АЛЬФО́НС I, Афонсу (Affonso) Заваёўнік (1107 ці 1111, Гімарайнш, акруга Брага — 6.11 ці 9.12.1185),

першы кароль Партугаліі [1139—85]. З Бургундскай дынастыі. У 1112 атрымаў у спадчыну леннае ўладанне бацькі Генрыха Бургундскага — графства Партугалія, якім да 1128 кіраваў пад апекай маці. Пасля перамогі (1139) над маўрамі каля Арыкі прыняў тытул караля. У 1143, абвясціўшы сябе папскім васалам, пазбавіўся вярх. улады сюзерэна — караля Кастыліі і Леона. Адваяваў у маўраў Лісабон (1147), заснаваў рыцарскія ордэны Ала і Авіс (гл. Авіскі ордэн).

т. 1, с. 287

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНАКО́НДА (Eunectes murinus),

змяя роду ўдаваў атр. лускаватых. Трапляецца ў тропіках Паўд. Амерыкі па берагах рэк, азёраў, каля балот.

Самая вял. змяя — даўж. да 10 м. Скура аліўкава-шэрая, уздоўж спіны 2 рады вял. бурых плямаў. Добра плавае. Ноздры з клапанамі, можа доўга знаходзіцца пад вадой. Корміцца грызунамі, дробнымі капытнымі, чарапахамі, птушкамі, рыбай, маладымі алігатарамі. На чалавека нападае рэдка. У засуху зарываецца ў глей і ўпадае ў спячку. Яйцажывародная (28—42 дзіцяняты). Выкарыстоўваюць скуру, мяса і тлушч.

Анаконда.

т. 1, с. 332

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКАНО́М,

кіраўнік панскай гаспадаркі, наглядчык за працай у фальварку на Беларусі ў перыяд феадалізму і капіталізму. Тэрмін вядомы з канца 16 ст. Аканом нёс адказнасць за гасп. дзейнасць у маёнтку, трымаў пад кантролем суд над сялянамі, кіраваў зборам падаткаў. На аканома ўскладаўся абавязак кантролю за падуладнымі яму намеснікамі асобных фальваркаў. Ён вёў таксама ўсю гасп. справаздачу, якую прад’яўляў на рэвізію гаспадару ці яго адміністратару. Пасаду аканома ў большасці выпадкаў займалі прадстаўнікі шляхецкага саслоўя.

У.​І.​Пашкевіч.

т. 1, с. 184

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БЕ́ЛЫЯ РО́СЫ»,

ансамбль песні, музыкі і танца Гродзенскай абласной філармоніі. Створаны ў 1987. Уключае балетную і аркестравую групы. У рэпертуары апрацоўкі бел. нар. песень («Ой ты, сонца яснае», «Чаму не прыйшоў», «Пад дубіною»), нар. танцы («Трапятуха», «Церніца», «Каханачка», «Хустачка») і музыка на аснове фальклору Гродзеншчыны (пераважна Дзятлаўшчыны і Навагрудчыны), інш. рэгіёнаў Беларусі. У адрозненне ад інш. падобных калектываў артысты балета ў ім спалучаюць танец са спевамі і ігрой на муз. інструментах. Маст. кіраўнік Я.Штоп (з 1987).

т. 3, с. 84

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЭ́ЦКАЕ ВО́ЗЕРА,

у Міёрскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Мёрыца, за 6 км на У ад г. Міёры. Пл. 0,7 км², даўж. 4,6 км, найб. шыр. 240 м, найб. Глыб. 6,5 м, даўж. берагавой лініі больш за 10 км. Пл. вадазбору 4,5 км². Схілы катлавіны выш. 2—6 м, разараныя. Берагі нізкія, пясчаныя, пад хмызняком, на ПнУ і ПдЗ сплавінныя. Дно плоскае, глеістае. Паласа расліннасці шыр. 10—50 м. Злучана пратокай з воз. Чэрас.

т. 5, с. 496

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫ́МНА,

возера ў Віцебскім р-не, у бас. р. Каспля, за 26 км на ПнУ ад Віцебска. Пл. 2,1 км², даўж. 2,95 км, найб. шыр. 1,09 км, найб. глыб. 9,6 м, даўж. берагавой лініі 7,6 км. Пл. вадазбору 97,8 км². Схілы катлавіны выш. 8 м, у верхняй частцы разараныя. Берагі нізкія, пад хмызняком, на З зліваюцца са схіламі. Дно выслана пяском, на глыбакаводдзі — глінай. Расліннасць уздоўж берагоў утварае паласу шыр. 20—90 м. Праз возера цячэ р. Вымнянка.

т. 4, с. 314

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫПА́ЛЬВАННЕ расліннасці,

падпальванне сухой расліннасці з мэтай больш хуткага рунення сенажаці ці пашы або выпуджвання паляўніча-прамысловых жывёл на паляванні. Паступова вядзе да дэградацыі расліннасці і глеб — адначасова знішчае надглебавую і глебавую фауну і біяцэноз увогуле. Пры падсечна-агнявой сістэме земляробства ў некаторых краінах трапічнага пояса праводзіцца выпальванне лесу (перыядычна). На Беларусі ў старажытнасці выпальваннем рыхтавалі лясныя глебы пад пасевы с.-г. культур. Сучасным прыродаахоўным заканадаўствам выпальванне забаронена (стварае пагрозу лясных пажараў, супярэчыць інтарэсам аховы прыроды).

т. 4, с. 317

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРДЗЯЛКО́ЎСКАЯ (Тэрэза) (1854 — май 1933),

бел. перакладчыца і выдавец. Мела маёнтак Габрылёва-Папоўка (Талачынскі р-н, у межах в. Сані). У 1908 з сынам арганізавала там бел. школу, дзе настаўнікам працаваў Я.​Колас. Перакладала на бел. мову творы рус. і польск. пісьменнікаў («Дым» М.​Канапніцкай», 1909; «Архіп і Лявонка» М.​Горкага, 1910; «Дзядзька голад» С.​Віткевіча, 1911). Друкавалася пад псеўд. Зязюля, Т.Г. На ўласныя сродкі выдавала свае пераклады, кнігі Я.​Коласа, Ядвігіна Ш. і інш.

В.​У.​Скалабан.

т. 5, с. 59

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДО́ЎГАЕ ВО́ЗЕРА,

у Полацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Крашанка, за 20 км на Пд ад г. Полацк. Пл. 0,26 км², даўж. 800 м, найб. шыр. 420 м, найб. глыб. 2,8 м, даўж. берагавой лініі каля 3 км. Пл. вадазбору 4 км². Схілы катлавіны выш. 5 м, пад лесам. Берагавая лінія звілістая, утварае некалькі заліваў. У цэнтры возера востраў пл. 0,4 га. Дно выслана сапрапелем. Злучана ручаём з воз. Уклеенка.

т. 6, с. 188

т. 6, с. 188

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРАЎНЯ́НЫЯ ПЛА́СТЫКІ,

матэрыялы, якія атрымліваюць з лушчанай шпоны, драўнянай крошкі, трэсак або пілавіння, насычаных сінт. смоламі і склееных пад высокімі ціскам і тэмпературай. Падзяляюцца на драўнянаслаістыя пластыкі (лігнафоль, дэльта-драўніна і інш.), арміраваныя, спрасаваныя і склееныя са шпоны і тканіны, узмоцненыя метал. сеткай, фольгай і інш., драўнянапластычныя масы — профільныя (утулкі, падшыпнікі, зубчастыя колы) і плітачныя (паркетныя пліткі і інш.) вырабы, атрыманыя прасаваннем у гарачых прэс-формах са здробненай драўніны або пілавіння. Выкарыстоўваюцца як канструкцыйны, электраізаляцыйны, сценавы і вырабны матэрыял.

т. 6, с. 205

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)