КАМУНІСТЫ́ЧНАЯ ПА́РТЫЯ ЛІТВЫ́ І ЗАХО́ДНЯЙ БЕЛАРУ́СІ (КПЛіЗБ),
партыйная арганізацыя, якая дзейнічала ў 1918—19 на акупіраванай герм. войскамі тэр. Літвы і Зах. Беларусі. З’яўлялася часткай РКП(б) і працавала пад яе кіраўніцтвам. Створана ў кастр. 1918 на сваім 1-м з’ездзе, які прызнаў асн. задачай партыі выгнанне герм. акупантаў, звяржэнне ўлады буржуазіі і ўстанаўленне сав. улады, прыняў статут, выбраў ЦК. 1-ы з’езд КПЛіЗБ назваў партыю Кампартыяй Літвы і Беларусі 1-й акупацыі (да 1-й акупацыі адносілася тэр., захопленая Германіяй увосень 1915 па лініі Дзвінск—Нарач—Крэва—Навагрудак—Баранавічы—Пінск, г. зн. да наступлення немцаў у лют. 1918). 2-я канферэнцыя КПЛіЗБ (2—4.2.1919) выказалася за аб’яднанне Літ. ССР і Бел. ССР у адну Літ.-Бел. ССР (Літбел). Пасля ўтварэння Літбела КПЛіЗБ аб’ядналася з Кампартыяй Беларусі ў адзіную Камуністычную партыю (бальшавікоў) Літвы і Беларусі.
т. 7, с. 548
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНСТЫТУ́ЦЫЯ сеймавая, ухвала, пастанова вальнага сейма Каралеўства Польскага і Рэчы Паспалітай. К. звычайна выдаваліся для ўсёй Рэчы Паспалітай, зрэдку асобна для Польшчы і ВКЛ. Прымаліся К. вячыстыя, дзеянне якіх не абмяжоўвалася часам, і часовыя. Абмеркаванне і прыняцце праходзіла ў абедзвюх палатах сейма — сенаце і пасольскай ізбе. У пасольскай ізбе прымаліся спачатку большасцю галасоў, а пасля ўвядзення ў 1589 ліберум вета — аднагалосна. Канчаткова К. рэдагаваў кароль, ад імя якога яна выдавалася. Яе ўпісвалі ў Каронную Метрыку і Метрыку Вялікага княства Літоўскага і друкавалі (з 1576 у абавязковым парадку), спачатку кожную асобна. З канца 16 ст. пастановы сейма выдавалі ў выглядзе зборніка, які лічыўся адной К. Друкаваныя экзэмпляры з дзярж. пячаткай і подпісамі маршалка сейма і канцлера рассылалі па ваяводствах. У 18—20 ст. ажыццёўлена неафіц. выданне К. Польшчы і Рэчы Паспалітай — Валюміна легум.
т. 7, с. 598
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАПАДО́КІЯ,
старажытная вобласць у цэнтр. частцы М. Азіі (тэр. сучаснай Турцыі). Напачатку яе насялялі хаты. У 2-м тыс. да н. э. асн. ядро Хецкага царства. У пач. 6 ст. да н. э. заваявана Мідыяй. З 2-й пал. 6 ст. да н. э. ў складзе Ахеменідаў дзяржавы, падзелена на 2 сатрапіі: Вялікую К. (займала ўнутр. вобласць) і Малую К. (узбярэжжа Чорнага м.), ці Понт. У 1-й пал. 4 ст. да н. э. намінальна ў дзяржаве Аляксандра Македонскага. У канцы 4 ст. да н. э. падпарадкавана Селеўкідамі, з сярэдзіны 3 ст. да н. э. самаст. царства. У 1 ст. да н. э. заваявана Стараж. Рымам (з 17 н. э. рым. правінцыя). Пасля 4—5 ст. н. э. ў складзе Візант. імперыі, у 1074 захоплена туркамі-сельджукамі. У 15 — пач. 20 ст. ў Асманскай імперыі.
т. 8, с. 19
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАПЕТЫ́НГІ (Capétiens),
каралеўская дынастыя ў Францыі ў 987—1328. Паходзілі ад парыжскіх графаў Раберцінаў, якія ўзмацніліся ў 9 ст. дзякуючы тэр. магутнасці і поспехам у барацьбе з нарманамі. Заснавальнік дынастыі Гуго Капет (адсюль назва) выбраны каралём (987), што стала канцом з дынастыі Каралінгаў. Пры першых К. Францыя была раздробленай дзяржавай са слабай каралеўскай уладай, яны валодалі толькі Іль-дэ-Франсам. У часы праўлення К. каралеўская ўлада з выбарнай ператварылася ў спадчынную, пашырана тэр. каралеўскага дамена, у пач. 14 ст. ўключала 3/4 тэр. Францыі. Да К. належалі: Гуго Капет [987—996], Роберт II [996—1031], Генрых I [1031—60], Філіп I [1060—1108], Людовік VI [1108—37], Людовік VII [1137—80], Філіп II Аўгуст [1180—1223], Людовік VIII [1223—26], Людовік IV Святы [1226—70], Філіп III Смелы [1270—85], Філіп IV Прыгожы [1285—1314], Людовік X [1314—16], Філіп V [1316—22], Карл IV [1322—28]. Пасля смерці Карла IV каралямі Францыі былі прадстаўнікі пабочных ліній К. — Валуа і Бурбонаў. Дз.М.Чаркасаў.
т. 8, с. 22
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЛ IV, Карэл I Чэшскі (Karl IV, Carel I; 14.5.1316, Прага — 29.11.1378),
кароль Чэхіі (з 1346), герм. кароль (з 1347), імператар «Свяшчэннай Рым. імперыі» [1355—78], кароль Бургундыі (з 1365). З дынастыі Люксембургаў. Сын чэш. караля Яна. У 1334—46 рэгент у Чэхіі, 11.7.1346 выбраны чэш. каралём. Умацоўваў каралеўскую ўладу (у т. л. ў Германіі праз прыняцце Залатой булы 1356), апіраўся на гандл.-рамесніцкія колы, сярэднюю і дробную шляхту. Пры ім Чэхія стала гал. дзяржавай «Свяшчэннай Рым. імперыі», а Прага фактычна яе сталіцай (садзейнічаў інтэнсіўнаму буд-ву ў горадзе, у т. л. Карлава моста цераз р. Влтава, у 1348 засн. Пражскі, або Карлаў, ун-т). Далучыў да ўладанняў Люксембургаў ч. Верхняга Пфальца, землі ў Цюрынгіі, Саксоніі, Ніжнія Лужыцы, у 1373 Брандэнбург (страчаны пасля яго смерці), з дапамогай дынастычнага шлюбу ўмацаваў сувязі з Польшчай і Венгрыяй.
т. 8, с. 72
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРТАХЕ́НА (Cartagena),
горад на ПдУ Іспаніі, у аўт. вобласці Мурсія. 176 тыс. ж. (1990). Вузел чыгунак і аўтадарог. Порт на Міжземным м. У К. і яе прыгарадах — суднабудаванне (у т. л. ваеннае), выплаўка свінцу і цынку, нафтаперапр., харч. (пераважна плодакансервавая) прам-сць. Арх. помнікі: рэшткі стараж. некропаля, гатычны сабор (13 ст.), барочны касцёл Санта-Марыя дэ Грасія (17—18 ст.).
У старажытнасці горад наз. Новы Карфаген, засн. каля 228 да н.э. палкаводцам Гасдрубалам як ваен. база карфагенян для заваявання Іспаніі. У 209 да н.э. — 5 ст. н.э. пад уладай Стараж. Рыма. Росквіту К. садзейнічала распрацоўка сярэбраных і алавяных руднікоў паблізу горада. Заваявана ў 425 вандаламі, у 534 Візантыяй, у 7 ст. вестготамі, у 711 арабамі. У 1243 у ходзе Рэканкісты далучана да Кастыліі. Пасля ўмацавання порта Філіпам II (1570) гал. база ісп. ваен. флоту. Цэнтр кантанальнага паўстання 1873.
т. 8, с. 104
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЫБУ́ТАВІЧЫ,
княжацкі род у ВКЛ герба «Пагоня»; адгалінаванне Альгердавічаў. Паходзяць ад Карыбута — сына вял. кн. ВКЛ Альгерда і Юльяны Цвярской. Ад шлюбу з удавой друцкага князя Дзмітрыя Васілевіча ён меў сыноў Івана, Жыгімонта і Фёдара.
Жыгімонт (Сігізмунд, каля 1385 — пач. 1435) на чале ўласнай харугвы ўдзельнічаў у Грунвальдскай бітве 1410 як васал караля Польшчы Ягайлы, пазней служыў вял. князю Вітаўту. У 1422 прэтэндаваў на карону Чэхіі. У 1430 падтрымаў абранне вял. князем ВКЛ Свідрыгайлу, ваяваў на баку апошняга ў час яго барацьбы з Жыгімонтам Кейстутавічам. Загінуў у бітве пад Вількамірам. Фёдар (каля 1390 — пасля 1440) упамінаецца з 1422. У бітве пад Вількамірам змагаўся на баку Свідрыгайлы, трапіў у палон. Генеалагічная традыцыя канца 16—17 ст. лічыла яго родапачынальнікам князёў Збаражскіх і Вішнявецкіх, у сувязі з чым іх родавы герб меў назву «Карыбут». Меў трох дачок.
т. 8, с. 114
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСАБЛА́НКСКАЯ КАНФЕРЭ́НЦЫЯ 1943,
нарада прэзідэнта ЗША Ф.Рузвельта, прэм’ер-міністра Вялікабрытаніі У.Чэрчыля і вышэйшых ваен. кіраўнікоў абедзвюх краін па распрацоўцы сумеснай палітыкі і стратэгіі ў ходзе 2-й сусв. вайны. Адбылася 14—24.1.1943 у г. Касабланка (Марока). Абмеркаваны перспектывы ваен. аперацый саюзнікаў на 1943, дасягнута дамоўленасць пра высадку саюзных войск у Сіцыліі з наступным развіццём баявых дзеянняў супраць фаш. Італіі (пасля завяршэння кампаніі ў Паўн. Афрыцы), прыняты план сумесных ваен. аперацый у Паўн. Бірме (прадугледжваў выгнанне яп. войск з Рангуна), разгледжаны пытанні аб франц. калан. адміністрацыі ў Паўн. Афрыцы (абмяркоўваліся пры ўдзеле запрошаных франц. генералаў Ш. дэ Голя і А.Жыро), аб пазіцыі Турцыі ў вайне, аб лёсе калоній у пасляваен. перыяд і інш. На выніковай прэс-канферэнцыі 24.1.1943 Рузвельт падкрэсліў, што саюзнікі будуць весці вайну супраць Германіі, Італіі і Японіі да іх безагаворачнай капітуляцыі.
т. 8, с. 137
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСМІ́ЧНАЕ ЗЕМЛЯЗНА́ЎСТВА,
сукупнасць даследаванняў Зямлі з космасу з дапамогай аэракасмічных метадаў і візуальных назіранняў. Уключае вывучэнне структуры і зменлівасці атмасферы, гідрасферы, літасферы, біясферы і праяўленні гасп. дзейнасці чалавека. Цесна звязана з касм. картаграфіяй, геалогіяй, акіяналогіяй, гідралогіяй і інш. Асн. мэта К.з. — пазнанне заканамернасцей геагр. абалонкі, вывучэнне прыродных рэсурсаў для іх аптымальнага выкарыстання, ахова навакольнага асяроддзя, забеспячэнне прагнозаў надвор’я і інш. К.з. пачало развівацца на пач. 1960-х г. пасля запуску першых сав. і амер. ШСЗ. Інфармацыю са спадарожнікаў і касм. караблёў атрымліваюць з выш. ад 250—500 км (адкуль разам з касмічнай здымкай праводзяцца візуальныя назіранні) да 100 тыс. км і больш (гл. Дэшыфраванне аэрафотаздымкаў). На Беларусі К.з. займаюцца картографа-геад. аб’яднанне «Белгеадэзія», ВА «Белгеалогія», Навук.-вытв. комплекс «Космааэрагеалогія», Рэсп. навук.-тэхн. цэнтр дыстанцыйнай дыягностыкі прыроднага асяроддзя «Экамір» і інш.
Ф.Е.Шамкевіч.
т. 8, с. 148
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЦЮШЭ́НКА (Міхась) (Міхаіл Пятровіч; н. 1.3.1947, Мінск),
бел. пісьменнік. Канд. філал. н. (1987). Скончыў БДУ (1971), Акадэмію грамадскіх навук пры ЦК КПСС (1987). Працаваў у газ. «Чырвоная змена», апараце ЦК ЛКСМБ, у 1979—84 і ў 1992—94 гал. рэдактар газ. «Знамя юности», у 1987—94 нам. гал. рэдактара час. «Крыніца». Друкуецца з 1968. У цэнтры твораў К. маральна-этычныя праблемы сучасніка, аналіз складаных сітуацый і пошукі выйсця з іх, тэмы Вял. Айч. вайны, спорту і інш. Аўтар кніг «Першая восень» (1972), «Трэці раунд» (1977), «Адзін дождж на ўсіх» (1979), «Дні, як усе іншыя» (1981), «Сустрэча пасля развітання» (1984) і інш., сцэнарыя дакумент. фільма пра П.Клімука «Хроніка знаходжання на зямлі» (1981, з В.Грышановічам).
Тв.:
Урок маўчання: Раман, апавяданні. Мн., 1988;
Прызнанне левага крайняга: Раман, аповесць. Мн., 1990.
М.П.Кенька.
т. 8, с. 193
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)