, коз (разам каля 420 тыс. галоў). Развіты рыбаводства, рыбалоўства ў Тыверыядскім возеры. Транспарт пераважна аўтамабільны. Даўж. аўтадарог 15,1 тыс. км. У краіне каля 1,5 млн. аўтамашын. Даўж. чыгункі 610 км. Асн. чыгунка і аўтадарогі злучаюць Пн і Пд краіны. Нафтаправоды Эйлат—Хайфа, Эйлат—Ашкелон, прадуктаправод Хайфа—Тэль-Авіў. У знешніх зносінах вял. ролю адыгрывае марскі транспарт. Танаж гандл. флоту каля 2 млн. т, частка флоту плавае пад замежнымі флагамі. Гал. парты Ашдод (пераважае экспарт), Хайфа (пераважае імпарт), Эйлат. У краіне 2 міжнар. аэрапорты (імя Бен-Гурыёна каля Тэль-Авіва і Эйлацкі на крайнім Пд), праз іх праходзіць больш за 10 тыс. міжнар. рэйсаў за год. І. — краіна развітога турызму, у год яе наведвае каля 2 млн. замежных турыстаў і паломнікаў. У 1993 замежны турызм даў 2,1 млрд. долараў. Асн. раёны замежнага турызму: Іерусалім, Бейт-Лахм (Віфлеем), Назарэт, узбярэжжы Міжземнага і Мёртвага мораў, Эйлат. І. экспартуе машыны і абсталяванне, узбраенне, аграненыя алмазы, цытрусавыя, кансерваваныя фрукты, мінер. ўгнаенні, хімікаты і інш.; імпартуе паліва, неапрацаваныя алмазы, некат. прамысл. і харч. тавары, кармы, аўтамашыны і інш. Імпарт (у 1996—29,9 млрд. дол.) большы за экспарт (у 1996—20,5 млрд. дол.). Дэфіцыт гандл. балансу пакрываецца за кошт замежнай дапамогі (ЗША і яўр. арг-цыі). Гал. гандл. партнёры ЗША, Германія, Японія, Вялікабрытанія, Італія, Швейцарыя. Грашовая адзінка — шэкель.

Узброеныя сілы. Складаюцца з сухап. войск, ВПС, ВМС і рэзерву. Тэр. краіны падзелена на ваен. акругі: Паўн., Цэнтр. і Паўднёвую. У 1997 налічвалі 175 тыс. чал., рэзерву — 430 тыс. чал. У сухап. войсках 134 тыс. чал., 4,3 тыс. танкаў, каля 6 тыс. бронетранспарцёраў і баявых машын пяхоты, 4,4 тыс. артыл. сродкаў і мінамётаў. У ВПС 32 тыс. чал., 448 баявых (250 у рэзерве) самалётаў і 130 баявых верталётаў. У ВМС 9 тыс. чал., 2 падводныя лодкі, 55 баявых караблёў і катэраў. З 1986 распрацоўваецца сістэма супрацьракетнай абароны. У 1988, 1990, 1995 і 1997 запушчаны касм. апараты ізраільскай вытв-сці, працягваецца распрацоўка развед. сістэм касм. базіравання і супрацьракетных комплексаў «Эроў», «Хец».

Ахова здароўя. Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 76, жанчын 80 гадоў. Смяротнасць 6 на 1 тыс. чал. Забеспячэнне бальнічнымі ложкамі — 1 на 159 чал., урачамі — 1 на 214 чал. Узровень нараджальнасці 20 на 1 тыс. чал. Дзіцячая смяротнасць 9 на 1 тыс. нованароджаных (1996).

Асвета, навуковыя ўстановы. У І. існуе сістэма ўсеагульнага абавязковага і бясплатнага навучання для дзяцей ва ўзросце 5—16 гадоў, з 16 да 18 гадоў — па жаданні. У сістэме школьнага навучання 4 тыпы школ: дзярж. (вучыцца большасць дзяцей), дзярж. рэліг. (з паглыбленым вывучэннем іудаізму і яўр. традыцый), араб. і друзскія (навучанне на араб. мове), прыватныя (абслугоўваюць патрэбы розных рэліг. суполак і міжнар. арг-цый). Школы 3 ступеней: пач. (1—6-ы кл.), сярэдняя (7—9-ы кл.) і гімназія (10—12-ы кл., спалучаецца свецкае навучанне з рэліг. выхаваннем). У некат. сярэдніх школах акрамя агульнаадук. праграм уведзена прафес. арыентацыя. Прафес. падрыхтоўку маюць тэхнал. (3 узроўні) і с.-г. школы, вучылішчы адпаведных галіновых мін-ваў. Паводле закона аб сярэдняй адукацыі дзеці, якія нідзе не вучыліся, абавязаны набыць спецыяльнасць у вячэрняй школе (3—4 гады навучання). Для павышэння адукац. ўзроўню розных слаёў насельніцтва створаны спец. дзённыя і вячэрнія курсы для дарослых, курсы па вывучэнні іўрыта ў спец. цэнтрах абсорбцыі для імігрантаў. У сістэме вышэйшай адукацыі — ун-ты, ін-ты і каледжы; навучанне платнае. У 1996/97 навуч. г. ў І. больш за 150 тыс. студэнтаў, у т. л. 102 тыс. ва ун-тах. Буйнейшыя ВНУ: «Тэхніён» — Ізраільскі політэхн. ін-т у Хайфе (засн. ў 1912, адчынены ў 1924), Яўр. ун-т у Іерусаліме (засн. ў 1918, адчынены ў 1925), Ун-т імя Бар-Ілана (з 1955) у Рамат-Гане, Тэль-Авіўскі ун-т (з 1956), Хайфскі ун-т (з 1963), Ун-т імя Д.Бен-Гурыёна ў Негеве (засн. ў 1965 у Беэр-Шэве), Адкрыты ун-т (засн. ў 1974) і інш. У І. шырокая сетка навук. і спец. б-к, цэнтраў апрацоўкі інфармацыі. Буйнейшыя б-кі: Ізраільская нац. б-ка (з 1892; знаходзіцца ў Яўр. ун-це, выконвае функцыі нац. цэнтр. і універсітэцкай б-кі), навук.-тэхн. б-ка пры «Тэхніёне», б-ка Н.-д. ін-та імя Х.Вейцмана ў Рэховаце, б-кі ун-таў і Кнесета (парламента); Цэнтр. муз. б-ка ў Тэль-Авіве, Б-ка танца і музыкі (аддзяленні ў Тэль-Авіве і Іерусаліме) і інш. Музеі: Нац. музей І. (з 1965), Археал. музей (з 1938), Музей ісламу (з 1970), Мемар. музей Яд ва-Шэм (з 1953; у складзе даследчага і дакумент. цэнтра памяці ахвяр нацызму), музей Акадэміі музыкі і танца ў Іерусаліме; Музей мастацтва (засн. ў 1926, адчынены ў 1931), Гаарэц-музей (з 1958; збор маст. шкла, манет, яўр. мастацтва, фальклору і інш.) у Тэль-Авіве; музеі стараж. (з 1948) і сучаснага (з 1951) мастацтва, Музей мастацтва Японіі, Муз.; Марскі і інш. Н.-д. работу праводзяць Н.-д. ін-т імя Х.Вейцмана (з 1934), навук. асацыяцыі, у т. л. Ізраільская мед. асацыяцыя (з 1912; у 1957 ёю засн. Іерусалімская акадэмія мед. навук), Асацыяцыя інжынераў і архітэктараў (з 1921), н.-д. ін-ты і цэнтры акад. ун-таў, «Тэхніёна», галіновых мін-ваў, Акадэмія мовы іўрыт (з 1953), Камісія па атамнай энергіі (з 1952) 1 інш. Н.-д. работу каардынуе Нац. савет па навук. даследаваннях і развіцці (з 1959) пры Мін-ве навукі і развіцця (з 1982).

Друк, радыё, тэлебачанне. У І. каля 400 перыяд. выданняў на мовах іўрыт, ідыш, араб., англ., франц., ням., рус., польск., венгерскай. Найб. уплывовая штодзённая ранішняя незалежная газ. «Гаарэц» («Наша краіна», з 1918), найб. тыраж маюць штодзённыя вячэрнія незалежныя газ. «Едыёт Ахранот» («Апошнія навіны», з 1939) і «Маарыў» (з 1948; усе ў Тэль-Авіве, на іўрыце). Інфарм. агенцтвы: Ітанут Ісраэліт Меўгедэт (з 1950, у Тэль-Авіве), Іевіш Тэлеграфік Агенсі (Іерусалім), Палесцін Прэс Сервіс (Іерусалім, араб. інфарм. агенцтва на акупіраваных тэрыторыях). Радыё ў І. з 1948. Першая радыёстанцыя засн. ў Іерусаліме, мае студыі ў Тэль-Авіве і Хайфе, трансліруе 6 праграм унутры краіны і па-за яе межамі на 16 мовах, у т. л. на іўрыце, ідыш, араб., англ., франц., рус., эфіопскай. З 1951 дзейнічае радыё ізраільскіх узбр. сіл «Галей Цахал». Тэлебачанне з 1966, трансліруе агульнанац. праграмы на мовах іўрыт і арабскай.

Літаратура. Да канца 19 ст. л-ра яўр. народа развівалася пераважна ў краінах дыяспары на іўрыце, араміце, а таксама на новых мовах рассялення — ладзіна, ідыш і інш. (гл. Яўрэйская літаратура). На мяжы 19—20 ст. цэнтр новай л-ры на іўрыце паступова пачаў перамяшчацца з Усх. Еўропы ў Палесціну (пісьменнікі А.Д.Гордан, І.Х.Брэнер, Х.Н.Бялік, Ш.Чэрніхоўскі). У навелах і раманах Ш.І.Агнона прадстаўлены жанр філас. прытчы, дзе біблейскія і фалькл. матывы спалучаюцца з сюррэаліст. гратэскам. Панарама жыцця яўрэйства ў прозе Х.Хазаза. Глыбокай метафарычнасцю і сугестыўнасцю пазначаны творы паэтаў 1940—50-х г. А.Шлёнскага, Н.Альтэрмана, Л.Гольдберг, у творчасці якіх адчуваецца ўплыў еўрап. сімвалізму і рус. акмеізму. Сплавам традыцый з навацыямі экспрэсіянізму і філас. роздумам экзістэнцыялізму вылучаецца паэзія У.Ц.Грынберга. Традыцыі Бяліка ў 1940—80-я г. прадоўжаны ў паэзіі Ш.Шалома і А.Коўнера. Гал. тэмай маладога пакалення 1940—50-х г. стала барацьба народа за незалежнасць і адраджэнне дзяржавы (проза І.Мосінзана, М.Шаміра, С.Ізхара, Н.Шахама і інш.). З 1960-х г. цэнтр. месца ў л-ры І. займаюць пісьменнікі «новай хвалі», для якіх характэрна экзістэнцыяльная тэматыка, увага да ўнутр. свету асобы, глыбінь чалавечай псіхікі (раманы і навелы А.Б.Іехошуа і А.Оза). Проза А.Апельфельда — своеасаблівы манумент усім, хто загінуў у часы фаш. генацыду. У 1960—70-я г. ўзрасла хваля авангарднай «маладой паэзіі» (І.Аміхай. Н.Зах, Д.Авідан), якой уласцівы абвостраны суб’ектывізм, імкненне перадаць глыбінныя рухі душы. Супярэчлівыя, парадаксальныя пошукі найноўшай л-ры 1970—90-х г. адлюстраваліся ў прозе І.Бен-Нера, Я.Шабтая, Д.Шыца, Ш.Харэвен, Х.Беера, паэзіі Я.Гурвіца, М.Візелціра, А.Шабтая, І.Волаха. Вял. папулярнасцю ў краіне і за яе межамі карыстаецца творчасць старэйшага пісьменніка-гумарыста Э.Кішона.

Архітэктура. Асновы архітэктуры І. склаліся ў канцы 19 — пач. 20 ст., калі з’явілася неабходнасць масавай жылой забудовы для рэпатрыянтаў. Яе асаблівасці закладзены ў пабудове квартала Мішкенот Шаананім («Мірныя дамы», 1860) у Іерусаліме: замкнёныя «гетападобныя» вуліцы, разлічаныя на аднароднае этнічнае і рэліг. насельніцтва, выкарыстанне мясц. арх. форм і традыцый, засваенне тагачасных вобразна-канструкцыйных сродкаў сусв. архітэктуры. Архітэктура пач. 20 ст. развівалася ў рэчышчы «міжземнаморскага стылю» (рэгіянальны варыянт інтэрнац. стылю 1920-х г.), мадэрну і канструктывізму. Сярод найб. значных пабудоў: канцэртная зала Ф.Мана ў Тэль-Авіве (1957, арх. З. і Я.Рэхтэры, Д.Кармі, М.Зархі) з веерападобнай канструкцыяй залы і падвеснай столлю; Нац. музей у Іерусаліме (1965) з кубічнымі аб’ёмамі будынкаў, унутр. дворыкам і пераходамі (арх. А.Мансфелвд, Д.Гад) і паркам (арх. Ісаму Нагучы); комплекс іерусалімскага ун-та з 30 будынкаў з падкрэслена функцыян. стылем (арх. Д.Рэзнік, Э.Рау); будынак Кнесета ў Іерусаліме (1966, арх. Кармі, І.Кларвайн) са сплавам рамантызму і манум. выразнасці. З 1970-х г. манументалізацыя набыла выгляд «новага бруталізму» (ажыўленне т.зв. традыцый крыжаносцаў — выкарыстанне вежаў, шчыльных муроў і інш.); шпіталь «Кармел» у Хайфе (арх. Я.Рэхтэр), б-ка «Бет-Арыэла» ў Тэль-Авіве (арх. М.Лупентэлер, Г.Грэмерман) і інш. З 1980-х г. у архітэктуры дамінуе постмадэрнізм, якому ўласцівы інтэрпрэтацыі мясц. і міжнар. традыцый розных эпох, у т. л. араба-ісламскіх: пл. Сюзан Дэлаль у Тэль-Авіве, будынак Вярх. суда ў Іерусаліме (арх. Р.Кармі, А.Кармі-Меламід) і інш. Узводзяцца грамадскія пабудовы ў амерыканізаваным стылі.

Выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Вытокі нац. маст. школы І. звязаны з асяродкам «Бецалель» у Іерусаліме (засн. ў 1906), які гал. ідэяй творчасці абвяшчаў незалежнасць ад іншаземных уплываў, пошук сувязей з нар. традыцыямі, вобразамі людзей і прыроды Палесціны, хоць за аснову браліся выяўл. сродкі еўрап. мастацтва. Феномен маст. школы І. — вял. кола мастакоў розных хваль эміграцыі, якія атрымалі прафес. адукацыю ў розных краінах свету, але сфарміравалі пры гэтым плюралістычны і разнастайны вобраз сучаснага яўр. мастацтва. У 1920 у Іерусаліме ўтвораны Саюз яўр. мастакоў, пачалі ладзіцца выстаўкі. У 1920-я г. пры захаванні ў аснове рэаліст. традыцый пашырыліся авангардныя кірункі (жывапісцы М.Шэмі, І.Сімон, Х.Атар, А.Левін, графікі А.Эльвейл, Ш.Вейль, Я.Штэйнхард, скульптары Х.Арлова, М.Цыфер, Б.Лішанская, Я.Лучанскі і інш.). Тэндэнцыі кубізму і экспрэсіяністычнасць вобразаў уласцівы мастакам А.Ароху, Ш.Себу, скульптарам З.Бен-Цві, І.Данцыгеру, Д.Фейгіну і інш. У 1948 створана суполка мастакоў «Афакім Хадашым» («Новыя далягляды»), праграма якой арыентавалася на міжнар. маст. наватарства і радыкальныя эксперыменты. Пашырыліся абстрактныя, сюррэалістычныя, экспрэсіяністычныя, мадэрнісцкія кірункі (Я.Агам, скульпт. Р.Царфаці, І.Шэмі), з’явіліся новыя віды мастацтва (оп-арт і інш.). Творчасць шэрагу сучасных мастакоў засн. на філас. асэнсаванні формы, колеру, вобразнай ідэі, часта звязанай з біблейскімі запаветамі (жывапіс Н.Безем, А.Кахане, графіка А.Ашайіма, А.Пана, М.Шатры, Ш.Бека). Сярод мастакоў выхадцы з Беларусі І.Капелян, М.Забораў і інш. У дэкар.-прыкладным мастацтве (тэкстыль, кераміка, шкло і інш.) выкарыстоўваюцца стараж. арнаментальныя і сучасныя сімвалы. Развіта мастацтва шрыфту, які грунтуецца на мадэрнізацыі стараж. традыцый яўр. пісьменства.

Музыка. Муз. культура І. складаецца з нац. муз. культур палесцінскіх яўрэяў і арабаў, а таксама з традыцый, прынесеных яўрэямі-перасяленцамі з інш. краін. У муз. фальклоры арабаў (пераважна песенным) захаваліся спецыфічныя рысы, уласцівыя арабскай музыцы; у яўр. муз. мастацтве выявіўся ўплыў яўр. традыцыйна-быт. і рэліг.-абрадавай музыкі. З утварэннем дзяржавы І. створаны муз. ўстановы: Ізраільская філармонія (на базе Палесцінскага яўр. сімф. аркестра, існаваў з 1936), сімф. аркестр радыё і тэлебачання г. Хайфа, камерны аркестр «Рамат Ган», Ізраільская нац. опера (пераўтворана з Палесцінскай яўр. оперы, засн. ў 1941; з 1994 — Новая Ізраільская опера ў пастаянным будынку — Доме оперы). З 1950-х г. працуе муз. т-р «Інбал». Фарміруецца кампазітарская школа, павышаецца ўзровень выканальніцкага майстэрства. Сярод кірункаў прафес. музыкі: традыцыйны, што развівае нар. муз. стыль на класічнай аснове з выкарыстаннем яўр. (М.Лаўры) і ўсх. (Э.Парташ) муз. фальклору; т.зв. міжземнаморскі стыль, прадстаўнікі якога спалучаюць элементы муз. фальклору розных яўр. этнічных груп (П.Бен-Хаім, М.Авідом), блізкі да еўрап. музыкі, а таксама муз. авангард (М.Капытман, Э.Штэйнберг). Працуюць: кансерваторыя ў Халоне (з 1942), Яўр. кансерваторыя ў Тэль-Авіве («Суламіф-кансерваторыя», з 1950), Акадэмія музыкі Рубіна ў Іерусаліме (з 1947), Нац. т-р (з 1958) і Камерны т-р (з 1944), Цэнтр сцэнічных мастацтваў (з 1994), Ізраільскі балет (з 1968), танц. цэнтр «Бат-Дор» (з 1971), муз. ф-т унта ў Тэль-Авіве, муз. школы, т-вы, хар. аб’яднанні і інш. Праводзяцца Міжнар. фестываль музыкі і драмы (з 1961, штогод), Міжнар. конкурс піяністаў імя А.Рубінштэйна і Міжнар. конкурс арфістаў у Тэль-Авіве (з 1959). Існуюць Ліга і Фонд кампазітараў Ізраіля (з 1957).

Тэатр. Нац. акцёрскую школу імкнуліся стварыць калектывы т-раў «Огель» (1926—68), «Мататэ» (1928—49), «Бацал-ярок», «Хамам» і інш., але яны расфарміраваны з-за недахопу сродкаў. У першыя гады станаўлення дзяржавы пераважала сац. роля т-ра над маст. аспектам пастановак: т-р звяртаўся да п’ес ізраільскіх аўтараў, у якіх адлюстроўваліся праблемы сучаснасці. Ставіліся творы і замежных драматургаў. У рэпертуары невял. камерцыйных труп, што ўзніклі ў 1960-я г., пераважалі авангардысцкія п’есы і мюзіклы. Сярод акцёраў і рэжысёраў тагачасных вядучых т-раў: Х.Равіна, А.Мескін, Ш.Фінкель, М.Зохар (т-р «Габіма», засн. ў 1928), С.Бунім, П.Фрай, А.Халфі, Х.Мірон, З.Левіуш (Камерны т-р, засн. ў 1944). З 1958 у Тэль-Авіве працуе Нац. т-р І. У канцы 1970—80-я г. павялічыўся націск на тэатр: закрыта араб. сцэна ў Хайфскім т-ры (засн. ў 1961), забаронены п’есы з антыўрадавым зместам. У апошнія дзесяцігоддзі назіраецца пераход ад сац. тэатра да мастацкага (мюзікл «Адвержаныя», Камерны т-р, 1988). Сярод пастановак 1990-х г.: «Гарадзіш» Х.Мітэльпункта ў Камерным т-ры: «P.S. Твой кот мёртвы» ў т-ры «Габіма», «Флейшэр» І.Эвен-Ора і інш.

Кіно. Уласная кінавытворчасць у 1. ўзнікла ў 1950: маст. фільм «Перамір’е» А.Амара. Пасля прыняцця закона аб падтрымцы нац. кінавытворчасці (1954) у кінатэатрах уведзены абавязковы пракат ізраільскіх карцін. Сярод фільмаў: «Памятай!» Ф.Артвіса, сатыр. камедыя «Салах Шабаці» Э.Кішона (абодва 1964). У 1969 створана спец. кампанія па фінансаванні нац. кінавытворчасці «Сенфілда Ісраэл». У 1970-я г. выпускалася па 12—15 фільмаў штогод (пераважна вестэрны, камедыі, муз. стужкі, баевікі). Кінапрамысловасць апіраецца на фінансавую дапамогу амер. і зах.-еўрап. прадзюсераў. Пераважае камерцыйнае кіно, «лёгкія» жанры (папулярны кірунак «кіно Шэнкін» па назве тэль-авіўскай вуліцы, дзе збіраецца ізраільская творчая інтэлігенцыя); ствараюцца фільмы этн. характару. Сярод рэжысёраў 1990-х г.: Ш.Габісан, Э.Фокс, Х.Азулай, Ш.Хасфары, О.Бен-Дор-Ніў, М.Бат-Адам, А.Даян, Д.Вольман, А.Рубінштэйн. Развіваецца дакумент. кіно, якое даследуе праблемы ізраільскага грамадства; рэжысёры: Ц.Рыбенбах, Д.Бен-Шытрыт, А.Птай, Дж.Шлец, А.Гарэн і інш. З 1961 у г. Хайфа працуе «Фільмархіў», дзейнічаюць 2 кінастудыі ў Тэль-Авіве, 1 — у Іерусаліме. Шмат фільмаў здымаецца з кінакампаніямі ЗША, Францыі, Італіі, Германіі, Японіі.

Літ.:

Сэмюэлс Р. По тропам еврейской истории: Пер. с англ. М., 1993;

Корнилов АА Между войной и миром: О процессе принятия внешнеполит. решений в государстве Израиль (1948—1993 гг.). Нижний Новгород, 1994;

Яго ж. Меч и плуг Давида Бен-Гуриона. Нижний Новгород, 1996;

Sachar H.M. A History of Israel. T. 1—2. New York, 1987—91;

Фиш Г. Очерки современной израильской литературы: Пер. с англ. М., 1994;

Werner E. From generation to generation. Studies on Jewish musical tradition. New York, [1967].

Г.Я.Афнагель (прырода, насельніцтва, гаспадарка), У.С.Кошалеў (гісторыя), Р.Ч.Лянькевіч (узброеныя сілы), Г.В.Сініла (літаратура), Я.Ф.Шунейка (архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва).

Герб і сцяг Ізраіля.
Да арт. Ізраіль. Краявід каля паўднёвых берагоў Мёртвага мора.
Да арт. Ізраіль. Іерусалім, прамысловая зона ў раёне Рамот.
Да арт. Ізраіль. Сцяна плачу ў Іерусаліме.
Да арт. Ізраіль. Руіны старажытнай крэпасці Масада каля Мёртвага мора.
Да арт. Ізраіль. Д.Кармі, І.Кларвайн. Будынак кнесета ў Іерусаліме.
Да арт. Ізраіль Будынак Вярхоўнага суда ў Іерусаліме.
Да арт. Ізраіль. Панарама квартала Ямін Мошэ — першага пасялення яўрэяў па-за межамі Старога горада ў Іерусаліме.
Да арт. Ізраіль. Ш.Себа. Пастух. 1959.
Да арт. Ізраіль. Ш.Бек. Партрэт. 1970.
Да арт. Ізраіль. А.Левін. Від. 1924.
Да арт. Ізраіль. А.Кахане. Ахвярапрынашэнне Іцхака. 1954.
Да арт. Ізраіль. А.Арох. Як пажываюць родныя, блізкія. 1960.
Да арт. Ізраіль. Н.Безем. Ільвіная брама. 1976.
Да арт. Ізраіль. Новая Ізраільская опера. Сцэна са спектакля «Лэдзі Макбет Мцэнскага павета» Дз.Шастаковіча.

т. 7, с. 181

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГІЛЁЎ,

горад, цэнтр Магілёўскай вобл. і раёна. За 201 км ад Мінска. Вузел чыгунак на Оршу, Асіповічы, Жлобін, Крычаў і аўтамаб. дарог на Мінск, Гомель, Віцебск, Бабруйск і інш. Порт на р. Дняпро. Аэрапорт. 368,9 тыс. ж. (1998).

Гісторыя. Тэр. М. заселена ў раннім жал. веку (5 ст.), пра што сведчаць археал. даследаванні гарадзішчаў Змяёўка і Магіла. У пач. 13 ст. М., верагодна, быў цэнтрам феад. сядзібы-вотчыны, мог выконваць і функцыі крэпасці. Знаходкі рэчаў, характэрных для мангола-татар, даюць падставы меркаваць аб знішчэнні імі М. ў сярэдзіне 13 ст. Упершыню ў пісьмовых крыніцах М. згадваецца ў 14 ст. ў «Спісе рускіх гарадоў далёкіх і блізкіх». У канцы 14 — пач. 15 ст. М. належаў Ядвізе, жонцы вял. кн. ВКЛ і польскага караля Ягайлы, у 1431 — вял. кн. ВКЛ Свідрыгайлу, з 1503 — вял. княгіні Алене Іванаўне. У 1561 М. атрымаў права на войтаўства (гар. самакіраванне), у 1577 — магдэбургскае права і герб (на блакітным полі мураваная вежа з надпісам «Печать места Могилевского»). У 16 ст. М. часта быў арэнай баявых дзеянняў у войнах Маскоўскай дзяржавы з ВКЛ (асабліва ў Лівонскую вайну 1558—83), у 1595 узяты казацка-сял. войскам С.Налівайкі. Нягледзячы на разбурэнні, у 2-й пал. 16—1-й пал. 17 ст. горад інтэнсіўна рос: у 1577 у М. 1261 жылы дом, у 1588—1500, у 1604—2211. Паводле дакументаў 2-й пал. 16 ст., у М. каля 70 рамесных спецыяльнасцей, рамеснікі былі аб’яднаны ў 12 цэхаў, у 1-й пал. 17 ст. — у 17 цэхаў. Паводле гасп. значэння горад займаў адно з першых месцаў у ВКЛ, меў права на 2 кірмашы ў год. Супярэчнасці паміж гар. вярхамі і простымі гараджанамі прыводзілі да сац. канфліктаў, што найб. выявілася ў Магілёўскіх паўстаннях 1606—10. У канцы 16—18 ст. ва ўмовах Рэфармацыі і Контррэфармацыі М. з’яўляўся буйнейшым цэнтрам бел. праваслаўя. Тут ствараліся брацтвы, у 1632 засн. Магілёўская праваслаўная епархія, тады адзіная на Беларусі. У вайну Расіі з Рэччу Паспалітай 1654 — 67 жыхары М. ў жн. 1654 перайшлі на бок рас. войск і ўпусцілі іх у горад. У час Магілёва абароны 1655 М. вытрымаў аблогу войск Рэчы Паспалітай. Аднак з цягам ваен. дзеянняў настроі магілёўцаў змяніліся, што прывяло да Магілёўскага паўстання 1661. У 1661 кароль Ян Казімір надаў гораду новы герб: на блакітным полі 3 гарадскія вежы, у сярэдзіне — у адчыненай браме рыцар з узнятым мячом, наверсе — коннік (герб «Пагоня»). У Паўночную вайну 1700—21 М. пацярпеў у 1708 ад шведскіх і рас. войск. У 1745 у горадзе 10 408 ж., 1301 дом. Паводле 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) М. у Рас. імперыі, цэнтр Магілёўскай губерні, Магілёўскай правінцыі (1772—75), Магілёўскага намесніцтва (1778—96). З 1773 М. — цэнтр Бел. рымска-каталіцкай епархіі (з 1782—83 — Магілёўская рымска-каталіцкая архіепархія). У 1781 зацверджаны новы герб горада: «Пагоня» на чырв. полі, а ў верхняй палавіне двухгаловы арол. У вайну 1812 акупіраваны франц. войскамі. У 1859 у М. 5 тыс. ж., 2833 дамы, 923 крамы, 29 цэркваў, 2 манастыры, 4 касцёлы, кірха, 34 сінагогі і яўр. школы. Напярэдадні паўстання 1863—64 восенню 1862 тут створана паўстанцкая арг-цыя з мясц. інтэлігенцыі, а ў 1863 — ваен.-рэв. арг-цыя ў 3-й артыл. брыгадзе, члены якіх пазней уступілі ў Магілёўскія паўстанцкія атрады. У 1897 у М. 43 119 ж., з іх 47,7% пісьменныя, 41 чал. меў вышэйшую адукацыю. У 1902 праз М. пракладзена Пецярбургска-Адэская чыгунка. У пач. 20 ст. ў М. ўзніклі мясц. арг-цыі РСДРП, эсэраў, Бунда і інш. партый. У рэвалюцыю 1905—07 працоўныя горада ўдзельнічалі ў забастоўках, у т. л. ў Кастрычніцкай Усерас. стачцы 1905, адбыўся Магілёўскі з’езд сял. дэпутатаў і інш. У 1-ю сусв. вайну з 21.8.1915 да 26.2.1918 у М. знаходзілася Стаўка Вярхоўнага галоўнакамандуючага.

Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 у сак. 1917 быў абраны Магілёўскі Савет рабочых і салдацкіх дэпутатаў, у якім пераважалі меншавікі і эсэры. У 1917—18 у М. дзейнічаў Беларускі нацыянальны камітэт. У ходзе барацьбы супраць карнілаўшчыны ў М. вырас уплыў бальшавікоў. Гар. Савет прызнаў сав. ўладу, 20.11(3.12).1917 Стаўка занята атрадам рэв. войск на чале з новым галоўнакамандуючым бальшавіком М.В.Крыленкам. З 12.3.1918 М. акупіраваны польскімі легіянерамі (гл. Доўбар-Мусніцкага мяцеж 1918), з 26.5 да 31.10.1918 — герм. войскамі. З 26.4.1919 па 3.3.1925 М. — павятовы цэнтр Гомельскай губ. РСФСР. 3 сак. 1924 зноў у складзе БССР. З 17.7.1924 цэнтр Магілёўскай акругі і Магілёўскага раёна, з 15.1.1938 цэнтр Магілёўскай вобласці. У пач. Вял. Айч. вайны створана Магілёўскае народнае апалчэнне 1941, якое з 3 да 26.7.1941 разам з рэгулярнымі часцямі Чырв. Арміі ўдзельнічала ў Магілёва абароне 1941; упартыя баі разгарнуліся на Буйніцкім полі; значная частка абсталявання з-даў і фабрык горада эвакуіравана, 26.7.1941 М. акупіраваны ням.-фаш. войскамі. Захопнікі праводзілі палітыку масавага знішчэння насельніцтва і ваеннапалонных: створаны Лупалаўскі лагер смерці, гета ў раёне Дубравенкі, 341-ы перасыльны лагер для ваеннапалонных; усяго ў М. загублена 70 тыс. чал. У М. дзейнічала Магілёўскае патрыятычнае падполле. 28.6.1944 горад вызвалены войскамі 2-га Бел. фронту ў ходзе Магілёўскай аперацыі 1944. Пасля вайны адбудаваны. У 1970—202,3 тыс. ж.

Гаспадарка. У 17—18 ст. М. вядомы як рамесна-гандл. цэнтр, які меў гандл. сувязі з гарадамі Расіі, Украіны, Польшчы, Прыбалтыкі. У 1783—84 дзейнічалі 33 прамысл. прадпрыемствы, у т. л. 22 гарбарныя, 7 піваварных, 2 цагельныя з-ды, 2 млыны. 3 адкрыццём Бярэзінскага канала (1805) — буйны рачны порт. Развіццё прам-сці паскорылася ў 2-й пал. 19 ст. У 1854 у М. дзейнічалі 27 цагельных з-даў, 4 мукамольна-крупадзёрныя прадпрыемствы, 34 маслабойні, развіваліся лесапільная, ганчарная, піваварная, свечачная, тытунёвая і інш. галіны прам-сці; у 1859—189 прадпрыемстваў, каля 2500 рамеснікаў; у 1885—124 прадпрыемствы, у т. л. пенькатрапальная мануфактура, Магілёўскія тытунёвыя прадпрыемствы, Магілёўскі піваварны завод; у 1897—220 прадпрыемстваў. У 1877 праведзены гар. водаправод, у 1878 — тэлефон. На пач. 20 ст. ў горадзе з’явілася лінія конкі. У 1910 пабудавана электрастанцыя, у 1913 — чыгуна-медналіцейны з-д (гл. Магілёўскі завод «Строммашына»), у 1915 — Магілёўская панчошная фабрыка. У 1912 на 170 прадпрыемствах М. працавала 712 рабочых. У 1919 дзейнічалі чыгуналіцейна-мех., маслабойны, піваварны, 2 мылаварныя з-ды, лесапільні і гарбарныя прадпрыемствы, тытунёвая і гільзавая ф-кі, электрастанцыя, гар. друкарня. У 1920—30-я г. М. ператварыўся ў буйны прамысл. і культ. цэнтр БССР. У 1926—27 пачала дзейнічаць кандытарская ф-ка «10-ы Кастрычнік», у 1930 — Магілёўскі гарбарны завод, у 1932 трубаліцейны з-д (гл. Магілёўскі металургічны завод), Магілёўскі завод металічных вырабаў. У 1929—30 пабудавана першае на Беларусі прадпрыемства хім. прам-сці — ф-ка штучнага шоўку (гл. Магілёўскі завод штучнага валакна). У 1926—32 пабудавана чыгунка Рослаўль—Крычаў—Магілёў—Асіповічы, у 1931 адкрыта прыстань на р. Дняпро. У 1934 уведзены гар. аўтобусныя маршруты. У 1933—37 пабудаваны з-ды: аўтарамонтны (гл. Магілёўскі аўтамабільны завод), клеявы (гл. Магілёўскі жэлацінавы завод), цагельны (гл. Магілёўскі камбінат будаўнічых матэрыялаў), мэблевая ф-ка. У 1940 у М. 210 прамысл. прадпрыемстваў, каля 13 тыс. рабочых. У пач. Вял. Айч. вайны значная частка прамысл. абсталявання заводаў і фабрык эвакуіравана. Акупанты знішчылі амаль усе прамысл. прадпрыемствы. Пасля вызвалення ад ням.-фаш. захопнікаў у М. пачалі аднаўляцца даваен. і будавацца новыя прадпрыемствы. У 1945 адноўлены металаапр. камбінат (з 1958 Магілёўскі завод «Электрарухавік»), у 1949 пачата буд-ва з-да натуральнага каўчуку (у 1952 рэарганізаваны ў рэгенератарны з-д). У 1950-я г. М. стаў горадам машынабудавання, металургіі, хіміі. З 1960 працуе Магілёўская фабрыка мастацкіх вырабаў. З 1963 тут працуе Магілёўская стужкаткацкая фабрыка, з 1967 — Магілёўскі ліфтабудаўнічы завод, з 1968 — Магілёўскі камбінат сінтэтычнага валакна, Магілёўскі камбінат сілікатных вырабаў. З 1970 у М. пракладзены тралейбусныя маршруты. Развіты машынабуд. (Магілёўскі завод транспартнага машынабудавання «Магілёўтрансмаш», ВА «Тэхнапрыбор», «Зеніт» і інш.), хім. (Магілёўскае вытворчае аб’яднанне «Хімвалакно», рэгенератарны з-д і інш.), лёгкая (прадпрыемствы «Магатэкс», «Вяснянка», ф-кі швейная, «Світанак» і інш.), харч. (камбінаты мясны, малочны, з-д напіткаў, хлебазавод і інш.) прам-сць. Працуюць прадпрыемствы буд. матэрыялаў, чорнай металургіі, металаапрацоўкі (Магілёўскі завод вентыляцыйных загатовак і інш.), дрэваапр. прам-сці.

Асвета і культура. Першыя школы ў М. ствараліся пры цэрквах, манастырах, княжацкіх дварах, буйных маёнтках. Пашыраным было навучанне дзяцей вандроўнымі настаўнікамі-самавукамі. У 1590—92 пры Спаскім манастыры засн. брацкая школа, у якой вывучалі грэч., лац., бел., польск. мовы, дыялектыку, рыторыку, музыку, асновы арыфметыкі, геаметрыі, астраноміі, геаграфіі. У 1740-я г. адкрыта піярская школа (навуч. ўстанова каталіцкага ордэна піяраў), у якой выкладаліся багаслоўе, гісторыя, лац. і польск. мовы, матэматыка, фізіка і інш. Пасля далучэння Беларусі да Расіі (1772) у М. пачалі адкрывацца рус. школы і вучылішчы. У 1789 створана 4-класнае гал. нар. вучылішча, на базе якога ў 1809 адкрыта мужчынская гімназія; у 1865 створаны жаночая гімназія (гл. Магілёўскія гімназіі), Магілёўская цэнтральная школа павітух, у 1875 — Цэнтр. фельчарская школа (на яе базе ў 1917 створана мед. вучылішча), у 1885 — Магілёўскае рэальнае вучылішча, у 1899 — жаночая нядзельная школа. У пач. 20 ст. створаны камерцыйнае і рамеснае вучылішчы, муз. школа, курсы бухгалтараў. У 1912 у М. 4 гімназіі, прыватная яўр. жаночая прагімназія, 14 вучылішчаў, у т. л. мужчынскае духоўнае і жаночае епархіяльнае, духоўная семінарыя, 9 школ, у т. л. жаночая 2-класная, 5 царк.-прыходскіх, 2 агульнаадукацыйныя. У 1913 засн. Магілёўскі настаўніцкі інстытут (на яго базе ў 1918 створаны пед. ін-т; гл. Магілёўскі універсітэт). У 1923 засн. пед. тэхнікум (гл. Магілёўскі педагагічны каледж), у 1928 — культ.-асв. вучылішча (з 1990 вучылішча культуры), у 1937 — муз. вучылішча. У 1932—36 дзейнічаў Магілёўскі палітыка-асветны інстытут. У 1937—53 пры пед. ін-це існаваў настаўніцкі ін-т. У Вял. Айч. вайну большасць навуч. і культ.-асв. устаноў разбурана. Да канца 1945 адноўлены 12 агульнаадук. школ, адкрыты буд. тэхнікум (гл. Магілёўскі будаўнічы каледж), у 1946 засн. Магілёўскі бібліятэчны тэхнікум, у 1947 — машынабудаўнічы тэхнікум (гл. Магілёўскі політэхнічны тэхнікум). У першыя пасляваенныя гады працавалі пед. і настаўніцкі ін-ты, 3 буд. школы, 2 рамесныя і 2 механізацыі сельскай гаспадаркі вучылішчы. У 1961 адкрыты Магілёўскі машынабудаўнічы інстытут (на базе яго тэхнал. ф-та ў 1973 створаны Магілёўскі тэхналагічны інстытут). З 1967 працуе Магілёўскі хіміка-тэхналагічны тэхнікум. У 1998/99 навуч. г. ў М.: 100 дашкольных устаноў (больш за 18 тыс. дзяцей), у т. л. 18 дашкольных устаноў з паглыбленымі кірункамі дзейнасці (замежная мова, экалагічнае выхаванне, муз. і тэатр.-маст. творчасць), 2 санаторныя сады (пульманалаг. профілю і для тубвіражных дзяцей); 48 навуч. устаноў агульнай сярэдняй адукацыі (больш за 35 тыс. навучэнцаў), у т. л. 3 ліцэі і 3 гімназіі з фізіка-матэм., філал., грамадска-эканам., хіміка-біял., эканам.-прававым і інш. профілямі; 6 муз. і 23 дзіцяча-юнацкія спарт. школы; 16 прафес.-тэхн. вучылішчаў (больш за 7 тыс. навучэнцаў); 10 сярэдніх спец. навуч. устаноў (больш за 7 тыс. студэнтаў), у т. л. школа міліцыі, вучылішчы мед. і алімп. рэзерву; 4 ВНУ, у т. л. недзярж. фінансава-эканам. ін-т. У М. 19 масавых б-к, у т. л. Цэнтральная, 10 дзіцячых, 4 мяшанага тыпу, абласная з дзіцячым аддзяленнем. Дзейнічаюць Магілёўскі абласны краязнаўчы музей, Магілёўскі абласны мастацкі музей імя П.В.Масленікава, Магілёўскі музей этнаграфіі (філіял краязн. музея), Магілёўскі мастацкі музей В.К.Бялыніцкага-Бірулі (філіял Нац. маст. музея Беларусі), Музей гісторыі Магілёва.

Архітэктура. У выніку археал. раскопак на ўсх. ускраіне М. выяўлены стаянка позняга мезаліту (6—5-е тыс. да н.э.), стараж. гарадзішчы Пелагееўскае (6 ст. да н.э. — 13 ст. н.э.) і Магіла (5 ст.). Ядром стараж. горада быў умацаваны драўляны замак на высокім узгорку з крутымі схіламі ў сутоках рэк Дубравенка і Дняпро. У 15 ст. М. складаўся з 3 частак: умацаванага замка (дзядзінец), Нагорскага рамесна-гандл. пасада (пазней Стары горад; абмежаваны з У Дняпром, з 3 Дубравенкай, з Пн замкавым ровам) і гандл. плошчы паміж імі. Каля 1526 на месцы старога пабудаваны новы Магілёўскі замак. У 16 ст. тэр. пасада значна пашырылася, на Пн ад яго пачала фарміравацца новая жылая забудова (пазней Новы горад), узніклі паселішчы за Дняпром (Задняпроўскі пасад) і Дубравенкай (Задубравенскі пасад), паміж Дняпром і ручаём Дзебра (Пакроўскі пасад). У 1609—33 узведзены 3 паясы абарончых умацаванняў (земляныя валы з бастыёнамі і ровам). У 17 ст. ў асноўным сфарміравалася планіровачная структура М. Яго цэнтрам стала Гандлёвая пл. (цяпер Савецкая; у 1604 яе тэрыторыя больш за 2 га), на якой размяшчаліся 26 радоў крам і Магілёўская ратуша. Ад плошчы адыходзілі 2 гал. вуліцы — Шклоўская (цяпер Першамайская) і Ветраная (Ленінская), што разам з вуліцамі-дарогамі на Вільню (ПнЗ), Быхаў (3) і Мсціслаў (Пд) фарміравалі радыяльную сістэму планіроўкі горада. У 17—18 ст. сфарміравалася Магілёўская школа дойлідства. Сярод збудаванняў гэтага часу: Магілёўскай Мікалаеўскай царквы комплекс, Магілёўскі Богаяўленскі манастыр, Магілёўскі касцёл і калегіум езуітаў, цэрквы Успенская і Пакроўская, фарны касцёл. У 1708 у час Паўн. вайны 1700—21 М. спалены і разрабаваны, да сярэдзіны 18 ст. адноўлены. У 1778 распрацаваны праектны план М., які меў на мэце ўпарадкаваць планіровачную структуру, надаць ёй рэгулярны характар. У пач. 19 ст. пачалі знішчаць абарончыя земляныя ўмацаванні, якія перашкаджалі далейшаму росту горада. У 1850 пракладзены Бабруйская шаша і Дняпроўскі пад’ём. Да сярэдзіны 19 ст. сфарміраваліся ансамблі Губернатарскай пл. (б. Гандлёвая) з адм. будынкамі на Магілёўскай Саборнай плошчы і Магілёўскім Іосіфаўскім саборам у цэнтры, манум. брамай і будынкам манежа. Арх.-маст. аблічча цэнтр. ч. горада ў 18—19 ст. вызначалі культавыя, жылыя і адм. будынкі: Магілёўскі Спаскі манастыр, Магілёўскай духоўнай семінарыі будынкі, Магілёўскі архіепіскапскі палац, Магілёўскі архірэйскі палац, Магілёўскі касцёл кармелітаў, касцёл і кляштар бернардзінцаў, будынак мужчынскай гімназіі, 2-павярховыя жылыя дамы. Пры ўездзе ў горад на месцы драўляных пабудаваны мураваныя брамы. На планіровачную структуру М. канца 19 — пач. 20 ст. значна паўплывала буд-ва чыгункі (1902). У паўн. ч. горада ўтворана Прывакзальная пл. з кампазіцыйным цэнтрам — будынкам Магілёўскага чыгуначнага вакзала. Пасля ўзвядзення будынка абл. драм. т-ра сфарміравалася Тэатральная пл. Тэр. горада значна пашыралася, забудоўваліся прадмесці Шклоўскае, Быхаўскае, Віленскае, Карабанаўскае, Лупалаўскае; на правым беразе р. Дняпро створана Магілёўская сядзіба «Піпенберг». Мураваныя жылыя і грамадскія будынкі размяшчаліся пераважна ў цэнтры горада. У гэты час узведзены: Магілёўскага банка будынак, Магілёўскага губернскага праўлення будынак, Магілёўскага дваранскага сходу будынак, Магілёўскага жаночага епархіяльнага вучылішча будынак, Магілёўскага крэдытнага таварыства будынак, Магілёўскага настаўніцкага інстытута будынак, Магілёўскія Барысаглебскія цэрквы, Магілёўскага пазямельна-сялянскага банка будынак, будынкі рэальнага вучылішча і жаночай гімназіі.

У 1-й пал. 20 ст. ў М. рэканструяваліся старыя і будаваліся новыя прадпрыемствы, вялося масавае жыллёвае і грамадскае буд-ва. Пачалася комплексная забудова раёнаў горада. Генплан рэканструкцыі М. 1936—39 (ін-т «Белдзяржпраект», арх. Н.Трахтэнберг, М.Андросаў) у асноўным захоўваў гістарычна складзеную планіроўку. Горад развіваўся ў шыротным напрамку. Яго структуру вызначалі 2 узаемна перпендыкулярныя дыяметры — вул. Першамайская і праспект Міру, на іх скрыжаванні сфарміраваўся новы адм.-грамадскі цэнтр — пл. Леніна. У 1938—40 тут пабудаваны Магілёўскі Дом Саветаў, адм. будынак (цяпер корпус машынабуд. ін-та; арх. П.Абросімаў), 5-павярховыя жылыя дамы, гасцініца «Дняпро» (усіх арх. А.Брэгман і А.Воінаў), кінатэатр «Радзіма» (арх. У.Вараксін) і інш. Пасля Вял. Айч. вайны горад развіваўся паводле генплана аднаўлення і рэканструкцыі 1947—50 («Белдзяржпраект», арх. Андросаў, Г.Парсаданаў). Асн. ўвага аддавалася забудове цэнтр. вул. Першамайскай з прылеглымі да яе кварталамі. З 1960-х г. М. забудаваўся пераважна буйнымі масівамі — жылымі раёнамі і мікрараёнамі. Першыя мікрараёны створаны ў зах. ч. горада — Магілёў-2 (з 1962), Мір-1, -2 (з 1964), пазней ва ўсх. напрамку — «Юбілейны» (з 1967, усіх арх. І.Фралоў). Паводле генплана 1969 («Белдзяржпраект», арх. Ю.Глінка, М.Трыгубовіч, М.Семяненка) горад развіваўся пераважна ва ўсх. і паўд. напрамках. У паўд. ч. сфарміраваліся новыя жылыя раёны — Задняпроўскі, пазней па пр. Дзімітрова. Інтэнсіўна забудоўваюцца праспекты Пушкінскі, Шміта, Дзімітрава. Для паляпшэння трансп. сувязі з новымі раёнамі ўзведзены 3 масты цераз р. Дняпро. У цэнтр. ч. горада паводле праекта рэканструкцыі вул. Першамайскай (1974, арх. Фралоў) узведзены першыя 3 буйнамаштабныя жылыя дамы з комплексам прадпрыемстваў быт. абслугоўвання (арх. Фралоў, Р.Борахаў, Я.Бранцаў, Ю.Іўжанка), будынкі б. абкома КПБ (цяпер Дом юстыцыі, арх. А.Кучарэнка, Ю.Шпіт), дыягнастычнага цэнтра (арх. К. і Г.Аляксеевы), у інш. ч. горада — гасцініцы «Магілёў» (арх. В.Астаповіч, Г.Бенядзіктаў, А.Лукомская) і «Турыст» (арх. Борахаў, А.Валовіч), Палац піянераў і школьнікаў (арх. Семяненка, А.Мельнікаў), Палац культуры камбіната «Хімвалакно» (арх. Я.Смальгоўскі, В.Ладыгіна, Астаповіч), карпусы ін-таў педагагічнага (арх. Фралоў, Кучарэнка, Г.Аляксеева), машынабуд. (В.Шаўчэнка, Кучарэнка, А.Юрын) і тэхналагічнага (Ю.Павалій, У.Начараў, С.Сень), навукова-тэхн. аб’яднання (цяпер тэхнапарк, арх.В.Кільчыцкі), абл. статыстычнага ўпраўлення, вяслярнай базы (арх. І.Голубева), будынкі кінатэатраў «Кастрычнік» (арх. Кучарэнка) і «Ветразь» (арх. Г.Бранцаў, С.Варанец), дзіцячай бальніцы і радзільнага дома (арх. Юрын), аблсаўпрофа (арх. І.Магазінер), цэнтр. райвыканкома і філіяла Белаграпрамбанка (арх. Кучарэнка), аэрапорт (арх. М. і А.Семяненкі), дамы дзіцяці (арх. У.Свінарэнка), друку (арх. А.Шарапава) і інш. Паводле карэкціроўкі генплана 1969 (1981, БелНДІПгорадабудаўніцтва, арх. Глінка, А.Горб, М.Мызнікаў) горад развіваўся ў паўн.-ўсх. напрамку, ствараўся агульнагар. цэнтр уздоўж праспекта Міру і р. Дубравенка. Паводле праекта дэталёвай планіроўкі 1988 (БелНДІПгорадабудаўніцтва) прадугледжана далейшая рэканструкцыя забудовы цэнтра горада. У розных раёнах М. пабудавана шмат жылых дамоў паводле індывід. праектаў. Створаны дзіцячы парк, лесапаркі Любужскі і Пячэрскі са штучным возерам. З 1993 ін-там «БелНДІПгорадабудаўніцтва» (пры ўдзеле ін-та «Магілёўграмадзянпраект») вядзецца распрацоўка новага генплана.

У М. брацкія магілы: сав. воінаў; апалчэнцаў; сав. воінаў і падпольшчыка; лётчыкаў, чырвонаармейцаў; магіла ахвяр фашызму. Узведзены мемар. комплексы «Змагарам за Савецкую ўладу» (1982, скульпт. Л.Гумілеўскі, арх. К.Аляксееў, А.Іваноў), на месцы лагера смерці (1948, 1984). Помнікі А.С.Пушкіну, М.Горкаму, Герою Сав. Саюза І.С.Лазарэнку, землякам, надмагільны помнік А.В.Пысіну, бюсты двойчы Героя Сав. Саюза І.І.Гусакоўскага, мастакоў В.Бялыніцкага-Бірулі, П.Масленікава і інш.

Друк, радыё, тэлебачанне. У 1616—1773 у М. існавала Магілёўская брацкая друкарня, якая выпускала л-ру на бел, грэч., лац. і польск. мовах. Царк. і свецкую л-ру на бел. і польск. мовах з 1676 выдавала брацкая друкарня пры Богаяўленскім манастыры. З 1774 дзейнічала кансісторская друкарня (гл. Магілёўская друкарня), у якой выкарыстоўваўся грамадз. шрыфт. Сярод шматлікіх выданняў яна друкавала і даведачную л-ру: «Каляндар беларускіх намесніцтваў на 1783 г.» (1782), «Беларускі каляндар на ...» (1784—95), царк. календары. У 1833—1917 пры губ. праўленні працавала Магілёўская губ. друкарня, якая акрамя афіц. матэрыялаў і л-ры свецкага характару з 1838 друкавала газ. «Могилевские губернские ведомости., штогоднія даведнікі «Памятныя кніжкі Магілёўскай губерні» (1861—1916), «Агляд Магілёўскай губерні» (1879—1915) і інш. У 2-й пал. 19 ст. ў М. пачалі стварацца прыватныя друкарні. У 1883—1917 выдаваліся час. «Могилевские епархиальные ведомости» з дадаткам «Воскресенье» (у 1991 адноўлена). У пач. 20 ст. ў М. дзейнічала друкарня Магілёўскай арг-цыі РСДРП. Перыяд. выданняў значна пабольшала, выходзілі таксама працы, справаздачы, даклады і інш., што мелі працяг. Газ. «Могилевские губернские ведомости» мела дадаткі «Сельскохозяйственный листок» (у 1901—9 нумароў) і «Могилевский листок сельского хозяйства и охоты» (1902—05). Акрамя афіцыйных, выдаваліся розных кірункаў грамадска-паліт. і літ. газеты: штодзённая левакадэцкая «Могилевский голос» (1906), праваакцябрысцкая «Могилевский вестник» (1906—17) з дадаткамі — час. «Вестник земского хозяйства Могилевской губернии» (1907—08) і «Листок Коммерческого отдела Могилевского общества сельского хозяйства» (1908—09); «Могилевский курьер» (1911). Губернская земская ўправа выдавала штодзённыя газеты: у 1910 «Могилевскую земскую неделю», у 1917 «Могилевскую жизнь», у 1914—17 «Вестник Могилевского земства». У 1910—11 выходзіў пед. час. «Белорусский учительский вестник». У 1-ю сусв. вайну, калі ў М. размяшчалася Стаўка Вярх. галоўнакамандуючага, выходзілі перыяд. выданні рознай арыентацыі: для распаўсюджвання ў арм. часцях «Наш вестник» (1915—17) з ілюстраваным дадаткам, т.зв. беспарт. сацыяліст. орган «Свобода, равенство и братство», газ. «Живое слово», органы Стаўкі Часовага ўрада «Вестник главного комитета союза офицеров армии и флота» і «Бюллетень штаба Верховного главнокомандующего» (усе 1917). У час акупацыі М. герм. войскамі выходзілі газ. «Труд», якую выдавалі афіцэры белай гвардыі, газ. кадэтаў «Эхо» (абедзве 1918). Ваен.-рэв. к-т пры Стаўцы выдаваў газ. «Революционная ставка» (ліст. 1917 — сак. 1918). Свае грамадска-паліт. газеты выпускалі Саветы рабочых, салдацкіх і сял. дэпутатаў: «Молот» (май — вер. 1917), «Известия Могилевского Совета рабочих и солдатских депутатов» (са студз. 1918, неаднаразова мяняла назву, з 1956 «Магілёўская праўда»).

У 1919—20-я г. выходзілі насценныя газеты РОСТА, газ. «Красноармеец», аднадзёнкі, бюлетэнь «Работница и крестьянка». Грамадска-паліт. і літ. газ. «Соха и молот» (1919—24) выпускала штотыднёвы лісток «Красная молодежь» (1920—21) і «Профессиональный двухнедельник» (1921). На прадпрыемствах горада пачалі выпускаць шматтыражныя газеты. У 1931 пачала выходзіць газ. «За камуністычную працу» (мяняла назвы, сучасная «Прыдняпроўская ніва»). У пач. Вял. Айч. вайны ў М. друкавалася рэсп. газ. «Звязда». У часы ням.-фаш. акупацыі магілёўская падп. арг-цыя «Камітэт садзеяння Чырв. Арміі» выпускала малафарматную газ. «За Родину» (з 1942, з восені 1942 — «За Советскую Родину»).

Выходзяць газеты: абл. «Магілёўская праўда» на бел. і рус. мовах) з дадаткам газ. «Днепровская неделя», «Магілёўскія ведамасці» (з 1990, на бел. і рус. мовах), раённая «Прыдняпроўская ніва» (на бел. і рус. мовах), гар. «Вечерний Могилев» (з 1993) з дадаткам, «Веснік Магілёва» (з 1990) з дадаткам, «Толока» (з 1990) з дадаткамі, «Зямля і людзі» (з 1992, на бел. і рус. мовах), «Воскресная газета», «Тыднёвік Магілёўскі» (абедзве з 1996); «Могилевские епархиальные ведомости» і інш. Дзейнічае абл. арг-цыя Бел. саюза журналістаў.

Радыёвяшчанне з 1918, пастаяннае з 1944. Тэлебачанне з 1964, працуюць абл. студыя «Магілёў-1» і гар. канал «Магілёў-2».

Літаратурнае жыццё. У 17 ст. ў М. пэўны час працаваў паэт і філосаф А. (Ян) Белабоцкі (Белаблоцкі). Гісторыі горада прысвечана Магілёўская хроніка, створаная ў канцы 17 — пач. 18 ст. У 1799 на Магілёўшчыне пабываў рус. паэт Г.Дзяржавін. У М. спыняўся А.Пушкін (1820, 1824), праз яго праязджалі М.Гогаль (1828) і Т.Шаўчэнка (1843, 1847). Пра М. і інш. бел. гарады пісаў у «Паходных запісках рускага афіцэра» (1820) І.Лажэчнікаў. У 1818 тут выйшаў падрыхтаваны пісьменнікам і педагогам Ф.Орля-Ашменцам першы на Беларусі час. «Отечественный памятник». У М. нарадзіўся фалькларыст і этнограф П.В.Шэйн. У яго зборніках, асабліва ў «Матэрыялах для вывучэння побыту і мовы рускага насельніцтва Паўночна-Заходняга краю» (т. 1—3, 1887—1902) шырока прадстаўлены бел. матэрыял, у т. л. запісы, зробленыя ў М. і на Магілёўшчыне. У 1853 у Пецярбургу выдадзены зб. «Народныя беларускія песні», запісаныя на Магілёўшчыне ўраджэнкаю горада К.І.Паўлоўскай (Кігн). У 1859 С.С.Акрэйц, які працаваў у М., намерваўся выдаць тут час. «Белорусский вестник» (праект складзены і ўхвалены рэдакцыяй час. «Современник»), але яго задума не здзейснена. У 1860-я г. ў М. паявіліся літ. творы на бел. мове (гутаркі Ф.Блуса, брашура «Бяседа старога вольніка з новымі пра іхняе дзела», 1861, мяркуемы аўтар А.Кісель). У 1900 выйшаў зб. бел. твораў «Тарас на Парнасе і іншыя беларускія вершы» (2-е выд. ў 1902 акрамя гэтай паэмы ўключала вершы Ф.Багушэвіча, В.І.Дуніна-Марцінкевіча і інш.). У 1896—1906 у М. працаваў бел. этнограф, фалькларыст і археолаг Е.Р.Раманаў. У пач. 20 ст. ў Магілёўскай гімназіі вучыўся бел. пісьменнік М.Грамыка, у духоўнай семінарыі — М.Зарэцкі (з 1919 настаўнічаў на Магілёўшчыне, у 1920 працаваў у М. заг. валаснога аддзела работнікаў асветы), В.Шашалевіч, А.Мрый. У 1909—10 у гарбарных майстэрнях М. працаваў Ц.Гартны, пісаў тут вершы, пасылаў карэспандэнцыі ў газ. «Наша ніва»; у М. прайшлі і апошнія яго дні. М. увайшоў у бел. л-ру дзякуючы паэме Я.Купалы «Магіла льва» (нап. 1913), вершу М.Багдановіча «Летапісец», нарысу М.Гарэцкага «Магілёў». У 1918 вакол газ. «Известия Могилевского Совета рабочих и солдатских депутатов» групаваліся мясц. пісьменнікі. У 1920-я г. дзейнічала Магілёўская філія літ. аб’яднання «Маладняк», рэарганізаваная пазней у філію Беларускай асацыяцыі пралетарскіх пісьменнікаў. Тут выдаваліся «Зарніцы» (літ. дадатак да газ. «Соха и молот», 1924), літ. альманахі «Дняпроўскія ўсплёскі» (1927), «Ранне» (1929). Праводзіліся літ. вечары, прысвечаныя творчасці пісьменнікаў. Горад неаднойчы наведвалі Я.Купала, Я.Колас, А.Куляшоў; у 1924 у М. прыязджала ў творчую камандзіроўку група бел. пісьменнікаў на чале з Я.Купалам, у ліст. 1928 з групай пісьменнікаў быў Я.Колас, у лютым 1930 — Я.Калас, З.Бядуля, П.Броўка, М.Нікановіч, І.Цвікевіч. У студз. 1933 Я.Купала, Ц.Гартны, П.Галавач, М.Лужанін, А.Александровіч і інш. сустракаліся з чытачамі ў Доме Чырв. Арміі і пед. ін-це. У крас. 1938 Я.Купала, Я.Колас, М.Клімковіч прысутнічалі на спектаклі «У пушчах Палесся» Я.Коласа, якім адкрываў гастролі ў горадзе БДТ-2. У 1920—30-я г. ў М. працавалі В.Бурносаў, Э.Валасевіч, П.Пруднікаў (рабочымі), І.Баранкевіч, Ю.Лявонны, Г.Шчарбатаў (у газетах «Соха и малот», «Магілёўскі селянін», «Камунар Магілёўшчыны»), выкладалі ў пед. ін-це І.Гутараў (і ў палітыка-асветным ін-це), Ю.Гаўрук, Дз.Палітыка, Ю.Пшыркоў, у пед. тэхнікуме В.Гарбацэвіч, у мед. вучылішчы Я.Журба. У навуч. установах горада вучыліся У.Агіевіч, М.Барсток, А.Бялевіч, Я.Васілёнак, М.Гарулёў, А.Дзеружынскі, Я.Курто, М.Ларчанка, Ю.Лявонны, В.Матэвушаў, І.Новікаў, Палітыка, П.Прыходзька, С.Фамін, Я.Шарахоўскі, П.Шасцерыкоў, М.Шумаў, У.Шахавец, Шчарбатаў і інш. У пач. Вял. Айч. вайны як ваен. карэспандэнты ў М. прыязджалі А.Суркоў і К.Сіманаў (абароне горада прысвяціў свае рэпартажы, раман «Жывыя і мёртвыя»). Сіманаў сустракаўся ў М. з чытачамі ў 1965, 1966 і 1974; паводле завяшчання пісьменніка пад Магілёвам на Буйніцкім полі — месцы суровых баёў у 1941 — развеяны яго прах. Выдадзены альманахі «Літаратурны Магілёў» (кн. 1—2, 1949—50), «Дняпро» (1957), «Прыдняпроўе» (1958). Літ. жыццё М. ажывілася з 1960, калі тут створана аддзяленне Саюза пісьменнікаў Беларусі. Пры газ. «Магілёўская праўда» працуе літ. аб’яднанне «Прыдняпроўе». У 1980-я г. ў М. шырока адзначалася 60-годдзе І.Мележа, 70-годдзе Сіманава, Куляшова, 100-годдзе з дня нараджэння Я.Купалы і Я.Коласа. У 1986 літ. вечар быў прысвечаны гераічнай абароне М. У Пушкінскім свяце паэзіі (май 1988) удзельнічалі І.Чыгрынаў, В.Зуёнак, П.Макаль, А.Пісьмянкоў, А.Мельнікаў, М.Луфераў, ва Усесаюзных сіманаўскіх літ. чытаннях (ліп. 1988) — рус. і бел. пісьменнікі А.Вазнясенскі, Р.Казакова, Р.Раждзественскі, Я.Хелемскі, І.Шклярэўскі, В.Быкаў, Р.Барадулін, А.Жук, Л.Прокша, І.Аношкін і інш. Наладжаны сувязі з пісьменнікамі Браншчыны, Чарнігаўшчьшы, Ровеншчыны, дзе ў днях л-р удзельнічалі магілёўскія пісьменнікі А.Пысін, Аношкін, А.Кандрусевіч і інш. У снеж. 1997 у М. выступалі ўдзельнікі Дзён рус. л-ры ў Беларусі М.Аляксееў, Ю.Кузняцоў, Г.Пашкоў, П.Праскурын, В.Сарокін, К.Скварцоў. У М. нарадзіліся П.Кабзарэўскі, Р.Бярозкін, Валасевіч, І.Клаз, М.Шумаў. У Магілёўскім пед. ін-це вучыліся Дз.Бугаёў, Г.Бубнаў, Луфераў, В.Ракаў, М.Янчанка, Шклярэўскі, М.Казакоў, Аношкін, С.Марчанка, В.Хаўратовіч, А.Палітыка, А.Салтук, Р.Яўсееў, Кандрусевіч, У.Буграмееў і інш., у вучылішчах — С.Гаўрусёў, Л.Левановіч, С.Панізнік, настаўніцкі ін-т скончыў Г.Юрчанка. У М. жылі і працавалі пісьменнікі Валасевіч, Палітыка, А.Макарэвіч (выкладалі ў пед. ін-це), М.Ткачоў, Гарулёў, Валасевіч (у газ. «За Радзіму»), Матэвушаў, Пысін, В.Карамазаў, Кандрусевіч (у газ. «Магілёўская праўда»), А.Макаёнак, І.Сіўцоў, М.Шумаў, Шасцерыкоў, Ракаў, Мельнікаў і інш. У М. (1999) жывуць і працуюць пісьменнікі Аношкін, У.Дуктаў, Я.Клімуць, М.Лук’янаў, І.Пехцераў, В.Рагаўцоў і інш.

Мастацкае жыццё. М. здаўна вядомы як буйны цэнтр рамёстваў і маст. промыслаў. У 14—16 ст. тут развіваліся кавальства, ткацтва, маст. апрацоўка дрэва, скуры, металаў (ліццё, коўка, чаканка), ружэйная справа, ювелірнае мастацтва. З 15 ст. М. — цэнтр керамічнай вытв-сці (гл. Магілёўская кераміка, Магілёўская кафля). Вядомы імёны мастакоў 16 ст. Макара Акулініча, Дзмітра Івановіча, Ісака Івановіча, Ламакі (Ламаты) Федаровіча, Семяновіча. У 17 ст. высокага ўзроўню дасягнула маст. ліццё і коўка (выраблялі алавяны посуд, ліхтары, гарматы, званы, пазалочаныя і пасярэбраныя рэчы з медзі, жалеза і інш.), набойка, маст. шкло. У канцы 17 ст. склалася Магілёўская школа гравюры. Фасады жылых дамоў упрыгожвалі размалёўкай, разьбой па дрэве, культавыя будынкі — разьбой па камені (Пакроўская царква, 1668—87). Выдатнымі ўзорамі бел. нар. дэкар.-прыкладнога мастацтва з’яўляюцца іканастас і царскія вароты Магілёўскай Мікалаеўскай царквы і інтэр’ер Богаяўленскага сабора работы мясц. майстроў. У 17 ст. працавалі мастакі Ігнат Соц, Фёдар, Афанасій Пігарэвіч і інш., у 18 ст. А.Главацкі (партрэтыст, дэкаратар, архітэктар), У.Баравікоўскі (выканаў эскізы і размаляваў фрэскамі Магілёўскі Іосіфаўскі сабор, намаляваў шэраг партрэтаў і абразоў), Чайкоўскі (удзельнічаў у аздабленні фрэскамі Магілёўскага касцёла кармелітаў), Пігарэвіч (маляваў абразы, афармляў інтэр’еры), Ежы Александровіч (партрэтыст), жывапісцы Якуб Бараховіч, Мацвей Філановіч, Цімка Флюндра, Ян Чурула, Яўстафій Маргун, Лявон Сілініч, Пётр Сілініч, Андрэй Казак, Васіль Сушчэўскі, Максім Мастак, Якуб Малук, Васко, Карней, Арон, Маеўскі, Міхал, Айзік Сегаль, ювелір і чаканшчык Афанасій Воўчак. На мяжы 18—19 ст. тут працаваў Ю.Пешка. Зберагліся ўзоры высокамаст. арх. лепкі і маст. ліцця, разьбы па дрэве. У 19 ст. ў М. працавалі прыгонны мастак Ф.Тулаў, шэраг краявідаў у 2-й пал. 19 ст. намалявалі Н.Орда, Ф.Пархоменка, І.Чамаданаў. У канцы 19 ст. ў М. дзейнічалі Т-ва аматараў прыгожых мастацтваў, прыватная маст. школа, якой кіраваў Пархоменка, у 1900—05 — Т-ва вывучэння бел. краю. Пасля 1917 у М. існаваў цэнтр. музейны фонд, які меў на мэце ахову помнікаў мастацтва. У 1919 створаны Магілёўскі дзярж. гіст. музей (існаваў да 1941). У 1920-я г. ў М. працавалі мастакі М.Цеханоўскі, Р.Пархоменка і інш., дзейнічаў філіял Рэвалюцыйнай арганізацыі мастакоў Беларусі; праводзіліся выстаўкі магілёўскіх мастакоў. У М. экспанаваліся творы 3-й Усебел. маст. выстаўкі (1928), графікі бел. мастакоў (1941). У пасляваенны час выстаўкі мастакоў М. і вобласці прайшлі ў 1952, 1955, 1969, 1971, 1972, персанальныя А.Бархаткова (1968) і У.Кульваноўскага (1969), сатыры бел. мастакоў, да семінара творчай моладзі (абедзве 1968), графікі (1973) і інш. Маст. жыццё актывізавалася пасля стварэння Магілёўскай абл. арг-цыі Саюза мастакоў Беларусі (1974) і аб’яднання маладых мастакоў вобласці (1976). Сярод найб. значных выставак 1970—80-х г. «30 год Вялікай Перамогі» (1975), маладых мастакоў Магілёўшчыны (1977), мастакоў вобласці, перасоўная «Пейзаж нашай Радзімы», твораў мастакоў г. Габрава (Балгарыя, усе 1978), нар. мастацтва Францыі (1981), прысвечаная 90-годдзю з дня нараджэння М.Багдановіча, рэспубліканская бел. графікі (абедзве 1982), маладых мастакоў М., твораў А.Гараўскага, бел. сав. эстампа (усе 1983), да 40-годдзя вызвалення Беларусі ад ням.-фаш. захопнікаў, персанальныя Г.Туроўскай, Г.Конавай, У.Кузьміча (усе 1984), В.Грамыкі (1998) і інш. З 1997 праводзяцца кожны год у М. пленэры: В.К.Бялыніцкага-Бірулі (1997), М.В.Неўрава (1998), П.В.Масленікава (1999). Працуюць Магілёўскі абласны мастацкі музей імя П.В.Масленікава, Магілёўскі мастацкі музей В.К.Бялыніцкага-Бірулі.

Тэатральнае жыццё. Тэатр у М. вядомы з 1698 (паказы дыялогаў). У 1722—32 існаваў школьны т-р пры езуіцкім калегіуме. У 1780 пабудавана спец. памяшканне (арх. Брынгозі) т.зв. т-ра Чарнышова. У канцы 1780-х г. функцыянаваў прыватны т-р арцыбіскупа С.Богуш-Сестранцэвіча. Паміж 1792 і 1795 выступала трупа на польск. і рус. мовах, сфарміраваная А.Ш.Жукоўскім. У 19 ст. былі пашыраны паказы батлейкі. У 1888 пабудаваны будынак гар. тэатра, у якім у 19 — пач. 20 ст. выступалі рус. трупы Пецярбургскага літ.-маст. т-ра і кабарэ «Лятучая мыш», Малога т-ра пад кіраўніцтвам А.Яблачкінай, трупы Г.Волгіна, Ф.Карскага, П.Максімава, С.Няволінай, Р.Неўскага, Ф.Корша, Ф.Хмары; польск. трупы В.Ашпергера, К.Фядзецкага, Ю.Кондрата, Я.Хелмікоўскага; гастраліравалі буйныя майстры сцэны (В.Камісаржэўская, П.Арленеў, бр. Адэльгеймы, В.Далматаў, Ю.Жукоўская, М.Занькавецкая, М.Петыпа, М.Садоўскі, Г.Фядотава, Ю.Юр’еў і інш.). У 1900—04 дзейнічаў Магілёўскі аматарскі тэатр. У 1910—16 у М. выступала трупа рус. акцёраў пад кіраўніцтвам У.Кумельскага. Канцэрты і спектаклі наладжвалі аматарскія калектывы. У 1919—20 створана сетка тэатр. гурткоў, у сярэдзіне 1920-х г. існавалі калектывы «Сіняй блузы». Арганізаваны: сав. т-р (1919), рус. драм. трупа «Пошукі» (1921), Першы паказальны т-р (1920—22). У 1935—41, 1944—45 у М. працаваў Дзярж. рус. драм. т-р Беларусі. У 1946—49 існаваў Магілёўскі драматычны тэатр. Дзейнічаюць: Магілёўскі абласны драматычны тэатр, Магілёўскі абласны тэатр лялек.

Музычнае жыццё. Навучанне хар. спевам было адной з асн. вучэбных дысцыплін у школах пры правасл. брацтвах (1-е засн. ў 1578). У 17 ст. Магілёўская брацкая друкарня выдавала нотныя зборнікі. Музыка суправаджала спектаклі школьнага т-ра, што існаваў пры езуіцкім калегіуме з 1-й пал. 18 ст. У 1780 з нагоды сустрэчы ў М. імператрыцы Кацярыны II у горадзе выступалі італьян. опера і прыдворная капэла, выпісаныя З.Р.Чарнышовым з Пецярбурга. У канцы 18 — пач. 19 ст. пры т-ры Чарнышова існаваў прыгонны аркестр. У М. пачынаў творчую дзейнасць І.Дабравольскі. У 19 ст. муз. жыццё горада канцэнтравалася вакол гімназій і семінарый. Музыку і спевы ў гімназіі выкладаў М.Лустгартэн, на чале з якім наладжваліся канцэрты вучняў, выкладчыкаў і інш. аматараў музыкі. Муз. спектаклі паказвалі гастрольныя тэатр. трупы: у 1842 ішла камічная опера С.Манюшкі «Карманьёла, або Французы любяць жартаваць» на лібрэта А.Корвін-Мілеўскага. У 1860 Л.Скрабецкі арганізаваў і наладзіў у Варшаўскім муз. ін-це сіламі магілёўскіх музыкантаў муз. вечарыну на карысць вучняў Магілёўскай губ. Гарадзецкі прыгонны квартэт У.Г.Кастрыёта-Скандэрбека часта выконваў у горадзе творы В.А.Моцарта і Л.Бетховена. Тут выступалі скрыпачы Г.Ягеман (Ягноў), І.Крушэўскі, піяністка Л.Чачкова. Працавалі муз.-драм. т-ва з аддзеламі вак. і інстр. музыкі і муз. школа Пячкоўскай (з 1886), Магілёускі музычна-драматычны гурток аматараў. У 1895 у М. выступаў з канцэртамі С.Рахманінаў (з італьян. скрыпачкай Т.Туа), у пач. 20 ст. — Л.Аўэр, С.Барцэвіч, А.Вержбіловіч, І.Гофман, К.Грыгаровіч, Н.Фігнер, М.Эрдэнка, Мекленбургскі квартэт і інш.; гастрольнымі трупамі паказаны оперы «Пікавая дама» П.Чайкоўскага, «Царская нявеста» М.Рымскага-Корсакава, «Дэман» А.Рубінштэйна, «Фауст» Ш.Гуно, «Кармэн» Ж.Бізэ, «Травіята» Дж.Вердзі. З 1905 працавалі Магілёўскі літаратурна-музычна-драматычны гурток, муз. школы, заснаваныя Р.Пеўзнерам (1906) і У.Ерыхайлавым (1908), рабочая муз. студыя на чале з піяністкай Р.Блюман. На базе гэтай студыі ў 1919 арганізавана дзярж. дзіцячая муз. школа імя Рымскага-Корсакава (цяпер Дзіцячая муз. школа-сямігодка № 1). Наладжваліся сімф. канцэрты (дырыжор Я.Пеўзнер), лекцыі (Ю.Дрэйзін), канцэрты хору работнікаў асветы. У 1921 працаваў гурток «Асвета», які меў муз.-вакальную, драм. і літ. секцыі. У 1924 сіламі аматараў з удзелам прафес. артыстаў у М. пастаўлена адна з першых бел. опер «Вызваленне працы» М.Чуркіна. З 1937 цэнтрам муз. жыцця горада стала Магілёўскае музычнае вучылішча імя Рымскага-Корсакава, створанае на базе дзіцячай муз. школы. З 1974 канцэртную дзейнасць ажыццяўляла пераважна абл. гастрольна-канцэртнае аддз. Белдзяржфілармоніі. У 1984 пры абл. Навукова-метадычным цэнтры нар. творчасці і культ.-асв. работы створаны клуб самадз. кампазітараў. Новы этап у муз. жыцці горада пачаўся са стварэннем Магілёўскай абласной філармоніі (1990). У М. працуюць (1999): філіял Бел. акадэміі музыкі (з 1990), муз. і культ.-асв. вучылішчы, 4 муз. школы, 2 школы мастацтваў, Магілёўскі абл. навукова-метадычны цэнтр нар. творчасці і культ.-асв. работы. Развіта муз. самадзейнасць; 28 муз., харэаграфічных і фалькл.-этнагр. калектываў маюць званне народных і ўзорных. У М. праводзяцца міжнар. фестывалі духоўнай музыкі «Магутны Божа», эстрадны «Залаты шлягер» (з 1995) і інш..

Літ.:

Могилев: (Ист.-экон. очерк). Мн., 1971;

Чарняўская Т.І. Архітэктура Магілёва. Мн., 1973;

Могилев и окрестности: Справочник-путеводитель. Мн., 1982;

Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі: Магілёўская вобл. Мн., 1986;

Мелешко В.И. Могилев в XVI — середине XVII в. Мн., 1988;

Могилев: Энцикл. справ. Мн., 1990;

Агееў А.Р., Марзалюк І.А., Пушкін І.А. Магілёўская даўніна ў пытаннях і адказах. 2 выд. Магілёў, 1999;

Марзалюк І.А. Магілёў ў XII—XVIII стст. Мн., 1998;

Памяць: Гіст.-дак. хроніка Магілёва. Мн., 1998.

І.А.Марзалюк, А.В.Марзалюк (гісторыя), І.М.Шаруха (гаспадарка), М.І.Ліс, В.Л.Цыбоўскі (асвета і культура), Т.І.Чарняўская, І.І.Фралоў (архітэктура), Л.В.Календа (друк, радыё, тэлебачанне), М.Р.Міхайлаў (літаратурнае жыццё), А.Л.Капілаў, В.П.Пракапцова (музычнае жыццё).

Магілёў. З гравюры 18 ст.
Магілёў. Вуліца Першамайская.
Магілёў. Агульны выгляд горада. Фота пач 20 ст.
Праспект Міру ў Магілёве.

т. 9, с. 445

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЭ́ЦЫЯ Старажытная, Элада (грэч. Hellas), цывілізацыя, дзяржаўнасць і культура на тэрыторыі паўд. ч. Балканскага п-ва, астравоў Эгейскага м., зах. ўзбярэжжа п-ва М. Азія і інш. зямель у 2—1-м тыс. да н.э. (ад узнікнення першых грэч. гарадоў-дзяржаў да рым. заваявання ў 2 ст. да н.э.).

Гісторыя. Сучасныя даследчыкі падзяляюць гісторыю Грэцыі на 2 вял. эпохі: мікенскую (крыта-мікенскую) палацавую цывілізацыю і ант. полісную цывілізацыю, а таксама на больш дробныя перыяды. У 1-ю эпоху (30—12 ст. да н.э.), якая прыпадае на бронзавы век, дагрэчаскае насельніцтва (пеласгі) выцеснена ўласна грэчаскім (ахейцы), сфарміраваліся крыта-мікенская культура з цэнтрам у Кносе, раннекласавае грамадства на чале з басілеямі, узніклі мараплаванне і пісьменства (гл. Крыцкае пісьмо). Канцом гэтай эпохі сталі Траянская вайна і перасяленне ў Грэцыю дарыйцаў. У прамежкавыя перыяды — субмікенскі (1125—1025 да н.э.) і гамераўскі (11—9 ст. да н.э., вядомы пераважна паводле эпасу Гамера, наз. таксама «цёмныя вякі») — адбыўся пераход да жал. веку, склаліся патрыярхальнае рабства і раннія полісы як асобая форма земляробскай абшчыны. Эпоха ант. поліснай цывілізацыі пачалася з архаічнага перыяду (8—6 ст. да н.э.), які па часе супаў з шырокай тэр. экспансіяй грэкаў (т.зв. вял. каланізацыя, з сярэдзіны 8 ст. да н.э.). У архаічны перыяд грэч. грамадства развівалася найб. інтэнсіўна. Адбылося станаўленне класічнага рабства і полісаў як гарадоў-дзяржаў, фарміраванне сістэмы грашовага абарачэння і рынку, мелі месца распрацоўка канцэпцый суверэнітэту народа і дэмакр. формы праўлення, гал. этычных нормаў і прынцыпаў маралі, эстэт. ідэалаў, зараджэнне асн. феноменаў ант. культуры — філасофіі і навукі, гал. жанраў л-ры, т-ра, ордэрнай архітэктуры, спорту. Каланізацыю, выкліканую пераважна недахопам с.-г. зямель (з-за гэтага ў полісах нярэдка адбываліся грамадз. войны і гвалтоўны перадзел зямлі) і імкненнем грэкаў устанавіць свой кантроль над гандл. шляхамі, першымі пачалі астраўныя гарады Халкіда і Эрэтрыя, потым Карынф, Мегары, малаазійскія гарады (асабліва Мілет) і інш. Каланізацыя развівалася ў 3 асн. кірунках: зах. (Сіцылія, Паўд. Італія, Паўд. Францыя, усх. ўзбярэжжа Іспаніі), паўн. (фракійскае ўзбярэжжа Эгейскага м., раён праліваў з Міжземнага ў Чорнае м. і ўзбярэжжа апошняга) і паўд.-ўсх. (узбярэжжа Паўн. Афрыкі і краіны Леванта). У ходзе яе заснаваны ант. калоніі, у т. л. Сіракузы, Тарэнт, Візантый, Гаргіпія, Ольвія, Пантыкапей, Фанагорыя, Херсанес Таўрыйскі, Тыра; актывізаваўся грэч. марскі гандаль; рамяство аддзялілася ад сельскай гаспадаркі як самаст. галіна вытв-сці. Каланізацыя не поўнасцю спыніла сац. канфлікты, што ў 7—6 ст. да н.э. прывяло да зараджэння ў многіх грэч. гарадах, у т. л. Стараж. Афінах, ранняй формы тыраніі (у ліку першых тыранаў былі Пісістрат і Палікрат). Класічны перыяд (мяжа 6 і 5 ст. — 388 да н.э.) быў часам эканам., паліт. і культ. росквіту Грэцыі. Яго гал. знешнепаліт. падзеі — грэка-персідскія войны, Пелапанеская вайна, Карынфская вайна. Унутрыпаліт. развіццё было звязана з рэформамі Салона і Клісфена ў Афінах, законамі Лікурга ў Спарце і характарызавалася саперніцтвам у полісах дэмакр. і алігархічных (гл. Алігархія) сіл (найб. росквіту дэмакратыя дасягнула ў Афінах пры Перыкле), утварэннем дзяржаў федэратыўнага тыпу (найб. вядомыя Фесалія і Беотыя), паступовым узвышэннем Стараж. Македоніі. На пач. апошняга перыяду элінізму (канец 4 — апошнія дзесяцігоддзі 1 ст. да н.э.) крызіс класічных полісаў стаў прычынай усх. паходу (334—323 да н.э.) Аляксандра Македонскага. У ходзе грэка-македонскіх заваяванняў узнікла вял. імперыя, якая ахапіла Балканскі п-аў, астравы Эгейскага м., М. Азію, Егіпет, усю Пярэднюю Азію, паўд. раёны Сярэдняй Азіі і ч. Цэнтр. Азіі да ніжняга цячэння Інда. Пасля смерці Аляксандра Македонскага (323 да н.э.) створаная ім імперыя ў выніку адсутнасці цесных унутр. сувязей і паўвекавых міжусобіц яго палкаводцаў (дыядохаў) распалася на шэраг эліністычных дзяржаў (Македонія, Грэка-Бактрыйскае царства, манархіі Селеўкідаў, Пталамеяў і інш.). Саперніцтва ўнутры Грэцыі паміж Македоніяй, Ахейскім саюзам і Эталійскім саюзам прывяло да аслаблення магутнасці краіны і ўмяшання ў яе справы Стараж. Рыма (з 197 да н.э.). Пасля роспуску рымлянамі Эталійскага (148 да н.э.) і Ахейскага (146 да н.э.) саюзаў Грэцыя фактычна страціла незалежнасць (канчаткова ў 27 да н.э. ў сувязі з ператварэннем Грэцыі ў рым. правінцыю Ахая).

Выхаванне і адукацыя. У Стараж. Грэцыі выхаванне разумелася як непарыўнае адзінства «гімнастычнага» і «мусічнага» (ад слова муза), як развіццё фіз. і разумовае адначасова. Сінтэзам гэтых элементаў павінна была стаць класічная раўнавага цела і духу, ідэал калакагатыі — гармоніі ў чалавеку прыгажосці і дабра. Пачатае з канкрэтнага ўяўлення аб прыгожым трэніраваным целе юнака «высакароднага паходжання», з цягам часу паняцце калакагатыі дасягнула вышыні абстракцыі, стала выражэннем грамадз. і этычных каштоўнасцей ант. грамадства, увасобленых у гарманічна развітой асобе.

У Стараж. Грэцыі сфарміраваліся 2 асн. тыпы выхавання: спартанскі і афінскі. У Спарце выхаванне фіз. развівалася за кошт выхавання інтэлектуальнага і эстэтычнага. У 7-гадовым узросце хлопчык пераходзіў пад апеку дзяржавы. Уключаны ў адзін з атрадаў (ілаў), пасля 4-гадовай падрыхтоўкі ён мог прыступіць да больш сур’ёзных заняткаў, якія завяршаў у 20-гадовым узросце ў якасці ірэна — сталага юнака. Вучні падзяляліся на 2 групы: малодшыя (хлопчыкі ад 7 да 14 гадоў) і эфебы (юнакі ад 14 да 20 гадоў). Ва ўзросце ад 20 да 30 гадоў спартанцы праходзілі ваен. службу. Іх інтэлектуальная падрыхтоўка абмяжоўвалася ўменнем чытаць і пісаць, веданнем некалькіх ваен. і рэліг. песень, а таксама асобнымі звесткамі аб традыцыях, гісторыі, рэлігіі і абрадах Спарты. Загартоўка была суровая: развіццё ўпартасці і вынослівасці, здольнасці пераносіць нястачу, голад, холад, боль, выхаванне гатоўнасці да паходаў, валодання зброяй. Выхаванне дзяўчынак мала адрознівалася ад выхавання хлопчыкаў. На першым месцы былі фіз. сіла і вынослівасць дзяўчынак, будучых маці грамадзян-воінаў. Яны займаліся нароўні з хлопчыкамі гімнастыкай, бегам, кідалі дыск, дужаліся, а таксама вучыліся спевам і танцам. Гал. мэтай такой сістэмы было выхаванне людзей развітых фізічна, храбрых і дысцыплінаваных. Арганізацыя выхавання ў Спарце прыпісваецца Лікургу і апісана Плутархам у «Жыцці Лікурга».

У Афінах ідэалам выхавання было фарміраванне чалавека ўсебакова адукаванага. Ідэя калакагатыі рэалізоўвалася праз фіз. і мусічнае, або інтэлектуальнае, маральнае і эстэт. выхаванне. Мусічным выхаваннем хлопчыкаў ва ўзросце 7—14 гадоў займаліся прыватныя настаўнікі — граматысты і кіфарысты. Граматыст вучыў дзяцей чытанню і пісьму, даваў ім асн. паняцці пра лічэнне. Потым яны пераходзілі да вывучэння стараж. пісьменнікаў (Гамер, Эзоп), чыталі паэмы Гесіёда, вершы заканадаўца Салона, творы Феакрыта, развучвалі гімны ў гонар багоў. Кіфарыст даваў хлопчыкам навыкі ігры на ліры ці кіфары. Пад кіраўніцтвам педатрыба ў палестрах 15—16-гадовыя хлопчыкі спаборнічалі ў бегу, скачках, кіданнях кап’я і дыска. Выхаванне інтэлектуальнае і фіз. працягвалася ў гімнасіях, якія ў эліністычную эпоху былі асн. тыпам публічнай сярэдняй школы. Заканчэннем выхаваўчага цыкла была 2-гадовая ваен. і грамадз. падрыхтоўка ў дзярж. эфебіях, створаных пасля 338 да н.э. Дзяўчынкі з усіх сац. слаёў атрымлівалі хатняе выхаванне. Тып афінскага выхавання перамог у эліністычным свеце і пазней адыграў значную ролю ў развіцці еўрап. педагогікі. У Афінах сфарміраваўся таксама тып вышэйшай школы, пачатак якой далі філас. школы і ў першую чаргу Акадэмія платонаўская.

Міфалогія і рэлігія. Стараж.-грэч. міфалогія прайшла ў сваім развіцці доўгі шлях, успрыняўшы некат. паданні народаў Стараж. Усходу (пераважна хетаў і фінікійцаў). З Усходу ў стараж.-грэч. пантэон трапілі асобныя божаствы і героі. Першапачаткова (перыяд матрыярхату) яна характарызавалася стыхійнымі, пачварнымі формамі, мела рысы хтанізму (ад грэч. chthōn зямля, якая, паводле міфалагічных уяўленняў, нараджала ўсе гэтыя пачвары). У першабытную эпоху ў міфалагічных рэліг. уяўленнях стараж. грэкаў вял. значэнне мелі татэмістычныя, фетышысцкія і анімістычныя ўяўленні аб неаддзельнасці духоўнай сутнасці ад іх саміх (бог Зеўс уяўляўся арлом, лебедзем, маланкай, Афіна — савой ці змяёй). У перыяд матрыярхату яшчэ не існавала вызначанай іерархіі багоў: мноства мясц. багоў шанавалася ў асобных абшчынах і не мела ўсеагульнага значэння. Паступовае афармленне алімпійскай міфалогіі адбывалася ў перыяд патрыярхату. У 2-м тыс. да н.э. стараж.-грэч. міфалогія дасягнула свайго росквіту, канчаткова склаўся алімпійскі пантэон багоў, якія жылі на гары Алімп і падпарадкоўваліся ўладзе аднаго бога — Зеўса. Для алімпійскай міфалогіі характэрны яскрава выяўлены антрапамарфізм (багоў уяўлялі ў чалавечым абліччы, ад простых людзей яны адрозніваліся бяссмерцем і магутнасцю, але былі падобныя да іх сваімі паводзінамі, думкамі і пачуццямі). Замест б. паданняў аб пачварах з’явіліся міфы пра герояў (Геракл, Тэсей), якія змагаюцца з гэтымі пачварамі і перамагаюць іх. З разлажэннем абшчынна-радавых адносін, зараджэннем навук. ведаў наіўны міфалагічны антрапамарфізм знікае. У стараж.-грэч. паэтаў Гесіёда і Піндара Зеўс ператвараецца ў вобраз, які ўвасабляе прынцып сусв. справядлівасці; у Эсхіла Зеўс паказаны ў выглядзе сусв. дэспата, чалавеканенавісніка, прадстаўніка сляпых і неразумных сіл. У межах рабаўладальніцкай фармацыі міфалогія прайшла перыяд класікі, калі яна была носьбітам і выразнікам поліснай ідэалогіі, і эліністычна-рым. перыяд, калі яна ператварылася ў літ. і маст. прыём, у алегорыю або метафару. Побач з міфалогіяй развівалася і фарміравалася стараж.-грэч. рэлігія — вера ў звышнатуральную сілу багоў, замацаваная сістэмай культаў і абрадаў. Разам з афіц. дзярж. рэлігіяй у Стараж. Грэцыі былі пашыраны богаслужэнні, адкрытыя толькі для пасвячоных — містэрыі (у гонар Дэметры, Дыяніса і інш.).

Філасофія. Стараж.-грэч. філас. думка, якая дала пачатак еўрап. філасофіі, узнікла ў Іаніі — цэнтры грэч. культуры 7—6 ст. да н.э. У адным з найб. развітых яе полісаў — Мілеце, сфарміравалася натурфіласофія. Заснавальнік мілецкай школы (6 ст. да н.э.) Фалес, які лічыцца бацькам еўрап. філас. думкі, першы спрабаваў адказаць на пытанне, што з’яўляецца нязменнай першаасновай усяго існага, з якой усё ўзнікае і ў якую ўсё зноў вяртаецца. На яго думку, такой прасубстанцыяй з’яўляецца вада. Фалес не пакінуў пасля сябе ніводнага пісьмовага твора, а яго погляды (як і іншых дасакратыкаў) пераказаў Арыстоцель. Вучань Фалеса Анаксімандр упершыню выклаў свае погляды пісьмова ў творы «Аб прыродзе». У невял. урыўку, які захаваўся, ёсць квінтэсенцыя яго поглядаў: праматэрыяй усяго існага з’яўляецца «апейрон» (бясконцае). Анаксімен лічыў, што прасубстанцыяй было паветра, бо яно бязмежнае і ажыўляе свет, як душа (дух) ажыўляе жывыя арганізмы. Геракліт Эфескі сутнасць быцця бачыў у безупынных зменах, што адбываюцца паводле ўсеагульнага закону (логаса), у адзінстве і вечнай барацьбе процілегласцей. Дыяметральна іншых поглядаў прытрымліваўся заснавальнік элейскай школы (6—5 ст. да н.э.) Парменід, які выказаў ідэю адзінага нязменнага, нерухомага і непадзельнага быцця, пазнавальнага толькі шляхам дэдукцыі, незалежна ад вопыту і пачуццяў. Погляды свайго настаўніка абараняў Зянон, які, стоячы на пазіцыях адзінства і нязменнасці быцця, адзначаў супярэчнасці ў паняццях мноства, змянення і руху. Ён удасканаліў мастацтва вядзення спрэчак і лічыцца стваральнікам дыялектыкі, што знайшла шмат паслядоўнікаў сярод сафістаў (Горгій). Спробу прымірыць тэорыю нязменнага і незнішчальнага быцця элейцаў з заснаванай на вопыце карцінай зменлівай рэчаіснасці Геракліта зрабілі Эмпедокл і Анаксагор. Найб. дасканалай сістэмай, якая тлумачыла паходжанне і будову свету, у той час была атамістыка (Леўкіп, Дэмакрыт). Паводле атамістаў, свет складаецца з маленькіх непадзельных часцінак (атамаў), якія адрозніваюцца толькі формай і памерамі. Гэтым і абумоўліваецца розніца з’яў. Піфагарэйскі саюз, заснаваны Піфагорам (6 ст. да н.э.), меў характар рэліг. брацтва, якое імкнулася да ўдасканальвання сваіх членаў. Прадметам іх зацікаўлення былі астраномія, музыка і асабліва матэматыка. Першаасновай усяго існага для піфагарэйцаў быў лік і лікавыя адносіны. З дапамогай матэм. дэдукцыі яны прыйшлі да высновы, што Зямля мае форму шара. Новая карціна свету, пазначаная рысамі матэм. дакладнасці, зрабіла вял. ўплыў на Платона і стала адным з важнейшых элементаў яго філасофіі. Буйнейшымі прадстаўнікамі піфагарэізму на мяжы 5 і 4 ст. да н.э., былі Філалай, Архіт, Эўдокс. У канцы 1 ст. да н.э. піфагарэізм адрадзіўся як рэліг.-містычная сістэма і вядомы пад назвай неапіфагарэізм. У 5 ст. да н.э. ў Грэцыі дзейнічалі прафес. настаўнікі «мудрасці» — сафісты. Яны не стварылі асобнай філас. школы, але, вандруючы па гарадах і папулярызуючы філасофію, рыторыку, граматыку і стылістыку, грамадскія навукі, зрабілі вял. ўплыў на інтэлектуальнае і культ. жыццё Грэцыі. Выдатнымі прадстаўнікамі гэтага кірунку былі Пратагор, Горгій, Гіпій, Продзік, Фрасімах.

Новы перыяд стараж.-грэч. філасофіі пачаўся з Сакрата (5 ст. да н.э.), які перанёс свае даследаванні ў сферу маральнасці, імкнучыся знайсці ўсеагульнае і безумоўнае веданне не ў знешнім, а ў самім сабе. Яго паслядоўнікі заснавалі шэраг філас. школ: мегарская школа (Эўклід, Эўбулід, Алексін, Дыядор Крон) і эліда-эрытрэйская (Федон) развілі фармальную дыялектыку Сакрата, школы кінікаў (Антысфен) і кірэнаікаў (Арыстып) займаліся этычнымі праблемамі. Найвыдатнейшым вучнем Сакрата быў Платон, заснавальнік філас. школы, вядомай як Акадэмія платонаўская. Яго вучэнне — сінтэз усіх дасакратаўскіх філас. кірункаў. Арыстоцель, які на працягу 20 гадоў быў вучнем Платона, пасля яго смерці заснаваў уласную школу (Лікей). Гэта быў узорны даследчы інстытут, які сабраў лепшых вучоных ва ўсіх галінах ведаў. Вынікі іх даследаванняў паслужылі Арыстоцелю асновай для пабудовы філас. сістэмы, якая ахоплівала ўсё кола тагачасных ведаў аб прыродзе і грамадстве. У 4—3 ст. да н.э. сярод філас. школ найб. ўплыў мелі стаіцызм (заснавальнік Зянон), школа Эпікура і скептыцызм (заснавальнік Пірон). Вучэнне стоікаў і Эпікура адметнае пераважна ўвагай да праблем этыкі. Скептыцызм выступаў супраць усіх кірункаў, якія абвяшчалі магчымасць поўнага і аб’ектыўнага пазнання, і быў працягам вучэння сафістаў, асабліва Пратагора. Філас. сістэму, якая спрабавала прымірыць рэліг. думку Усходу з грэч. філасофіяй, стварыў Філон Александрыйскі (1 ст. да н.э. — 1 ст. н.э.). Апошняй выдатнай філас. сістэмай старажытнасці быў неаплатанізм (3—6 ст. н.э., Плацін, Парфірый, Ямвліх, Прокл). У ім ідэалізм дасягнуў вышэйшай ступені свайго развіцця. Неаплатанізм значна паўплываў на хрысц. філосафаў (Арыген, Клімент Александрыйскі, Аўгусцін) і ням. ідэалістаў (Ф.Шэлінг, Г.Гегель).

Прыродазнаўчыя навукі. Да канца 4 ст. да н.э. прыродазнаўчыя, паліт. і філас. погляды ў Грэцыі складалі адну непадзельную навуку; амаль усе філосафы былі прыродазнаўцамі. Радзімай першых вучоных Стараж. Грэцыі была Малаазійская Іанія, цесна звязаная з культурай стараж.-ўсх. свету, якая зрабіла вял. ўплыў на развіццё ўсёй стараж.-грэч. навукі. Першыя геам. ўяўленні, выкарыстанне цыркуля, прадказанне сонечных зацьменняў, рэкамендацыі мараплаўцам арыентавацца па Малой (а не Вялікай) Мядзведзіцы звязаны з Фалесам і яго школай (7—6 ст. да н.э.), назіранні над жывёльным светам — з Анаксімандрам, які склаў і самую стараж. карту айкумены, зрабіў схему нябеснага скляпення для арыентавання па зорках. Думкі пра існаванне, апрача «вогненных» нябесных свяціл, «цёмных цел зямлістай якасці» (планет), належаць Анаксімену. Пачатак развіцця тэорыі лікаў, метадаў дакладнага вызначэння матэм. паняццяў і строгіх лагічных доказаў звязаны з Піфагорам і яго школай (6 ст. да н.э.). У сярэдзіне 5 ст. да н.э. значнага развіцця дасягнула стэрэаметрыя: Анаксагор і Дэмакрыт заклалі асновы тэорыі перспектывы. Вял. значэнне мела адкрыццё ў гэты перыяд ірацыянальных лікаў, а таксама фармулёўка задач аб квадратуры круга, падваенні куба і трысекцыі вугла. На мяжы 5 і 4 ст. да н.э. Леўкіп і Дэмакрыт сфармулявалі асновы атамістыкі. Адна з самых стараж. мед. школ створана на мяжы 6 і 5 ст. да н.э. Алкмеонам, які першы пачаў праводзіць анатаміраванне жывёл і выявіў, што мозг з’яўляецца цэнтрам нерв. дзейнасці. Гіпакрат абагульніў практычны вопыт лячэння хворых, распрацаваў асновы дыягностыкі, склаў апісанне і метады лячэння многіх хвароб. У 4 ст. да н.э. Арыстоцель пабудаваў сістэму ўсіх вядомых на той час навук і прапанаваў іх класіфікацыю. У перыяд элінізму прыродазнаўчыя навукі паступова аддзяліліся ад філасофіі. Астраномія і звязаныя з ёй матэматыка і механіка далей развіты ў працах Эўкліда, Архімеда, Дыяфанта, Гіпарха, Пталамея і інш.

Геаграфія. Першымі даследчыкамі Міжземнага м. і навакольных тэр. былі крыцяне (прадстаўнікі мінойскай культуры, 3-е — пач. 2-га тыс, да н.э.) і ахейцы (мікенская культура, 2-е тыс. да н.э.). У працэсе развіцця гандлю і ў час ваен. паходаў яны даследавалі ўзбярэжжа Балканскага п-ва і ўсх. ч. Міжземнага м., многія раёны Зах. Азіі і Паўн.-Усх. Афрыкі. Самымі стараж. геагр. творамі былі перыплы (апісанні марскіх плаванняў уздоўж берагоў) і перыэгесы (апісанні плаванняў і сухапутных падарожжаў з пазначэннем адлегласцей паміж прамежкавымі пунктамі) у вершаванай форме для больш лёгкага запамінання. Падобнымі былі і апісанні падарожжаў багоў, герояў і інш. міфічных асоб, пра якіх расказвалася ў міфах і эпічных паэмах. Гамераўскі эпас разам з казачнымі падрабязнасцямі марскіх падарожжаў змяшчае апісанні як рэальных мясцовасцей (напр., в-ва Крыт), так і паўлегендарных і легендарных. Рэальныя межы гамераўскіх геагр. уяўленняў відаць са звестак пра раёны Афрыкі (да паўд. межаў Сахары), зах. ч. сучаснай Індыі, Паўн. Прычарнамор’е. Многія раёны Прычарнамор’я і Зах. Азіі ўпершыню апісаны ў цыкле міфаў пра арганаўтаў. Пазней з рабаўладальніцкіх гарадоў-дзяржаў на берагах Эгейскага м. грэкі ў пошуках новых зямель і гандл. партнёраў пачалі т.зв. вялікую каланізацыю. Яны асвоілі ўзбярэжжы Міжземнага і Чорнага м., сабралі дакладныя звесткі пра больш далёкія землі (Пірэнейскі п-аў, Вялікабрытанія, зах. ўзбярэжжа Еўропы, тэр. на Пн ад Чорнага м., унутр. раёны Паўн. Афрыкі і інш.). Вельмі пашырыўся іх кругагляд у выніку паходаў Аляксандра Македонскага.

Паводле меркаванняў грэч. Географаў 7—6 ст. да н.э., Зямля ўяўляла сабой плоскі цыліндр (дыск), які плавае ў Сусветным акіяне. Частка плоскай верхняй паверхні гэтага цыліндра — айкумена з цэнтрам у Грэцыі («пуп» Зямлі» — камень «амфалос» у Дэльфах). Першую карту айкумены стварыў Анаксімандр (канец 7—6 ст. да н.э.). У цэнтры гэтай карты — Міжземнае м., айкумена падзелена на 2 роўныя часткі — Еўропу і Азію. У Гекатэя Мілецкага (6—5 ст. да н.э.) адзначана трэцяя ч. свету — Лівія (Афрыка). Лічылася, што рэкі Істр (Дунай) і Ніл цякуць паралельна ў шыротным напрамку, першая праз Еўропу, другая праз Лівію, абедзве ад берагоў Атлантычнага ак. У 6 ст. да н.э. ў піфагарэйцаў узніклі ўяўленні пра шарападобнасць Зямлі. Арыстоцель (4 ст. да н.э.) ужо ставіў пытанне пра вымярэнне даўжыні зямнога мерыдыяна. Дыкеарх (на мяжы 4—3 ст. да н.э.) вызначыў даўжыню мерыдыяна ў 300 тыс. стадый, а ў канцы 3 ст. да н.э. Эратасфен у выніку параўнальна дакладных вымярэнняў пакараціў яе да 252 тыс. стадый (39 690 км супраць фактычнай даўж. 40 007 км). Калі ў даўготным напрамку на рубяжы 6—5 ст. да н.э. вядомая айкумена працягвалася ад Гібралтара да Індыі, то ў шыротным яна была вядома яшчэ мала. У 3 ст. да н.э. паўн. краем айкумены лічыўся в-аў Туле, які грэкі размяшчалі на Пн ад Альбіёна (Вялікабрытаніі), каля Палярнага круга. Далей гэтага вострава, па звестках Піфея з Масаліі, які ўпершыню плаваў у морах, што абмываюць Паўн.-Зах. Еўропу (4 ст. да н.э.), пранікнуць было немагчыма. Самым паўд. пунктам айкумены і пры Страбоне (першыя гады н.э.) лічыўся паўд. край Чырвонага м. Піфей вызначаў шырату вывучаных ім пунктаў адноснай працягласцю дня ў перыяд летняга сонцастаяння. Пазней гэты спосаб геагр. арыентацыі дазволіў Эратасфену правесці праз вызначаныя пункты даўготныя і мерыдыянальныя лініі, а Гіпарху (2 ст. да н.э.) падзяліць зямны шар на 360 градусаў, прыняўшы за даўжыню аднаго градуса 700 стадый (110,25 км супраць сапраўднай велічыні 111,1 км) і назваўшы гэтую велічыню «кліматам». Пталамей (2 ст. н.э.) нанёс на градусную сетку ўсе вядомыя геагр. аб’екты. Ваен. экспансія і развіццё гандл. сувязей ранняй Рымскай імперыі садзейнічалі таму, што на карце Пталамея стала магчымым паказаць абрысы а-воў Вялікабрытанія і Ірландыя, раёнаў Афрыкі да шыраты воз. Чад, в-ва Цэйлон у Індыйскім ак., а таксама плямёны сераў і сінаў (стараж. кітайцы) на У. На карце Пталамея, хоць і з недакладнасцямі, упершыню паказана тэр. паміж Чорным і Балтыйскім морамі, у т. л. і тэр. сучаснай Беларусі. Геаграфія Пталамея была вяршыняй і абагульненнем ведаў стараж. грэкаў у галіне геаграфіі. Вял. ўклад у геагр. апісанне многіх краін Еўропы, Азіі і Афрыкі зрабілі грэч. гісторыкі Герадот і Фукідыд.

Гістарычная навука. Першымі творамі гіст. зместу былі працы іанійскіх лагаграфаў, найб. вядомыя з якіх Гекатэй Мілецкі (на мяжы 6—5 ст. да н.э.; аўтар твораў «Кругасветныя падарожжы», «Генеалогія»), Ферэкід (2-я пал. 5 ст. да н.э.; аўтар твора ў 10 кнігах, вядомага пад назвамі «Гісторыя», «Генеалогія», «Мінулае Атыкі») і Геланік з Мітылены (5 ст. да н.э.). Падзеям грэка-перс. войнаў прысвечана «Гісторыя» Герадота (485—425 да н.э.), дзе выкарыстаны багаты міфа-генеалагічны, гісторыка-этнагр. і гісторыка-быт. матэрыял. Высокай ступенню аб’ектыўнасці вылучаецца «Гісторыя Пелапанескай вайны» Фукідыда (каля 460 — каля 393 да н.э.), які надаваў вял. значэнне практычнай праверцы паведамленняў, што траплялі ў яго распараджэнне. Паслядоўнікамі Герадота і Фукідыда былі: Ктэсій (мяжа 5—4 ст. да н.э., яго тв. «Persika» і «Indika», прысвечаныя гісторыі і геаграфіі Асірыі, Вавілона, Персіі і Індыі, вядомы толькі ва ўрыўках); Ксенафонт (каля 430 — каля 355 да н.э., аўтар «Грэчаскай гісторыі», ваен.-гіст. мемуараў «Анабасіс»); Эфор (4 ст. да н.э.» аўтар першай «Усеагульнай гісторыі Грэцыі» і заснавальнік т.зв. рытарычнага кірунку ў грэч. гістарыяграфіі).

Працы Тымея (каля 345 — каля 250 да н.э.), прысвечаныя гісторыі Сіцыліі і Паўд. Італіі, напісаны з выкарыстаннем вял. фактычнага гісторыка-этнагр. матэрыялу і вядомы толькі ў фрагментах. Звесткі пра дзярж. лад грэч. полісаў 4 ст. да н.э. ёсць ў творах Платона («Дзяржава», «Законы») і Арыстоцеля («Афінская палітыя»). Гісторыя Грэцыі, Македоніі, М.Азіі, Сірыі, Егіпта, Карфагена і Рыма ў іх узаемнай сувязі ў перыяд з 221 да 144 да н.э. выкладзена Палібіем (каля 200—118 да н.э.) у яго «Усеагульнай гісторыі» ў 40 кнігах. Імкнучыся крытычна прааналізаваць прычыны і ход гіст. падзей, ён значна паўплываў на развіццё гіст. метаду ў ант. гістарыяграфіі. Працягам працы Палібія была «Гісторыя» Пасідонія ў 52 кнігах (каля 135 — каля 50 да н.э.), якая ахоплівала падзеі 145—82 да н.э. і зрабіла вял. ўплыў на рымскіх гісторыкаў (Салюстый, Тацыт). У перыяд рым. панавання гістарыяграфію развівалі Дыядор Сіцылійскі (каля 80 — каля 20 да н.э.; «Гістарычная бібліятэка» ў 40 кн.), Дыянісій Галікарнаскі (60—5 да н.э.; «Рымскія старажытнасці» ў 20 кн.), Плутарх (каля 50 — каля 120 н.э.; «Параўнальныя жыццеапісанні»), Арыян (каля 95—175 н.э.; гіст. трактаты пра Індыю, жыццё і паходы Аляксандра Македонскага), Паўсаній (каля 118—180 н.э.; «Апісанне Элады» ў 10 кн.), Дыён Касій (каля 155—235 н.э., «Рымская гісторыя» ў 80 кн.) і інш.

Літаратура Стараж. Грэцыі — найстаражытнейшая з л-р Еўропы. Разам са стараж.-рым. яна складае ант. л-ру. Пераемна звязана з крыта-мікенскай культурай і з усім культ. арэалам Б. Усходу. Яна зрабіла вял. ўплыў на развіццё больш позніх л-р і сусв. мастацтва. Распрацавала ўстойлівую сістэму літ. родаў, жанраў і формаў, што былі запазычаны ўсімі еўрап. л-рамі з захаваннем грэч. назваў (эпас, лірыка, трагедыя, камедыя, ідылія і інш.). Яе вытокі ў фальклоры (абрадавыя песні, культавыя гімны, прыказкі, прымаўкі) і ў багатай, разнастайнай па сваіх вобразах і сюжэтах грэч. міфалогіі, якая была асн. матэрыялам стараж.-грэч. л-ры на працягу ўсяго яе развіцця.

Вядучыя жанры архаічнага перыяду (са стараж. часоў да 5 ст. да н.э.) — эпас (8—7 ст. да н.э.) і лірыка (7—6 ст. да н.э.). Першыя пісьмовыя помнікі — эпічныя паэмы «Іліяда» і «Адысея», аўтарства якіх звязваецца з імем Гамера. Захаваліся ўрыўкі ад т.зв. кіклічных паэм (7—6 ст. да н.э.), заснаваных на міфалагічных паданнях Траянскага цыкла, што не ўвайшлі ў «Іліяду» і «Адысею», а таксама Фіванскага і інш. цыклаў. Прыкладна ў той жа час узніклі гімны да багоў (дайшло больш за 30), якія прыпісваліся Гамеру і да нашага часу традыцыйна наз. гамераўскімі. Дыдактычны эпас прадстаўлены паэмамі «Тэагонія» і «Турботы і дні», створанымі ў канцы 8 — пач. 7 ст. да н.э. Гесіёдам — першым паэтам, вядомым як рэальная асоба. У 7—6 ст. да н.э. гал. месца заняла лірыка (элегія, ямб, меліка). У форме элегіі іаніец Калін і спартанец Тыртэй развівалі патрыят. тэму, заклікалі да воінскай доблесці і мужнасці ў барацьбе з ворагамі. Дэмакрат-рэфарматар Салон асуджаў карысталюбства і хцівасць знаці, Феагнід абараняў ідэалы арыстакратаў, Мімнерм стаў пачынальнікам эратычнай паэзіі. Ямбічныя вершы першым пачаў складаць Архілох. Сіманід вядомы сваімі «жаночымі ямбамі» — трапнымі сатырамі на асобныя тыпы жанчын. Апошні класік ямбаграфіі — Гіпанакт з Эфеса. Цэнтрам сольнай мелікі (песеннай лірыкі) быў в-аў Лесбас, дзе на эалійскім дыялекце пісалі складанымі памерамі Сапфо і Алкей. Паліт. тэматыку Алкей сумяшчаў з бяседнай, ствараў застольныя песні (сколіі), распрацаваў сваю ўласную алкееву страфу. Каханне апяваў у сваіх вясёлых вытанчаных вершах Анакрэонт. Майстрамі хар. лірыкі былі Алкман, Стэсіхор, Арыён, Івік, Сіманід, Вакхілід, Піндар. Узнікненне прозы ў 6 ст. да н.э. звязана з развіццём навукі, філасофіі, гістарыяграфіі (Фалес, Анаксімандр, Анаксімен, Геракліт, Гекатэй Мілецкі). Героямі новага тыпу фальклорнага апавядання становяцца гіст. асобы (Кір, Крэз, Салон і інш.). Празаічныя байкі грэкі звязвалі з імем фрыгійскага раба Эзопа. Класічны (атычны) перыяд (5—4 ст. да н.э.) — час найвышэйшага росквіту грэч. л-ры. Духоўным запатрабаванням дэмакр. поліса найб. адпавядала драматургія, што дасягнула найвышэйшай маст. дасканаласці ў творчасці трагікаў Эсхіла, Сафокла, Эўрыпіда, камедыёграфа Арыстафана. Крызіс поліснай ідэалогіі (з сярэдзіны 5 ст. да н.э.), павышэнне ролі асобы знайшлі адлюстраванне ў дзейнасці сафістаў, якія зрабілі ўплыў на драматургію і ў вял. ступені вызначылі развіццё прозы, што стала пануючай у 4 ст. да н.э. Высокага маст. ўзроўню яна дасягнула ў галіне гістарыяграфіі (Герадот, Фукідыт, Ксенафонт), аратарскага мастацтва (Лісій, Ісакрат, Дэмасфен), філасофіі (Платон, Арыстоцель). Першынство заваявала аратарская проза, звязаная з надзённымі паліт. пытаннямі. Узнікла рыторыка, тэорыя аратарскай аргументацыі, якая адкрыла ў слове новыя спосабы ўздзеяння на слухачоў. Філасофскі дыялог, ля вытокаў якога стаяў Сакрат, стаў вял. дасягненнем Платона. Дзякуючы трактатам Арыстоцеля «Аб паэтах» (не захаваўся) і «Паэтыка» асобнай, самаст. галіной ведаў стала тэорыя паэзіі. Тэорыя стылю, грунтоўна распрацаваная ў арыстоцелеўскай «Рыторыцы», зрабіла вял. ўплыў на эстэт. тэорыю і драматург. практыку Адраджэння і класіцызму.

Л-ра эліністычнага перыяду (канец 4 — 1 ст. да н.э.) адышла ад грамадскіх і паліт. праблем і звярнулася да звычайных жыццёвых пытанняў і канфліктаў. На змену выкрывальнай камедыі Арыстафана прыйшла «новая камедыя» Менандра з сямейна-быт. і любоўнай тэматыкай, з гуманна-філантрапічным тлумачэннем грамадскіх супярэчнасцей. Пачынаючы з 3 ст. да н.э. л-ра развівалася пераважна ў новых культ. цэнтрах, найперш у егіпецкай Александрыі, куды перамясціўся сусв. цэнтр навукі і мастацтва. Александрыйская паэзія распрацоўвала малыя жанры (элегію, гімн, эпіграму, ідылію, эпілій), у якіх перавага аддавалася любоўнай тэматыцы, эксперыментавала з формай і словам, што надавала паэзіі элітарны характар. Александрыйцы (Калімах) спалучалі паэт. дзейнасць з філал. заняткамі ў Александрыйскай бібліятэцы. Супраць малых формаў Калімаха выступаў Апалоній Радоскі, аўтар эпічнай паэмы «Арганаўтыка». Жанр ідыліі з тэмай пастухоўскага жыцця на ўлонні прыроды ўвёў у л-ру Феакрыт. Традыцыю празаічных мімаў (сатыр. сцэнак) Сафрона (5 ст. да н.э.) аднавіў александрыйскі паэт Геронд. Літ. афармленне набыла навела з гіст. і быт. зместам (Арыстыд), што да эпохі элінізму заставалася фальклорнай. У гэты перыяд выпрацавалася т.зв. «агульная мова» ўсіх грэкаў — койнэ, у аснове якой ляжаў атычны дыялект з прымессю іанійскага (гл. Грэчаская мова). Рымскі (позні) перыяд (канец 1 ст. да н.э. — 5 ст. н.э.) звязаны з заваяваннем Грэцыі Рым. імперыяй. Выдатнымі прадстаўнікамі т.зв. «элінскага адраджэння» былі філосаф-мараліст Плутарх, філосаф-кінік Дыён Хрысастом, майстар ант. сатыры Лукіян. Апошні апавядальны жанр антычнасці — рамана (Харытон, Ксенафонт, Ямвліх, Ахіл Татый, Лонг, Геліядор). Многія жанры позняй грэч. л-ры перайшлі ў хрысціянскую. З 4—5 ст. н.э. развівалася візант. л-ра (гл. ў арт. Візантыя).

Л-ра Стараж. Грэцыі на Беларусі — своеасаблівая школа маст. творчасці і філас.-эстэт. адукацыі. Яе дасягненні выкарыстоўвалі ў сваёй дзейнасці выдатныя прадстаўнікі стараж. бел. л-ры Клімент Смаляціч і Кірыла Тураўскі. Паэт. прыёмы гераічнага эпасу адраджаліся ў творчасці Ф.Скарыны і М.Гусоўскага. С.Кашуцкі і С.Будны цытавалі Гамера, Платона, Арыстоцеля. На традыцыі платонаўскага дыялогу апіраўся А.Волан. Да вобразаў і сюжэтаў грэч. міфалогіі і л-ры звяртаўся Сімяон Полацкі, а ў 19 ст. — Я.Чачот, Я.Баршчэўскі, В.Дунін-Марцінкевіч. Класічную спадчыну грэкаў арганічна ўспрымаў М.Багдановіч. У лік ранніх помнікаў свецкай перакладной л-ры на Беларусі ўваходзілі гіст. раман «Александрыя» і «Аповесць пра Трою» (гл. «Троя»), З грэч. мовы перакладалі Б.Тарашкевіч (урыўкі з «Іліяды»), Ю.Дрэйзін («Антыгона» Сафокла), Л.Баршчэўскі («Прыкуты Праметэй» Эсхіла), А.Клышка («Дафніс і Хлоя» Лонга).

Тэатр. Паходзіць ад культавых земляробчых гульняў у часы ўрачыстасцей у імя бога Дыяніса. Дыфірамбы і фалічныя песні, што выконваліся на святы, мелі элементы дыялогу і тэатр. дзеяння і, паводле Арыстоцеля, далі пачатак трагедыі і камедыі. Т-р займаў важнае месца ў грамадскім жыцці грэкаў. Спектаклі наладжвалі архонты, вышэйшыя службовыя асобы дзяржавы. Выдаткі на ўтрыманне і навучанне хору, які быў неад’емнай часткай спектакляў, ускладаліся на багатых грамадзян Афінаў — харэгаў. Паказы рабіліся на вольным паветры. Будынак складаўся з 3 асн. частак: архестры (круглая пляцоўка, на якой выступалі хор і акцёры), скены (месца, дзе пераапраналіся і адкуль выходзілі акцёры) і тэатрона (месцы для гледачоў, размешчаныя на схілах узгоркаў). Самы стараж. з вядомых тэатр. будынкаў — т-р Дыяніса ў Афінах (6—4 ст. да н.э.). Жаночыя ролі ў прадстаўленнях выконвалі мужчыны ў масках. У 2-й пал. 6 ст. да н.э. паэт Феспід вылучыў з хору асобнага выканаўцу — акцёра (пратаганіста). Грамадскае, паліт. і духоўнае жыццё народа знайшло адбітак у творчасці драматургаў Эсхіла, Сафокла, Эўрыпіда, Арыстафана, якія стварылі т-р вял. ідэй і дасканалай маст. формы. Апрача трагедый і камедый ставіліся сатыраўскія драмы — вясёлыя п’есы міфалагічнага зместу, дзе хор складаўся са спадарожнікаў Дыяніса — сатыраў. У эпоху элінізму трагедыя заняпала, стараж. ант. камедыя перастала існаваць. Сюжэты новай ант. камедыі, вядомым прадстаўніком якой быў Менандр, звязаны пераважна з быт. адносінамі і асабістымі перажываннямі. Стабілізавалася колькасць вобразаў-масак. Паявіліся акцёры-прафесіяналы, акцёрскія т-вы, членамі якіх былі вольнанароджаныя мужчыны. З 5 ст. да н.э. ў Грэцыі паказвалі невял. быт. і парадыйна-сатыр. імправізацыйныя сцэнкі — мімы. Сярод выканаўцаў былі і жанчыны, маскі адсутнічалі. У эліністычную эпоху пашыраным быў і пантамім — мімічны танец на міфалагічны сюжэт. У паўд. Італіі і ў Сіцыліі ў 4—3 ст. да н.э. выконваліся фліякі — невял. камедыйныя сцэнкі з абавязковым выкарыстаннем маскі. Тэатр. культура Стараж. Грэцыі зрабіла вял. ўплыў на развіццё сусв. тэатр. мастацтва.

Музыка. Першыя сведчанні пра песенна-танц. і інстр. мастацтва Стараж. Грэцыі адносяцца да 3-га тыс. да н.э. (крыта-мікенская культура). У гамераўскі перыяд былі пашыраны песні пастухоў, жняцоў, ткачоў, пахавальныя, пераможныя і інш., мастацтва спевакоў-казачнікаў — аэдаў, рапсодаў. У 8—5 ст. да н.э. старагрэч. музыка дасягнула высокага развіцця і заняла важнае месца ў грамадскім жыцці. Спаборніцтвы спевакоў, хароў, інструменталістаў уваходзілі ў праграмы гімнастычных і маст. («мусічных») гульняў. У 7—6 ст. да н.э. найб. развілася хар. і сольная лірычная песня, а таксама інстр. музыка для кіфары і аўласа. Значная роля належала музыцы ў класічнай трагедыі (спевы хору, меладызаваныя дыялогі, маналогі герояў). Ант. музыка пераважна вакальная, аднагалосая (часцей мужч. харавыя унісонныя спевы ў дыяпазоне 2 актаў), цесна звязаная з метрыкай верша, натавалася літарамі грэч. і фінікійскага алфавітаў. У аснове гукарада — тэтрахорды, з якіх складаліся актаўныя лады. Стараж. грэкі стварылі вучэнне пра этас (маральна-выхаваўчую і грамадска-арганізуючую функцыю музыкі), рытм, лады, увялі многія тэрміны, што выкарыстоўваюцца і ў наш час («музыка», «мелодыя», «мелас», «рытм»).

Архітэктура і выяўленчае мастацтва Стараж. Грэцыі вышэйшае дасягненне чалавечага генія, класічная аснова еўрап. і сусв. мастацтва. Маст. помнікі захаваліся на тэр. ўсёй айкумены, дзе ў антычнасці быў пашыраны грэч. паліт. і культ. ўплыў: на Балканскім і Апенінскім п-вах, у М.Азіі, на ўзбярэжжы Міжземнага і Чорнага мораў. Гісторыя мастацтва ўласна Стараж. Грэцыі пачынаецца з эгейскага мастацтва. Каля 23 ст. да н.э. яго цэнтрам быў в-аў Крыт (росквіт у 1-й пал. 2-га тыс. да н.э.), уплыў якога пашырыўся на мацерыковую Грэцыю і а-вы Кіклады (велічныя палацы ў Кносе, Маліі, Фесце, Ката-Закра). У фрэсках і вазапісе развіваўся арнаментальна-дэкар. стыль. Угамераўскі перыяд (11—8 ст. да н.э.) дамы і храмы будавалі з дрэва, гліны і сырцовай цэглы. Асн. тып жылога дома — мегарон. Да 7 ст. да н.э. быў пашыраны геаметрычны стыль. У перыяд архаікі (7—6 ст. да н.э.) фарміраваліся полісы з характэрнай урбаністычнай структурай: у цэнтры — акропаль (свяцілішча) і агора (грамадска-гандл. цэнтр), вакол якіх ствараліся жылыя кварталы. Храмы будавалі з дрэва, з пач. 6 ст. да н.э. з вапняку, з сярэдзіны 6 ст. да н.э. з мармуру. Дамінуючы тып храма — перыптэр (прамавугольная ў плане пабудова з каланадай па перыметры), сярод грамадскіх пабудоў — булеўтэрыі (для сходаў грамадзян), тэатры, стадыёны і інш. Склалася класічная сістэма арх. ордэра. Ствараліся выразны, гарманічны арх. вобраз, суразмерныя чалавеку арх. маштабы. Пабудовы дарычнага ордэра: храмы Геры ў Алімпіі (канец 7 — пач. 6 ст. да н.э.), Апалона ў Карынфе (каля 550 да н.э.), Артэміды на в-ве Керкіра (пач. 6 ст. да н.э.), Дэметры ў Пасейдоніі (2-я пал. 6 ст. да н.э.) і інш. Сярод пабудоў іанічнага ордэра: храмы Артэміды ў Эфесе (адно з «Сямі цудаў свету») і Геры на в-ве Самас (абодва 6 ст. да н.э.), малыя храмы ў Дэльфах. Храмы архаікі ўпрыгожвалі рэльефамі фрызаў і метоп, статуямі на франтонах, арнаментальнымі і фігурнымі акратэрыямі, антэфіксамі. Статуарная скульптура развівалася ад бронзавых статуэтак да фігур юнакоў (курасаў) і дзяўчат (кор). Трактоўцы чалавечага твару ўласціва т.зв. «архаічная ўсмешка», фігура рытмічна мадэліравалася складкамі вопраткі. Фарміраваліся асн. тыпы ваз: амфара, гідрыя, кілік, кратэр і інш. У 7 ст. да н.э. вазапіс развіваўся ў «дывановым» стылі, дзе размалёўку вызначаў расл. матыў. У вазапісе Карынфа (канец 7—6 ст. да н.э.), а пазней усёй Грэцыі ўсталёўваецца чорнафігурны стыль (майстры Клітый, Эксекій, Амасіс), з імем Андакіда звязаны пераход да чырвонафігурнага вазапісу (каля 530 да н.э.). Дасканаласцю вылучалася мастацтва гліптыкі.

У эпоху класікі (5—3-я чвэрць 4 ст. да н.э.) дасягнулі росквіту гарады. Склалася сістэма рэгулярнай планіроўкі (Мілет, Пірэй): прамавугольная сетка вуліц, комплексная забудова жылых кварталаў, распрацаваная Гіпадамам з Мілета. У пабудовах храма вар’іравалася ордэрная сістэма: храм Зеўса ў Алімпіі (468—456 да н.э., адно з «Сямі цудаў свету») і інш. У выяўл. мастацтве дамінаваў «строгі стыль» з характэрнай ураўнаважанасцю велічных кампазіцый, натуральнай прыгажосцю формаў, у якіх пераадольвалася ўмоўнасць архаічнага стылю; праявіўся ён і ў скульптуры 1-й пал. 5 ст. да н.э. (Міран). У сярэдзіне 5 ст. да н.э. пачынаецца перыяд высокай класікі. Афіны сталі паліт. і культ. цэнтрам Элады. Вяршыня класічнага мастацтва — арх.-пластычны ансамбль на Афінскім акропалі. Найб. поўна і паслядоўна маст. прынцыпы класікі ўвасоблены ў творчасці Фідыя, яго сучаснікаў Алкамена, Крэсілая, Паліклета. З пач. 4 ст. да н.э. будавалі пераважна грамадскія будынкі: гімнасіі, палестры, тэатры (т-р у Эпідаўры, арх. Паліклет Малодшы, 350—330), маўзалей у Галікарнасе (адно з «Сямі цудаў свету»), помнік Лісікрата ў Афінах (каля 335 да н.э.). У скульптуры развіваўся партрэт (работы Дэметрыя з Алапекі, канец 5—2-я пал. 4 ст. да н.э.). У ёй павялічыліся драматызм і дынаміка (творы Скопаса), стаў пераважаць лірычны настрой; у статуях Праксіцеля — тонкія пластычныя эфекты. Творы Лісіпа вызначала драм. напружанасць, Леахараакад. халоднасць. У 2-й пал. 4 ст. да н.э. папулярнасцю карыстаўся жывапісец Апелес, які валодаў майстэрствам святлаценю. У перыяд элінізму (канец 4—1 ст. да н.э.) у сувязі з заваёвамі Аляксандра Македонскага значна пашырылася сфера культ. уплываў Стараж. Грэцыі, узніклі новыя яе цэнтры. Будаваліся гарады з рэгулярнай планіроўкай (Александрыя Егіпецкая, Антыёхія на Аронце, Селеўкія на Тыгры), велічныя пабудовы (Фароскі маяк у Александрыі), арх. ансамблі (акропаль у Пергаме). Скульптура дасягнула вышэйшай ступені трагізму, кампазіцыйных і пластычных кантрастаў (фрыз Пергамскага алтара, каля 180 да н.э., група «Лаакоан» Агесандра, Палідора і Атэнадора, каля 50 да н.э.), жыццесцвярджальнай сілы (Ніке Самафракійская, канец 4 ст. да н.э.). Найб. важнасць набыў партрэт, у якім аўтары шукалі непаўторныя або экзатычныя рысы, тыпы і характары (партрэты варвараў, старых, беднякоў, рабоў). Ствараліся партрэты тыранаў, у якіх парушаны ідэал чалавека-грамадзяніна (статуі дыядохаў), манум. скульптуры (статуя Геліяса, т.зв. Колас радоскі, не захавалася, адно з «Сямі цудаў свету»).

Літ.:

Античная Греция: Проблемы развития полиса. Т. 1—2. М., 1983;

Античная цивилизация. М., 1973;

Античность и Византия. М., 1975;

Древние цивилизации. М., 1989;

Бикерман Э. Хронология Древнего мира: Пер. с англ. М., 1975;

Историография античной истории. М., 1980;

Дройзен И.Г. История эллинизма: Пер. с фр. Т. 1—3. М., 1890—93;

Левек П. Эллинистический мир: Пер. с фр. М., 1989;

Боннар А. Греческая цивилизация: Пер. с фр. М., 1995;

Блаватская Т.В. Ахейская Греция во втором тысячелетии до н.э. М., 1966;

Яе ж. Греческое общество второго тысячелетия до н.э. и его культура. М., 1976;

Яе ж. Из истории греческой интеллигенции эллинистического времени. М., 1983;

Яйленко В.П. Архаическая Греция и Ближний Восток. М., 1990;

Фролов Э.Д. Греческие тираны (IV в. до н.э.). Л., 1972;

Бенгтсон Г. Правители эпохи эллинизма: Пер. с нем. М., 1982;

Винничук Л. Люди, нравы, обычаи Древней Греции и Рима: Пер. с пол. М., 1988;

Герои Греции в войне и мире: История Греции в биогр. Г.В.Штолля: Пер. с нем. [М.], 1992;

Walbank F.W. The Hellenistic World. London, 1981;

Snodgrass A. La Grèce archaïque. Le temps des apprentissages. Paris, 1985;

Жураковский Г.Е. Очерки по истории античной педагогики. 2 изд. М., 1963;

Кун Н.А. Легенды и мифы Древней Греции. М. 1992;

Мифы народов мира: Энцикл. Т. 1—2. 2 изд. М., 1991—93;

Зелинский Ф.Ф. Древнегреческая религия. Киев, 1993;

Яго ж. Религия эллинизма. Томск, 1996;

Лосев А.Ф. Античная мифология в ее историческом развитии. М., 1957;

Nilsson M.P. Geschichte der griechischen Religion. 2 Aufl. Bd. 1—2. München, 1955—61;

Диоген Лаэртский. О жизни, учениях и изречениях знаменитых философов: Пер. с др.-греч. 2 изд. М., 1986;

Лосев А.Ф. Античная философия истории. М., 1977;

Яго ж. История античной эстетики. Кн. 1—2. М., 1992—94;

Яго ж. Словарь античной философии: Избр. ст. М., 1995;

Виндельбанд В. История древней философии: Пер. с нем. Киев, 1995;

Вернан Ж.-П. Происхождение древнегреческой мысли: Пер. с фр. М., 1988;

Томсон Дж. Исследования по истории древнегреческого общества: Пер. с англ. Т. 1—2. М., 1958—59;

Мамардашвили М. Лекции по античной философии. М., 1997;

Guthrie W. A history of Greek philosophy. Vol. 1—3. Cambridge, 1962—69;

Дильс Г. Античная техника: Пер. с нем. М.; Л., 1934;

Эллинистическая техника: Сб. ст. М.; Л., 1948;

Рожанский И.Д. Античная наука. М., 1980;

Яго ж. История естествознания в эпоху эллинизма и Римской империи. М., 1988;

Вандер-Варден Б.Л. Пробуждающаяся наука: Математика древнего Египта, Вавилона и Греции: Пер. с гол. М., 1959;

Идельсон Н.И. Этюды по истории небесной механики. М., 1975;

Томсон Дж. История древней географии: Пер. с англ. М., 1953;

Дитмар А.Б. География в античное время. М., 1980;

Нейгебауер О. Точные науки в древности: Пер. с англ. М., 1968;

Магидович И.П., Магидович В.И. Очерки по истории географических открытий. Т. 1. Географические открытия народов Древнего мира и средневековья (до плаваний Колумба). 3 изд. М., 1982;

Torer H.F. A history of Ancient Geography. New York, 1964;

Jacoby F. Griechische Historiker. Stuttgart, 1956;

Bury J.B. Ancient Greek historians. New York, 1958;

История греческой литературы. Т. 1—3. М.; Л.,1946—60;

Тронский И.М. История античной литературы. 5 изд. М., 1988;

Молчанов А.А., Нерознак В.П., Шарыпкин С.Я. Памятники древнейшей греческой письменности. М., 1988;

Фрейденберг О.М. Миф и литература древности. М., 1978;

Поэтика древнегреческой литературы. М., 1981;

Аверинцев С.С. Плутарх и античная биография. М., 1973;

Варнеке Б.В. История античного театра. М.; Л., 1940;

Каллистов Д.П. Античный театр. Л., 1970;

Flichinger R.C. The Greek theater and its drama. 4 ed. Chicago, 1960: Античная музыкальная эстетика. М., 1960;

Герцман Е.В. Музыка Древней Греции и Рима. СПб., 1995;

Виппер Б.Р. Искусство Древней Греции. М., 1972;

Колпинский Ю.Д. Великое наследие античной Эллады и его значение для современности. 2 изд. М., 1988;

Полевой В.М. Искусство Греции. 2 изд. М., 1984;

Кобылина М.М. Антическая скульптура VII—V вв. до н.э. М., 1953;

Чубова А.П., Иванова А.П. Античная живопись. М., 1966.

У.Я.Калаткоў (гісторыя), Н.К.Мазоўка (выхаванне і адукацыя, філасофія, гістарычная навука), І.Я.Афнагель (геаграфія), С.Дз.Малюковіч (літаратура), Г.С.Глушчанка (музыка), В.Я.Буйвал (архітэктура і выяўленчае мастацтва).

т. 5, с. 497

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА́ТВІЯ (Latvija),

Латвійская Рэспубліка (Latvijas Republika), дзяржава ва Усх. Еўропе, у Прыбалтыцы. Мяжуе на Пн з Эстоніяй, на У з Рас. Федэрацыяй, на Пд з Літвой і Рэспублікай Беларусь, на З абмываецца водамі Балтыйскага м. і Рыжскага заліва. Пл. 64,6 тыс. км². Нас. 2,5 млн. чал. (1997). Дзярж. мова — латышская. Сталіца — г. Рыга. Падзяляецца на 26 раёнаў. Нац. свята — Дзень абвяшчэння незалежнасці (16 лістапада).

Дзяржаўны лад. Л. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1922, адноўленая і змадыфікаваная 6.7.1993. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, якога выбірае парламент на 2 гады і 3 м-цы. Заканад. ўлада належыць аднапалатнаму парламенту — Сейму (100 дэпутатаў), які выбіраецца на 5 гадоў. Выканаўчая ўлада належыць ураду на чале з прэм’ер-міністрам, якога прызначае прэзідэнт.

Прырода. Тэр. Л. размешчана на ПнЗ Усх.-Еўрапейскай раўніны, каля паўд.-ўсх. берагоў Балтыйскага м. Берагі слаба парэзаныя, з пясчанымі дзюнамі выш. да 15—20 м. Уздоўж узбярэжжа цягнецца прыморская нізіна, якая ў бас. р. Ліелупе пераходзіць у Сярэднелатвійскую нізіну. У цэнтр. ч. размешчана Відземскае ўзв. з найвыш. пунктам рэспублікі г. Гайзінькалнс (выш. да 311 м), на ПдУ — Латгальскае ўзв. (выш. да 289 м). Паміж імі — Усх.-Латвійская нізіна. На ПнУ — Алуксненскае ўзв. (выш. да 271 м), на З — Курземскае ўзв. (выш. да 184 м). На фарміраванне рэльефу вял. ўплыў зрабіла дзейнасць ледавікоў. Крышт. фундамент залягае на глыб. ад 400—600 да 1800 м (граніты, гнейсы), які перакрываюць дэвонскія, месцамі трыясавыя і юрскія пароды, а таксама чацвярцічныя адклады. Карысныя выкапні: торф (каля 6 тыс. радовішчаў, запасы — каля 530 млн. т), вапнякі, гіпсавы камень, даламіты, пяскі, гліны, нафта. Мінер. крыніцы і лячэбныя гразі. Клімат пераходны ад марскога да кантынентальнага. Зіма мяккая, частыя адлігі, лета ўмерана цёплае. Сярэдняя т-ра студз. ад -2,6 °C у Ліепаі да -6,6 °C у Даўгаўпілсе, ліп. адпаведна 16,8 °C і 17,6 °C. Ападкаў ад 550 да 850 мм за год. Рачная сетка вельмі разгалінаваная. У Л. каля 12,4 тыс. рэчак, з іх 94% даўж. менш за 10 км, 17 рэк — больш за 100 км. Гал. рэкі: Даўгава (Зах. Дзвіна), Вента, Ліелупе. Азёры займаюць 1,71% тэрыторыі; буйныя: Лубанас, Рэзнас, Буртніеку, Усмас. Глебы пераважна дзярнова-падзолістыя, тарфяна-балотныя, на ПдЗ — дзярнова-карбанатныя, у далінах рэк — алювіяльныя. Пад лесам каля 46% тэрыторыі, пашыраны пераважна хваёвыя (асабліва на ўзбярэжжы Балтыйскага м.), з лісцевых — бярозавыя, альховыя, асінавыя лясы, на ПдЗ — дубравы. Каля 10% тэрыторыі займаюць балоты і забалочаныя землі. У фауне 60 відаў млекакормячых (заяц, вавёрка, барсук, лось, буры мядзведзь, рысь, воўк і інш.), 308 відаў птушак (глушэц, цецярук, курапатка, рабчык), 29 відаў марскіх (салака, кілька, ласось, камбала) і 28 прэснаводных (сіг, вугор, шчупак, судак) рыб, 7 відаў паўзуноў. Запаведнікі: Грыні, Марыцсала, Тэйчы, Слітэрэ, Крусткалны. Нац. парк Гаўя.

Насельніцтва. Асн. насельніцтва — латышы (55,3%, 1997). Жывуць рускія (32,5%), беларусы (4%), украінцы (2,9%), палякі (2,2%), літоўцы (1,3%) і інш. Пасля выхаду Л. са складу СССР назіраўся адток насельніцтва з краіны, асабліва рускамоўнага. Сальда міграцыі насельніцтва і натуральны прырост адмоўныя. Асн. колькасць вернікаў — хрысціяне (пратэстанты, праваслаўныя, католікі). Сярэдняя шчыльн. 39 чал. на 1 км². Гар. насельніцтва складае 69%. Найб. гарады (1997, тыс. чал.): Рыга (815,9), Даўгаўпілс (117,5), Ліепая (97,3), Елгава (71), Юрмала (59), Вентспілс (46,6).

Гісторыя. Чалавек на тэр. Л. пасяліўся ў эпоху мезаліту (9—4-е тыс. да н.э., верагодна, фіна-угорскія плямёны). У 2-м тыс. да н.э. тут з’явіліся продкі балтаў, якія жылі ва ўмацаваных паселішчах — гарадзішчах (іх у Л. выяўлена каля 400), займаліся земляробствам і жывёлагадоўляй. У пач. 1-га тыс. н.э. ўтварыліся плямёны земгалаў, куршаў, латгалаў, селаў, ліваў. На тэр. Латгале знаходзіўся залежны ад Полацкага княства г. Герцыке. Сярод інш. стараж.-лат. гарадоў былі Талава (залежала ад Пскова), Лудза (засн. ў 1177), Саласпілс (засн. ў 1186). З пач. 2-га тыс. ў Л. пачало пранікаць хрысціянства, у т. л. ў выніку каланізацыі лат. зямель ням. крыжакамі на чале з епіскапамі, якія заснавалі ордэн мечаносцаў. У 13 ст. лівы, латгалы і інш. лат. плямёны разам з продкамі літоўцаў і славянамі супраціўляліся ням. экспансіі (гл. Крыжовыя паходы супраць славян і балтаў у 12—15 стагоддзях), аднак да канца 13 ст. былі падпарадкаваны, а землі Л. ўвайшлі ў склад Лівоніі. Ням. панаванне да 17 ст. запаволіла працэс кансалідацыі латышоў у народнасць. У выніку міжусобіц і знешніх фактараў да сярэдзіны 16 ст. дробныя лівонскія дзяржавы спынілі існаванне, а тэр. Л. была падзелена паміж ВКЛ і Даніяй (1560—62). У 1583 Данія перадала Рэчы Паспалітай сваю частку Курляндыі. У ходзе Лівонскай вайны 1558—83 і вайны Рэчы Паспалітай са Швецыяй 1600—29 землі Л. значна спустошаны. Паводле Альтмаркскага перамір’я 1629 паўн.-зах. частка Л. разам з Рыгай уключана ў склад Швецыі (гл. Задзвінасае герцагства), усходняя (Латгале) засталася ў Рэчы Паспалітай. У час Паўночнай вайны 1700—21 Рыгу занялі рус. войскі (1710). Да канца 18 ст. ўся тэр. Л. апынулася ў складзе Рас. імперыі (у 1721 Відземе, у 1772 Латгале, у 1795 Курляндскае герцагства). У 19 — пач. 20 ст. эканам. развіццю Л. садзейнічалі буд-ва чыгунак і выкарыстанне для транзітных і інш. патрэб мясц. партоў (Вентспілс, Рыга, Ліепая); у прам-сці пераважалі машынабудаванне, вытв-сць электратэхн. абсталявання і гумавых вырабаў. Павялічылася колькасць рабочых і іх арг-цый; у 1904 засн. Лат. с.-д. рабочая партыя. Працоўныя Л. ўдзельнічалі ў рас. рэвалюцыях 1905—07, Лютаўскай і Кастрычніцкай 1917. У 1-ю сусв. вайну значная частка Л. акупіравана герм. войскамі; у 1915 у складзе дзеючай рас. арміі створаны часці латышскіх стралкоў.

У канцы 1-й сусв. вайны лат. сацыял-дэмакраты і нац. партыі склікалі ў Рызе Нац. савет, які абвясціў Л. незалежнай парламенцкай і дэмакр. рэспублікай (18.11.1918). Першым прэм’ер-міністрам Л. быў Х.Ульманіс, урад якога прызналі краіны Антанты і інш. дзяржавы (22.12.1918 фармальна і СНК РСФСР). 13—15.1.1919 1-ы з’езд Саветаў у Рызе абвясціў Л. сав. рэспублікай, што прывяло да сутыкнення паміж 2 лат. рэспублікамі (урад Сав. Л. самараспусціўся ў студз. 1920). Адбыліся таксама ўзбр. канфлікты Л. з Літвой і Польшчай. У канцы 1919 з Л. выведзены герм. войскі. 11.8.1920 у Рызе падпісаны лат.-сав. мірны дагавор. Тэр. Л. (разам з Латгале, дзе жылі і беларусы) склала 65,8 тыс. км², насельніцтва — 1,6 млн. чал. Урад Ульманіса правёў агр. рэформу (паводле закону ад 17.9.1920), садзейнічаў стварэнню школ для нац. меншасцей (складалі каля 25% насельніцтва краіны), у т. л. для беларусаў. У чэрв. 1920 прынята часовая, у лют. 1922 канчаткова зацверджана канстытуцыя Л. 30.6.1930 падпісана канвенцыя аб лат.-літ. мяжы. Да 1934 найб. уплывовымі паліт. сіламі краіны былі С.-д. рабочая партыя і Лат. сял. саюз. У эканоміцы Л.2/3 яе экспарту прыпадала на Вялікабрытанію і Германію. 16.5.1934 у Л. адбыўся дзярж. пераварот, у выніку якога ў краіне ўстаноўлена дыктатура Ульманіса (з мая 1936 прэзідэнт Л.). У пач. 2-й сусв. вайны пасля размежавання сфер уплыву паміж Германіяй і СССР паводле пакта Рыбентропа—Молатава 1939 Л. 5.10.1939 заключыла пакт з СССР, які прадугледжваў размяшчэнне на яе тэрыторыі сав. баз і войск (апошнія 18—20.6.1940 уведзены ў Л.). У гэтых умовах у краіне адбыліся змена ўрада і дзярж. ладу, а Л. 5.8.1940 увайшла ў склад СССР як 15-я саюзная рэспубліка. У чэрв.ліп. 1941 Л. акупіравалі ням.-фаш. войскі. Рыга стала цэнтрам рэйхскамісарыята «Остланд». На тэр. Л. дзейнічалі каля 20 тыс. сав. партызан, частка латышоў супрацоўнічала з акупац. ўладамі. У выніку Прыбалтыйскай аперацыі 1944 і інш. бітваў тэр. Л. да мая 1945 вызвалена ад ням.-фаш. войск. У 1947 лат. прам-сць дасягнула даваен. ўзроўню, да 1950 у асноўным калектывізавана сельская гаспадарка; праводзіліся інш. сац.-эканам. мерапрыемствы на ўзор СССР. Сярод інш. сав. рэспублік Л. вызначалася больш высокімі тэмпамі эканам. росту (у т. л. жывёлагадоўлі), асабліва ў 1970-я г. У час «перабудовы» ў СССР (з сярэдзіны 1980-х г.) у Л. актывізаваліся нац. сілы, у т. л. Нар. фронт (узнік у 1988). Пасля перамогі Нар. фронту (выступаў за дэнансацыю пакта Рыбентропа—Молатава як не адпаведнага нормам міжнар. права) на выбарах 18.3.1990 лат. парламент 4.5.1990 абвясціў аднаўленне суверэннай рэспублікі Л. на аснове канстытуцыі 1922. 9 9.1991 незалежнасць Л. прызнаў СССР. З 1993 прэзідэнт краіны — Г.Ульманіс. Кіраўніцтва Л. абвясціла пра яе імкненне стаць членам НАТО, гатоўнасць выкарыстаць дапамогу зах. дзяржаў для рэфармавання лат. гаспадаркі. Л. аддае значную ўвагу ўмацаванню і развіццю добрасуседскіх адносін з Рэспублікай Беларусь і інш. дзяржавамі. У 1999 прэзідэнтам Л. выбрана В.Віке-Фрэйберге. Л.чл. ААН (з 1991), Еўрап. саюза (з 1995), Арг-цыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў крас. 1992.

Палітычныя партыі і грамадскія арганізацыі. Дэмакр. партыя «Саймніекс» («Гаспадар»), Нар. рух Латвіі, Партыя адзінства Л., Рух за нац. незалежнасць Л., Сял. саюз, Партыя нар. згоды, Сацыяліст. партыя, Рус. абшчына Л., Балта-слав. т-ва культ. развіцця і супрацоўніцтва, Саюз свабодных прафсаюзаў Л. і інш.

Гаспадарка. Л.індустр.-агр. краіна. Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) у 1996 складаў 5024 млн. дол. ЗША, 2017 дол. на душу насельніцтва. На долю прам-сці прыпадала 28% ВУП, на сельскую і лясную гаспадарку — 8%, на сферу паслуг — 51%. Вядучыя галіны прамысловасці — машынабудаванне і металаапрацоўка, хім. і нафтахім., дрэваапр., лёгкая, харч., Вытв-сць фармацэўтычнай і парфумерна-касметычнай прадукцыі. Паліўнаэнергет. комплекс Л. грунтуецца на прывазным паліве (нафтапрадукты, вугаль, прыродны газ). 3 мясц. відаў паліва выкарыстоўваюцца торф, дровы і адходы дрэваапр. прам-сці. Торфапрадпрыемствы «Седа», «Стружаны» і інш. Вытв-сць электраэнергіі 3,1 млрд. кВт·гадз (1996). Працуюць Рыжская, Кегумская, Плявіньская ГЭС, Рыжскія ЦЭЦ-1 і ЦЭЦ-2, Ліепайская ЦЭЦ. Каля 40% электраэнергіі імпартуецца ў асноўным з Эстоніі і Літвы. Металургія прадстаўлена з-дам у г. Ліепая. Вытв-сць пракату 300 тыс. т (1996), металалом паступае з Літвы і Эстоніі. У машынабудаванні вылучаюцца электратэхн. (вытв-сць абсталявання для пасаж. вагонаў і трамваяў, прылад, пральных машын, цэнтрыфуг, электралямпаў), радыёэлектронная і сродкаў сувязі («ВЭФ»), трансп. (трамвайныя вагоны і электрацягнікі) галіны прам-сці, сканцэнтраваныя пераважна ў Рызе. Прадпрыемствы па вытв-сці с.-г. тэхнікі (Рыга, Елгава, Рэзекне), мікрааўтобусаў (Елгава), электраінструментаў, прывадных ланцугоў (Даўгаўпілс), вентылятараў (Вентспілс), тэлефонаў (Айзкраўкле). Вытв-сць (1996) радыёпрыёмнікаў — 9,6 тыс. шт., аўтобусаў — 1,2 тыс. штук. Хім. прам-сць у Даўгаўпілсе (вытв-сць валокнаў), Валміеры (шкловалакно), Олайне (пластмасы), Рызе (фарбы, лакі, фармацэўтычныя прэпараты), Вентспілсе (мінер. ўгнаенні). Вытв-сць сінт. фарбаў і лакаў у 1996—16,7 тыс. т. Развіта парфумерна-касметычная вытв-сць (Рыга). Лясная, дрэваапр. і цэлюлозна-папяровая прам-сць традыцыйна займае важнае месца ў эканоміцы краіны. Нарыхтоўку драўніны вядуць 24 леспрамгасы. Выпуск піламатэрыялаў, фанеры, мэблі, драўнянавалакністых і драўнянастружкавых пліт, запалак, лодак, паперы, кардону, цэлюлозы ў гарадах Рыга, Даўгаўпілс, Ліепая, Вентспілс, Юрмала, Валміера, Кулдыга і інш. Вытв-сць піламатэрыялаў — 1,2 млн. м³, паперы і кардону — 8,6 тыс. т (1996). Прам-сць буд. матэрыялаў працуе на мясц. сыравіне. Наладжана вытв-сць цэглы, чарапіцы, дрэнажных труб, керамзіту, цэменту (0,3 млн. т, 1996), шыферу, жалезабетонных вырабаў, лінолеуму, драўляных будынкаў, шкла і фарфору. Лёгкая прам-сць арыентуецца на высокакваліфікаваныя кадры і выпуск канкурэнтаздольнай прадукцыі. Гал. галіна — тэкст. (баваўняная, шарсцяная, шаўковая, ільняная); асн. яе цэнтры: Рыга, Елгава, Віляка, Мазсалаца і інш. Развіты трыкат. (Валка, Огрэ, Юрмала), швейная (Рыга, Елгава, Екабпілс), гарбарна-абутковая (Рыга, Ліепая, Даўгаўпілс), скургалантарэйная (Ліепая) галіны. Вытв-сць (1996) тканін — 0,9 млн. м², абутку — 0,8 млн. пар. Харч. прам-сць працуе пераважна на мясц. сыравіне. Важныя галіны — мясная, масласыраробная, рыбная, кансервавая, цукр., мукамольная, кандытарская, піваварная. Шэраг прадпрыемстваў камбікормавай прам-сці. Вытв-сць (1996, тыс. т) масла — 7,5, мукі — 107,5, цукру — 94,6. Маст. промыслы (апрацоўка скуры, бурштыну, разьба па дрэве, вышыўка). Асн. кірункі спецыялізацыі сельскай гаспадаркі: малочна-мясная жывёлагадоўля, свінагадоўля і птушкагадоўля (71% таварнай с.-г. прадукцыі, 1996). Гадуюць (тыс. галоў, 1996): буйн. раг. жывёлу (537), свіней беконнага кірунку (553), авечак (72), коней (27). Развіта зверагадоўля (нутрыя, пясец, ліс). Пчалярства. С.-г. ўгоддзі займаюць каля 2,6 млн. га (1996), у т. л. ворныя землі 1,7 млн. га. Пад збожжавымі культурамі каля 45%, тэхн. — 2%, кармавымі — 46% усёй пасяўной плошчы. Вырошчваюць ячмень (179 тыс. т, 1996), пшаніцу (150 тыс. т), жыта, авёс, лён-даўгунец, цукр. буракі, травы. Бульбаводства і агародніцтва. Развіта кветкаводства. Улоў рыбы ў 1996—149,7 тыс. т. Геагр. становішча Л. спрыяльнае для буд-ва трансп. магістраляў. Даўж. чыгунак 2,4 тыс. км, у т. л. 11% электрыфікавана. Даўж. аўтадарог 51 тыс. км, у т. л. 56% з цвёрдым пакрыццём. Развіты марскі транспарт. Найб. парты: Вентспілс (экспарт нафты), Рыга, Ліепая. Рачное суднаходства ў нізоўях рэк Ліелупе, Вента, Даўгава. Авіятранспарт забяспечвае знешнія сувязі. Аэрапорты: Рыга, Даўгаўпілс, Ліепая. Газаправоды Дашава—Рыга, Таржок—Пскоў—Рыга; нафта- і прадуктаправод Полацк—Вентспілс. Экспарт (2,5 млрд. дол. ЗША, 1996): драўніна, тэкстыль, харч. прадукты, маш.-буд. прадукцыя. Імпарт (3,5 млрд. дол. ЗША, 1996): энерганосьбіты, машыны і электраабсталяванне, хім. прадукцыя. Асн. гандл. партнёры: Рас. Федэрацыя, Германія, Вялікабрытанія, Швецыя, Літва, Фінляндыя. Беларусь экспартуе ў Л. калійныя і азотныя ўгнаенні, нафтапрадукты; набывае рыбу, трыкатаж, шпалы, лек. сродкі. Курорты: Юрмала, Ліепая, Кемеры, Балдане і інш. Грашовая адзінка — лат.

Узброеныя сілы. Складаюцца з рэгулярных узбр. сіл (сухап. войскі або сілы абароны краіны, ВПС, ВМС), ваенізаваных фарміраванняў (пагран. войскі і берагавая ахова) і нар. апалчэння (мабілізацыйны рэзерв). Агульная колькасць (1996) больш за 25 тыс. чал., у т. л. 17,5 тыс. апалчэнцаў. Вярх. галоўнакамандуючы — прэзідэнт. Камплектаванне паводле прызыву. У сухап. войсках больш за 7 тыс. чал., 13 бронетранспарцёраў, 24 гарматы, якія буксіруюцца, 28 мінамётаў. У ВПС каля 200 чал., 4 самалёты, 7 верталётаў. У ВМС каля 1 тыс. чал., у т. л. 220 чал. у берагавой абароне, 4 караблі, 14 катэраў.

Ахова здароўя. Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 61,3, жанчын 73,4 гады. Смяротнасць — 15 на 1 тыс. чал. Забеспячэнне бальнічнымі ложкамі — 1 на 83 чал., урачамі — 1 на 291 чал. Узровень нараджальнасці — 12 на 1 тыс. чал. Натуральны прырост 0,4%. Дзіцячая смяротнасць — 21 на 1 тыс. нованароджаных (1997). Мед. страхаванне.

Асвета. Сучасная сістэма адукацыі Л. ўключае дашкольныя ўстановы, агульнаадук. і прафес. школы, сярэднія спец., прафес. і акад. вышэйшыя навуч. ўстановы. У агульнаадук. школу ўваходзяць абавязковая 9-гадовая базавая (4 гады навучання ў пач. школе і 5 гадоў у няпоўнай сярэдняй) і поўная сярэдняя (3 гады навучання пасля базавай школы, 10—12 кл.). Валоданне дзярж. (лат.) мовай абавязковае ва ўсіх навуч. установах, якія знаходзяцца пад юрысдыкцыяй Л. Сістэма прафес. падрыхтоўкі ўключае прафес. базавую школу для навучэнцаў, што не маюць базавай адукацыі (2 гады навучання), прафес. сярэднюю школу (3 гады), прафес. гімназію (4 гады навучання, дае права паступлення ў ВНУ). Сярэднюю спец. адукацыю даюць тэхнікумы і каледжы (4—5 гадоў навучання пасля базавай школы і 2—3 гады на базе поўнай сярэдняй). Прафесійная вышэйшая адукацыя (4 гады навучання) забяспечвае веды для прафес. дзейнасці, акадэмічная — заснавана на фундаментальнай або прыкладной навуцы з абавязковым кампанентам даследавання ў навуч. праграме. Акадэмічная вышэйшая адукацыя мае 2 ступені: бакалаўра (3—4,5 года навучання) і магістра (дадаткова 2 гады). Ступень магістра дае права на атрыманне ступені доктара (3—4 гады навучання). Буйнейшыя ВНУ: Латвійскі ун-т (з 1940), Рыжскі тэхн. ун-т (з 1896, да 1990 політэхн. ін-т), Рыжскі авіяц. ун-т (з 1960), Рыжскі ун-т імя Страдыня, Латв. марская акадэмія, Латв. акадэмія мастацтваў, Лат. акадэмія культуры, Латв. кансерваторыя, Міжнар. турыстычны ін-т — усе ў Рызе; Латв. с.-г. акадэмія ў Елгаве, Латв. евангелічная лютэранская хрысц. акадэмія ў Юрмале. Буйнейшыя б-кі: Латв. Нац. і Латв. акадэмічная ў Рызе. Музеі: Латв. музей гісторыі Рыгі, Латв. музей прыроды, Дом Я.Райніса і Аспазіі, Музей акупацыі, Дзярж. маст. музей, маст. музеі — «Арсенал», замежных краін, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, латв. культуры; Мемар. музей Густава Шкілтэра — усе ў Рызе; мемар. ансамбль ахвярам фаш. тэрору ў Саласпілсе і інш. Навук. даследаванні праводзяць ін-ты Латв. АН (з 1946), н.-д. ўстановы галіновых міністэрстваў і ведамстваў, ВНУ.

Друк, радыё, тэлебачанне Найбольшы тыраж маюць грамадска-паліт. газеты «Lauku avize» («Сельская газета», з 1988, на лат. мове, 2 разы на тыдзень), штодзённая газ. «Dziena» («Дзень»), «Rigas balss» («Голас Рыгі», абедзве на лат. і рус. мовах), «Панорама Латвии», штотыднёвая газ. Нар. фронту «Atmoda» («Абуджэнне») і інш. Радыё з 1925 (на лат., рус., швед., англ. і ням. мовах). Тэлебачанне з 1954. Радыё і тэлебачаннем кіруе Камітэт па справах радыё і тэлебачання. Інфарм. агенцтвы: Латв. незалежнае тэлегр. агенцтва ЛЕТТА (створана ў 1989 на базе інфарм. агенцтва Латінфарм.), Baltic News Service (Балтыйская служба навін, з 1990).

Літаратура. Развіццё ўласна лат. л-ры пачалося ў сярэдзіне 19 ст. і было цесна звязана з нац.-вызв. рухам. Яна апіраецца на багатыя традыцыі песеннага фальклору, што ўпершыню зафіксавана ў выданні «Латышскія дайны» (т. 1—6, 1894—1915; збіральнік і складальнік К.Баран). Першыя кнігі на лат. мове, пераважна духоўнага зместу, датуюцца 16 ст. Кнігі свецкага характару пачалі выдавацца ў сярэдзіне 18 ст. Заснавальнік нац. паэзіі — Ю.Алунан (зб. вершаў «Песенькі», 1856). Антыфеад. характар мела творчасць прадстаўнікоў т.зв. рамантызму Аўсекліса і А.Пумпура. Значным дасягненнем лат. прозы з’явіліся рэаліст. раман братоў Каўдзітаў «Часы каморнікаў» (1879) і апавяданні Апсішу Екаба пра жыццё лат. вёскі. У 1870—80-я г. зарадзілася нац. драматургія. Яе развіццё цесна звязана з дзейнасцю заснавальніка лат. т-ра і аўтара п’ес для яго А.Алунана. Новы этап развіцця лат. л-ры ў 1890-я г. звязаны з рухам прагрэс. інтэлігенцыі «Новая плынь» (рэв. вершы Э.Вейдэнбаўма, вершы і п’есы Аспазіі). Пачаў сваю дзейнасць як публіцыст Я.Райніс. У л-ру прыйшлі навеліст Р.Блаўман, паэт-рамантык Я.Порук, пісьменнікі Э.Бірзніек-Упіт, Г.Брыгадэрэ, В.Плуданіс, Я.Яўнсудрабіньш і інш. Гал. змест іх твораў — жыццё, сац. перамены ў горадзе і вёсцы ў пач. 20 ст. Уплыў падзей рэвалюцыі 1905—07 выявіўся ў рэаліст., глыбінна-філас. творчасці Райніса. Развівалася л-ра крытычнага рэалізму (аповесці і раманы А.Упіта). У 1920—30-я г. асобныя прадстаўнікі лат. л-ры жылі, працавалі за межамі Л., у т. л. ў Сав. Саюзе: Судрабу Эджус, Э.Эферт-Клусайс, А.Кадзікіс-Грозны, Р.Пельшэ, В.Кнорын, П.Даўге і інш. У 1934 створаны Саюз пісьменнікаў Л. Плённа працавалі Л. Лайцэн, Я.Грот, В.Лаціс, Я.Судрабкалн, Упіт, Э.Адамсан, Я.Плаўдыс, А.Чак і інш. У цэнтры ўвагі пісьменнікаў гіст. этапы жыцця краіны, розныя сац. слаі грамадства. У жанрава і тэматычна разнастайнай л-ры развіваліся паэзія, навела і раман, сатыр. камедыя і гіст. драма. У гады 2-й сусв. вайны гал. літ. жанрамі былі паэзія (В.Лукс, Судрабкалн, А.Грыгуліс, Ю.Ванаг, Ф.Рокпелніс) і апавяданне (Г.Саксэ, Лаціс); у жанры філас. эсе выступілі З.Марыня і К.Раўдыве. Пасляваен. пакаленне пісьменнікаў (у паэзіі — Лукс; Грот, Чак, А.Баладыс, С.Калдупе, у прозе — Лаціс, Саксэ, Г.Бродэле, Д.Зігмантэ, З.Скуінь і інш.) імкнулася да больш глыбокага адлюстравання рэчаіснасці, да раскрыцця ўнутр. свету сучаснікаў. Стылёва разнастайная пасляваен. паэзія (І.Аўзіньш, В.Бэлшэвіца, І.Зіеданіс, М.Чаклайс, А.Веян, А.Скалбе, О.Вацыеціс, А.Элксне і інш.) вызначаецца шырынёй ахопу падзей, філасафічнасцю (грамадз. і інтымная лірыка М.Кемпе). Л-ра 1970—80-х г. адметная тэматычнай актуальнасцю, эпічнасцю, маштабнасцю, паглыбленым пранікненнем у духоўны свет героя, спалучэннем глыбока індывідуальнага светаадчування пісьменніка і героя (А.Бэлс, А.Калве, Я.Маўліньш, Р.Эзера, Скуінь, В.Югане, А.Ханбергс, А.Якубанс, М.Зарыньш). Гал. асаблівасць прозы 1990-х г. — гістарызм, дамінуе мемуарная л-ра. Актыўна развіваецца драматургія (Х.Гулбіс, П.Петэрсан, П.Путніньш, Л.Стумбрэ, М.Бірзэ, Скуінь).

Бел.-лат. літ. сувязі развіваюцца з 1920-х г. У 1926 Райніс наведаў Беларусь, дзе адбыліся яго сустрэчы з Я.Купалам, Я.Коласам і інш. пісьменнікамі, знаёмства з бел. культурай. Бел.-лат. сувязі актывізаваліся ў 1950-я г. Гэтаму спрыялі дэкады л-ры і мастацтва, асабістыя кантакты пісьменнікаў, іх перакладчыцкая дзейнасць. На лат. мове выдадзены анталогіі паэзіі («Беларуская сасна», 1960; «Хлеб-соль», 1974), прозы («Дом пад сонцам», 1960), асобныя кнігі лірыкі Я.Купалы, Р.Барадуліна, П.Броўкі, П.Панчанкі, М.Танка, раманы «Глыбокая плынь» (1953) і «Сэрца на далоні» (1966) І.Шамякіна, «Людзі на балоце» (1966) і «Подых навальніцы» (1969) І.Мележа, «Птушкі і гнёзды» Я.Брыля (1968), «Трэцяе пакаленне» К.Чорнага (1971), зб. апавяданняў «Чазенія» У.Караткевіча (1976), кн. «На імперыялістычнай вайне. Віленскія камунары» М.Гарэцкага (1978), «Плач перапёлкі» І.Чыгрынава (1980), «На ростанях» Я.Коласа (1982), шэраг аповесцей Я.Коласа, В.Быкава, І.Пташнікава, А.Кудраўца, Шамякіна, В.Казько, А.Масарэнкі, п’есы «Пяюць жаваранкі» К.Крапівы (1953), «Пінская шляхта» В.Дуніна-Марцінкевіча (1960), «Лявоніха на арбіце» А.Макаёнка (1962) і інш. Для дзяцей на лат. мове выйшлі паэт. творы: «Хлопчык і лётчык» Я.Купалы, «Залатыя рукі» Э.Агняцвет, «Чытанка-маляванка» В.Віткі, аповесці «ТВТ» Я.Маўра, «Міколка-паравоз» М.Лынькова, «Таямнічы надпіс» В.Зуба, кнігі бел. нар. казак (1960, 1977). На лат. мову бел. паэзію перакладалі Ю.Ванаг, А.Веян, Вацыеціс, В.Ліўземніек, Я.Плотніек, Судрабкалн, Е.Стулпан і інш., прозу — Ванаг, Т.Руліс і інш. На бел. мове выдадзены анталогіі лат. паэзіі («Ветрык, вей!», 1959; «Латышская савецкая паэзія», т. 1—2, 1984), прозы («Латышскія апавяданні», 1956; «Сучасныя латышскія апавяданні», 1978), кнігі вершаў, апавяданняў, казак «Песня Даўгавы» (1986), лат. нар. песень «Дайны» (1987), зборнікі паэзіі Я.Райніса, Судрабкална, Бэлшэвіцы, кн. «Выбранае» (1993, вершы, літ.-крытычныя артыкулы, п’есы) Райніса, асобныя раманы Лайцэна, Лаціса, Б.Саўлітыса, А.Колберга, кнігі прозы Упіта, Грывы, Вілкса, п’есы Райніса, творы для дзяцей Ванага, З.Эргле, В.Бранка, кнігі нар. лат. казак і інш. На бел. мову творы лат. пісьменнікаў перакладалі Агняцвет, Барадулін, Броўка, Вітка, А.Вярцінскі, Н.Гілевіч, С.Грахоўскі, А.Звонак, І.Калеснік, К.Кірыенка, М.Лужанін, В.Лукша, П.Макаль, С.Панізнік, Панчанка, У.Паўлаў, Ю.Свірка, В.Сёмуха, М.Танк, У.Шахавец, С.Шушкевіч, Я.Янішчыц, празаічныя творы — А.Жук, Кудравец, А.Марціновіч, П.Місько, Сёмуха, Я.Скрыган. У.Яцко і інш. Лат.-бел. сувязям прысвечаны працы М.Абалы і Дз.Віксны «Гэта сяброўства ведае вечнасць» (1977) і кн. І.Апіне «Беларусы ў Латвіі» (1995).

Архітэктура. У 1-м тыс. да н.э. на тэр. Л. будавалі ўмацаваныя паселішчы родавых абшчын (пілскалны), у 1-м тыс. н.э. — неўмацаваныя паселішчы (крэпасці-сховішчы), абкружаныя валамі з плятнём і частаколам наверсе. Да канца 12 ст. пераважалі пабудовы з дрэва. У канцы 12—15 ст. пераважала буд-ва мураваных абарончых і культавых будынкаў (найб. стараж. з мясц. вапняку) у раманскім стылі. У 13—14 ст. склаліся асн. тыпы рыцарскіх замкаў: вежа-данжон (замкі Турайдскі ў Сігулдзе, пач. 13 ст.; у Ліелстраўпе, сярэдзіна 14 ст.), канвенцкі дом (замкі ў Вентспілсе, 1290; у Рызе, 1330—1515), замак т.зв. нерэгулярнага тыпу, канфігурацыя ўмацаванняў якога імітавала схілы замкавага ўзгорка (замак у Кокнесе, закладзены ў пач. 13 ст.). Часта замкі станавіліся цэнтрамі гарадоў (Валміера, Цэсіс). Храмы ўзводзілі зальныя (царква ў Ікшкіле, 1185—13 ст.), базілікальныя з вежай над фасадам (цэрквы Яня ў Цэсісе, 1283—87; св. Сімяона ў Валміеры, 1283 — пач. 15 ст.). Пераходны стыль раманска-гатычных форм і канструкцый адлюстраваны ў Домскім саборы ў Рызе (1211—70). У 13—16 ст. развівалася гар. буд-ва: ратушы, будынкі гільдый, бюргерскія жылыя дамы з высокімі дахамі і ступеньчатымі франтонамі (Рыга, Цэсіс). Да сталай готыкі належыць царква св. Петэра ў Рызе (13—15 ст.). У познагатычнай архітэктуры часцей выкарыстоўвалі цэглу, ускладнены дэкор франтонаў і скляпенняў (царква св. Яня ў Рызе, канец 15 — пач. 16 ст.). У 2-й пал. 17 ст. сцвярджаюцца формы барока: фасад царквы св. Петэра (1689—94, арх. Р.Біндэншу і інш.), т.зв. дом Даненштэрна (1694—98) у Рызе. У перыяд росквіту барока (1700—70-я г.) ствараліся буйныя палацава-паркавыя ансамблі (палацы ў Рундале, 1736—40, 1763—67, і Елгаве, 1738—72; арх. абодвух В.В.Растрэлі), свецкія будынкі (Акадэмія Петрына ў Елгаве, 1773—75, арх. С.Енсен). У канцы 18 — сярэдзіне 19 ст. панаваў класіцызм: лютэранская царква ў Алуксне (1781—88, арх. К.Хаберланд), арсенал-пакгаўз у Рызе (1828—30, арх. Ю.Шпацыр), будынак гар. т-ра ў Рызе (1860—63, арх. Л.Бонштэт), палацавыя комплексы ў Казданзе і Дурбе (арх. І.Г.Берліц). У 2-й пал. 19 ст. фарміруецца нац. арх. школа новага часу. На мяжы 19—20 ст. паралельна з эклектызмам (пабудовы Я.Ф.А.Баўманіса) развіваўся нац.-рамант. кірунак, які спалучаў традыцыі нар. лат. дойлідства з элементамі стылю мадэрн (жылыя дамы ў Рызе, 1906—09, арх. Э.Лаўбе і А.Ванаг). Пабудовам 1-й пал. 20 ст. ўласцівы класіцыстычныя тэндэнцыі (актавая зала Латв. ун-та ў Рызе, 1929—38, арх. Э.Шталберг), рысы рацыяналізму з захаваннем стылізатарства ў духу нац. рамантызму (царква ў Алажах, 1927). З сярэдзіны 1950-х г. буд-ва вядзецца пераважна паводле тыпавых праектаў з цэглы ці зборнага жалезабетону. Будынкі жылых кварталаў групуюцца ў гармоніі з наваколлем, з цэнтрамі трансп. і быт. абслугоўвання (жылыя раёны Агенскалнскія Сосны, 1958—62, арх. М.Рэндэль; Пурвунеме, з 1964, арх. С.Алксне, Э.Драндэ ў Рызе, і інш.). Для грамадскіх будынкаў характэрны строгая планіроўка, выразнасць канструкцый (санаторый у Яўнкемеры, 1967, арх. А.Рэйнфельд і інш.), стрыманая па колеры аддзелка інтэр’ераў (летняя канцэртная зала ў Дзінтары, 1959—60, арх. М.Гелзіс і А.Вецсіліс), выкарыстанне на фасадах абліцоўкі з металу і пластыкаў. Найб. значныя збудаванні 1970—90-х г.: Маст. т-р імя Я.Райніса (1976, арх. М.Станя, Х.Кандэр, І.Якабсан), комплекс аэрапорта «Рыга» (1974, арх. Л.Іваноў, В.Ермалаеў), жылыя раёны Пуруцыемс і Межцыемс (1980—90-я г.) — усе ў Рызе, Дом культуры «Юрас варты» ў Вентспілсе (1977, арх. В.Вавулс, А.Дамброўскі) і інш. У 1945 засн. Саюз архітэктараў Л.

Выяўленчае мастацтва. Найб. стараж. помнікі мастацтва на тэр. Л. вядомы з 5-га тыс. да н.э. (выявы жывёл на касцяных дзяржаннях кінжалаў). З 4—3-га тыс. да н.э. паходзяць скульпт. гліняныя выявы твару чалавека, фігуркі людзей і жывёл з дрэва, косці, гліны, бурштыну. У 5—8 ст. высокага ўзроўню дасягнула апрацоўка металу (латгальскія дзявочыя вянкі з бронз. спіральных дратоў, аздобленыя прывескамі і бразготкамі). З 13 ст. мастацтва Л. развівалася ў рэчышчы культуры Зах. Еўропы, у асн. ганзейскіх гарадах. Працавалі пераважна замежныя майстры. Рысы раманскага і гатычнага стыляў выявіліся ў скульпт. афармленні капітэляў, калон, надмагілляў, у рэльефах. У 2-й пал. 16 — пач. 17 ст. пашырыўся маньерызм, які найб. праявіўся ў дэкар. рэльефах. У перыяд барока (2-я пал. 17—18 ст.) у работах мясц. майстроў пераважала драўляная скульптура з выразнымі рысамі нар. мастацтва. Найб. ярка стылістыка барока ўвасобілася ў творах скульпт. майстэрні сям’і Сёфрэнсаў (алтар царквы Анас у Ліепаі, 1697), італьян. мастакоў Ф.Марціні і К.Дзукі (размалёўкі палаца ў Рундале, 1760-я г.) і інш. Нар. драўляная скульптура прадстаўлена пашыранымі ў Латгаліі ў 17 ст. ўкрыжаваннямі. У пач. 19 ст. ў мастацтве Л. пераважаў класіцызм. Мастакі Л. вучыліся пераважна ў Пецярбургу, дзе ў канцы 1880-х г. стварылі маст. гурток «Rükis» («Працаўнік»). З 2-й пал. 19 ст. пачала фарміравацца нац. маст. школа. Карціны на гіст. тэмы ствараў К.Гун, працавалі пейзажысты Ю.Федэр, А.Э.Алксніс, В.Пурвіт, партрэтыст Я.Розентал, графікі Р.Зарыньш, Э.Брэнцэн, Т.Удэр. У 1-й пал. 20 ст. кірунак развіцця лат. скульптуры вызначыўся ў творчасці Т.Залькалнса. Жывапіс развіваўся ў рэчышчы постімпрэсіянізму (Е.Казак, Я.Гросвалд), сімвалізму (В.Матвей). У 1920—30-я г. жывапісцы імкнуліся да стварэння праз каларыстычныя пошукі рамантычна-абагульненага вобраза свету (пейзажы Пурвіта, К.Убана, нацюрморты і пейзажы Л.Свемпа, вясковыя сцэны К.Міесніека, Г.Эліяса, жанравыя палотны Я.Ліепіньша, партрэты Я.Тылберга, В.Тоне). Працавалі скульпт. К.Зале, К.Земдэга, К.Янсан і інш. Развіваліся тэатр.-дэкарацыйнае (Л.Ліберт, О.Скулме) і дэкар,прыкладное (А.Цыруліс) мастацтва, графіка (Ліепіньш), надмагільная пластыка (комплекс Брацкіх могілак, 1924—36, скульпт. Зале, арх. А.Бірзеніек і інш.; помнік Я.Райнісу, 1934, скульпт. Земдэга, арх. П.Арэнд; помнік Свабоды, 1935, скульпт. Зале, арх. Э.Ш.Талберг — усе ў Рызе). Фармальнымі эксперыментамі вызначалася дзейнасць «Групы рыжскіх мастакоў» (1919—39). У 1919 у Рызе засн. Вышэйшыя маст. майстэрні (з 1920 Латв. АМ). Для мастацтва Л. 1940—70-х г. характэрны разнастайнасць кампазіцыйных вырашэнняў, лапідарнасць буйных форм, актыўнасць колеру і фактуры ў жывапісе, манументальнасць скульптуры. У стварэнні манум. ансамбляў выкарыстоўваліся традыц. для пластыкі Л. выяўл. магчымасці каменю (Мемар. ансамбль памяці ахвяр фаш. тэрору ў Саласпілсе; скульптары Л.Букоўскі, Я.Зарынь, А.Скарайніс, архітэктары Г.Асарыс, А.Закаменны, О.Остэнберг, І.Страўтманіс). У графіцы пашырыўся лінарыт (Г.Кроліс, Д.Рожкалн), дрэварыт (П.Упітыс). Дэкар.-прыкладное мастацтва характарызуецца спалучэннем нар. традыцый і сучасных маст. форм. Найб. развіваліся кераміка, у т. л. буйных дэкар. форм (насценныя кампазіцыі, садовая кераміка), маст. тэкстыль (габелены Э.Вігнерэ, Р.Хеймрата і інш.), вітраж. Працавалі жывапісцы Э.Калніньш, Дж.Скулме, Э.Ілтнер, М.Табака, Л.Мурніск, скульптары Л.Дзегузе, Зарынь, Скарайніс, В.Алберг, А.Гулбіс, графікі І.Хелмут, П.Упітыс, А.Апініс. Мастацтва Л. 1980—90-х г. прадстаўлена творчасцю І.Зарыня, Скулме, В.Мерца, В.Озала, Б.Вегерэ, А.Юр’яне, А.Аўзіня, І.Гейнрыхсана, Э.Калненіека і інш. У нар. мастацтве пашыраны разьба, абточка і выпальванне па дрэве, кераміка, ткацтва і вязанне, апрацоўка металу, дробная драўляная пластыка. У 1951 засн. Саюз мастакоў Л.

Музыка. Лат. муз. фальклор уключае прац., каляндарныя (найб. пашыраны купальскія — ліга-песні), сямейна-абрадавыя, лірычныя, жартоўныя, карагодныя, танц. песні. Пераважае аднагалоссе, у некат. раёнах захавалася бурдоннае 2- і 3-галоссе. Характэрны песні і танцы ў суправаджэнні бразготак. Сярод нар. муз. інструментаў струнна-шчыпковы кокле (тыпу цытры); смычковыя скрыпка, дыга; духавыя стабуле (флейта), таўрэ (труба з дрэва, бяросты і інш.), ажарагс, дукас. З 13 ст. развіваецца каталіцкая, з 16 ст. пратэстанцкая царк. музыка. Было пашырана хатняе музіцыраванне. У 17—18 ст. існавалі прыдворны аркестр у Елгаве (ставіліся оперныя і балетныя спектаклі), аматарскае т-ва Калегіум музікум, Рыжскае муз. т-ва, Рыжскі ням. т-р (ставіў оперныя і драм. спектаклі). Развіццё лат. прафес. музыкі пачалося ў 19 ст. з адкрыццём настаўніцкіх семінарый у Валміеры (1839), Ірлаве (1841), Валцы (1849). Ствараліся лат. пеўчыя т-вы. У 1873 узнікла традыцыя агульналат. пеўчых свят. Вядучым жанрам прафес. музыкі стала хар. песня (Я.Цымзе, К.Баўманіс, Э.Вігнер і інш.). Вял. ўклад у развіццё музыкі Л. зрабілі заснавальнік лат. кантаты і сімф. музыкі А.Юр’ян і Я.Вітал. У 1912 засн. Лат. опера. У пач. 20 ст. створаны першыя ўзоры нац. класікі: оперная дылогія «Агонь і ноч» Яніса Медыньша (1919), опера «Банюта» (1919), кантата «Судны дзень» (1917), сімф., вак., хар. творы А.Калніньша. У 1919 засн. Латв. кансерваторыя. Сярод лепшых опер 1920—30-х г. «Багі і людзі», «Спрыдытыс» Яніса Медыньша, «Вайдэлотэ» («Жрыца») Язэпа Медыньша, «Цудоўная птушка Лаліты», «Гамлет», «У агні» Я.Калніньша. Развівалася сімф. і камерная музыка (Вітал, Яніс і Язэп Медыньшы, А.Абеле, Я.Калніньш, В.Дарзіньш, П.Барысан, Я.Іваноў, А.Скултэ). З канца 1940-х г. рэгулярна праводзяцца Лат. пеўчыя святы. Створаны новыя прафес. муз. арг-цыі і калектывы, канцэртныя залы, у т. л. ў Домскім саборы ў Рызе. Сярод вядучых майстроў лат. музыкі кампазітары Іваноў, Скултэ, М.Зарыньш, А.Жылінскіс, Л.Гарута, Я.Кепітыс, І.Калніньш (оперы «Іграў я, скакаў», «Іфігенія ў Аўлідзе», араторыі, 5 сімфоній), П.Дамбіс (араторыі), Р.Калсан (5 сімфоній, канцэрты для інстр. з аркестрам), Е.Медыньш, П.Васк, Г.Раман, А.Грынуп, П.Плакідыс, Алдоніс, Калніньш, В.Камінскіс, Р.Ермак; у галіне эстр. музыкі працуе Р.Паулс. Сярод выканаўцаў: дырыжоры Р.Глазуп, А.Янсанс, Э.Тонс, Л.Вігнер, В.Сінайскі, Г.Ардэлоўскіс, харавыя — І.Кокар, Р.Ванаг, Т.Калніньш, Е.Медыньш, Я.Озаліньш, Д.Гайліс, А.Дэркевіца, Я.Думіньш, Х.Медніс, Э.Рачэўскіс; І.Цэпітыс; спевакі М.Вігнерэ-Грынберга, Р.Берзіньш, А.Кактыньш, М.Брэхмане-Штэнгеле, А.Вілюманіс, К.Зарыньш, Ж.Гейнэ-Вагнерэ, А.Фрынберг, Э.Пакуль, А.Дашкоў, Р.Фрынберга; піяністы І.Граўбіня, Г.Браўн; арганісты М.Ванадзіньш, П.Сілалніек. У Л. працуюць: Нацыянальная опера Латвіі, Рыжскі т-р аперэты (з 1945), філармонія (з 1941, у яе складзе Дзярж. акад. хор і камерны аркестр, з 1967), Дзярж. акад. сімф. аркестр Латв. радыё (з 1926), хор тэлебачання і радыё (з 1940), Дзярж. ансамбль танца «Дайле», Эстр.сімф. аркестр Дзяржтэлерадыёкампаніі (з 1966), фалькл. ансамблі «Ліўліст» (з 1971), «Скандыніекі» (з 1976). Дзейнічаюць Латв. кансерваторыя (з 1919), муз. вучылішчы, дзіцячыя муз. школы.

Высока развіта самадз. хар. культура. У 1944 створаны Саюз кампазітараў Л. У 1987 у Л. праведзены Дні камернай музыкі Беларусі.

Тэатр. Элементы тэатр. мастацтва былі ў нар. гульнях, абрадах. У 1205 у Рызе адбылося першае тэатр. прадстаўленне ням. місіянераў на сюжэт са Старога запавету. У сярэдневякоўі былі пашыраны містэрыі, школьныя драмы на ням. і лац. мовах. З 1742 у Рызе выступала пастаянная ням. трупа, у 1782 пабудаваны спец. тэатр. будынак. Першы спектакль на лат. мове пастаўлены ў 1868 («П’яніца Бергуліс» паводле А.Стэндэра). У 1870 А.Алунан заснаваў аматарскі Рыжскі лат. т-р (з 1880-х г. прафесійны). У канцы 19 — пач. 20 ст. працавалі прафес. і аматарскія т-ры ў Рызе, Ліепаі, Елгаве, дзе ставіліся п’есы Алунана, Р.Блаўмана, А.Астроўскага, М.Гогаля, А.Пушкіна, Г.Лесінга, Ф.Шылера, У.Шэкспіра і інш. Сярод прафес. акцёраў: Д.Акментыня, Е.Дубур, А.Міерлаўк, П.Озаліньш, Б.Румніецэ, Ю.Скайдрытэ, А.Фрэйманіс, Р.Янсан і інш. У 1902—05 дзейнічаў Новы лат. т-р, у 1908 засн. Новы рыжскі т-р, у якіх ставіліся п’есы Я.Райніса, А.Упіта, Г.Гаўптмана, Г.Ібсена, Л.Талстога, Г.Хеермана. Развіваліся нац. рэжысура (Т.Амтманіс, Міерлаўк), акцёрскае мастацтва (А.Амтман-Брыедыт, Т.Банга, Г.Жыбалт, Б.Скуеніецэ, Э.Смільгіс, М.Шмітхене). У час 1-й сусв. вайны большасць рэжысёраў і акцёраў эмігрыравала з акупіраванай Л.; лат. т-ры дзейнічалі ў Маскве, Петраградзе, Таліне, Харкаве. У 1919 у Рызе пад кіраўніцтвам Упіта створаны Рабочы т-р Сав. Л. (пазней Нац. т-р, з 1971 Латвійскі т-р драмы імя Упіта), у 1920 — Маст. т-р імя Райніса. У тэатр. мастацтве 1920—30-х г. развіваліся рэаліст. і мадэрнісцкія кірункі. Вял. ўклад у развіццё т-ра Л. зрабілі Амтман-Брыедыт, А.Клінт, Т.Лаціс, Міерлаўк, Я.Осіс, Смільгіс, Э.Фельдманіс, Л.Шпільберг і інш. Пасля 2-й сусв. вайны пашырылі сваю дзейнасць т-ры ў Ліепаі, Валміеры. Ставіліся лат., рус., сусв. класіка, п’есы А.Грыгуліса, В.Лаціса, Х.Гулбіса, Ю.Палевіча і інш. У развіццё т-ра Л. вял. ўклад зрабілі В.Артмане, Э.Баруне, Л.Баўмане, Л.Берзінь, Э.Зіле, Ж.Катлапс, В.Ліне, П.Луціс, Э.Радзіня, К.Себрыс, Л.Фрэймане, Ц.Херцберг, А.Яўнушан і інш.

У 1920—30-я г. ў Рызе, Даўгаўпілсе і інш. гарадах Л. дзейнічалі бел. тэатр. калектывы. У 1927 арганізавана Т-ва бел. т-ра ў Л. У 1928 адкрыліся Рыжскі і Дзвінскі (Даўгаўпілскі) бел. нар. т-ры. Ставіліся п’есы Я.Купалы, У.Галубка, М.Чарота, Л.Родзевіча. У т-рах пастаўлены бел. п’есы «Паўлінка» Я.Купалы, «Пяюць жаваранкі» і «Хто смяецца апошнім» К.Крапівы, «Злавацца не трэба» Зуба, «Выбачайце, калі ласка!», «Лявоніха на арбіце» і «Трыбунал» А.Макаёнка, «Амністыя» М.Матукоўскага, «Трывога» А.Петрашкевіча, «Не верце цішыні» І.Шамякіна, «Вечар» і «Радавыя» А.Дударава.

Кіно. Кінавытворчасць у Л. пачалася каля 1910: хранікальныя, дакумент., відавыя фільмы (рэпартажы аператара Э.Тысэ пра г. Ліепая, і інш.). Першы ігравы фільм — «Дзе праўда?» (1913). У 1920—30-я г. здымаліся пераважна камерцыйныя фільмы. Лепшая стужка гэтага перыяду — «Сын рыбака» паводле рамана В.Лаціса (1939, рэж. В.Лапеніек). У 1940 у Рызе створаны студыі маст. і дакумент. фільмаў (у 1948 аб’яднаны ў Рыжскую кінастудыю). Пасля 2-й сусв. вайны развіццё лат. кіно было звязана з дзейнасцю ленінградскіх і маскоўскіх рэжысёраў і аператараў. У канцы 1940 — пач. 1960-х г. экранізаваліся творы Лаціса «Перамога» («Вяртанне з перамогай», 1948, рэж. А.Іваноў), «Да новага берага» (1955, рэж. Л.Лукаў), «Сын рыбака» (1957, рэж. В.Круміньш), «Бура» («На парозе буры», 1961, рэж. Круміньш, Р.Калніньш), створаны гіст.-біягр. фільм «Райніс» (1949, рэж. Ю.Райзман), рамант. драма «Меч і ружа» (1960, рэж. Л.Лейманіс), фільмы ваен. тэматыкі («Рыта», 1958, рэж. А.Нерэтніецэ, і інш.). З 1960-х г. фільмы сталі больш разнастайнымі паводле тэматыкі і жанраў. Імкненнем асэнсаваць сваю гісторыю, яе драм. моманты праз лёсы канкрэтных людзей вызначаюцца стужкі «Я ўсё памятаю, Рычард!» (1967, рэж. Калніньш), «Калі дождж і вецер стукаюць у акно» (1968, рэж. А.Брэнч), «Змова паслоў» (1966, рэж. М.Розанцаў). У 1966 на Рыжскай кінастудыі створана група лялечных фільмаў. У 1970—80-я г. фільмы надзённай тэматыкі стваралі Я.Стрэйч («Мой сябра чалавек несур’ёзны», 1976; «Лімузін колеру белай ночы», 1981), Дз.Рытэнберг («Гэтыя небяспечныя дзверы на балкон», 1977), Г.Цылінскіс і В.Брасла («Саната над возерам», 1976) і інш. Экранізавалася нац. класіка («У ценю смерці» паводле Р.Блаўмана, 1971, «Вей, ветрык» паводле Я.Райніса, 1974, абодва рэж. Г.Піесіс); здымаліся прыгодніцкія стужкі («Слугі д’ябла», 1970, рэж. А.Лейманіс), дэтэктывы («Быць лішнім», 1977, рэж. Брэнч); пашырыўся выпуск тэлефільмаў («Майстра», 1976, рэж. Стрэйч; «Смерць пад ветразем», 1977, рэж. Нерэтніецэ). У 1981 зняты першы шматсерыйны тэлефільм «Доўгая дарога ў дзюнах» (рэж. Брэнч). Высокім майстэрствам вызначаліся дакумент. фільмы «Валміерскія дзяўчаты» (1970, рэж. І.Селецкіс), «След душы» (1972), «Забароненая зона» (1975, абодва рэж. Г.Франк), «Жанчына, якую чакаюць» (1978), «Пашырэнне свету» (1980, абодва рэж. Селецкіс), «Вышэйшы суд» (рэж. Франк), «Ці лёгка быць маладым» (рэж. Ю.Подніек) і інш. Сярод дзеячаў лат. кіно: рэжысёры Круміньш, О.Дункер, акцёры В.Артмане, Х.Ліепіньш, К.Себрыс, Э.Павулс, М.Мартынсоне, Г.Якаўлеў, А.Кайрыша, Л.Озаліня і інш.

Беларусы ў Латвіі. Продкі беларусаў (палачане) кантактавалі з продкамі латышоў з 8—9 ст. Яны гандлявалі ўздоўж Зах. Дзвіны (Даўгавы) на шляху «з варагаў у грэкі», збіралі даніну з ліваў і інш. стараж.-лат. плямён (гэтыя падзеі апісаны ў «Хроніцы Лівоніі» Генрыха Латвійскага), сяліліся ў Падзвінні, мелі тут свае фарпосты (Герцыке, Кукенойс). Буйным цэнтрам гандлю была Рыга, што засведчана яе дагаворам з Полацкам 1210 і інш. пагадненнямі. У часы існавання Ганзы купцы-крывічы пабудавалі ў Рызе Крэўскі двор. З 1453 вядома царква св. Мікалая ў Рызе, з 16 ст. — слабада бел. плытагонаў (Крэўсгорад) каля Крустпілса (з 1670 мела магдэбургскае права). Некалькі правасл. бел. цэркваў узніклі ў Л. ў 18—19 ст. Перасяленню беларусаў у Л. (частка іх асела ў партовых гарадах) садзейнічала адмена прыгоннага права ў 1861. З Л. паходзілі, тут вучыліся або працавалі ў 19 — пач. 20 ст. бел. грамадскія і культ. дзеячы, пісьменнікі, мастакі, у т. л. Х.Ц.Буйніцкі, В.Б.Вальтар, Н.Б.Ватацы, К.Б.Езавітаў, К.Каганец, У.М.Кудрэвіч, В.Ю.Ластоўскі, І.І.Луцкевіч, Я.Маўр. Паводле перапісу 1897, у Л. жылі 79523 беларусы. У Рызе Ластоўскі, Э.Будзька і інш. чыталі лекцыі на бел. мове для бел. нац. інтэлігенцыі і настаўнікаў, выступалі перад рабочымі з Беларусі. У 1920 у Рызе знаходзіўся ўрад БНР на чале з Ластоўскім, у 1920—21 — Вайскова-дыпламатычная місія БНР у Латвіі і Эстоніі (кіраўнік Езавітаў, консул У.В.Пігулеўскі), якая мела ўласнае выдавецтва. У 1920—30-я г. ў Л. дзейнічалі культ.-асв. т-ры «Бацькаўшчына» і «Беларуская хата», Беларускае навукова-краязнаўчае таварыства, Люцынская дзяржаўная беларуская гімназія, Дзвінская (Даўгаўпілская) бел. дзярж. гімназія, Бел. выдавецтва і інш. бел. арг-цыі і ўстановы. Бел. дыяспару ў Л. падтрымліваў лат. паэт і дэпутат сейма Я.Райніс. У час ням.-фаш. акупацыі Л. (1941—44) працавалі бел. пач. школы ў Дзвінскім, Люцынскім і Рэжыцкім паветах, 3 шасцікласныя бел. школы ў Рызе, гімназія ў Індры; у Рызе выдаваўся час. «Новы шлях». Пасля 1945 адбылася апошняя хваля перасялення беларусаў у Л., колькасць якіх у краіне павялічылася з 61,9 тыс. ў 1959 да амаль 120 тыс. чал. у 1989. Найб. кампактна беларусы жывуць у Рызе (у 1995 каля 70 тыс. чал.) і Даўгаўпілсе (больш за 10 тыс. чал.). У 1990 у Л. святкавалася 500-годдзе з дня нараджэння Ф.Скарыны. У Рызе дзейнічаюць Латв. т-ва бел. культуры «Сьвітанак» (з 1988), Аб’яднанне мастакоў-беларусаў Балтыі «Маю гонар» (з 1991), бел. сярэдняя школа; абедзве арг-цыі і школу ўзначальвае мастак В.Целеш, у Даўгаўпілсе — бел. культ.-асв. аб’яднанне «Уздым» (з 1993), бел. нядзельная школа, т-ва культуры «Латвія—Беларусь» (з 1996) і інш. У Даўгаўпілсе і Рызе з 1996 ёсць таксама суполкі Міжнар. фонду Я.Купалы.

Літ.:

Витолс Д.,Янкевиц Я. Экономическая и социальная география Латвийской Республики: Пер. с латыш. Рига, 1994;

От Лифляндии — к Латвии. Прибалтика русскими глазами. Т. 1. М., 1993;

Очерки экономической истории Латвии, 1860—1900. Рига, 1972;

Латвия на грани эпох. Рига, 1990;

Штейнберг В.А. Латвия во внешнеполитическом противоборстве Советской России и держав Запада, 1917—1920. Рига, 1979;

Крупников П.Я. Полвека истории Латвии глазами немцев (конец XIX в. — 1945 г.). Рига, 1989;

История Латвийской ССР. 2 изд. Рига, 1971;

Тугай У.В., Галавач А.В. Дзе песні 3 Даўгавы гучалі. Мн., 1992;

История латышской литературы. Т. 1—2. Рига, 1971;

Архитекгура Советской Латвии. М., 1973;

Kolbergs A. Rigas grāmamd: Rigas vesture vecplisēta. Rīga, 1998;

Циелава С. Искусство Латвии. Л., 1979;

Latviešu padomju gleznieiba. Riga, 1985;

Starptautiska Mākslas Asociācija. Rīga, 1996;

Витолинь Я. Латышская народная песня. М., 1969;

Вериня С.Ф. Музыкальный театр Латвии и зарождение латышской национальной оперы. Л., 1973;

Грюнфельд Н.Э. История латышской музыки. М., 1978;

Бриеде-Булавинова В.В. Оперное творчество латышских композиторов. Л., 1979;

Карклиньш Л.А. Латышская симфоническая музыка. Л., 1981;

Кундзинь К.Э. Латышский театр: Очерк истории. М., 1963;

Фролова Г. Кино Латвии. М., 1981.

П.І.Рогач (прырода, насельніцтва, гаспадарка), Р.Ч.Лянькевіч (гісторыя, узброеныя сілы), М.Э.Абала (літаратура), В.Я.Буйвал (архітэктура, выяўленчае мастацтва), Л.А.Сівалобчык (музыка), Г.У.Шур (кіно), С.С.Панізнік (беларусы ў Латвіі).

Герб і сцяг Латвіі.
Да арт. Латвія. Краявід на Відземскім узвышшы.
Да арт. Латвія. На ўзбярэжжы Рыжскага заліва.
Да арт. Латвія. Вулачка ў г. Вентспілс.
Да арт. Латвія. Рыга ў сярэдзіне 17 ст.
Да арт. Латвія. Помнік латышскім стралкам у Рызе.
Да арт. Латвія. Вежа-данжон Турайдскага замка ў Сігулдзе. Пач. 13 ст.
Да арт. Латвія. Скульптура ў інтэр’еры Домскага сабора.
Да арт. Латвія. Акадэмія Петрына ў Елгаве. 1773—75.
Да арт. Латвія. Домскі сабор у Рызе. 13 ст.
Да арт. Латвія. Замак у Цэсісе. 13—16 ст.
Да арт. Латвія. Лютэранская царква ў Алуксне. 1781—88.
Да арт. Латвія. В.Пурвіт. Сакавіцкі вечар (Зімовы пейзаж). Каля 1901.
Да арт. Латвія. Дж.Скулме. Хлеб на дарогу. 1967.
Да арт. Латвія. Помнік Свабоды ў Рызе. 1935.
Да арт. Латвія. П.Упітыс. Дубы каля Гаўі. З серыі «Гаўя». 1956—57.
Да арт. Латвія. К.Зале. Джузэпе Гарыбальдзі. 1918.
Да арт. Латвія. Э.Вігнерэ. Святочны салют. Габелен. 1975.

т. 9, с. 146

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛДО́ВА (Moldova),

Рэспубліка Малдова (Republica Moldova), дзяржава ва Усх. Еўропе. Мяжуе на З з Румыніяй (па р. Прут), на Пн, У і Пд з Украінай. Пл. 33,7 тыс. км². Нас. 4,3 млн. чал. (1998). Дзярж. мова — малдаўская. Сталіца — г. Кішынёў. Падзяляецца на 40 раёнаў. У 1994 прыняты закон аб тэр. аўтаноміі Гагаузіі (Гагауз Еры). Нац. свята — Дзень незалежнасці (27 жніўня).

Дзяржаўны лад. М. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1994. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца на ўсеагульных выбарах на 5 гадоў. Заканад. ўлада належыць аднапалатнаму парламенту (104 дэпутаты, выбраныя на 4 гады). Выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад на чале з прэм’ер-міністрам, якога назначае парламент паводле прадстаўлення прэзідэнта.

Прырода. Рэльеф раўнінна-ўзгорысты з чаргаваннем узвышшаў (22,4% тэрыторыі), плато і раўнін (77,6%). На Пн краіны Паўн.-Малдаўскае плато — плоская раўніна з асобнымі ўзгоркамі-астанцамі. У цэнтры ўзв. Кодры з найвыш. пунктам г. Баланешты (выш. да 429 м). На Пд Паўд.-Малдаўская і Паўд.-Бесарабская раўніны. Моцна развіта эрозія, існуе больш за 100 тыс. яроў. Большая ч. тэрыторыі знаходзіцца на паўд.-зах. ускраіне Рус. платформы, крышт. фундамент якой перакрыты тоўшчай асадкавых парод (ад палеазойскіх да антрапагенавых). Карысныя выкапні: вапнякі, гіпс, гліны, пяскі, мергель, нафта, газ, буры вугаль. Ёсць лячэбныя мінер. крыніцы. Клімат умерана кантынентальны з мяккай зімой і працяглым гарачым летам. Сярэдняя т-ра студз. -3,5 °C (Кішынёў), ліп. 20,7 °C. Гадавая колькасць ападкаў ад 550 мм на Пн і ў Кодрах да 380 мм на Пд. Рачная сетка разгалінаваная: 3085 пастаянных і часовых вадацёкаў, з іх толькі 246 даўжэй за 10 км. Гал. рэкі: Днестр (з прытокамі Рэут, Ікел, Бык, Ботна) і Прут. Азёры поймавыя, найб. Белеў, Ратунда, Драчэле і інш. Глебы пераважна чарназёмныя, вышэй за 250—270 м шэрыя і бурыя лясныя, у поймах рэк — алювіяльна-лугавыя. Большая ч. тэрыторыі разарана. Расліннасць стэпавых і лесастэпавых відаў (кавыль, ціпчак, стэпавая вішня) захавалася плямамі. Лясы займаюць 9,6% тэрыторыі (бук, дуб, граб, клён, ясень і інш.). У складзе фауны 400 відаў пазваночных і 4600 беспазваночных жывёл. З млекакормячых водзяцца дзік, казуля, воўк, ліс, дзікі кот і інш. 257 відаў птушак (стэпавы арол, сава, жаваранак, сойка). Больш за 80 відаў рыб. Запаведнікі: Кодры, Егарлык.

Насельніцтва. Асн. насельніцтва — малдаване (64,5%). Жывуць таксама ўкраінцы (13,8%), рускія (13%), гагаузы (3,5%), балгары (2%), беларусы, яўрэі і інш. Большасць вернікаў — праваслаўныя хрысціяне. Сярэдняя шчыльн. 128 чал. на 1 км². Найб. шчыльна заселены цэнтр. і паўд.-ўсх. раёны, найменш — паўднёвыя. Гар. насельніцтва 54% (1998). Найб. гарады (1998, тыс. чал.): Кішынёў (752,1), Ціраспаль (192,1), Бэлць (155,6), Бендэр (138,4). 41,6% занятых у эканоміцы прыпадае на сельскую гаспадарку, 14,8% — прам-сць і буд-ва, 43,6% — сферу паслуг.

Гісторыя. На тэр. М. чалавек з’явіўся у эпоху палеаліту. У 4—3-м тыс. да н.э. тут існавала трыпольская культура. У 6 ст. да н.э. ў вусці р. Днестр стараж.-грэч. каланісты з Мілета заснавалі г. Тыра (цяпер Белгарад-Днястроўскі, Украіна). У 4—3 ст. да н.э. міжрэчча Прута, Днястра і землі каля Чорнага м. насялялі геты і дакі. У 1 ст. да н.э. тут уладарыў Берэбіста (Бурэвіста) — правадыр гета-дакійскага плем. саюза. З 1—2 ст. гэтыя землі межавалі з уладаннямі Стараж. Рыма ў Паўн. Прычарнамор’і і Дакіі, у 2—4 ст. тут жылі плямёны чарняхоўскай культуры (сарматы, гета-дакі, скіфы, готы). З 6—7 ст. паміж Усх. Карпатамі і Днястром жылі стараж. славяне, у т. л. ў 9—12 ст. улічы і ціверцы. У 10—12 ст. частка зямель М. ўваходзіла ў склад Кіеўскай Русі і Галіцкага княства; у выніку ўварванняў сюды печанегаў і полаўцаў славяне вынішчаны або выцеснены на Пн. У 12—13 ст. на тэр. гістарычнай вобл. Малдовы, пазней і Бесарабіі, перасяліліся з-за Карпат волахі (валахі, улахі) — продкі сучасных румынаў і малдаван, якія паступова асімілявалі апошніх мясц. славян. Пасля 1241 да 1-й пал. 14 ст. землі паміж Усх. Карпатамі і Днястром былі пад уладай Залатой Арды. У 1-й пал. 14 ст. далінай р. Малдова завалодала Венгрыя. У 1359 узнікла самаст. Малдаўскае княства, якое да канца 14 ст. пашырылася і ўключала Малдову (тэр. ядро), Бесарабію і Букавіну. Яно найб. узмацнілася ў час праўлення гаспадароў (князёў) Аляксандра Добрага [1400—32] і Стэфана III Вялікага [1457—1504], Атрады Малд. княства (з 1387 фармальна васал Польшчы) удзельнічалі ў Грунвальдскай бітве 1410. У 14—16 ст. левабярэжжа Днястра было ў складзе ВКЛ. У 16 ст. паўд. частку левабярэжжа заваявалі туркі, паўночная з 1569 (акрамя панавання тут у 1672—99 туркаў) уваходзіла ў склад Рэчы Паспалітай. З 16 ст. Малд. княства ў васальнай залежнасці ад Асманскай імперыі, якая захапіла Паўд. Бесарабію з гарадамі Бендэр, Ізмаіл, Кілія, Акерман, а ў 18 ст. і Хацін з акругай. М. плаціла даніну, прымусова пастаўляла Турцыі с.-г. прадукты, удзельнічала ў войнах на яе баку. Жыхары М. значна цярпелі ад набегаў падвасальных Турцыі крымскіх татар і нагайцаў (у 16 ст. паселены туркамі ў прычарнаморскіх стэпах паміж Дунаем і Дняпром) і баявых дзеянняў на тэр. М. ў час войнаў Турцыі з Польшчай (17 ст.), Аўстрыяй і Расіяй (18 ст.). У 16—17 ст. большасць малд. сялян запрыгонена (афіцыйна паводле «Улажэння» 1646 гаспадара В.Дупу). З 1711 тур. султаны прызначалі гаспадарамі М. знатных грэкаў-фанарыётаў, што яшчэ больш узмацніла нац. ўціск малд. насельніцтва. У 16—18 ст. багацце малд. феадалаў (баяр) залежала ад іх становішча пры двары гаспадара, бо за дзярж. пасадамі замацоўваліся буйныя зямельныя ўладанні з залежнымі сялянамі. Жыхары М. неаднаразова паўставалі супраць тур. панавання, у т. л. пад кіраўніцгвам гаспадароў І.Лютага (1574) і Дз.Кантэміра (1711). У крас. 1711 Кантэмір заключыў з Пятром I дагавор аб ваен. саюзе і пратэктараце Расіі над М., на чале малд. войска ўдзельнічаў у Пруцкім паходзе 1711. Паводле «Улажэння» 1749 гаспадара К.Маўракардата катэгорыя прыгонных сялян (вечынаў) скасавана і пераўтворана ў феадальна-залежных, але асабіста свабодных царан. Паводле Яскага мірнага дагавора 1791, які завяршыў рус.-тур. вайну 1787—91, паўд. частка левабярэжжа Днястра, а паводле 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) і паўночная (з 17 ст. тут сяліліся малдаване) далучаны да Расіі. Паводле Бухарэсцкага мірнага дагавора 1812, якім скончылася рус.-тур. вайна 1806—12, да Расіі далучана і Бесарабія (да 50% тэр. і 25% насельніцтва М.) з цэнтрам у Кішынёве. Малд. баяры атрымалі правы рас. дваран, сяляне захавалі асабістую свабоду. Паводле Парыжскага мірнага дагавора 1856 у Малд. княства, потым (з 1862) у Румынію ўваходзіла паўд.-зах. частка Бесарабіі (пасля рус.-тур. вайны 1877—78 у выніку Берлінскага кангрэса 1878 далучана да Расіі). У 19 ст. актывізавалася с.-г. і прамысл. развіццё Бесарабіі, яе паўд. (стэпавую) частку, адкуль у 1807 рас. ўлады выдалілі качэўнікаў-нагайцаў, засялялі каланісты з Расіі, Украіны, Турцыі (балгары і гагаузы) і Германіі. У 1861—75 у Бесарабіі праведзена сял. рэформа. У 1867 са школ выключана малд. мова. У пач. 20 ст. каля 70% с.-г. зямель М. належала памешчыкам, асн. галіной эканомікі Бесарабіі заставалася сельская гаспадарка. У крас. 1917 абвешчана аўтаномія Бесарабіі. 4.12.1917 нац. прадпрымальнікі і інтэлігенцыя склікалі «Сфатул цэрый» («Савет краю»), які 15.12.1917 абвясціў Бесарабію Малд. Народнай Рэспублікай. У студз.сак. 1918 Бесарабію занялі рум. войскі. 10.12.1918 «Сфатул цэрый» абвясціў аб далучэнні яе да Румыніі, што не прызнала Сав. Расія. У 1918—20 левабярэжжа Днястра папераменна было пад акупацыяй войск Аўстрыі, Германіі, С.В.Пятлюры, Антанты, белагвардзейцаў. У выніку агр. рэформы 1921—23 сяляне Бесарабіі страцілі каля ⅔ сваёй зямлі, якая была вернута памешчыкам. 12.10.1924 на тэр. Украіны на У ад Днястра, дзе таксама жылі малдаване, сав. ўлады стварылі Малд. Аўт. Сацыяліст. Сав. Рэспубліку (сталіца — г. Балта, з 1929 Ціраспаль). У выніку тайнага дадатку да пакта Рыбентропа—Молатава 1939 і пасля 2 сав. ультыматумаў Румыніі ад 26 і 27.6.1940 Бесарабія і Паўн. Букавіна 28.6.1940 далучаны да СССР.

2.8.1940 створана Малд. ССР са сталіцай у Кішынёве; паводле спец. герм.-сав. пагаднення тэр. М. пакінулі каля 93 тыс. бесарабскіх немцаў. Паводле рашэння ўрада СССР ад 4.11.1940 Паўн. Букавіна, Хацін з акругай, Ізмаіл і Акерман далучаны да Укр. ССР. Са жн. 1941 М. акупіравана рум. войскамі, якія знішчылі тут каля 64 тыс. чал. Пасля вызвалення Чырв. Арміяй у ходзе Праскураўска-Чарнавіцкай аперацыі 1944, Адэскай аперацыі 1944 і Яска-Кішынёўскай аперацыі 1944 адноўлена Малд. ССР, якую як частку СССР паводле Парыжскіх мірных дагавораў 1947 прызнала Румынія. Пасля вайны сярод насельніцтва М. павялічылася доля рускіх і ўкраінцаў. У 1950—60-я г. ў М. засн. машына- і прыладабудаванне, электраэнергетыка і інш. галіны прам-сці. У час перабудовы ў СССР у М. пасля 1985 актывізаваўся нац.-культ. рух, які перарос у паліт. рух за выхад з СССР. На мяжы 1980—90-х г. узніклі шматлікія паліт. партыі і грамадскія арг-цыі. З 1990 прыхільнікі румынізацыі краю, найперш члены Хрысц.-дэмакр. нар. фронту, пераважалі ў Вярх. Савеце і ўрадзе М.

23.6.1990 яе Вярх. Савет прыняў дэкларацыю аб дзярж. суверэнітэце ўнутры СССР, у вер. ўвёў пасаду прэзідэнта рэспублікі і выбраў прэзідэнтам М.Снегура. Прарум. арыентацыя ўлад М., у т. л. ўвядзенне ў 1989 лац. алфавіта замест прынятага ў 1940 кірылічнага, выклікала канфлікты з гагаузамі (у жн. 1990 абвясцілі сваю рэспубліку на Пд М.), з рус. і ўкр. нац. меншасцямі на У ад Днястра, дзе ў вер. 1990 пры падтрымцы размешчанай там 14-й рас. арміі абвешчана Прыднястроўская Малд. Рэспубліка (ПМР) з цэнтрам у Ціраспалі (абедзве рэспублікі не прызнаваліся малд. кіраўніцтвам). 27.8.1991 абвешчана дзярж. незалежнасць М. (з мая 1991 наз. Рэспубліка М.). 8.12.1991 у выніку першых усеагульных прэзідэнцкіх выбараў, якія байкатавалі гагаузы і насельніцтва ПМР, прэзідэнтам М. выбраны Снегур. Абвастрэнне адносін паміж кіраўніцтвам М. і ПМР прывяло да ўзбр. Прыднястроўскага канфлікту 1992. Пасля перамогі на першых шматпарт. парламенцкіх выбарах (люты 1994) дамінуючае становішча ў паліт. жыцці краіны заняла Агр.-дэмакр. партыя. У 1994 парламент прыняў канстытуцыю М., якая дэкларавала адмову ад аб’яднання з Румыніяй і магчымасць надання аўтаноміі нац. меншасцям М. (23.12.1994 прыняты закон аб тэр. аўтаноміі раёнаў кампактнага пражывання гагаузаў з цэнтрам у г. Камрат). 10.8.1994 падпісана малд.-рас. пагадненне аб вывадзе з ПМР на працягу 3 гадоў 14-й рас. арміі (не зацверджана рас. Дзярж. думай). 20.11.1996 парламент М. ратыфікаваў Еўрап. канвенцыю аб абароне нац. меншасцей. На прэзідэнцкіх выбарах 1.12.1996 прэзідэнтам М. выбраны П.Лучынскі. У 1997 у Маскве Лучынскі і прэзідэнт ПМР І.Смірноў падпісалі Мемарандум аб забеспячэнні значнай аўтаноміі ПМР. На выбарах у парламент у 1998 перамагла правацэнтрысцкая кааліцыя (Дэмакр. канвенцыя М., Партыя дэмакр. сіл, рух «За дэмакр. і працвітаючую Малдову»), М. — чл. Садружнасці Незалежных Дзяржаў (з 1991), ААН і Арг-цыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (з 1992), Савета Еўропы (з 1995). Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены 19.11.1992.

Палітычныя партыі і грамадскія арганізацыі. Агр.-дэмакр. партыя, Сацыяліст. партыя, Хрысц.-дэмакр. нар. фронт, Партыя адраджэння і згоды, рух «За дэмакр. і працвітаючую Малдову», Дэмакр. канвенцыя М., Партыя дэмакр. сіл, Партыя камуністаў М. і інш.

Гаспадарка. М. — індустрыяльна-агр. краіна. Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) у 1996 склаў 3518 млн. дол. ЗША (без уліку эканомікі ПМР). Доля прам-сці 48%, сельскай гаспадаркі 35%, сферы паслуг 17%. Сярод галін прамысловасці вядучае месца займае апрацоўчая (98,9%). Гал. галіна — харчовая (41,3%), якая працуе пераважна на мясц. сыравіне. Найб. развіта вінаробная прам-сць — больш за 200 цэнтраў па першаснай перапрацоўцы вінаграду. Буйныя вінна-каньячныя камбінаты ў Кішынёве, Ціраспалі, Кэлэрашы, шампанскіх він у Кішынёве; па перапрацоўцы вінаграду і фруктаў у Рыбніцы; вінзаводы ў Камраце, Фэлешці, Дубэсары, Сароцы і інш. У 1997 выраблена 18,4 млн. дал вінаграднага віна, 307 тыс. дал каньяку, 1147 тыс. дал пеністых він. Развіта кансервавая прам-сць, якая спецыялізуецца на выпуску кансерваў, сокаў, кампотаў з вінаграду, садавіны і агародніны. Асн. цэнтры Ціраспаль, Бендэр, Кэўшэнь, Кахул, Унгень. Цукр. з-ды размешчаны пераважна на Пн (Рыбніца, Дрокія, Фэлешць і інш.). Прадпрыемствы алейнай прам-сці ў Бэлці, Бендэры, Кішынёве. У М. вырабляецца эфірны алей з ружы, шалфею, мяты, лаванды для патрэб парфумернай, фармацэўтычнай і кандытарскай прам-сці. Буйныя мясакамбінаты ў Кішынёве, Бендэры, Ціраспалі, Бэлці, Унгені. Развіты тытунёвая прам-сць (Кішынёў, Фларэшць, Фэлешць, Дубэсар, Чадыр-Лунга і інш.), масларобная, кандытарская, мукамольная, макаронная і інш. галіны. Вытв-сць (тыс. т, 1998): цукру — 186, алею — 11,3, мяса — 19,7, масла — 2,6, мукі — 93,5, макароны — 9,7. На долю машынабудавання і металаапрацоўкі прыпадае 14,7% прамысл. прадукцыі. Вылучаюцца прыладабудаванне, эл.-тэхн., с.-г. машынабудаванне. Асн. цэнтры: Кішынёў (халадзільнікі, помпы, пральныя машыны, выліч. тэхніка, тэлевізары, радыёпрыёмнікі, трактары), Ціраспаль (рухавікі, трансфарматары, ліцейнае абсталяванне, аўтапрычэпы), Бэлць (машыны для ўборкі агародніны і тытуню, электрапагрузчыкі, электралямпы). Вытв-сць (тыс. шт., 1998) тэлевізараў — 2, пральных машын — 43,5, халадзільнікаў — 1, радыёпрыёмнікаў — 50,5, трактароў — 0,7. З-д пераробнай чорнай металургіі ў г. Рыбніца. Вытв-сць сталі 740 тыс. т, пракату 646 тыс. т. Электраэнергетыка працуе пераважна на прывазным паліве. Малдаўская ДРЭС, Кішынёўская і Бэлцкая ЦЭЦ. Дубэсарская ГЭС. Вытв-сць электраэнергіі 1,2 млрд. кВт гадз (1998). З галін лёгкай прам-сці развіты баваўняная (Ціраспаль), шаўковая (Бендэр), дывановая (Кішынёў, Унгень, Камрат, Леова), швейная, трыкат., абутковая (Кішынёў, Бэлць, Рыбніца), футравая (Бэлць). Вытв-сць тканін — 0,6 млн. м², трыкатажу — 2,6 млн. шт., абутку — 0,6 млн. пар. Прадпрыемствы па вытв-сці гумава-тэхн. вырабаў, лакаў, фарбаў у Кішынёве, Ціраспалі, Унгені. У дрэваапр. прам-сці вылучаецца вытв-сць мэблі, паркету, піламатэрыялаў, кардону, тары. Прам-сць буд. матэрыялаў (вытв-сць цэменту, гіпсу, цэглы, жалезабетонных вырабаў, шкла). С.-г. ўгоддзі займаюць 2,6 млн. га, у т. л. ворныя землі 1,8 млн. га, сады і вінаграднікі па 0,2 млн. га. Каля 0,3 млн. га арашаецца. Асн. галіна сельскай гаспадаркі — раслінаводства. Вял. значэнне маюць вінаградарства, вырошчванне пладоў і ягад, цеплалюбівых гатункаў агародніны (перац, памідоры, баклажаны і інш.). Пасяўныя плошчы (тыс. га, 1997) пад збожжавымі і зернебабовымі культурамі — 1064, тэхн. — 300, кармавымі — 235, бульбай — 70, агароднінай — 65. Збор (тыс. т. 1997): пшаніцы — 1376, кукурузы — 1805, зернебабовых — 64, сланечніку — 204, соі — 3, цукр. буракоў — 1873, тытуню —23, бульбы —441, агародніны — 419, вінаграду — 310, пладоў і ягад — 1055. Пасевы эфіраалейных культур. Жывёлагадоўля мяса-малочнага кірунку. Пагалоўе (тыс. галоў, 1998) буйн. раг. жывёлы — 453, свіней — 786, авечак і коз — 1108. Конегадоўля. Птушкагадоўля. Транспарт. Даўж. чыгунак 1,16 тыс. км, аўтадарог 10,5 тыс. км, у т. л. 10,1 тыс. км з цвёрдым пакрыццём. Асн. чыгункі: Слабодка—Рыбніца—Бэлць—Унгень, Бендэр—Рэні, Адэса—Бендэр—Кішынёў—Бэлць—Чарнаўцы. Аўтадарогі Кішынёў—Ізмаіл, Ціраспаль—Дубэсар—Рыбніца. Суднаходства па р. Днестр. Газаправод Шабялінка—Адэса—Кішынёў. Аб’ём экспарту ў 1997 склаў 874,4 млн. дол., імпарту 1171,9 млн. дол. ЗША. На долю краін СНД прыпадае каля 70% экспарту і 52% імпарту. Асн. гандл. партнёры: Расія (58% экспарту і 28% імпарту), Украіна (5,6% і 18%), Румынія (6,7% і 8,6%), ЗША (6,7% і 3,5%) і інш. М. экспартуе харч. прадукты, тэкстыль, машыны і абсталяванне. З тавараў імпарту пераважаюць паліўна-энергет. рэсурсы, угнаенні, машыны і абсталяванне. Беларусь пастаўляе ў М. бульбу, прадукты перапрацоўкі нафты, трактары, шыны, імпартуе кукурузу, алей, сокі, віно, вінаматэрыялы, цукар. Грашовая адзінка — малдаўскі лей.

Узброеныя сілы. Складаюцца з груповак войск. Галоўнакамандуючы — прэзідэнт. Непасрэднае кіраўніцтва ўзбр. сіламі ажыццяўляе міністр абароны, якому падпарадкаваны 4 тэр. групоўкі войск (кожная ўключае мотапяхотную брыгаду, верталётную эскадрыллю і інш.). Налічваюць больш за 15 тыс. чал. (1998), на ўзбраенні 117 бронемашын, 168 артыл. сістэм, 30 баявых самалётаў і інш.

Ахова здароўя. Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 69, жанчын — 69,9 года. Смяротнасць 12 на 1 тыс. чал. Забеспячэнне бальнічнымі ложкамі — 1 на 82 чал., урачамі — 1 на 250 чал. Узровень нараджальнасці — 17 на 1 тыс. чал. Натуральны прырост 0,5%. Дзіцячая смяротнасць — 46 на 1 тыс. нованароджаных (1997).

Асвета. Сучасная сістэма адукацыі М. ўключае дзярж. і прыватныя дашкольныя ўстановы для дзяцей з 3-гадовага ўзросту (з 5 гадоў — падрыхтоўчы клас), пач. і сярэднюю школу, сярэднія спец. і вышэйшыя навуч. ўстановы. Пач. школа (1—4-ы кл., для дзяцей з 6—7-гадовага ўзросту), сярэдняя мае 2 ступені: гімназія — 5—9-ы кл. (9-гадовае навучанне абавязковае) і ліцэй (10—12-ы кл.; дае званне бакалаўра). Паралельна існуюць 10—11-ы кл. агульнаадук. школы (выпускнікі атрымліваюць атэстат аб сярэдняй адукацыі). На ўсіх узроўнях навучанне вядзецца на малд. мове. Існуюць навуч. ўстановы нац. меншасцей (гагаузскія, укр., рус., яўр., балг., тур.). Сярэднюю спец. адукацыю і званне бакалаўра даюць шматпрофільныя школы і вучылішчы на базе гімназіі (тэрмін навучання 3 гады). У сістэме вышэйшай школы ун-ты, акадэміі і каледжы (на базе ліцэя, тэрмін навучання 3 гады па скарочанай праграме, даюць права паступлення ва ун-т на 2-і курс). У 1998/99 навуч. г. ў М. 1700 дашкольных устаноў (160 тыс. дзяцей), у т. л. 3 прыватныя; 107 пач. школ і 631 гімназія, у т. л. па 5 прыватных; 143 ліцэі і 625 агульнаадук. школ, у т. л. па 7 з іх прыватныя; 56 каледжаў, у т. л. 9 прыватных; 38 ВНУ (72,7 тыс. студэнтаў), у т. л. 20 прыватных (13 тыс. студэнтаў). Буйнейшыя дзярж. ВНУ: Кішынёўскі ун-т, мед., пед., політэхн., с.-г. ун-ты, эканам. акадэмія (усе ў Кішынёве), пед. ун-т у Бэльці; недзярж. — Міжнар. незалежны ун-т «Алім» у Кішынёве і Незалежны ун-т у Ціраспалі. Буйнейшыя б-кі: Нац. і б-ка Нац. АН М. ў Кішынёве. Музеі: Цэнтральны, Карцінная галерэя, прыкладнога мастацтва, гіст. (усе ў Кішынёве); краязнаўчыя ў Кішынёве, Бэлці, Бендэры, Археі, Ціраспалі, Кахуле, Рыбніцы і інш. Навук. даследаванні праводзяцца ў НДІ Нац. АН М., галіновых НДІ, на кафедрах ун-таў і акадэмій.

Друк, радыё, тэлебачанне. У 1990-я г. ў М. каля 3 тыс. перыяд. выданняў. Найбуйнейшыя газеты на малд. мове — «Cuvintul» («Слова», з 1990), «Vocea poporului» («Голас народа»), «Literatura şі Arta» («Літаратура і мастацтва»); на рус. — «Независимая Молдова» (з 1991); на малд. і рус. мовах — «Sfatul Ţării» («Савет краіны», з 1918), «Moldova Suverana» («Суверэнная Малдова», з 1924), «Tineretul Moldovei» («Моладзь Малдовы», з 1928), «Viaţa Satului» («Сельскае жыццё», 1945). Выдаюцца таксама газеты на мовах этн. груп: «Ana sӧзу» («Ана созу», на гагаузскай), «Родно слово» (на балг.), «Славянская газета» (на рус.), «Наш голос» (на рус. і ідыш). Інфарм. агенцтва — Малдовапрэс (засн. у 1940 як тэлегр. агенцтва АТЕМ, сучасная назва з 1990). Радыёвяшчанне з 1930. Тэлебачанне з 1953. Радыё- і тэлеперадачы вядуцца на малд., рус., гагаузскай, укр. і інш. мовах.

Літаратура. Вытокі л-ры М. ў вуснай нар. творчасці. Найб. стараж. ўзоры фальклору захаваліся ў каляндарнай, сямейна-абрадавай паэзіі, казках, легендах, гераічным эпасе, гіст. песнях, баладах, песнях-дойнах і інш. Выдатны помнік малд. ліра-эпічнай нар. паэзіі — балада «Міёрыца». Першыя помнікі пісьменнасці ў М. ўзніклі на мяжы 9—10 ст. на паўд.-слав. мове малд. рэдакцыі (да 17 ст. афіц. дзярж., царк. і літ. мова). На ёй у 15—16 ст. створаны рэлігійна-гіст. творы: «Жыціе святога Іаана Новага» (1402), летапісы, пропаведзі Грыгорыя Цамблака. Першая малд. кніга — «Казанні» (1643) мітрапаліта Варлаама. Уклад у развіццё стараж. малд. л-ры зрабілі летапісцы Г.Урэке (аўтар першага летапісу на малд. мове), М.Косцін (філас. паэма «Жыццё свету», 1671—73), І.Некулчэ («Летапіс Краіны Малдаўскай» — першы звод-апісанне гіст. падзей 1359—1743, дапоўнены легендамі і паданнямі). Развіццю малд. культуры пач. 18 ст. спрыялі М.Мілеску (Спафарый), Дз.Кантэмір. У канцы 18 — пач. 19 ст. склаліся перадумовы для развіцця новай малд. л-ры. Зарадзіліся лірычная паэзія (М.Міло, К.Канакі, І.Кантакузіна, М.Дымакі), сатыра (Д.Белдыман), пашырыліся пераклады з рус., франц. і інш. л-р. Узніклі нац. перыяд. друк, т-р, школа, пачаўся працэс фарміравання літ. мовы. З пач. 19 ст. л-ра набывала больш свецкі характар: творы Канакі, К.Стамаці, А.Хыждэў, Б.П.Хашдэў, у Запруцкай (Зах.) М. — А.Доніча, А.Русы, В.Александры і інш. Развіваліся і суіснавалі розныя літ. кірункі: сентыменталізм (Канакі), класіцызм (Стамаці, Хыждэў, Г.Асакі), рамантызм (І.Крангэ, М.Эмінеску), крытычны рэалізм (Александры), рэалізм (Крангэ, К.Негруцы, А.Мяцяевіч). Узніклі літ. жанры: ода (Асакі, Александры), байка (Доніч, Стамаці), гіст. навела (Хыждэў, Негруцы), драма, памфлет, сатыр. камедыя (Хашдэў, Д.Мілеў, Александры), паэма (Эмінеску), аповесць (Негруцы), казка, апавяданне (Крангэ), публіцыстычны нарыс (Руса, М.Кагэлнічану, Хыждэў), гіст. раман (Хашдэў). Асн. тэндэнцыі л-ры 1920—30-х г. вызначалі проза Л.Барскага, І.Каны, М.Маркава, Мілева, паэзія М.Андрыеску, Л.Карняну, К.Кашэрэў, Т.Малая, драматургія П.Карнеліу, С.Лехтцыра і інш. У цэнтры іх увагі гіст. лёс малд. народа, сац. перамены ў яго жыцці і свядомасці. У Бесарабіі працавалі Э.Букаў, А.Лупан, Д.Ветраў, П.Дарыенка, Л.Дэляну, Б.Істру, М.Кастэнка, П.Кручанюк, Дж.Менюк і інш. У Вял. Айч. вайну найб. пашыранымі жанрамі былі паэзія і публіцыстыка: вершы і артыкулы Букава, Істру, Дарыенкі, Ветрава, Карняну, прасякнутыя героікай і патрыят. пафасам. Вядучае месца ў пасляваен. л-ры заняла паэзія (І.Балцан, Л.Даміян, П.Дарые, Дарыенка, Дэляну, П.Задніпру, А.Кодру). Пашырыўся яе жанравы дыяпазон (верш, лірычны рэпартаж, ода, песня, паэма). Лепшыя традыцыі л-ры М. ў прозе развівалі Кана, Букаў, А.Ліпкан, С.Шляху, Г.Лупан, І.Друцэ, У.Бешлягэ, А.Шалар, І.Чабану, Барскі, Г.Геаргіу, А.Бусуёк, В.Малева, Я.Куткавецкі, Р.Лунгу, А.Марынат; у драматургіі — Друцэ, Карняну, Г.Лупан, Г.Маларчук, Марынат, Р.Партной і інш. У 1960—80-я г. бурна развіваецца раман. Творы гіст., ваен., вясковай тэматыкі, прысвечаныя праблемам урбанізацыі, стваралі Друцэ («Стэпавыя балады», 1963), Чабану («Масты», 1965; «Падгаране», 1982), Шляху («Месяц як жарало гарматы», 1970; «Надзейны чалавек», 1974), С.Сакі («Выпрабаванне», 1972), Марынат («Гарачыя крыніцы», 1973), Маларчук («Бадзя Казма»), Геаргіу («Снягі вясной», 1974) і А.Чыбатару («Сейбіты», 1977), Бешлягэ («Дома», 1976), Г.Мадан («Перакрыжаваныя шаблі», 1977), Ф.Відрашку («На вуліцы Руж», 1977), Малева («Сярэбраны ўзрост», 1979) і інш. У 1970—90-я г. традыцыі пісьменнікаў старэйшага пакалення працягваюць Г.Віеру, А.Чыбатару, П.Боцу, Г.Водэ, І.Ватаману, Э.Лацяну, Даміян, В.Тэлеукэ і інш. Пра тэматычную разнастайнасць паэзіі сведчаць калектыўныя зб-кі вершаў «Пяю маю Айчыну» (1972), «Вобраз твой, Малдова» (1974), «Сузор’е сэрцаў» (1976), «Мая рэспубліка» (1977), а таксама кнігі лірыкі Водэ («Няхай заўсёды цудоўным будзе вобраз твой», 1976; «Сэрца бягучае», 1980), Ватаману («Зялёная калыханка песні», 1978; «Вяршыні кахання», 1981), Тэлеукэ («Імгненні сэрца», 1975; «Спроба не паміраць», 1980), Лацяну («Двайная спіраль», 1976), Боцу («Клятва», 1981) і інш. Для твораў сучаснай л-ры М. характэрны багацце маст. стыляў, жанраў, шматграннасць, надзённасць тэматыкі і праблематыкі, паглыблены сац.-псіхал. аналіз. Плённа развіваюцца дзіцячая л-ра (С.Вангелі, Віеру, Г.Лупан, Дарые, Шалар), крытыка і літ.-знаўства (С.Чыбатару, Х.Корбу). У 1928 створаны Саюз пісьменнікаў М.

Бел.-малд. літ. сувязі пачалі акрэслівацца ў 1940-я г.: першы бел. твор — верш Я.Купалы на малд. мове з’явіўся ў 1939 (перакладчык М.Цуркану). Пашырэнню літ. кантактаў у пасляваен. час спрыялі ўзаемны ўдзел пісьменнікаў у рабоце з’ездаў, іх перакладчыцкая дзейнасць, правядзенне тыдняў л-р (1956 і 1960). На малд. мове выдадзены анталогіі «Беларускія вершы» (1956), «Проза Савецкай Беларусі. Апавяданні і навелы» (1962), асобныя творы бел. пісьменнікаў, у т. л. раман І.Шамякіна «Глыбокая плынь» (1954), паэтычныя творы Я.Купалы — «Хлопчык і лётчык» (1955, перакладчык Задніпру), выбраная лірыка (зб. «Песня ў імя свабоды», 1982; перакладчык Дарые), аповесць Я.Коласа «Дрыгва» (1968) і зб. «Апавяданні аб мінулым» (1958), аповесці Я.Брыля «На парозе сталасці» (1961), Я.Маўра «ТВТ...» (1961), В.Быкава «Трэцяя ракета» (1964), А.Рылько «Мядовыя краскі» (1965), раманы П.Броўкі «Калі зліваюцца рэкі» (1962), У.Дадзіёмава «Над Нёманам» (1963), І.Мележа «Людзі на балоце» (1966) і інш. Творы многіх бел. паэтаў і празаікаў публікуюцца ў малд. перыяд. друку. На бел. мове выдадзены: анталогіі «Малдаўскія апавяданні» (1958), «Паэты сонечнай Малдовы» (1960), «Малдаўскія народныя казкі» (1966), «Бочачка вінароба: Малдаўскі гумар» (1967), кн. прозы «Гронкі радасці: Творы пісьменнікаў Малдавіі і малд. фальклору» (1986), творы для дзяцей, у т. л. казка «Жалезны воўк» (1978), зб-кі вершаў Бешлягэ «Ляцім на Месяц» (1977), Ф.Міронава «Балада пра бусла» (1981), кн. апавяданняў Вангелі «Гугуцэ — капітан карабля» (1983), а таксама асобныя творы розных жанраў: аповесць Шляху «Таварыш Ваня» (1957), зб. апавяданняў В.Рошкі «Што мае вочы бачылі» (1962), раманы Лупан «Трэція пеўні» (1971), Друцэ «Цяжар нашай дабрыні» (1977), зб-кі лір. твораў Букава «Нараджэнне першай зоркі» (1980), Віеру «Імя тваё» (1986) і інш. На старонках бел. газет і часопісаў змяшчаюцца творы Букава, А.Чакану, Даміяна, А.Гужэля, Боцу, Балцана, Дэляну, Кручанюка, П.Керарэ, Тэлеукэ і інш. Найб. плённа перакладалі і перакладаюць творы малд. пісьменнікаў А.Астрэйка, М.Аўрамчык, А.Бачыла, Т.Бондар, Я.Брыль, Г.Бураўкін, А.Вольскі, М.Гіль, А.Грачанікаў, Х.Жычка, С.Законнікаў, А.Звонак, У.Казбярук, М.Калачынскі, У.Камейша, У.Карызна, К.Кірэенка, А.Клышка, Я.Лецка, А.Лойка, М.Маляўка, А.Марціновіч, С.Панізнік, У.Паўлаў, Ю.Свірка, Я.Семяжон, Я.Сіпакоў, М.Чарняўскі, А.Шарахоўская, У.Шахавец, В.Шымук, Я.Янішчыц, Р.Яўсееў і інш.

Архітэктура. На тэр. М. выяўлены паселішчы трыпольскай культуры. З 10—11 ст. гарады мелі драўляна- і каменна-земляныя ўмацаванні, з сярэдзіны 15 ст. іх абносілі каменнымі сценамі. У Сароцы і Бендэры пабудаваны крэпасці з магутнымі вежамі і арачнымі ўездамі. Да 16 ст. склаўся мясц. тып 1-нефавага бяскупальнага храма з нартэксам і апсідай (царква Успення ў г. Кэўшэнь, 16 ст.) або з 3 апсідамі ў форме трылісніка (царква Успення манастыра ў Капрыянах, 16 ст.). З 15 ст. ў цэрквах рабілі пахавальні з нішамі ў сценах. Своеасаблівая «малдаўская сістэма» перакрыццяў: 2 ярусы арак падтрымліваюць барабан над цэнтр. ч. храма (царква манастыра ў Рудзі, 1774). Звонку храмы аздаблялі плоскімі нішкамі (фірыдэ) і арачнымі паяскамі (окніцэ), з 17 ст. — урачыстымі «каменнымі карункамі» (партал з багатай разьбой царквы св. Дзімітрыя ў г. Архей). Драўляныя цэрквы 18 ст. звычайна мелі прамавугольны ці 8-гранны зруб, накрыты шатром. Грамадз. пабудовы 14—15 ст. (палацы, лазні) драўляныя або землябітныя, пазней — каменныя (рэшткі замка 14—15 ст. у Археі). У канцы 18 ст. склаўся тып гар. і сельскага дома з выкарыстаннем асобных элементаў класіцызму. У часы тур. панавання (15—18 ст.) многія арх. помнікі разбураны. Ад 16—17 ст. захаваліся пячорныя манастыры ў Сахарне, Жабцы і храмы каля с. Бутучэны, ад 18 ст. — царква Раства Багародзіцы («Мазаракіеўская») у Кішынёве, і інш. З пач. 19 ст. ўзводзілі будынкі, ансамблі, мемарыялы ў стылі класіцызму: кафедральны сабор (1830—35, арх. А.Мельнікаў) і трыумфальная арка (цяпер арка Перамогі, 1840, арх. І.Заушкевіч) у Кішынёве, мемар. дарычная калона на месцы бітвы 1770 пры р. Кахул (1845, Ф.Бафо), манастыр Цыганешты каля Архея (1846). У канцы 19 — пач. 20 ст. ў гарадах пераважала 1-павярховая забудова асабнякамі, абкружанымі садамі. Кампазіцыйнай дамінантай былі грамадскія будынкі і цэрквы з каменю і цэглы (Грэчаская царква ў Кішынёве, 1895, арх. А.Бернардацы). У вясковых сядзібах стваралі ландшафтныя паркі (Цаульскі парк каля Тырнава, 1902—15), будавалі цэрквы (царква ў с. Верхнія Кугурэшты Фларэшцкага р-на, 1912—16, арх. А.Шчусеў). У архітэктуры 1920—30-х г. дамінаваў стыль мадэрн. У 1940—50-я г. істотна мянялася структура гарадоў, пракладваліся новыя магістралі, узводзіліся шматпавярховыя грамадскія і жылыя будынкі. У буд-ве выкарыстоўвалі мясц. светлы вапняк, у дэкоры — кераміку, разьбу па камені. У 1960-я г. будавалі паводле тыпавых праектаў з вапняку і жалезабетонных панэляў. З 1970-х г. забудова вядзецца паралельна з рэканструкцыяй гістарычных гар. цэнтраў. Захоўваюцца традыц. формы вясковага дома: драўляны ці каменны дом з ганкам або галерэяй, багата аздоблены разьбой і размалёўкай; будуюць таксама дамы новага тыпу з вял. вокнамі і верандамі, часам 2—3-павярховыя. Для архітэктуры 1980—90-х г. характэрны свабодная планіроўка мікрараёнаў, новыя буд. матэрыялы, колеравыя эфекты, разнастайныя рытмічныя акцэнты, больш маляўнічымі становяцца кампазіцыі мікрараёнаў, грамадскіх·і вытв. комплексаў (жылыя дамы ў мікрараёне № 7 па праспекце Міру і вул. Бельскага, арх. М.Думіх; гасцініца «Інтурыст», арх. А.Гарбунцоў; Палац Рэспублікі; усе ў Кішынёве). У 1945 створаны Саюз архітэктараў М.

Выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Найб. раннія творы мастацтва на тэр. М. адносяцца да позняга палеаліту (рагавы «жэзл» з рэльефнай фігурай), неаліту (арнаментаваная кераміка), трыпольскай культуры (пасудзіны са складаным дэкорам, фігуркамі людзей і жывёл). Выяўлены помнікі культуры фракійцаў (з 9 ст. да н.э.), метал. ўпрыгожанні і зброя, гліняныя і бронз. фігуркі. У 1-й пал. 1-га тыс. н.э. высокім маст. узроўнем вызначаліся керамічныя пасудзіны, залатыя, сярэбраныя і бронз. фібулы, завушніцы, бранзалеты і спражкі. Да культуры стараж. славян адносяцца гліняныя фігуркі божастваў і жывёл, кераміка, ювелірныя вырабы. У 13—14 ст. мастацтва М. зазнала ўплывы рамёстваў Візантыі і мусульм. Усходу, часткова стараж.-рус. маст. культуры. Кніжнай мініяцюры 15—16 ст. характэрны арнаментаваныя застаўкі і гарманічныя колеравыя спалучэнні. У 17 ст. мініяцюры сталі больш экспрэсіўныя, кветкавы ўзор заставак спрасціўся. У размалёўках 18 ст. элементы нар. творчасці спалучаліся з познавізант. і балканскімі традыцыямі (размалёўкі ў царкве Успення ў г. Кэўшэнь з партрэтнымі выявамі царк. старастаў). У іканапісе канца 18 — пач. 19 ст. аб’ёмная лепка твараў спалучалася з плоскаснасцю адзення і фону. Развівалася дыванаткацтва. У 19 ст. ў выяўл. мастацтве пашырыліся свецкія жанры, асабліва партрэт (І.Краус). У 2-й пал. 19 ст. з’явіліся прафес. мастакі, у 1887 заснавана рысавальная школа (з 1940 Рэсп. маст. вучылішча). У канцы 19 — пач. 20 ст. пад уплывам рус. перасоўнікаў малд. мастакі стваралі рэаліст. пейзажы, жанравыя карціны, псіхал. партрэты (У.Акушка, Я.Маляшэўская і інш.). У 1920—40-я г. мастацтва М. развівалася ў адзіным рэчышчы з укр. і рус. мастацтвам (карціны А.Файніцкага, плакаты і кніжная графіка Я.Мярэгі і інш.). У мастацтве Бесарабіі дамінавалі мадэрнісцкія плыні, у рэаліст. кірунку працавалі скульпт. А.Пламадзяла, жывапісцы М.Гамбурд, А.Бальер, графік Ш.Коган і інш. У 1941—45 патрыятычныя творы рабілі Л.Дубіноўскі, Гамбурд, Б.Нясведаў. У 1950—80-я г. ў скульптуры манум. сімволіка-алегарычныя і жанравыя кампазіцыі стварылі Дубіноўскі, Ю.Канашын, І.Кітман, Б.Марчанка, паэт. вобраз жанчыны — К.Кабізева. У жывапісе вызначаюцца тэматычныя карціны І.Віеру, М.Грэку, І.Жумація, В.Зазерскай, С.Кучука, В.Русу-Чабану, І.Сцяпанава, партрэты работы А.Зевінай, К.Кітайкі, Г.Саінчука, пейзажы А.Васільева, М.Петрыка. Э.Раманеску; у графіцы — І.Багдэска, Л.Грыгарашанкі, Э.Кілдэску, А.Калыбняка, І.Кырму і інш. У тэатр.-дэкарацыйным мастацтве працавалі С.Булгакаў, К.Ладзейскі, А.Матэр, А.Шубін. У дэкар.-прыкладным мастацтве развіваюцца дыванаткацтва, кераміка, разьба па дрэве, ювелірнае мастацтва (С.Врынчану, Э.Грэку, С.Чокалаў, М.Рэчылэ, Ф.Нутовіч, Л.Янцэн і інш.). У 1945 засн. Саюз мастакоў М.

Музыка. У аснове малд. нар. музыкі 7-ступенныя дыятанічныя лады. Нар. песня пераважна аднагалосая (трапляецца двухгалоссе). Найб. стараж. песні працоўныя і абрадавыя (калядкі, вясельныя, галашэнні), пашыраны песні-балады і лірычныя, больш познія гар. песні-рамансы. Важнае месца ў малд. фальклоры займаюць дойна і танц. мелодыі — хора, сырба, бэтута. Сярод нар. муз. інструментаў: струнны шчыпковы кобза, язычковы шчыпковы дрымба (варган), духавыя — флуер, кавал (разнавіднасці жалеек), най (флейта Пана), тарагот, чымпой (дуда), бучум (трэмбіта), ударны — цымбалы. Носьбіты традыцый нар. выканальніцтва — лэўтары (ад нар. назвы скрыпкі), сярод якіх вядомы Б.Лэўтару, Я.Пержа, К.Марын, Г.Мурга. Прафес. музыка. пачала развівацца ў сярэдневякоўі ў манастырах, пры княжацкіх дварах, у вайск. асяроддзі. Вядомы малд. кампазітар, тэарэтык і выканаўца 18 ст. кн. Дз.Кантэмір. Муз. жыццё М. ажывілася ў 19 ст.; створаны. Муз.-драм. кансерваторыя Г.Асакі ў г. Ясы (1836), т-ва «Гармонія» (1880, з 1899 Кішынёўскае аддзяленне Рас. муз. т-ва на чале з У.Рэбікавым), муз. вучылішча (1900) у Кішынёве; выдадзены зборнікі нар. песень і танцаў Ф.Ружыцкага, К.Мікулі, Г.Музічэску, Т.Бурады. Вял. ролю ў развіцці малд. муз. культуры канца 19 — пач. 20 ст. адыгралі Е.Тойбер-Асака, А.Флехтэнмахер, Ч.Парумбеску, Музічэску, Мікулі, заснавальнік нац. оперы, інстр. канцэрта і сімф. уверцюры Э.Каўдэла. У 1918—40 вылучыліся дырыжоры В.Булычаў, І.Бейн, хормайстар М.Беразоўскі, кампазітары М.Быркэ, С.Златаў, Я.Кока і інш. У 1930-я г. арганізаваны хар. капэла «Дойна», сімф. аркестр, ансамбль нар. музыкі ў г. Ціраспаль. У станаўленні маст. калектываў, падрыхтоўцы нац. кадраў і стварэнні рэпертуару ўдзельнічалі рус. і ўкр. кампазітары. У 1937 створана малд. аддзяленне пры Саюзе кампазітараў Украіны (Адэса). У 1940—90-я г. ў розных муз. жанрах працавалі Ш.Няга (сімф. «Паэма пра Днестр», 1943; кантата «Штэфан Вялікі», 1946; араторыя «Песня адраджэння», 1951; канцэрт для скрыпкі з арк., 1944), Кока (першыя стр. квартэты), Л.Гураў, С.Лобель, В.Палякоў (сімфоніі) і інш.

У 1957 адкрыты Малд. т-р оперы і балета. Паявіліся оперы Д.Гершфельда («Гразаван!», 1955; «Аўрэлія», 1959; «Сяргей Лазо», 1980), А.Стырчы («Сэрца Домнікі», 1960), З.Ткач («Каза з трыма казлянятамі», 1966; «Галубы ў касую лінейку», 1974; «Крок у бессмяротнасць», 1986; «Мой парыжскі дзядзька», 1987), Г.Нягі («Гліра», 1972; «Залаты рог», 1984), Э.Лазарава («Дракон», 1976), Г.Мусці («Александру Лэпушняну», 1987); балеты Лазарава («Антоній і Клеапатра», 1965), В.Загорскага («Перакрыжаванне», 1977), Ткач («Андрыеш», 1980), Е.Догі («Лучафэрул», 1983) і інш. У жанрах сімф. і камерна-інстр. музыкі, інстр. канцэрта працуюць П.Рывіліс, Ф.Кірыяк, І.Макавей, Г.Няга, В.Біткін. Росквіт песеннага жанру і кінамузыкі звязаны з творчасцю Догі, у песенным жанры працуе К.Руснак. Сярод выканаўцаў: спевакі Т.Алёшына, М.Біешу, Л.Ерафеева, М.Мунцян, Т.Чэбан, дырыжоры Ц.Гуртавой, С.Лункевіч, хар. дырыжор В.Гаршця. У М. дзейнічаюць (1999): Малд. т-р оперы і балета, Малд. муз.-драм. т-р (з 1954), муз.-драм. т-ры ў гарадах Бэлць і Кахул, філармонія ў Кішынёве, пры якой сімф. аркестр, хар. капэла «Дойна», ансамбль нар. танца «Жок», аркестр малд. нар. інструментаў «Флуераш», ансамбль «Лэўтары»; эстр.-сімф. аркестр, стр. квартэт, ансамбль нар. музыкі «Фальклор» Малд. тэлебачання і радыё. Працуюць Малд. акадэмія музыкі, муз. вучылішчы і інш.

Тэатр. Вытокі тэатр. мастацтва М. ў нар. творчасці, стараж. абрадах і гульнях. У 14 ст. выступалі прыдворныя і вандроўныя тэатр. групы «Пелівань», «Мэскрэрыч», «Суітар». На мяжы 18—19 ст. пашырыліся формы нар. т-ра, насычаныя музыкай і танцамі («Ірозій», т-р лялькаводаў, гайдуцкі т-р і інш.). У 1816 заснавальнік малд. т-ра Г.Асакі паставіў першы спектакль на малд. мове — пастараль «Міртыл і Хлоя» С.Геснера і Ж.Фларыяна; у 1836—38 ён заснаваў кансерваторыю ў Ясах. У 1839 акцёр і драматург К.Караджале стварыў у Ясах «Т-ва дылетантаў», з якога ўзнік Нац. т-р. Станаўленню нац. тэатр. культуры садзейнічалі драматургі В.Александры, М.Кагэлнічану, К.Негруцы, Б.П.Хашдэў, К.Стамаці-Чура. Асновы рэаліст. школы акцёрскага мастацтва заклаў М.Міло. З сярэдзіны 19 ст. ў т-ры М. рысы класіцызму спалучаліся з рамант. тэндэнцыямі, асветніцкага рэалізму — з крытычным рэалізмам. У Кішынёве выступалі рус. і ўкр. трупы, гастраліравалі вядомыя рус. і ўкр. акцёры. У гады 1-й сусв. і грамадз. войнаў т-р заняпаў, дзейнічалі аматарскія калектывы. У 1927 у г. Балта створаны Малд. драм. т-р, акцёры якога ў 1930 увайшлі ў драм. студыю пад кіраўніцтвам А.Адашава і Н.Панасевіч-Рэміз у Ціраспалі (з 1932 у Адэсе). У 1933 у Ціраспалі адкрыты Першы малд. драм. т-р (з 1939 Малд. муз.-драм. т-р, з 1940 у Кішынёве, з 1957 імя А.Пушкіна). Дзейнічалі Укр. (1930—40) і Рус. (1935; з 1940 у Кішынёве, з 1959 імя А.Чэхава) т-ры. Ставіліся рус. і замежная класіка, п’есы малд. драматургаў. У 1945 у Кішынёве адкрыты т-р лялек «Лікурыч», у 1957 Бэлцкі малд. т-р (з 1966 імя Александры). Вял. ўвага аддавалася п’есам малд. драматургаў А.Лупана, Л.Дэляну, Л.Карняну, Р.Партнога і інш., нац. класіцы («Сынзяна і Пепеля», «Авідзій», «Кірыца ў Ясах» Александры, «Свякроў з трыма нявесткамі» паводле І.Крангэ). У 1960 у Кішынёве засн. маладзёжны т-р «Лучафэрул». Дзейнічаюць «Паэтычны т-р» у Кішынёве, Рус. т-р драмы і камедыі ў Ціраспалі. Сярод лепшых спектакляў: «Эмінеску» М.Штэфэнеску, «Фантан Бландузіі» і «Кірыца ў правінцыі» Александры, «Зямля» І.Падаляну, «Міндора» А.Стрымбяну, «Каса марэ» і «Птушкі нашай маладосці» І.Друцэ, «Маскарад» М.Лермантава, «Рэвізор» М.Гогаля, «Без віны вінаватыя» Астроўскага, «Кароль Лір» і «Дванаццатая ноч» У.Шэкспіра, «Каварства і каханне» Ф.Шылера, «Швейк у другой сусветнай вайне» Б.Брэхта і інш. Вял. ўклад у развіццё т-ра М. зрабілі рэжысёры В.Купча, І.Шкура, акцёры Д.Дарыенка, Н.Масальская, Я.Урэке, К.Штырбу, М.Апосталаў, П.Баракчы, В.Герлак, Т.Грузін, К.Казімірава, К.Канстанцінаў, А.Плацында, Ю.Сакалоў, Л.Шутава, К.Тырцэў і інш. У т-рах М. пастаўлены п’есы бел. драматургаў, у т. л. К.Крапівы, А.Макаёнка, А.Маўзона, Дз.Курдзіна і інш. У 1987 створаны Саюз тэатр. дзеячаў М.

Кіно. Першыя дакумент. фільмы на тэр. М створаны ўкр. рэжысёрамі і аператарамі: «Дакументы эпохі» (1927), «На Дунаі» (1940). У 1944 аператар І.Гразноў зняў у Кішынёве спец. выпускі кіначасопіса «Савецкая Малдова», у 1949 рэж. М.Білінскі стварыў першы паўнаметражны дакумент. фільм «Савецкая Малдова». У 1952 засн. Кішынёўская кінастудыя хранікальна-дакумент. фільмаў (кінанарысы «Кодры», 1953; «Помнікі баявой славы», 1955, інш.). Першы малд. маст. фільм «Малдаўскія напевы» (1955, рэж. А.Залатніцкі). У 1957 студыя хранікальна-дакумент. фільмаў рэарганізавана ў кінастудыю маст. і хранікальна-дакумент. фільмаў «Малдова-фільм». Здымаліся фільмы камед. («Не на сваім месцы»,1958, рэж. Г.Камароўскі), гіст. («Атаман кодр», 1959, рэж. В.Уліцкая), сучаснай тэматыкі («Я вам пішу...», 1959, рэж. М.Ізраілеў). Сярод лепшых стужак 1960—80-х г. «Армагедон» (1962, рэж. Ізраілеў), «Апошні месяц восені» (1965, рэж. В.Дзербянёў, Гран пры Міжнар. кінафестывалю фільмаў для моладзі ў Канах, 1967), «Сяргей Лазо» (1968, рэж. А.Гардон), «Абвінавачваюцца ў забойстве» (рэж. Б.Волчак), «Дзесяць зім за адно лета» (рэж. В.Гажыу; абодва 1970), «Рызыка» (1971, рэж. В.Паскару), «Дзмітрый Кантэмір» (1973, рэж. В.Іовіцэ і В.Калашнікаў), «Хто каго?» (1977, рэж. А.Кодру), «Лебедзі ў сажалцы» (1982, рэж. Паскару) і інш. Вял. ўклад у развіццё малд. кіно зрабіў рэж. і сцэнарыст Э.Лацяну. З 1968 выпускаюцца анімацыйныя фільмы («Гугуцэ-паштальён», 1976, рэж. К.Балан; «Як знайшлі сябра», 1981, рэж. Л.Домнін, і інш.). З 1971 здымаюцца тэлефільмы: «Чырвонае сонейка» (1972, рэж. Паскару), «I прыйдзе дзень» (1979, рэж. Ізраілеў), «Кодавая назва «Паўднёвы гром» (1980, рэж. Н.Гібу) і інш. З 1972 выпускаецца сатыр. кіначасопіс «Устурыч». Акцёры: М.Валанцір, Р.Грыгорыу, М.Сагайдак, С.Тома, І.Унгурану, І.Шкура і інш. У 1962 заснаваны Саюз кінематаграфістаў М.

Беларусы ў Малдове. Гісторыя з’яўлення бел. дыяспары ў М. малавядома. У 14—16 ст., калі левабярэжная частка М. ўваходзіла ў склад ВКЛ, пасля далучэння М. да Расіі (канец 18 — пач. 19 ст.) і пазней міграцыя беларусаў у М. была нязначнай. Толькі пасля 2-й сусв. вайны тут з’явілася невял. ўстойлівая бел. дыяспара (беларусы прыязджалі пераважна на будоўлі, па арганізаваных наборах, абавязковым размеркаванні навучэнцаў, сямейных абставінах). У 1959 у М. жыло каля 9 тыс. беларусаў, у 1989 іх колькасць павялічылася да 20 тыс. чал., але сваіх нац. культ.-асв. асяродкаў беларусы там практычна не мелі. Пасля абвяшчэння незалежнасці М. частка беларусаў вярнулася на радзіму (1673 чал. ў 1991—95), невял. колькасць прыбыла ў М. (45 чал. у 1995). У 1990-я г. ў М. створаны і дзейнічаюць: Бел. грамада (Кішынёў), пры якой існуе нядзельная школа, суполка «Беларусь» (Бендэры), аддзел бел. л-ры пры адной з бібліятэк Кішынёва. У вер. 1997 заключана міжурадавае пагадненне аб абароне правоў і інтарэсаў беларусаў у М. і малдаван у Беларусі.

Літ.:

Гросул Я.С. Труды по истории Молдавии. Кишинев, 1982;

Параска П.Ф. Внешнеполитические условия образования Молдавского феодального государства. Кишинев, 1981;

Полевой Л.Л. Раннефеодальная Молдавия, Кишинев, 1985;

Мохов Н.А. Очерки истории формирования молдавского народа. Кишинев, 1978;

Бессарабия на перекрестке европейской дипломатии: Док. и материалы. М., 1996;

Вопросы истории Молдавии XIX — начала XX в.: Сб. ст. Кишинев, 1989;

Пасат В.И. Трудные страницы истории Молдовы, 1940—1950-е гг. М., 1994;

Корбу Х.Г. Становление новой молдавской литературы и проблема творческого метода (1840—1860). Кишинев, 1976;

Чиботару С.С. Формирование социалистического реализма в молдавской литературе, 1917—1941. М., 1974;

Коробан В.П. Современный молдавский роман. М., 1979;

Изобразительное искусство Молдавской ССР. М., 1972;

Лившиц М.Я. Искусство Молдавской ССР: [Альбом]. Л., 1972;

Яго ж. Декоративно-прикладное искусство Молдавии. Кишинев, 1980;

Музыкальная культура Советской Моддавии: Сб. ст. М., 1965;

История музыки народов СССР. Т. 1—6. М., 1970—96;

Себов Н.Д. Становление молдавского музыкального театра. Кишинев, 1983;

Прилепов Д.И. Молдавский театр. М., 1967;

Иорданов И. Кино Молдавии. М., 1981;

Полюхов Н.М., Полюхова М.П. Киноискусство Советской Молдавии. М., 1981.

П.І.Рогач (прырода, насельніцтва, гаспадарка), М.Г.Нікіцін (гісторыя), Г.В.Ратнікаў (кіно), Т.А.Папоўская (беларусы ў Малдове).

Герб і сцяг Малдовы.
Да арт. Малдова. Малдаўская вёска.
Да арт. Малдова. У каньячным цэху.
Да арт. Малдова. Помнік гаспадару (правіцелю) Стэфану III Вялікаму ў Кішынёве. Скульптар А.М.Пламадзяла. 1925.
Да арт. Малдова. Будынак Нацыянальнага музея гісторыі Малдовы.
Да арт. Малдова. Царква Раства Багародзіцы («Мазаракіеўская») у Кішынёве. 18 ст.
Да арт. Малдова Малдаўскі тэатр оперы і балета.
Да арт. Малдова. Палац Рэспублікі ў Кішынёве.
Да арт. Малдова. М.Грэку. Восеньскі дзень. 1964.
Да арт. Малдова. Э.Раманеску. Родны край. 1968.
Да арт. Малдова. М.Петрык. Вінаградная чаша. 1974.
Да арт. Малдова. Дыван. Канец 19 ст.
Да арт. Малдова. Ф.Нутовіч. Набор «Юбілейны». 1974.
Да арт. Малдова. М.Рэчылэ. Габелен «Веснавая ралля». 1977.
Да арт. Малдова. І.Віеру. Збор ураджаю. 1972.

т. 10, с. 16

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСК,

сталіца Рэспублікі Беларусь, горад рэсп. падпарадкавання, цэнтр Мінскай вобл. і раёна. Паліт., эканам., навук. і культ. цэнтр Беларусі. Вузел чыгунак на Брэст, Маскву, Вільнюс, Гомель, аўтадарог на Оршу, Віцебск, Даўгінава, Лагойск, Маладзечна, Ашмяны, Брэст, Слуцк, Гомель, Магілёў і інш. 2 аэрапорты. 1729 тыс. ж. (1999). Тэр. 255,8 км². Падзяляецца на 9 адм. раёнаў: Заводскі, Кастрычніцкі, Ленінскі, Маскоўскі, Партызанскі, Першамайскі, Савецкі, Фрунзенскі, Цэнтральны. М. размешчаны на паўд.-ўсх. схілах Мінскага ўзвышша. Клімат умерана кантынентальны са значным уплывам атл. марскога паветра (з частымі цыклонамі). Сярэднегадавая т-ра паветра 5,4 °C. Значныя ваганні сярэдняй т-ры па сезонах: ад -7,3 °C у 3-й дэкадзе студз. да 18 °C у 2—3-й дэкадах ліпеня. У сярэднім за год выпадае 646 мм ападкаў, з якіх прыкладна 73 прыпадае на халодны, ​2/з на цёплы перыяд. 12% ападкаў цвёрдыя, 13% — мяшаныя, 75% — вадкія. Праз М. працякае р. Свіслач (прыток р. Бярэзіна), у горадзе прымае прыток — р. Няміга (цячэ ў калектары). Вадасховішчы: Дразды, Крыніца, Чыжоўскае, Камсамольскае возера і інш.; Вілейска-Мінская водная сістэма, Сляпянская водная сістэма.

Гісторыя. На думку некат. даследчыкаў (А.М.Ясінскі, Г.В.Штыхаў і інш.), стараж. М. узнік за 16 км на З ад Мінскага замка, на беразе цяпер амаль высахлай р. Менка (адсюль назва горада), дзе захаваўся комплекс археал. помнікаў (каля Гарадзішча Мінскага р-на), а ў канцы 11 ст. перанесены на сучаснае месца.

Упершыню М. (летапісны Меньск, Менеск) упамінаецца ў «Аповесці мінулых гадоў» пад 1067 у сувязі з падзеямі, што адбываліся ў Кіеўскай Русі. У 1065 полацкі князь Усяслаў Брачыславіч напаў на Пскоў, праз год захапіў Ноўгарад, вывез з Сафійскага сабора званы і інш. рэчы, а частку горада спаліў. У адказ кіеўскі вял. кн. Ізяслаў Яраславіч разам з братамі пераяслаўскім кн. Усеваладам і чарнігаўскім кн. Святаславам з’явіліся пад М, які знаходзіўся ў Полацкім княстве. Яго жыхары зачыніліся ва ўмацаванай частцы горада, але Яраславічы захапілі М. да прыходу войска Усяслава. Горад быў разрабаваны, насельніцтва ўзята ў палон, часткова знішчана. З прыходам войска Усяслава на берагах р. Няміга 3 сак. адбылася Нямігская бітва 1067. Войска Усяслава было разбіта, а сам князь вымушаны ўцячы. На М. неаднаразова рабілі паходы паўд.-рус. князі, у т. л. кіеўскі кн. Уладзімір Усеваладавіч Манамах, бо полацкія і інш. князі імкнуліся адасобіцца ад Кіева. У 2-й пал. 11 ст. М., знаходзячыся пад уладай Полацка, меў сваё веча і гар. апалчэнне. У канцы 11 — пач. 12 ст. М. стаў цэнтрам удзельнага Мінскага княства, дзе княжыў Глеб Усяславіч. У сярэдзіне і 2-й пал. 12 ст. мінскія князі сапернічалі з полацкімі і друцкімі за паліт. гегемонію ў Полацкай зямлі. Паліт. ўзвышэнне і зручнае геагр. становішча садзейнічалі эканам. росту М., ператварэнню яго ў 2-й пал. 11—13 ст. у рамесна-гандл. цэнтр. Абставіны і дакладны час уваходжання Мінскага княства ў ВКЛ не вызначаны. Гэты працэс, верагодна, адбываўся ў 2-й пал. 13 — пач. 14 ст. Пасля Гарадзельскай уніі 1413 М. у складзе Віленскага ваяв., праз 5 гадоў ён перайшоў да вял. кн. ВКЛ Вітаўта. Хроніка Быхаўца паведамляе, што ў час міжкняжацкіх усобіц горад у 1433 быў захоплены Свідрыгайлам. З сярэдзіны 15 ст. ў М. правілі намеснікі — прадстаўнікі вял. князя ВКЛ, горад стаў цэнтрам Мінскага павета. У каралеўскай грамаце 1444 М. названы ў ліку 15 найб. развітых гарадоў ВКЛ. Разам з гандлем аснову эканам. жыцця горада складала рамяство (у 15 ст. ў М. налічвалася каля 20 рамесных спецыяльнасцей). У час нападу на М. у 1505 войска крымскага хана Менглі-Гірэя горад спалены, але замак татары ўзяць не змаглі. Паводле даравальнай граматы вялікага кн. ВКЛ ад 14.3.1499 М. атрымаў самакіраванне па магдэбургскаму праву. Кіраўніцтва горадам перайшло да магістрата, у склад якога ўваходзілі 12 радцаў на чале з войтам і 2 бурмістрамі. У пач. 16 ст. ў горадзе склаліся 2 адм. цэнтры: частка жыхароў была падначалена велікакняжацкаму намесніку, які жыў у замку, другая, большая, падпарадкоўвалася ўладзе гар. магістрата. У гэты перыяд насельніцтва горада не перавышала 3—4 тыс. чал. У сярэдзіне 16 ст. ў М. было 35 вуліц і завулкаў, 300 двароў, каля 2 тыс. ж. Паводле адм. рэформы ВКЛ 1565—66 М. стаў цэнтрам Мінскага ваяводства, у якое ўваходзіла 60 гарадоў і мястэчак. З 1580-х г. у М. праз кожныя 2 гады праводзіў свае пасяджэнні Трыбунал Вялікага княства Літоўскага. 12.1.1591 горад атрымаў герб: у блакітным полі жаночая постаць паміж двума анёламі і херувімамі. У 16—17 ст. М. стаў буйным цэнтрам рамяства і гандлю. Гар. рамеснікі былі аб’яднаны ў цэхі, першае ўпамінанне пра якія адносіцца да 1522. У вайну Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 М. разбураны, частка жыхароў загінула, астатнія пакінулі горад; У Паўн. вайну 1700—21 у маі 1707 ён заняты арміяй Карла XII. У 1710—11 горад перажыў моцную эпідэмію чумы. Пасля такіх спусташэнняў М. адрадзіўся толькі да сярэдзіны 18 ст. У гэты час рамеснікі 50 спецыяльнасцей складалі больш за палавіну гар. насельніцтва. У 1790-я г. ў М. было 89 крам, традыцыйнымі ў горадзе сталі 2 штогадовыя кірмашы — летні і веснавы, якія працягваліся каля 2 тыдняў. У 1775 у М. больш за 400 двароў, у 1790 — больш за 40 вуліц і завулкаў, насельніцтва складала амаль 6 тыс. чал. У 1793 М. далучаны да Рас. імперыі і стаў цэнтрам Мінскага намесніцтва, з 1796 — цэнтрам Мінскай губерні. 29.12.1796 М. нададзены новы герб: на грудзях двухгаловага рас. арла шчыт з выявай — на блакітным полі прасвятая Дзева Марыя ў зіхаценні, абкружаная 6 анёламі. У 1797 у М. 5797 ж., у 1800—1009 дамоў, з іх 39 мураваных. З 1793 М. — цэнтр Мінскай праваслаўнай епархіі, з 1798 — Мінскай рымска-каталіцкай епархіі. У вайну 1812 М. 8 ліп. занялі франц. войскі маршала Л.Н.Даву, 27 ліп. тут створана адміністрацыя Мінскага дэпартамента, які падпарадкоўваўся арганізаванаму франц. камандаваннем Часоваму ўраду Вялікага княства Літоўскага. 16.11.1812 М. узяты рус. атрадам 3-й арміі П.В.Чычагова. У выніку вайны гораду нанесены вял. страты: яго насельніцтва скарацілася з 11 200 чал. у 1811 да 3480 у канцы 1812. Да сярэдзіны 19 ст. разбураная вайной гаспадарка горада адноўлена. У 1860 у М. было 26 760 ж. Жыхары горада актыўна ўдзельнічалі ў паўстанні 1863—64 (гл. Мінская паўстанцкая арганізацыя 1863, Мінскія паўстанцкія атрады 1863). У 1873 у горадзе пачаў дзейнічаць Мінскі камерцыйны банк. Да канца 19 ст. свае аддзяленні тут адкрылі Дзярж., Азоўска-Данскі, Пецярбургска-Азоўскі, Віленскі банкі. У 1897 у М. 90,9 тыс. ж., 140 вуліц і завулкаў, 7476 будынкаў, з іх 2110 мураваны; дзейнічалі 18 культавых устаноў (цэрквы, касцёлы, сінагогі, мячэць). У 1870—80-я г. ў горадзе дзейнічалі мінскія народніцкія гурткі, арг-цыі «Чорнага перадзелу», «Народнай волі». У сярэдзіне 1880-х г. у М. створаны першыя марксісцкія гурткі. Узніклі Мінская рабочая арганізацыя 1894—97 і с.-д. арг-цыя, адбыліся першыя забастоўкі рабочых чыг. майстэрняў (1895). У 1898 у М. адбыўся Першы з’езд РСДРП, у пач. 1900 на аб’яднаўчым з’ездзе створана Сацыял-дэмакратыя Каралеўства Польскага і Літвы. Рабочыя і рамеснікі горада актыўна ўдзельнічалі ў рэвалюцыі 1905—07 (гл. таксама Курлоўскі расстрэл 1905). З 1911 пачала працаваць Мінская балотная доследная станцыя. У 1913 у М. 106,7 тыс. ж., 305 вуліц і завулкаў; з 10 300 будынкаў 15% былі мураваныя. У горадзе працавалі 104 ф-кі, з-ды і мануфактуры, на якіх было занята 5,1 тыс. рабочых; у дробнай вытв-сці было занята 7,2 тыс. рамеснікаў. У 1-ю сусв. вайну з кастр. 1915 М. — прыфрантавы горад, у ім размяшчаліся штаб Зах. фронту, інш. франтавыя арг-цыі і ўстановы, шпіталі. Насельніцтва горада за кошт вайскоўцаў і бежанцаў вырасла да 250 тыс. чал. Дзейнічалі Мінскі аддзел Беларускага таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны, Мінская абшчына сясцёр міласэрнасці Чырвонага Крыжа і інш. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 тут створаны Мінскі Савет рабочых і салдацкіх дэпутатаў. Гар. міліцыю з 4 сак. 1917 узначаліў М.В.Фрунзе. М. стаў цэнтрам Заходняй вобласцічэрв. 1917). Рэвалюцыя садзейнічала ажыўленню бел. нац. руху, дзейнасці розных партый. У крас.ліп. 1917 у М. адбыліся з’езд беларускіх нацыянальных арганізацый, Першы з’езд ваенных і рабочых дэпутатаў армій і тылу Заходняга фронту, з’езд беларускіх нацыянальных арганізацый і партый. У ліст. 1917 у М. ўтвораны каардынацыйны цэнтр бел. нац.-вызв. руху — Вялікая беларуская рада. Пасля Кастр. ўзбр. паўстання 1917 у Петраградзе ўся ўлада ў М. перайшла 8 ліст. ў рукі Мінскага Савета рабочых і салдацкіх дэпутатаў. У канцы снежня ў горадзе праходзіў Усебеларускі з’езд 1917, распушчаны СНК Зах. вобласці і фронту. У сак. 1918 у М. абвешчана Беларуская Народная Рэспубліка. З 21.2 да 10.12.1918 горад акупіраваны герм., з 8.8.1919 да 11.7.1920 — польск. войскамі. У канцы 1918 у М. створаны надзвычайныя органы — Мінскі ваенны савет і Мінскі губернскі ваенна-рэвалюцыйны камітэт, якія займаліся ўстанаўленнем сав. улады на Міншчыне. З утварэннем Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі (БССР, 1.1.1919) М. — яе сталіца, у пач. студз. 1919 сюды прыехаў са Смаленска Часовы рабоча-сял. сав. ўрад Беларусі. 2—3.2.1919 у М. адбыўся Першы Усебеларускі з’езд Саветаў, які прыняў першую Канстытуцыю БССР. З 17.7.1924 М. — цэнтр Мінскай акругі, з 29.6.1934 — Мінскага прыгараднага р-на, з 15.1.1938 — Мінскага раёна, з 20.2.1938 — Мінскай вобласці. З 17.9.1938 М. — горад абл. падпарадкавання. У 1929 пушчаны трамвай (у 1940 даўж. ліній 36,7 км), наладжаны рэгулярны аўтобусны рух. Да 1940 у М. 332 дзярж. і каап. прадпрыемствы (23,8 тыс. рабочых), прамысл. прадукцыя ў параўнанні з 1913 вырасла ў 40 разоў. На 17.1.1939 у М. 238,8 тыс. ж., на 17.1.1941—270,4 тыс. ж. У першыя дні Вял. Айч. вайны ў выніку масіраваных налётаў ням. авіяцыі ў М. знішчана больш за 20% гар. забудовы, загінулі тысячы жыхароў. У сувязі з буйнымі пралікамі ў кіраўніцтве войскамі Зах. фронту (гл. Мінска абарона 1941) М. 28.6.1941 акупіраваны ням.-фаш. захопнікамі. Ён стаў цэнтрам Генеральнага камісарыята Беларусь. Гітлераўцы ўстанавілі ў горадзе жорсткі акупац. рэжым, стварылі ў М. і наваколлі 9 лагераў смерці з аддзяленнямі і філіяламі, у т. л. Масюкоўшчынскі лагер смерці, Трасцянецкі лагер смерці, а таксама яўр. гета, у якім знаходзілася больш за 100 тыс. чал. Захопнікі знішчылі ў М. і яго ваколіцах больш за 400 тыс. чал., з іх больш за 70 тыс. мінчан, горад ператварылі ў руіны. На момант вызвалення ў М. было 80—90 тыс. чал. 3 першых дзён акупацыі жыхары М. разгарнулі барацьбу з ворагам. Дзейнічалі Мінскае патрыятычнае падполле, Мінскія падп. гаркомы КП(б)Б і ЛКСМБ, гар. падп. райкомы КЛ(б)Б (Варашылаўскі, Чыгуначны, Сталінскі, Кастрычніцкі, Тэльманаўскі) і ЛКСМБ (Варашылаўскі, Кастрычніцкі, Сталінскі) і інш. Горад вызвалены 3.7.1944 у выніку Мінскай аперацыі 1944. У Мінскім «катле» знішчана больш за 70 тыс. і ўзята ў палон каля 35 тыс. салдат і афіцэраў ворага. 53 вайсковым фарміраванням, якія вызначыліся ў аперацыі, нададзена ганаровае найменне «Мінскіх». З 14.5.1946 М. — горад рэсп. падпарадкавання. Да сярэдзіны 1950-х г. у асн. пераадолены наступствы вайны. На 1.8.1950 у М. 273,6 тыс. ж., у 1959—509,5, у 1970—916,6, у 1980—1308,6 тыс. ж.; у 1950—70-я г. М. быў 5-м (пасля Масквы, Ленінграда, Кіева і Ташкента) горадам СССР па абсалютным прыросце насельніцтва. У 1953 пушчаны тралейбус. За 1951—58 пабудавана 1248,6 тыс. м² жылой плошчы, за 19 59—65—2400 тыс. м². У 1962 уведзены ў дзеянне першы ў рэспубліцы атамны рэактар, у 1963 пушчана першая электрычка (да ст. Аляхновічы). З 1968 пачала дзейнічаць Выстаўка дасягненняў нар. гаспадаркі БССР (гл. Рэспубліканскі выставачны цэнтр). У студз. 1972 М. стаў 11-м горадам СССР з насельніцтвам больш за 1 млн. чал. Пачалося буд-ва Мінскага метрапалітэна (1977). 26.6.1974 Указам Прэзідыума Вярх. Савета СССР М. нададзена ганаровае званне «Горад-герой». У 1989 у М. 1607 тыс. ж. У выніку крызісных з’яў у эканам. і грамадска-паліт. жыцці, распаду СССР запаволіліся тэмпы прыросту прамысл. прадукцыі, знізіўся ўзровень жыцця гараджан, што вылілася ў Красавіцкія выступленні працоўных 1991. У М. пачалі ўзнікаць т.зв. нефармальныя аб’яднанні, якія выступалі супраць афіц. сав. ідэалогіі, за захаванне і развіццё бел. мовы і культуры. Узніклі шматлікія грамадскія арг-цыі, паліт. партыі і рухі, адбываліся мітынгі і дэманстрацыі, скіраваныя супраць палітыкі афіц. улад, пачалі выходзіць першыя бел. бесцэнзурныя выданні. У 1991 М. стаў сталіцай суверэннай дзяржавы Рэспублікі Беларусь. З 1993 у М. размяшчаецца Выканаўчы сакратарыят СНД, з 1994 — рэзідэнцыя Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. У 1993 у М. адбыўся Першы з’езд беларусаў свету (2-і — у 1997), у 1994—1-я сустрэча бел. моладзі свету. На 1.1.2000 у М. дзейнічаюць кіруючыя органы і прадстаўніцтвы больш як 200 грамадскіх аб’яднанняў і паліт. партый розных кірункаў, 29 канфесій, 117 рэліг. абшчын і інш.

Гаспадарка. Здаўна М. быў важным эканам. цэнтрам Беларусі. У 2-й пал. 19 ст. моцны штуршок развіццю горада дала пабудова Маскоўска-Брэсцкай (1869—78) і Лібава-Роменскай (1871—74) чыгунак, якія перакрыжаваліся ў М. і звязалі яго з цэнтрам Расіі, Польшчай, Прыбалтыкай і Украінай. Яны ў многім прадвызначылі з’яўленне шматлікіх вытв-сцей па перапрацоўцы мясц. сыравіны. Рост попыту на с.-г. прылады, абсталяванне для лесапільных, гарбарных, шкляных, цагельных з-даў абумовіў узнікненне ў М. прадпрыемстваў па іх вытв-сці. Узведзены ў 1883 машынабудаўнічы завод (цяпер Мінскі станкабудаўнічы завод імя С.М.Кірава), у 1884 гарбарная ф-ка, у 1891 спіртзавод (цяпер дрожджавы камбінат), у 1893 дрожджавінакурны з-д, у 1908 металаапрацоўчы з-д «Гігант» (цяпер Мінскі станкабудаўнічы завод імя Кастрычніцкай рэвалюцыі) і інш. Пабудаваны вакзалы і дэпо Маскоўска-Брэсцкай і Лібава-Роменскай чыгунак, чыг. майстэрні (1871, гл. Мінскі вагонарамонтны завод), помпавая станцыя (1873), водаправод (1874), з’явіліся тэлефон (1890), конка (1892), электрастанцыя (1894). У 1895 у М. было 36 прадпрыемстваў, працавала 1,4 тыс. рабочых. У дробнай вытв-сці пераважалі рамеснікі (у 1895—5 тыс. чал.), якія выраблялі пераважна прадукты харчавання, адзенне, абутак. У 1890 працавалі 583 гандл. ўстановы з тавараабаротам 3,6 млн. руб. У 1913 у М. дзейнічалі 104 ф-кі, з-ды і мануфактуры, на якіх было занята 5,1 тыс. рабочых, у дробнай вытв-сці — 7,2 тыс. рамеснікаў; працавалі 1333 гандл. прадпрыемствы. М. значна пацярпеў у час 1-й сусв. і грамадз. войнаў. Узровень 1913 у галіне прам-сці дасягнуты ў 1925—26. У 1920-я г. пачалі выпускаць прадукцыю з-ды станкабуд. «Энергія», маш.-буд. «Метал», чыгуналіцейны, у 1930-я г. — ф-кі швейная «Кастрычнік» і кандытарская «Камунарка», з-ды электраматорны, азбестабетонны і клінкерны; электрастанцыя магутнасцю 6,4 тыс. кВт і інш. У Вял. Айч. вайну эканоміка горада была разбурана, ням.-фаш. захопнікі знішчылі 313 прадпрыемстваў. У 1945 у М. выраблялася 24,4% даваен. аб’ёму прамысл. прадукцыі. У 1946—50 уведзены ў дзеянне шэраг новых прадпрыемстваў, у т. л. Мінскія трактарны, аўтамаб., мотавеласіпедны і гіпсавы з-ды, тонкасуконны камбінат. У 1950 у М. дзейнічала 500 прадпрыемстваў; аб’ём валавой прамысл. прадукцыі на 95% перавысіў даваен. ўзровень. У 1950—70-я г. ўведзены ў дзеянне з-ды падшыпнікавы (1951), гадзіннікавы (1955), халадзільнікаў (1959), маторны, радыёзавод, запасных трактарных дэталей, аўтам. ліній, электрамех., выліч. машын, камбінаты камвольны (1955), паліграфічны (1956). Крызісныя з’явы ў эканам. жыцці 1990-х г., дапоўненыя наступствамі катастрофы на Чарнобыльскай АЭС у 1986, моцна адбіліся і на М. Знізіўся выпуск прамысл. прадукцыі, парушыліся сувязі з многімі прадпрыемствамі па-за межамі Беларусі. Але М. застаецца найбуйнейшым прамысл. цэнтрам рэспублікі. На пач. 1999 у ім дзейнічала больш за 300 буйных і сярэдніх прадпрыемстваў. У М. сканцэнтраваны ўвесь рэсп. выпуск трактароў, матацыклаў, веласіпедаў, халадзільнікаў, радыёпрыёмнікаў, наручных гадзіннікаў, значная частка выпуску грузавых аўтамабіляў, станкоў і аўтам. ліній, ЭВМ, прылад і інш. відаў прамысл. прадукцыі. Развіта таксама вытв-сць шарсцяных тканін, абутку, швейных вырабаў, харч. тавараў. У галіновай структуры прамысл. прадукцыі (1997) машынабудаванне і металаапрацоўка складаюць 54,5%, электраэнергетыка — 14,7%, харч. прам-сць — 10,7%, лёгкая прам-сць — 6,6%, прам-сць буд. матэрыялаў — 4,5%, хім. і дрэваапр. — па 2,6%. Найб. прадпрыемствы машынабудавання і металаапрацоўкі: Беларускае вытворчае аб’яднанне радыётэхнікі, вытв. аб’яднанне «Гарызонт», Мінскі авіярамонтны завод, Мінскі аўтамабільны завод, Мінскі гадзіннікавы завод, Мінскі доследны завод «Эталон», Мінскі завод аўтаматычных ліній, Мінскае вытворчае аб’яднанне вылічальнай тэхнікі, Мінскі завод колавых цягачоў, Мінскі трактарны завод, Мінскі завод «Ударнік», Мінскі завод халадзільнікаў, Мінскі завод шасцерняў, Мінскі інструментальны завод, Мінскі матацыклетны і веласіпедны завод, Мінскі маторны завод, Мінскі падшыпнікавы завод, станкабудаўнічыя заводы і інш. Электрычную і цеплавую энергію М. пастаўляюць Мінскія ЦЭЦ. Электраэнергія дадаткова паступае ад інш. электрастанцый рэспублікі па Беларускай энергетычнай сістэме. Гал. прадпрыемствы харч. і харчасмакавай прам-сці: камбінат хлебапрадуктаў, хлебазаводы, Мінская кандытарская фабрыка «Камунарка», Мінскі гарадскі малочны завод № 2, Мінскі завод безалкагольных напіткаў, піўзаводы і інш., Мінскі завод шампанскіх він, Мінскі вінна-гарэлачны завод «Крышталь», Мінскі мясакамбінат, Мінскі мясаперапрацоўчы завод. Лёгкая прам-сць прадстаўлена вытв. аб’яднаннем «Мілавіца», Мінскай скургалантарэйнай фабрыкай, Мінскай трыкатажнай фабрыкай, Мінскай фабрыкай мастацкіх вырабаў «Мастра», Мінскім абутковым аб’яднаннем «Прамень», Мінскім вытворчым гарбарным аб’яднаннем, Мінскім камвольным камбінатам, Мінскім тонкасуконным камбінатам і інш. У М. працуюць прадпрыемствы буд., паліграф., хім., фармацэўтычнай, мэблевай і інш. галін прам-сці.

Архітэктура і горадабудаўніцтва. Стараж. цэнтр М. — дзядзінец узнік на правым беразе р. Свіслач, пры ўпадзенні ў яе р. Няміга (раён сучаснай пл. 8 Сакавіка і Машэрава праспекта), дзе ў 2-й пал. 11 ст. пабудаваны Мінскі замак. На яго тэр. ў пач. 12 ст. (паводле інш. звестак, у канцы 11 ст.) пачалі будаваць Мінскую замкавую царкву. У 12—13 ст. на Пд, ПдЗ, ПдУ ад замка сфарміраваўся рамесны пасад з гандл. плошчай Нізкі, або Стары Рынак, вуліцы якога, вымашчаныя драўляным насцілам, шчыльна забудоўваліся зрубнымі дамамі (з 16 ст. Ніжні горад). Да плошчы сыходзіліся асн. знешнія гандл. шляхі; з 3 падыходзіў гасцінец з Ракава і Койданава, з Пд — з Лошыцы, на У цераз мост на р. Свіслач сыходзіліся дарогі з Вільні, Полацка, Лагойска, Барысава, Смаленска. Гал. вуліца Ніжняга горада — Нямігская, або Няміга (самая стараж. вуліца М., 12 ст.) — ішла ўздоўж р. Няміга, з ПнЗ падыходзіла да Нізкага рынку і далей да моста цераз Свіслач. У гэты час узніклі пасады на левым беразе Свіслачы каля Траецкай гары і на ПнЗ ад замчышча Пятніцкі канец (сучасны раён на З ад праспекта Машэрава, некалі тут была Пятніцкая царква; з 16 ст. наз. Татарская слабада, бо была заселена крымскімі татарамі, узятымі ў палон у 1506 пад Клецкам). У 16 ст. ў асноўным сфарміравалася забудова Мінскага Траецкага прадмесця і Ракаўскага прадмесця, узнік новы, Верхні горад з гандл. цэнтрам — Высокі рынак (сучасная пл. Свабоды) з 2-павярховай драўлянай ратушай, культавымі і жылымі будынкамі. У Верхнім горадзе асн. вуліцы сыходзіліся на Высокім рынку (гл. ў арт. Мїнскі Верхні горад). Пажары 1547, 1552, 1569 знішчылі амаль усе драўляныя гар. будынкі, на іх месцы ўзніклі мураваныя пабудовы. Замак канчаткова страціў сваё значэнне як адм. і планіровачны цэнтр М. Новым цэнтрам сталі плошчы Нізкага і Высокага рынкаў. На Высокім рынку фарміраваўся рэнесансна-барочны ансамбль найб. значных культавых будынкаў: Мінскі касцёл і кляштар дамініканцаў, Мінская царква Святога Духа і базыльянскія манастыры, Мінскі Святадухаўскі манастыр базыльянак, Мінскі касцёл і кляштар бернардзінак. Канчаткова ён сфарміраваўся да сярэдзіны 18 ст. пасля ўзвядзення на зах. баку плошчы будынкаў Мїнскага езуіцкага калегіума. У 2-й пал. 17 ст. на Зборавай вул. (сучасная Інтэрнацыянальная) на месцы драўлянага кляштара 1633 пабудаваны мураваны Мінскі кляштар бенедыкцінак, на рагу вуліцы Францысканскай (сучасная Леніна) — будынкі Мінскага кляштара францысканцаў. У раёне вул. Ракаўскай у пач. 17 ст. правасл. брацтвам засн. Мінская Петрапаўлаўская царква. У 1630 на Траецкай гары пры драўлянай Троіцкай царкве (вядома з 15 ст.) узведзены драўляны Троіцкі манастыр базыльянак. У 18 ст. тут пабудаваны кляштары з касцёламі бенедыкцінцаў (1700), баніфратараў, Мінскі касцёл і кляштар кармелітаў (абодва 1703), марыявітак (1771, усе не захаваліся). У 1799—1800 на месцы драўлянага Троіцкага манастыра базыльянак пабудаваны мураваны (гл. Мінскі Троіцкі манастыр базыльянак). У 1-й пал. 17 ст. на месцы драўлянай узведзена мураваная Мінская ратуша. У 18 ст. ў раёне Высокага рынку і навакольных вуліц узніклі мураваныя будынкі ў стылі класіцызму, у т. л. будынак Мінскага гасцінага двара. У 1797—1800 складзены 1-ы план горада (губ. арх. Ф.Крамер). У 1800, 1809, 1817, 1858 ‘распрацаваны рэгулярныя планы забудовы горада, паводле якіх вяліся забудова і ўпарадкаванне тэр. М. Узнікла новая вуліца — Захар’еўская (назва ад імя першага цывільнага губернатара Захарыя Карнеева; сучасны Скарыны праспект). Пасля пажару 1835 цэнтр горада забудоўваўся мураванымі 2- і 3-павярховымі дамамі. Да сярэдзіны 19 ст. тэр. М. вырасла больш як у 2 разы ў параўнанні з 18 ст., чвэрць будынкаў былі мураваныя, забрукаваны 22 вуліцы. Забудова развівалася ў паўн.-ўсх. напрамку ўздоўж асн. трансп. магістралей: Віленскага, Лагойскага і Барысаўскага трактаў. На ўскраінах горада (Камароўка, Ляхаўка, Кальварыя, Старажоўка, Серабранка) захоўвалася драўляная жылая забудова і нерэгулярная планіроўка. У 19 ст. ансамбль Саборнай пл. (да 1860 Высокага рынку) фарміравалі дом губернатара, кафедральны касцёл, будынак дзярж. устаноў, дваранская школа, Мінскага тэатра будынак, Петрапаўлаўскі кафедральны сабор (да 1795 Святадухаўская царква базыльянскага манастыра, перабудавана ў псеўдарус. стылі). У Ніжнім горадзе засталася радыяльна-веерная планіровачная структура, што склалася гістарычна. Зарэчная ч. (б. Траецкае прадмесце) значна пашырылася ў паўн. напрамку. На прамавугольнай у плане Троіцкай пл. пастаўлены мураваныя будынкі духоўнай семінарыі (перабудаваны ў 1950—53 пад Сувораўскае ваен. вучылішча, вул. М.Багдановіча), жаночага епархіяльнага вучылішча. У 19 ст. вялася забудова Мінскага Новага месца (цяпер раён Кастрычніцкай пл.). У вёсках, што прылягалі да М., ствараліся сядзібна-паркавыя комплексы, у т. л. Лошыцкі сядзібна-паркавы комплекс, у прыгарадзе М. Вял. Сляпянка — сядзіба Ваньковічаў (гл. ў арт. Мінскія сядзібы Ваньковічаў). У 2-й пал. 19 ст. на арх.-планіровачную структуру горада ўплывалі пракладка чыгункі і ўзнікненне новых прамысл. прадпрыемстваў. У паўд.-зах. ч. горада пракладзены 2 чыг. лініі з вакзаламі: Маскоўска-Брэсцкая (1871) з Брэсцкім вакзалам (цяпер Мінск-Таварны) і Лібава-Роменская (1873) з Віленскім вакзалам [цяпер пасаж. станцыя Мінск, напачатку драўляная, з 1890 мураваная, разбурана ў Вял. Айч. вайну, адноўлена ў 1946, вядзецца (2000) рэканструкцыя]. Вакол Віленскага вакзала склалася новая сетка вуліц, якія падыходзілі да Прывакзальнай плошчы. За чыг. лініяй на З і Пд узніклі новыя жылыя раёны (Залінейны, Грушаўскі, Ляхаўскі). У канцы 19 — пач. 20 ст. вял. тэмпамі развівалася прамысл. буд-ва. Асн. прадпрыемствы размяшчаліся ў раёне Ляхаўкі, каля лініі чыгункі і р. Свіслач (цяпер вул. Кастрычніцкая). У архітэктуры М. 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. панавалі неаготыка, рэтраспектыўны стыль, неабарока, неакласіцызм і інш. Да помнікаў неаготыкі належаць Мінскі касцёл Сымона і Алены, Мінскі кальварыйскі касцёл і брама, Мінскі Пішчалаўскі замак, Мінскі Троіцкі Залатагорскі касцёл. З рысамі неакласіцызму ўзведзены будынак аддзялення Дзярж. банка Расіі (цяпер у ім Нацыянальны музей гісторыі і культуры Беларусі), з рысамі эклектыкі — Мінскай жаночай гімназіі будынак, Мінская царква Аляксандра Неўскага, у стылі мадэрн — гасцініца «Еўропа» (1906—09, не захавалася), будынак царк.-археал. музея (цяпер Дом работнікаў мастацтваў), дом Кастравіцкай (на 1-м паверсе Упраўленне Лібава-Роменскай чыгункі; 1910, арх.

О.Краснапольскі). У 1920—30-я г. адначасова з прамысл. прадпрыемствамі будавалі жылыя пасёлкі: Беларуская слабада (раён Ляхаўкі), Камінтэрн, Грушаўскі, кварталы па вул. Брылёўскай. У 1926—27 складзена схема планіроўкі М. (арх. У.Сямёнаў, Н.Палякоў). Значна змянілі аблічча горада шматпавярховыя жылыя дамы па вуліцах Валадарскага і Кірава (інж. Г.Кавокін), К.Маркса (арх. С.Гейдукевіч), Маскоўскай (арх. А.П.Воінаў, К.Гіляраў, А.Крылоў). Сярод буйных грамадскіх збудаванняў у стылі канструктывізму: Дзяржбанк па вул. Савецкай (арх. Г.Гольц, М.Паруснікаў), клуб харчавікоў (абодва 1927—29, не захаваліся), Дом друку (1935), Мінскай гідраметэаралагічнай абсерваторыі будынак. Пачалі будаваць арх. комплексы — універсітэцкі гарадок (арх. І.Запарожац, Г.Лаўроў), клінічны гарадок (абодва 1928—31 арх. Лаўроў; сучасная 1-я гар. бальніца). У 1931 у раёне парку Чэлюскінцаў пабудаваны комплекс 1-й Усебел. с.-г. і прамысл. выстаўкі (арх. І.Валадзько, Воінаў, М.Гіляраў, Крылоў, А.Дзянісаў, Лаўроў і інш.). На аснове генплана рэканструкцыі і развіцця М. 1932—36 (зацверджаны ў 1938, карэкціроўка ў 1939—41, ін-т «Белдзяржпраект») ствараліся праекты асобных горадабудаўнічых вузлоў: плошчаў Леніна (цяпер Незалежнасці плошча), Свабоды, Круглай (цяпер Перамогі плошча з Манументам Перамогі), Парыжскай камуны, Прывакзальнай і інш. У 1939 пачалі ўзводзіць Нацыяналънай Акадэміі навук Беларусі будынкі. Да 1941 у М. пабудаваны: Дом урада Рэспублікі Беларусь, Бібліятэка нацыянальная Беларусі, будынкі Бел. політэхн. ін-та (цяпер Беларуская політэхнічная акадэмія; абодва 1932, арх. Лаўроў), Дзярж. т-ра оперы і балета (1934—38, арх. І.Лангбард), Дома афіцэраў, Мінскі жылы дом спецыялістаў, фабрыка-кухня (1936), гасцініца «Беларусь» (1938, з 1987 «Свіслач»), гал. корпус Бел. ін-та фіз. культуры (цяпер Акадэмія фіз. выхавання і спорту; 1939, арх. Воінаў, А.Брэгман), створана Камсамольскае возера. У канцы 1930-х г. горад развіваўся ў паўн.-ўсх. напрамку ўздоўж Лагойскага (цяпер вул. Я.Коласа) і Барысаўскага (цяпер праспект Скарыны) трактаў. У Вял. Айч. вайну цэнтр амаль цалкам зруйнаваны. У 1944 распрацаваны «Эскіз-ідэя планіроўкі Мінска» (арх. А.Шчусеў, Сямёнаў, А.Мардвінаў, М.Колі, Б.Рубаненка, Лангбард, Н.Трахтэнберг), які стаў асновай генплана аднаўлення і развіцця М. (1946, ін-т «Мінскпраект», арх. М.Андросаў, Трахтэнберг, інж. К.Іванаў, Р.Абразцова, В.Талмачоў, пры кансультацыі Сямёнава, Палякова). У 1951—52 і 1958 план скарэкціраваны і ўдасканалены. У пасляваен. буд-ве пашыраны стварэнне арх. ансамбляў, цэласная забудова вуліц, плошчаў, кварталаў. Створаны адзін з лепшых ансамбляў праспекта Скарыны з плошчамі Незалежнасці, Кастрычніцкай, Перамогі, Я.Коласа і зялёнымі масівамі ўздоўж р. Свіслач. Найб. значныя збудаванні: Мінскі галоўны паштамт, Мінскі гарадскі універмаг, Палац культуры Белсаўпрофа (цяпер Рэспубліканскі палац культуры прафсаюзаў), Мінскі цырк, стадыён «Дынама», адм. будынак на рагу Вул. Камсамольскай 1 праспекта Скарыны. Выкарыстанне індустр. метадаў буд-ва дало магчымасць забудоўваць жылыя комплексы вял. масівамі — мікрараёнамі. У 1965 зацверджаны 2-і пасляваен. генплан М. (арх. Л.Гафо, Я.Заслаўскі, А.Наканечны, І.Люблінскі, М.Кудзінаў, Трахтэнберг), у ім вызначаны і ўдакладнены зоны жыллёвага і прамысл. буд-ва. Пачалася забудова буйных масіваў — жылых раёнаў Усход, Зялёны Луг, Серабранка, Чыжоўка). Створаны серыі тыпавых праектаў і буд-ва паводле іх аб’ектаў сац.-быт. і культ. прызначэння. Асн. тып забудовы — 5-павярховы жылы дом, з 1966 распрацоўваліся серыйныя праекты 9-павярховых дамоў. Паводле індывід. праектаў пабудаваны кінатэатры «Піянер» (1965, арх. Г.Заборскі), «Партызан» (1967, арх. Ю.Шпіт) і інш. Паводле карэкціроўкі генплана 1965 (1971—73, арх. Я.Дзятлаў, Заслаўскі, Трахтэнберг, Ю.Патапаў, Гафо, Г.Фадзеева, Л.Есьман, Э.Афанасьева, В.Шыльнікоўская, Р.Заікін, інж. Л.Кантаровіч, А.Стазаева, Ю.Айзенштат, Дз.Краўцоў, В.Вараксін) распрацаваны перспектывы развіцця М. і прыгараднай зоны да 2000 года. Паралельна з карэктурай генплана распрацаваны і зацверджаны праект дэталёвай планіроўкі цэнтра (1969—74, арх. Дзятлаў, Ю.Градаў, Л.Левін, Г.Горына, В.Сярогіна, І.Кароль, Брэгман, Н.Ляцко, Афанасьева, інж. Краўцоў, З.Толсцікава), эскіз забудовы водна-зялёнага дыяметра. У 1970-я г. ішло актыўнае буд-ва на найб. перспектыўных напрамках развіцця горада: паўд. (уздоўж Слуцкай шашы), паўн.-зах. (уздоўж праспекта Газеты «Правда»), зах. (уздоўж вул. Прытыцкага). З 1972 будуюцца мікрараёны Сярова 1 (арх. У.Крывашэеў, У.Данілаў, К.Сакалова, А.Сабалеўскі), Сярова 2 (арх. Горына, Афанасьева, І.Жураўлёў, А.Навумаў, Сярова 3 (арх. Крывашэеў, В.Нефдах), якія вылучаюцца выкарыстаннем маляўнічага рэльефу і арыгінальнай колеравай гамай. З 1976 забудоўваюцца жылыя раёны Масюкоўшчына (арх. Б.Ларчанка, В.Латышаў і інш.), Паўднёвы Захад. Ствараюцца ансамблі грамадска-дзелавых комплексаў і жылых раёнаў на асн. радыяльных напрамках: вуліцах Няміга, М.Багдановіча, Я.Коласа, Прытыцкага, праспектах Машэрава і Партызанскім. У 1960—70-я г. ўзведзены Мінскі палац спорту, Палац культуры і спорту чыгуначнікаў (арх. Л.Анікіна), кінатэатр «Кастрычнік» (арх. В.Малышаў), гал. корпус БДУ (арх. М.Бакланаў, А.Духан), Дом літаратара, Водна-спартыўны камбінат. Ін-т тэхн. кібернетыкі Нац. АН (арх. Ю.Грыгор’еў, А.Беразоўскі), гал. корпус Беларускага эканамічнага універсітэта, будынак ін-та «Мінскпраект» (арх. П.Кракалёў, Л.Пагарэлаў), Палац мастацтваў (цяпер рэсп. Мастацкая галерэя), гасцініца «Турыст» (арх. Пагарэлаў). Арх. аблічча М. ўзбагацілі прамысл. аб’екты, у т. л. з-ды: гадзіннікавы «Прамень», халадзільнікаў. Арыгінальна вырашаны адм.-грамадскія будынкі, узведзеныя ў 1970—80-я г. на праспекце Машэрава, карпусы мед. ін-та на праспекце Газеты «Правда» (арх. Ю.Бічан, Э.Гальдштэйн), гал. корпус арх. і буд. факультэтаў БПА (арх. І.Есьман, В.Анікін), крыты рынак «Камароўскі» (арх. В.Аладаў, А.Жалдакоў, Крывашэеў, М.Ткачук), Мінскі аўтавакзал «Усходні», канцэртная зала «Мінск» (да 1991 Дом паліт. асветы; 1987, арх. Пагарэлаў, Ю.Кустоў, Л.Кустова, А.Чадовіч), кінатэатр «Масква», т-р музкамедыі (арх. А.Ткачук, У.Тарноўскі), гасцініцы «Кастрычніцкая», «Планета». У 1984 здадзена ў эксплуатацыю 1-я чарга 1-й лініі Мінскага метрапалітэна. Выразным сілуэтам вызначаецца арх.-скульпт. комплекс «Мінск — горад-герой». Водна-зялёны дыяметр дапаўняюць дэкар. вадаёмы, каналы, набярэжныя, каскады Сляпянскай воднай сістэмы (гл. Сляпянскае водна-паркавае паўкальцо). У 1980 пачаліся рэстаўрацыйныя работы ў квартале б. Траецкага прадмесця. У 1982 у ін-це «Мінскпраект» (арх. Ю.Пурэцкі, І.Кароль, Ю.Грыгор’еў, Я.Ліневіч, Дзятлаў, Г.Белікаў, Гафо, Л.Есьман і інш.) завершаны новы генплан М., які прадугледжваў развіццё горада да 2000 года. У ім закладзены прынцыпы арх.-планіровачнай арганізацыі тэр. горада (планіровачныя зоны — планіровачныя раёны — жылыя і прамысл. раёны), якія вызначылі ступеньчатую сістэму арганізацыі культ.-быт. абслугоўвання насельніцтва; прадугледжана стварэнне цэласнай і непарыўнай сістэмы азелянення горада і прыгарадаў, дзе аснову планіровачна-ландшафтнай структуры ўтвараюць водна-зялёны дыяметр, 7 зялёных кліноў і 2 водна-зялёныя паўколы на аснове Сляпянскай і Лошыцкай водных сістэм; планавалася буд-ва новых і рэканструкцыя існуючых магістралей. Радыяльна-кальцавая сістэма вулічна-дарожнай сеткі па-за межамі 2-га кальца пераўтвараецца ў лінейна-прамавугольную і дапаўняецца хордавымі напрамкамі магістралей бесперапыннага руху і скарасных дарог для выключэння з цэнтр. ч. горада транзітнага руху. Паралельна з генпланам 1982 у ін-це «Мінскпраект» распрацаваны новы варыянт праекта дэталёвай планіроўкі цэнтра М. (1978—84; арх. Белікаў, Грыгор’еў, Ліневіч, М.Гардзеенка, Дзятлаў, Пурэцкі, У.Часноў, І.Кароль, Ш.Хасьянаў, Л.Есьман, В.Гутман, У.Куртанідзе, А.Кочашава, І.Пілатовіч, інж. М.Сакалоўскі, Стазаева), які прадугледжваў буд-ва шэрагу буйных жылых і грамадскіх будынкаў, у т. л. 16-павярховых жылых дамоў па вул. В.Харужай (1983, арх. У.Пушкін), Палаца моладзі і школьнікаў на Камсамольскім воз. (1986, арх. В.Бялянкін, Т.Розава, Л.Селівончык, І.Новік, В.Чарназёмаў), гасцініцы «Беларусь», павільёна міжнар. выставак (цяпер Нацыянальны выставачны цэнтр «БелЭкспа»). Найб. значныя паводле аб’ёму жыллёвага буд-ва жылыя раёны Малінаўка, Сухарава, Кунцаўшчына, Захад 2. З сярэдзіны 1980-х г. забудоўваюцца жылыя раёны Вяснянка, Уручча, Чырвоны Бор. Новыя тыпы грамадскіх будынкаў (банкі, офісы і інш.), жылля (катэджы, шматпавярховыя і малапавярховыя цагляныя дамы), культавых збудаванняў (цэрквы, малельныя дамы) распрацоўваюцца персанальнымі творчымі майстэрнямі (з 1989). У 1997 для вырашэння пытанняў горадабуд. палітыкі створаны галаўны ін-т «Мінскграда». Пабудовы паводле індывід. праектаў з’яўляюцца пераважна ў кварталах, якія рэканструююцца ці на свабодных тэрыторыях забудаваных раёнаў (буд-ва катэджаў у раёнах Сляпянкі, Цны, Малінаўкі і інш.). Завяршаецца буд-ва Палаца Рэспублікі на Кастрычніцкай пл. (2000). У 1990-я г. ўзведзены: Міжнар. адукацыйны цэнтр па праспекце Газеты «Правда» (арх. А.Вараб’ёў, ням. арх. Дз.Піршке), адм. будынак з комплексам культ.-быт. абслугоўвання (рэстаран, сауна, тэнісныя корты і інш.) бел.-аўстр. кампаніі «Лукойл—Беларусь» па вул. Няміга, Мінскі аўтавакзал «Маскоўскі», Мінскі лядовы палац спорту, жыллёвы комплекс для бел. спартсменаў па вул. Радужнай у раёне Вяснянкі і інш. Паводле «Плана размяшчэння правасл. храмаў на тэр. Мінска» (творчая майстэрня Пурэцкага, арх. Л.Есьман, З.Забароўская) будуюцца храмавы комплекс памяці ахвяр Чарнобыльскай катастрофы па вул. Прытыцкага, храм-помнік у гонар Усіх Святых і памяці бязвінна забітых у мікрараёне Усход па вул. Каліноўскага, царква пры Доме міласэрнасці па Старабарысаўскім тракце (абодва арх. Пагарэлаў), мемар. храм-помнік у на Востраве мужнасці і смутку ў Траецкім прадмесці «Сынам Айчыны, -што загінулі за яе межамі» (1996, аўтары М.Каралёў, Т.Каралёва-Паўлава, В.Лапцэвіч, Г.Паўлава, А.Паўлаў, Д.Хамякоў) і інш. У ін-це «Мінскграда» распрацаваны План функцыян. выкарыстання тэр. М. з рэжымамі развіцця і забудовы (1996, кіраўнік А.Калантай).

Помнікі: Я.Купалу ў парку яго імя (1972, скульпт. А.Анікейчык, Л.Гумілеўскі, А.Заспіцкі, арх. Ю.Градаў, Л.Левін), Я.Коласу на пл. яго імя (1972, скульпт. З-Азгур, арх. Г.Заборскі, Градаў, Левін), М.Багдановічу ў скверы на пл. Парыжскай Камуны перад т-рам оперы і балета (1981, скульпт. С.Вакар, арх. Ю.Казакоў, Л.Маскалевіч), М.Горкаму ў парку яго імя (1981, скульпт. Заспіцкі, І.Міско, М.Рыжанкоў, арх. А.Трафімчук), Я.Драздовічу ў Траецкім прадмесці (1993, скульпт. І.Голубеў), Ефрасінні Полацкай у двары БДУ (скульпт. І.Голубеў, арх. В.Ягадніцкі), А.С.Пушкіну на набярэжнай р. Свіслач па праспекце Машэрава (абодва 1999, скульпт. Ю.Арэхаў, арх. Ю.Грыгор’еў, А.Чадовіч), вучоным Я.Б.Зяльдовічу перад будынкам Ін-та тэхн. кібернетыкі Нац. АН Беларусі (скульпт. Л.Крэмнева), С.І.Вавілаву на тэр. з-да імя Вавілава (абодва 1978, скульпт. У.Булыга, арх. Казакоў); надмагільныя помнікі на Вайсковых могілках — Я.Купалу (1970, скульпт. У.Ананька, М.Якавенка), Я.Коласу (1971, скульпт. Анікейчык, Заспіцкі), на могілках па Маскоўскай шашы — М.М.Чуркіну (1971, скульпт. Г.Мурамцаў), П.Глебку (1974, скульпт. Азгур), С.В.Прытыцкаму (1975, скульпт. Анікейчык, арх. Левін, Градаў), П.М.Машэраву (1984, скульпт. Анікейчык, арх. Градаў, Левін), В.Тураву (1999, скульпт. Якавенка) і інш.

Асвета. Першыя школы ў М. ствараліся пры цэрквах і манастырах. У 16—17 ст. пэўную ролю ў развіцці асветы адыгралі брацкія школы. У 1592 адкрыта школа пры саборнай царкве, дзе выкладаліся бел. і грэч. мовы. З 1613 дзейнічала школа пры Петрапаўлаўскім брацкім манастыры, у якой манахі выкладалі бел., грэч., лац. мовы, матэматыку, астраномію, музыку і інш. У 17 ст. пачатковая і сярэдняя адукацыя канцэнтравалася ў розных каталіцкіх ордэнах. З 1617 пры Кузьмадзям’янаўскім уніяцкім манастыры існавала школа, у якой вывучаліся бел., грэч., лац., царк.-слав., польск. мовы і інш. У 1727 засн. школа пры кляштары дамініканцаў, у 1771 — пры кляштары марыявітак, дзе выкладалі агульнапрынятыя на той час прадметы, а таксама арыфметыку і дамаводства. У 1714—1773 у М. існаваў езуіцкі калегіум — прывілеяваная школа для дзяцей шляхты, дзе выкладаліся мовы, рыторыка, паэзія, тэалогія, этыка, логіка, матэматыка, фізіка і інш. У 1773 у сувязі з ліквідацыяй ордэна езуітаў і рэформай асветы ў Рэчы Паспалітай школы перададзены Адукацыйнай камісіі. У 1803 замест Мінскай губ. школы створана Мінская мужчынская гімназія. Да сярэдзіны 19 ст. ў М. працавалі: 4-класнае гар. вучылішча (з 1819), 2-класная прыходская школа, правасл. (гл. Мінская вышэйшая духоўная семінарыя) і каталіцкая духоўныя семінарыі, духоўнае мужчынскае вучылішча (з 1834). У 1867 адкрыта духоўнае жаночае вучылішча, у 1868 — прыватны жаночы пансіён. У 1880 засн. Мінскае рэальнае вучылішча, у 1896 — вучылішча рамесных вучняў. У 1897 у 32 пач. і сярэдніх навуч. установах М. 4,1 тыс. навучэнцаў. У 1899 створаны Мінская жаночая гімназія і Мінская жаночая марыінская гімназія. З 1904 адкрыта яшчэ 8 прыватных гімназій. У 1901 засн. Мінскае мужчынскае камерцыйнае вучылішча. З 1907 працавалі Мінскае музычнае вучылішча, Мінская зубаўрачэбная школа, з 1908 — Мінская фельчарска-акушэрская школа. У 1834—1918 дзейнічалі 22 вучылішчы, у т. л. 2 прыватныя і вучылішча для сляпых. У 1913/14 навуч. г. ў 62 навуч. установах М., у т. л. гімназіях, вучылася каля 12,5 тыс. чалавек. У 1914 пачаў працаваць Мінскі настаўніцкі інстытут (гл. Мінскі беларускі педагагічны інстытут, Мінскі інстытут народнай адукацыі). Для згуртавання нацыянальна-свядомых настаўнікаў і дзеячаў нар. адукацыі, якія лічылі неабходным стварэнне беларускамоўных школ, вядзенне выкладання на бел. мове ў ВНУ у 1917 створаны Беларускі вучыцельскі хаўрус, у 1919 — Беларуская школьная рада Меншчыны і Цэнтральная беларуская школьная рада. У 1919—20 працавала Мінская беларуская гімназія. У 1921 засн. Беларускі дзяржаўны універсітэт — найбуйнейшая ВНУ Беларусі, адкрыты буд. тэхнікум (гл. Мінскі архітэктурна-будаўнічы тэхнікум), бел. педтэхнікум (гл. Беларускія педагагічныя тэхнікумы). У 1922 засн. Інстытут беларускай культуры — першая на Беларусі вышэйшая шматгаліновая н.-д. ўстанова, якая ў 1929 ператворана ў Акадэмію навук Беларусі (з 1997 Нац. акадэмія навук Беларусі; пра інш. н.-д. ўстановы М. гл. ў арт. Беларусь, а таксама асобныя арт.). У 1924 адкрыты муз. тэхнікум (гл. Мінскае музычнае вучылішча імя М.І.Глінкі), у 1928 — Мінскі політэхнічны тэхнікум, у 1930 — Мінскі электратэхнікум сувязі (гл. Вышэйшы каледж сувязі). На базе ф-таў БДУ створаны ў 1930 Мінскі медыцынскі інстытут, у 1931 — Бел. дзярж. вышэйшы пед. ін-т (з 1935 Мінскі пед. ін-т, з 1993 Беларускі педагагічны універсітэт), Мінскі ін-т сав. будаўніцтва і права (у 1932—54 Мінскі юрыдычны інстытут). У 1931 адкрыты таксама фін.-эканам. тэхнікум (гл. Мінскі фінансава-эканамічны каледж), у 1932 створана Бел. дзярж. кансерваторыя (гл. Беларуская акадэмія музыкі), у 1933 — Бел. політэхнічны ін-т (гл. Беларуская політэхнічная акадэмія), на базе эканам. аддзялення БДУБел. ін-т нар. гаспадаркі (гл. Беларускі эканамічны універсітэт). У 1940 у М. працавала 49 агульнаадук. школ (33 тыс. вучняў), 17 сярэдніх спец. (5 тыс. студэнтаў), 10 вышэйшых (9,8 тыс. студэнтаў) навуч. устаноў, 80 дзіцячых дашкольных устаноў. Дзейнічалі 81 б-ка, 78 клубаў і дамоў культуры, 4 музеі. У гады Вял. Айч. вайны амаль усе навуч. і культ.-асв. ўстановы разрабаваны і разбураны. У 1944—45 аднавілі работу БДУ, пед., політэхн., мед., юрыд., нар. гаспадаркі, фіз. культуры ін-ты, кансерваторыя, 25 школ. У 1944 адкрыты Бел. тэхнікум буд. матэрыялаў (гл. Мінскі індустрыяльны тэхнікум будаўнічых матэрыялаў). У 1945 з Гомеля пераведзены лесатэхн. ін-т (гл. Беларускі тэхналагічны універсітэт), засн. Бел. тэатр. ін-т (з 1953 тэатр.-мастацкі; гл. Беларуская акадэмія мастацтваў), Мінскі аўтамеханічны тэхнікум, тэхнікум лёгкай прам-сці (гл. Мінскі тэхнікум-прадпрыемства лёгкай прамысловасці). У 1947 засн. Мінскае мастацкае вучылішча, індустр.-пед. тэхнікум (гл. Мінскі індустрыяльна-педагагічны каледж), у 1948 — Мінскі пед. ін-т замежных моў (гл. Мінскі лінгвістычны універсітэт). У 1950/51 навуч. г. ў агульнаадук. школах — 39 тыс. вучняў, у сярэдніх спец. навуч. ўстановах — 7,6 тыс. навучэнцаў, у ВНУ — 14 тыс. студэнтаў. Працавалі 5 музеяў, 31 клуб. У 1953 адкрыты тэхнал. тэхнікум (гл. Мінскі тэхналагічны каледж) і Мінскае сувораўскае ваеннае вучылішча, у 1954 — Бел. ін-т механізацыі сельскай гаспадаркі (гл. Беларускі аграрны тэхнічны універсітэт) і машынабуд. тэхнікум (гл. Мінскі машынабудаўнічы каледж), у 1957 — тэхнікум сав. гандлю (гл. Мінскі каледж гандлю) і каап. тэхнікум (гл. Мінскі навучальна-вытворчы комплекс «ПТВ-тэхнікум»), у 1960 — радыётэхн. тэхнікум (гл. Мінскі вышэйшы радыётэхнічны каледж), у 1964 на базе радыётэхн. ф-та Бел. політэхн. ін-та — радыётэхн. ін-т (гл. Беларускі універсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі). У 1970/71 навуч. г. ў М. ў 161 агульнаадук. школе 156,6 тыс. вучняў, у 22 сярэдніх спец. навуч. установах 30,6 тыс. навучэнцаў, у 13 ВНУ 81,6 тыс. студэнтаў. У НДІ і ВНУ працавалі больш за 200 д-роў і каля 2,4 тыс. канд. навук. Дзейнічала 185 б-к, 8 музеяў. У 1971 адкрыты Мінскі энергетычны тэхнікум, у 1974 — авіяцыйна-тэхн. вучылішча грамадз. авіяцыі (гл. Мінскі вышэйшы лётна-тэхнічны каледж), у 1975 — культ.асв. вучылішча (гл. Мінскае вучылішча мастацтваў). У 1975 на базе ф-та бібліятэказнаўства і бібліяграфіі Мінскага пед. ін-та і ф-та культ.-асв. работы Бел. тэатр.-маст. ін-та засн. Мінскі ін-т культуры (гл. Беларускі універсітэт культуры). У 1976 засн. Вышэйшая школа міліцыі (гл. Акадэмія міліцыі). У 1982—83 створаны пед. вучылішчы № 1 і № 2 (гл. Мінскі педагагічны каледж імя М.Танка і Мінскі педагагічны каледж), у 1989 — Мінскае духоўнае вучылішча (гл. таксама Духоўныя навучальныя ўстановы). З 1989 дзейнічае Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны, з 1990 — Беларускі гуманітарны адукацыйна-культурны цэнтр, з 1991 — Нацыянальны навукова-асветны цэнтр імя Ф.Скарыны, Акадэмія кіравання (з 1995 пры Прэзідэнце Беларусі), у 1992 засн. Міжнародны экалагічны універсітэт імя А.Дз.Сахарава, Вышэйшае пажарна-тэхнічнае вучылішча. На базе Мінскага вышэйшага ваеннага інжынернага вучылішча і Мінскага вышэйшага ваеннага каманднага вучылішча ў 1995 створана Ваенная акадэмія Рэспублікі Беларусь. У 1999/2000 навуч. г. ў М. 489 дашкольных устаноў (каля 80 тыс. дзяцей), у т. л. 12 санаторных, 10 спецыялізаваных, 13 кампенсуючага і камбінаванага прызначэння, 6 для дзяцей з парушэннем маўлення, 6 з парушэннем інтэлекту, 2 з парушэннем апорна-рухальнага апарату; 235 агульнаадук. школ (больш за 260 тыс. вучняў), у т. л. 197 сярэдніх (каля 240 тыс. вучняў), 13 гімназій (каля 15 тыс. навучэнцаў), 5 ліцэяў (больш за 4 тыс.), 1 каледж (больш за 1 тыс.), 10 школ для дзяцей з недахопамі развіцця (2,6 тыс. вучняў); 35 навуч. устаноў прафес.-тэхн. адукацыі (каля 22 тыс. навучэнцаў), у т. л. 2 цэнтры. Дзейнічае 21 дзярж. сярэдняя спец. навуч. ўстанова (больш за 26 тыс. студэнтаў), у т. л. 2 мед. вучылішчы; 2 недзярж. ўстановы — тэхнікум прадпрымальніцтва (з 1993) і тэхнікум бізнесу і права (з 1995). У М. 18 дзярж. ВНУ і 12 недзярж., у т. л. Гуманітарна-эканамічны недзярж. ін-т (з 1994), Еўрапейскі гуманітарны універсітэт, Інстытут сучасных ведаў, Беларускі інстытут правазнаўства, Міжнар. ін-т працоўных і сац. адносін (з 1992) і інш. У М. ў сістэме Мін-ва культуры 40 б-к, у т. л. 1 абласная і 16 дзіцячых, акрамя таго, існуюць б-кі навуч. устаноў, прафсаюзныя, спец. і ведамасныя. Буйнейшыя б-кі: Бібліятэка нацыянальная Беларусі, Мінская абласная бібліятэка імя А.С.Пушкіна, Бібліятэка цэнтральная навуковая імя Я.Коласа, Бібліятэка фундаментальная БДУ, Бібліятэка прэзідэнцкая Рэспублікі Беларусь, Бібліятэка беларуская сельскагаспадарчая імя І.С.Лупіновіча і інш. Дзейнічаюць 11 музеяў, у т. л. Нацыянальны мастацкі музей Беларусі (мае 3 філіялы ў М.), Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, Нацыянальны музей гісторыі і культуры Беларусі, Купалы Янкі літаратурны музей, Коласа Якуба літаратурна-мемарыяльны музей, Багдановіча М. літаратурны музей, Броўкі Петруся літаратурны музей, Музей гісторыі беларускай літаратуры, Музей прыроды і экалогіі Рэспублікі Беларусь, Музей гісторыі тэатр. і муз. культуры Беларусі і інш.

Ахова здароўя. Першы шпіталь у М. для бяздомных і бедных адкрыты ў 1513. З 1911 дзейнічае хуткая мед. дапамога. У 1913 былі 23 бальнічныя ўстановы на 835 ложкаў, 109 урачоў. У 1921 у М. адкрыты процітуберкулёзны, у 1923 — скурна-венералагічны дыспансеры. У 1928 створаны Пульманалогіі і фтызіятрыі НДІ, у 1930 — Траўматалогіі і артапедыі НДІ, на базе ф-та БДУ адкрыты Мінскі медыцынскі інстытут. З 1977 працуе Кардыялогіі Беларускі НДІ, пасля катастрофы 1986 на Чарнобыльскай АЭС з 1988 — Радыяцыйнай медыцыны НДІ. У М. (1998): 34 стацыянарныя бальнічныя ўстановы на 20,8 тыс. ложкаў, урачоў розных спецыяльнасцей 11,6 тыс., сярэдняга медперсаналу 20,4 тыс.; 115 амбулаторна-паліклінічных устаноў, у т. л. 12 дыспансераў, 90 аптэк, 54 аптэчныя пункты. Сярэдняя працягласць жыцця мужчын — 64,5, жанчын — 75,7 гадоў (1998). Узровень нараджальнасці — 7,9 на 1 тыс. нас., смяротнасць — 9 на 1 тыс. насельніцтва, натуральны прырост адмоўны (-1,1). У М. працуюць: Анкалогіі і медыцынскай радыялогіі НДІ, Аховы мацярынства і дзяцінства Беларускі НДІ, Гематалогіі і пералівання крыві навукова-даследчы інстытут, Неўралогіі, нейрахірургіі і фізіятэрапіі Беларускі НДІ, Санітарна-гігіенічны НДІ, Спадчынных і прыроджаных захворванняў НДІ, Эпідэміялогіі і мікрабіялогіі Беларускі НДІ, Удасканалення ўрачоў Беларускі інстытут, цэнтр мед. тэхналогій; 2 мед. вучылішчы, 1 мед. вучылішча павышэння кваліфікацыі. Па пытаннях аховы здароўя выдаюцца часопісы «Здравоохранение», «Медицинские новости», «Медицина» і інш., штотыднёвая газ. «Медицинский вестник».

Экалогія. Своеасаблівасць экалагічных умоў, у якіх знаходзіцца М., вызначаецца спалучэннем прыродных і антрапагенных фактараў. Да фіз.-геагр. фактараў належаць: раўніннае размяшчэнне горада (перапад вышынь ад 280,4 м на ПнЗ да 181,1 м на ПдУ, павышэнні маюць лакальны характар); умерана кантынентальны клімат; невял. плошча прыродных вадаёмаў; глебы пераважна дзярнова-падзолістыя; элементы расліннасці і жывёльнага свету, характэрныя для зоны мяшаных лясоў; перавага паўн.-зах. вятроў і інш. Антрапагенныя фактары: значная канцэнтрацыя насельніцтва, прам-сці, транспарту. Становішча М. як сталіцы вызначыла сканцэнтраванне ў ім адм., культ., навук., аздараўленчых, спарт. устаноў і цэнтраў, арх. і інш. помнікаў, мемар. комплексаў з адпаведнымі сферамі абслугоўвання, перакрыжаванне трансп. магістраляў і інш. У выніку хуткага дэмаграфічнага росту насельніцтва ў 2-й пал. 20 ст. (з 50 тыс. у 1944 да 1,7 млн. у канцы 1990-х г.) і павелічэння прамысл. прадпрыемстваў, забудова горада праводзіцца пераважна з улікам сучаснай тэндэнцыі планіроўкі, хоць ёсць і няўдалыя выпадкі ў выбары прамысл. аб’ектаў і іх памераў, размяшчэнні спальных раёнаў у адносна забруджаных зонах (напр., Чыжоўка, Шабаны). Да неспрыяльных экалагічных умоў адносяцца выкіды шкодных рэчываў прамысл. прадпрыемстваў у атмасферу (каля 40,5 тыс. т у год, каля 24 кг на аднаго жыхара, 1998). 52% выкідаў улоўліваецца, 25% утылізуецца. Асн. крыніца забруджвання паветра (да 75%; каля 160 тыс. т) — выхлапныя газы аўтамабіляў. Выкіды шкодных рэчываў у вадаёмы складаюць каля 40 тыс. т у год. Да фіз. фактараў забруджвання далучаюцца таксама шумы, вібрацыя, інфрагукавое і эл.-магн. выпрамяненне і інш. Сан.ахоўныя зоны складаюць 16% тэр. горада. Водакарыстанне М. — каля 350 млн. м³ у год (1997), у т. л. з падземных крыніц больш за 200 млн. м³; прамысл. патрэбы складаюць каля 55 млн. м³, гасп.-пітныя — каля 230 млн. м³ (каля 136 м³ вады ў год на аднаго жыхара). Сцёкавыя воды ў аб’ёме каля 280 млн. м³ у год скідваюцца ў паверхневыя вадаёмы і падземныя гарызонты. Спрыяльным для М. з’яўляецца водна-зялёны ландшафт у пойме р. Свіслач і яе прытокаў, што перасякаюць горад з ПнЗ на ПдУ. На працягу амаль 20 км ён мае шэраг вадаёмаў (вадасх. Чыжоўскае, Дразды, Камсамольскае воз., заказнік «Лебядзіны» і інш.) і паркаў (Перамогі, імя Я.Купалы, імя М.Горкага і інш.), зялёныя зоны, сектары прыватнай забудовы. У М. 6 агульнагар. і 11 раённых паркаў, каля 175 сквераў, 30 бульвараў, каля 90 зялёных масіваў; агульная плошча зялёных масіваў і насаджэнняў — 5,7 тыс. га (1998). Плошча зялёных насаджэнняў на аднаго жыхара складае ад 6—7 м² (Фрунзенскі і Маскоўскі р-ны) да 41 м² (Цэнтральны р-н), у сярэднім па горадзе — каля 13 м². Захаваліся ўчасткі б. прыродных лясных масіваў (паркі імя Чэлюскінцаў, 50-годдзя Кастрычніка, раёны Уручча, Дразды, Сляпянка), дзе ў дрэвавым складзе пераважае хвоя. Растуць таксама бяроза, вольха, вярба, елка. У штучных насаджэннях выкарыстоўваюцца каштан, клён, ліпа, таполя, бяроза, елка і інш. У наваколлях М. адзначана 58 відаў жывёл, у т. л. бабры, выдры, казулі, ласі і больш за 100 відаў птушак, у т. л. занесеныя ў Чырв. кнігу вераб’іны і дамавы сычыкі, гагара чорнаваллёвая, крахаль вялікі, лебедзь-шыпун і інш. Работы па азеляненні М. і ваколіц вядуць зелянгас, лясгас, Цэнтр. бат. сад і інш. ўстановы і арганізацыі. Існуе заапарк. Стан навакольнага асяроддзя кантралюецца сан. і экалагічнымі службамі, экалагічнай міліцыяй.

Друк, радыё, тэлебачанне. Першыя друкаваныя кнігі ў М. пачалі выдаваць у канцы 16 ст. Мяркуюць, што ў 1596 у гар. друкарні на бел. мове выйшаў палемічны трактат М.Сматрыцкага, накіраваны супраць твора «Унія...» епіскапа І.Пацея. З 1616 працавала друкарня пры Святадухаўскім мужчынскім манастыры, з 1790 — друкарня уніяцкага ордэна базыльян. У 1797 пачала працаваць Мінская губернская друкарня (існавала да 1917, выйшла больш за 170 выданняў). У ёй друкаваліся афіц. матэрыялы, паведамленні, даведачная л-ра, у т. л. «Памятная кніжка Мінскай губерні» (1860—1916), «Агляд Мінскай губерні за ... год» (1882—1914), працы па гісторыі, археалогіі, архітэктуры, этнаграфіі, асвеце, маст. творы, а таксама першая афіц. газета «Минские губернские ведомости» (з 1838). У вайну 1812 у акупіраваным М. выходзіла першае перыяд. выданне на польск. мове «Tymczasowa gazeta Mińska» («Мінская часовая газета»), У 1826 засн. першая прыватная друкарня І.Дворжаца, у якой друкаваліся творы на бел., рус. і польск. мовах. У 1840-я г. ў М. было некалькі прыватных друкарняў і літаграфій; выходзілі выданні пераважна на рус. мове. У 1863 выдаваўся першы мінскі ілюстраваны час. «Фотографические иллюстрации». У 1869 пачало выходзіць афіц. царк. выданне «Минские епархиальные ведомости» (у 1989 адноўлена). З’явілася першая прыватная газ. «Минский листок» (з 1886, у 1902 ператворана ў газ. «Северо-Западный край», з 1888 мела навук.-папулярны і літ.-публіцыстычны дадатак «Северо-западный календарь»); пачалі выходзіць штодзённыя грамадска-паліт. і літ. газеты розных паліт. кірункаў і арыентацыі, у т. л. «Окраина», «Голос провинции», «Минские ведомости», «Минские ежедневные ведомости», «Минская речь», «Минский курьер», «Минская газета», «Минское эхо», «Минский голос», «Минское слово», «Минчанин». Народніцкая арг-цыя «Чорны перадзел» мела ў М. ўласную друкарню, дзе выходзілі нелегальны час. «Черный передел», газ. «Зерно», лістоўкі. У 1910 у М. было 15 друкарняў і літаграфічных прадпрыемстваў. У 1906 у М. выдавалася 11 газет, у 1914—15—24 газеты і часопісы, сярод якіх першыя часопісы на бел. мове — с.-г. «Саха» (з 1913 у М.) і часопіс для моладзі «Лучынка», навук.-мед. і практычны час. «Минские врачебные известия». навук. «Болотоведение» (да 1915 у М.). Актывізацыі выпуску выдавецкай прадукцыі садзейнічалі кніжнае т-ва «Мінчук», выд-ва «Саха». Напярэдадні Кастр. рэвалюцыі 1917 і пасля яе выходзіла легальная масавая газета «Звязда» (спачатку на рус. мове, пад назвамі «Молот», «Буревестник»), «Известия Минского Совета рабочих и солдатских депутатов», «Бедняк» (з 1919 у М.), «Минский пролетарий», «Советская правда», «Чырвоная змена», «Молодежь Белоруссии», «Сельская_ газета», «Савецкая Беларусь» (з ліп. 1920 у М.), часопісы: палітыка-эканам. «Экономическая жизнь» (з 1919 у М.) і «Сацыялістычнае будаўніцтва» (у 1926—29 на рус., з 1931 на бел. мове), навук.-пед. і даведачна-афіц. «Школа и культура Советской Белоруссии» (у 1919 і 1921), літ.-маст. і грамадска-паліт. «Маладняк», «Полымя», «Узвышша», навук.-метадычны «Народная асвета», грамадска-паліт. і літ.-маст. для жанчын «Работніца і сялянка» (з 1924; з 1995 наз. «Алеся»), навук.-папулярны краязнаўчы «Наш край» (з 1930 наз. «Савецкая краіна») і інш. У пач. 1930-х г. створаны шматлікія выд-вы і выдавецкая справа ў М. набыла больш масавы, шматгранны характар. Выходзяць газеты і часопісы на бел. і рус. мовах «Советская Белоруссия» (да 1937 наз. «Рабочий»), «Піянер Беларусі» (з 1929; з 1994 наз. «Раніца»), «Літаратура і мастацтва» (з 1932), час. «Бярозка» (з 1924), «Беларусь» (з 1930). У Вял. Айч. вайну ў М. падпольна выдаваліся газ. «Звязда», «Патриот Родины», перыяд. лісток «Вестник Родины». У пасляваенны перыяд пытанні грамадска-паліт., эканам., культ., спарт. жыцця М. і рэспублікі асвятляюць рэсп., абл., гар., раённыя, на прадпрыемствах — шматтыражныя газеты, часопісы, а таксама бюлетэні «На экранах Беларусі» (з 1957, з 1996 час. «На экранах», на бел. і рус. мовах), «Тэатральны Мінск» (з 1961), «Научно-техническая информация по сельскому хозяйству» (з 1967), «Служба быту Беларусі» (з 1969), «Помнікі гісторыі і культуры Беларусі» (з 1970, з 1990 час. «Спадчына»), «Рабочая смена» (з 1972), «Родная прырода» (з 1972, з 1977 аднайм. часопіс) і інш.; серыйныя выданні «Веснік Бел. дзярж. ун-та» (з 1969), «Весці Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі» (з 1940). У М. працуюць (2000): 11 дзярж. выдавецтваў, выдаюцца 292 часопісы, 737 газет на бел. і рус. мовах, у т. л. дзярж. і недзяржаўныя. Выходзяць: «Звязда», «Советская Белоруссия», «Мінская праўда», «Вечерний Минск», «Народная газета», «Народная воля», «Рэспубліка», «Белорусская нива», «Белорусская деловая газета», «Музыкальная газета», часопісы «Беларусь», «Вясёлка», «Беларускі гістарычны часопіс», «Крыніца», «Полымя», «Маладосць», «Нёман», «Культура», «Беларуская думка» і інш. Радыёвяшчанне з 1925 (1-я і 2-я праграмы ў мона- і стэрэаварыянце, радыёстанцыя «Сталіца»). Працуюць таксама незалежныя камерцыйныя станцыі «Радыё 101,2», «Радыё Бі Эй», «Радыё Рокс». Тэлебачанне з 1956, каляровае з 1974. Дзейнічае Рэсп. студыя тэлебачання. З 1991 развіваюцца недзярж. эфірныя і кабельныя сеткі тэлебачання. У 1995 створана Тэлевізійная вяшчальная сетка (ТВС), якая аб’ядноўвае 12 недзярж. тэлестанцый. Трансліруюцца перадачы і праграмы розных тэматычных кірункаў: інфарм., грамадскія, сац.-эканам.,- для моладзі, дзіцячыя, навук.-папулярныя, навуч., літ.-драм., муз., забаўляльныя, а таксама спектаклі, пастаноўкі бел. драматургаў і пісьменнікаў, канцэртныя праграмы, асветныя па праблемах гісторыі, культуры, экалогіі і інш. Акрамя праграм бел. тэлебачання трансліруюцца праграмы Грамадскага Расійскага тэлебачання, Расійскага тэлебачання, Незалежнага тэлебачання, канал «Культура», існуе таксама камерцыйнае тэлебачанне.

Літаратурнае жыццё. Першы вядомы ў М. літ. гурток існаваў пры ваяводскай школе (гімназіі) у 2-й пал. 18 ст. Выкладчык паэтыкі і рыторыкі ў школах М., прадстаўнік класіцызму і сентыменталізму ў шматмоўнай л-ры Беларусі 18 ст. М.Дудзінскі выдаў у 1782 у Вільні зборнік гэтага гуртка пад назвай «Паэтычныя забаўкі моладзі ў мінскіх школах» і сваю апісальна-дыдактычную паэму пра сядзібу мінскага кашталяна А.Хмары «Палац у Сёмкаве». З 1790 у горадзе працавала базыльянская друкарня, дзе былі надрукаваны перс. аповесць К.Фларыяна «Батмендзі» ў перакладзе на польск. мову мінчаніна І.Быкоўскага, яго філас.-эстэт. трактат «Праблема, прапанаваная для вырашэння...» (1790) і сатыр. камедыя В.Капніста «Паклёп» (1808) у перакладзе М.Тамашэўскага. У прыватных дамах збіраліся аматары л-ры, мастацтва, мясц. аўтары. У 1812—20 выпускнікі Мінскай гімназіі, што вучыліся ў Віленскім ун-це, арганізавалі навук.-літ. гурток, у якім удзельнічалі А.Міцкевіч і Т.Зан. У 1812 у М. напісана на польск. мове, выдадзена і пастаўлена аматарамі аднаактовая вершаваная камедыя Я.Ходзькі «Вызваленая Літва, або Пераход Нёмана». У 1830-я г. ў кватэры мастака і паэта Ч.Манюшкі (бацькі кампазітара С.Манюшкі) наладжваліся літ.-маст. вечары, на якія прыходзілі музыкант П.Карафа-Корбут, мастакі В.Ваньковіч (у М. ў 1832—39) і Я.Дамель (у М. з 1822). Падобныя вечары адбываліся ў доме Ваньковіча, у польск. артыста і паэта А.Макрэцкага. У 1845 у М. заснавана губ. б-ка.

Ажыўленне літ. жыцця горада ў 1840—50-я г. звязана з імем бел. драматурга, паэта і артыста В.І.Дуніна-Марцінкевіча. У яго доме збіралася мясц. інтэлігенцыя: аўтар зб. вершаў «Нашы песні» доктар А.Пянкевіч, мастак і пісьменнік А.Шэмеш, белетрыст Ю.Гарайн, выкладчык гімназіі, бібліёграф і паэт І.Легатовіч, кампазітар і музыкант К.Кжыжаноўскі, рэдактар «Минских губернских ведомостей» П.Малышэвіч, кнігар А.Валіцкі, калекцыянер карцін, старых кніг і рукапісаў Ю.Кабылінскі, крытык і гісторык польскай л-ры А.Тышынскі і інш. З Вільні і Варшавы ў М. прыязджалі С.Манюшка, У.Сыракомля, А.Плуг, В.Каратынскі, з Лагойска — К.Тышкевіч, з Ігуменшчыны — А.Ельскі. У М. надрукаваны зб-кі паэт. твораў Дуніна-Марцінкевіча «Гапон» і «Вечарніцы» (абодва 1855), «Цікавішся? — Прачытай!» (1856), «Дудар беларускі, або Усяго патроху» (1857). Зімой 1854 і летам 1855 сюды прыязджаў Сыракомля збіраць матэрыялы для гісторыка-краязнаўчага нарыса «Мінск» (1857); 2.6.1855 ён быў на вечары, наладжаным у яго гонар у доме Дуніна-Марцінкевіча, і прысвяціў яму верш «Тост у доме В.Марцінкевіча»; у 1859 тут надрукавана яго паэма «Стэла Фарнарына». У жалобных маніфестацыях у М. (вер. 1862) з выпадку смерці Сыракомлі удзельнічала дэмакр. інтэлігенцыя і больш за 600 гімназістаў. У 1856 дом Дуніна-Марцінкевіча наведаў А.Плут, дзе напісаў верш «Да В.Марцінкевіча, аўтара твораў на беларускай гаворцы», які ўвайшоў у зб. «Голас з Літвы», выдадзены ў М. ў 1859. З 1859 у мінскай прэсе выступаў паэт-рэвалюцыянер І.Гольц-Мілер. Як тэатр. рэцэнзент у М. друкаваўся і яго бацька І.Гольц-Мілер. У 1860 выдаў зб. вершаў «Кветкі мараў» мінчанін Л.Вечар (Л.Шчарбовіч). Напярэдадні паўстання 1863—64 у М. царскія ўлады затрымалі бел. ананімны вершаваны твор «Гутарка старога дзеда». З 1864 у Рас. імперыі забаронена друкаванне бел. кніг. Літ. жыццё горада ажывілася ў 1880-я г. з ростам рэв. руху нарадавольцаў, развіццём правінцыяльнай прэсы. Пэўную ролю адыгралі календары, выдадзеныя пад рэд. М.Доўнар-Запольскага і А.Слупскага.

З М. цесна звязана жыццё і літ. творчасць Я.Лучыны, дзе ён нарадзіўся, вучыўся і працаваў. Ён выдаў брашуру «З крывавых дзён. Эпізод паўстання 1863 на Міншчыне» (1889, Кракаў). У мінскім «Паўночна-Заходнім календары» на 1892 і 1893 апубл. яго вершы на бел. мове, вольныя наследаванні і пераклады з Сыракомлі. Пад уражаннем ад выступлення у М. ў 1887 укр. трупы Я.Лучына напісаў вершы «Усёй трупе дабрадзея Старыцкага беларускае слова» і «Дабрадзею артысту Манько». Літ. жыццё М. прыкметна ажывілася з пачаткам выдання газ. «Минский листок». На яе старонках з артыкуламі па гісторыі, этнаграфіі, фальклоры, мове і культуры Беларусі выступалі Доўнар-Запольскі, А.Слупскі (у 1895 надрукаваў нарыс «Стары Мінск») М.Янчук, Я.Ляцкі, У.Завітневіч і інш.; друкавалі свае творы Я.Лучына, К.Каганец (у т. л. апавяд. «Бывалы Юр у Мінску», 1902), Д.Бохан (у 1901 выдаў кн. «Мінскія паданні і легенды», у 1902 — нарыс «Мінск і мінчане»), Я.Чырыкаў і інш. 16.5.1889 упершыню ў газ. надрукавана ананімная паэма «Тарас на Парнасе». У 1899 шырока адзначалася 100-годдзе А.Пушкіна. Святкаваліся юбілеі Л.Талстога, І.Тургенева, А.Чэхава і інш. рус. пісьменнікаў. Пасля стварэння ў 1898 Мінскага таварыства аматараў прыгожых мастацтваў літ. жыццё сканцэнтравалася ў яго літ. секцыі. У М. жылі літаратары В.Гадлеўскі, Ю.Вяржбіцкі і інш., якія пісалі на польскай мове. Летам 1904 у М. быў Я.Купала (тут ён жыў з бацькамі ў 1890—91). Яго вершы распаўсюджваліся ў рукапісах, іх дэкламавалі ў час спектакляў, у т. л. ў прыгараднай в. Пятроўшчына вясною 1906. У жн. 1906 М. наведаў Я.Колас, прысутнічаў на нелегальным сходзе. Газ. «Северо-Западный край» сістэматычна інфармавала пра літ. жыццё горада, на бел. мове друкавала казкі, легенды, песні. 15.5.1905 газета змясціла першы на бел. мове верш Я.Купалы «Мужык». У газету дасылаў карэспандэнцыі Мікола Камароўскі (М.М.Верасаў), з 1908 — свае творы У.Галубок. У віленскай «Нашай ніве» друкаваў гумарыстычныя і сатыр. творы мінчанін А.Паўловіч. На яго кватэры збіраліся ўдзельнікі бел. нац.-культ. руху. Газ. «Минское эхо» друкавала творы мясц. аўтараў, 9.7.1908 у ёй змешчана першая рэцэнзія на зб. «Жалейка» Я.Купалы (аўтар Ядвігін Ш.). У газ. «Минский курьер» з вершамі і артыкуламі выступаў адзін з яе рэдактараў У.Самойла. 13.4.1908 ён змясціў у «Минском курьере» свой пераклад на рус. мову верша Я.Купалы «Хоць ты, сэрца, лопні, трэсні» (над назваю «Беларусу») — першы пераклад на рус. мову вершаў песняра. 23.8.1908 у газеце апубл. рэцэнзія Самойлы на зб. «Жалейка» Я.Купалы пад назваю «Вялікае свята». У 1906—09 дзейнічала Мінскае літаратурна-артыстычнае таварыства. У 1909 выйшаў альманах «Туманы», у 1910 — «Зямныя сны» пераважна з творамі сімвалісцка-дэкадэнцкага кірунку. У канцы 1913 у М. прыехала Цётка рэдагаваць час. для дзяцей і моладзі «Лучынка». З восені 1915 у М. жыў З.Бядуля. У 1915 выйшлі зб. «Беларускія жарты» (выд-ва «Вясёлка») і альманах «Правінцыяльны месяц». У кастр. 1916 — лют. 1917 у М. жыў М.Багдановіч. На літ. вечарах у «Беларускай хатцы» збіраліся Багдановіч, Ядвігін Ш., З.Верас, Я.Фарботка, Паўловіч, Ф.Шантыр, У.Галубок, У.Фальскі, Ф.Ждановіч, А.Зязюля, В.Лявіцкая і інш. На старонках газ. «Вольная Беларусь», што выходзіла з 28.5.1917, друкаваліся вершы Я.Коласа, Багдановіча, З.Бядулі, Ф.Чарнышэвіча, Ф.Калінкі, Паўловіча, Я.Журбы, А.Гаруна, І.Піліпава, І.Дварчаніна, апавяданні Я.Коласа, З.Верас, З.Бядулі, У.Галубка, К.Каганца, Вясёлкі (В.Лявіцкай), М.Гарэцкага, артыкулы Я.Лёсіка і інш. З 8.8.1917 газ. пачала друкаваць паэму Я.Коласа «Сымон-музыка». У жн. 1917 выйшаў «Літаратурны зборнік «Вольнай Беларусі», у якім змешчаны творы Я.Коласа, Вясёлкі, З.Верас, З.Бядулі, У.Галубка, Я.Шпэта, А.Зязюлі, І.Сербава. У 1917 выдадзена ілюстраваная «Дзіцячая чытанка» (вершы, апавяданні, казкі Я.Коласа, З.Бядулі, Ядвігіна Ш.), «Тарас на Парнасе», зборнік Т.Гушчы (Я.Коласа) «Сцэнічныя творы».

Пасля ўтварэння БССР М. стаў сталіцай рэспублікі і цэнтрам культ. жыцця. У М. знаходзілася Цэнтр. бюро літ. арг-цыі «Маладняк», літ. аб’яднанні «Узвышша», «Полымя», Беларуская асацыяцыя пралетарскіх пісьменнікаў (БелАПП), Мінская філія «Маладняка» і Мінская асацыяцыя пралетарскіх пісьменнікаў. З лют. 1932 выдаецца газ. «Літаратура і мастацтва». У чэрвені 1934 Усебел. з’езд пісьменнікаў у М. аформіў стварэнне Саюза пісьменнікаў Беларусі. У горадзе прайшлі сустрэчы з пісьменнікамі Мардовіі, Украіны (1933), Грузіі (1933, 1935), Зах. вобласці (1934), Арменіі (1935, 1936), польскімі пісьменнікамі (1940). У 1931 у М. адбыўся 1-ы Усесаюзны з’езд польскіх пралетарскіх пісьменнікаў, у 1936 — пленум праўлення Саюза пісьменнікаў СССР, прысвечаны бел. і башк. л-рам, пытанням паэзіі. Рэгулярна праводзіліся сходы і вечары, прысвечаныя літ. дзейнасці бел. пісьменнікаў, класікаў рус. і сусв. л-р. Адбываліся дыскусіі пра вобраз станоўчага героя і вобраз бальшавіка у л-ры (1932), пра фармалізм і натуралізм (1936), пра паэзію (1940), прозу (1941) і інш. У М. адбыліся 2-і (1949), 3-і (1954), 4-ы (1959), 5-ы (1966), 6-ы (1971), 7-ы (1976), 8-ы (1981), 9-ы (1986), 10-ы (1990), 11-ы (1994), 12-ы (1998) з’езды пісьменнікаў Беларусі, нарады дзіцячых пісьменнікаў (1948, 1952), маладых пісьменнікаў (1948, 1953) і крытыкаў (1983), нарада па дзіцячай л-ры (1970), сімпозіум перакладчыкаў бел. л-ры (1973), навук. канферэнцыя «Сучасныя праблемы ваеннай прозы» (1983). Шырока адзначаліся дэкады, тыдні і дні л-ры і мастацтва розных народаў. Важнымі падзеямі ў літ. жыцці горада былі святкаванні 100-годдзя з дня нараджэння Я.Купалы і Я.Коласа (1982), Цёткі (1976), М.Багдановіча (1991), М.Гарэцкага (1993), 500-годдзя Міколы Гусоўскага (1980), Ф.Скарыны (1990) і інш. Творчасць пісьменнікаў-мінчан атрымала ўсеагульнае прызнанне.

Мастацкае жыццё. У 11—15 ст. у М. развіваліся кавальства, ліццё, ювелірнае мастацтва, разьба па дрэве і косці, ганчарства (гл. Мінская кераміка, Мінская кафля), шкларобства. Высокім узроўнем вызначалася апрацоўка скуры і вырабы з яе абутку, адзення, утылітарных рэчаў. У аздабленні шырока выкарыстоўваліся разьба, паліхромная размалёўка, інкрустацыя. У 16—18 ст. больш за 20 цэхаў М. аб’ядноўвалі майстроў 41 прафесіі; у 1591 зацверджаны статут аб’яднання злотнікаў, кавалёў, меднікаў, слесараў, гадзіншчыкаў, мечнікаў. У 16—17 ст. з’явіліся творы жывапісу, звязаныя з мясц. маст. школай («Маці боская Мінская», 1-я пал. 16 ст.; «Нараджэнне Хрыста», 17 ст., і інш.). З 16 ст. мастакі — выхадцы з М. працавалі і ў інш. гарадах (напр., Іеранім у Варшаве). У 17—18 ст. у аздабленні інтэр’ераў і фасадаў грамадз. і культавых будынкаў мінскія мастакі выкарыстоўвалі паліхромную размалёўку, драўляную і стукавую скульптуру, каваныя вырабы (Петрапаўлаўская і Святадухаўская цэрквы, касцёлы дамініканцаў, езуітаў, бернардзінак, пазалочаныя флюгеры на доме Я.Гегера і інш.). Мясц. майстры ўдзельнічалі ў стварэнні манум. алтарных кампазіцый у храмах горада. У 18 ст. ў М. працавалі мастакі А.Анташэўскі, М.Бейтнік, Я.Брэтцар, І.Дарэці, Я.Шэферс і інш., у канцы 18 — пач. 19 ст. — А.Главацкі, Ю.Г.Главацкі, Ю.Пешка (выканаў шэраг партрэтаў жыхароў М. і акварэльных краявідаў горада). У 19 ст. ў М. жылі і працавалі Я.Дамель, В.Ваньковіч, І.Герасімовіч, Ч.Манюшка, С.Цімафееў, А.Шэмеш. У М. і ваколіцах працаваў Ф.Смуглевіч, замалёўкі краявідаў горада рабілі І.Трутнеў, Дз.Струкаў; шэраг пейзажаў у ваколіцах М., у т. л. «Вечар у Мінскай губерні» стварыў А.Гараўскі. Развіваліся тэатр.дэкарацыйнае мастацтва (афармленне тэатр. залы ў будынку ратушы і дэкарацыі да спектакляў, Я.Кураткевіч), мастацтва кнігі (гравюры Э.Адамовіча да выдадзенай ім у М. Бібліі, пач. 1860-х г.). З ростам эканам. значэння горада ў канцы 19 ст. актывізавалася яго маст. жыццё.

У 1898—1906 маст. секцыя Мінскага таварыства аматараў прыгожых мастацтваў арганізоўвала выстаўкі жывапісу, графікі, скульптуры, фатаграфіі. У 1890-я г. ў М. існавалі маст. майстэрні, дзе працавалі Г.Віер, М.Дубчык, М.Кордаш, Л.Красоўскі, П.Курбатаў, М.Лазарчык, А.Максіменка і інш. У 1891 адбылася 1-я маст. выстаўка (экспанаваліся творы А.Бартэльса, Э.Сукоўскага, Я.Тышынскага і інш.). У 1899 тут адбылася выстаўка мастакоў-перасоўнікаў. З М. канца 19 — пач. 20 ст. звязана творчасць Б.Адамовіча, Л.Альпяровіча, С.Богуш-Сестранцэвіча, Г.Вейсенгофа, І.Івашкевіча, К.Каганца, З.Ленскага, П.Мрачкоўскай, Л.Пігулеўскага, Сукоўскага. У 1904 Я.Кругер арганізаваў у М. курсы малявання, рэарганізаваныя ў 1906 у школу-студыю малявання (існавала да 1914). На маст. выстаўках 1902, 1904, 1907, 1908 экспанаваліся творы Альпяровіча, Дамеля, Я.Кругера, Ф.Рушчыца, Трутнева, І.Хруцкага, І.Яроменкі. Буйной для свайго часу была арганізаваная мінскім скульпт. Тышынскім і мастаком Рушчыцам выстаўка 1911, дзе экспанаваліся творы бел., рус., літ., польскіх, укр. мастакоў. Уплывам дэкадэнцтва былі пазначаны творы, экспанаваныя на мінскай выстаўцы 1912. Сярод мастакоў, якія працавалі ў М. ў пач. 20 ст., Ф.Бабеш, В.Калашнікаў, К.Карсалін, Ф.Кулік, А.Савіцкі, М.Сляпян, В.Струеў, І.Умецкі, К.Чэмка, А.Шчокатаў, І. і Ф.Ягоравы і інш. У 1919 у М. адкрыўся Бел. дзярж. музей (дзейнічаў да 1941), дзе экспанаваліся і творы мастацтва; прыняты першыя пастановы аб ахове помнікаў мастацтва, створаны маст.вытв. майстэрні пры аддзеле Наркамасветы Беларусі. У 1920 працавалі маст. студыі. У гады грамадз. вайны і ваен. інтэрвенцыі пашырылася мастацтва плаката і карыкатуры (дзейнасць Мінскага бюро РОСТА).

Гар. маст. выстаўка 1921 засведчыла шырокі спектр развіцця кірункаў у мастацтве — ад рэалізму да абстракцыянізму і супрэматызму (удзельнічалі І.Ахрэмчык, С.Блох, І.Валадзько, І.Гембіцкі, А.Гефтэр, П.Гуткоўскі, К.Елісееў, М.Кавязін, С.Каўроўскі, Кругер, А.Маневіч, І.Мільчын, І.Пляшчынскі, М.Русецкі, Сляпян, М.Станюта, Б.Ульпі, М.Філіповіч, К.Ціханаў і інш.). Вял. ролю ў маст. жыцці М. адыгрывала творчая дзейнасць А.Вало, Я.Васілеўскага, В.Дваракоўскага, Я.Драздовіча, Г.Змудзінскага, А.Марыкса, А.Пузынкевіча, А.Тычыны і інш.

У 1921—25 адбыўся шэраг маст. выставак, найб. значная з іх — персанальная Філіповіча (1922). У 1925 пры Інбелкульце створана маст. секцыя, што займалася вывучэннем і прапагандай мастацтва, апісаннем і вывучэннем маст. збораў Дзярж. музея. Ёю арганізавана 1-я Усебел. маст. выстаўка (1925), якая паклала пачатак сістэматычным рэсп. маст. выстаўкам і садзейнічала стварэнню Усебеларускага аб’яднання мастакоў. У 1926 наладжана выстаўка краязнаўчага малюнка і фатаграфіі, дзе побач з творамі Драздовіча, Кругера, Я.Мініна, Ф.Пархоменкі, Тычыны, Філіповіча дэманстраваліся стараж. партрэты, шкло. У 1927 Усебел. аб’яднанне мастакоў арганізавала 2-ю Усебел. маст. выстаўку, дзе экспанавалася каля 1000 твораў жывапісу, графікі, скульптуры, нар. мастацтва, у т. л. карціны В.Бялыніцкага-Бірулі, В.Волкава, У.Кудрэвіча, Ю.Пэна, Станюты, М.Эндэ і інш. Маст. выстаўкі адбыліся ў 1928 (3-я Усебел.), 1929. У 1929 у М. дзейнічала Т-ва прыхільнікаў выяўл. мастацтва, якое мела на мэце вывучэнне і папулярызацыю мастацтва, дапамогу дзеячам мастацтва.

Пасля пастановы ЦК ВКП(б) «Аб перабудове літаратурна-мастацкіх арганізацый» (1932) адзіным дазволеным кірункам у мастацтве стаў сацрэалізм. Частка мінскіх мастакоў была рэпрэсіравана. Сярод найб. значных маст. выставак 1930-х г. — 4-я і 5-я Усебел. (1931, 1932), юбілейная «Мастакі БССР за 15 гадоў», персанальныя А.Астаповіча, Я.Красоўскага, Кругера (усе 1934), «БССР за 20 год» (1937), «Перамога», да 22-й гадавіны Кастр. рэвалюцыі і 20-годдзя ВЛКСМ, да 20-годдзя вызвалення Беларусі ад белапалякаў (усе 1938). З 1932 у М. выходзіў час. «Мастацтва і рэвалюцыя». У 1933 створаны аргкамітэт Саюза мастакоў Беларусі, у 1938 адбыўся яго 1-ы з’езд. Дзейнічалі Дом мастака і студыі выяўл. мастацтва. У 1939 адкрыта Дзярж. карцінная галерэя БССР, у фондах якой сабраны творы майстроў рус. і замежнага мастацтва, творы сав., у т. л. бел. мастакоў. У пач. 1941 адбылася 1-я бел., рэсп. выстаўка жанчын-мастакоў.

У гады Вял. Айч. вайны ням.-фаш. акупанты знішчылі маст. ўстановы горада, вывезлі каштоўнасці Дзярж. карціннай галерэі. Пасля вызвалення М. ў творчасці мастакоў пераважала ваен. тэматыка. Прайшлі выстаўкі «Барацьба беларускага народа з нямецкай агрэсіяй» (1944), да 2-й і 4-й гадавін вызвалення Беларусі ад ням.-фаш. захопнікаў (1946 і 1948) і інш. У 1944 адкрыта нанава створаная карцінная галерэя (з 1957 Дзярж. маст. музей, з 1993 Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь). У 1947 створана Мінскае маст. вучылішча, у 1953 адкрыты маст. факультэт пры Бел. тэатр. ін-це, які перайменаваны ў Бел. тэатр.-маст. ін-т (з 1991 Беларуская акадэмія мастацтваў). У 1950-я г. адбыліся Усебел. маст. выстаўкі (1951, 1957, 1959), выстаўкі тэатр.-дэкарацыйнага мастацтва (1959), бел. пейзажа (1951), персанальныя А.Гугеля, М.Дучыца, Кудрэвіча, А.Мазалёва, У.Хрусталёва (усе 1954), Б.Звінагродскага (1956), Волкава, А.Шыбнёва (абедзве 1958), Я.Зайцава, А.Волкава (абедзве 1959). У канцы 1950-х г. у бел. выяўл. мастацтва прыйшла першая група выпускнікоў Бел. тэатр.-маст. ін-та (А.Анікейчык, Л.Асецкі, Б.Аракчэеў, Ф.Бараноўскі, В.Грамыка, Л.Гумілеўскі, М.Залозны, В.Пратасеня, І.Рэй, Ю.Тышкевіч, І.Ціханаў, Л.Шчамялёў і інш.), выпускнікі маст. ВНУ Масквы і Ленінграда (М.Данцыг, М.Савіцкі, І.Стасевіч, У.Стальмашонак), што ў значнай ступені спрыяла росквіту маст. жыцця М.

У 1960-я г. сістэматычна наладжваліся рэспубліканскія (1960, 1962, 1963, 1965—69), а таксама юбілейныя, групавыя (мастакоў кіно, 1961; твораў мастакоў час. «Вожык», 1966), перасоўныя, усесаюзныя, замежнага мастацтва, персанальныя выстаўкі А.Глебава, С.Нікалаева (1960), М.Даўгялы, В.Ціхановіча (1961), І.Давідовіча, С.Геруса, М.Тарасікава, В.Цвіркі (усе 1963), М.Гурло, Х.Ліўшыца, П.Масленікава, Гугеля (усе 1965), Н.Воранава, А.Бархаткова, Ф.Зільберта, Тычыны (усе 1967), М.Манасзона, У.Кульваноўскага (абедзве 1968) і інш.

Актывізацыі маст. жыцця М. садзейнічала адкрыццё ў 1973 Палаца мастацтваў (з 1991 рэспубліканская Маст. галерэя). Значнымі з’явамі маст. жыцця горада 1970-х г. сталі рэсп. выстаўкі, да 25-годдзя Перамогі сав. народа ў Вял. Айч. вайне (1970), 90-годдзя з дня нараджэння Я.Купалы і Я.Коласа (1972), 2-я рэсп. выстаўка плаката (1973), рэтраспектыўная выстаўка твораў бел. мастакоў (1974), «30 год Вялікай Перамогі», усесаюзная і 4-я рэсп. выстаўкі акварэлі, «Вобраз жанчыны ў савецкім выяўленчым мастацтве» (усе 1975), «Маладосць краіны», да 100-годдзя з дня нараджэння Цёткі (А.Пашкевіч; абедзве 1976), міжнар. «Сатыра ў барацьбе за мір» (1977), усесаюзныя «Краіна родная», «60 гераічных гадоў», 2-я рэсп. выстаўка кніжнай графікі (усе 1978), «У сям’і адзінай», да 35-годдзя вызвалення Беларусі ад ням.-фаш. захопнікаў, «Няхай заўжды будзе сонца» (усе 1979), персанальныя Р.Кудрэвіч і Марыкса (1970), З.Азгура, К.Касмачова, П.Крахалёва (усе 1971), Станюты, С.Каткова (абедзве 1972), Л.Рана (1973), А.Малішэўскага, Шчамялёва, В.Жолтак, Савіцкага, Г.Ісаевіч (усе 1974), Л.Баразны, П.Дурчына (абедзве 1975), М.Чэпіка, У.Мінейкі, С.Лі, Грамыкі (усе 1976), В.Васільева, А.Бяловай, У.Мудрогіна (усе 1977), Г.Вашчанкі, Геруса (абедзве 1978), Зайцава, У.Гоманава (усе 1979).

У 1980-я г. ў творчасці мінскіх мастакоў пашырылася асветніцкая тэматыка, што засведчылі выстаўкі «Мікола Гусоўскі і яго час» (1980), да 90-годдзя з дня нараджэння М.Багдановіча (1981), «Песняры зямлі беларускай» да 100-годдзя з дня нараджэння Я.Купалы і Я.Коласа (1982), да 175-годдзя з дня нараджэння В.Дуніна-Марцінкевіча (1983), да 150-годдзя з дня нараджэння К.Каліноўскага і 125-й гадавіны паўстання 1863—64. Адбыліся выстаўкі твораў Бялыніцкага-Бірулі да 110-годдзя з дня яго нараджэння, «Другое нараджэнне партрэтаў з Нясвіжа і Гродна» (усе 1982), твораў Гараўскага, да 110-годдзя з дня нараджэння І.Шышкіна (абедзве 1983), рэсп. самадз. мастакоў і майстроў нар. творчасці, «40 гадоў Вялікай Перамогі», выстаўка плаката «Мір — надзея планеты», 3-я рэсп. кніжнай графікі, групавыя выстаўкі акварэлі, твораў маладых мастакоў, прысвечаныя 12-му Сусв. фестывалю моладзі, твораў В.Пярова да 150-годдзя з дня яго нараджэння, Хруцкага да 175-годдзя з дня яго нараджэння, франтавых малюнкаў бел. мастакоў, фатаграфіі (усе 1985), «Не зарасце народная сцежка», прысвечаная памяці А.Пушкіна, «Мастацтва Веткі», твораў З.Серабраковай да 100-годдзя з дня яе нараджэння, «Беларускі савецкі жывапіс і скульптура 1977—87 г.» (усе 1987), твораў Ахрэмчыка да 85-годдзя з дня яго нараджэння, Драздовіча да 100-годдзя з дня яго нараджэння (абедзве 1988), «Пераемнасць» (выстаўка дынастыі бел. майстроў саломапляцення В.Гаўрылюк, Т.Агафоненка, Т.Паўлоўскай, 1989), персанальныя М.Сеўрука і Кудрэвіч (1980), Л.Дударэнкі, Г.Мурамцава, М.Карпука, Л.Мягковай, У.Мурахвера (усе 1981), Г.Бржазоўскага, У.Пасюкевіча, Г.Паплаўскага, Манасзона, Тычыны (усе 1982), Я.Ціхановіча, Цвіркі, Шчамялёва, Стальмашонка (усе 1983), А.Кішчанкі, Масленікава, Л.Паляковай, А.Кроля, І.Дмухайлы (усе 1984), Л.Асядоўскага, А.Бембеля, Гугеля, Гурло, Залознага, У.Лагуна, Мудрогіна (усе 1985), Савіцкага (1987), Азгура, С.Вакара, Зайцава (1988), Астаповіча (1989) і інш. У 1970—80-я г. ў М. адбыліся выстаўкі «Мастацтва Савецкай Літвы» (1974), «Выяўленчае мастацтва Казахстана» (1975), «Латвійскі экслібрыс» (1977), «Творы ўкраінскіх мастакоў» (1980), «Жывапіс Савецкай Малдавіі», «Графіка Савецкай Літвы», «Народнае мастацтва Гуцульшчыны» (усе 1984), «Сучасная народная творчасць Літвы», «Латышскі габелен», «Космас на службе міру» (усе 1985). Арганізоўваліся перасоўныя выстаўкі твораў з музеяў СССР — Траццякоўскай галерэі (1965), Эрмітажа (1966, 1985), Аружэйнай палаты (1978), АМ СССР (выстаўкі твораў М. і С.Рэрыхаў, Б.Кустодзіева, С.Герасімава, Ф.Рашэтнікава, Б.Угарава і інш.), нар. мастакоў Літвы С.Красаўскаса (1987) і Азербайджана Бахлулзадэ С. (1989). Экспанаваліся выстаўкі замежнага мастацтва: сучаснай італьянскай (1957) і фінскай (1970) графікі, сучаснага жывапісу Югаславіі (1973—74), жывапісу з калекцыі А.Хамера (ЗША) і польскага жывапісу з музеяў Варшавы і Кракава (1974), шэдэўраў Дрэздэнскай карціннай галерэі (1975), зах.-еўрап. і амер. жывапісу з музеяў ЗША (1976), польскага партрэта 17—18 ст. (1977), шэдэўраў зах.-еўрап. жывапісу 17—18 ст. са збору Нац. галерэі ў Празе, «К.Кольвіц і нямецкая графіка яе часу» (з музея г. Альтэнбург, Германія), амер. жывапісу 2-й пал. 19—20 ст. (са збору Метраполітэн-музея, ЗША; усе 1979), нар. мастацтва Ніжняй Аўстрыі і ліёнскіх тканін 17—20 ст. (з музеяў Францыі; 1981), балгарскага мастака У.Дзімітрава-Майсторы (1983), твораў маладых мастакоў Чэхаславакіі, сучаснага выяўл. мастацтва Кітая, выстаўка японскага кімано (з г. Сендай; усе 1984), традыц. мастацтва Эфіопіі, графікі, дзіцячага малюнка і нар. рамёстваў Славеніі, сумесная выстаўка твораў мастакоў Беларусі і Зах. Берліна (усе 1985), інд. жывапісу 1900—47 (са збору Нац. галерэі сучаснага мастацтва ў Нью-Дэлі; 1987), «Новыя гарызонты амерыканскага жывапісу 1840—1910 г.» (са збору Нац. галерэі мастацтва ЗША), сучаснага мастацтва Канады (з калекцыі Фаерстоўна, г. Таронта; абедзве 1988), зах.еўрап. прыкладнога мастацтва 11—20 ст. (са збораў Эрмітажа), сучаснага польскага партрэта і аўтапартрэта ў жывапісе (абедзве 1989), «40 год брытанскай скульптуры» (1993). У 1979 створаны Музей старажытнабеларускай культуры Ін-та мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нац. АН Беларусі, Музей беларускага народнага мастацтва ў Раўбічах. З 1983 у М. выдаецца час. «Мастацтва». У фарміраванні эстэт. аблічча горада актыўна ўдзельнічалі мастакі Мінскага мастацка-вытворчага камбіната. Вялікая работа праводзіцца мастакамі па афармленні станцый Мінскага метрапалітэна.

Маст. жыццё М. 1990-х г. узбагацілася разнастайнасцю стылявых кірункаў і канцэпцый, пашырылася галерэйная справа. Разам з трад. выставачнай дзейнасцю развіваюцца новыя формы ўзаемадзеяння мастака з гледачом (пленэр, перформанс, інвайрэнмент і інш.). З 1991 выдаецца газ. «Культура». У 1995 створаны Музей сучаснай беларускай скульптуры, у 1997 — Музей сучаснага выяўленчага мастацтва. Арганізаваліся маст. суполкі «Пагоня», «Няміга-17», «Верасень», «Сонечны квадрат» і інш., грамадская Беларуская акадэмія выяўленчага мастацтва. Сярод найб. значных выставак: тэматычныя «Да 150-годдзя Ф.Багушэвіча», «Ганчарны круг», «45 год Вялікай Перамогі», «Праекты помніка ахвярам рэпрэсій», «Мастацтва старажытных гарадоў Беларусі», «Мастацтва рэнесансу ў Беларусі», да 500-х угодкаў нараджэння Ф.Скарыны (усе 1990), «Пошук і эксперымент», «Беларуская скульптура», «Мастацтва габелена», «Мастацтва барока на Беларусі», да 100-годдзя з дня нараджэння Багдановіча (усе 1991), «Выстаўка графікі», да 110-й гадавіны з дня нараджэння Я.Купалы і Я.Коласа (усе 1992), «Жыве Беларусь» (1991—98), «Гуманізм і вера», «Мастацтва Брэстчыны 16—18 ст.» (абедзве 1993), «Малюнак», «Мясціны старога Мінска», мастакоў тэатра, кіно, тэлебачання, «Дарогамі Вялікай Перамогі», «Слава табе, Беларусь!», «Аршанскай бітве 1514 года прысвячаецца», «Беларуская палітра 20 ст.» (усе 1995), «Чарнобыль, боль, надзея», «Беларуская акварэль», «Спорт у выяўленчым мастацтве», «Асоба і сучаснае асяроддзе», «Беларускі эстамп», «Мастакі Прынямоння» (усе 1996), «Мастакі і горад» (1997), «Панарама мастацтваў», «Малюнак», «Час, прастора, асоба», «Зямля Палесся», «Спорт у нашым жыцці» (усе 1998), «На мяжы тысячагоддзяў», «Беларускі друкаваны плакат», маст. акцыя С.Войчанкі і У.Цэслера «Праект стагоддзя» (усе 1999), персанальныя В.Вярсоцкага, Крахалёва (абедзве 1990), Ю.Карачуна, Паплаўскага, Шчамялёва (усе 1991), С.Давідовіча, А.Марачкіна, Г.Русак (ЗША; усе 1992), І.Белановіча, В.Кубарава, Малішэўскага, В.Целеша (Рыга), Н.Анісімавай (Аўстралія), В.Маркаўца, Цвіркі (усе 1993), К.Камала, А.Ксяндзова, А.Лось, У.Маскоўскіх, А.Мятліцкага, У.Тоўсціка (усе 1994), М.Апіёка, Дударэнкі (абедзве 1995), Аракчэева, Л.Дробава, Дурчына, А.Кузьміча, Э.Куфко, Г.Лойкі, М.Раманюка (усе 1996), Бржазоўскага, Савіцкага, Ціхановіча (усе 1997), Кашкурэвіча, Літвінавай, Вашчанкі (усе 1999), рэтраспектыўныя выстаўкі П.Гаўрыленкі, Тычыны (абедзве 1992), Кудрэвіча (1994), Анікейчыка, Малішэўскага (абедзве 1997) і інш.; выстаўкі твораў дэкар.-прыкладнога мастацтва «Гармонія і асяроддзе» (1986) і інш., Нац. выстаўкі нар. творчасці «Вечназялёнае дрэва рамёстваў» (1996), «Жывыя крыніцы» (1998) і інш.

Музычнае жыццё. Ужо ў 14—15 ст. ў М. існавалі школы царк. спеваў. Пры Петрапаўлаўскім правасл. брацтве (з 1592) былі арганізаваны навучанне спевам па 5-лінейнай нотнай сістэме і хар. выканальніцтва, існавала спец. школа па падрыхтоўцы царк. пеўчых. У канцы 17 ст. хар. спевы і ігра на аргане дасягнулі значнага прафес. ўзроўню. На мяжы 17—18 ст. пры двары мінскага ваяводы К.Завішы створаны аркестр, які выконваў духоўныя творы і бел. нар. песні і танцы. У канцы 18 — пач. 19 ст. ў М. і Мінскай губ. папулярнасцю карыстаўся прыдворны аркестр М.Ракіцкага. З сярэдзіны 19 ст. развівалася аматарскае музіцыраванне, наладжваліся камерныя канцэрты мясц. музыкантаў (скрыпачы П.Бяляўскі, Каржанеўская, В.Нядзведскі), пастаноўкі муз. спектакляў, выступленні ансамбляў бел. нар. інструментаў на плошчах горада ў час свят і кірмашоў. У арганізацыі канцэртнага жыцця і муз. адукацыі вял. роля належала братам Дамініку і Вікенцію Стафановічам (Вікенцій на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў быў дырыжорам Мінскага гар. аркестра, Дамінік праводзіў сімф. канцэрты, кіраваў фп. класамі). З М. звязана дзейнасць М.Ельскага (адзін з арганізатараў Мінскага музычна-літаратурнага таварыства), Ф.Міладоўскага, аўтара аперэты «Канкурэнты» (паст. ў 1861), П.Карафы-Корбута, К.Кжыжаноўскага, К.Марцінкевіч (вучылася ў Мінскім пансіёне Мантэграндзі), піяніста і спевака Ф.Паўлоўскага, скрыпачкі Б.Крыгер. Значны ўклад у муз. культуру М. зрабіў С.Манюшка. У канцы 1850 — пач. 1860-х г. у М. працавалі фартэпіянныя ф-кі І.Бяляўскага, Ю.Качкоўскага і Фотха, ф-ка па вытв-сці клавікордаў, магазін А.Валіцкага па продажы нот і муз. інструментаў. У 1870-я г. бел. муз. фальклор прапагандавалі ў мінскім друку А.Васільева, Р.Ігнацьеў, П.Шэйн. З 1865 музыка гучала ў зале дваранскага сходу, дзе ставіліся і оперы. У 1872 адкрыта Мінскае вучылішча арганістаў. У 1890 пачаў дзейнічаць гар. т-р (мясц. оперную трупу ў 1890—91 узначальваў В.Сук). З 1880 пачалі ўзнікаць аматарскія маст. т-вы, у т. л. муз. т-ва (з 1880), Мінскае таварыства аматараў прыгожых мастацтваў, Мінскае літаратурна-артыстычнае таварыства, Мінскае таварыства сяброў музыкі, муз.-драм. т-ва (з 1893), муз. гурток (1896), прыватныя муз. ўстановы: Мінская музычная школа Шацкінай, Мінская вакальная студыя Муранскай, муз. вучылішча П.Маўшовіч, Мінскае музычнае вучылішча Н.Рубінштэйна, курсы спеваў Ю.Багуслаўскага (з 1907), Мінскія музычныя курсы Г.Львовай і інш. У 19 — пач. 20 ст. ў М. гастраліравалі: спевакі Л.Собінаў, Ф.Шаляпін, М.Фігнер, М.Батыстыні, А.Мазіні, піяністы Г.Есіпава, А.Зілоці, І.Падарэўскі, С.Рахманінаў, А.Скрабін, скрыпачы Л.Аўэр, С.Барцэвіч, А.Вільгельмі, Г.Вяняўскі, І.Гржымалі, Э.Ізаі, А.Концкі, К.Ліпінскі, П.Сарасатэ, М.Эрдэнка; віяланчэлісты К.Давыдаў, А.Вержбіловіч і інш. М. стаў цэнтрам бел. муз. культуры. У першыя паслярэв. гады тут працаваў У.Тэраўскі — арганізатар і кіраўнік Бел. нар. хору і муз. часткі Першага таварыства беларускай драмы і камедыі. У 1919 адкрыта нар. кансерваторыя, праводзіліся вечары камернай музыкі. У 1920-я г. створаны хор Галоўпалітасветы пад кіраўніцтвам В.Яфімава, Бел. капэла на чале з А.Ягоравым, ансамбль цымбалістаў, Беларускі вакальны квартэт, т-ва «Музыка — масам». Цэнтрам муз. культуры М. стаў БДТ, які меў хор, сімф. аркестр і балетную трупу; на яго сцэне праводзіліся сімф. канцэрты, ставіліся муз. спектаклі, у т. л. «На Купалле» М.Чарота, балет «Капелія» Л.Дэліба. У 1924 адкрыты Бел. муз. тэхнікум (з 1937 муз. вучылішча, гл. Мінскае музычнае вучылішча імя М.І.Глінкі), педагогі і студэнты якога займаліся канцэртнай дзейнасцю. У 1927 на аснове аркестраў Бел. муз. тэхнікума і БДТ-1 створаны Дзяржаўны акадэмічны сімфанічны аркестр Рэспублікі Беларусь, у 1930 на базе опернага і балетнага класаў муз. тэхнікума — Беларуская студыя оперы і балета, на аснове ансамбля нар. інструментаў — Дзяржаўны акадэмічны народны аркестр Рэспублікі Беларусь. У памяшканні БДТ-1 опернай студыяй пастаўлены оперы «Залаты пеўнік» М.Рымскага-Корсакава (1931), «Кармэн» Ж.Бізэ (1932). З 1931 працаваў хор пры Бел. радыёкамітэце (гл. Хор акадэмічны Беларускага тэлебачання і радыё). Вял. значэнне для падрыхтоўкі нац. кампазітарскіх і выканальніцкіх кадраў і ўзбагачэння культ. жыцця мела адкрыццё ў 1932 Бел. кансерваторыі (гл. Беларуская акадэмія музыкі). У 1932 пры Саюзе сав. пісьменнікаў БССР створана секцыя кампазітараў (з 1938 Саюз кампазітараў БССР, гл. Саюз кампазітараў Беларусі). У 1936 адкрыты Дзярж. т-р оперы і балета БССР (гл. Нацыянальны акадэмічны тэатр оперы Рэспублікі Беларусь і Нацыянальны акадэмічны тэатр балета Рэспублікі Беларусь). У 1934 адбылася 1-я Усебел. канферэнцыя кампазітараў. Вял. значэнне для развіцця канцэртнага жыцця мела адкрыццё ў М. Беларускай філармоніі (1937), дзе выступалі І.Мусін, К.Сімяонаў, адбыліся аўтарскія канцэрты М.Аладава, В.Залатарова, А.Туранкова, Я.Цікоцкага, М.Чуркіна і інш. Выдатнымі падзеямі ў культ. жыцці горада і рэспублікі былі пастаноўкі ў 1939—40 бел. нац. опер «Міхась Падгорны» Цікоцкага, «У пушчах Палесся» А.Багатырова, «Кветка шчасця» Туранкова, балета «Салавей» М.Крошнера, якія заклалі аснову нац. рэпертуару т-ра оперы і балета, засведчылі рост майстэрства выканаўцаў, пастановачнай культуры т-ра. У Вял. Айч. вайну ў акупіраваным М. працягвалі творчую дзейнасць Туранкоў, М.Шчаглоў, оперы якога «Лясное возера» і «Усяслаў-Чарадзей» на лібрэта Н.Арсенневай пастаўлены ў 1942 і 1943. Пасля вызвалення М. ў 1944 аднавіла дзейнасць большасць муз. арг-цый, калектываў і навуч. устаноў. Вял. значэнне для развіцця бел. балетнага мастацтва мела адкрыццё ў М. ў 1945 Бел. харэаграфічнага вучылішча (гл. Дзяржаўны харэаграфічны каледж Рэспублікі Беларусь). У т-ры оперы і балета пастаўлены оперы «Алеся» Цікоцкага (1944) і «Кастусь Каліноўскі» Дз.Лукаса (1947), балет «Князь-возера» Залатарова (1949). У рабоце 1-га Усесаюзнага з’езда кампазітараў (1948) удзельнічалі бел. кампазітары Аладаў, Багатыроў, Лукас, П.Падкавыраў, Р.Пукст, Цікоцкі, Яфімаў, музыказнавец Б.Смольскі. У 1949 у М. пераведзены Ансамбль песні і танца Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь. У 1950-я г. ў М. выступалі творчыя калектывы з Расіі, Украіны, Латвіі, Туркменіі, Грузіі, Германіі, Польшчы і інш.; адбыліся Дні балг., рум., чэш., венг., кар. музыкі; гастролі салістаў Вял. т-ра І.Казлоўскага, С.Лемешава, В.Давыдавай, Г.Уланавай, М.Плісецкай, а таксама С.Рыхтэра, Дз.Узунава; аўтарскія канцэрты Р.Гліэра, Дз.Шастаковіча, А.Хачатурана, Ц.Хрэннікава і інш. У оперным тэатры пастаўлены новыя муз.-сцэн. творы бел. кампазітараў Пукста, Багатырова, Туранкова, оперы С.Гулак-Арцямоўскага, С.Манюшкі, Ю.Мейтуса, Б.Сметаны. З 1952 у М. працуе Дзяржаўная акадэмічная харавая капэла Рэспублікі Беларусь. Створаны шэраг новых арг-цый і калектываў, у т. л. Ваенны аркестр Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь (1950), Дзяржаўны акадэмічны народны хор Рэспублікі Беларусь (1952), Сімфанічны аркестр Беларускага тэлебачання і радыё (1958), Дзяржаўны ансамбль танца Рэспублікі Беларусь (1959), Дзяржаўны камерны аркестр Рэспублікі Беларусь (1968), вак.-інстр. ансамблі «Песняры», «Верасы», эстр.-харэаграфічны «Чараўніцы», харэаграфічны ансамбль «Харошкі» (1974), Дзяржаўны тэатр музычнай камедыі Рэспублікі Беларусь (1971; з 1999 Дзярж. муз. т-р Рэспублікі Беларусь), «Беларуская капэла», Мінскі абласны камерны хор «Санорус», Дзярж. маладзёжны т-р эстрады Рэспублікі Беларусь (1995). У 1960—90-я г. значны ўклад у развіццё розных жанраў муз. мастацтва зрабілі кампазітары Л.Абеліёвіч, Багатыроў, С.Бельцюкоў, У.Буднік, Г.Вагнер, В.Войцік, Г.Гарэлава, Я.Глебаў, У.Дамарацкі, У.Дарохін, А.Елісеенкаў, А.Залётнеў, Л.Захлеўны, В.Іваноў, У.Кандрусевіч, В.Капыцько, У.Каральчук, С.Картэс, В.Кузняцоў, І.Кузняцоў, У.Кур’ян, А.Літвіноўскі, І.Лучанок, А.Мдывані, У.Мулявін, Я.Паплаўскі, В.Помазаў, У.Прохараў, В.Раінчык, Ф.Пыталеў, Ю.Семяняка, Дз.Смольскі, У.Солтан, Р.Сурус, Э.Ханок, С.Хвашчынскі, К.Цесакоў, Л.Шлег і інш. У т-ры оперы і балета пастаўлены оперы Аладава, Семянякі, Смольскага, Картэса, Вагнера, Глебава, А.Бандарэнкі, Солтана, балеты Глебава, Вагнера, Залётнева, Кандрусевіча, Мдывані, адметныя разнастайнасцю харэаграфічных сродкаў і фарбаў, пошукамі новых сродкаў маст. выразнасці, свежасцю пластычнай мовы, філас. накіраванасцю. Дзярж. т-р муз. камедыі паставіў шэраг новых спектакляў, у т. л. разнастайныя па жанрах творы Семянякі, Суруса, Мдывані, Глебава, Кандрусевіча, Войціка, сучасных рас. кампазітараў, класічныя аперэты, а таксама балетныя пастаноўкі. У 1984 у будынку касцёла св. Роха адкрыта зала камернай музыкі Бел. філармоніі (у першых канцэртах выступалі І.Архіпава, А.Янчанка і інш.). У М. гастраліруюць вядомыя калектывы і асобныя выканаўцы замежных краін.

З 1992 у М. працуе Дзяржаўнае аб’яднанне «Белканцэрт». У горадзе праходзяць фестывалі, у т. л. «Беларуская музычная восень», «Мінская вясна», «Я люблю балет», «Адраджэнне «Беларускай капэлы», конкурсы маладых музыкантаў-выканаўцаў, у т. л. з 1987 Рэсп. конкурс вакалістаў імя Л.Александроўскай, агляды, конкурсы, фестывалі самадз. маст. творчасці. Працуюць шматлікія калектывы маст. самадзейнасці (больш за 90 з іх маюць найменні народных і ўзорных). Актыўна прапагандуюць бел. музыку Дзяржаўны аркестр сімфанічнай і эстраднай музыкі Рэспублікі Беларусь на чале з М.Фінбергам, вак.-інстр. ансамбль «Сябры», мінскі духавы аркестр «Няміга», духавы аркестр «Фанфары Беларусі», фалькл. ансамблі «Ліцвіны», «Неруш», «Свята», «Бяседа», «Крэсіва» і інш. Муз. кадры ў горадзе рыхтуюць Бел. акадэмія музыкі і Рэсп. вучэбны комплекс гімназія-каледж пры ёй, муз. вучылішча імя М.Глінкі, Бел. пед. ун-т, Бел. ун-т культуры, шматлікія муз. і агульнаадук. школы з муз. ухілам, артыстаў балета — Дзярж. харэаграфічны каледж, педагогаў, харэографаў і гісторыкаў балета — кафедра харэаграфіі Бел. акадэміі музыкі (з 1994).

Тэатральнае жыццё. Першыя звесткі пра тэатр. жыццё горада адносяцца да 1692 (паводле інш. звестак, да 1656), калі пры езуіцкім калегіуме існаваў Мінскі школьны тэатр. На людных месцах у М. наладжвалі паказы батлейкі. З 1770-х г. М. наведвалі польск., з 1840-х г. — пераважна рас. гастрольныя тэатр. калектывы. У канцы 18 ст. ў М. дзейнічалі прафес. трупы, у т. л. «Камедыйны тэатр» К.Жулкеўскага і Л.Марсанта, трупа А.Ш.Жукоўскага (у 1811—32 узначальваў мінскую антрэпрызу) і А.Главацкага, у 1802—05 — пастаянная оперна-драм. трупа, створаная М.Кажынскім. З 1845 тэатр. жыццё М. рэгулярна асвятлялася ў газ. «Минские губернские ведомости». Значнай падзеяй тэатр. жыцця М. стала пастаноўка Дуніна-Марцінкевіча тэатрам у 1852 п’есы «Сялянка» (муз. С.Манюшкі, К.Кжыжаноўскага). У 1911 у М. выступала Першая беларуская трупа Ігната Буйніцкага. У 19 ст. тэатр. паказы адбываліся ў залах мужчынскай гімназіі, дома Гайдукевіча, у будынках Мінскага гарадскога тэатра, у ратушы (гл. Мінскі ратушны тэатр), у 1864—77 у Доме дваранскага сходу. З 1890 усе тэатр. выступленні адбываліся ў Мінскім гар. т-ры. Тэатр. сезон (зімовы) звычайна прадаўжаўся з вер.кастр. да лютага, на гэты час і фарміраваліся мясц. трупы. Наладжваліся летнія сезоны (у 1884—90 пастаянна), паказы адбываліся ў гар. садзе, летнім т-ры Сакалова і Фідэрфона, сямейным садзе «Цівалі».

У 1-й пал. 19 ст. ў М. працавалі польск. антрэпрызы А.Руткоўскага, Кажынскага, К.Скібінскага, В.Ашпергера, Я.Хелмікоўскага, В.Драздоўскага, у 2-й пал. 19 ст. — шматлікія рас. трупы. У 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. гастраліравалі вядомыя рус. акцёры: В.Каратыгін, І.Гарбуноў, Ф.Камісаржэўскі, М.Дарскі, Г.Фядотава, браты Адэльгеймы, К.Варламаў, А.Яблачкіна, В.Камісаржэўская, Ю.Юр’еў, М.Дальскі, П.Арленеў і інш.; трупы т-раў пад кіраўніцтвам М.Ходатава, У.Меерхольда і Р.Унгерна, П.Гайдабурава і Н.Скарскай, эстрадны т-р «Крывое люстэрка», акцёры маскоўскіх т-раў Нязлобіна, Корша і інш. Са сваім нац. рэпертуарам выступалі ўкр. трупы пад кіраўніцтвам М.Старыцкага, М.Крапіўніцкага, П.Саксаганскага і інш., у пач. 20 ст.яўр. вандроўныя трупы. У М. дэбютавалі польск. акцёры І.Вяроўскі (1802) і Ашпергер (1808), рус. М.Савіна (Страмлянава) і В.Далматаў (Чудзін; сезон 1869/70) і інш. Ставіліся творы рус. (А.Астроўскі, А.Грыбаедаў, А.Пушкін, А.Талстой, А.Чэхаў, М.Горкі і інш.) і замежнай (У.Шэкспір, Ф.Шылер, Мальер і інш.) драматургіі. Наладжваліся і аматарскія спектаклі, у арганізацыі якіх прымаў актыўны ўдзел Я.Ходзька-Барэйка. З канца 1850-х г. прыкметнае месца ў тэатр. жыцці М. займаў аматарскі т-р. Працавалі драм. секцыі пры Мінскім муз.-літ. т-ве, Мінскім літ.-артыстычным т-ве, Мінскім т-ве аматараў прыгожых мастацтваў. Рабіліся захады да стварэння бел. нац. т-ра. З пач. 1-й сусв. вайны тэатр. жыццё М. заняпала. У 1915 наладжваліся паказы батлейкі з удзелам батлеечнікаў-шаўцоў Муравіцкага і Дамбіцкага. У 1916—21 асяродкам тэатр. жыцця быў клуб «Беларуская хатка». У лют. 1917 пачаўся масавы культ.-асв. рух, для кіраўніцтва якім у маі 1917 засн. Т-ва бел. культуры, рэарганізаванае ў бел. культ.-асв. т-ва «Бацькаўшчына». Шырокую дзейнасць разгарнула агульнанац. т-ва «Бел. вучнёўская грамада» (напачатку існавала як гурток бел. моладзі «Вянок»); з арганізаваных ёю гурткоў у М. найб. актыўна дзейнічалі ў 1919—20 драм. і харавы (гл. Драматычная секцыя беларускай вучнёўскай грамады). У крас. 1917 у гар. т-ры адкрылася Першае таварыства беларускай драмы і камедыі (узначаліў Ф.Ждановіч), рэарганізаванае ў маі 1918 у Бел. дзярж. т-р БНР на чале са Ждановічам, У.Галубком і У.Фальскім. У чэрв. 1918 у М. прыехаў з Вільні і арганізаваў сваю трупу Ф.Аляхновіч. У 1918 з гэтых калектываў утвораны Беларускі савецкі тэатр. У жн. 1919 — ліп. 1920 дзейнічалі 2 бел. т-ры: Мінскае таварыства працаўнікоў мастацтва і Бел. нац. т-р (былы Бел. дзярж. т-р БНР) пад кіраўніцтвам Тэатр. камісіі Бел. нац. к-та. Культ.-асв. работу праводзіў Беларускі рабочы клуб, дзе 10.8.1920 пачала сваю дзейнасць Трупа Галубка (гл. Беларускі трэці дзяржаўны тэатр). У вер. 1920 у М. адкрыўся Бел. дзярж. т-р (гл. Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы), які стаў цэнтрам тэатр. жыцця горада. У 1920—30-я г. ў М. арганізаваны Мінскі тэатр рэвалюцыйнай сатыры, Дзяржаўны яўрэйскі тэатр БССР, Беларускі рабочы тэатр імя ЦСПСБ, ТРАМ беларускі, Тэатр юнага гледача БССР. У М. знаходзілася асн. база вандроўных т-раў — Польскага дзяржаўнага вандроўнага тэатра БССР, Тэатра саўгасрабочых (1927—33). У 1930—32 працаваў Беларускі тэхнікум сцэнічнага мастацтва. У 1938 створана рэсп. Тэатральнае вучылішча. У пач. 1920-х г. у М. набылі размах агітац. формы самадз. мастацтва: наладжваліся масавыя дзействы з удзелам вял. колькасці прафес. і самадз. акцёраў, рабочых, чырвонаармейцаў («Праца і капітал», «Гапонаўшчына»); створаны калектывы «Сіняй блузы» — Цэнтр. савета прафсаюзаў Беларусі, клубаў К.Маркса і Р.Люксембург, саюза друкароў. Для кіраўніцтва маст. самадзейнасцю ў М. створаны дамы нар. творчасці — рэсп. ў 1937 і абласны ў 1939. З пач. Вял. Айч. вайны т-ры М. спынілі сваё існаванне. Бел. першы дзярж. т-р і Дзярж. яўр. т-р БССР знаходзіліся ў эвакуацыі. Працаваў Мінскі гар. т-р, арганізаваны з акцёраў розных т-раў. Пасля вызвалення М. ад ням.-фаш. захопнікаў аднавілі дзейнасць тэатр. калектывы, што вярнуліся з эвакуацыі. Вядучае месца ў тэатр. жыцці М. належыць Нац. акад. т-ру імя Я.Купалы (аднавіў дзейнасць у снеж. 1944). У 1946—49 працаваў Дзярж. яўр. т-р БССР, у 1949—56 — Тэатр драмы і камедыі пры Белдзяржэстрадзе. У 1947 з Гродна пераведзены Дзяржаўны акадэмічны рускі драматычны тэатр Беларусі (з 1999 Нац. акад. драм. т-р імя М.Горкага). У 1950 у М. аднавіў сваю дзейнасць Дзяржаўны тэатр лялек Беларусі. У 1956 адкрыты Бел. рэсп. т-р юнага гледача (гл. Тэатр юнага гледача Рэспублікі Беларусь). У 1980—90-я г. створаны Тэатр-студыя кінаакцёра кінастудыі «Беларусьфільм», Дзяржаўны маладзёжны тэатр Рэспублікі Беларусь, т-р сатыры і гумару «Хрыстафор», Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі, Мінскі малы тэатр, Мінскі драматычны тэатр «Дзе-Я?», бел. паэт. т-р аднаго акцёра «Зьніч», Альтэрнатыўны т-р, т-р пластычнага гратэску «Жэст». Дзейнічаюць антрэпрызы «Тэатральныя зоркі», «Віртуозы сцэны» і інш.

Кадры для т-раў рэспублікі рыхтуе Бел. акадэмія мастацтваў. З 1946 працуе рэсп. творчая арг-цыя Саюз тэатральных дзеячаў Беларусі, з 1963 — клуб тэатр. дзеячаў Дом работнікаў мастацтваў. У М. дзейнічаюць шматлікія самадз. калектывы, у т. л. народныя. У 1980-я — пач. 1990-х г. працавалі т-ры-студыі (гл. Тэатр-студыя). Праводзіліся рэсп. агляды, дэкады, фестывалі самадз. і прафес. мастацтва, у т. л. міжрэсп. Прыбалтыкі і Беларусі «Тэатральная вясна-87», міжнар. «Славянскія тэатральныя сустрэчы» (1991), «Фестываль сяброў» т-ра імя Я.Купалы і польск. Беластоцкага т-ра імя А.Венгеркі (1993), фестывалі т-раў лялек рэсп. (1-ы ў 1981), міжрэсп. Прыбалтыкі і Беларусі (1974) і міжнар. (1990, 1993, 1996, 1999), міжнар. фестывалі монаспектакляў «Я» (1993, 1996 і 1998). У М. адбываюцца гастролі т-раў інш. краін.

Фізічная культура і спорт. Першыя спарт. т-вы ў М. створаны ў канцы 19 — пач. 20 ст.: Мінскае т-ва аматараў спорту (1892), філіялы т-ваў «Сокал» (1911), «Санітас» (1913). Першыя спарт. спаборніцтвы праведзены па веласіпедным спорце (1896), барацьбе і падыманні цяжару (1913—14). У 1924 у М. праведзена 1-е Усебел. свята фізкультуры, у 1945—1-я Усебел. спартакіяда. У 1929 засн. тэхнікум фіз. культуры (з 1937 Бел. ін-т фіз. культуры, з 1993 Акадэмія фізічнага выхавання і спорту). Дзіцяча-юнацкія спарт. школы працуюць з 1945. М. — адзін з гарадоў Алімпіяды-80. Кіраўніцтва развіццём фіз. культуры і спорту ажыццяўляецца Мін-вам спорту і турызму Беларусі, Нацыянальным алімпійскім камітэтам (створаны ў 1991), рэсп. федэрацыямі (больш за 90) па асобных відах спорту. У горадзе і прыгарадах пабудаваны і эксплуатуюцца буйныя спарт. комплексы: алімп. база «Стайкі» (1947), стадыёны «Дынама» (1934), «Трактар» (1968), спарт.-стралковы (1971) і інш., Мінскі палац спорту (1966), воднаспартыўны камбінат (1967), конна-спарт. комплекс «Ратамка» (1970), рэсп. спарт. комплекс «Раўбічы» (1974), крыты каток «Юнацтва» (1976), Палац лёгкай атлетыкі (1977), Палац тэніса (1978), спарт. комплекс «Дынама» (1978), рэсп. Палац шахмат і шашак (1985), Лядовы палац спорту (1998) і інш. У М. праводзяцца чэмпіянаты свету, Еўропы, інш. буйныя міжнар. спаборніцтвы. З 1967 працуе Рэсп. навук.-метадычная б-ка па фіз. культуры. Выдаецца шмат спарт. перыядычных выданняў, у т. л. «Прессбол», «Спортивная панорама» і інш.

Літ.:

Гісторыя Мінска. М., 1967;

Минск: Краткая хроника (ноябрь 1917—1966). Мн., 1967;

Минск и окрестности: Справ.-путеводитель. Мн., 1979;

Минск: Энцикл. справ. 2 изд. Мн., 1983;

Загорульский Э.М. Возникновение Минска. Мн., 1982;

Мінск на старых паштоўках (канец XIX — пачатак XX ст.). Мн., 1984;

Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі: Мінск. Мн., 1988;

Сыракомля У. Мінск: Беглы агляд сучаснага стану Мінска. Мн., 1992;

Шыбека З.В., Шыбека С.Ф. Мінск: Старонкі жыцця дарэв. горада: Пер. з рус. Мн., 1994;

Пазняк З.С. Рэха даўняга часу. Мн., 1985;

Лакотка А.І. Сілуэты старога Мінска: Нарысы драўлянай архітэктуры. Мн., 1991;

Гісторыя беларускай савецкай музыкі. Мн., 1971;

Кісялёў Г. Героі і музы. Мн., 1982;

Гісторыя беларускага тэатра. Т. 1—3. Мн., 1983—87;

Чурко Ю.М. Белорусский балетный театр. Мн., 1983;

Яе ж. Белорусский балет в лицах. Мн., 1988;

Музыкальный театр Белоруссии: Доокт. период. Мн., 1990;

Музычны тэатр Беларусі. Мн., 1993—97;

Белорусская музыка 1960—1980 гг: Мн., 1997;

Пашкин Ю.А. Русский драматический театр в Белоруссии XIX в. Мн., 1980;

Тэатры Мінска: [Альбом]. Мн., 1973;

Лисневский И.Е. В театр иду, как в храм. Мн., 1997;

Тэатры Беларусі. Мн., 1998;

Калубовіч А. На крыжовай дарозе: Творы з эміграцыі. Мн., 1994. С. 178—261.

І.Я.Афнагель (гаспадарка), Э.Р.Самусенка (экалогія), А.В.Скараход (гісторыя), Т.І.Чарняўская, Л.А.Есьман (архітэктура і горадабудаўніцтва), Э.А.Вальчук (ахова здароўя), Г.І.Дайлідава (друк, радыё, тэлебачанне), І.У.Саламевіч, М.І.Мушынскі (літаратурнае жыццё), Л.Дз.Налівайка, Л.Ф.Салавей (мастацкае жыццё), А.Л.Капілаў, Б.С.Смольскі (музычнае жыццё), Дз.У.Стэльмах (тэатральнае жыццё), А.М.Петрыкаў (фізічная культура і спорт).

Да арт. Мінск Плошча Перамогі.
Да арт. Мінск. Плошча імя Я.Коласа.
Да арт. Мінск. Пячатка-пломба з выявай князя Глеба.
Замчышча Мінска. Здымак пач. 20 ст.
Залаты бранзалет 12 ст. з раскопак замчышча ў Мінску.
План Мінска. 1797.
Гістарычны цэнтр Мінска. Вуліца Ракаўская.
Вуліца Захар’еўская. (цяпер праспект Ф.Скарыны) у Мінску. Здымак пач. 20 ст.
Від на Мінск з Саборнай плошчы. Фота пач. 20 ст.
Від на вуліцу Леніна з боку плошчы Свабоды ў Мінску. 1930.
Цэнтральная частка Мінска, разбураная нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў 1941.
Вуліца Няміга ў Мінску. 1948.
Панарама Мінска. З гравюры 19 ст.
Да арт. Мінск. Будынкі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.
Да арт. Мінск. Забудова праспекта Скарыны.
Да арт. Мінск. Канцэртная зала «Мінск».
Да арт. Мінск. Панарама плошчы Перамогі.
Панарама Мінска.
Да арт. Мінск. Помнік Ефрасінні Полацкай. 1999. Скульптар І.Голубеў.
Да арт. Мінск. Жылы дом па вуліцы Варвашэні.
Да арт. Мінск. Жыллёвы комплекс для беларускіх спартсменаў.
Да арт. Мінск. Храмавы комплекс памяці ахвяр Чарнобыльскай катастрофы па вуліцы Прытыцкага.
Да арт. Мінск. Востраў мужнасці і смутку з храмам-помнікам «Сынам Айчыны, што загінулі за яе межамі» (злева), справа — фрагмент забудовы Траецкага прадмесця.
Помнік А.С.Пушкіну ў Мінску.
Да арт. Мінск. 1 — панарама ў раёне праспекта П.Машэрава; 2, 3 — набярэжная р. Свіслач у раёне парку імя Я.Купалы; 4 — галоўны ўваход у Цэнтральны батанічны сад Нац. АН Беларусі; 5 — у адным з кветнікаў Цэнтральнага батанічнага сада; 6 — штучны вадаём у адным з куткоў Цэнтральнага батанічнага сада.
Да арт. Мінск. Цымбальны ансамбль Мінскага музычнага вучылішча імя М.І.Глінкі.
Да арт. Мінск. Танцавальнае трыо студэнтак Дзяржаўнага харэаграфічнага каледжа Беларусі.
Да арт. Мінск. Дзяржаўны маладзёжны тэатр эстрады.
Да арт. Мінск. Фальклорны гурт «Ліцвіны».
Да арт. Мінск. Спектакль «П’ерэта» ў Дзяржаўным акадэмічным рускім драматычным тэатры Беларусі.
Да арт. Мінск. Спектакль «Інтымны тэатр Еўсцігнея Міровіча» ў Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Я.Купалы.

т. 10, с. 391

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІСПА́НІЯ (España),

Каралеўства Іспанія (Reino de España), дзяржава на ПдЗ Еўропы, на Пірэнейскім п-ве; уключае таксама Балеарскія а-вы ў Міжземным м. і Канарскія а-вы ў Атлантычным ак.; І. належаць гарады Сеута і Мелілья ў Афрыцы (на Пн Марока). Мяжуе на Пн з Францыяй і Андорай, на З з Партугаліяй, на Пд з брытанскім уладаннем Гібралтар. На Пн абмываецца Біскайскім зал., на ПнЗ і ПдЗ — Атлантычным ак., на ПнУ і У — Міжземным м. Падзяляецца на 50 правінцый, 47 з іх знаходзяцца на паўвостраве, а 3 — астраўныя (2 на Канарскіх а-вах, 1 на Балеарскіх а-вах). Правінцыі аб’яднаны ў 17 аўтаномных абласцей: Каталонія, Краіна Баскаў, Галісія, Андалусія, Валенсія, Эстрэмадура, Кастылія-Леон, Кастылія-Ла-Манча, Астурыя, Навара, Мурсія, Ла-Рыёха, Арагон, Кантабрыя, Мадрыд, Балеарскія а-вы, Канарскія а-вы. Пл. 504,8 тыс. км². Нас. 39,6 млн. чал. (1995). Сталіца — г. Мадрыд. Дзярж. мова — іспанская; афіцыйна карыстаюцца таксама каталанскай, баскскай, галісійскай мовамі. Нац. свята — Дзень ісп. нацыі (12 кастр., дата адкрыцця Х.Калумбам Амерыкі).

Дзяржаўны лад. І. — спадчынная парламенцкая манархія. Дзейнічае канстытуцыя 1978. Кіраўнік дзяржавы — кароль, роля якога ў асноўным мае прадстаўнічы характар. Заканад. орган — двухпалатны парламент (Ген. картэсы), складаецца з кангрэса дэпутатаў (350 чл.) і сената (208 чл.), выбіраецца насельніцтвам на 4 гады. Законы, якія прымаюцца парламентам, зацвярджае кароль. Выканаўчы орган — Савет міністраў на чале з прэм’ер-міністрам. Урад фарміруе партыя, якая атрымала перамогу на выбарах у картэсы.

Пры каралі існуе кансультатыўны орган — Савет каралеўства. У Краіне Баскаў створаны аўт. ўрад. Суд. сістэма складаецца з цывільных і ваен. судоў. Суддзі назначаюцца ўрадам. У структуры цывільных судоў Вярх. суд, 15 апеляцыйных, 50 правінцыяльных і больш за 9 тыс. мясц. судоў.

Прырода. І. — гарыстая краіна. Пласкагор’і і горы займаюць 90% тэрыторыі. Цэнтр. ч. займае стараж., моцна разбуранае пласкагор’е Месета, прыўзнятае па краях. Яно акаймавана маладымі гарамі: на Пн Кантабрыйскімі, на ПнУ Іберыйскімі, на Пд Андалускімі з найвыш. вяршыняй — г. Муласен (3478 м). Цэнтр. Кардыльера (выш. да 2592 м) падзяляе Месету на Старакастыльскае (на Пн) і Новакастыльскае (на Пд) пласкагор’і. На ПнУ краіны — горы Пірэнеі (выш. да 3404 м, пік Анета) і Каталонскія горы. На ПнУ уздоўж р. Эбра знаходзіцца Арагонская раўніна, на ПдЗ уздоўж р. Гвадалквівір — Андалуская нізіна. Карысныя выкапні: медныя, ртутныя, свінцова-цынкавыя, жалезныя, вальфрамавыя, хромавыя, уранавыя руды, каменны вугаль, калійныя солі, сера, гаручыя сланцы. Клімат на б.ч. краіны міжземнаморскі з гарачым сухім летам і мяккай вільготнай зімой. На пласкагор’і клімат блізкі да кантынентальнага, на Пн — да ўмеранага з прыкметамі марскога. Сярэдняя т-ра студз. ад 8,4 °C на Пн да 12,3 °C на Пд, жн. ад 18—20 °C на Пн да 26 °C на Пд. Ападкаў 350—500 мм за год, на Пд і У месцамі менш за 200 мм, на ПнЗ 900—1000 мм, у гарах 1500—2000 мм. Рачная сетка густая, але рэкі малаводныя. Найбольшыя рэкі: Таха, Дуэра, Эбра і Гвадалквівір. Выкарыстоўваюцца на арашэнне і ў энергет. мэтах. Глебы: буразёмы, чырваназёмы, шкілетныя камяністыя, на Пн месцамі падзолістыя, у далінах рэк і на нізінах урадлівыя алювіяльныя. Развіты эразійныя працэсы. На Пн і ПнЗ лістападныя шыракалістыя лясы (дуб, бук, каштан). На астатняй тэр. пераважаюць міжземнаморскія ксерафітныя лясы і хмызнякі (маквіс, гарыга). Пад лясамі каля 10% тэрыторыі, пад хмызнякамі каля 30%. З жывёл характэрныя ліс, барсук, воўк, пірэнейскі мядзведзь, каменны казёл, генета, алжырскі вожык і інш. Да 400 відаў птушак. Шмат відаў яшчарак і змей. 11 нац. паркаў, буйныя заказнікі і рэзерваты.

Насельніцтва. Каля ​2/з — іспанцы. Да карэннага насельніцтва адносяцца таксама каталонцы (каля 5 млн. чал., у Каталоніі і на Балеарскіх а-вах), галісійцы (каля 3 млн. чал., у Галісіі), баскі (каля 1 млн. чал., на ўзбярэжжы Біскайскага зал. каля мяжы з Францыяй). Жывуць таксама партугальцы, цыганы і інш. 98% вернікаў — католікі. Сярэдняя шчыльн. 78,5 чал. на 1 км². Найб. густа (да 500 чал. на 1 км²) заселены прыморскія раёны і наваколле Мадрыда. Натуральны прырост каля 1%. У гарадах жыве 77% насельніцтва. У 55 гарадах жыве больш як па 100 тыс. жыхароў. Найбольшыя гарады (млн. ж., 1991): Мадрыд — 3, Барселона — 1,6, Валенсія — 0,8, Севілья — 0,7, Сарагоса — 0,6. У прам-сці і буд-ве занята 33% насельніцтва, у сельскай і лясной гаспадарцы і рыбалоўстве — 11%, у абслуговых галінах — 56%.

Гісторыя. Паводле археал. звестак тэр. І. заселена з часоў ніжняга палеаліту (400 тыс. — 100 тыс. г. назад). У 2-м тыс. да н.э. насельніцтва І. ведала меднарудную і бронзаліцейную вытв-сць, займалася земляробствам і жывёлагадоўляй. З 7 ст. да н.э.

пачалася сістэм. каланізацыя паўд. і ўсх. ўзбярэжжа І. фінікійцамі і стараж. грэкамі. У 7—5 ст. да н.э. на ўзбярэжжы Міжземнага м. склалася культура ібераў. У 5—3 ст. да н.э. на тэр. І. рассяліліся кельты, якія прыйшлі на паўвостраў праз Пірэнеі. У выніку змяшэння іх з іберамі ўзнікла плем. група — кельтыберы. Да канца 3 ст. да н.э. большая частка тэр. І. апынулася пад уладай Карфагена. 3218 да н.э. пачалося заваяванне І. рымлянамі, якое з-за супраціўлення мясц. плямён доўжылася да канца 1 ст. да н.э. У час рым. панавання мясц. насельніцтва (акрамя баскаў) раманізавана (прыняло лац. мову, рым. звычаі, законы і вераванні), адбыліся эканам. і культ. пераўтварэнні (засн. гарады, створана тыповая для Рым. імперыі інфраструктура — дарогі, масты, акведукі). У 1 ст. н.э. ў І. пачало пранікаць хрысціянства. У 409 на тэр. І. ўварваліся вандалы, аланы, свевы, у барацьбе з якімі рымляне выкарыстоўвалі дапамогу вестготаў. У 2-й пал. 5 ст. вестгоцкі кароль Эйрых захапіў амаль усю тэр. Пірэнейскага п-ва і разарваў саюз з Рымам. У пач. 6 ст. сюды перамясціўся цэнтр каралеўства вестготаў. У 585 вестготы далучылі да сваіх уладанняў дзяржаву свеваў, у пач. 7 ст. адваявалі ісп. землі ў візантыйцаў; прынялі каталіцтва і з дапамогай царквы стварылі дзяржаву са сталіцай у Таледа. У 711—718 амаль усю тэр. Пірэнейскага п-ва заваявалі арабы (маўры) і стварылі эмірат, які ўваходзіў у склад халіфата Амеядаў; у 756 Амеяды заснавалі незалежны Кардоўскі эмірат, у 929 — Кардоўскі халіфат. Найб магутнасці араб. дзяржава дасягнула пры Абдарахмане III [912—961], У 1031 Кардоўскі халіфат распаўся на мноства дробных эміратаў. Яшчэ ў 8 ст. на Пн паўвострава ўзніклі цэнтры супраціўлення араб. заваяванню. У 718 пасля паражэння маўраў каля Кавадонгі ўзнікла каралеўства Астурыя; з гэтага часу пачалася Рэканкіста — адваяванне народамі Пірэнейскага п-ва захопленых маўрамі зямель. Другім цэнтрам супраціўлення стала Навара, якая ў сярэдзіне 9 ст. дамаглася незалежнасці ад арабаў і франкаў.

У канцы 8 — пач. 9 ст. франкі адваявалі ў арабаў Каталонію. У 865 вызваленыя франкамі землі вылучыліся ў Ісп. марку ў складзе 7 графстваў, у канцы 9 ст. яны сталі фактычна незалежнымі раннефеад. дзяржавамі. Працяглая барацьба за вызваленне ад араб. панавання (скончана ў 1492) абумовіла асаблівасці развіцця І. Сяляне некат. абласцей дамагліся аслаблення прыгоннай залежнасці, гарады — шырокага самакіравання і вольнасцей, рыцарства і феад. вярхі атрымалі маёнткі арабаў, духавенства захапіла б. ч. араб. зямель і стала значнай паліт. сілай у І.; умацавалася і каралеўская ўлада. З устанаўлення дынастычнай уніі Кастыліі і Арагона (1479) пачалося фактычнае аб’яднанне ісп. зямель у адзіную дзяржаву. Пасля адкрыцця Х.Калумбам Амерыкі (1492) іспанцы ў 1-й пал. 16 ст. пачалі каланізацыю Мексікі, Перу, Балівіі, Чылі, ч. Аргенціны і інш. абласцей у Цэнтр. і Паўд. Амерыцы. Калан. ўладанні пашыраліся і за кошт ісп. заваяванняў у Еўропе (у 1512 — Верхняй Навары, у 1516 — Нідэрландаў), пазней у Афрыцы. У 1519 ісп. кароль Карл I з дынастыі Габсбургаў абвешчаны імператарам «Свяшчэннай Рым. імперыі» (Карл V). У 1516—1600 І. — наймагутнейшая ў ваен. і паліт. адносінах краіна Еўропы. Але яе эканоміка, якая грунтавалася пераважна на даходах з калоній, была няўстойлівая. Каралеўская ўлада не спрыяла развіццю ўнутр. вытв-сці і гандлю, заняпад якіх паскорыла інквізіцыя (уведзена ў 1480). Пасля знішчэння ісп. флоту ў вайне 1588 з Англіяй І. перастала панаваць на моры. Пасля Нідэрландскай буржуазнай рэвалюцыі 16 ст. ад І. аддзяліліся Паўн. Нідэрланды. У выніку шматлікіх войнаў 17 ст значная ч. ісп. уладанняў у Еўропе адышла да Англіі, Галандыі і Францыі. Вял. ваен. выдаткі збяднялі краіну. Разам з тым панаванне Габсбургаў (каля 1530 — каля 1680) было т.зв. «залатым векам» у гісторыі ісп культуры (росквіт л-ры, жывапісу, архітэктуры, дзейнічалі 32 ун-ты). Са спыненнем лініі ісп. Габсбургаў І., яе еўрап. і калан. ўладанні сталі аб’ектам саперніцтва з боку еўрап. дзяржаў. Вайна за Іспанскую спадчыну 1701—14 скончылася ўсталяваннем у І. дынастыі франц. Бурбонаў (заснавальнік Філіп V) і падзелам ісп. уладанняў у Еўропе. Філіп V распачаў рэформы, скіраваныя на ўпарадкаванне і цэнтралізацыю дзяржавы. Звязаная дагаворамі з Францыяй, І. была ўцягнута ў войны супраць Вялікабрытаніі (1739—48, 1762—63, 1779—83). Карл II [1759—88] правёў шэраг рэформ у духу асветнага абсалютызму, скіраваных пераважна на ажыўленне эканомікі і павелічэнне дзярж. даходаў (заснаваны эмісійны банк, гандл. кампаніі і дзярж. мануфактуры, устаноўлены мытны пратэкцыянізм, свабода гандлю з калоніямі). У 1767 з І. выгнаны езуіты і канфіскавана іх маёмасць. У час франц. рэвалюцыі 1789—99 І. ваявала (1793—95) супраць Францыі. Паражэнні ісп. войск прывялі да Базельскага міру 1795 (гл. Базельскія мірныя дагаворы 1795), дапоўненага дагаворам аб франка-ісп. абарончым і наступальным саюзе. Паводле франка-ісп. дагавора 1807 аб заваяванні і падзеле Партугаліі франц. войскі ўвайшлі на тэр. І. Франц. агрэсія выклікала магутны нац -вызв рух і стала штуршком да першай ісп. рэвалюцыі 1808—14, мэтамі якой былі выгнанне французаў і ажыццяўленне ліберальных рэформ. Прагрэс. заканадаўства (Кадыская канстытуцыя 1812), дэкрэт 1811 аб адмене сеньярыяльных правоў памешчыкаў, ліквідацыя інквізіцыі і інш.) было ажыццёўлена толькі часткова. Шырокі партыз. рух (герылья), які разгарнуўся ў І., прымусіў французаў адступіць за Пірэнеі. (Пра рэвалюцыю 1808—14 і наступныя 4 рэвалюцыі гл. ў арт. Іспанскія рэвалюцыі 19 стагоддзя.) Выступленні супраць феад.-абсалютысцкага рэжыму выліліся ў 2-ю ісп. рэвалюцыю 1820—23. Кароль мусіў прысягнуць канстытуцыі 1812, але закон 1821 аб ліквідацыі феад. права памешчыкаў на зямлю не быў рэалізаваны. У 1823 паводле рашэння Свяшчэннага саюза ў І. ўступілі франц. войскі, з дапамогай якіх рэвалюцыя была задушана. У выніку вайны за незалежнасць іспанскіх калоній у Амерыцы 1810—26 І. страціла на амер кантыненце ўсе калоніі, акрамя Кубы, Пуэрта-Рыка і Філіпін. Пасля смерці ў 1833 Фердынанда VII пачаліся спрэчкі за трон паміж яго дачкой Ізабелай II і братам донам Карласам, які аб’яднаў вакол сябе прыхільнікаў кансерватыўнай арыентацыі. Паражэнне карлістаў у грамадз. войнах 1833-39, 1847-49, 1872—76 (гл. Карлісты, Карлісцкія войны) прывяло да перамогі лібералаў. У ходзе 3-й ісп. рэвалюцыі 1834—43 канчаткова ліквідаваны інквізіцыя, маяраты, сеньярыяльныя правы памешчыкаў, усталявана канстытуцыйная манархія Праўленне Ізабелы II характарызавалася пастаянным саперніцтвам паміж гал. ліберальнымі групоўкамі — памяркоўнай і прагрэсістаў, частымі зменамі кабінетаў і канстытуцыі, існаваннем дыктатарскіх рэжымаў (генералаў Б.Эспартэра, Р.Нарваэса, Л.О’Донеля). У ходзе 5-й рэвалюцыі 1868—74 Ізабела II выгнана з І. (1868). Выбраны ў 1870 на трон Амадэй Савойскі (сын караля Італіі Віктара Эмануіла II) не здолеў узяць пад кантроль паліт. сітуацыю ў краіне і ў 1873 адрокся ад прастола; у І. ўстаноўлена першая рэспубліка (1873—74). Рэсп. ўрад не меў шырокай падтрымкі ў грамадстве, у выніку перавароту 1874 у І. адноўлена манархія Бурбонаў. Яе сац.-паліт. асновай стаў блок зямельнай арыстакратыі і буйной буржуазіі, юрыд. аформлены канстытуцыяй 1876 і пагадненнем паміж Кансерватыўнай і Ліберальнай партыямі аб пачарговым кіраванні дзяржавай. Былі ўведзены значныя грамадз. свабоды, узніклі прафсаюзы, у 1879 засн. Іспанская сацыялістычная рабочая партыя (ІСРП). У выніку іспана-амерыканскай вайны 1898 І. страціла апошнія калан. ўладанні: Кубу, Пуэрта-Рыка і Філіпіны. У пач. 20 ст. І. заставалася пераважна агр. краінай (53% зямлі належала латыфундыстам). Абмежаваны ўнутр. рынак, адсутнасць значнага айч. капіталу і актыўнай урадавай палітыкі былі прычынамі сац. напружанасці, запаволенага тэмпу развіцця эканомікі, яе крызісаў. Унутр. сітуацыю ўскладнялі сепаратысцкія рухі, асабліва моцныя ў найб. развітых рэгіёнах — Каталоніі і Басконіі.

У 1-ю сусв. вайну І. захоўвала нейтралітэт. У 1918—23 яе эканоміка апынулася ў чарговым крызісе; пад уплывам рэв. падзей у Еўропе актывізаваўся рабочы рух. Урадавыя крызісы і паражэнне ісп. калан. войск у Марока стварылі ўмовы для ўвядзення ў 1923 ген. М.Прыма дэ Рывера ваен. дыктатуры, якую падтрымаў кароль Альфонс XIII. Былі распушчаны картэсы, забаронена дзейнасць паліт. партый. Сусв. эканам. крызіс 1929—33 у значнай ступені закрануў і І. У 1930 Прыма дэ Рывера мусіў пайсці ў адстаўку, а пасля перамогі рэспубліканцаў на муніцыпальных выбарах 1931 пакінуў краіну кароль Альфонс XIII. 14.3.1931 І. абвешчана рэспублікай. Пачалася 6-я Іспанская рэвалюцыя 1931—39. Картэсы прынялі рэсп. канстытуцыю, якая абвясціла аддзяленне царквы ад дзяржавы, увядзенне ўсеаг. выбарчага права і дэмакр. свабод. У 1932 каталонцы дамагліся стварэння свайго аўт. раёна. На выбарах у картэсы ў 1936 перамог Нар. фронт, створаны камуністамі, сацыялістамі і рэспубліканцамі; сфарміраваны леварэсп. ўрад, прэзідэнтам абраны М.Асанья. 18.7.1936 пачаўся ваен. мяцеж, які перарос у грамадз. вайну (1936—39). Мяцежнікам дапамагалі фаш. Германія і Італія, рэспубліканцам — СССР і добраахвотнікі з многіх краін свету, у т. л. з Беларусі (гл. Інтэрнацыянальныя брыгады). Вайна скончылася ўсталяваннем дыктатуры ген. Ф.Франка Баамондэ; усе партыі, акрамя Іспанскай фалангі, былі забаронены, ліквідаваны дэмакр. свабоды. У 1939 І. далучылася да «Антыкамінтэрнаўскага пакта» У 2-ю сусв. вайну яна захоўвала нейтралітэт (на баку Германіі на ўсх. фронце ваявала толькі добраахвотная т.зв. «блакітная дывізія»). Пасля вайны І. апынулася ў паліт. і эканам. ізаляцыі, у 1946—48 закрыта франкаісп. граніца. Франка быў вымушаны праводзіць палітыку эканам. аўтаркіі, ажыццяўляць дзеянні, якія б сведчылі аб грамадскай падтрымцы яго рэжыму (т.зв. іберыйскі варыянт фашызму). У выніку рэферэндуму 1947 І. зноў абвешчана манархіяй (з пажыццёвым захаваннем за Франка пасады кіраўніка дзяржавы). У 1950-я г. ў краіне пачала фарміравацца шырокая паліт. апазіцыя рэжыму Франка. У 1960-я г. разгарнуўся хрысц.-дэмакр. рух, актывізавалася дзейнасць рэспубліканцаў і лібералаў, нацыяналіст. партый Каталоніі, Галісіі і Басконіі, узніклі рабочыя і сял. камісіі, нелегальныя студэнцкія арг-цыі; шырыўся забастовачны рух, звужалася сац. база франкізму. Перыяд «халоднай вайны» ў міжнар. адносінах спрыяў выхаду І. з ізаляцыі шляхам збліжэння з зах. краінамі (у 1953 падпісаны канкардат з Ватыканам і ваен. пакт з ЗША). З 1960-х г. пачаліся спробы лібералізацыі гаспадаркі, наладжвання эканам. адносін з Захадам: І. ўступіла ў міжнар. фін. арг-цыі. прыцягваліся замежныя інвестыцыі, хуткімі тэмпамі ішла мадэрнізацыя эканомікі. У 1969 пераемнікам Франка на пасадзе кіраўніка дзяржавы і будучым каралём абвешчаны Хуан Карлас I (унук Альфонса XIII). Пасля смерці Франка (1975) у І. вызвалены паліт. зняволеныя, легалізаваны ўсе паліт. партыі і прафсаюзы, распушчаны франкісцкі Нац. рух. У 1977 адбыліся першыя дэмакр. парламенцкія выбары. Паліт. лад краіны вызначыла Канстытуцыя 1978, якая таксама гарантавала ўсім гіст. правінцыям І. магчымасць стварэння рэгіянальных аўтаномій. У крас. 1979 сфарміраваны першы канстытуцыйны ўрад А.Суарэса Гансалеса. Працэс пераходу ад дыктатуры да дэмакратыі адбыўся мірным шляхам, дзякуючы легальнаму характару пераўтварэнняў, нейтралізацыі арміі (у 1981 сарвана спроба кансерватыўных ваенных ажыццявіць дзярж. пераварот), імкненню паліт. лідэраў розных арыентацый да кансенсусу ў асн. грамадска-паліт. пытаннях. У 1982 на выбарах перамагла ІСРП, якая сфарміравала аднапарт. ўрад на чале з Ф.Гансалесам Маркесам. Сацыялісты зноў перамаглі на выбарах 1986, 1989, 1993. На датэрміновых парламенцкіх выбарах 1997 адносную большасць упершыню атрымала Нар. партыя на чале з Х.М.Аснарам. І. — чл. ААН (з 1955), НАТА (з 1982), Еўрап. Саюза (з 1986), Зах.-Еўрап. Саюза (з 1988). Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў лют. 1992.

Палітычныя партыі і прафсаюзы. Народная партыя, Іспанская сацыялістычная рабочая партыя, Камуніст. партыя І. і інш. Прафс. канфедэрацыя Рабочыя Камісіі, Усеагульны саюз працоўных.

Гаспадарка. І. — індустрыяльна-агр. краіна. Па аб’ёме валавога ўнутр. прадукту (ВУП) — 568 млрд. дол. (1995) — займае 15-е месца ў свеце (на 1 чал. у год — 14,3 тыс. дол.). На долю дзярж. сектара прыпадае каля 30% ВУП. Прам-сць дае 34% ВУП, сельская гаспадарка — 6, абслуговыя галіны (у т. л. замежны турызм і адпачынак) — 60%. Адна са старэйшых галін прамысловасці — горназдабыўная. Здабываюць ртуць, пірыты, жалеза, медзь, свінец, серабро, вальфрам, золата, уран і інш. Здабыча ртутных руд сканцэнтравана на Пд Месеты (Альмадэн), пірытаў — на Пд Сьера-Марэны (Рыо-Тынта, Тарсіс), у Мурсіі і Астурыі. Жал. руды здабываюць пераважна на Пн, вальфрамавыя — на З Галісіі, уранавыя — пераважна ў цэнтр. раёнах. У 1993 здабыта (млн. т): каменнага вугалю — 18,1, бурага вугалю — каля 25, жал. руды — 1,6, свінцу — 0,05, цынку — 0,26, калійнай солі — 0,6, каменнай солі — 3,2; ртуці штогод атрымліваюць каля 1,5 тыс. т, серабра — каля 0,2 тыс. т. Энергетыка базіруецца на ўласных паліўных рэсурсах і імпартаваных нафце і газе. ЦЭС у партовых гарадах і вугальных басейнах.

ГЭС (пераважна на Пн) даюць 25% электраэнергіі, АЭС — 36%. У 1995 атрымана 154,1 млрд. кВт гадз электраэнергіі. Буйны спажывец электраэнергіі — чорная і каляровая металургія. Асн. цэнтры чорнай металургіі на Пн (Більбао і Хіхон). У 1993 атрымана 5,4 млн. т чыгуну і 13 млн. т сталі. Каляровая металургія развіваецца пераважна на мясц. рэсурсах, выплаўка свінцу ў раёне Сьера-Марэны, у Андалусіі і каля Картахены, цынку і алюмінію — на Пн краіны, медзі — у Уэльве, Кордаве, гарадах на ўзбярэжжы Біскайскага заліва. Штогод атрымліваюць каля 160 тыс. т медзі, каля 350 тыс. т алюмінію. Сярод галін машынабудавання найб. развіта вытв-сць трансп. сродкаў. У краіне дзейнічае каля 40 суднаверфяў. Гал. цэнтры суднабудавання на Пн (Більбао, Сантандэр, Хіхон), у Галісіі (Эль-Фероль, Віга), на У (Барселона, Валенсія, Картахена, Балеарскія а-вы), на Пд (Уэльва, Кадыс). Аўтазаводы (філіялы замежных фірм) у Мадрыдзе, Барселоне, Вальядалідзе, Віга. У год выпускаецца кал 2 млн. легкавых аўтамашын і каля 400 тыс. матацыклаў. Важнейшыя цэнтры станкабудавання — Каталонія, Краіна Баскаў, гарады Мадрыд, Валенсія і Сарагоса. Электронная прам-сць канцэнтруецца ў Барселоне і Мадрыдзе, хім. і нафтаперапр. — у прыморскіх раёнах Каталоніі, Валенсіі, Астурыі, а таксама ў Мадрыдзе. Буйнейшыя нафтаперапр. і нафтахім. комплексы ў гарадах Уэльва, Альхесірас, Тарагона, Пуэртальяна. Ў 1993 перапрацавана 45,8 млн. т нафты. Значная вытв-сць буд. матэрыялаў. У 1993 выпушчана 22,7 млн. т цэменту. Развіта тэкст. прам-сць, асабліва вытв-сць шарсцяных і шаўковых тканін. Асн. цэнтры ў Каталоніі (Барселона, Тарагона, Сабадэль, Манрэса), Валенсіі (Алькой, Арыўэла), Кастылія-Леоне, Краіне Баскаў, Арагоне і Андалусіі. Разнастайныя галіны харч. прам-сці. Па значэнні і тэхн. аснашчанасці вылучаюцца галіны, якія працуюць на знешні рынак: вінаробная, алейная, плодаагароднінная і рыбакансервавая. Вінаробныя з-ды ў Каталоніі, Арагоне, Андалусіі, па перапрацоўцы агародніны і садавіны — на У і ПдУ, рыбакансервавыя — у партовых гарадах на ПнЗ. Працуюць цукр., тытунёвыя, мукамольныя і інш. прадпрыемствы. Ёсць прадпрыемствы гарбарнай, швейнай, папяровай і дрэваапр. прам-сці.

І. — краіна высокаразвітай сельскай гаспадаркі. С.-г. ўгоддзі займаюць каля 70% тэр. краіны, каля палавіны іх апрацоўваецца (разам з насаджэннямі аліўкавых і фруктовых дрэў), каля палавіны — пад пашай і лугамі. Арашаецца каля 3,6 млн. га, у асноўным на ПдУ. Пераважаюць 2 тыпы гаспадарак: латыфундыі (гал. чынам у Андалусіі і Эстрэмадуры) і дробнатаварныя сял. гаспадаркі. Земляробства па кошце прадукцыі перавышае жывёлагадоўлю. Штогадовы збор (млн. т): пшаніцы — каля 5, ячменю — 9, кукурузы — каля 2, рысу — каля 0,3, бульбы — каля 4, памідораў — каля 3, вінаграду — каля 4,5, апельсінаў — каля 2,5, мандарынаў — каля 1,5, лімонаў — каля 0,6. Пшаніцу, авёс, ячмень вырошчваюць на багарных землях Месеты, Арагона, Андалусіі, кукурузу — на Пн, рыс — на арашальных землях у нізоўях р. Эбра і на Пд (самая высокая ўраджайнасць у свеце — 60—70 ц/га). Бабовыя культуры (гарох, фасоля) вырошчваюць усюды, але найб. у Андалусіі, бульбу — на Пн, раннюю — на ПдУ і Пд. На У і ў даліне р. Эбра вырошчваюць агародніну (перац, памідоры, цыбулю, шпінат і інш.), якая мае экспартнае значэнне. Развіта плантацыйная гаспадарка экспартнага кірунку — вінаградарства, вырошчванне аліў і цытрусавых. Па плошчы вінаграднікаў І. займае 2-е месца ў Еўропе пасля Францыі. Найб. вінаграду вырошчваюць у засушлівых раёнах цэнтра, у бас. рэк Эбра і Дуэра. Вырабляюцца вядомыя марачныя віны: Херэс, Малага, Рыёха, Мансанілья і інш. (3-е месца ў свеце пасля Францыі і Італіі). І. займае 1-е месца ў свеце па зборы аліў. Вырошчванне іх сканцэнтравана ў Андалусіі, Кастылія-Ла-Манчы, Эстрэмадуры, Мурсіі. Важнае экспартнае значэнне маюць цытрусавыя, асабліва апельсіны. Найб. іх вырошчваюць у аўт. абласцях Валенсіі (​2/з збору), Мурсіі, Андалусіі і на Балеарскіх а-вах, там жа вырошчваюць міндаль (1-е месца па экспарце ў Еўропе), абрыкосы, персікі, гранаты, інжыр і інш., на Пн краіны — яблыкі, слівы, грушы, вішню, чарэшню. Вырошчваюць таксама цукр. трыснёг і фінікі (на Пд Андалусіі), тытунь (Эстрэмадура і Андалусія), бавоўнік (Эстрэмадура і Арагон). Развіццё жывёлагадоўлі стрымліваецца слабай кармавой базай. Буйн. раг. жывёлу гадуюць на Пн і ПнЗ, авечак — у засушлівых цэнтр. раёнах, у Эстрэмадуры і Арагоне, свіней — у Галісіі і Каталоніі, абедзвюх Кастыліях. Спецыфічная галіна — развядзенне быкоў для карыды (Андалусія). Пагалоўе (млн. галоў, 1993): буйн. раг. жывёлы — 4,8, свіней — 18, авечак — 24,8, коз — 2,8, коней — 0,26. Разводзяць таксама аслоў і мулаў. Птушкагадоўля. У 1993 вылаўлена 1,33 млн. т рыбы. Ловяць гал. чынам сардзіну, тунца, макрэль. Асн. рыбалоўныя парты на ПнУ (Віга, Ла-Карунья, ЭльФероль). Развіта лясная гаспадарка, нарыхтоўка драўніны (на Пн), кары коркавага дубу (пераважна на З і ПнЗ). Пераважае чыг. і аўтамаб. транспарт. Даўж. чыгунак 14,4 тыс. км, аўтадарог 324 тыс. км. Марскі транспарт абслугоўвае каля 90% знешнегандл. абароту. Флот налічвае больш за 400 разнастайных суднаў грузападымальнасцю ў 3,2 млн. брута-рэгістравых т. Гал. парты: Барселона, Більбао, Валенсія, Картахена, Малага, Ла-Карунья, Хіхон, СантаКрус-дэ-Тэнерыфе. Развіты паветр. транспарт. 42 аэрапорты, буйнейшыя з іх міжнар. аэрапорты Барахас каля Мадрыда (16 млн, пасажыраў за год) і ў Барселоне (10 млн. пасажыраў). Есць некалькі нафта- і прадуктаправодаў, якія праходзяць ад узбярэжжа ўглыб краіны. І. — краіна развітога турызму, які з’яўляецца найб. дынамічнай галіной эканомікі. Па даходах ад турызму (21,9 млн. дол. у 1994) І. займае 4-е месца ў свеце. Штогод яе наведвае больш за 60 млн. чал., больш за 80% — з краін Еўропы. Асн. раёны турызму — узбярэжжа Міжземнага м. (Коста-Брава ў Каталоніі, Коста-дэль-Соль — у Андалусіі і Коста-Бланка ў Валенсіі), Балеарскія і Канарскія а-вы. У 1995 экспарт склаў 85 млрд. дол., імпарт — 110 млрд. дол. І. экспартуе трансп. абсталяванне (27%), машыны і інш. абсталяванне (16%), прадукцыю металургічнай прам-сці (9%), садавіну, віны, інш.

прадукты сельскай гаспадаркі. У імпарце пераважаюць прадукцыя машынабудавання (больш за 40%), паліва (10%), прадукцыя хім. прам-сці (8%). Асн. гандл. партнёры: Францыя (20% экспарту і 16% імпарту), Германія (па 16% экспарту і імпарту), Італія (10% экспарту і 11% імпарту), а таксама ЗША, Вялікабрытанія, Бельгія, Нідэрланды і Люксембург. Грашовая адзінка — песета.

Узброеныя сілы. Уключаюць рэгулярныя ўзбр. сілы (складаюцца з сухап. войск, ВПС, ВМС) і ваенізаваныя фарміраванні. Агульная колькасць (1997) рэгулярных узбр. сіл 197,5 тыс. чал., ваенізаваных фарміраванняў 75,8 тыс. (з іх 75 тыс. у грамадз. гвардыі), рэзерву 431,9 тыс. чал. Вярх. галоўнакамандуючы — манарх. Камплектуюцца па прызыве. У сухап. войсках 128,5 тыс. чал., на ўзбраенні 776 танкаў, каля 2 тыс. бронетранспарцёраў, 773 гарматы (у т. л. 208 самаходных), больш за 500 гармат зенітнай артылерыі, 175 верталётаў і інш. У ВПС 30 тыс. чал. асабовага складу, 199 баявых самалётаў. У ВМС 39 тыс. чал., з якіх 7,2 тыс. ў марской пяхоце, 8 падводных лодак, 34 баявыя караблі (у т. л. 1 авіяносец), 32 патрульныя і 13 дэсантных катэраў, 18 баявых самалётаў і 25 верталётаў марской авіяцыі.

Ахова здароўя. За аказанне мед. паслуг бярэцца плата, якая часткова кампенсуецца са страхавога фонду. Цалкам кампенсуецца кошт лячэння ў шпіталі. У 1989 пасляродавы водпуск для маці прадоўжаны да 16 тыдняў. Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 75,2, жанчын 82 гады. Смяротнасць 9 на 1 тыс. чал. Забеспячэнне бальнічнымі ложкамі — 1 на 234 чал., урачамі — 1 на 246 чал. Узровень нараджальнасці 10 на 1 тыс. чал. Натуральны прырост 0,1%. Дзіцячая смяротнасць 6 на 1 тыс. нованароджаных (1997).

Асвета, навуковыя ўстановы. Сучасная сістэма адукацыі ўключае дашкольныя ўстановы для дзяцей ад 2 да 5 гадоў (каля 50% з іх прыватныя), агульнаадук. школу, прафес.-тэхн. ўстановы, ВНУ. Агульную адукацыю дае 8-гадовая асноўная (няпоўная сярэдняя) школа (навучанне з 6-гадовага ўзросту), якая мае 3 ступені: пач. (1—2-і кл.), сярэднюю (3—5-ы кл.), старэйшую (6—8-ы кл.). Поўную сярэднюю адукацыю дае 3-гадовая сярэдняя школа і аднагадовы спец. курс, які дае права паступлення ва ун-т. У праграме сярэдняй школы абавязковыя прадметы (ісп. мова і л-ра, замежная мова, уводзіны ў лац. мову) і спец. прадметы на выбар: матэматыка, фізіка, хімія, геаграфія, гісторыя, філасофія, асновы канстытуцыі, маляванне, музыка, рэлігія або этыка і мараль і інш. Сістэма прафес.-тэхн. падрыхтоўкі ўключае 3-гадовыя прафес.-тэхн. школы і прафес.-тэхн. аддзяленні поўных сярэдніх школ, што рыхтуюць рабочых для вытв-сці. На іх базе працуюць 3—4-гадовыя прафес.-тэхн. і камерцыйныя школы (рыхтуюць спецыялістаў сярэдняй адукацыі з правам паступлення на 2-ю ступень ун-та або ў вышэйшую тэхн. школу). У сістэме вышэйшай адукацыі ун-ты, політэхн. ун-ты, вышэйшыя тэхн. школы і інш. Праграмы разлічаны на 3 цыклы: 1-ы (3-гадовы курс па фундаментальных навуках), выпускнікі якога атрымліваюць дыплом спецыяліста сярэдняга звяна, што дае права працягваць адукацыю; 2-і (2-гадовы) дае прафес. дыплом; 3-і (2-гадовы) — дактарантура, рыхтуе спецыялістаў вышэйшай кваліфікацыі і навук. супрацоўнікаў. У 1996/97 навуч. г. ў І. больш за 30 ун-таў, у іх ліку 20 дзярж., ёсць прыватныя, 2 каталіцкія — Саламанкскі універсітэт і ун-т Опус Дэі (з 1904) у г. Сантандэр. Буйнейшыя ун-ты: у Мадрыдзе (з 1508), Барселонскі універсітэт, у Валенсіі (з 1510), Гранадзе (з 1526), Вальядалідзе (з 1346), Севільі (з 1502). Найб. б-кі: Нац. (з 1712), універсітэцкая, Муніцыпальная перыядычная (мае адну з буйнейшых калекцый перыядычнай л-ры ў свеце) у Мадрыдзе, б-ка Каталоніі (з 1914) у Барселоне. Ген. архіў Каралеўства ў Сіманкасе (каля Вальядаліда), Нац. гіст. архіў у Мадрыдзе, Архіў Індый у Севільі. Буйнейшыя музеі: Прада (з 1819), Нац. археал. (з 1867) у Мадрыдзе, маст. ў Барселоне, Кордаве, Валенсіі, Севільі; Музей Амерык, Каралеўскі Палац, музеі арміі, флоту, Муніцыпальны, Правінцыяльны археал. ў Севільі і інш. Найвышэйшая навук. ўстанова — Ін-т І. (аб’ядноўвае 8 акадэмій; засн. ў 1938 на ўзор Ін-та Францыі). Цэнтральная н.-д. ўстанова — Найвышэйшы Савет па навук. даследаваннях (з 1940), які арганізуе фундаментальныя даследаванні па ўсіх галінах навукі, кіруе комплекснымі і полідысцыплінарнымі даследаваннямі; пад яго кіраўніцтвам працуе каля 100 н.-д. ін-таў і інш. устаноў. Н.-д. работу праводзяць таксама ун-ты.

Друк, радыё, тэлебачанне. Мае разгалінаваную сетку сродкаў масавай інфармацыі. Выходзіць каля 120 штодзённых газет, часопісаў і інш. перыяд. выданняў. Вядучае месца займаюць штодзённыя газ. «ABC» («АБэСэ», з 1905), «La Vanguardia» («Авангард», з 1881), «Pais» («Краіна», з 1976), «Diario-16» («Газета 16», з 1976), «El Correo Catalan» («Каталонская пошта», з 1876), «El Dia de Cataluna» («Дзень Каталоніі», з 1987) і інш. Інфарм. агенцтвы: Эдыторыял Фаланге Эспаньёла (з 1939). Радыёвяшчанне з 1919. Дзярж. радыё (Нац. радыё І.) трансліруе 5 агульнанац. праграм, мае рэгіянальныя станцыі. Самастойныя радыёстанцыі дзейнічаюць у Мадрыдзе і ў буйных правінцыяльных гарадах. Радыё Экстэр’ёр Эспанья вядзе трансляцыі на 16 мовах на Еўропу, Аўстралію, Паўд. і Паўн. Амерыку, Паўн. Афрыку. Існуе больш за 300 прыватных станцый, аб’яднаных у асацыяцыю Эспаньёла дэ ла Радыёдыфузьён Прывада.

Тэлебачанне з 1951. 2 агульнанац. праграмы, працуюць рэгіянальныя станцыі. Дзейнасць радыё і тэлебачання кантралюецца і каардынуецца дзярж. кампаніяй Іспанскае радыё і тэлебачанне.

Літаратура. Развіваецца на іспанскай (кастыльскай), а таксама на каталанскай, галісійскай і баскскай мовах. Уласна іспанская літаратур а зарадзілася адначасова з фарміраваннем літ. ісп. мовы і нац. самасвядомасці ў перыяд Рэканкісты. Барацьба народаў Пірэнейскага п-ва супраць араб. заваявання шырока адлюстравана ў нар. паэзіі, асабліва ў гераічным эпасе (паэмы «Песня пра майго Сіда», «Радрыга» і інш.). Тагачасная лірыка прадстаўлена т.зв. сельскімі песнямі (вільянсіка), напісанымі пад уплывам араб. паэзіі. У феад.-клерыкальнай «вучонай л-ры» вылучалася рэліг.-філас. і дыдактычная лірыка Г. дэ Берсеа. Станаўленне маст. прозы ў 13—14 ст. звязана з творчасцю караля Альфонса X Мудрага, Хуана Мануэля (зб. навел «Граф Луканор»). У 15 ст. асабліва былі пашыраны нар. рамансы і сатыр. паэзія (творчасць маркіза дэ Сантыльяны, Х. дэ Мены, сатыры Х.Руіса). Для твораў ранняга Адраджэння характэрны ўплыў еўрап. Рэнесансу («італьянская школа» на чале з Гарсіласа дэ ла Вэгай); уплыў італьян. л-ры адчувальны ў рыцарскім (ананімны «Амадыс Гальскі», 1508) і пастаральным раманах. У фарміраванні нац. драмы значную ролю адыграў раман-драма Ф. дэ Рохаса «Селестына». У 2-й пал. 16 ст. ў паэзіі вылучаліся рэліг.-філас. лірыка «саламанкскай школы» (Х. дэ ла Крус, Л. дэ Леон), грамадз. лірыка «севільскай школы» (Ф. дэ Эрэра) і вершаваны эпас (паэма «Араўкана» А. дэ Эрсільі). Канец 16 — пач. 17 ст. адметны росквітам нац. тэатра (Х. дэ ла Куэва, Л.Ф. дэ Вэга Kapnio і яго школа, Л.Велес дэ Гевара). Маст. вяршыня ісп. Адраджэння — творчасць М. дэ Сервантэса і найперш яго раман «Дон Кіхот». Залаты век ісп. л-ры — эпоха барока (17 ст.). У лірыцы гэтага перыяду адзначаны 2 процілеглыя тэндэнцыі — гангарызм з ускладненай метафарычнасцю мовы (Л. дэ Гонгара-і-Арготэ) і кансептызм, які адстойваў канцэптуальна-сэнсавую насычанасць маст. тэксту (Ф.Хеведа-і-Вільегас, Б.Грасіян-і-Мара лес). Дасягнулі росквіту сатыра і шахрайскі раман (М.Алеман-і-дэ-Энера, Кеведа-і-Вільегас), вылучыліся дыдактычныя і эстэт. трактаты Грасіян-і-Маралеса. Тэатр эпохі барока прадстаўлены рэліг.-філас. драмамі Тырса дэ Маліны і маральна-філас. драмамі «гонару» П.Кальдэрона дэ ла Баркі. Л-ра класіцызму і Асветніцтва (18 ст.) характарызавалася моцным франц. уплывам, частковай стратай нац. своеасаблівасці і маст. недасканаласцю. Сярод найб. вядомых твораў байкі Т. дэ Ірыяртэ, паэзія М.Х.Кінтаны, п’есы Н. і Л.Маратынаў. Рамантызм ісп. л-ры меў глыбока нац. карані і найб. адлюстраваны ў творах А. дэ Сааведры (паэт. зб. «Гістарычныя рамансы») i Х. дэ Эспранседы. Да гіст. мінулага І. звярталіся А.Гарсія Гуцьерэс (п’есы «Трубадур», «Сімон Баканегра»), Х.Сарылья-і-Мараль (стварыў рамант. варыянт легенды пра Дон Жуана). У прозе 1-й пал. 19 ст. пануючым паступова стаў кастумбрызм — бытапісальная проза, блізкая да рэалізму (нарысы С.Эстэбанеса Кальдэрона, Р. дэ Месанера Раманаса, сатыр. публіцыстыка М.Х. дэ Лары). З сярэдзіны 19 ст. пачалося развіццё рэаліст. прозы — раманы Х.М. дэ Перэды («Сатылеса», «Горныя вяршыні»), Х.Валеры («Пепіта Хіменес», «Донна Лус»), апавяданні П.А. дэ Аларкона (зб. «Нацыянальныя гісторыйкі»). Некат. творы пазначаны ўплывам эстэтыкі натуралізму (цыкл «валенсіянскіх раманаў і апавяданняў» В.Бласка Ібаньеса, раманы Э.Парда Басан). Найб. значны твор ісп. крытычнага рэалізму — серыя з 46 раманаў «Нацыянальныя эпізоды» (1873—1912) Б.Перэса Гальдоса. Выразнікамі крызісу ісп. грамадства і культуры на рубяжы стагоддзяў сталі пісьменнікі «Пакалення 1898 года», якія ўзнімалі пытанні нац. самасвядомасці, проціпастаўлялі афіц. ідэі ідэю нац. адраджэння. Значны ўплыў ў гэты перыяд экзістэнцыялізму (філас.-псіхал. раманы, навелы і эсэ М. дэ Унамуна, лірыка А.Мачада-і-Руіса). Паэзія развівалася ў рэчышчы ісп.-амер. мадэрнізму і імпрэсіянізму (Х.Р.Хіменес, Р.М. дэль Валье Інклан), проза і драматургія пазначаны ўплывам крытычнага рэалізму і натуралізму (П.Бароха-і-Несі, Х.Бенавентэ-і-Марцінес). Ісп. авангардызм 1-й трэці 20 ст. прадстаўлены творамі Р.Гомеса дэ ла Серны, В.Уідобра і інш. У паэзіі вядучым становіцца «Пакаленне 1927 года» (Ф.Гарсія Лорка, Р.Альберці, Х.Гільен, П.Салінас), якое імкнулася сінтэзаваць авангардную паэтыку з традыцыямі фальклору, рэнесансавай, барочнай і рамант. лірыкі (неагангарызм), стварыць новы тэатр («тэатр сацыяльнага дзеяння» Гарсія Лоркі). У перыяд грамадз. вайны 1936—39 набыла вядомасць лірыка М.Эрнандэса. У ліку першых твораў, апазіцыйных франкізму, былі раннія раманы Х.Х.Селы («Сям’я Паскуаля Дуартэ», «Вулей») і раман «Нішто» К.Лафарэт, напісаныя ў стылі трэмендызму (ад ісп. tremendo страшны). На змену т.зв. гарсіласізму прыйшла сац. паэзія В.Алейксандрэ, Д.Алонса. Новы росквіт рэаліст. рамана пачаўся ў 1950-я г. (раманы «Востраў», «Асаблівыя прыкметы» Х.Гайтысола, трылогія «Таргашы» А.М.Матутэ, «Пяць гадзін з Марыо» М.Дэлібеса). Развівалася сац. паэзія (Б. дэ Атэра, Г.Селая) і драматургія (А.Буэра Вальеха, А.Састрэ). У 1980—90-я г. асаблівае значэнне набываюць школа «новага рамана» і постмадэрнізм (Гайтысола).

Баскская, галісійская і каталанская л-ры нац. меншасцей І. актыўна развіваюцца з канца 18 ст. (перыяд складвання адпаведных нацый). На працягу ўсяго 19 ст. пануючым кірункам у гэтых л-рах быў рамантызм (каталанскія паэты В.Балагер і Дж.Вердагер, галісійскія Р. дэ Кастра і Э.Пандаль, баскскі нар. паэт Х.М.Іпарагірэ, верш якога «Дуб Гернікі» стаў гімнам баскаў). Характэрныя для 1880-х г. рэаліст. тэндэнцыі адлюстраваны ў сац. і антыклерыкальнай паэзіі галісійца М.Кураса Энрыкеса, у п’есах стваральніка каталанскай драмы А.Гімеры. Аднак творчасць большасці пісьменнікаў гэтага перыяду развівалася ў рэчышчы кастумбрызму. На рубяжы 19—20 ст. у каталанскай л-ры вядучым стала «Пакаленне 1898 года», у творчасці якога супярэчліва спалучаліся ідэі еўрап. дэкадансу з пошукамі нац.-самабытных форм (Дж.Марагаль, Дж.Карнер і інш.). Пасля 1-й сусв. вайны многія пісьменнікі звярнуліся да «левага» авангардысцкага мастацтва (каталанскія паэты Дж.Салват-Папасейт, Дж.В.Фойш, галісіец М.Мануэль Антоніо). У перыяд фаш. дыктатуры Франка л-ры нац. меншасцей былі пастаўлены па-за законам, многія пісьменнікі эмігрыравалі. Толькі з 1950-х г. аднавілася друкаванне кніг на нац. мовах — выйшла паэма «Баскі» Н. дэ Армаэчэа; у галісійскай л-ры вял. ролю адыгрывала група «новатрубадураў» на чале з А.Кункейра Морам. Побач з мадэрнісцкай л-рай паспяхова развіваюцца рэаліст. паэзія і навелістыка (паэзія, драматургія і проза баска Г.Арэсці, паэзія галісійца С.Э.Ферэйра Мігеса, проза і паэзія сучаснага каталанскага пісьменніка С.Эспрыу.

На бел. мове асобнымі выданнямі выйшлі зб. лірыкі Ф.Гарсіі Лоркі «Блакітны звон Гранады» (1975), камедыі Лопэ дэ Вэгі «Раба свайго кахання» і «Дурнічка» (абедзве 1981). Асобныя вершы Гарсіі Лоркі, Р.Альберці, М.Сервантэса, А.Мачада-і-Руіса, Л. дэ Гонгара-і-Арготэ і інш. на бел. мову пераклалі К.Шэрман, А.Вярцінскі, П.Макаль, Р.Барадулін, М.Багун, В.Вольскі, Т.Кляшторны, М.Танк і інш.

Архітэктура. На тэр. І. з эпохі бронзы захаваліся паселішчы з землянымі ўмацаваннямі, абліцаваныя каменнымі плітамі грабніцы з дромасамі і прамавугольныя ў плане каменныя жытлы, з 6—5 ст. да н.э. — рэшткі цыклапічных каменных муроў ібераў. Рымскае панаванне прывяло да глыбокай раманізацыі мясц. культуры ў 1-я ст. н.э. (руіны рым. тэатраў, храмаў, акведукаў, арак, мастоў у Мерыдзе, Тарагоне, Сеговіі і інш.). Найб. раннія помнікі сярэдневякоўя належаць вестготам: манум., простыя па формах цэрквы з пышным разным дэкорам у інтэр’еры (Сан-Хуан у Баньёсе, 661). У 2-й пал. 8 — пач. 11 ст. ў заваяванай арабамі Андалусіі развівалася мастацтва, у якім спалучаліся маст. культуры халіфата Амеядаў і вестгоцкія традыцыі (Вял. мячэць у Кордаве). У канцы 11—15 ст. ў Паўд. І. склалася т.зв. іспанска-маўрытанскае мастацтва з цэнтрамі ў Валенсіі, Г’ранадзе (палац Альгамбра), Севільі і інш. У 2-й пал. 11 ст. фарміруецца раманскі стыль (сабор у Сант’яга-дэ-Кампастэла). У 10—12 ст. масарабы развівалі формы цаглянай архітэктуры (царква Сант’яга дэ Пеньяльба, каля 920). Помнікі готыкі (13—15 ст.) — саборы Леона, Бургаса, Таледа (кастыльская школа), Барселоны (каталонская школа), біржа («лонха») у Пальме (1426—51, арх. Г.Сагрэра). У 14—16 ст. ствараліся маўрытанскія паводле формы, канструкцый і дэкору будынкі з рысамі гатычнага стылю (пазней і рэнесансу): Санта-Марыя ла Бланка ў Таледа; званіца «Ла Хіральда» ў Севільі (1184—96, закончана ў 1568). Паводле традыцый маўрытанскай архітэктуры майстры-нехрысціяне стварылі т.зв. стыль «мудэхар» (цэрквы Сан-Клементэ дэ Тауль у Каталоніі, 1123; Сан-Сальвадор ў Тэруэлі, 1186; Санта-Марыя ў Калатаюдзе, канец 15 ст.), якія кампазіцыяй і арнаментальным дэкорам нагадвалі мячэці. Завяршэнне Рэканкісты да канца 15 ст., аб’яднанне ісп. зямель, адкрыццё Амерыкі і прыток золата ў І. стымулявалі рост буд-ва ў гарадах. Традыц. схільнасць да пышнай дэкаратыўнасці спарадзіла своеасаблівую ісп. разнавіднасць архітэктуры Рэнесансу — стыль платэрэска. Яму ўласцівы дывановыя пакрыцці сцен, багатае скульпт. аздабленне парталаў будынкаў, алтароў і іканастасаў (калегія Санта-Крус у Вальядалідзе, 1487—91, арх. Э. дэ Эгас; палац Каса дэ лос Пікас у Сеговіі, 16 ст.). Поўнае асваенне ордэрнай сістэмы і афіц. палітыка караля Філіпа II у галіне архітэктуры прывялі да стварэння строгага і простага стылю дэсарнаментада (пазбаўлены арнаменту), або эрэраса (ад імя прыдворнага арх. Х.Б. дэ Эрэра, аўтара манум. палацава-манастырскага ансамбля Эскарыял пад Мадрыдам, 1563—84). У 17 ст. развівалася ісп. барока — чурыгерэска (звязана з сям’ёй арх. дэ Чурыгера: зах. фасад сабора ў Сант’яга-дэ-Кампастэла, 1738—47, арх. Ф.Касас-і-Навоа; інтэр’ер сакрысціі кляштара Ла Картуха ў Гранадзе, 1727—64, арх. Л.Арэвала). Адкрыццё Акадэміі мастацтваў у Мадрыдзе (1744) спрыяла ўзнікненню акадэм. класіцызму (арх. В.Радрыгес, Х. дэ Вільянуэва). Найб. значныя пабудовы: Каралеўскі палац у Мадрыдзе (1738—64, арх. Радрыгес, італьян. арх. Дж.Б.Сакеці, Ф.Сабаціні, паводле праекта Ф.Ювары), Мадрыдскі парк (б. Буэн-Рэціра, 1868), помнік М.Сервантэсу (1927, арх. П.Мугуруса, скульпт. К.Валера) і інш. У 19 ст. панавала эклектыка, потым — мадэрн (А.Гаўдзі, А.Сорыо-і-Мата). У 1928 у Барселоне склалася «Група іспанскіх архітэктараў і тэхнікаў для садзеяння прагрэсу сучаснай архітэктуры», якая стаяла на пазіцыях функцыяналізму. Пасля ўстанаўлення ў І. фаш. дыктатуры (1939) наватарскія маст. пошукі былі часова прыпынены. У 1950-я г. пачалі ўзводзіць асобныя рабочыя пасёлкі (Валенсія), прадаўжалася рэканструкцыя Мадрыда. У буд-ве развіваецца функцыяналізм, распрацоўваюцца прынцыпы арганічнай архітэктуры (дзіцячы дом адпачынку Мірафлорэс дэ ла Сьера, 1959, арх. Х.А.Каралес, А. дэ ла Сота і інш.) і бруталізму (жылы дом у Сітжэсе, 1969). Вырашаюцца праблемы шырокай рэканструкцыі гарадоў і іх жылога фонду.

Выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Шматграннасць і складанасць маст. культуры І. абумоўлены рознасцю гіст. лёсаў яе асобных рэгіёнаў і этн. складу насельніцтва, спалучэннем культ. традыцый фінікійцаў, кельтаў, стараж. грэкаў, рымлян, германцаў, арабаў (маўраў). Да эпох палеаліту і неаліту адносяцца наскальныя паліхромныя размалёўкі ў пячорах (Альтаміра), ляпная арнаментаваная кераміка. У эпоху бронзы дасягнула росквіту ганчарнае мастацтва. Мастацтва ібераў у 8—4 ст. да н.э. развівалася пад грэч. і фінікійскім уплывамі. У 4—3 ст. да н.э. маст. культура І. вызначалася ўладай Карфагена, пазней Стараж. Рыма, што прывяло да яе раманізацыі. Вестгоцкі перыяд характарызуецца інтэр’ернай скульптурай у дараманскім стылі (капітэлі ў царкве Сан-педра дэ ла Наве, 9—10 ст.) і паліхромным стылем у дэкар.-прыкладным мастацтве. У 2-й пал. 8 — пач. 11 ст. ў заваяванай арабамі Андалусіі развівалася мастацтва, у якім своеасабліва спалучалася маст. культура Амеядскага халіфата і вестгоцкія традыцыі. У канцы 11—15 ст. на Пд І. склалася т.зв. Маўрытанскае мастацтва. Уласна ісп. мастацтва фарміравалася ва ўмовах Рэканкісты пад уплывам Францыі і Італіі ў культуры масарабаў. Каталіцкі аскетызм спалучаўся з яркасцю і багаццем форм маўрытанскай цывілізацыі. З 10 ст. развівалася мініяцюра, у якой адчувальны каралінгскія і атонаўскія ўплывы. У раманскі перыяд храмы ўпрыгожвала скульптура («Порцік славы» царквы ў Сант’яга-дэ-Кампастэла), высокага ўзроўню дасягнула размалёўка. Гатычны перыяд адметны распрацоўкай велічных заалтарных жывапісна-пластычных кампазіцый (рэтабла), размалёўкамі (фрэскі Ферэра Басы ў палацы Педральбес каля Барселоны), паліхромнай скульптурай, кніжнай мініяцюрай. Мастацтва 15 — пач. 16 ст. вызначалася драматызмам, экспрэсіўнасцю вобразаў, багатай арнаментыкай з выкарыстаннем залатых фонаў (Х.Уге, А.Беругетэ, Ф.Гальегас, А.Фернандэс). У 16 ст. рэнесансавы жывапіс развіваўся пад уплывам італьян. мастацтва (Э.Яньес дэ Альмедзіна, Х. дэ Хуанес, Л.Варгас), дасягнуў абвостранага трагізму ў карцінах Л.Маралеса, скульптурах Б.Ардоньеса, узвышанай духоўнасці ў творчасці Д.Эль Грэка Развіваўся парадны партрэт у творах А.Санчэс Каэльё, Х.Пантоха дэ ла Круса, А.Мора. 17 ст. — «залаты век» жывапісу І., перыяд станаўлення новых маст. цэнтраў (Валенсія, Севілья, Таледа); развіваўся стыль барока. Пад уплывам мастацтва М.Караваджа ўзмацніліся рэаліст. тэндэнцыі, імкненне да драм. кантрасту ў маст. трактоўцы. Адухоўленае ўвасабленне жыццёвых вобразаў уласціва работам Ф.Рыбальты, Ф. дэ Эрэры Старэйшага, Х.Б.Майна, Х. дэ Рыберы, Ф.Сурбарана. Найб. росквіту ісп. мастацтва 17 ст. дасягнула ў творчасці Д.Веласкеса. У 2-й пал. 17 ст. гэтыя тэндэнцыі прадаўжалі Б.Э.Мурыльё, А.Пуга, А.Перэда. У паліхромнай скульптуры працавалі Г.Фернандэс, Х.Мартынес і інш. У мастацтве 18 ст. адчуваюцца моцныя ўплывы Францыі і Італіі. Развівалася дэкар.-прыкладное мастацтва: кераміка, злотніцтва (Х. дэ Арфе), маст. кавальства, ткацтва. Засн. каралеўская мануфактура габеленаў. Правадніком акад. класіцызму стала каралеўская АМ Сан-Фернанда (засн. ў 1752). Значнай з’явай у мастацтве была творчасць Ф.Гоі з яго экспрэсіўнай вобразнасцю і наватарскай жывапіснай манерай, якая стала прадвеснікам ідэй еўрап. рамантызму. У 19 ст. дамінавалі салонна-акад. тэндэнцыі, звязаныя з гіст. і фальклорнай тэматыкай (М.Фартуні і інш). У канцы 19 — пач. 20 ст. развіваліся імпрэсіянізм і мадэрн. Рысы кубізму ўласцівы творам Манола, экспрэсіянізму — Х.Саланы. У рэчышчы парыжскай школы працавалі сюррэалісты С.Далі і Ж.Міро, кубісты Х.Грыс, П.Пікасо, які ў значнай ступені вызначыў кірункі развіцця сучаснага мастацтва. Працавалі мастакі-рэалісты (скульптары Х.Антоніо, В.Мача, Э.Бараль, жывапісцы Х.Лопес Мескіта, М.Бенедзіта Вівес, Р.Касас). У гады вайны з франкістамі гал. відам мастацтва стала графіка (плакат, карыкатура, нар. лубок). У сярэдзіне 20 ст. пашырыўся пейзажны жывапіс, у 1950—80-я г. — шматлікія мадэрнісцкія кірункі.

Музыка. Вытокі ісп. музыкі ў муз. культуры ібераў. Ісп. муз. фальклор мае выразныя лакальныя адрозненні. Найб. архаічная музыка баскаў, у т. л. песня і танец сарсіка. У фальклоры Галісіі пераважаюць лірычныя песні; з танцаў найб. пашыраны муньейра са спевамі і муз. суправаджэннем. Падобныя рысы характэрны для фальклору Каталоніі, Балеарскіх а-воў, Валенсіі. У Каталоніі было развіта мастацтва трубадураў (13—14 ст.). Агульнаісп. рысаў найбольш у нар. музыцы Кастыліі і Леона з характэрнымі для яе метрычнай разнастайнасцю, перавагай трохдольнасці, поліметрыяй і непарыўнай сувяззю танца і спеваў. Асн. жанры — сегідылья, фанданга, балеро, руэда, чарада, танада, хота. Музыцы Андалусіі характэрны стыль кантэ фламенка (група танцаў і песень Паўд. І.) і ўласна андалусійская музыка, песні і танцы якой генетычна звязаны з фанданга і сегідыльяй ці паходзяць ад стараж. ісп. форм. Гал. муз. інструменты — гітара і кастаньеты. У 13 ст. пашырыліся героіка-эпічныя песні, якія ў 14—15 ст. у нар. асяроддзі ператварыліся ў рамансы. З муз.-паэтычных форм у 13—14 ст. развіваліся кантыгі, альбады, серэнады, пастурэлі, рэтраэнсы, вільянсіка і кантарсільо, якія далі пачатак песенным муз. формам кансьён, танада, копла, серанілья. З танцаў у 15—16 ст. найб. папулярныя сарабанда, чакона, эскараман, пазней — фанданга, сегідылья, балеро, танга. У канцы 15 ст. высокага ўзроўню дасягнула прафес. музыка І. (кампазітары Х. дэ Анчыета, Ф.Пеньялоса, Х. дэль Энсіна). У эпоху Адраджэння расквітнела ісп. вак. поліфанія, найперш культавая (К. дэ Маралес, Ф.Герэра, Т.Л. дэ Вікторыя), а таксама інстр. музыка, пераважна для віуэлы (віёлы), на аснове якой фарміравалася віртуознае мастацтва варыяцыйнай распрацоўкі. Найб. вядомыя ісп. віуэлісты 16 ст.: Л.Мілан, Э. дэ Вальдэрабана, М. дэ Фуэнльяна, Л. дэ Нарваэс, А.Мудара. Імітацыйна-поліфанічны стыль і варыяцыйны метад зацвердзіліся ў арганнай музыцы 16 ст. (буйнейшы майстар А. дэ Кабесон). Муз. тэатр І. фарміраваўся з ранняга сярэдневякоўя (захаваўся ўрывак з містэрыі «Пакланенне вешчуноў»). У 14 ст. зарадзіліся свецкія формы муз. т-ра. У эпоху Адраджэння паявіліся т.зв. эклогі (драм. сцэны з музыкай на рэліг. і свецкія сюжэты; заснавальнік Энсіна). У 17 ст. склалася спецыфічная ісп. форма опернага жанру — сарсуэла (блізкая да аперэты, найб. пашырэнне набыла ў 19 ст.). У 2-й пал. 18 ст. фарміруецца лірычная муз. камедыя танадылья (Л.Місан, П.Эстэве, Б. дэ Ласерна, М.Гарсія). Сярод кампазітараў канца 17 — пач. 18 ст. Х.Кабанільес, А.Літэрэс, А.Салер, В.Марцін-і-Салер. Значную ролю ў развіцці інстр. музыкі І. адыграў Д.Скарлаці. У 19 ст. адкрыты кансерваторыі і оперныя т-ры ў Мадрыдзе (1830 і 1850) і Барселоне (1847). Музыку нац. арыентацыі пісалі Ф.Тарэга, Ф.Пухоль, К. дэль Кампа-і-Сабалета. У канцы 19 ст. пачаўся рух за адраджэнне нац. муз. культуры І., т.зв. рэнасім’ента, на чале з Ф.Педрэлем (буйнейшыя прадстаўнікі І.Альбеніс, Э.Гранадас. М. дэ Фалья). У гады ісп. рэвалюцыі 1931—39 пашырылася масавая песня, у т. л. рэв.-патрыятычная. У 2-й пал. 20 ст. вылучыліся кампазітары Х.Гурыдзі, О.Эспла, Ф.Момпу, С.Бакарысе, Х.Баўтыста, Х.Радрыга, Р.Альфтэр, Г.Піталуга, К.Паласіо, П.Сарасабаль. Сярод выканаўцаў канца 19—20 ст.: спевакі Ф.Віньяс Дордаль, М.Гай, М.П.Р.Гарсія, Э. дэ Ідальга, К.Супервія, В. дэ Лос Анхелес, Т.Берганса, П.Дамінга, М.Кабалье, Х.Карэрас, П.Ларэнгар; дырыжоры Э.Ф.Арбос, Х.Ітурбі (і піяніст), А.Архента; піяністы А дэ Лароча, Х.Турына, Р.Віньес; скрыпачы П.Сарасатэ, П.Зскудэра, Х.Манен; віяланчэлісты П.Касальс, Г.Касадо; гітарысты М.Льябет, А.Сеговія, Тарэга; арфіст Н.Сабалета. У І. працуюць (1987): Нац. асацыяцыя музыкі, Асацыяцыя муз. культуры, т-ва «Музычная моладзь Іспаніі», Сімф. аркестр Ісп. радыё і тэлебачання, філарманічны аркестр, Ісп. ін-т мастацтвазнаўства, оперны т-р «Лісеа» ў Барселоне; нац. кансерваторыя ў Мадрыдзе і інш. Праводзяцца фестывалі, у т. л. Тыдні сярэдневяковай музыкі ў г. Эстэлья, міжнар. конкурс вакалістаў імя Віньяса (з 1963, Барселона) і інш.

Тэатр. Тэатр. паказы ў І. вядомы з часоў уладання рымлян. У сярэдневякоўі ставіліся літургічныя драмы, містэрыі, маралітэ; з нар. паказамі («здзеклівымі гульнямі») выступалі хуглары. У 16 ст. папулярнымі былі аўтас сакраменталес (свяшчэнныя дзействы), пасас (фарсы) Л. дэ Руэды, камедыі Б.Торэса Наара, інтэрмедыі і драмы М.Сервантэса. Паявіліся паўпрафес. і прафес. трупы. Манаполію на тэатр. паказы атрымалі царк. брацтвы, якія будавалі спец. памяшканні — каралі (у Мадрыдзе, Барселоне, Валенсіі, Севільі і інш.). Росквіту т-р І. дасягнуў у эпоху Адраджэння. Дэмакр. і гуманіст. кірунак развіваўся ў творчасці Лопэ дэ Вэгі, Тырса дэ Маліны, П.Кальдэрона дэ ла Баркі. У прыдворных т-рах 17 ст. ставіліся феерычныя, пышна аформленыя спектаклі. У 1665 дзейнасць т-раў была забаронена на 15 гадоў. З 18 ст. папулярнасць набыў муз. т-р, асабліва італьян. опера; у драме пераважаў дэкламацыйны стыль класіцызму. У муз.-драм. жанрах сайнеце, сарсуэле, танадыльі захоўваліся рэаліст. традыцыі. У 19 ст. адбыўся ўздым ісп. т-ра, адкрыты т-ры «Эспаньёль» у Мадрыдзе (1849), «Лісеа» ў Барселоне (1847) і інш. Пашырана была рамант. драма і быт. камедыя. З 2-й пал. 19 ст. пераважалі оперы-буфа, вар’етэ, рэвю франц. ўзору. Асобныя трупы і акцёры прытрымліваліся рэаліст. традыцый (т-р Камедыі, акцёры Э.Марыо, Р.Кальва). У пач. 20 ст. ў рэпертуары т-ра пераважалі камедыі і меладрамы. Мадэрнісцкія тэндэнцыі сцвярджалі Х.Бенавентэ-і-Марцінес, Г.Марцінес Сьера і інш., рэалістычныя — Ф.Дыяс дэ Мендоса. М.Герэра, М.Ксіргу. Пасля абвяшчэння І. рэспублікай узмацніліся тэндэнцыі да адраджэння дэмакр. традыцый класічнай драматургіі (студэнцкі т-р «Ла Барака», які заснаваў Ф.Гарсія Лорка, «Т-р педагагічных місій» А.Касоны). У 1936—39 дзейнічалі перасоўныя трупы «Герыльяс дэ тэатра» («Тэатр. партыз. атрады»), 3 усталяваннем франкісцкага рэжыму многія тэатр. дзеячы эмігрыравалі. У 1950-я г. ставіліся п’есы тагачасных замежных аўтараў (Б.Брэхга, Дж.Б.Прыстлі, А.Мілера). У 1960-я г. ў некаторых т-рах аднавіліся пастаноўкі класічнай нац. драматургіі (т-ры «Эспаньёль», «Бельяс Артэс» у Мадрыдзе). Прадстаўнікі руху «Новы тэатр» пратэставалі супраць дыктатуры, цэнзуры, тэатр. рэалізму (незалежныя т-ры «Лос Галіярдас» у Мадрыдзе, «Лос Катарас» у Каталоніі, «Эль Тэатра Лебрыяна» ў Андалусіі і інш.). У гэтым кірунку развівалася творчасць драматургаў, схільных да т-ра абсурду і тэатр. жорсткасці (Л.Рыяза, М.Марцінес Медыера), сюррэалізму (Ф.Ньева), абстракцыі (Х.Руібаль). З наданнем ісп. правінцыям аўтаноміі развіваецца нар. т-р, але гал. асяродкам тэатр. жыцця застаюцца Мадрыд і Барселона. Сярод рэжысёраў апошніх дзесяцігоддзяў — Х.Тамаё, Х.Л.Алонса, М.Нарас, К.Пласа, В.Гарсія, акцёраў — Н.Эсперт, Х.Л.Гомес, Х.М.Радэра.

Кіно. Вытворчасць фільмаў у І. пачалася ў канцы 19 ст. («Выхад з дзённай месы з царквы Пілар у Сарагосе», 1896, рэж. Э.Хімена). Напачатку здымаліся дакумент. рэпартажы і кароткаметражныя фільмы. Першы маст. фільм выпушчаны ў 1905. Першыя кінастудыі створаны ў Барселоне (1906). У 1920-я г. кінавытворчасць развівалася ў Мадрыдзе, дзе выпускалі пераважна забаўляльныя стужкі, а таксама экранізацыі вядомых ісп. празаікаў і драматургаў (30—40 фільмаў штогод; найб. вядомыя рэжысёры — Б.Пероха, Ф.Рэй). У 1931—36 кінастудыі пераабсталяваны, выпуск фільмаў павялічыўся, створаны Савет па кінематаграфіі (1933). Сярод лепшых рэжысёраў гэтага часу — Л.Буньюэль («Андалускі пёс», 1928; «Залаты век», 1930; «Зямля без хлеба», 1932). У 1934 пастаўлены першы гукавы фільм («Вада ў глебе», рэж. Э.Ф.Ардавін). Грамадз. вайна 1936—39 стала тэмай шэрагу фільмаў; мадрыдская кінастудыя «Фільм папулар» выпускала кінахроніку «Сучасная Іспанія». У час дыктатуры Франка ўведзена цэнзура, пашырыліся фільмы, на якія ўплывалі стужкі фаш. Германіі і Італіі. У 1940—50-я г. найчасцей здымаліся муз. камедыі і ісп.-італьян. вестэрны. Прыйшло новае пакаленне кінематаграфістаў (Х.А.Бардэм, Л.Г.Берланга, Муньёс-Суай), на творчасць якіх паўплываў неарэалізм («Гэта шчаслівая пара», рэж. Бардэм і Берланга). Вядомасць за межамі І. атрымалі фільмы Берлангі «Шчыра запрашаем, містэр Маршал!» (1952), «Калабуч» (1956), «Кат» (1963), Бардэма «Смерць веласіпедыста» (1954), «Галоўная вуліца» (1956). На творчасць кінематаграфістаў 1960-х г. паўплываў фільм італьян. рэж. М.Ферэры «Каляска», зняты ў І. ў жорсткай рэаліст. манеры з элементамі «чорнага» гумару. Гал. падзеяй нац. кіно стала стужка Буньюэля «Вірыдыяна» (1961) пра духоўныя праблемы ісп. грамадства. Маладыя рэжысёры К.Саўра, Ф.Рэгейра, М.Пікаса, М.Сумерс і інш. заснавалі кірунак «Новае іспанскае кіно», сярод прадстаўнікоў якога самабытны кінарэжысёр Саўра («Сад уцех», 1970; «Ганна і ваўкі», 1972; «Выкармі гругана», «Эліза, маё жыццё», абодва 1975, і інш.). Дэмакратызацыя грамадства ў 1970-я г. садзейнічала развіццю ісп. кіно. Сусв. вядомасць атрымаў рэж. П.Альмадавар («Матадор», 1986; «Жанчыны на мяжы нервовага зрыву», 1988; «Звяжы мяне», 1989; «Кіка», 1993, і інш.). Сярод акцёраў: Ф.Рабаль, А.Маліна, А.Белен, А.Бандэрас, В.А́брыль. У І. больш за 100 кінакампаній, якія займаюцца вытворчасцю і пракатам. Сістэма кінаадукацыі ўключае Барселонскі і Мадрыдскі ун-ты, Дзярж. ін-т радыё і тэлебачання. Нац. фільматэка ў Мадрыдзе і Каталонская ў Барселоне, Міжнар. кінаархіў, архіў хронікі і дакумент. кіно ў Мадрыдзе. Сярод міжнар. кінафестываляў: агляд дакумент. і кароткаметражнага кіно ў Більбао, агляд кіно ў Валенсіі, фестывалі ў Сан-Себасцьяне і фантаст. кіно ў Сітжэсе.

Беларусы ў Іспаніі. Бел. асяродак у І. пачаў складвацца ў пач. 1950-х г. і быў прадстаўлены пераважна студэнтамі-беларусамі Мадрыдскага ун-та, якія ў 1952 заснавалі Бел. акадэмічнае згуртаванне (старшыня Я.Сурвіла). Пры Цэнтры па вывучэнні краін усходу (Мадрыд) у 1956 створана бел. секцыя пад кіраўніцтвам Сурвілы. Супрацоўнікі Інстытута беларусаведы імя Льва Сапегі ў Мадрыдзе (1952—60) вялі навук. даследаванні па гісторыі бел. дзяржавы, прапаганду ведаў пра Беларусь сярод народаў І. і Зах. Еўропы. З 1958 працавала бел. рэдакцыя на Мадрыдскім нац. радыё. Беларусы вялі культ.-асв. дзейнасць. У 1954—55 у Мадрыдзе прайшлі канцэрты бел. музыкі і нар. песень для студэнтаў і навукоўцаў каледжаў. На семінарах і канферэнцыях навукоўцы чыталі даклады і рэфераты па беларусазнаўству, бел. моладзь прадстаўляла Беларусь у дні нац. свят, у час культ. мерапрыемстваў, на міжнар. сімпозіумах і канферэнцыях. У 1960-я г. многія беларусы пакінулі краіну і бел. дзейнасць спынілася.

Літ.: Уотт У.М., Какиа П. Мусульманская Испания: Пер. с англ. М., 1976; Испания, 1918—1972 л,: Ист. очерк. М., 1975; Понеделко Г.Н. Государство в экономике Испании: взгляд в прошлое и современность. М., 1991; Проблемы испанской истории. М., 1992; Ланда Р.Г. В стране аль-Андалус через тысячу лет. М., 1993; Хенкин С.М. Испания после диктатуры: (соц.-полит. пробл. перехода к демократии) М., 1993; Менендес Пидаль Р Избр. произв.: Исп. лит. средних веков и эпохи Возрождения: Пер. с исп. М., 1961; Плавскин З.И. Испанская литература XVII — середины XIX в. М., 1978; Я го ж. Испанская литература XIX—XX вв. М., 1982; Штейн А.Л. История испанской литературы. М., 1994; Arean C. La pintura española de Altamira al siglo 20. Madrid, 1971; Фалья М. де. Статьи о музыке и музыкантах: Пер. с исп. М., 1971; Мартынов И.И. Музыка Испании. М., 1977; Marco T. Historia de la musica espanola. Vol. 1—6. Madrid, 1983—84 Ю.В.Ляшковіч (прырода, насельніцтва, гаспадарка), К.А.Далгучыц (гісторыя), Р.Ч.Лянькевіч (узбр. сілы), В.М.Наяумчык (асвета. навук. ўстановы), К.М.Міхееў (літаратура), В.Я.Буйвал (архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва), Г.У.Шур (кіно), А.С.Ляднёва (беларусы ў Іспаніі).

Герб і сцяг Іспаніі.
Да арт. Іспанія. Горы Пірэнеі на поўначы краіны.
Да арт. Іспанія. Буйнейшы партовы горад і прамысловы цэнтр Галісіі — Віга.
Да арт. Іспанія Панарама ў цэнтры Мадрыда.
Да арт. Іспанія. Краявід на Андалускай нізіне.
Да арт. Іспанія. «Дворык ільвоў» у комплексе Альгамбра ў г. Гранада. 13—14 ст.
Да арт. Іспанія. Каралеўскі палац у Мадрыдзе (1738—64).
Да арт. Іспанія. Мадрыдскі парк (былы Буэн-Рэціра; 1868).
Да арт. Іспанія. Помнік М.Сервантэсу ў Мадрыдзе. 1927.
Да арт. Іспанія. Царква Сан-Клементэ дэ Тауль у Каталоніі. 1123.
Да арт. Іспанія. Эль Грэка. Партрэт па эта А.Паравісіна. 1609.
Да арт. Іспанія. Ф.Гоя. Партрэт Антоніі Саратэ. Каля 1811.
Да арт. Іспанія. П.Пікасо. Аматарка абсенту. 1901.
Да арт. Іспанія. Ж.Міро. Чарада. 1940.
Да арт. Іспанія. Фрагменты танцаў «Арагонская хота» (зверху) і «Фанданга».
Да арт. Іспанія. Фрагмент танца ў стылі кантэ фламенка.

т. 7, с. 335

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)