АЙЛІСЛІ́ Акрам

(сапр. Наібаў-Айліслі Акрам Наджар аглы; н. 6.12.1937, с. Айліс Ардубадскага р-на, Азербайджан),

азербайджанскі пісьменнік. Скончыў Літ. ін-т імя Горкага (1964). Аўтар зб-каў апавяданняў «Чарэшня» (1961), «З сэрцам не жартуй» (1973), аповесцяў «У гарах туман» (1963), «З бацькамі і без іх» (1965), «Над Курой у цёплых лясах» (1976), эсэ «Прага літаратуры» (1989) і інш. Цыкл аповесцяў «Людзі і дрэвы» (1966—68) пра жыццё азербайджанскай вёскі ў Вял. Айч. вайну і пасляваенныя гады. Прозе Айліслі ўласцівы паглыблены псіхалагізм, спалучэнне лірызму з тонкім гумарам.

т. 1, с. 175

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБРА́МАЎ Фёдар Аляксандравіч

(29.2.1920, в. Веркала Архангельскай вобл. — 14.5.1983),

рус. пісьменнік. Скончыў Ленінградскі ун-т (1948). Аўтар тэтралогіі «Прасліны» (раманы «Браты і сёстры», «Дзве зімы і тры леты», «Шляхі-дарогі», «Дом», 1958—78; за першыя тры Дзярж. прэмія СССР 1975) пра жыццё рус. паўн. вёсак у гады Вял. Айч. вайны і пасля яе; аповесцяў «Бязбацькаўшчына» (1961), «Пелагея» (1969), «Драўляныя коні» (1970), «Алька» (1972), «Мамоніха» (1980), п’есы «Адзін бог для ўсіх» (1962), апавяданняў.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—3. Л., 1980—82;

Трава-мурава: Повести и рассказы. М., 1983.

Ф.А.Абрамаў.

т. 1, с. 37

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́БРАХАМС (Abrahams) Пітэр Генры

(н. 19.3.1919, Врэдэдарп каля Іаганесбурга, ПАР),

пісьменнік Паўд.-Афрыканскай Рэспублікі. Піша на англ. мове. Літ. дзейнасць пачаў у 1942. У творах закранае сац., паліт. і нац. праблемы краін афрыканскага кантынента. Аўтар раманаў «Шахцёр» (1945), «Сцежкаю грому» (1948; па гэтым рамане Бел. тэатр оперы і балета паставіў балет, муз. К.Караева, 1960), «Дзікі захоп» (1950), «Вянок для Удома» (1956; на бел. мову пераклаў С.Дорскі, 1959), «Ноч належыць ім» (1965), «Наш востраў сёння» (1966).

Тв.:

Рус. пер. — Горняк;

Венок Майклу Удомо. М., 1988.

т. 1, с. 39

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АВАКУ́М Пятровіч

(1620 або 1621—14.4.1682),

пратапоп, адзін з заснавальнікаў рус. стараверства (гл. Раскол), пісьменнік. У 1646—47 чл. «Гуртка рупліўцаў набожнасці». У 1652 пратапоп у г. Юр’евец Павольскі, потым святар Казанскага сабора ў Маскве. Выступаў супраць рэформаў патрыярха Нікана, за што неаднаразова быў сасланы ў Табольск, Даурыю, Мезень. У 1667 асуджаны на царк. саборы і сасланы ў Пустазерскі астрог. Аўтар «Жыція пратапопа Авакума» (1672—75), «Кнігі гутарак» (1669—75), «Кнігі тлумачэнняў» (1673—76), «Кнігі выкрыванняў» (1679), «Слоў плачэўных» (1676) і інш. Паводле царскага ўказа спалены.

т. 1, с. 58

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕАРГІ́У (Georgiu) Георгій Канстанцінавіч

(н. 30.3.1922, г.п. Вулканешты, Малдова),

малдаўскі пісьменнік. Скончыў Кішынёўскі пед. ін-т (1956). Першая кніга апавяданняў і аповесцей «Пачатак вясны» (1955) пра жыццё пасляваен. калгаснай вёскі. Аўтар зб-каў «Дарогі і сцяжынкі» (1958), «З усімі разам» (1960), «Тварам да людзей» (1966), аповесці «Вялікая Мядзведзіца» (1969), раманаў «Цяплынь зямлі» (1965) і «Веснавы снегапад» (1974), кніг для дзяцей («Калыханка», 1958; «Капітаны «Маланкі», 1964, і інш.). У яго творах надзённыя праблемы сучаснасці, моладзі. На бел. мову творы Геаргіу пераклалі А.Васілевіч, Я.Каршукоў.

Тв.:

Бел. пер. — у кн.: Гронкі радасці. Мн., 1986.

т. 5, с. 122

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕЛІЯДО́Р

(Hēliodōros),

старажытнагрэчаскі пісьменнік 3 або 4 ст. н.э. Аўтар любоўна-авантурнага рамана «Эфіопіка» (у 10 кн.), на падставе заключных слоў якога ўстаноўлена імя пісьменніка і верагоднае месца нараджэння [г. Эмес (цяпер г. Хомс), Сірыя]. Раман пра любоў і прыгоды эфіопскай царэўны Харыкліі і фесалійскага юнака Феагена. Новае ў рамане — вял. колькасць рэліг., міфалагічных і філас. матываў і вобразаў, віртуознасць апавядання, што было характэрна для сафістычнай прозы. «Эфіопіка» паўплывала на развіццё галантна-авантурных раманаў новага часу (Т.Таса, М.Сервантэс, П.Кальдэрон і інш.).

Тв.:

Рус. пер. — Эфиопика. М., 1993.

т. 5, с. 140

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛО́БУС Адам

(сапр. Адамчык Уладзімір Вячаслававіч; н. 29.9.1958, г. Дзяржынск Мінскай вобл.),

бел. пісьменнік. Вучыўся ў Мінскім мастацкім вучылішчы (1973—77). Скончыў Бел. дзярж. тэатр.-маст. ін-т (1983). Працаваў мастаком-рэстаўратарам, мастаком-афарміцелем, у час. «Крыніца» і «Бярозка». Гал. рэдактар уласнага выдавецтва «Літаратура». Друкуецца з 1981. Аўтар кніг паэзіі «Парк» (1988), «Скрыжаванне» (1993) і прозы «Адзінота на стадыёне» (1989), «Дамавікамерон» (1994), «Толькі не гавары маёй маме» (1995) і інш. У творчасці Глобуса своеасаблівае бачанне свету і чалавека, асэнсаванне сучаснасці, праблемы маралі і складанасці жыцця.

т. 5, с. 300

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАБРЫЛО́ВІЧ Яўген Іосіфавіч

(29.9.1899, г. Варонеж, Расія — 5.12.1993),

рускі кінадраматург, пісьменнік. Засл. дз. маст. Расіі (1969). Герой Сац. Працы (1979). Праф. (1962). Літ. дзейнасць пачаў у 1921 як навеліст. У кіно з 1937. Для яго творчасці характэрна ўвага да псіхал. раскрыцця характару персанажа, да лёсу чалавека на фоне гіст. падзей. Аўтар сцэнарыяў фільмаў «Машачка» (1942), «Два байцы» (1943), «Забойства на вуліцы Дантэ» (1956), «Камуніст» (1958), «Твой сучаснік» і «У агні броду няма» (1968), «Пачатак» (1979, разам з Г.Панфілавым) і інш. Дзярж. прэміі СССР 1943, 1967,1983.

т. 4, с. 413

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЗІ́ (сапр. Мінгазееў) Ібрагім Зарыфавіч

(4.2.1907, в. Старыя Карамалы, Татарстан — 21.2.1971),

татарскі пісьменнік. Пісаў на рус., тат. і башк. мовах. Першыя творы ў друку з’явіліся ў 1930-я г. У апавяданнях і аповесцях жыццё рабочай моладзі і калгаснай вёскі, падзеі Вял. Айч. вайны (зб-кі «Іх было трое», 1945; «Мы яшчэ сустрэнемся», 1947, і інш.). Працоўныя будні, разнастайныя аспекты жыцця сучаснікаў адлюстраваны ў аўтабіягр. трылогіі «Незабыўныя гады» («Дзяцінства», «Хлеб, вінтоўка і каханне», «Калі мацнеюць крылы», 1949—66), рамане «Звычайныя людзі» (1955). Выступаў як літ. крытык, перакладчык.

т. 4, с. 432

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛЬДЭНВЕ́ЙЗЕР Аляксандр Барысавіч

(10.3.1875, Кішынёў — 27.11.1961),

расійскі піяніст, педагог, кампазітар, муз. пісьменнік. Нар. арт. СССР (1946). Д-р мастацтвазнаўства (1940). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1895), у 1906—61 яе прафесар (з 1919 прарэктар, у 1922—24 і 1939—42 рэктар). Адзін са стваральнікаў сав. піяністычнай школы. Развіў і ўзбагаціў выканальніцкія і пед. традыцыі маск. школы піянізму. Рэдактар шэрагу твораў рус. і замежных кампазітараў-класікаў. Аўтар муз. твораў, а таксама ўспамінаў пра С.Рахманінава, Л.Талстога. Сярод вучняў: Дз.Башкіраў, Р.Гінзбург, Дз.Кабалеўскі, Т.Нікалаева, Л.Ройзман, Р.Тамаркіна, С.Фейнберг, У.Ферэ. Дзярж прэмія СССР 1947.

т. 4, с. 477

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)