ЖА́ННА Д’АРК (Jeanne d’Arc; 1410 ці 1412, Дамрэмі-ла-Пюсэль, Францыя — 30.5.1431),
нацыянальная гераіня Францыі, якая ўзначаліла адзін з этапаў вызв. барацьбы франц. народа супраць англічан у Стогадовую вайну 1337—1453. З сял. сям’і. Апантаная містычнай верай у сваё прызначэнне вызваліць Францыю ад англічан, 4.3.1429 прыбыла ў г. Шынон, дзе дамаглася падтрымкі дафіна Карла. 8.5.1429 франц. войска на чале з Ж.д’А. зняло аблогу англічан з Арлеана (у народзе яе сталі называць Арлеанскай дзевай). Пасля шэрагу перамог яна павяла армію ў Рэймс, дзе 17.7.1429 адбылася каранацыя Карла VII. У вер. 1429 франц. войскі на чале з Ж.д’А. няўдала штурмавалі Парыж. 23.5.1430 у час дапамогі г. Камп’ен, абложанаму саюзнікамі англічан бургундцамі, Ж.д’А. узята ў палон і выдадзена англічанам. У лют. — маі 1431 на царк. судзе ў Руане яна абвінавачана ў ерасі і вядзьмарстве і спалена на кастры. 7.7.1456 рэабілітавана, 16.5.1920 кананізавана. Вобраз Ж.д’А. шырока адлюстраваны ў л-ры (У.Шэкспір, Вальтэр, Ф.Шылер, М.Твэн, Б.Шоу, Ж.Ануй), выяўл. мастацтве (Ж.Басцьен-Лепаж, П.Дэларош, Я.Матэйка і інш.), музыцы (Ф.Ліст, Дж.Вердзі, П.І.Чайкоўскі, А.Анегер).
Літ.:
Перну Р., Клэн М.-В. Жанна д’Арк:Пер. с фр.М., 1992.
Дз.М.Чаркасаў.
Да арт.Жанна д’Арк. Спаленне Жанны д’Арк 30.5.1431 на плошчы Старога Рынку ў Руане. Фрагмент фрэскі ў Пантэоне. Парыж. Мастак Ж.Ланепво. 19 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗВЯРЫ́НЕЦ,
калекцыя дзікіх жывёл, размешчаных у клетках або вальерах для палявання, паказу наведвальнікам і інш. мэт. Папярэднікі заалагічных паркаў.
Першыя З. вядомы ў стараж. Асірыі, Вавілоне, Егіпце, Персіі; у Еўропе — пры старажытнарымскіх цырках. Адыгралі пэўную ролю ў назапашванні вопыту работы з дзікімі звярамі (распрацоўка метадаў адлову, транспарціроўкі, кармлення жывёл пры вальерным утрыманні), садзейнічалі захаванню каштоўных відаў (напр., лясныя тарпаны да 1870-х г. захаваліся ў паляўнічым З. ў Польшчы, зубры да 1920-х г. — толькі ў паляўнічым З. ў Швецыі). У канцы 18 і пач. 19 ст. у краінах Еўропы і Расіі існавалі перасоўныя прыватныя З., у якіх з камерцыйнымі мэтамі дэманстраваліся «цуды» жывёльнага свету (сланы, ільвы, малпы, кракадзілы, папугаі і інш.). У 2-й пал. 19 ст. большасць З. заняпалі або ператвораны ў заал. паркі.
На Беларусі З., прызначаныя для палявання, вядомы з 16 — пач. 17 ст. у Белавежскай пушчы (1578), Нясвіжскім парку «Альба» (1607), дзе на вял. абгароджаных участках лесу (напр., у Нясвіжскім парку плошчай каля 90 га) з палянамі, прыроднымі ці штучнымі вадаёмамі ў загонах жылі адлоўленыя дзікія звяры мясц. фауны (зубры, мядзведзі, алені, ваўкі і інш.). Паступова З. страцілі паляўнічае значэнне і ператварыліся ў функцыянальную ч. паркаў, дзе з дэкар. мэтамі ўтрымлівалі разнастайных звяроў і птушак (асабліва фазанаў). Вял. «фазаннікі» былі ў парку «Альба» і Каранёўскай лясной дачы (каля Гомеля).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНА́СТВА (грэч. monachos адзінокі, пустэльнік),
лад жыцця рэліг. асобы або суполкі аднаверцаў (група, абшчына, брацтва), заснаваны на прынцыпах аскетызму (адрачэнне ад маёмасці, шлюбу, свецкіх уцех), на свядомым падпарадкаванні суровай дысцыпліне, а таксама дуалістычным супрацьпастаўленні зямнога і нябеснага, духоўнага і цялеснага, добрага і злога пачаткаў. Ідэя М. бярэ пачатак у брахманізме, будызме, егіпецкім кульце Серапіса і інш. у сярэдзіне 1-га тыс. да н.э., але адметнае ўвасабленне назіраецца ў хрысціянстве, дзе выпадкі манаскага служэння пачаліся ў 2 ст.н.э. Шырокае распаўсюджанне хрысц. М. пачалося з 4 ст. Прынцыпы ўстрымання і самаадрачэння пераняты ад секты эсеяў; неаплатанізм узбагаціў М. ідэяй ачышчэння духа праз адмову ад цялесных асалод. На працягу стагоддзяў М., апрача рэліг., выконвала і свецкія функцыі: стварала летапісныя і літ. фонды, займалася навук. дзейнасцю, пашырала пісьменства. М. мае адметнасці ў розных канфесіях. Правасл. М. з’яўляецца наследнікам традыцый і ідэалаў першапачатковага хрысціянства. Прыняцце ў манахі суправаджаецца абрадам «пастрыжэння»: пры гэтым неафіт атрымлівае новае імя і спецыфічнае адзенне чорнага колеру (сімвал стрыманасці і смутку). Існуе іерархія М.: расафор, маласхімнік і велікасхімнік; з М. складаецца кіраўніцтва царквы — епіскапат. Каталіцкая царква пайшла па лініі стварэння ордэнаў манаскіх. Пратэстантызм не мае М. У будызме існуе інстытут М. ў выглядзе мноства буйных манастыроў (віхара). У ісламе ў межах містычнай плыні — суфізму, дзейнічаюць т.зв. тэке (манастыры, дзе жыве частка дэрвішаў).
Літ.:
Хольц Л. История христианского монашества: Пер. с нем. СПб., 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯСО́К,
дробнаабломкавая рыхлая асадкавая горная парода. Складаецца з абкатаных і вуглаватых зерняў (пясчынак) розных мінералаў, абломкаў горных парод, шкілетаў арганізмаў. Існуе шмат класіфікацый П., найчасцей карыстаюцца геалагічнай, дзе паводле пераважных памераў зерняў П. падзяляецца на тонказярністы (0,05—0,1 мм), дробназярністы (0,1—0,25 мм), сярэднезярністы (0,25—0,5 мм), буйназярністы (0,5—1 мм). У інжынерна-геал. класіфікацыі вылучаецца грубазярністы П. (1—2 мм). У горнай справе П. вызначаецца памерам часцінак да 5 мм. П. змяшанай зярністасці прыблізна ў роўнай колькасці наз. розназярністым. У саставе П. — кварц (больш за 50 %), палявы шпат, слюда, глаўканіт, вулкан. шкло; як дамешкі — ільменіт, магнетыт, рагавая падманка, цыркон, рутыл, гранат, турмалін і інш. Паводле мінер. саставу вылучаюць монамінер. П. (пераважна 1 мінерал, напр., кварцавыя), алігаміктавыя П. (1 мінерал і некалькі падпарадкаваных яму, напр., кварцавапалявашпатавыя), паліміктавыя П. (з розных мінералаў). Паверхня зерняў часам укрыта плеўкай з гідраксідаў жалеза, гліністага або карбанатнага рэчыва; сцэментаваныя такім матэрыялам П. ўтвараюць пясчанікі. Выкарыстоўваюцца П. ў шкляной, керамічнай прам-сці, буд-ве, вытв-сці дынасавай цэглы, ліцейных форм. Змяшчаюць россыпныя радовішчы карысных выкапняў, падземныя воды. На Беларусі П. рознага ўзросту (ад дакембрыю да антрапагену ўключна), звязаны з адкладамі марскога, алювіяльнага, азёрнага, водна-ледавіковага, эолавага і інш. паходжання. Складаюць 39% аб’ёму антрапагенавых адкладаў, на паверхні займаюць 45% плошчы рэспублікі, дзе ўтвараюць пясчаныя глебы. Гл. таксама Неметалічныя карысныя выкапні, Абломкавыя горныя пароды, Псаміты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЗУ́МНАГА ЭГАІ́ЗМУ ТЭО́РЫЯ,
этычная канцэпцыя, якая абгрунтоўвае ідэю, што асновай дабрачыннасці чалавека з’яўляецца «разумнае сябелюбства» (П.Гольбах) або правільна зразуметы прынцып асабістай выгоды (не толькі матэрыяльнай, але і духоўнай — ганарыстасць і да т.п.). Зыходзіць з неабходнасці навучыць чалавека разумець свае інтарэсы «разумна», кіравацца запатрабаваннямі сапраўднай «прыроды»; а не адмаўляцца ад эгаізму. Калі грамадства будзе ўладкавана таксама «разумна», то інтарэсы і асобных індывідаў не будуць сутыкацца з інтарэсамі інш. людзей і грамадства. Элементы такога вучэння ўзніклі яшчэ ў старажытнасці (Дэмакрыт, Эпікур, некат. сафісты), атрымалі развіццё ў эпоху Адраджэння. Найб. поўна ідэі «разумнага эгаізму» сфармуляваны ў 18 ст.франц. асветнікамі, напр., у працах К.Гельвецыя. Яны скіраваны супраць хрысціянска-рэліг. маралі з уласцівым ёй заклікам да адмаўлення ад свецкіх даброт і безумоўнага падпарадкавання індывіда царк.-феад. іерархіі. Аналагічныя ідэі развіваў ням. філосаф 19 ст. Л.Феербах. Радыкалізаваны варыянт Р.э.т. абгрунтоўваў М.Г.Чарнышэўскі: неабходнасць свядомага падпарадкавання асабістай выгоды агульнай справе, ад поспеху якога ў рэшце выйграе і асабісты інтарэс індывіда. Уплыў Р.э.т. адбіўся на ідэйным змесце бел. Асветніцтва, у прыватнасці на этычных поглядах І.Я.Быкоўскага. Канцэпцыі «разумнага эгаізму» вынікаюць з прынцыпаў антрапал. філасофіі, якая бачыць крыніцы маральнасці ў самім чалавеку, незалежна ад яго ўключэння ў сістэму пэўных грамадскіх адносін. Р.э.т. не знаходзіць свайго прызнання ў грамадствах, дзе безумоўны прыярытэт аддаецца грамадскім інтарэсам, але культывуецца на пажыўнай глебе. сац. умоў там, дзе актывізуецца прыватны інтарэс.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
эпіцэ́нтр
(п.-лац. epicentrum, ад гр. ері = над + kentron = цэнтр)
1) вобласць на паверхні Зямлі, размешчаная непасрэдна над ачагом землетрасення або выбуху;
2) перан. месца, дзе з найбольшай сілай праяўляецца якая-н. з’ява, падзея (напр. э. пажару, у эпіцэнтры падзей).
Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)
Ваўча́нка ’хвароба ваўчанка’ (БРС). Рус.волча́нка. У бел. мове, магчыма, запазычанне з рус., дзе назва ўтворана ад волк (па характару хваробы). У рус., магчыма, калька з лац.lupus ’тс’ (літаральна ’воўк’). Гл. Гараеў, 54; Фасмер, 1, 346; Шанскі, 1, В, 153.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Во́ступ ’запаведнае глухое месца ў лесе’ (Яшк., КТС); ’квартал лесу, пушчы’ (Яшк.); ’аблава на ваўкоў’ (КТС); ’грамада людзей на аблаве, якая падымае шум і крык, каб ваўкі беглі на стральцоў’ (КЭС), во́ступ воўчы ’месца, дзе водзяцца ваўкі’ (Касп.). Гл. оступ.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Во́сцеж выкл. (2‑я асоба мн. л.) (Нас.) «Восцеж вам на закуску!» З вось + те і часц. ж, дзеце (< те) — канчатак 2‑й асобы мн. л. загаднага ладу, як у рус.нуте, полноте і г. д. (Фасмер, 4, 34).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Ву́ньдзека ’вунь там’ (Касп., Жд., 1) ву́ньдзіка (докш., Янк. Мат.), ву́ньдзяка (Сцяшк.) з вунь (гл.) + дзе + ка (т. зв. «пусты» суфікс, характэрны для прыслоўяў; параўн. размоўныя формы ту́така, та́мака, сённека і інш., Шуба, Прыслоўе, 62), аналагічна да серб.-харв.о̀нђека ’тс’.