МЕ́ЛЬНІКАЎ (Ціхан Уладзіміравіч) (15.6.1913, г. Чавусы Магілёўскай вобл. — 25.6.1989),

генерал-лейтэнант артылерыі (1968). Скончыў артыл. школу (1937), Вышэйшую афіцэрскую школу ППА (1949), Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1955). У Чырв. Арміі з 1935. У Вял. Айч. вайну на Зах., Паўн.-Зах., Варонежскім, 1-м Укр. франтах: нач. штаба артыл. дывізіёна, камандзір зенітнага артыл. палка. Удзельнік баёў пад Мінскам, Вязьмай, Арлом, Кіевам, Львовам, на тэр. Польшчы, Берлінскай і Дрэздэнскай аперацый. Да 1973 на камандных пасадах у Сав. Арміі.

т. 10, с. 278

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«МЕ́СЯЦ», «Месячык»,

гарадскі бытавы танец. Створаны на аснове песні «Свеціць месяц». Муз. памер ​4/4. Тэмп умерана хуткі. Вядомы з канца 19 ст. На Беларусі найб. пашыраны ў вясковым асяроддзі, дзе зазнаў уплыў нар. харэаграфіі. Мае мноства мясц. варыянтаў. Найб. папулярны парны, калі выканаўцы, стоячы парамі тварам у твар, узяўшыся за рукі выконваюць некалькі разоў запар блок рухаў: прыстаўныя крокі ўправа, улева, плясканне ў далоні, павароты дзяўчыны пад рукой у хлопца, вярчэнне ў вальсе і інш.

т. 10, с. 301

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУ́ХНА,

возера ў Лепельскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Ула, за 12 км на ПнУ ад г. Лепель. Пл. 0,58 км², даўж. каля 2 км, найб. шыр. 620 м, найб. глыб. 20 м, даўж. берагавой лініі каля 8 км. Пл. вадазбору 8,28 км². Схілы катлавіны выш. 15—20 м, пад хваёвым лесам. Берагі нізкія, пясчаныя або тарфяністыя, параслі водна-балотнай расліннасцю. Мелкаводдзе пясчанае, глыбей дно выслана сапрапелем. Злучана пратокамі з азёрамі Воласна і Уклейна.

т. 11, с. 45

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАВАГРУ́ДСКІЯ ГАНДЛЁВЫЯ РАДЫ́,

помнік архітэктуры класіцызму ў г. Навагрудак Гродзенскай вобл. Пабудаваны ў 1812 у цэнтры горада на гандл. плошчы (цяпер вул. Мінская). Выцягнуты прамавугольны ў плане мураваны будынак накрыты 2-схільным дахам з трохвугольнымі франтонамі на тарцах і ў цэнтры падоўжаных фасадаў. Гал. фасад расчлянёны прамавугольнымі аконнымі і дзвярнымі праёмамі. Вакол будынка абходная галерэя, утвораная дарычнай каланадай. У 1953 зменена планіроўка будынка, гал. фасад абліцаваны керамічнай пліткай. Выкарыстоўваюцца пад гандл. прадпрыемствы.

Навагрудскія гандлёвыя рады. Фота 1930-х г.

т. 11, с. 98

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НА́ДСАН (Георгій Адамавіч) (23.5.1867, Кіеў — 5.12.1940),

расійскі мікрабіёлаг і батанік. Акад. АН СССР (1929). Скончыў Пецярбургскі ун-т (1889), працаваў у ім. З 1930 заг. лабараторыі мікрабіялогіі, у 1934—38 дырэктар Ін-та мікрабіялогіі АН СССР. Навук. працы па геал. дзейнасці мікраарганізмаў і ўздзеянні на іх шкодных фактараў. Атрымаў штучную мутацыю ў дражджавых і плесневых грыбоў пад дзеяннем іанізуючай радыяцыі.

Тв.:

Экспериментальное изменение наследственных свойств микроорганизмов М.; Л., 1935;

Избр. труды. Т. 1—2. М., 1967.

т. 11, с. 123

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЁГРА,

возера ў Гарадоцкім р-не Віцебскай вобл., бас. р. Аўсянка (цячэ праз возера), за 25 км на ПнУ ад г. Гарадок, за 1 км на З ад в. Бярозна. Пл. 0,3 км². Даўж. 800 м. Найб. шыр. 490 м. Найб. глыб. 2,5 м. Даўж. берагавой лініі 2,66 км. Пл. вадазбору 45,1 км². Схілы катлавіны невыразныя, на ПдУ і ПнЗ выш. 5—7 м, параслі лесам і хмызняком. Берагі сплавінныя, на ПдУ нізкія, пад хмызняком. Дно плоскае, сапрапелістае. Зарастае.

т. 11, с. 306

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ЛЕ ЗРО́КУ аптычнай сістэмы,

частка прасторы (ці плоскасці), відарыс якой дае аптычная сістэма. Вызначаецца контурамі элементаў сістэмы, якія абмяжоўваюць светлавыя пучкі, напр., аправамі лінзаў і прызмаў, дыяфрагмамі.

Значэнне П.з. вымяраецца найменшым вуглом, пад якім такія контуры бачныя з цэнтра зыходнага пучка (вуглавое П.з.). Вугал П.з. ў прасторы прадметаў адваротна прапарцыянальны павелічэнню аптычнаму сістэмы; напр., у самых вялікіх тэлескопаў не перавышае некалькіх вуглавых мінут, у бінокляў ён складае 5—10°, у шырокавугольных фатагр. аб’ектываў дасягае 120—140° і больш.

т. 12, с. 471

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ПРАДКІ, вячоркі,

даўні звычай бел. вясковых дзяўчат збірацца вечарамі з работай у адной хаце. Пачыналіся ад Пакроваў (1 кастр. с.ст.) і доўжыліся да Вялікадня. На П. звычайна пралі, ткалі, вышывалі. Прыходзілі і хлопцы, якія плялі лапці, вырэзвалі лыжкі, рамантавалі калаўроты для дзяўчат. На П. жартавалі, расказвалі цікавыя здарэнні, казкі, паданні, былічкі, загадвалі загадкі. У перадсвяточныя вечары дзяўчаты прыносілі невял. пачастунак, пасля якога моладзь спявала песні, танцавала пад гармонік ці скрыпку. Звычай не захаваўся.

Л.​І.​Мінько.

т. 12, с. 510

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУСА́Н,

горад на ПдУ Паўд. Карэі, на беразе Карэйскага праліва. Адміністрацыйна прыраўнаваны да правінцыі. Ўзнік, верагодна, у першых ст. н.э. пад назвай Кая (Карак). 3830 тыс. ж. (2000). Найбуйнейшы порт краіны, вузел чыгунак і аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Буйны прамысл. цэнтр. Прам-сць: маш.-буд., у т. л. вытв-сць суднавых рухавікоў і аўтамабіляў; металургічная, ваенная, радыё- і эл.-тэхнічная, хім., тэкст., харч., буд. матэрыялаў. Метрапалітэн (з 1983). База рыбалоўства. 2 ун-ты. Музеі. Паблізу — АЭС, марскія курорты.

т. 13, с. 127

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Трысце́нь ‘вялікая ручайка пражы ў дзве або ў тры ніткі’ (арш., Бяльк.), ‘клубок нітак’ (віц., круп., Трух.). Утворана ад трысці́ць (гл.) пад уплывам лексемы прасце́нь1 ‘мера палатна ў даўжыню’ (гл.), якое з пра- < літ. priẽ ‘каля, ля, побач з, пад’ і сцень < сцяна́ (гл.). Відаць, не можа разглядацца асобна ад прасце́нь ‘адно верацяно’, ‘верацяно, зматанае з двух верацёнаў’, што звязана з тэхналогіяй снавання на сценах хаты. Параўн. про́сцень ‘тс’, якое Трубачоў (Ремесл. терм., 101) выводзіць ад просты, гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)