КРЭ́ПАВЫЯ ТКАНІ́НЫ, крэп,
група тканін з дробнай шурпатасцю на паверхні. Вырабляюць з нітак вялікай (крэпавай) круткі палатняным, дробнаўзорыстым ці спец. (крэпавымі) перапляценнямі. Найб. пашыраны шаўковыя К.т. — крэпдэшын, крэп-шыфон, крэп-жаржэт, крэп-сацін. Бываюць таксама шарсцяныя, баваўняныя, са штучных і сінт. нітак. Крэп добра драпіруецца і мала змінаецца. Выкарыстоўваюць для шыцця жаночых сукенак і касцюмаў.
т. 8, с. 540
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАКУ́НА (ад лац. lacuna паглыбленне, упадзіна; поласць),
у жывёл — поласць паміж органамі, якая не мае ўласнай сценкі, запоўненая гемалімфай ці лімфай; у чалавека — таксама разгалінаваныя паглыбленні на паверхні органа (напр., у міндалінах); у раслін (ліставая лакуна, ліставая шчыліна) — прарыў у цэнтр. цыліндры сцябла ў месцы, дзе да ліста адыходзіць праводзячы пучок.
А.С.Леанцюк.
т. 9, с. 109
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІМНАБІЁНТЫ [ад грэч. limnē возера + біёнт(ы)],
расліны і жывёлы, якія жывуць у кантынентальных вадаёмах з запаволеным водаабменам (азёры, вадасховішчы, сажалкі). Расліны падзяляюць на макрафіты і мікрафіты, у жывёл вылучаюць 3 асн. групы: зоабентас (лічынкі насякомых, малашчацінкавыя чэрві, малюскі, ракападобныя), зоапланктон (калаўроткі, ракападобныя) і нектон (рыбы). Гл. таксама Лімнафільныя жывёлы.
В.В.Вежнавец.
т. 9, с. 260
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГНІТАДЫЭЛЕ́КТРЫКІ,
кампазіты ферамагнітнага метал. парашку (пермалой, алсіфер і інш.) з дыэлектрычным сувязным (смала, полістырол, гума, вадкае шкло і інш.). Атрымліваюць прасаваннем пры высокай т-ры. Маюць высокае ўдзельнае эл. супраціўленне і нізкія страты на віхравыя токі. Выкарыстоўваюцца ў ВЧ тэхніцы для вырабу магнітаправодаў, асяродкаў шпуль індукцыйнасці, дроселяў і інш. Гл. таксама Магнітныя матэрыялы.
т. 9, с. 478
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГНІ́ТНЫ ЗАРА́Д,
дапаможная фіз. велічыня, якая ўводзіцца пры разліках стацыянарных магн. палёў па аналогіі з эл. зарадам, які стварае эл.-статычнае поле. Напр., пры разліках палёў у ферамагн. целах з нераўнамернай намагнічанасцю ўводзяць паняцце аб’ёмнай і паверхневай шчыльнасці М.з. Рэальная крыніца стацыянарнага магн. поля — стацыянарны эл. ток або пастаянны магніт. Гл. таксама Манаполь магнітны.
т. 9, с. 483
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГНІ́ТНЫ ЛАНЦУ́Г,
сукупнасць крыніц магнітнага патоку, ферамагн. цел і асяроддзяў, якія ствараюць і прапускаюць (накіроўваюць, замыкаюць) магн. паток. Бываюць палярызаваныя (магн. паток ствараецца пастаяннымі магнітамі) і нейтральныя (эл. токам), замкнёныя (магн. паток цалкам праходзіць у ферамагн. целах) і з зазорам (напр., паветраным). З’яўляюцца часткай трансфарматараў, эл. машын, прылад, апаратаў і інш. Гл. таксама Магнітаправод.
т. 9, с. 483
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛЕКУЛЯ́РНАЯ АКУ́СТЫКА,
раздзел фіз. акустыкі, у якім уласцівасці рэчыва і малекулярных працэсаў даследуюцца акустычнымі метадамі. Асн. метады М.а. заснаваны на вымярэнні скорасці і паглынання гуку, а таксама на вызначэнні залежнасці гэтых велічынь ад частаты гукавой хвалі, т-ры, ціску і інш. Метадамі М.а. даследуюць вадкасці, газы, палімеры, цвёрдыя целы, плазму ва ультрагукавым дыяпазоне.
т. 10, с. 26
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНІЕЗІЁЗЫ,
інвазійныя хваробы свойскіх і дзікіх жвачных жывёл. Пашыраны ўсюды, суправаджаюцца масавым падзяжом маладняку. Пры М. расстройваецца страваванне, бываюць сутаргі, жывёлы худнеюць. Выклікаецца цэстодамі, якія паразітуюць у кішэчніку. Паразіт развіваецца ў навакольным асяроддзі з удзелам прамежкавага гаспадара — глебавых кляшчоў арыбатыд. Носьбіты хваробы — хворыя жывёлы, якія заражаюцца пры заглынанні з травой інвазіраваных кляшчоў. Гл. таксама Гельмінтозы.
т. 10, с. 80
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́НСЕЛЬКЯ,
града ўзвышшаў і нізкагор’яў, пераважна ў Фінляндыі, а таксама ў Нарвегіі і Расіі (Карэлія і Мурманская вобл.). Даўж. 750 км. Выш. да 718 м (г. Сокусты). Водападзел паміж Балтыйскім, Белым і Баранцавым морамі. Ледавіковы рэльеф, балоты, азёры, парожыстыя рэкі. Забалочаныя таежныя лясы, на вяршынях тундравая расліннасць. Нац. паркі Койліскайра, Оўланка, Рысітунтуры (Фінляндыя).
т. 10, с. 86
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРСКІ́ ПАРК,
нацыянальны або прыродны парк, створаны на акваторыі мора; катэгорыя прыродных асабліва ахоўных тэрыторый. Звычайна ўключае паласу марскога ўзбярэжжа мацерыка, астравоў ці цэлыя астравы. Агульная колькасць М.п. каля 200 (пераважна ў ЗША і Японіі). Першы М.п. у б. СССР створаны каля г. Уладзівасток у 1979 на тэр. Далёкаўсходняга марскога запаведніка. Гл. таксама Нацыянальныя паркі.
т. 10, с. 133
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)