Нямецка-беларускі слоўнік (М. Кур'янка, 2006, правапіс да 2008 г.)
АРХА́ІКА (ад грэч. archaïkos старадаўні, старажытны),
ранні этап у гіст. развіцці якой-небудзь з’явы. У мастацтвазнаўстве тэрмін выкарыстоўваецца гал. чынам для вызначэння ранняга перыяду развіцця архітэктуры і выяўл. мастацтва Старажытнай Грэцыі (7—6 ст. да н.э.), калі выпрацоўваліся найважнейшыя арх.-маст. прыёмы, традыцыйныя для грэч.класікі.
Архітэктура развівалася на аснове стоечна-бэлечнай канструкцыйнай сістэмы, выяўл. мастацтва — вобразаў ант. міфалогіі. Найважнейшымі дасягненнямі мастацтва перыяду архаікі была выпрацоўка прапарцыянальных канонаў і дэкар. формаў арх.ордэра (у т. л. дарычнага і іанічнага), асн. тыпажу манум. скульптуры, чорна- і чырвонафігурнага стыляў вазапісу; з’явіліся і новыя тыпы манум. скульптуры — статуі юнакоў-атлетаў (курас) і дзяўчат (кора). У больш шырокім значэнні архаіка — мастацтва стараж.гіст. эпох, якое вызначаецца прымітывізмам формаў. У мастацтвазнаўстве тэрмін «архаіка» выкарыстоўваецца ў дачыненні да твораў, у якіх ёсць рэтраспектыўныя формы старажытнасці (пераважна антычнасці).
На Беларусі зварот да формаў архаікі найб. выявіўся ў познім класіцызме ў інтэр’еры палацаў (Жыліцкі палацава-паркавы ансамбль) і пры трактоўцы малых арх. формаў у палацава-паркавым мастацтве (сфінксы на варотах Новага замка ў Гродне, фантан Нараўлянскага сядзібна-паркавага ансамбля і мемарыяльнай архітэктуры (капліца-пахавальня сядзібы ў в. Маліноўшчына Маладзечанскага р-на).
А.М.Кулагін.
Да арт.Архаіка. Фрагмент вазапісу. Майстар Эксекій. 6 ст. да н.э.Да арт.Архаіка. Капліца-пахавальня ў в. Маліноўшчына Маладзечанскага раёна Мінскай вобл. 2-я пал. 19 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСАЦЫЯ́ЦЫЯу псіхалогіі,
сувязь паміж псіхічнымі з’явамі, калі актуалізацыя (успрыманне або ўяўленне) адной з іх выклікае з’яўленне другой. Найб. вядомыя асацыяцыі па сумежжы (у прасторы або часе), падабенстве або кантрасце. У іх могуць спалучацца думкі, адчуванні, успрыманні, рухі або вобразы, якія ўзнікаюць у свядомасці без бачнай знешняй прычыны.
Упершыню пра наяўнасць такіх сувязяў пісаў Арыстоцель. У навук. ўжытак тэрмін «асацыяцыя» ўвёў у 1698 Дж.Лок, які лічыў, што асацыяцыі ствараюць штучныя, неадэкватныя спалучэнні. У 18—19 ст. у трактоўцы асацыяцыі існавалі розныя падыходы і кірункі. Дж.Берклі і Д.Юм разглядалі асацыяцыю як праяву суб’ектыўнай дзейнасці свядомасці. Д.Гартлі лічыў яе вынікам мінулага вопыту чалавека, які адлюстроўваўся ў яго нервовай сістэме. Дж.Міль сцвярджаў, што псіхіка — гэта сістэма асацыятыўных адчуванняў. А.Бэн і Дж.С.Міль прызнавалі магчымасць узнікнення якасна новых псіхічных з’яў з адчування. З паняцця асацыяцыі пры тлумачэнні дынамікі псіхічных працэсаў зыходзілі прадстаўнікі ўсіх асн. кірункаў асацыятыўнай псіхалогіі (гл.Асацыянізм). На пач. 20 ст. К.Г.Юнг прапанаваў асацыятыўны эксперымент для выяўлення неўсвядомленых, схаваных афектных утварэнняў (комплексаў). Падобныя эксперыменты выкарыстоўваў Ч.Дарвін для вывучэння эмоцый і Т.Эбінгаўз для даследавання памяці.
У сучаснай псіхалогіі вывучэнне асацыяцыі праводзіцца з мэтай выяўлення спецыфікі розных псіхічных працэсаў і з’яў.
Літ.:
Ярошевский М.Г. История психологии. 3 изд. М., 1985;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСІРЫЯЛО́ГІЯ,
галіна ўсходазнаўства, якая вывучае мову, гісторыю і культуру стараж. народаў Двухрэчча (шумераў, вавіланян, асірыйцаў, хетаў і інш.) і суседніх краін, што карысталіся клінапісам. Часам узнікнення асірыялогіі як навукі лічаць 1857, калі быў расшыфраваны першы клінапісны тэкст. База для развіцця асірыялогіі закладзена даследаваннямі Г.Роўлінсана, які адкрыў у Іране клінапісныя надпісы цара Дарыя I, працамі Г.Ф.Гротэфенда па расшыфроўцы стараж.-перс. клінапісаў, археал. раскопкамі на тэр. Ірака, дзе ў 1-й пал. 19 ст. выяўлены рэшткі асірыйскіх гарадоў (Ніневіі, Дур-Шарукіна і інш.), знойдзены каштоўныя дакументы (б-ка асірыйскага цара Ашурбаніпала, архіў Тэль-эль-Амарна, законы вавілонскага цара Хамурапі і інш.). Поспехаў у галіне асірыялогіі дасягнулі Ф.Цюро-Данжэн (Францыя), Г.Цымерн і Б.Мейснер (Германія), С.Н.Крамер (ЗША), Б.Грозны (Чэхія) і інш. У Рас. імперыі асірыялогіяй займаліся У.С.Галянішчаў, М.В.Нікольскі, беларус К.А.Касовіч, які ў 1871 выдаў стараж.-перс. клінапісныя надпісы. У сав. час пытанні Асірыялогіі распрацоўвалі І.М.Дзьяканаў, М.М.Нікольскі, В.В.Струвэ, Б.А.Тураеў, А.І.Цюменеў, У.К.Шылейка і інш. На Беларусі праблемамі асірыялогіі (хеталогія) займаецца Г.І.Даўгяла. Важнейшымі цэнтрамі асірыялогіі з’яўляюцца Усходні ін-т у Чыкага (ЗША), Багдадскі музей, Луўр (Парыж), Брытанскі музей (Лондан), Папскі біблейскі ін-т (Рым), ун-ты Прагі, Берліна, Лейдэна, С.-Пецярбурга, Тбілісі, Ерэвана і інш.
Літ.:
Фридрих И. Дешифровка забытых письменностей и языков: Пер. с нем. М., 1961;
Дьяконов И.М. Языки древней Передней Азии. М., 1967.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АТАМІЗА́ЦЫЯ САЦЫЯ́ЛЬНАЯ,
адасабленне індывідуумаў у выніку распаду асобасных сувязяў паміж імі. Найчасцей адбываецца ў пераходныя перыяды гіст. развіцця, у часы крызісаў і катастроф, калі ў грамадстве нарастае недавер да дзярж. улады, імкненне людзей ва ўсім разлічваць толькі на ўласныя сілы. Характарызуецца парушэннем і нават разбурэннем шляхоў і спосабаў уключэння чалавека ў прафес., тэр., субкульт. і інш. супольніцтвы, адасабленнем яго ад інш. людзей, набыткаў культуры, маралі, палітыкі, суседства і гэтак далей. Гэты працэс суправаджаецца парушэннямі законнасці, ростам злачыннасці, антыграмадскімі паводзінамі, наркаманіяй, хабарніцтвам і інш. негатыўнымі сац. з’явамі. На Беларусі і ў інш. краінах СНД працэс атамізацыі сацыяльнай пашырыўся ў перыяд крызісу ў сувязі з пераходам ад таталітарна-адм. да дэмакр. сістэмы.
Прыкладам філас. асэнсавання атамізацыі сацыяльнай з’яўляецца канцэпцыя Т.Гобса, што прырода вельмі раз’ядноўвае людзей, і для іх натуральнай магла б стаць «вайна ўсіх супраць усіх». Гэта ідэя развіта у працах Дж.Лока і А.Сміта. Супраць яе выступаў Г.Гегель, які лічыў атамізацыю сацыяльную толькі адным з многіх момантаў грамадскага існавання індывідуумаў у грамадскай супольнасці, адарванай ад сям’і і дзяржавы. К.Маркс трансфармаваў гэтую думку ў канцэпцыю адчужэння асобы ад чалавечых умоў існавання ў эксплуататарскім грамадстве. У 20 ст. праблемы атамізацыі сацыяльнай вывучалі сацыёлагі і філосафы зах. краін Ф.Цэніс, Г.Фраер, Г.Маркузе, Э.Фром, М.Хоркхаймер і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЧЫ́ЛА (Алесь) (Аляксандр Мікалаевіч; 2.3.1918, в. Лешніца Пухавіцкага р-на Мінскай вобласці — 4.1.1983),
бел. паэт, драматург.Засл. дз. культуры Беларусі (1967). Скончыў Мінскі настаўніцкі ін-т (1939). Працаваў настаўнікам (1934—39), у газ. «Літаратура і мастацтва» (1946—57) і час. «Полымя» (1957—72), выд-ве «Мастацкая літаратура» (1972—78). Друкаваўся з 1934. Аўтар зб-каў вершаў «Шляхі» (1947), «Зоры вясеннія» (1954), «Юнацтва» (1959), «Дарыце цюльпаны» (1966), «Тры багіні» (1973), «Белы бярэзнік» (1976), «Гараць лісты кляновыя» (1981) і інш., паэмы «Асенняя аповесць» (1965), «Паэмы тугі» (апубл. 1987) пра балючы працэс калектывізацыі, раскулачвання, адвучвання селяніна быць гаспадаром на зямлі. Сюжэтнасць верша, напеўнасць радка далі магчымасць многія яго вершы пакласці на музыку («Радзіма мая дарагая», муз. У.Алоўнікава, і інш.). Аўтар лібрэта опер «Яснае світанне» (1958, муз. А.Туранкова), «Калючая ружа» (1960), «Калі ападае лісце» (1968), «Зорка Венера» (1970) і аперэты «Паўлінка» (1973, усе на муз. Ю.Семянякі). Аўтар кн. пра М.Багдановіча «Дарогамі Максіма» (1971; 2-е выд., 1983). Пісаў сатыр. (зб. «Кавалер Мікіта», 1967) і творы для дзяцей (зб. «Мне купілі самакат», 1981). На бел. мову пераклаў «Залаты ключык, або Прыгоды Бураціна» А.Талстога, «Тараса Бульбу» М.Гогаля (з М.Паслядовічам), «Брэсцкую крэпасць» С.Смірнова (з. А.Бажко) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЬГЕ́РД (1296 — май 1377),
князь крэўскі і віцебскі, вял. князь ВКЛ [1345—77]. Сын Гедзіміна. Атрымаў ад бацькі Крэўскае княства. Каля 1318 ажаніўся з віцебскай князёўнай Марыяй Яраслаўнай і ў хуткім часе стаў віцебскім князем. Пасля смерці Гедзіміна, калі Вільня і велікакняжацкі пасад дасталіся яго малодшаму брату Яўнуту, арганізаваў супраць яго змову з братам Кейстутам. Кейстут заняў Вільню і захапіў Яўнута, аднак велікакняжацкі пасад дастаўся Альгерду, што сведчыла аб прызнанні Кейстутам дамінуючага месца бел. зямель у дзяржаве. Альгерд паспяхова вёў палітыку, накіраваную на канчатковае аб’яднанне ўсх.-слав. зямель у адзінай дзяржаве. Да ВКЛ было далучана Чарнігава-Северскае княства (1340-я г.), у паліт. залежнасці ад яго апынулася Смаленскае (1350-я г.). Імкнуўся пашырыць свой уплыў на Цвярское княства, што абвастрыла яго адносіны з Масквой. Ажыццявіў 3 паходы на Маскву (1368, 1370, 1372). У бітве каля Сініх Водаў 1362 разбіў татараў і далучыў да ВКЛ Падолле. Авалодаў Кіевам і пасадзіў там князем свайго сына Уладзіміра. У выніку барацьбы з польск каралём Казімірам III за Галіцкую і Валынскую землі яму дасталася (1377) апошняя. Шмат разоў узначальваў войска для адпору агрэсіі Тэўтонскага ордэна. За час яго княжання тэр.ВКЛ павялічылася больш як у 2 разы, што было на карысць бел. землям, забяспечвала ім вядучае месца ў дзярж. жыцці, спрыяла развіццю эканомікі і культуры ВКЛ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПАКА́ЛІПСІС (грэч. apokalypsis літар. адкрыццё),
1) адна з кніг Новага Запавета (Адкрыццё святога Іаана Багаслова). Напісана ў 68 — пач. 69 н.э. Іаанам Багасловам. У ёй у форме бачанняў, пасланых Богам, апісаны будучы лёс свету і чалавецтва. Гал. ідэя апакаліпсіса — чаканне страшнага Божага суда, калі на грэшнае чалавецтва абрынуцца сусв. катастрофы. Рэлігійна арыентаваныя тлумачальнікі разглядаюць апакаліпсіс як прарочую кнігу пра апошнія часы свету і здарэнні, што павінны адбыцца напярэдадні 2-га прышэсця Хрыста на зямлю. Праз увесь яго тэкст праходзіць сакральная лічба 7 (7 цэркваў, 7 зорак у руцэ Бога, 7 анёлаў, што выліваюць на грэшнікаў 7 чашаў Божага гневу, і г.д.). Сямікратнае памнажэнне бедстваў і катастрофаў прызначана выклікаць у чытача свяшчэнны жах перад непазбежным сканчэннем свету. Пасля Чарнобыльскай катастрофы шматлікія тлумачальнікі апакаліптычных прароцтваў, у т. л. на Беларусі, пачалі звязваць трубныя гукі трэцяга анёла, што апавяшчае аб падзенні на зямлю вялікай зоркі пад назвай «палын» (па-ўкраінску «чарнобыль»), з біблейскім прадказаннем гэтай самай згубнай у гісторыі чалавецтва катастрофы — нац. трагедыі бел. народа. Акрамя інтэрпрэтацыі апакаліпсіса як страшнага суда і канца свету яго яшчэ тлумачаць як абяцанне тысячагадовага шчасця пасля такога суда.
2) У шырокім сэнсе апакаліпсіс — буйнамаштабнае бедства, пагроза пагібелі чалавецтва, культуры, навакольнага асяроддзя. Апакаліпсіс часта асацыіруецца з крызісам або канцом цывілізацыі, эканам. катастрофамі, ядз. вайной.