фі́га 1, ‑і, ДМ фізе, ж.
Разм. Тое, што і дуля (у 3 знач.). Падарожнік тыцнуў Сымону ў самыя вочы дзве фігі. Бядуля.
•••
Без фігі не да носа гл. нос.
Глядзець у кнігу, а бачыць фігу — нічога не разумець.
Фіга з маслам; фіга на талерцы — нічога, зусім нічога.
Фігу з’есці гл. з’есці.
фі́га 2, ‑і, ДМ фізе, ж.
1. Субтрапічнае дрэва сямейства тутавых; смакоўніца.
2. Плод гэтага дрэва. Вялікія кашы з фінікамі, фігамі,.. гранатамі, апельсінамі і ўсялякай агароднінай стаяць на бруку. В. Вольскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ястрабі́ны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да ястраба. Ястрабінае пер’е. Ястрабінае гняздо.
2. Які ажыццяўляецца з дапамогай ястраба. Ястрабінае паляванне.
3. Такі, як у ястраба, уласцівы ястрабу; драпежны. Які змрочны твар у млынара Паківача. Як глядзяць на папа ягоныя ястрабіныя вочы. Караткевіч. У жанчыны з вёскі Ястрабень ёсць у смуглявым твары нешта ястрабінае — карыя праніклівыя вочы, кручкаваты тонкі нос, рэзкія рысы твару, жорсткія, скупыя губы. В. Вольскі.
4. у знач. наз. ястрабі́ныя, ‑ых. Сямейства птушак атрада драпежных, да якога адносяцца каршун, ястраб, арол і інш.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
гадзю́ка, ‑і, ДМ ‑дзюцы; Р мн. ‑дзюк; ж.
1. Ядавітая змяя шэрага колеру з чорнай зігзагападобнай паласой уздоўж спіны. А гэтым часам пры сасонцы Гадзюка грэецца на сонцы, — Блішчыць на ёй узор лускі. Крапіва. Вялікая светла-шэрая гадзюка з выразным чорным узорам на спіне гналася па сцежцы за травяной жабай. В. Вольскі.
2. Разм. лаянк. Пра небяспечнага шкоднага чалавека. Людзі маўчалі: такі час, можа знайсціся гадзюка якая, і тады памінай, як чалавека звалі. Шчарбатаў.
•••
Гадзюка падкалодная — тое, што і змяя падкалодная (гл. змяя).
Прыгрэць гадзюку на (сваіх) грудзях гл. прыгрэць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
гла́дкі, ‑ая, ‑ае; ‑дак, ‑дка.
1. Роўны, без упадзін і выступаў. Гладкі асфальт. Гладкая пляцоўка. □ Аэрадром займаў вялізнае гладкае поле. Бядуля. Калёсы .. затарабанілі па роўнай гладкай дарозе. Скрыган. // Не шурпаты, слізкі, прыемны на дотык. Гладкае шкло. Гладкая папера. // Прамы, не завіты (пра валасы). Гладкая прычоска.
2. перан. Складны, плаўны, лёгкі для разумення (пра мову, верш, думкі і пад.). Суседкі слухалі, слёзы выціралі і дзівіліся, адкуль такі гладкі язык у заўсёды маўклівай Аўдоцця. Бядуля.
3. Разм. Сыты, адкормлены. Рыхтуючыся да суровай зімы, .. [мядзведзіца] зрабілася тлустай і гладкай. В. Вольскі. У сваёй маткі ўсе дзеткі гладкі. Прыказка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ве́шаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
1. што. Надаваць чаму‑н. вісячае становішча. Вешаць вопратку. Вешаць вядро на крук.
2. каго. Караць смерцю праз павешанне. З нялюдскай жорсткасцю спаганялі фашысты сваю злосць на мясцовым насельніцтве, палілі вёскі.., расстрэльвалі і вешалі людзей. В. Вольскі.
•••
Вешаць галаву — сумаваць, маркоціцца.
Вешаць нос — тое, што і павесіць нос (гл. павесіць).
Вешаць сабак на каго — нагаворваць, звальваць што‑н. на каго‑н.
Вешаць ярлык — неабгрунтавана абвінавачваць каго‑н., няправільна, шаблонна ацэньваць, характарызаваць чыё‑н. дзеянне, учынак.
Хоць тапор вешай — пра цяжкае, нясвежае паветра ў памяшканні.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
во́ддаль,
1. прысл. На некаторай адлегласці. Крыху воддаль працавала група моладзі. Шамякін. Падыходзім да прыгожага вялікага дома, які стаіць воддаль ад вёскі. Бялевіч.
2. прыназ. з Р. Разм. Ужываецца пры абазначэнні прадмета, пункта і пад., у адносінах да якога вызначаецца месца знаходжання, становішча каго‑, чаго‑н. А воддаль зямлянкі, акопы і дзоты. Тырчаць кулямёты, зеніткі стаяць. Машара.
3. у знач. наз. во́ддаль, ‑і, ж. Далечыня, далеч. Адны з галасоў гучалі слабей, прыглушаныя воддаллю, другія, бліжэйшыя, усё мацней і выразней. В. Вольскі. Скрытыя воддаллю рысы твару несупынна мяняліся, прымаючы разнастайныя міны. Гартны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
інсты́нкт, ‑у, М ‑кце, м.
1. Прыроджаная здольнасць жывёльных арганізмаў рабіць бессвядомыя мэтанакіраваныя дзеянні ў адказ на змены ўнутранага або знешняга асяроддзя. Інстынкт самазахавання. □ Працуючы над складанымі пабудовамі і ўмела рэгулюючы ўзровень вады, бабёр кіруецца не розумам, а прыроджаным інстынктам. В. Вольскі.
2. Неўсвядомленая цяга, імкненне да чаго‑н. Мацярынскі інстынкт.
3. перан. Чуццё; прадчуванне чаго‑н. З нейкага інстынкту дванаццацігадовая жанчына адразу прачнулася. Чорны. Інстынкт падказваў мне, што юнак збольшага ведае мяне. Кулакоўскі. І, разгубленая, збянтэжаная, кіруючыся хутчэй не розумам, а жаночым інстынктам, Вера Андрэеўна вырашыла мяняць тактыку. Арабей.
[Ад лац. instinctus — пабуджэнне.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
здабы́ча, ‑ы, ж.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. здабываць — здабыць. Здабыча золата. □ Вельмі ж непрадумана рабілася падсочка. Стараліся план па здабычы жывіцы выканаць, а што сосны могуць засохнуць — гэта не вельмі турбавала. Даніленка.
2. Тое, што здабыта, атрымана, дасягнута шляхам якіх‑н. намаганняў. Ваенная здабыча. □ Калісьці тут грабежнікі-піраты дзяліліся здабычаю багатай. А. Вольскі.
3. Тое, што здабыта на паляванні, лоўлі і пад.; прадмет палявання, лоўлі. Паляўнічы спрытным рухам закінуў стрэльбу за плячо, падбег да здабычы. Гамолка. Хлапцы пачапілі сазаноў папружкай пад жабры, закінулі сваю.. здабычу за плечы і пайшлі. Самуйлёнак.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
бу́дучыня, ‑і, ж.
1. Часы, падзеі, якія прыйдуць на змену цяперашнім; стан, становішча чаго‑н. у будучым. Камунізм — светлая будучыня чалавецтва. □ Падзеі апошніх гадоў з новай сілай пацвярджаюць, што капіталізм — гэта грамадства, пазбаўленае будучыні. Брэжнеў.
2. Становішча, абумоўленае пэўнымі ўмовамі; лёс, доля. У Нарачы — бясспрэчная будучыня курортнага раёна. В. Вольскі. І ўсё часцей усё лепшае ў сваёй будучыні звязвала [Таццяна] з імем Жэнькі. Шамякін. // Тое, што чакаецца ў будучым. [Максім:] — Наша справа калектыўнай гаспадаркі ёсць справа жыццёвая, правільная, а таму ёй належыць будучыня. Колас.
3. Будучае пакаленне; нашчадкі. Дзеці — наша будучыня.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
згра́бны, ‑ая, ‑ае.
1. Прапарцыянальна і прыгожа складзены; спрытны. Аня была дзяўчына невысокая, гібкая, са зграбнай постаццю, ружова-смуглявым тварам і не надта цёмнымі валасамі, якія завіваліся кудзеркамі. Карпюк. Волька .. цяпер стаіць перад сотнямі вачэй красуняй дзяўчынай, высокай, зграбнай, бы маладая вішня. Нікановіч. // Прыгожы па форме; далікатны. Белая кофта з адкінутым каўнерчыкам прыемна паказвае яе [Веры Ігнатаўны] зграбную шыю. Пестрак. // Зроблены з мастацкім густам. Зграбная ваза. Зграбная статуэтка. / Пра дрэвы, калоны і пад. Усюды тонкія зграбныя калоны, высокія скляпенні, лёгкія аркі. В. Вольскі.
2. Грацыёзны ў позах і рухах. Зграбная паходка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)