раздзел мовазнаўства, які вывучае тэрытарыяльнае распаўсюджанне моўных з’яў. Вылучылася з дыялекталогіі ў канцы 19 — пач. 20 ст. Цесна звязана з арэальнай лінгвістыкай. Вытокі бел. Л.г. ў працах па ўсх.-слав. дыялекталогіі — «Нарыс рускай дыялекталогіі» А.І.Сабалеўскага (1892) і інш. Упершыню абгрунтаваў падзел бел. гаворак на 2 гал. часткі — паўн.-ўсх. і паўд.-зах. — і вызначыў іх тэр. межы Я.Ф.Карскі («Агляд гукаў і форм беларускай мовы», 1885). Вял. значэнне ў станаўленні Л.г. мелі працы П.А.Бузука, які шырока карыстаўся метадамі арэальнай лінгвістыкі («Спроба лінгвістычнай геаграфіі Беларусі», 1928, і інш.), праводзіў рэканструкцыю стараж. форм на аснове сучаснага распаўсюджання моўных з’яў. Якасна новы этап у развіцці Л.г. звязаны з інтэнсіўнай працай над складаннем дыялекталагічных атласаўбел., рус. і ўкр. моў, значнае месца сярод іх належыць «Дыялекталагічнаму атласу беларускай мовы». У ім акрэсліваюцца арэалы моўных з’яў, уласцівых агульнанац. бел. мове, а таксама дыялектных рыс, агульных для бел., рус. і ўкр. моў. Комплекс пытанняў, звязаных з групоўкай бел. гаворак, праблемамі гіст. дыялекталогіі і моўных кантактаў, асвятляецца ў працы (на базе атласа) «Лінгвістычная геаграфія і групоўка беларускіх гаворак» (1968, карты ізаглос 1969). Слоўнікаваму складу гаворак Беларусі прысвечаны спец. «Лексічны атлас беларускіх народных гаворак» у 5 тамах (т. 1—4, 1993—97).
Літ.:
Эдельман Д.И. Основные вопросы лингвистической географии. М., 1968;
Ареальные исследования в языкознании и этнографии: (Язык и этнос). Л., 1983;
Крывіцкі А.А. Што такое лінгвагеаграфія. Мн., 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ́ПЕНЬСКІ КРЫ́ЗІС 1917,
трэці пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917паліт. крызіс у Расіі (пасля красавіцкага і чэрвеньскага), у выніку якога ліквідавана двоеўладдзе. Узнік пасля правалу Чэрвеньскага наступлення 1917 і захадаў Часовага ўрада па ўмацаванні дысцыпліны ў арміі. 2(15) ліп. з урада выйшлі кадэты, узнік урадавы крызіс. 3(16) ліп. ў Петраградзе пад уплывам анархістаў пачалася антыўрадавая дэманстрацыя салдат і рабочых з заклікамі да адстаўкі «10 міністраў-капіталістаў» і перадачы ўлады Саветам. Бальшавікі вырашылі ўзначаліць рух і шляхам масавай мірнай дэманстрацыі дамагчыся пераходу ўсёй улады у рукі Саветаў. 4(17) ліп., нягледзячы на забарону ВЦВК Саветаў, на дэманстрацыю з заклікам «Уся ўлада Саветам!» выйшла каля 500 тыс. рабочых, салдат і матросаў. У выніку сутыкненняў з вернымі ўраду войскамі загінула 56 чал., паранена 650. Бальшавікоў абвінавацілі ў спробе дзярж. перавароту. Часовы ўрад пачаў расфарміроўваць або адпраўляць на фронт вайск. часці, якія знаходзіліся пад уплывам бальшавікоў, раззбройваць і арыштоўваць рабочых, забараніў газ. «Правда», разграміў памяшканне ЦКРСДРП(б), аддаў загад аб арышце У.І.Леніна. Пасля Л.к. ўлада ў Расіі цалкам перайшла да Часовага ўрада, якому ВЦВК Саветаў, дзе пераважалі меншавікі і эсэры, надаў надзвычайныя паўнамоцтвы. 7(20) ліп. з урада выйшаў міністр-старшыня Г.Я.Львоў, яго месца заняў А.Ф.Керанскі. Адносна мірны перыяд развіцця рэвалюцыі ў Расіі скончыўся, партыя бальшавікоў узяла курс на прыход да ўлады ўзбр. шляхам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАБІ́ЛЬНАСЦЬ САЦЫЯ́ЛЬНАЯ,
змяненне індывідам ці групай сац. пазіцыі, месца, якое яны займаюць у сац. структуры грамадства. Тэрмін уведзены П.Сарокіным; шырока выкарыстоўваецца ў даследаваннях сац. структуры, для характарыстыкі ступені «адкрытасці» ці «закрытасці» сац. груп і грамадстваў. Адрозніваюць М.с. вертыкальную і гарызантальную. Вертыкальная М.с. — перамяшчэнне індывіда ці групы ў сістэме сац. іерархіі, звязанае са зменай сац.статуса. Пры гэтым вылучаюць сац. ўзыходжанне (прасоўванне індывіда ці групы да пазіцый з больш высокім прэстыжам, даходам, уладай) і сац. сыходжанне, дэградацыю (рух да больш нізкіх іерархічных пазіцый). Гарызантальная М.с. — перамяшчэнне індывіда ці групы ў сац. структуры без змены сац. статуса. М.с. можа выяўляцца як добраахвотнае перамяшчэнне ў межах сац. іерархіі або быць абумоўлена структурнымі ці арганізацыйнымі зменамі. Сярод фактараў, якія ўплываюць на М.с., — мэтанакіраваная дзейнасць некаторых паліт. і сац. ін-таў (дзяржавы, царквы, арміі, паліт. партый і інш.), змена сістэмы грамадскага ўкладу, уплыў навукова-тэхн. прагрэсу, укараненне перадавой тэхнікі і тэхналогіі, узнікненне новых прафесій, удасканаленне сістэмы адукацыі, асобасныя імкненні і інш. Для індывіда магчымасць прасоўвання ўверх азначае не толькі павелічэнне долі сац. даброт, якія ён атрымлівае, але і рэалізацыю асабістага інтэлектуальнага патэнцыялу, дасягненне пастаўленай мэты, набыццё новага сац. вопыту. М.с. садзейнічае стабілізацыі грамадства, умацаванню пазіцый асобных сац. груп і паліт. эліт за кошт іх папаўнення таленавітымі асобамі з ніжэйшых сац. слаёў. Свабода М.с. выступае адной з умоў развіцця асобы, сцвярджэння прынцыпаў сац. справядлівасці, далейшага грамадскага прагрэсу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЗАЛЕ́ЎСКАЯ (Любоў Іванаўна) (25.1. 1903, в. Каўшова Мастоўскага р-на Гродзенскай вобл. — 18.7.1964),
бел. рэжысёр, актрыса. Засл. дз. маст. Беларусі (1957). Скончыла Бел.драм. студыю ў Маскве (1926). У 1926—30 і 1936—51 актрыса і рэжысёр Бел.т-ра імя Я.Коласа, у 1952—55 рэжысёр-пастаноўшчык Бел.т-ра імя Я.Купалы. У 1930—36 на кінастудыі «Савецкая Беларусь», у 1953—59 выкладала ў Бел.тэатр.-маст. ін-це. Арганізатар і ў 1955—61 і 1963—64 гал. рэжысёр Бел.т-ра юнага гледача. Характарная актрыса, стварыла каларытныя псіхал. адметныя сцэн. партрэты: Караліна («Вайна вайне» Я.Коласа), Агата («Паўлінка» Я.Купалы), Сцепаніда («Пагібель воўка» Э.Самуйлёнка), Любоў Яравая («Любоў Яравая» К.Транёва), фру Алвінг («Здані» Г.Ібсена). Як рэжысёр дамагалася гарманічнага суладдзя аўтарскай задумы і яе сцэнічнага ўвасаблення. Паставіла: у т-ры імя Я.Коласа «Каварства і каханне» Ф.Шылера (1946, з Самбуравым), «Аксамітны сезон» М.Пагодзіна (1948), «Напярэдадні» паводле І.Тургенева (1950); у т-ры імя Я.Купалы «Макар Дубрава» А.Карнейчука (1952), «Даходнае месца» А.Астроўскага (1953), «Чайка» А.Чэхава (1954), «Пакуль вы маладыя» І.Мележа (1957); у т-ры юнага гледача «Мінулася кату масленіца» (1956) і «Свае людзі — паладзім» (1964) Астроўскага, «Папараць-кветка» (1957) і «Над хвалямі Серабранкі» (1961) І.Козела, «За лясамі дрымучымі» А.Вольскага і П.Макаля, «Не верце цішыні» І.Шамякіна (абедзве 1958), «Рэвізор» М.Гогаля (1960, з Л.Біруковай). Здымалася ў кіно.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕАБХО́ДНАСЦЬ І ВЫПАДКО́ВАСЦЬ,
суадносныя філасофскія катэгорыі, якія выражаюць розныя тыпы сувязей прадметаў і з’яў паміж сабой, ступень іх узаемнай дэтэрмінаванасці. Неабходнасць увасабляе ўнутр. істотную сувязь, карэнныя асаблівасці прадмета або з’явы, характарызуе тое, што павінна настаць пры наяўнасці пэўных умоў. Выпадковасць, наадварот, адлюстроўвае знешнія неістотныя сувязі аб’екта, не вынікае з яго прыроды, а з’яўляецца вынікам уздзеяння пабочных фактараў і таму можа мець або не мець месца. Н. і в. узаемаабумоўлены. Абсалютызацыя неабходнасці і яе адрыў ад выпадковасці прыводзяць да фаталізму ў тлумачэнні развіцця прыроды і грамадства, а перабольшванне ролі выпадковасці і ігнараванне неабходнасці пазбаўляюць прыродныя і грамадскія сістэмы ўпарадкаванасці, арганізаванасці, сістэмнасці. Важным момантам дыялектычнай сувязі паміж Н. і в. служаць іх і узаемапранікненне і ўзаемапераходы. У рэчаіснасці адна і тая ж з’ява ў розных сістэмах або нават у адной сістэме, але праз некаторы час можа выступаць і ў якасці Н. і в. Неабходнасць не існуе ў чыстым выглядзе, яна праяўляецца праз выпадковасць, апошняя выступае ў якасці формы неабходнасці і яе дапаўнення. Вывучэнне дыялектыкі Н. і в. з’яўляецца адной з перадумоў навук. пазнання рэчаіснасці, бо накіроўвае ўвагу даследчыка на пошук у мностве выпадковасцей элементаў неабходнасці і абумоўленых імі тэндэнцый развіцця прыродных і грамадскіх працэсаў. Навук. распрацоўка праблем Н. і в. пачалася ў стараж.-грэч. філасофіі (Платон) і вядзецца ў межах матэрыяльнага або духоўнага фактару.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІ́ЗКАЕў мастацтве,
эстэтычная катэгорыя, якая служыць для ацэнкі мізэрных з’яў быцця і маст. выяўлення бездухоўнасці ў грамадскім жыцці. У дачыненні да чалавечых учынкаў з’яўляецца крайняй ступенню агіднага і мае выразны маральна-этычны змест. Суадносіцца з камічным, процілеглае ўзнёсламу.
Для стараж., у т. л. антычнай, маст. свядомасці ўзнёслае і Н., як прыгожае і агіднае, мелі абс. характар, які пазбаўляў іх дынамікі і ўзаемапераходнасці. Сярэдневяковая хрысц. эстэтыка выпрацавала іерархію эстэт. каштоўнасцей: на яе вяршыні змяшчаўся боскі свет, а каля яе падножжа — нізкае матэрыяльнае быццё. Чалавек у гэтай іерархіі займаў прамежкавы стан, і ў яго душы адбывалася барацьба паміж узнёсла-духоўным і матэрыяльна-нізкім. Рэнесансавае мастацтва праўдзіва адлюстравала складанасць жыцця, у якім узнёслае і Н. нярэдка суіснуюць або мяняюцца месцамі. Тэарэтыкі класіцызму абгрунтоўвалі паняцце высокага і нізкага стыляў, якія былі маст. адпаведнікамі «высокага» (арыстакратычнага) і «нізкага» (простанароднага) ладаў жыцця. У л-ры крытычнага рэалізму значнае месца заняло праўдзівае выяўленне пачварных, нізкіх з’яў грамадскага быцця.
У гісторыі бел.маст. культуры катэгорыя Н. разам з камічным і агідным выявілася ў фальклоры, у чарадзейных казках. Фальклорны прыём травестацыі (зніжэнне афіц. высокага, перавод яго ў «матэрыяльна-цялесны план» па-майстэрску выявілі ананімныя паэмы «Энеіда навыварат» і «Тарас на Парнасе». В.Дунін-Марцінкевіч, пісьменнікі рэв.-дэмакр. кірунку (Ф.Багушэвіч, Я.Купала, Я.Колас і інш.) напоўнілі паняцце Н. глыбокім сац. гучаннем, выкарыстоўвалі яго для крытыкі негатыўных з’яў у жыцці грамадства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ба́за
(фр. base, ад гр. basis = аснова, фундамент)
1) апорная частка калоны ў збудаванні;
2) аснова, тое галоўнае, на чым грунтуецца, ствараецца што-н. (напр. эканамічная б. краіны);
3) апорны пункт, месца, дзе засяроджаны якія-н. запасы, ёсць спецыяльныя збудаванні і прыстасаванні для абслугоўвання чаго-н. (напр. ваенная б., турысцкая б.);
4) склад тавараў, матэрыялаў;
5) адлегласць паміж восямі ў транспартных сродках;
6) паказчыкі, якія бяруцца за аснову, тыпавы варыянт, норму.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
дэманстра́цыя
(лац. demonstratio = паказванне)
1) масавае шэсце для выражэння грамадска-палітычных настрояў, патрабаванняў;
2) публічны, наглядны паказ чаго-н. (напр. д. кінафільма, д. дасягненняў);
3) паводзіны, учынкі, якія падкрэслена выражаюць пратэст, нязгоду з чым-н. (напр. д. непрыязнасці);
4) дзеянні пагрозлівага характару з боку якой-н. дзяржавы, каб уздзейнічаць на іншую дзяржаву (напр. сканцэнтраванне флоту каля граніц гэтай дзяржавы);
5) ваенная аперацыя з мэтай адцягнуць увагу праціўніка ад месца галоўнага ўдару.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
інвалю́цыя
(лац. involutio = згортванне)
1) рэдукцыя або страта ў эвалюцыі асобных органаў (напр. рэдукцыя адростка сляпой кішкі ў драпежных жывёл);
2) адваротнае развіццё органаў, тканак, клетак (напр. і. маткі ў пасляродавы перыяд);
3) атрафія органаў пры паталогіі і старэнні;
4) дэгенератыўныя змены ў прасцейшых і бактэрый, выкліканыя неспрыяльнымі ўмовамі жыцця;
5) мат. такое адлюстраванне некаторай сукупнасці ў сабе, што пры паўторным яго прымяненні кожны элемент вяртаецца на сваё месца.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
фронт
(фр. front, ад лац. frons, -nits = лоб)
1) воінскі строй шарэнгай;
2) звернуты да праціўніка бок войск;
3) месца ваенных дзеянняў (у процілегласць тылу);
4) буйное вайсковае аб’яднанне пад кіраўніцгвам аднаго камандуючага;
5) аб’яднанне якіх-н. грамадскіх сіл для барацьбы за агульныя мэты (напр. народны ф.);
6) пэўная галіна гаспадарчай, грамадскай, культурнай і іншай дзейнасці (напр. культурны ф., працоўны ф.);
7) зона падзелу паміж рознымі паветранымі масамі ў атмасферы.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)