Ахо́та ’ахвота, жаданне’ (Цыхун, Бел. фраз., 101), ’ахвота’, ’паляванне’ (Бяльк., Юрч., Ян, КСТ), ахочы ’ахвочы’ (КТС), ст.-бел. охотный, ѡхочи, укр. охота ’ахвота, весялосць’, охочий ’ахвотны, згодны’, рус. охота ’ахвота; паляванне’, охотный, охочий ’ахвочы’, польск. ochota ’ахвота; радасць, весялосць’, ochoczy ’ахвотны, вясёлы’ (з усходнеславянскіх моў, Грабец, Elementy, 102), славац. ochota, чэш. ochota. Звычайна звязваюць з *xotěti ’хацець’, параўн. Бернекер, 399; Фасмер, 3, 176 (з літар.); нельга адрываць ад ахвота ’жаданне’, фармальныя разыходжанні з якім тлумачацца фанетычна (гл. Ільінскі, AfslPh, 29, 168 і наст., параўн. таксама паралельныя палескія формы хвотно//хотно ’весела’, хвойка//хойка ’хвошч’, хвіст//хіст ’тычка’ (КСТ); Якабсон, Word, 2, 615 (рус. охвота < охота), або ўплывам іншых слоў, параўн. Карскі, 1, 339 (хватаць). Значэнне ’паляванне’, відаць, пад уплывам рус. охота, табуістычнага ўтварэння ад хотеть, гл. Зяленін, Табу, 1, 125 і наст.; Трубачоў, Дополн., 3, 176; іншы прынцып намінацыі ў беларускіх (часткова рускіх) назвах: паляванне ад поле, палешня (Касп.) ад лес, арэал распаўсюджання якіх Непакупны (Baltistica, III (1), 1967, 79) акрэслівае як прымыкаючы да балтыйскай і фінскай тэрыторый.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Баця́н, таксама боця́н, буця́н, буйця́н, бо́цюн і г. д. Ст.-бел. ботьян, боцян, боциян (Булыка, Запазыч.). Укр. боця́н, боцю́н і г. д., рус. ботья́н, ботя́н, батя́н, бача́н, бадья́н. У зах.-слав. мовах: польск. bocian, bocan, bociuń, bocek, bociek, bociąg, bocoń, в.-луж. baćon, н.-луж. bośon, палаб. büöťan (гл. Бернекер, 78, які лічыць, што польск. формы, магчыма, узніклі ў дзіцячай мове з жартаўлівай назвы бацяна — Wojciech). Усе ўсх.-слав. формы лічацца запазычаннем з польск. мовы (Бернекер, 78; Хрысціані, AfslPh, 34, 311; Слаўскі, 1, 38; Рудніцкі, 184–185; Рыхардт, Poln., 36). Агляд форм і версій гл. яшчэ Фасмер, 1, 201; Клепікава, ВСЯ, 5, 153–158, Клімчук, Бел.-польск. ізал., 57–61. Паходжанне польскага слова невытлумачана (Слаўскі, там жа). Гл., аднак, Мартынаў, SlW, 180–181, згодна з якім яно балтыйскага паходжання. Некаторыя версіі (Сабалеўскі, РФВ, 65, 418: сувязь з рус. забо́та; Ільінскі, PF, 13, 498: сувязь з бо́тькать ’стукаць’) не пераконваюць. Нідэрман (Balto-Sl., 29) лічыць, што блізкасць слав. форм аснавана не на роднасці, а на запазычанні з нейкай крыніцы.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ма́йстар, ма́йсцер, ма́йсцяр, ма́йстра, майсцёр ’спецыяліст у якім-небудзь рамястве, галіне вытворчасці’, ’мастак, які дасягнуў высокага майстэрства ў сваёй справе’, ’зух’ (ТСБМ, Сцяшк., Сл. ПЗБ, ТС, Нас.), шчуч. ’бацька маладога на вяселлі’ (Сцяшк. Сл.), ст.-бел. майстеръ, майстръ, мастеръ ’майстар, начальнік’ (XVI ст.); ст.-рус. мастеръ ’магістар ордэна’ (XIII ст.), ’майстар’ (XVI ст.). Запазычана праз польск. majster з с.-в.-ням. majster < ст.-в.-ням. meistar < лац. magister < magis ’большы’ (Булыка, Запазыч., 195). У бел. майсьцер ’майстар’ (Нас., Шат., Бяльк.) і майстырь (Бяльк.) другая частка слова аформлена пад уплывам рус. мовы. Формы майстра, майстря ’тс’ (Гарэц., Бяльк., Сл. ПЗБ) — арыгінальныя беларускія (як це́сля). Сюды ж майстрова ’маці маладога на вяселлі’ (Сцяшк. Сл.), майстрыха, майсьцерыха, майстровая ’жонка майстра’, майстроўка ’дачка майстра’, майстравы ’рабочы, рамеснік’ (ТСБМ, Нас.), майстэрскі, майстэрства (ТСБМ). Гл. яшчэ майстраваць. Махэк₂ (365) мяркуе, што чэш., польск. і в.-луж. (mistr, mistř, mistra; mistrz; mištr) формы паходзяць з лац. magister, славац. majster, з ням. Meister, у іншых слав. — з грэч. μάγιστρος, μαίστωρ або з італ. ma(e)stro. Фасмер (2, 578) дапускае ў рус. мове польскае пасрэдніцтва або (магистръ) праз с.-грэч. μάγιστρος.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Але́й ’масла з льнянога або канаплянага семя, сланечніку’, алейнік ’той, хто алей рабіў, хто прадаваў алей’ (Янк. I), алейніца ’тс’ (Нас.), алейнік ’той, хто рабіў алей з канаплянага семя’ (Нас.), алейніца ’гліняны посуд, у якім трымаюць поснае масла’ (Інстр. I, Нас.), алейня ’завод, які выпрацоўвае алей’ (Янк. I, БРС, Нас., Касп.), алеены ’намаслены’ (Нас.), укр. олій, рус. олей, ст.-рус. олѣй, ст.-слав. олѣи, серб.-харв. о̀лāј, славен. ólej, чэш. olej, славац. olej, польск. olej, в.-луж. wolij, н.-луж. wolej. Запазычанне з лац. oleum. Форма олѣи ўзнікла пад уплывам lějǫ, liti ’ліць’. Гл. Фасмер, 3, 134. Версію аб грэчаскім паходжанні абараняў Маргуліс, AfslPh, 41, 171; AfslPh, 42, 123, які не бачыў іншага шляху тлумачэння ě ў ‑ějь. Згодна з яго версіяй, грэч. το ἔλαιον праз сандхі перайшло ў *ολαιον, якое дало олѣи і інш. Супраць гэтай версіі Фасмер, ZfslPh, 4, 411, які спасылаецца на тое, што форма *ολαιον нідзе не зафіксавана. Апрача гэтага, слова добра вядома заходнеславянскім мовам, што супярэчыць яго грэчаскаму паходжанню (гл. Фасмер, ZfslPh, 5, 3/4, 410).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жале́йка ’музычны інструмент’. Рус. смал., тамб. жале́йка, тул., варонеж., разан., калуж., горк., пск., смал. желе́йка, пск., калін. жалея́ ’тс’. Паводле Мартынава–Міхневіча (Маладосць, 1970, 7, 150), ад назоўніка жаль (гл.) з суф. ‑ейка па характары гуку, якім вылучаўся гэты народны інструмент. Дакладней, непрадуктыўны суф. ‑ейка суадносіцца з дзеяслоўнымі асновамі: варейка, лупейка, калатэйка (Сцяцко, Афікс. наз., 37), а значыць, не з жаль, а з жалець. Але ці толькі жаллівыя гукі выдае дудка? Даль побач з такім тлумачэннем дапускаў магчымасць суаднясення з жилиться (Даль, 1, 524), што не матывуецца, а таму мала верагодна. Трэба ўлічыць пск. же́ледь, же́ледка ’трыснёг, з якога робяцца дудкі, жалейкі’. Же́ледка магло пераўтварыцца ў желейка, жалейка. Пераход д > й адзначаецца яшчэ: маладзец — малайцы, рада — райца (радца), Карскі, 351. Назвы муз. інструмента па матэрыяле сустракаюцца; параўн. ражок, рог, кастаньеты. У далейшым, верагодна, адбывалася кантамінацыя народнаэтымалагічнага характару з коранем жаль. Адносна паходжання желедь, желедка гл. у Фасмера, 2, 41, жёлдь I, дзе ён адкідвае сувязь з жалуд, прапанаваную Міклашычам (407), і схіляецца да думкі Шахматава пра першасную форму *жьлдь, што, аднак, не тлумачыць паходжання гэтага кораня.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пол 1 ’сукупнасць уласцівасцей, якія характарызуюць мужчынскія і жаночыя арганізмы’ (ТСБМ). З рус. пол < ст.-слав. полъ ’sexus’ (Фасмер, 3, 306). Да паў-, палова (гл.); тыпалагічныя ўгра-фінскія паралелі: мард. pola ’жонка’, вод. pal ’палова; муж або жонка’ (Бяднарчук, Stosunki, 107, з літ-рай) не даюць падстаў лічыць запазычаннем.

Пол 2 ’палаткі, нары’ (ТСБМ, Варл., Сл. ПЗБ), по́лік ’нары’ (Юрч. СНЛ), ’ляжанка’ (ТС), мн. л. по́лы ’высокі памост у лазні, на якім парацца’ (Сцяшк. МГ). Укр. піл ’падлога’, рус. пол ’тс’, ’зямля’. Прасл. *polъ ’дошка’. Роднаснае ст.-інд. phálakam ’дошка, планка’, ст.-ісл. fjol ’тс’ (Фасмер, 3, 306). Чарных (2, 50), як вартую ўвагі, прыводзіць версію Пагодзіна, які выводзіў полъ ад *podlъ (прасл. *podъ ’ніз, аснова, дно’, гл. под), што, магчыма, пацвярджаецца значэннямі пол ’ніз (у супрацьлегласць верху), зямля, глеба, дно ракі, возера’, параўн. выраз до пола́ ’датла, дашчэнту’ (ТС).

Пол 3 ’полымя’ (смарг., Сл. ПЗБ), мн. л. полы ’тс’: по́лы шугаюць (у печы) (ашм., Стан.). Лакальны наватвор на аснове каранёвай часткі дзеясловаў тыпу по́лаваць ’палаць’ (Сцяшк. Сл.), пола́ць ’палаць, гарэць полымем’ (ТС), што ўзыходзяць да праслав. *polti ’гарэць’, гл. полымя, палаць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Прамы́ ’роўны, выцягнуты ў якім-небудзь напрамку, без выгібаў, некрывы; непасрэдны, без прамежкавых ступеней’; ’шчыры, праўдзівы, прынцыповы’ (ТСБМ). Рус. прямой, укр. прямій, ст.-рус. прямъ ’прамы, правільны; справядлівы, просты’, чэш. přímý ’прамы’, славац. priamy ’тс’, славен. prẹ̑m ’прамы’, ст.-слав. прѣмь ’прамы, правільны’; сюды ж польск. uprzejmy ’ветлівы, шчыры’ (< ’прамы, правільны’), серб.-харв. према ’насупраць’, прама, прам ’насупраць’. З прычыны наяўнасці ў корані галосных a і e прасл. форма вызначалася па-рознаму: або як *pręmъ (Зубаты, AfslPh 15, 496 і наст.), або як *prěmъ (Голуб-Копечны, 301). Фасмер (3, 395) абедзве рэканструкцыі лічыць спрэчнымі і дапускае кантамінацыю *prēmos і *prōmos (*pramъ). Славянскія словы роднасныя грэч. πρόμος ’пярэдні, той, хто стаіць на чале’, з інш. вакалізмам: πράμος ’тс’, окс. promom ’першы’, ст.-ісл. framr ’добры, смелы, прыдатны’, ст.-в.-ням. fruma ’карысць, выгада’ і інш. Гл. таксама Махэк₂, 493; Скок, 3, 33–35. У беларускай мове магло захавацца толькі на ўсходзе тэрыторыі, паколькі ў сучаснай літаратурнай мове ўспрымаецца як русізм (Станкевіч, Зб. тв., 1, 32; Пацюпа, Гармонія, 25). Тое ж адносна славенскай сцвярджае Сной₂ (566).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пярэ́слюга (пырэ́слюга) ’грузкая мясціна’ (кам., ЖНС), укр. переслю́га ’паласа, смуга, лінія’. Сюды ж, магчыма, харв. prȅslijež ’даліна паміж двух узгоркаў’. Няясна. Аўтары ЕСУМ (4, 346–347) звязваюць украінскае слова, а таксама укр. переслю́гуватий, перешлю́говатий ’няроўнамерны; з прагалінамі; няпоўны’, з слюга́ ’непагадзь, макрэча, слата’, што не здаецца пераканальным; больш верагодная сувязь з лат. sluogsne, sluõksne ’вузкая паласа’. Апошняе дазваляе далучыць сюды і рус. переслёга, пересле́жина ’брак у пражы’ (’тонкае месца ў пражы’?), славен. preslẹ̑gast ’з прасветамі, няроўнамерна размеркаваны’, preslegasto platno ’працёртае палатно, у якім відаць ніткі’, сувязь якіх з папярэднімі не здаецца відавочнай. Адносна апошніх гл. Фасмер, 3, 239. Бязлай (3, 115) далучае сюды і рус. пересле́га ’перакладзіна ў страсе’ і рэканструюе прасл. *per‑slěg‑ (*per‑sъlěg‑), што да *leg‑ti (гл. ляжаць, лажбіна)). Скок (3, 35) харвацкае слова ўзводзіць да *pręslo (гл. прасла), што ў выпадку абгрунтаванасці гэтай версіі выводзіць яго за межы ўсходнеславянскіх геаграфічных тэрмінаў. Параўн., аднак, балг. дыял. прешлу́га ’тоўстае месца на нітцы’, прешлю́га ’хвошч’, прешлю́гав ’няроўна спрадзены’, якія БЕР (5, 671) узводзіць да *pręsti (гл. прасці), што малаверагодна пры ідэнтыфікацыі названых слоў з адпаведнымі ўсходнеславянскімі (балг. пре‑ = рус. пере‑).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Свято́к ‘храмавое свята’ (Сл. ПЗБ, Сержп.), свето́к ‘свята’ (Сл. ПЗБ, ТС, Ян.), святкі́ ‘прамежак часу ад Каляд да Вадохрышча’ (Сл. ПЗБ), ст.-бел. свѧток ‘свята’ (Скарына, Альтбаўэр), сюды ж свя́точки ‘святыя дні; увасобленыя святы’: Перед Богомъ стояць уси́ святочки (Нас.), укр. святки́ ‘святочныя дні Каляд і Вялікадня’, рус. свя́тки ‘час ад Каляд да Вадохрышча’, ст.-рус. свѧток ‘свята’, серб. дыял. све̑так ‘тс’, славен. svétek ‘тс’. Прасл. *svętъkъ ‘свята’, вытворнае ад *svętъ (гл. святы), параўн. Тапароў, Этимология–1986–1987, 33; Фасмер, 3, 584. Зыходная форма для святкава́ць ‘адзначаць свята; не працаваць з нагоды свята’ (ТСБМ, Нас., Ласт., Касп., Бяльк., Сл. ПЗБ), светкова́ць, сʼеткова́ць, сеткова́ць ‘тс’ (ТС), якім адпавядае серб. свѐтковати, дыял. светкова̏т: У на̑с се тај све̑так не светку̏је (Элезавіч, 2, 207), свято́чны ‘звязаны з святам’ (ТСБМ, Ласт., Стан., Некр. і Байк., Сл. ПЗБ), свето́чны ‘тс’ (ТС) і інш. Прывязанасць да пэўнага гадавога цыкла (пазней, відаць, перанесеная і на хрысціянскія святы) дазваляе выказаць меркаванне пра больш ранняе паходжанне назвы, чым форма свята (гл.), якая цяпер успрымаецца як зыходная. Параўн. Жураўлёў, Язык и миф, 97.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сле́га, сліга́, слігаві́на ‘лага; кладзь, доўгае бервяно, якое кладуць на сохі’ (Бяльк., Касп.), сле́гі ‘рэі’ (каліна, Арх. ГУ), слёгі ‘лагі’ (в.-дзв., Сл. ПЗБ), слі́га ‘вясло для кіравання плытом’ (гродз., Сл. ПЗБ), ‘падваліна’ (в.-дзв., рас., Сл. ПЗБ, ЛА, 4), слюгаві́на ‘падваліна’ (брасл., Сл. ПЗБ), ‘брус, якім замацоўваюць насціл маста’ (докш., там жа), ‘лагі’ (в.-дзв., там жа). Укр. слі́гі ‘тоўстыя перакладзіны’, рус. слега́ ‘брус, жардзіна’, дан. слёга ‘тонкая доўгая жардзіна’, сляга́ ‘тонкае доўгае бервяно, рычаг’. Словы няяснага паходжання. Аўтары Сл. ПЗБ (4, 481) выводзяць ад літ. slė̃gos ‘лагі’, што, ведаць, роднаснае літ. slė́gti ‘ціснуць’, slėktis ‘прэс’, з якімі параўноўвае словы Праабражэнскі (2, 321); формы на ‑я‑ ўзводзяць да *слѧг‑ і набліжаюць да літ. sleñksnis, sleñkstis ‘парог’, гл. Фасмер, 3, 681; ЕСУМ, 5, 298. Калі прыняць за асноўнае значэнне ‘лага’, то, хутчэй за ўсё, узыходзіць да прыставачнага дзеяслова *sъ‑legti ‘пакласці побач, легці разам, упасці’, каранёвая частка якога можа мець падаўжэнне ‑e‑ > ‑ě‑, параўн. Борысь, Czak. stud., 80; Etymologie, 601 (рэканструюе прасл. *sъlěga/*sъlęga). Гл. слюга, сліж 3.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)