1. Ставіць, мураваць, рубіць дом, узводзіць будынак, збудаванне. Будаваць палац. Будаваць дом.//без дап. Займацца будоўляй. Мы павінны будаваць добра і танна.// Вырабляць, выпускаць (машыны, механізмы і пад.). Сяргей Іванавіч пайшоў пасля арміі ў інстытут, каб навучыцца будаваць танкі.Шамякін.// Рабіць, майстраваць, ляпіць (гняздо і пад. — пра птушак і звяроў). І вадасточная труба.. Вісіць, аглухшы, а над ёй Будуюць зноў прытулак свой Дзве ластаўкі.Танк.
2.перан. Ствараць, тварыць. Народы нашых краін ідуць да адной вялікай мэты — яны будуюць сацыялізм і камунізм, будуюць самае лепшае і справядлівае грамадства на зямлі.Палітыка.Мы на вахту працы сталі, Мір будуем на вякі.Астрэйка.
3. У думках намячаць, ствараць (планы, здагадкі і пад.). Тры дні сурова, па-салдацку, ўспаміналі.. [сын з бацькам] нядаўняе мінулае і адначасова будавалі планы на будучыню.Васілевіч.
4. Асноўваць, базіраваць на чым‑н. Колькі іх было ў гісторыі, «вялікіх» і дробных цынікаў — «інквізітараў», што будавалі свае разлікі на слабасці, на баязлівасці людзей.Адамовіч.Агітатары будуюць свае гутаркі на канкрэтных прыкладах з жыцця сваіх брыгад.«Звязда».
5. Вычэрчваць якую‑н. геаметрычную фігуру на аснове зададзеных памераў. Будаваць квадрат. □ Затым пад прамым вуглом адыходжу ўздоўж берага і будую два прамавугольныя трохвугольнікі — вялікі і маленькі.Жычка.
6. Састаўляць, складаць што‑н., адбіраючы і размяшчаючы пэўным чынам, у пэўным парадку, сістэме матэрыял. Будаваць фразу. Будаваць сюжэт.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ВЕ́ЖА,
1) збудаванне са значнай перавагай вышыні над стараной ці дыяметрам асновы. Бываюць квадратныя, прамавугольныя, шматгранныя, круглыя і інш., пастаяннага або пераменнага сячэння, ярусныя.
Вядомыя ў архітэктуры Асірыі, Фінікіі, Стараж. Грэцыі і Рыма, у сярэднія вякі — у краінах паўн.-ўсх. і Сярэдняй Азіі, Арабскага Усходу, Каўказа. У сярэдневяковай Зах. і Паўн Еўропе вежа стала неад’емным элементам кампазіцыі гарадскіх умацаванняў, замкаў, храмаў раманскай і гатычнай архітэктуры, палацаў (вежа Палацца Век’ё ў Фларэнцыі), ратушаў і інш. Сярод найб. яскравых прыкладаў — кампаніла ў Пізе (т.зв. падаючая Пізанская вежа, Італія, 1174—1372). Вежы былі характэрным элементам рус. і ўкр. абарончай (Маскоўскі, Смаленскі, Каломенскі, Яраслаўскі крамлі і інш.), грамадз. і культавай архітэктуры (званіцы Івана Вялікага ў Маскве, 1508—1600, у Кірылаўскім манастыры ў Кіеве, 18 ст.). У Прыбалтыцы вежы выкарыстоўваліся пры буд-ве замкаў і гарадскіх грамадз. і культавых збудаванняў (парахавая вежа ў Рызе, 17 ст., вежа «Доўгі Герман» у Таліне, канец 15 ст., вежа Гедзіміна ў Вільні 14 ст. і інш.). Сярод выдатных твораў рус. архітэктуры, у кампазіцыі якіх дамінуе вежа, Петрапаўлаўскі сабор (1712—33), Адміралцейства (1806—23) у С.-Пецярбургу.
На Беларусі абарончыя драўляныя вежы будаваліся на гарадзішчах ранняга жал. веку (в. Валадарск Рэчыцкага р-на). У стараж. гарадах Беларусі вежы ўваходзілі ў сістэму абарончых умацаванняў, часам выконвалі функцыю брамы. У 2-й пал. 13 ст. пабудаваны першыя мураваныя вежы — данжоны (Берасцейская вежа, Камянецкая вежа). З 14 ст. мураваныя 4-гранныя вежы, злучаныя з абарончымі сценамі, сталі адметнай асаблівасцю замкаў (Лідскі замак, Крэўскі замак), уключалі жылыя, гасп., культавыя (капліцы) памяшканні. Мураваныя замкавыя вежы ў архітэктуры стыляў готыкі і рэнесансу аздабляліся сістэмай нішаў, паяскоў, парэбрыкаў і інш. элементаў дэкору (Нясвіжская замкавая вежа). Заглыбленыя часткі сцен бялілі вапнай, выступы мелі натуральны колер чырвонай цаглянай муроўкі, што стварала 2-колернае вырашэнне фасадаў (Мірскі замкава-паркавы комплекс). Невысокія квадратныя і прамавугольныя ў плане вежы, прыстаўленыя да знешняга боку абарончых сцен і накрытыя 2-схільным дахам, наз. «бычкамі», высокія 8-гранныя — круглікамі. Існавалі шмат’ярусныя вежы, у якіх звычайна над ніжнімі чацверыковымі ярусамі будавалі васьмерыкі. Некаторыя драўляныя вежы завяршаліся ізбіцамі. Сцены абарончых вежаў прарэзваліся байніцамі, амбразурамі, машыкулямі. У 18 — пач. 20 ст. асобна пастаўленыя вежы выкарыстоўвалі ў палацава-паркавых кампазіцыях (Гомельскі палацава-паркавы ансамбль), у манастырах і кляштарах. У 16 — пач. 20 ст. ў культавым дойлідстве былі найб. пашыраны вежы-званіцы (Чарнаўчыцкі Троіцкі касцёл). Вежы з’яўляліся адным з гал. элементаў кампазіцыі ратуш (гл.Магілёўская ратуша, Віцебская ратуша). Круглыя або гранёныя вежы фланкіравалі па вуглах аб’ёмы культавых гатычных і рэнесансавых храмаў (Мураванкаўская царква-крэпасць) або ўтваралі на гал. фасадзе высокія званіцы (Заслаўская Спаса-Праабражэнская царква). У барочных культавых будынках з 2-й пал. 17 ст.найб. пашыраны 2-вежавыя гал. фасады. У сучаснай бел. архітэктуры вежападобныя кампазіцыі выкарыстоўваюць пры вырашэнні буйных горадабудаўнічых задач (вежы-прапілеі ў ансамблі Прывакзальнай пл. ў Мінску). У жылой забудове верт. дамінанты — дамы вежавага тыпу.
2) Інж. збудаванні са сталі, жалезабетону, каменю, дрэва (тэлевізійныя вежы, воданапорныя вежы, радыёвежы, сіласныя і інш.). Канструкцыя вежы — звычайна прасторавая стрыжнёвая сістэма або жалезабетонная абалонка. Успрымаюць ветравыя, тэмпературныя і інш. нагрузкі. Разлічваюцца на трываласць, устойлівасць, дэфармавальнасць.
3) Засцерагальная (часта паваротная) канструкцыя з брані на баявых караблях, танках, бронеаўтамабілях, іншых баявых збудаваннях для ўстаноўкі зброі і прылад.
4) Вежы абслугоўвання ў касманаўтыцы — метал. канструкцыя, што забяспечвае доступ людзей і падачу прылад да касм. лятальных апаратаў. Перад стартам адводзіцца на бяспечную адлегласць ад пускавой сістэмы. Вышыня больш за 100 м. Некаторыя вежы аўтаномныя, маюць уласную электрастанцыю, ацяпленне, іншае інж. абсталяванне.
Ю.А.Якімовіч (архітэктура).
Пізанская вежа. 1174.Вежа Палацца Век’ё ў Фларэнцыі. 14 ст.Замкавая вежа ў Нясвіжы. 2-я пал. 16 ст.Вежа царквы-крэпасці ў в. Мураванка Шчучынскага раёна Гродзенскай вобл. 16 ст.Вуглавая вежа замка ў г.п. Мір Карэліцкага раёна Гродзенскай вобл. 16 ст.Вежа-званіца Троіцкага касцёла ў в. Чарнаўчыцы Брэсцкага раёна. Канец 16 ст.Тэлевізійная вежа вышынёй 550 м у г. Таронта (Канада).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУ́ЛЬТАВЫЯ ЗБУДАВА́ННІ Прызначаны для адпраўлення абрадаў рэлігійных. Тыпалогія і гісторыя развіцця К.з. абумоўлена прыналежнасцю да пэўнага веравызнання
(канфесіі),
а таксама ходам развіцця архітэктуры і буд. тэхнікі. Асн. тыпы К.з.: царква, сабор (праваслаўе), касцёл, сабор (каталіцызм), мячэць (іслам), кірха, збор (пратэстантызм), сінагога (іудаізм), пагада, ступа, дацан (будызм), малельны дом у старавераў, а таксама капішчы, званіцы, капліцы, мінарэты, капэлы, кляштары, лаўры, медрэсэ, некат. мемар. збудаванні (піраміды, мастабы, грабніцы) і інш.
Найб. раннія К.з. — мегалітычныя збудаванні позняга неаліту і часоў бронзы. Менгіры, дальмены, кромлехі, катакомбы вядомы ў многіх частках свету (Англія, Скандынавія, Італія, Францыя, Індыя, Кітай, Каўказ). У рабаўладальніцкім грамадстве будавалі грабніцы з пірамідамі ў гонар фараонаў (піраміда Джасера ў Егіпце, 2800 да н.э.), храмы-зікураты (зікурат Этэменанкі ў Вавілоне, т.зв. Вавілонская вежа, сярэдзіна 7 ст. да н.э.). У часы Новага царства (16—11 ст. да н.э.) у Егіпце з’явіліся храмы, прысвечаныя багам (храм Гора ў Эдфу, 237—57 да н.э.). У Стараж. Грэцыі і Рыме са з’яўленнем сістэмы ордэраў К.з. становяцца самымі багатымі і манум. будынкамі гарадоў (храм Парфенон у Афінах, 447—438 да н.э.; Пантэон у Рыме, 118—128 н.э.). Найб. пашыраны тып К.з. у Рым. імперыі — базіліка. Разнастайнасцю тыпаў вызначаецца архітэктура К.з. Візантыі (найб. грандыёзнае збудаванне — Канстанцінопальскі Сафійскі сабор). У раманскі і гатычны перыяды колькасць тыпаў К.з. рэзка зменшылася. Культавая архітэктура Адраджэння вярнулася да ант. ордэра (сабор св. Пятра ў Рыме, 1506—1614, арх. Д.Брамантэ, Мікеланджэла, Дж. дэла Порта, Дж.Віньёла, К.Мадэрна і інш.). У перыяды барока (палац Сан-Сусі ў г. Патсдам, Германія, 1745—47, арх. Г. фон Кнобельсдорф) і класіцызму (Казанскі сабор у С.-Пецярбургу) ажыццяўляецца перапрацоўка ордэрнай сістэмы. К.з. 20 ст. адметныя выкарыстаннем новых канстр. і пластычных вырашэнняў, маст. выразнасцю (царква Нотр-Дам-дзю-О ў Раншане, Францыя, 1950—54, арх. Ш.Э. Ле Карбюзье).
На Беларусі найб. пашыраны правасл. і уніяцкія цэрквы, каталіцкія касцёлы і капліцы, кальвінскія зборы, кляштары, трапляюцца сінагогі, мячэці. Мураваныя цэрквы вядомы з 11 ст.Асн. іх тып — крыжова-купальны храм. У 13—16 ст. К.з. звычайна з’яўляліся храмамі-крэпасцямі, у іх архітэктуры былі элементы готыкі і рэнесансу. На мяжы 16—17 ст. яны мелі бязвежавыя або 1-, 2- і 3-вежавыя гал. фасады (Мірскі Мікалаеўскі касцёл, Камайскі касцёл). У 17—18 ст.асн.маст. кірункам у архітэктуры быў стыль барока (касцёл у в. Адэльск Гродзенскага р-на, сярэдзіна 18 ст.). У гэты час пашырыліся 1- і 3-нефавыя базілікі без трансепта, крыжовыя і крыжова-купальныя, спачатку з бязвежавым ці 1-вежавым, потым, як правіла, 2-вежавым фасадам (Навасвержанская Успенская царква з брамай-званіцай, Жыровіцкі Успенскі манастыр, Нясвіжскі касцёл езуітаў). Часта К.з. ставілі ў ансамблі з манастырамі і кляштарамі (Гродзенскі кляштар бернардзінцаў, манастыр базыльян у в. Жыровічы Слонімскага р-на Гродзенскай вобл.). У 1-й пал. 19 ст. архітэктура К.з. набыла рысы класіцызму (Гомельскі Петрапаўлаўскі сабор), з сярэдзіны 19 ст. — эклектычныя формы стыляў несапраўднай готыкі, псеўдарус. і псеўдавізант. (Мінская царква Аляксандра Неўскага), мадэрн. Са старажытнасці пашыраны таксама драўляныя К.з.: зрубныя (царква ў в. Здзітава Жабінкаўскага р-на Брэсцкай вобл., 1502) і пабудаваныя «ў стоўп» (Успенская царква Пінскага Лешчанскага манастыра). У перыяд барока пераважалі збудаванні 2-зрубнай базілікальнай структуры з бязвежавым, пазней 2-вежавым гал. фасадам (царква ў в. Вавулічы Драгічынскага р-на Брэсцкай вобл., 1737), 3-зрубныя з рытмічным спалучэннем аб’ёмаў і самаст. крыццём кожнага зруба (Давыд-Гарадоцкая Георгіеўская царква). У 17—1-й пал. 19 ст. пашыраны манум. 4- і 5-зрубныя крыжова-купальныя К.з. з планам у выглядзе грэч. або лац. крыжа (Ільінская царква ў Віцебску). Драўляныя К.з. канца 19 — пач. 20 ст., як і мураваныя, маюць эклектычныя формы (касцёл у в. Паланэчка Баранавіцкага р-на Брэсцкай вобл., 1899).
С.А.Сергачоў, Т.В.Габрусь.
Да арт.Культавыя збудаванні. Касцёл у вёсцы Адэльск Гродзенскага раёна. Сярэдзіна 18 ст.Да арт.Культавыя збудаванні. Навасвержанская Успенская царква з брамай-званіцай. Пач. 17 ст.Да арт.Культавыя збудаванні. Саборная мячэць у г. Керман (Іран).Да арт.Культавыя збудаванні. Ступа Бадхнатх у Катманду (Непал). 1 ст. да н.э.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́ХІКА (México, Méjico),
горад, сталіца Мексікі. Знаходзіцца ў паўд.ч. Мексіканскага нагор’я, у міжгорнай катлавіне, на выш. 2240 м. Самастойная адм. адзінка (Федэральная акруга). Нас. 16,6 млн.ж., разам з суседнімі гарадамі ўтварае гар. агламерацыю — Вял. М. з насельніцтвам больш за 20 млн.чал. (1997). Найважнейшы вузел шашэйных і чыг. дарог, якія вядуць да ўзбярэжжа Ціхага ак. і Мексіканскага зал.; на Панамерыканскай шашы. Міжнар. аэрапорт Беніта Хуарэс. М. — адзін з буйнейшых прамысл. і фін. цэнтраў Лац. Амерыкі, гал.эканам., навук. і культ. цэнтр краіны (у М. вырабляецца больш за 50% прамысл. прадукцыі Мексікі). Асн. галіны прам-сці — харчасмакавая (пераважна кансервавая, тытунёвая), тэкст. (у т. л. перапрацоўка хенекену), швейная, абутковая, фармацэўтычная, нафтаперапр., паліграфічная. Перапрацоўчая металургія. Развіты таксама эл.тэхн., металаапр., аўтазборачная, цэм.прам-сць, вытв-сцьбуд. матэрыялаў. Метрапалітэн.
Засн. Э.Картэсам у 1521—22 на месцы зруйнаванага іспанцамі ацтэкскага горада Тэначтытлан. У 1535—1821 М. — сталіца каралеўства Нов. Іспанія. У 1624 і 1692 тут адбыліся антыісп. паўстанні. З 1821 М. — сталіца незалежнай Мексікі. У амерыкана-мексіканскую вайну 1846—48 заняты войскамі ЗША, у мексіканскую экспедыцыю 1861—67 — франц. войскамі (1863—67). У 1967 у М. падпісаны дагавор аб стварэнні ў Лац. Амерыцы бяз’ядзернай зоны. 2.10.1968 на пл. Трох Культур адбылася студэнцкая дэманстрацыя, жорстка задушаная арміяй і паліцыяй. Горад неаднаразова разбураўся землетрасеннямі (апошняе ў 1985).
Стары горад размешчаны на месцы стараж.г. Тэначтытлан (захаваліся рэшткі свяцілішчаў і храмаў, статуй багоў), мае прамавугольную сетку вуліц. Тут знаходзяцца: на пл. Пласа дэ ла Канстытусьён (Сакала) — кафедральны сабор (1563—1667, арх. К. дэ Арсіньега, А.Перэс дэ Кастаньеда і інш., дабудаваны ў пач. 19 ст., спалучэнне барока і класіцызму), барочныя касцёл Саграрыо Метрапалітана (1749—68, арх. Л.Радрыгес) і Нац. Палац (1692—99, арх. Д. дэ Вальвердэ, дабудаваны ў 1929); шпіталь Хесус Насарэна (1524—35, арх. П.Васкес, дабудаваны ў 20 ст.), шмат кляштараў і палацаў 17—18 ст. У 1737 М. перапланавана, у 1750 створаны план новага раёна; будаваліся касцёлы, калегіумы, асабнякі. У 19 — пач. 20 ст. пракладзены новыя вуліцы, у т. л.гал. вул. Пасеа дэ ла Рэформа, на З узнік дзелавы цэнтр з праспектамі і паркамі, на З і ПдЗ размясціліся фешэнебельныя кварталы, на Пн і ПнУ — прамысл. і рабочыя раёны. У стылях класіцызму пабудавана Горная школа (1797—1813, арх. М.Тальса), эклектыкі — Палац прыгожых мастацтваў (1904—34, арх. А.Баары і інш.). У 1-й пал. 20 ст. праведзены работы па рэканструкцыі М. (генплан 1932); у дзелавой ч. горада ўзведзены вышынныя будынкі, ун-т, стадыён і інш.Найб. значнае збудаванне 20 ст. — універсітэцкі гарадок (1949—54, кіраўнік буд-ваарх. К.Ласа; пл. 200 га), які ўключае больш за 40 будынкаў, аздобленых мазаікамі (Д.Сікейрас, Д.Рывера, Х.Чавес Марада, Х.О’Горман і інш.). Сярод пабудоў 2-й пал. 20 ст.: жылы комплекс «Беніта Хуарэс» (1950—52, арх. М.Пані, С.Артэга), Нац. аўдыторыум і стадыён «Ацтэка» (1963—67, абодва арх. П.Рамірэс Васкес), вілы ў раёне Педрэгаль (арх. Л.Бараган), Алімп. палац спорту (1966—68, арх. Ф.Кандэла) і інш. У прадмесці М. (цяпер гар. раён Тлальпан) захавалася стараж. піраміда (каля 450 да н.э.), на паўн. ускраіне (Тэнаюка) — піраміда ацтэкаў. Помнікі: Карлу IV (1803, арх. Тальса), Х.Калумбу (1852—92, М.Вілар, і 1876—77, Ш.Кардзье), Незалежнасці (1910, арх. А.Рывас Меркада), С.Балівару (1946, М.Сентур’ён), 150 гадоў незалежнасці Мексікі (1961, К.Абрэгон Сантасілья) і інш.Гіст. цэнтр М. ўключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.
У М. знаходзяцца 7 АН ( у т. л. Нацыянальная), буйнейшыя ВНУ краіны: Нац.ун-т (з 1553, найстарэйшы ў краіне), Нац.політэхн.ін-т, ун-ты Амерыканскі, Ібераамерыканскі, Вышэйшая школа інжынераў, Нац. кансерваторыя і інш. Б-кі: Нац.б-каНац.АН і інш. Музеі: нац. музеі гісторыі, антрапалогіі, нар. мастацтваў і рамёстваў, пластычных мастацтваў, Галерэя жывапісу і скульптуры Сан-Карлас, музей сучаснага мастацтва і інш. Тэатры: Нац. опера, драматычныя «Хіменес Руэда», «Хола», «Ідальга», «Інсурхентэс» і інш.Іл.гл. таксама да арт.Мексіка.
Бібліятэка універсітэцкага гарадка ў Мехіка.Помнік Карлу IV у Мехіка. 1803.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУРО́ЎКАў архітэктуры,
размяшчэнне камянёў, каменных блокаў, цэглы ў пэўнай сістэме, якая выяўляецца малюнкам швоў па паверхні сцяны. Удасканальванне тэхнікі М., выкарыстанне розных тыпаў цэглы, сістэма злучэння цаглін паміж сабой адлюстроўваюць узровень развіцця буд-ва і даюць магчымасць стварыць дакладную шкалу для датавання помніка архітэктуры. Малюнак М. неатынкаваных фасадаў з’яўляецца асн. фактарам паліхроміі ў манум. дойлідстве. Для арх.-буд. практыкі пэўнай эпохі і рэгіёна ўласцівы асобныя сістэмы М.
Вядома са старажытнасці. На Беларусі існавалі мяшаная (з камянёў і цэглы), цагляная і каменная М. Першае збудаванне ў тэхніцы мяшанай М. (опус мікстум) — Полацкі Сафійскі сабор (П ст.). Пластыку фасадаў узбагачалі чаргаванне радоў камянёў са слаямі плінфы, якая звязвала канструкцыю М. (тэхніка са «схаваным радам»). Для Полацкай школы дойлідства (12 ст.) характэрна таксама М. са «схаваным радам», якая ўтварала 2-колерную гаму паверхні сцяны. У тэхніцы каменнай М. (опус інсертум) будавалася Мінская замкавая царква (12 ст.). Яе сцены ў сярэдзіне выкладвалі камянямі, а вонкавую паверхню абкладалі невял. прамавугольнымі блокамі вапняку. У тэхніцы дэкар. мяшанай М. пабудавана Віцебская Благавешчанская царква (12 ст.). Яе сцены мелі радавую М.: 1 рад ачасанага вапняку, 2 рады плінфы і г.д. Для Гродзенскай школы дойлідства (12 ст.) характэрна дэкар. раўнарадавая М., калі акрамя плінфы вонкавую паверхню сцен аздаблялі рознакаляровыя шліфаваныя камяні, паліваныя пліткі, з якіх выкладваліся розныя крыжападобныя фігуры. У інтэр’еры сцены мелі роўную паверхню з плінфы, на іх фоне вылучаліся круглыя гарлавіны галаснікоў. У 13—17 ст. ужывалася лусковая М., калі з цэглы ці спецыяльна падабраных камянёў выкладвалі вонкавыя паверхні сцен, а прамежкі паміж імі забутоўвалі кавалкамі цэглы і дробным каменнем (Камянецкая вежа, Гальшанскі палац). Для 2-й пал. 13 — сярэдзіны 14 ст. характэрна цагляная балтыйская М. з чаргаваннем 2—3 рубаў і старчака цэглы (Крэўскі замак). У 1-й пал. 14 ст. існавала каменная М. (гранд апарайль; Лідскі замак). У 16—17 ст. практыкавалі 2 тыпы мяшанай М.: чаргаванне суцэльных радоў камянёў і цэглы і хаатычна раскіданыя валуны па складзенай з цэглы паверхні (Гродзенскі Стары замак, замак у г.п. Мір, гл.Мірскі замкава-паркавы комплекс). З сярэдзіны 14 ст. да сярэдзіны 16 ст. пераважала цагляная гатычная М. з чаргаваннем у радзе старчака і руба (Сынковіцкая царква-крэпасць). З 15 ст. пашырылася дэкар. гатычная М., дзе выкарыстоўвалася перапаленая цэгла-клінкер (цёмна-сіняга, амаль чорнага колеру), з якой выкладвалі розныя ўзоры, найчасцей у выглядзе рамбічнай сеткі (Ішкалдскі Троіцкі касцёл). У 2-й пал. 16 ст. з’явілася рэнесансавая М. (чаргаванне радоў з старчакоў і рубаў цэглы). У 16—17 ст. ужываўся крыжовы варыянт рэнесансавай М., калі швы стыкаў рубаў знаходзіліся адзін над адным у кожным 5-м радзе цэглы (Заслаўская Спаса-Праабражэнская царква). У 17—18 ст. вядома і галандская М., у якой рады з старчакоў чаргаваліся з радамі, дзе старчак чаргаваўся з рубам (Мсціслаўскі езуіцкі калегіум). У фартыфікацыйным буд-ве 16—18 ст. выкарыстоўвалася старчаковая М. (Мураванкаўская царква-крэпасць). З 2-й пал. 16 ст. фасады будынкаў атынкоўваліся, што прывяло ў 17 ст. да адраджэння раўнарадавай М. (збудаванні Магілёўскай арх. школы).
У 19 — пач. 20 ст. ў архітэктуры стыляў рамантызму, несапраўднай готыкі, мадэрн і інш. выкарыстоўвалі розныя тыпы М., але часцей гатычную. Для архітэктуры невял. капліц, касцёлаў, цэркваў, мураваных агароджаў гасп. пабудоў 19—20 ст. характэрна т.зв. разынкавая М., калі вял. камяні абмазваліся вапнай і ў яе ўтыкаліся дробныя каменьчыкі, здалёк падобныя на разынкі; часам з іх выкладвалі розныя ўзоры. У сучаснай архітэктуры практыкуецца мяшаная, цагляная і каменная М. з выкарыстаннем прыродных і штучных (бетонныя блокі, керамічныя пліты, абліцовачная цэгла) матэрыялаў. Дэкар. эфект М. дасягаецца сістэмай перавязкі цаглін паміж сабой, камбінацыяй колераў і фактуры цэглы.
Літ.:
Пазняк Р. Беларускі каменны арнамент // Маладосць. 1968. № 12;
Трусов О.А. Основные типы кладки XI—XII вв. на территории Белоруссии // Древнерусское государство и славяне. Мн., 1983;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЫРО́ВІЦКІ УСПЕ́НСКІ МАНАСТЫР,
мужчынскі правасл. манастыр у в.Жыровічы Слонімскага р-на Гродзенскай вобл. Размешчаны на ўзвышаным беразе р. Шчара. Упершыню згадваецца ў 1587, засн. на месцы з’яўлення Жыровіцкага абраза Маці Божай (напачатку была пабудавана драўляная, потым мураваная царква). У 1609 манастыр стаў уніяцкім, з 1613 належаў ордэну базыльян і ў 17—19 ст.наз.Жыровіцкі манастыр базыльян. Першым грэка-каталіцкім ігуменам быў І.Кунцэвіч. У 1613—18 Д.Солтан, Я.Мялешка і Л.Сапега падарылі манастыру ворныя землі вакол Жыровіч. Тут адбываліся кангрэгацыі (з’езды) базыльян (1629, 1658, 1659, 1661, 1675, 1679, 1694). Пры манастыры існавала школа для свецкіх асоб. Не пазней як з 1709 тут дзейнічалі ніжэйшыя і філас. школы, якія ператвораны Адукацыйнай камісіяй у 3-класнае вучылішча. У пач. 19 ст. манастыру належалі фальваркі Боцькаўшчына, Яцукі, частка в. Квасевічы і палавіна в. Ахонава (усяго 376 рэвізскіх душ), у Жыровічах — 19 валок 12 маргоў зямлі. У 1810—28 тут знаходзілася кафедра Брэсцкай уніяцкай епархіі, у 1828—39 — Літ. уніяцкай епархіі. У 1828 на базе пав. вучылішча створана Літ. духоўная семінарыя. Пасля скасавання ў 1839 Брэсцкай уніі 1596 манастыр зноў стаў праваслаўным. У 1842 амаль усе яго зямельныя ўладанні перададзены ў казну, манастыр залічаны да 2-га класа. Да 1845 тут знаходзілася кафедра Літ.правасл. епархіі і духоўная семінарыя. З сярэдзіны 19 ст. да 1915 дзейнічала Жыровіцкае духоўнае вучылішча. У манастыры былі вял.б-ка з рэдкімі рукапісамі (у т. л.Жыровіцкае евангелле) і архіў. З 1945 (з перапынкам у 1963—89) у манастыры дзейнічае Мінская духоўная семінарыя. У 1960—90 на тэр. манастыра часова жылі насельніцы закрытых жаночых манастыроў — Гродзенскага Раства Багародзіцы і Полацкага Спаса-Ефрасіннеўскага. Узначальвае манастыр намеснік у сане епіскапа. Сучасны арх. ансамбль склаўся ў 17—18 ст. На працягу 1629—1828 былі пабудаваны мураваныя Успенскі сабор, Крыжаўзвіжанская і Яўленская цэрквы, званіца, семінарыя (новы будынак узведзены ў 1956), жылы манастырскі корпус, гасп. пабудовы, пасаджаны пладовы сад, зроблена сажалка; комплекс часткова абнеслі мураванай сцяной з брамамі. Ансамбль нерэгулярнай планіроўкі, мае маляўнічую аб’ёмна-прасторавую кампазіцыю і выразны шматпланавы сілуэт. У яго архітэктуры спалучаюцца рысы барока, ракако і класіцызму. Ядро кампазіцыі — Успенскі сабор, злучаны крытымі пераходамі з будынкам семінарыі (на Пн) і з жылым корпусам (на Пд), у 1-м паверсе якога зроблены праезд на тэр. манастыра. Будынак семінарыі фарміруе парадны двор перад апсідай сабора. Каля ўсх. крыла семінарыі вял. прамавугольны гасп. двор, абкружаны 1-павярховымі карпусамі. На ПдУ ад сабора Яўленская царква. Ва ўсх.ч. манастыра на самым высокім месцы Крыжаўзвіжанская царква — верт. дамінанта ансамбля. Успенскі сабор, пабудаваны ў 1629—80 як гал. храм манастыра, уяўляе сабой мураваную 3-нефавую крыжова-купальную базіліку (даўж. 55 м, выш. каля 40 м) з паўкруглай апсідай. Да яго прымыкаюць 3 цёплыя прыдзелы: Пакрова Прасвятой Маці Божай, Раства Іаана Хрысціцеля і св. цудатворца Мікалая. Першапачаткова сабор пабудаваны ў стылі барока з 2-вежавым гал. фасадам. Пасля рэканструкцыі 1828 храм набыў рысы класіцызму: вежы разабраны, зменена форма светлавога барабана і купала, у дэкоры выкарыстаны дарычны ордэр (4-калонны порцік з трохвугольным франтонам, фрыз з трыгліфамі). У яго інтэр’еры драўляны разны 3-ярусны іканастас у стылі барока (ракавіны, гірлянды, херувімы, арнамент у выглядзе вінаграднай лазы і лістоў аканта). Плошчу перад саборам фарміруе квадратная ў плане 2-ярусная званіца, звязаная з саборам адзінай падоўжнай планіровачнай воссю. Яе архітэктура заснавана на класічнай ордэрнай сістэме. Крыжаўзвіжанская царква, пабудаваная ў 1769 як уніяцкі храм-кальварыя ў стылі ракако, адназальная, са званіцай над уваходам, без вылучэння апсіды ў самаст. аб’ём. Яе гал. фасад адметны стройнасцю і лёгкасцю 3-яруснай кампазіцыі. 3-і ярус — 4-гранная вежачка з фігурнай барочнай галоўкай. Падобная вежачка і над алтарнай часткай. Яўленская царква, пабудаваная ў 1796 у стылі барока ў цэнтры манастыра, — бязвежавы адназальны храм. Яе гал. 2-ярусны фасад выходзіць за межы асн. аб’ёму. Семінарыя, пабудаваная з паўн.-ўсх. боку сабора ў 17—18 ст. у стылі барока, — П-падобны трохпавярховы будынак з мансардавым дахам, вырашаны ў манум. формах, мае сім. планіровачнае і аб’ёмна-планіровачнае вырашэнне. Жылы корпус, што прымыкае да сабора пры дапамозе надбрамнага пераходу, — выцягнуты 2-павярховы аб’ём галерэйнай планіроўкі. Гаспадарчы корпус — 1-павярховае П-падобнае ў плане збудаванне; з паўн.-зах. фасадам семінарыі ён утварае вял.гасп. двор. У спрошчаным арх.-дэкар. вырашэнні корпуса прасочваюцца матывы барока (фігурны тарцовы шчыт) і класіцызму (карнізныя сухарыкі, франтоны).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАДМАГІ́ЛЛЕ,
твор скульптуры ці архітэктурнае збудаванне, якія прызначаюцца для ўвекавечвання памяці нябожчыка і ўстанаўліваюцца на яго магіле. Н. ствараюць у выглядзе бюстаў, статуй, рэльефаў, стэл, калон, абеліскаў і інш. Форма і характар Н. абумоўлены сац. і рэліг. патрабаваннямі, пануючым маст. стылем.
Вядомы з часоў неаліту ў выглядзе слупоў, менгіраў, у Стараж. Грэцыі — статуі, стэлы з выявай памерлага. З 11 ст. ў Зах. Еўропе асн. тыпам Н. была тумба (пустая каменная ці бронз. каробка). На сярэдневяковым Каўказе, у Румыніі, на Балканах пашыраны каменныя пліты з арнаментальнай разьбой. Кіт. Н. (верт. пліты) узводзіліся адна над адной і паступова пераўтвараліся ў мемар. сцены. У эпоху Адраджэння Н. выцеснены грабніцамі. У 17—18 ст. партрэтныя выявы часта спалучалі з сімваламі і алегарычнымі фігурамі; большую значнасць набылі надпісы 3 канца 18 — пач. 19 ст. Н. ўстанаўліваюцца на могілках. У Н. 2-й пал. 19—20 ст.рэліг.-дыдактычны пачатак паступова слабее, аздабленнем магілы часцей становіцца партрэт памерлага ці сімвалічна-мемар. эмблема.
На Беларусі Н. вядомы з 16 ст. Уяўлялі сабой каменныя або жал. пліты з тэкстам пра жыццё памерлага, выявамі герба, евангельскіх сцэн, іх клалі на магілу або ў храмах (надмагільная пліта епіскапа Цярлецкага, захоўваецца ў Музеі стараж.-бел. культуры Ін-та мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нац.АН Беларусі). Паяўленне скульпт. Н. звязана з уплывам традыцый Адраджэння і дзейнасцю італьян. мастакоў. Захаваліся Н. 16 ст.: А.Гаштольда — рэльефная выява памерлага (1539—41, скульпт. З.Бернардзін), П.Гальшанскага (1550, скульпт. Падавана; абодва ў Віленскім кафедральным саборы), фрагмент мармуровага Н. з выявай спячага дзіцяці з замка ў г.п. Мір (Гродзенскі гісторыка-археал. музей), надмагільны рэльеф М.К.Радзівіла Сіроткі (пасля 1616) і Н. ў выглядзе бюста другога яго сына (1608, абодва ў Нясвіжскім касцёле езуітаў), шматфігурная кампазіцыя на пліце ў памяць пра тых, што загінулі пад Хоцімам (пасля 1643, Навагрудскі фарны касцёл), Мікалая і Барбары Вольскіх — укленчаныя адзін супраць аднаго перад крыжам (пасля 1623, Георгіеўскі касцёл у в. Крамяніца Зэльвенскага р-на Гродзенскай вобл.), Л.Сапегі і яго жонак (пасля 1633, касцёл Міхаіла ў Вільні), П.Сапегі і трох жонак (пасля 1635, в. Гальшаны Ашмянскага р-на Гродзенскай вобл., цяпер у Музеі стараж.-бел. культуры). Рысы класіцызму выяўляюцца ў маст. вырашэнні надмагілля Б.Біспінка з мармуровай выявай жанчыны, якая сядзіць на саркафагу (1789, скульпт. І.Прукнер, Троіцкі касцёл, г.п. Ружаны Пружанскага р-на Брэсцкай вобл.), К.Радзівіл (1825, Нясвіжскі касцёл езуітаў), графа М.П.Румянцава (1834, скульпт. В.Дэмут-Маліноўскі, Гомельскі краязнаўчы музей), брата А.Міцкевіча Аляксандра (пасля 1873, г. Кобрын Брэсцкай вобл.), А.Чахоўскага (пасля 1858, в. Лунна Мастоўскага р-на), С.Пац (19 ст., Троіцкі касцёл, г.п. Рось Ваўкавыскага р-на Гродзенскай вобл.), А.Тызенгаўза з бронзавай выявай сядзячай жанчыны і партрэтным медальёнам (1887, скульпт. Т.Дукас, Гродзенскі касцёл езуітаў). У 2-й пал. 20 ст. створаны шэраг значных Н. дзярж. дзеячаў, вучоных, пісьменнікаў, артыстаў, мастакоў: Я.Коласа (1970, скульпт. У.Ананька, М.Якавенка, арх. М.Мызнікаў), Я.Купалы (1971, скульпт. А.Анікейчык і А.Заспіцкі), І.Жыновіча (1976, скульпт. З.Азгур), І.Мележа (1980, скульпт. С.Вакар, арх. Ю.Казакоў), П.М.Машэрава (1983, скульпт. Анікейчык, арх. Л.Левін, Ю.Градаў), Е.Лось (1985, скульпт. Заспіцкі), І.І.Грамовіча (скульпт. М.Рыжанкоў), А.А.Анікейчыка (абодва 1988, скульпт. А.Фінскі), Ю.А.Карачуна (скульпт. У.Лятун), В.Ц.Турава (абодва 1999, скульпт. Якавенка). У мемар. комплексе «Брэсцкая крэпасць-герой» створана агульнае Н. над некропалем герояў, што загінулі ў крэпасці (1967—71, арх. У.Кароль, Казакоў, В.Волчак, В.Занковіч, Г.Сысоеў і інш.). Н.-стэлы ўстаноўлены ахвярам фашызму каля в. Маціёва Талачынскага р-на (1967) і ў г. Докшыцы (1968), на брацкай магіле партызан, ахвяр фашызму і землякоў у в. Масевічы Маларыцкага р-на Брэсцкай вобл. (1975), гомельскім апалчэнцам і Ц.С.Барадзіну (1975, скульпт. Г.Гарбанёў), на брацкай магіле чырвонагвардзейцаў у в. Калышкі Лёзненскага р-на Віцебскай вобл. (1983) і інш.
А.К.Лявонава.
Надмагілле Мікалая і Барбары Вольскіх у Георгіеўскім касцёле вёскі Крамяніца Зэльвенскага раёна Гродзенскай вобл.Да арт.Надмагілле. Помнік на магіле Янкі Купалы. 1971. Скульптары А.Анікейчык і А.Заспіцкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
план, ‑а, м.
1. Чарцёж, які паказвае ў паменшаным выглядзе мясцовасць, прадмет, збудаванне і г. д. у гарызантальнай праекцыі. План зямельнага ўчастка. План школьных будынкаў. □ Раз увечар віхор кучаравы Да настаўніцкіх вокнаў прылёг. І за шклом размалёваным, зорным, У міганні вясёлкавых мараў Ён убачыў у хаце прасторнай Карты-планы балотных абшараў.Багун.
2. Праграма заданняў і прац у гаспадарчай, культурнай і інш. галінах, якія павінны быць выкананы ў адпаведны тэрмін. Пяцігадовы план. Народнагаспадарчы план. □ [Паўліна:] Я калі пабыла на першай сесіі,.. паслухала як прымалі пяцігадовы план, — нібы на свет нанава нарадзілася.Шамякін.
3. Праект, праграма якога‑н. дзеяння. Віця і Міхась шмат накрэслілі планаў, як правесці лета.Чарнышэвіч.Свідравала мозг гэтая страшная думка, і ў той жа час у галаве борзда, борзда складаўся план дзеяння.Колас.І тады адразу з’явіўся ў Міколкі план, як спрытней узяць ворага.Лынькоў.
4. Парадак, паслядоўнасць, сістэма, кампазіцыя чаго‑н. План урока. План даклада. □ [Святлана] разгарнула тоўсты сшытак у цыратовай вокладцы, каб аднавіць у памяці план свайго наступнага ўрока.Шахавец.
5. Месца, занятае асобай або прадметам у перспектыве, вызначанае паводле адлегласці яго ад назіральніка, ад камеры. На заднім плане [карціны] за спіной дзецюка, за яго канём, выступаюць абрысы вясковай вуліцы.Ліс.//перан. Месца, якое займае хто‑н., што‑н. з пункту гледжання яго значнасці, важнасці. І Галя чамусьці ўзнікала большым планам і засланяла сабою Альбіну.Сабаленка.[Сухадольскі:] Цяжка памірыцца з тым, што цябе адціскаюць на задні план.Крапіва.На першы план у рамане выступаюць сацыяльна-палітычныя матывы.«Полымя».
6. Галіна, сфера праяўлення чаго‑н.; спосаб разгляду чаго‑н. Ролі гераічнага плана занялі ў яго [Кістава] рэпертуары бадай што асноўнае месца.«Беларусь».Можна было б выказаць пажаданні аб большай разнастайнасці планаў у перадачы.«ЛіМ».
7.Спец. Маштаб паказу прадметаў ці асоб пры здымках, у творах і т. п. На экране тым часам буйным планам быў паказаны велізарны бамбардзіроўшчык.Васілёнак.Буйным планам робіць Міцкевіч у паэме накіды краявідаў Навагрудчыны.Лойка.
•••
Адысці на задні плангл. адысці.
[Ад лац. planum — плоскасць.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
труба́, ‑ы; мн. трубы, труб; ж.
1. Доўгі пусты ў сярэдзіне прадмет круглага сячэння, прызначаны для правядзення вадкасці, пары, дыму і пад. Водаправодная труба. Каналізацыйная труба. Трубы цэнтральнага ацяплення. □ Яе чуваць было характэрнага гудзення станкоў, пракураная труба кацельнай не дыміла.Лынькоў.// Аптычны прыбор або частка яго такой формы. Труба тэлескопа.// Апарат для перадачы распараджэнняў у машыннае аддзяленне судна.
2. Духавы медны музычны інструмент з раструбам на канцы. Сола для трубы з аркестрам. □ Заўсёды, у любую часіну, Як клікалі трубы ў паход, Сцяной уставаў за Айчыну Твой мужны, бясстрашны народ.Матэвушаў.// Дудка з раструбам, звычайна з бяросты. І вярталіся з пашы Каровы з лагодным рыканнем Пад вячэрнюю песню Берасцянай трубы.Панчанка.Хлопец сядае пад дрэўца, выцягвае з кайстры берасцяную трубу, падносіць да губ.Гамолка.// Раструб (грамафона, рэпрадуктара і пад.). Грамафонная труба.
3. Канал у арганізме для сувязі паміж асобнымі органамі. Еўстахіева труба (злучае поласць вуха з глоткай). Матачная (фалопіева) труба (тое, што і яйцавод).
4. У мове паляўнічых — хвост лісы.
5.узнач.прысл.трубой (‑ою). Прама ўверх, вертыкальна. Задраўшы ўгору хвост трубою, Сама давольная сабою, Снуецца Такса між кустамі.Колас.— Як на тарфянішчы жыты? — Ўсталі, брат, трубою.Броўка.
7.безас.узнач.вык., каму-чаму і без дап. Гібель, пагібель. Вядзьмар за дапамогаю — да чорта, да самага д’ябла: — Ратуй! Інакш — труба! Мая ўлада ўжо аслабла, Мне не па сілах барацьба...Валасевіч.
•••
Аэрадынамічная труба — лабараторная ўстаноўка, якая стварае моцную плынь паветра для эксперыментальнага вывучэння з’яў, што вынікаюць пры абцяканні цвёрдых цел паветрам.
Дымагарныя трубы — трубы ўнутры паравога катла, па якіх праходзяць газы з топкі і саграваюць ваду.
Маставая труба — збудаванне, якое прапускае ваду пад дарогай або насыпам.
Падзорная труба — аптычны прыбор для наглядання на далёкай адлегласці.
Вылецець у трубу — разарыцца ўшчэнт.
Ерыхонская (іерыхонская) труба — пра вельмі гучны голас; пра чалавека з такім голасам (ад назвы горада Іерыхона).
Прайсці (праз) агонь, ваду і медныя трубыгл. прайсці.
У трубы віццагл. віцца.
Хвост трубойгл. хвост.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
МОСТ,
збудаванне, якое пракладвае шлях над перашкодай. Узводзяць цераз рэкі і інш. вадацёкі (уласна М.), цераз дарогі (пуцеправоды), яры і цясніны (віядукі), а таксама замест насыпаў і плацін (эстакады). Паводле прызначэння адрозніваюць пешаходныя, аўтадарожныя, чыгуначныя масты, сумешчаныя, для водазабеспячэння (акведукі), пропуску водных шляхоў (М.-каналы), газа- і нафтаправодаў; паводле працягласці бываюць малыя (да 25 м), сярэднія (25—100 м), вялікія (больш за 100 м), пазакласныя (больш за 500 м, у якіх ёсць пралёты болей за 100 м); паводле канструкцыі — арачныя, бэлечныя масты, вантавыя масты, вісячыя масты, рамныя масты, камбінаваныя. Асобную групу ўтвараюць наплаўныя масты, развадныя масты, зборна-разборныя, а таксама масты ваенныя.
М. падзяляюць таксама на: адно-, двух- і шматпралётныя; з яздой па версе, па нізе, па сярэдзіне; нізка- і высакаводныя; жалезабетонныя, стальныя, сталежалезабетонныя, бетонныя, драўляныя (пераважна часовыя). М. звычайна складаецца з пралётных канструкцый і апор (прамежкавых быкоў і канцавых устояў). Апоры М. бываюць масіўныя, ражавыя, па́левыя, на па́левых абалонках, апускных калодзежах і кесонах; устоі спалучаюць М. з земляным палатном дарогі. На пралётнай канструкцыі размяшчаюць праезную ч., пешаходныя праходы, трубаправоды. Асн. параметры М.: агульная даўжыня, даўжыня пралётных канструкцый, шырыня праезнай ч. і тратуараў, падмаставы габарыт. Будуюць па тыпавых або індывід. праектах, выпрабоўваюць на статычныя і дынамічныя нагрузкі. Будаваць М. (драўляныя і каменныя) пачалі са стараж. часоў, на Русі — з 10 ст. драўляныя (пераважна наплаўныя), з пач. 16 ст. — каменныя. Першы метал. (чыгунны) М. пабудаваны ў Англіі ў 1779, у Расіі — у 1784 у Пецярбургу; вял. ланцуговы М. — у 1847—53 у Кіеве. З пач. 20 ст. значнае пашырэнне набылі жалезабетонныя М. З пач. 19 ст. пачалі будаваць вісячыя масты, пралёты іх хутка павялічваліся. У 1937 цераз праліў у Сан-Францыска (ЗША) пабудаваны унікальны вісячы М. з пралётам 1281 м. У тэорыю і практыку мостабудавання значны ўклад зрабілі працы рас. і сав. вучоных М.А.Белялюбскага, Дз.І.Жураўскага, С.В.Кербедза, Л.Ф.Нікалаі, Я.А.Патона, Р.П.Перадзерыя, Л.Дз.Праскуракова, Ф.С.Ясінскага; Э.Фрэйсінэ (Францыя), Р.Маяра (Швейцарыя) і інш.
Многія М. з’яўляюцца помнікамі дойлідства і інж. мастацтва. М. стараж.-рым. дасягнулі адзінства архітэктуры і інжынерыі: выразная архітэктоніка масіўнай шматарачнай канструкцыі, амаль пазбаўленай дэкору, надавала ім выгляд суровай магутнасці (М. Алькантара цераз цясніну р. Таха ў Іспаніі, 98—106 н.э., будаўнік Гай Юлій Лацэр). Найб. пашыраныя да сярэдзіны 19 ст. каменныя М. мелі масіўныя ўстоі і пралёты, што стварала ўражанне ўстойлівасці і надзейнасці. Метал. М. сталі менш грувасткімі і набылі ажурнасць сілуэта (М. цераз р. Дору ў г. Порту ў Партугаліі, 1881—85, інж. А.Г.Эйфель). Яны паўплывалі на стылістыку М. 20 ст.Вял. пластычнай выразнасцю адметныя жалезабетонныя М. Іх дынамічнасць і зрокавая лёгкасць форм надаюць буйным збудаванням своеасаблівую элегантнасць (М. цераз р. Арв у Швейцарыі, 1936, інж. Р.Маяр). Арыгінальныя сілуэты М. істотна ўплываюць на арх. аблічча горада (напр., М. ў Празе, Будапешце, Пецярбургу, Кіеве і інш.).
Сярод найб. значных і прыгожых М.: цераз р. Дзебед каля манастыра Санаін у Арменіі (1192), цераз р. Эльба ў г. Дрэздэн (Германія; 1260), Карлаў М. у Празе (1357), Санта-Трыніты ў Фларэнцыі (Італія; 1567), вісячы Бруклінскі М. у Нью-Йорку (1869—83), Таўэрскі ў Лондане (1886—94), чыг. арачны Мюнгстэнскі цераз даліну р. Вупер каля г. Золінген (Германія; 1897, выш. каля 107 м), цераз р. Св Лаўрэнція ў г. Квебек (Канада; 1899—1917, пралёт 549 м), Вял. Маскварэцкі ў Маскве (1938), Патона ў Кіеве (1951), цераз праліў Басфор (Турцыя; 1973), цераз эстуарый Хамбер на У Вялікабрытаніі (даўж, 1410 м, 1981). Шэдэўрам цяслярнага мастацтва з’яўляюцца драўляныя рыштаванні і кружала Чортавага М. на аўтамагістралі Гера—Іена ў Германіі (1937). Самыя высокія М.: у свеце — на выш. 321 м перасякае Каралеўскі каньён у штаце Каларада, ЗША (пралёт 218 м, 1929), у Еўропе — М. «Еўропа» (выш. 190 м, даўж. 820 м) цераз р. Зіль у г. Інсбрук, Аўстрыя (1959—63). Найб. колькасць М. у г. Гамбург (Германія) — 2,5 тыс., у С.-Пецярбургу — каля 800, у т. л. М. Анічкаў, Банкаўскі, Ільвіны мосцік і інш. У Еўропе захавалася некалькі забудаваных М.: Лонданскі цераз р. Тэмза (1209; да 14 ст. ўяўляў сабой своеасаблівы гар. квартал з 5-павярховымі дамамі), у Парыжы на М. Мянялаў асталяваліся банкіры; М. Понтэ-Векіо ў Фларэнцыі (Італія) з ювелірнымі крамамі; М. крамнікаў у г. Эрфурт (Германія) пабудаваны ў 1325 цераз р. Гера, дзе абапал яго стаяць 34 адрэстаўрыраваныя 2- і 3-павярховыя фахверкавыя дамы. Сярод вядомых стваральнікаў М.: у Англіі Т.Тэлфард, А.Дэрбі, Дж.Уілкінсан, Р.Стэфенсан, у Францыі Эйфель, у Італіі Л.Б.Альберці, Б.Аманаці, у Швейцарыі І.У.Грубенман, у ЗША В.Роблінг і яго сын Дж.А.Роблінг, Дж.Фінлей, на Украіне Я.А.Патон.
На Беларусі драўляныя М. вядомы з 10—11 ст. Іх будавалі цераз рэкі, каналы, балоты, замкавыя равы і інш. Яны мелі 2 асн. апорныя канструкцыі — на палях і ізбіцах. Замкавыя М. падымаліся на спец. ланцугах (узводах). У 1567 у Гродне цераз Нёман пабудаваны драўляны М. з каменнымі падпорамі. У 18—19 ст. узведзены каменныя арачныя М. ў Брэсце, Віцебску і інш. Шэраг чыг. М. пабудаваны з пракладкай Пецярбургска-Варшаўскай чыгункі (участак Парэчча—Гродна ўведзены ў эксплуатацыю ў 1862) і ўчастка Смаленск—Брэст (у 1871). У 1950—80-я г. пабудаваны: М. цераз р.Зах. Дзвіна ў Віцебску, цераз р. Дняпро ў Магілёве і Рэчыцы (усе арх. В.Ладыгіна), цераз р. Свіслач на праспекце Скарыны і вул. М.Багдановіча ў Мінску, пуцеправоды цераз яр Дзебра ў Магілёве і чыгунку станцыі Мінск-Пасажырскі ў Мінску і інш. На Беларусі больш за 4600 аўтадарожных і каля 2000 чыг. М. (1999). Найб. М. цераз р. Прыпяць каля г. Мазыр Гомельскай вобл.даўж. 947 м пабудаваны ў 1995.
Літ.:
Кётэ Р. Мосты: Пер. с нем. [М., 1991].
І.І.Леановіч, Т.Р.Мартыненка (архітэктура).
Карлаў мост у Празе. 1357.Таўэрскі мост у Лондане. 1886—94.Мюнгстэнскі чыгуначны арачны мост цераз даліну р. Вупер каля г. Золінген. Германія. 1897.Драўляныя рыштаванні і кружала «чортавага» моста на аўтамагістралі Гера—Іена. Германія. 1937.Мост цераз р. Заходняя Дзвіна ў Віцебску. 1953—55.