штомесячны літаратурна-маст. і грамадска-паліт. часопіс. Выдаецца з 1945 як альманах рус. секцыі Саюза пісьменнікаў Беларусі, напачатку меў назву «Отчизна», з 1947 «Советская Отчизна», з 1960 сучасная назва. Мае раздзелы: «Паэзія», «Проза», «Публіцыстыка», «Нататкі. Успаміны. Дакументы», «Учора. Сёння. Заўтра», «Мастацтва», «Кола чытання» і інш. Асвятляе пытанні грамадска-паліт., гасп. і культ. жыцця краіны. Друкуе творы пісьменнікаў, якія пішуць па-руску, пераклады твораў бел. і замежных пісьменнікаў. Змяшчае літ.-крытычныя артыкулы і рэцэнзіі, артыкулы на навук., грамадска-паліт., гіст. тэмы, нарысы, успаміны, матэрыялы па пытаннях культуры і мастацтва.
У часопісе надрукаваны пераклады твораў Я.Купалы, Я.Коласа, М.Багдановіча, М.Гарэцкага, К.Чорнага, Р.Барадуліна, П.Броўхі, Я.Брыля, В.Быкава, Н.Гілевіча, А.Куляшова, А.Макаёнка, І.Навуменкі, І.Мележа, П.Панчанкі, М.Танка, І.Чыгрынава, І.Шамякіна, А.Адамовіча, В.Адамчыка, Г.Бураўкіна, А.Вярцінскага, А.Жука, В.Казько, В.Карамазава, А.Кудраўца, А.Кулакоўскага, А.Лойкі, М.Лужаніна, І.Пташнікава, А.Пысіна, А.Русецкага, Б.Сачанкі, Я.Сіпакова, А.Твардоўскага, М.Кругавых, А.Міронава, А.Платонава, В.Тараса, І.Шклярэўскага і інш.; зарубежных пісьменнікаў Р.Ваяна, П.Вежынава, К.Вонегута, Г.Гарсія Маркеса, Ж.Сіменона, У.Фолкнера і інш. Сярод перакладчыкаў І.Бурсаў, У.Жыжэнка, Р.Казакова, Н.Кіслік, П.Кошаль, Б.Спрынчан, Я.Хелемскі, В.Шчадрына, Ф.Яфімаў і інш.Гал. рэдактары: Шамякін (1952—53), М.Калачынскі (1953—54), Панчанка (1954—58), Я.Васілёнак (1958—66), Макаёнак (1966—77), Кудравец (1978—96), Жук (з 1997).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАКТ РЫБЕНТРО́ПА—МО́ЛАТАВА 1939,
пашыраная назва сав.-герм. дагавора аб ненападзе, падпісанага 23 жн. ў Маскве міністрам замежных спраў Германіі І.Рыбентропам і наркомам замежных спраў СССР В.М.Молатавым тэрмінам на 10 гадоў. Абедзве краіны абавязваліся: не нападаць адна на адну як аднаасобна, так і супольна з інш. краінамі; не дапамагаць трэцяй сіле, якая можа напасці на адну з краін — удзельніц пакта; раіцца адна з адной па пытаннях, якія тычацца іх агульных інтарэсаў; не далучацца да ваен. аб’яднанняў, якія б пагражалі аднаму з бакоў; вырашаць супярэчнасці паміж сабой з дапамогай перагавораў і арбітражу. Да пакта дадаваўся сакрэтны пратакол (ад 23 жн.), паводле якога тэр. тагачаснай Польскай Рэспублікі на У ад рэк Нараў, Вісла і Сан (пераважна ўкр. і бел. землі), а таксама Літва, Латвія, Эстонія, Фінляндыя траплялі ў сав. сферу ўплыву; уздымалася пытанне пра аддзяленне Бесарабіі ад Румыніі. П.Р.—М. палепшыў ваен.-дыпламат. становішча Германіі напярэдадні развязвання ёю 2-й сусв. вайны, даў СССР час для ўмацавання абараназдольнасці, але падарваў яго міжнар. аўтарытэт. Ліга Нацый выключыла СССР са сваіх членаў (снеж. 1939) за вайну супраць Фінляндыі. Пакт спыніў дзеянне пасля нападу Германіі на СССР 22.6.1941. Наяўнасць сакрэтнага пратакола да П.Р.—М. кіраўніцтва СССР да 1989 адмаўляла. Гл. таксама Савецка-германскія пагадненні.
Літ.:
Семиряга М.И. Тайны сталинской дипломатии, 1939—1941. М., 1992;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАПА́НАЎ (Анатоль Дзмітрыевіч) (31.10.1922, г. Вязьма Смаленскай вобл., Расія —5.8.1987),
расійскі акцёр. Нар.арт.СССР (1973). Скончыў Дзярж.ін-ттэатр. мастацтва (1946). З 1947 працаваў у Клайпедскім т-ры (Літва), з 1949 — у маскоўскім Т-ры сатыры. Пачынаў як вострахарактарны акцёр: Шафер, Англічанін і Вельзевул («Клоп», «Містэрыя-Буф» У.Маякоўскага), Карэйка, Вараб’янінаў («Залатое цялё», «Дванаццаць крэслаў» паводле І.Ільфа і Я.Пятрова), Пачасухін («Помнік сабе» С.Міхалкова). Зваротам да трагічнай псіхал. сатыры сталі ролі Юсава («Даходнае месца» А.Астроўскага), Гараднічага («Рэвізор» М.Гогаля), Фамусава («Гора ад розуму» А.Грыбаедава), выкананыя тэмпераментна, з выкарыстаннем трагікамічнага гратэску. Выкрывальныя партрэты прыстасаванцаў, бюракратаў, абывацеляў стварыў таксама ў кіно: Крахалёў («Чалавек ніадкуль», 1961), Сокал-Кружкін («Сцеражыся аўтамабіля», 1966), Васісуалій Лаханкін («Залатое цялё», 1968), Лёлік («Брыльянтавая рука», 1969), Вараб’янінаў («12 крэслаў», 1976) і інш.Драм. талент П. раскрыўся ў т-ры ў ролях Гаева («Вішнёвы сад» А.Чэхава), Хлудава («Бег» М.Булгакава), Цёркіна («Цёркін на тым свеце» А.Твардоўскага) і асабліва ў кіно: генерал Сярпілін («Жывыя і мёртвыя», 1964), Дубінскі («Беларускі вакзал», 1971), Уладзімір Дзмітрыевіч («Час жаданняў», 1984), Старабагатаў («Халоднае лета пяцьдзесят трэцяга...», 1988) і інш. Зняўся таксама ў фільмах «Наш дом» (1965), «Іду на навальніцу» (1966), «Ад’ютант яго правасхадзіцельства» (тэлефільм, 1972), «Дзень прыёму па асабістых пытаннях» (1974). Агучваў мультфільмы (Воўк у серыяле «Ну, пачакай!», 1969—81, і інш.). Дзярж. прэмія Расіі 1966. Дзярж. прэмія СССР 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУДАЎНІ́ЧАЯ МЕХА́НІКА,
навука аб прынцыпах і метадах разліку збудаванняў на трываласць, жорсткасць, устойлівасць і ваганні; раздзел прыкладной механікі.
Асновы будаўнічай механікі выкладзены ў 18—19 ст. у працах Л.Эйлера, Ж.Лагранжа, Дз.І.Жураўскага, У.Р.Шухава і інш. На розных этапах развіцця будаўнічай механікі метады разліку збудаванняў вызначаліся ўзроўнем развіцця матэматыкі, механікі, супраціўлення матэрыялаў і інш. У 2-й пал. 20 ст. выкарыстанне ЭВМ дало магчымасць укараніць эфектыўныя метады разлікаў; статыстычных выпрабаванняў, канечных элементаў, варыяцыйна-рознаснага і інш. Вельмі важныя даныя будаўнічай механікі пры ўзвядзенні сейсмаўстойлівых і вышынных будынкаў.
На Беларусі даследаванні па пытаннях будаўнічай механікі праводзіліся ў 1920-я г. ў БСГА А.А.Краўцовым, у 1935—41 у БПІ М.В.Венядзіктавым, І.Р.Прытыкіным, у 1938—41 у Бел. лесатэхн. Ін-це М.М.Рудзіцыным, вядуцца ў Бел.політэхн. акадэміі, Бел.тэхнал. ун-це, Брэсцкім політэхн. ін-це, Полацкім ун-це, Бел. ун-це транспарту, НДІбуд-ва і архітэктуры. Удасканалены метады і алгарытмы аптымізацыі расходу матэрыялаў на шарнірна-стрыжнёвыя, вісячыя і камбінаваныя сістэмы (Л.І.Коршун, П.У.Аляўдзін, Р.І.Фурунжыеў, І.С.Сыраквашка). Даследаваны пытанні статыкі і дынамікі нелінейна дэфармаваных шарнірна-стрыжнёвых і вісячых сістэм (Я.М.Сідаровіч), устойлівасці стрыжнёвых сістэм (А.Ф.Анішчанка, С.С.Макарэвіч, Л.С.Турышчаў). Праведзены статычныя разлікі рамаў, пласцін, абалонак, труб (А.А.Краўцоў, А.А.Кручкоў, Л.Ф.Беразоўскі, Г.А.Герашчанка, А.А.Чэча). Вырашаны шэраг кантактавых задач прыкладной тэорыі пругкасці (С.М.Ягалкоўскі, С.В.Басакоў), прапанаваны метады электроннага мадэлявання нелінейных задач будаўнічай механікі і прыкладной тэорыі пругкасці (У.М.Аўсянка).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЕВЯ́ТЫ З’ЕЗД КП(б)Б.
Адбыўся 8—12.12.1925 у Мінску. Прысутнічала 247 дэлегатаў з рашаючым і 161 з дарадчым голасам ад 15 075 чл. і канд. у чл. партыі. Парадак дня: справаздачы ЦККП(б)Б (А.І.Крыніцкі), Рэвіз. камісіі КП(б)Б (А.А.Чарнушэвіч), ЦКККП(б)Б (В.П.Грузель); даклады ЦК РКП(б) (І.І.Скварцоў-Сцяпанаў), ЦКК РКП(б) (А.А.Сольц); аб гасп. будаўніцтве (І.А.Адамовіч); аб рабоце прафсаюзаў (М.Е.Ендакоў); аб рабоце сярод моладзі (М.М.Галадзед); аб Чырв. Арміі (С.М.Кажэўнікаў); парт.-арганізац. пытанне; выбары. З’езд ухваліў дзейнасць ЦК, ЦКК і рашэнні XIV канферэнцыі РКП(б), паліт. лінію і арганізац. работу ЦККП(б)Б, тэзісы Палітбюро ЦК РКП(б) па гасп. будаўніцтве. У рашэннях з’езда па пытанняхсацыяліст. індустрыялізацыі прасочвалася паступовае наступленне на нэп. Адобрыў тэзісы ЦК РКП(б) да XIV з’езда ВКП(б) і намеціў меры па іх выкананні. Абмеркаваў праект Статута РКП(б) і прапанаваў унесці ў яго асобныя змены і дадаткі. Ухваліў новы адм.-тэр. падзел рэспублікі. Усе канферэнцыі, пачынаючы з VI Паўн.-Зах. абласной канферэнцыі РКП(б), якая аб’явіла сябе Першым з’ездам КП(б)Б, рашыў лічыць з’ездамі КП(б)Б. Выбраў ЦККП(б)Б з 43 чл. і 20 канд. у чл., ЦКККП(б)Б з 18 чл. і 7 канд. у чл., дэлегатаў на XIV з’езд ВКП(б).
Літ.:
Коммунистическая партия Белоруссии в резолюциях и решениях съездов и пленумов ЦК. Т. 1. 1918—1927. Мн. 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕНУЭ́ЗСКАЯ КАНФЕРЭ́НЦЫЯ 1922,
міжнародная канферэнцыя па эканам. і фін.пытаннях. Асн. яе мэта — пошукі шляхоў эканам. аднаўлення Цэнтр. і Усх. Еўропы пасля 1-й сусв. вайны. Адбылася 10.4—19.5.1922 у г. Генуя (Італія). Удзельнічалі 29 дзяржаў (у т. л. РСФСР) і 5 дамініёнаў Вялікабрытаніі. Дэлегацыя Сав. Расіі (узначальваў Г.В.Чычэрын) прадстаўляла на Генуэзскай канферэнцыі інтарэсы і інш.сав. рэспублік, у т. л.БССР. Прадстаўнікі вядучых краін Еўропы запатрабавалі ад Сав. Расіі прызнаць усе даўгі і фінансавыя абавязацельствы царскага і Часовага ўрадаў, вярнуць нацыяналізаваныя прадпрыемствы замежным уладальнікам, адмяніць манаполію знешняга гандлю. Дэлегацыя РСФСР адхіліла гэтыя прэтэнзіі і патрабавала кампенсаваць ёй страты ад іншаземнай інтэрвенцыі і эканам. блакады. Сав. дэлегацыя не дамаглася анулявання даўгоў, атрымання крэдытаў, прызнання Сав. дзяржавы дэ-юрэ. Але яна заключыла 16.4.1922 у Рапала (каля Генуі) дагавор паміж РСФСР і Германіяй, які аднаўляў паліт., дыпламат. і эканам. сувязі паміж імі. У лютым 1922 умовы Рапальскага дагавора распаўсюджаны і на БССР, Германія была другой пасля Польшчы і апошняй замежнай краінай, якая прызнала БССР дэ-юрэ.
Імкнучыся выкарыстаць Генуэзскую канферэнцыю, каб дамагчыся міжнар. прызнання Беларускай Народнай Рэспублікі, Рада міністраў БНР адправіла ў Геную дэлегацыю ў складзе старшыні Рады міністраў В.Ластоўскага і міністра замежных спраў А.Цвікевіча. Перад ёй былі пастаўлены задачы: узняць пытанне аб пераглядзе Рыжскага мірнага дагавора 1921; дамагчыся ўключэння ў парадак дня Генуэзскай канферэнцыі пытанняў аб незалежнасці Беларусі, аб кампенсацыі страт, нанесеных Беларусі 1-й сусв. вайной. Бел. пытанне разглядалася на паліт. камісіі канферэнцыі, але на пленарнае пасяджэнне вынесена не было.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
З’Е́ЗДЫ КПСС,
вярхоўны орган Камуністычнай партыі Савецкага Саюза. У адпаведнасці з Канстытуцыяй СССР 1977 КПСС адводзілася роля кіруючай сілы сав. грамадства, ядра яго паліт. сістэмы, дзярж. і грамадскіх арг-цый. Паводле Статута КПСС з’езды склікаліся не радзей аднаго разу ў 5 гадоў, нечарговыя — па ініцыятыве ЦК або па патрабаванні не менш як ⅓ агульнай колькасці членаў партыі, прадстаўленых на апошнім з’ездзе. Дата з’езда і парадак апавяшчаліся не пазней як за паўтара месяца да з’езда, нечарговыя з’езды склікаліся ў двухмесячны тэрмін. З’езд заслухоўваў і зацвярджаў справаздачу ЦК, Цэнтр.рэвіз. камісіі (ЦРК) і інш.цэнтр. арг-цый, пераглядаў, зменьваў і зацвярджаў Праграму і Статут КПСС, вызначаў лінію партыі па пытанняхунутр. і знешняй палітыкі, разглядаў і вырашаў найважнейшыя пытанні парт. і дзярж. жыцця, выбіраў ЦК і ЦРК. Указ рас. Прэзідэнта ад 20.8.1991 аб дэпартызацыі ў РСФСР дзярж. устаноў нанёс удар па манаполіі КПСС. У жн. 1991 дзейнасць КПСС на тэр. Расіі прыпынена. Даты з’ездаў: 1-ы (1898, Мінск), 2-і (1903, Брусель—Лондан), 3-і (1905, Лондан), 4-ы (1906, Стакгольм), 5-ы (1907, Лондан), 6-ы (1912, Прага), 7-ы (1917, Петраград), 8-ы (1919; гэты і ўсе наступныя адбываліся ў Маскве), 9-ы (1920), 10-ы (1921), 11-ы (1922), 12-ы (1923), 13-ы (1924), 14-ы (1925), 15-ы (1927), 16-ы (1930), 17-ы (1934), 18-ы (1939), 19-ы (1952), 20-ы (1956), 21-ы (1959), 22-і (1961), 23-і (1966), 24-ы (1971), 25-ы (1976), 26-ы (1981), 27-ы (1986), 28-ы (1990).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ́ЧБАВАЯ АПРАЦО́ЎКА СІГНА́ЛАЎ,
комплекс метадаў і сродкаў апрацоўкі інфармацыі, выяўленай у лічбавай форме. Грунтуецца на тэорыі дынамічных сістэм, таксама на логікавых і геам. уяўленнях і інш. Вызначаецца неабмежаваным павелічэннем дакладнасці вылічэнняў, пашырэннем набору арыфм. аперацый, спрашчэннем работы са сродкамі памяці і інш.
Асн. задачы Л.а.с.: выяўленне, фільтрацыя, рэканструкцыя, сцісканне, аналіз, ідэнтыфікацыя і распазнаванне лічбавых сігналаў, у т. л. відарысаў. Для іх рашэння карыстаюцца метадамі дыскрэтнай матэматыкі, тэорыі лікаў, груп, матрычнай і паліномнай алгебры. Любы сігнал з’яўляецца матэрыяльным носьбітам інфармацыі і характарызуе аб’ект, які вывучаецца, у фіз. (у выглядзе мех., эл., цеплавой ці інш. энергіі) або абстрактнай (матэм.) форме ў выглядзе ліку, графіка, функцыі, сімвала, кода і інш. Аналагавыя (неперарыўныя ў часе) сігналы незалежна ад іх прыроды папярэдне пераўтвараюцца ў дыскрэтныя сігналы (канечную паслядоўнасць лікаў з абмежаванай колькасцю разрадаў) і таму раздзяленне сігналаў на фіз. і матэм. становіцца ўмоўным. Для Л.а.с. выкарыстоўваюцца аўтаматызаваныя сістэмы перадачы, прыёму, захоўвання інфармацыі і сігналаў рознай фіз. прыроды. Развіццю тэорыі і метадаў Л.а.с. спрыяла шырокае ўкараненне лічбавых ЭВМ у практыку навук. і інжынерных даследаванняў.
На Беларусі даследаванні па пытаннях Л.а.с. праводзяцца з 1960-х г. у Ін-це тэхн. кібернетыкі Нац.АН, БДУ, Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі, Ваен. акадэміі і інш.
Літ.:
Рабинер Л.Р., Голд Б. Теория и применение цифровой обработки сигналов: Пер. с англ.М., 1978;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЛУЧЫ́НКА»,
літаратурна-мастацкі і навукова-папулярны часопіс для моладзі. Выдавалася ў 1914 у Мінску на бел. мове на 16 старонках. Рэдактар-выдавец А.Уласаў, літ. рэдактар Цётка (А.Пашкевіч). Мела асветніцка-краязнаўчы кірунак. Садзейнічала прапагандзе ідэі нац. асветніцтва, самаадукацыі, духоўнага і патрыят. выхавання бел. моладзі, пашырэнню яе кругагляду, абуджэнню нац. самасвядомасці. Змяшчала навук. публікацыі пісьменнікаў, дзеячаў культуры, журналістаў, студэнтаў па пытанняхгіст. і культ. спадчыны Беларусі, яе эканам. і геагр. становішча. Сярод праграмных (рэдакцыйных) публікацый верш Цёткі «Лучынка», артыкулы «Да вясковай моладзі беларускай», «Да школьнай моладзі», «Аб душы маладзёжы», нарысы «Шануйце роднае слова!», «Наша народная беларуская песня» і інш. Апублікавала навукова-пазнавальныя краязнаўчыя і прыродазнаўчыя артыкулы В.Ластоўскага (Власта) «Якога мы роду-племені», А.Паўловіча «Вадаспады», «Вулкан», М.Баброўскага (Л.Гмырака) «Сіла з народу», Цёткі (пад псеўд. Мацей Крапіўка) «Газа», «Гутаркі аб птушках», «Пералётныя птушкі», «Радый», У.Рышкевіча (пад крыптанімам В.Р-іч) «Аб той вадзе, што падае з неба», А.Балкоўскага (пад крыптанімам А.Бол-і) «Паветра», нарысы пра асновы эканомікі А.Смоліча (А.Жывіцы) «Даўнейшая натуральная гаспадарка і цяперашняе царства рубля», «Капітал», «Як цана робіцца і што яна азначае», успаміны Б.Тарашкевіча (Я.Тараса) пра У.Эпімах-Шыпілу і інш. На старонках «Л.» друкаваліся маст. творы Я.Купалы, Я.Коласа, Цёткі, К.Буйло, Я.Журбы, З.Бядулі, У.Галубка, Ц.Гартнага, Паўловіча, М.Арла, Ядвігіна Ш., А.Жыгалкі, В.Лявіцкай і інш. Планавала выданне перакладных твораў для дзяцей (выйшаў адзін зборнік апавяданняў у перакладзе з польск. мовы). Друкавала нар. песні, гульні, шарады. Рэкламавала бел. кнігі, перыяд. выданні. Выйшла 6 нумароў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСКО́ЎСКІЯ НАРА́ДЫ 1941,
1943, 1945, нарады у Маскве прадстаўнікоў СССР, ЗША і Вялікабрытаніі па пытаннях вядзення 2-й сусв. вайны і пасляваен. мірнага ўрэгулявання. 29.9—1.10.1941 (кіраўнікі дэлегацый: СССР — В.М.Молатаў, ЗША — У.А.Гарыман, Вялікабрытаніі — У.М.Бівербрук) разгледжана пытанне аб узаемных пастаўках. Вызначаны (да 30.6.1942) месячныя квоты амер. (на падставе ленд-лізу) і брыт. (на падставе сав.-брыт. пагаднення ад 16.8.1941) паставак Сав. Саюзу ўзбраення, харчавання і інш., а таксама паставак некаторых тавараў і сыравіны з СССР у ЗША і Вялікабрытанію. 19—30.10.1943 (кіраўнікі дэлегацый: СССР — Молатаў, ЗША — К.Хэл, Вялікабрытаніі — Р.Э.Ідэн) абмеркаваны праблемы паскарэння разгрому фаш. блоку і пасляваен. ўладкавання Еўропы. Прыняты дэкларацыі: аб усеагульнай бяспецы, аб Італіі (прадугледжвала мерапрыемствы па яе дэмакратызацыі, знішчэнні спадчыны італьян. фашызму і інш.), Аўстрыі (прадугледжвала незалежнасць і суверэнітэт Аўстрыі, а таксама яе адказнасць за ўдзел у вайне на баку Германіі), аб адказнасці гітлераўцаў за ваен. злачынствы (у далейшым стала прававой асновай для суд. пакарання ваен. злачынцаў). 16—26.12.1945 (кіраўнікі дэлегацый: СССР — Молатаў, ЗША — Дж.Ф.Бірнс, Вялікабрытаніі — Э.Бевін) вырашаны пытанні аб арганізацыі пасляваен. міру ў Еўропе і на Д. Усходзе. Прыняты рашэнні аб падрыхтоўцы мірных перагавораў з Італіяй, Румыніяй, Балгарыяй, Венгрыяй і Фінляндыяй; аб Далёкаўсх. камісіі і Саюзным савеце для Японіі; аб Карэі (стварэнні часовага дэмакр. ўрада); аб Кітаі (дэмакратызацыі органаў нац. ўрада, спыненні грамадз. вайны і вывадзе з Кітая сав. і амер. войск); аб Румыніі і Балгарыі (умовы прызнання Вялікабрытаніяй і ЗША ўрадаў гэтых краін, з якімі СССР ужо меў дыпламат. адносіны); аб заснаванні камісіі па кантролі за атамнай энергіяй.