расчарава́ны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад расчараваць.
2. у знач. прым. Які знаходзіцца ў стане расчаравання, які страціў веру ў каго‑, што‑н. — Яна прыйдзе мусіць не скора, — адказаў малады «мужчына». Валя пайшла расчараваная. Чорны. З абласнога цэнтра я вярнуўся назад у Вепры расчараваны... Што было рабіць далей? Сачанка. // Які выяўляе расчараванне, сведчыць пра расчараванасць. Маю ўвагу прыцягнула пажылая жанчына з расчараваным тварам, якая хадзіла ад аднаго стэнда да другога. «Звязда». — Гм-м! — пачуўся нейчы расчараваны голас з натоўпу, калі турбіна была вызвалена з-пад дошак, — а я думаў — бог ведае што. Броўка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
рукапа́шны, ‑ая, ‑ае.
1. Які ажыццяўляецца без зброі ці халоднай зброяй (пра бой, сутычку). Бабка Антосіха стаяла з качаргою ля парога, нібы грэнадзёр, рыхтуючыся да рукапашнай схваткі. Нядзведскі. У рукапашнай схватцы партызаны змялі карнікаў, толькі адзінкі з іх уцалелі. Гурскі.
2. у знач. наз. рукапа́шная, ‑ай, ж. Бой, сутычка без прымянення зброі або з прымяненнем халоднай зброі. Завязалася рукапашная што называецца — не на жыццё, а на смерць. Брыль. [Саламацін:] У іх тут рукапашная была. [Падымае штык]. Штыком арудаваў немчура. Крапіва. Жывыя мерцвякі .. ішлі ў рукапашную, глушылі прыкладамі адкормленых граміл з адборных штурмавых батальёнаў. «Звязда».
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
са́мка, ‑і, ДМ ‑мцы; Р мн. ‑мак; ж.
1. Асобіна жаночага полу. Забаронена паляванне на самак, якія маюць маладняк. «Звязда». І вось на бліжэйшай алешыне пеў усё мацней, крычаў сваёй песняй дрозд, і да тых часоў, пакуль да яго не падляцела самка. Нікановіч. Нарадзіўшы звычайна адно дзіця ў маі ці чэрвені месяцы, самка аленя хавае яго дзе-небудзь у патаемныя, зацішным кутку, у высокай траве ці хмызняку. В. Вольскі.
2. Жанчына як носьбіт біялагічных уласцівасцей свайго полу; празмерна падкая да мужчын. Смяялася Хіжаю самкай Кармен І сачыліся вусны, як вішні. Глебка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сігналізава́ць, ‑зую, ‑зуеш, ‑зуе; зак. і незак.
1. Падаць (падаваць) сігнал (у 1 знач.), паведаміць (паведамляць) сігналам што‑н., аб чым‑н. Сігналізаваць ракетай. Сігналізаваць аб набліжэнні самалёта. □ Аб гэтых перакатах [на дне Прыпяці] сігналізуюць бакеншчыкі ў тэхнічны ўчастак, а ўчастак, у сваю чаргу, паведамляе яму, Гарышнаму. Ракітны. Я падказваў, а Сяргей сігналізаваў пальцамі: множ першы дроб на дваццаць сем. Жычка.
2. перан. Папярэдзіць (папярэджваць), паведаміць (паведамляць) пра што‑н. непажаданае. Пачалі зніжацца надоі — і даярка.. Соф’я Заяц сігналізуе аб гэтым. «Звязда». Мала сігналізаваць аб тым ці іншым праліку, важна прыняць рэальныя меры, каб пралікі ліквідаваць. «Помнікі».
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
траншэ́я, ‑і, ж.
1. Вузкі, глыбокі роў з брустверам, які злучае ў адну лінію ўсе агнявыя пункты абароны. І толькі я падышоў да берага, як з траншэі, якую калісьці выкапалі ўздоўж рэчкі мае салдаты, падняліся два хлопчыкі. Хомчанка. // Вузкі роў для хавання ад асколкаў снарадаў і бомбаў.
2. Доўгі роў, канава і пад., якія служаць для ўкладкі, захоўвання або вырошчвання чаго‑н. Траншэя для кабеля. □ Пры запаўненні траншэй будзе дабаўляцца мякіна, здробненая салома і іншыя кампаненты з такім разлікам, каб атрымаць корм высокай якасці. «Звязда».
3. Спец. Адкрытая горная вырабатка.
[Фр. tranchée.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
уме́раны, ‑ая, ‑ае.
1. Сярэдні паміж гарачым і халодным (пра клімат і месца з такім кліматам). Умераныя шыроты.
2. Невялікі па размеру, колькасці і пад., не вышэй сярэдняга ўзроўню, нормы. Умераная вільготнасць. Умеранае цячэнне. □ Умераная скорасць — асноўная ўмова бяспекі руху ў час дажджу. «Звязда». // Які не вызначаецца вялікай сілай, інтэнсіўнасцю. Адносна ўмераным было пранікненне паланізмаў у беларускую мову і на працягу першай палавіны 16 ст. Жураўскі.
3. Які трымаецца сярэдняй палітычнай лініі, схільны да кампрамісу, згодніцтва. Умеранае крыло рэфарматараў. // у знач. наз. уме́раныя, ‑ых. Пра людзей такіх поглядаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
усто́йлівы, ‑ая, ‑ае.
1. Здольны цвёрда стаяць, трымацца, не хістаючыся, не падаючы. Напэўна, у нашым выратаванні немалая заслуга і лодкі, вельмі пад’ёмістай і ўстойлівай на вадзе. Кірэенка. Цягуча, нудна скрыпіць пад нагамі верхняя ступенька канторскага ганка, і я хутчэй ступаю на ніжнюю, больш устойлівую. Палтаран. Вось нарэшце зямля — цвёрдая і ўстойлівая. Мележ.
2. Які не паддаецца зменам, хістанням; пастаянны. Устойлівыя цэны. Устойлівая валюта. Устойлівы характар. □ Перадавыя раёны і гаспадаркі абавязаліся дасягнуць высокіх, устойлівых ураджаяў сельскагаспадарчых культур. «Звязда». // Замацаваны традыцыяй. Устойлівы звычай.
3. перан. Які не паддаецца пабочнаму ўплыву, змяненню; стойкі. Устойлівыя погляды.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
фанта́ст, ‑а, М ‑сце, м.
1. Чалавек з багата развітай фантазіяй. Ці ж можна сумнявацца ў тым, што хутка чалавек стане гаспадаром космасу, ажыццявіць самыя смелыя мары фантастаў усіх вякоў і народаў. «Звязда».
2. Фантазёр, летуценнік, які імкнецца здзейсніць фантастычныя мары, задумы. Гэта не сон летуценны, Не казка, Гэта не мроя старога фантаста. Недзе ў бяздонных глыбінях сусвету Вымпел чырвоны праносіць ракета. Макаль.
3. Пісьменнік, які выкарыстоўвае фантастычныя сюжэты. Пачакайце! Ды гэта ж .. кабіна «машыны часу», .. якая з лёгкай рукі Герберта Уэлса падарожнічае па старонках кніг многіх пісьменнікаў-фантастаў. Чаркасаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
экзаменава́ць, ‑ную, ‑нуеш, ‑нуе; незак., каго-што.
Правяраць веды па якім‑н. вучэбным прадмеце. [Ірына] спрабуе пажартаваць: — Вы мяне быццам экзаменуеце. А я ўсе экзамены здала, Платон Назаравіч. Шамякін. Прафесар, які гатоў быў ісці, безнадзейна махае рукой і зноў садзіцца ў сваё крэсла. Такіх музыкантаў яму яшчэ не даводзілася экзаменаваць. Вітка. // Разм. Падрабязна распытваць, дапытвацца пра што‑н. Кожную нядзелю Гена экзаменуе мяне. Пры цётцы Куліне ён наўмысля мяне хваліць, кажа, што ў школе я быў бы ўдарнікам вучобы. Жычка. Слухаю, — а той [Вейс] Зінчанку строга так экзаменуе. Шынклер. // Правяраць на трываласць, надзейнасць. Тэхніку экзаменуе ўраджай. «Звязда».
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
элева́тар, ‑а, м.
1. Збудаванне для захоўвання вялікай масы збожжа з механічным абсталяваннем для прыёму, ачысткі, сушкі і разгрузкі зерня. Удзень і ўночы стэпам пылілі грузавікі, везлі на элеватар у мяхах і проста ў кузавах золата — у поце запрацаваны хлеб. Даніленка. Асабліва важна, каб збожжаўборачны канвеер дзейнічаў зладжана і бесперабойна ва ўсіх звеннях — ад нівы да элеватара. «Звязда».
2. Канвеер для перамяшчэння грузаў вертыкальна або пад вялікім вуглом да гарызонта. З элеватара густа сыпалася ў .. кузаў [машыны] сіласная маса. Паслядовіч.
3. Водаструменная помпа, якая выкарыстоўваецца ў сістэме ацяплення для змешвання гарачай і халоднай вады.
[Ад лац. elevator — які падымае.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)