ДЗЯЛІ́ЛЬНЫЯ МАШЫ́НЫ І ПРЫСТАСАВА́ННІ.

Дзялільная машына — станок для нанясення дзяленняў (штрыхоў) на лінейках, шкалах прылад, растрах і інш. Найб. пашыраны аўтам. разцовыя машыны для нанясення лінейных і вуглавых шкал на вымяральных інструментах і прыладах. Дзялільная галоўка — прыстасаванне металарэзных (пераважна фрэзерных) станкоў для павароту на пэўны вугал дэталі, якая апрацоўваецца. Бываюць мех. і аптычныя. З іх дапамогай фрэзеруюць упадзіны паміж зубамі зубчастых колаў і рэжучых інструментаў, апрацоўваюць шматграннікі і інш. Дзялільныя прыстасаванні служаць для дакладнага паварочвання або прасоўвання дэталей пры апрацоўцы і вымярэнні паверхняў, наразанні шліцаў, спіральных пазоў і інш. Да іх адносяцца механізмы павароту сталоў разметачна-расточных, зубастругальных і інш. станкоў, а таксама барабанаў, рэвальверных галовак. На універсальных дзялільных прыстасаваннях звычайна апрацоўваюць складаныя дэталі. Для дакладных вымярэнняў яны аснашчаюцца мікраскопам.

т. 6, с. 138

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУНТУ́Ш,

верхняе мужчынскае адзенне, што апраналі на жупан. К. прыйшоў з Венгрыі ў Польшчу, у 16 ст. — на Беларусь і разам з жупаном стаў традыц. адзеннем заможнай шляхты. Шылі доўгі, ніжэй каленяў, з разрэзанымі рукавамі, якія свабодна звісалі або закідваліся на плечы. Верхняя частка заўсёды расшпілена, каб быў відаць жупан. У 16 ст. К. шылі з сукна, пазней з шоўку, зімою падшывалі лёгкім футрам. Колер К. звычайна яркі, але цямнейшы за жупан; падкладка інш. колеру; дадаткам быў тканы каляровы пояс, у т. л. слуцкія паясы. З 1778 К. і жупан у паасобных ваяводствах мелі пэўны вызначаны колер, што надавала ім характар ваяводскага мундзіра. У 2-й пал. 19 ст. стаў урачыстым адзеннем арыстакратыі.

М.​С.​Лобач.

т. 9, с. 23

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГНІТАМЕХАНІ́ЧНЫЯ З’Я́ВЫ.

гірамагнітныя з’явы, з’явы, абумоўленыя ўзаемасувяззю магнітнага моманту мікрачасціц з іх момантам імпульсу (спінавым або арбітальным).

Спіну электрона, пратона і інш. часціц адпавядае пэўны магн. момант. Мех. момант атама (іона) складваецца з спінавага і арбітальнага момантаў мікрачасціц, што ўтвараюць атам (іон). Змена макраскапічнага моманту імпульсу сістэмы мікрачасціц (фіз. цела) вядзе да змены магн. моманту гэтай сістэмы, і наадварот, пры змене магн. моманту зменьваецца момант імпульсу сістэмы. Адна з М.з. — Барнета эфект, адкрыты ў 1909 амер. фізікам С.​Барнетам. Заключаецца ва ўзнікненні дадатковага магн. моманту ў ферамагнетыка, прыведзенага ў вярчэнне (намагнічванне стрыжня пры хуткім вярчэнні без знешняга магн. поля). Адваротны эфект — Эйнштэйна — дэ Хааза эфект (адкрыты ў 1915). М.з. дазваляюць вызначыць магнітамеханічныя адносіны.

П.​А.​Пупкевіч.

т. 9, с. 478

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МОНАХРАМА́ТАР [ад мона... + грэч. chroma (chrōmatos) колер] у оптыцы, прылада для вылучэння вузкіх інтэрвалаў даўжынь хваль (ці частот) аптычнага (бачнага, інфрачырвонага, ультрафіялетавага) выпрамянення; адна са спектральных прылад.

Святло праходзіць праз уваходную шчыліну М., люстраны або лінзавы аб’ектыў-каліматар, які фарміруе пучок паралельных прамянёў і накіроўвае яго на дыспергавальны элемент (прызму аптычную ці дыфракцыйную рашотку), пасля чаго прамяні з рознай даўжынёй хвалі распаўсюджваюцца пад рознымі вугламі. Выхадны аб’ектыў утварае ў факальнай плоскасці спектр — сукупнасць прасторава разнесеных відарысаў уваходнай шчыліны ў прамянях з рознай даўжынёй хвалі Выхадная шчыліна аддзяляе пэўны невял. ўчастак спектра, выбар якога вызначаецца паваротам дыспергавальнага элемента. Выкарыстоўваецца як састаўная частка крыніц монахраматычнага выпрамянення і спектрафатометраў, з дапамогай якіх вымяраюць энергію, выпрамененую даследаванымі аб’ектамі ў розных абласцях спектра.

т. 10, с. 518

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МСЦІСЛА́ЎСКІ ПУСТЫ́НСКІ УСПЕ́НСКІ МАНАСТЫ́Р.

Існаваў каля г. Мсціслава Магілёўскай вобл. на беразе р. Аслянка (правы прыток Сажа). Паводле царк. падання, засн. каля 1380 мсціслаўскім кн. Лугвенам. Паводле царк. гісторыка М.​І.​Пятрова манастыр вядомы з 1500. У пач. 17 ст. стаў уніяцкім, у 2-й пал. 17 ст. пэўны час быў не заселены. Да 19 ст. будынкі былі драўляныя, у 1801—08 мітрапаліт Іраклій Лісоўскі пабудаваў мураваны храм Успення Багародзіцы базілікальнага тыпу (у 1869 перабудаваны ў крыжападобны ў плане). З 1839 манастыр зноў праваслаўны. У 1864 пабудавана царква Раства Багародзіцы, у 1865 — Пакроўская царква, у канцы 19 ст. — шмат’ярусная званіца. У 1918 манастыр закрыты. Частка будынкаў захавалася ў руінах.

А.​А.​Ярашэвіч.

Званіца Мсціслаўскага Пустынскага Успенскага манастыра.

т. 10, с. 540

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«НАЖНІ́ЦЫ ЦЭН»,

тэрмін, якім характарызуецца дынаміка цэн на тавары, што прадаюцца і купляюцца таваравытворцамі за пэўны перыяд, і адлюстроўваецца разрыў («нажніцы») паміж гэтымі цэнамі. Найчасцей выяўляецца ў сферы абмену прадукцыяй паміж прам-сцю і сельскай гаспадаркай, паміж развітымі краінамі і краінамі, што развіваюцца, каб падкрэсліць неэквівалентнасць абмену паміж імі. «Н.ц.» могуць «расшырацца» і «звужацца» ў залежнасці ад канкрэтных тэндэнцый у руху цэн (напр., цэн на харчаванне і сыравіну, што рэалізуюцца с.-г. вытворцамі, з аднаго боку, і на тавары, якія набываюцца імі ў прамыславікоў, — з другога). Праблемы «Н.ц.» маюць актуальнае эканам. і сац. значэнне для краін, дзе высокая доля с.-г. і здабыўной прам-сці ў нацыянальным даходзе; найб. абвастраюцца ў перыяды крызісаў, войнаў, абвастрэння міжнар. адносін.

т. 11, с. 124

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРО́СТЫ СКАЗ,

сінтаксічная адзінка, што ўтворана па пэўным граматычным узоры, валодае значэннем прэдыкатыўнасці, мае ўласную семантычную структуру, выконвае акрэсленую камунікатыўную задачу, на якую ўказвае інтанацыя і пэўны парадак слоў. Напр., «З краю лесу стаіць адзінокая хатка палясоўшчыка» (Я.​Колас). П.с. з’яўляецца тыповым няўскладненым увасабленнем сказа. Проціпастаўляецца складанаму сказу, ад якога адрозніваецца тым, што ў якасці грамат. асновы мае толькі адно прэдыкатыўнае спалучэнне (напр., «Бацька прыехаў на заходзе сонца» і «Бацька прыехаў, калі заходзіла сонца»), Мае складаную ўнутр. будову, таму можа аналізавацца з розных пазіцый: колькасці і якасці членаў сказа, яго структурнай схемы, рэалізаванай семантыка-сінтакс. мадэлі, камунікатыўнага задання, мадальнасці, грамат. правільнасці, лагічных і грамат. асаблівасцей.

Літ.:

Беларуская граматыка. Ч. 2. Сінтаксіс. Мн., 1986.

А.​Я.​Міхневіч.

т. 13, с. 41

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУМЫ́НСКАЯ МО́ВА,

адна з раманскіх моў (балкана-раманская падгрупа); афіц. мова Румыніі. Мае дыялекты: банацкі, крышанскі, мунцянскі, малдаўскі (дыялект гіст. вобласці Малдова), марамурэшскі. Р.м. ўласцівы: у фанетыцы — палаталізаваныя галосныя, якія выконваюць марфал. функцыі, пэўны артыкль у постпазіцыі да назоўніка, скланенне пэўных і няпэўных артыкляў; у марфалогіі — ужыванне ў пераддзеяслоўнай пазіцыі кан’юнктыва, а не інфінітыва, як у зах.-раманскіх мовах, адсутнасць дапасавання часоў; у лексіцы — моцныя паўд.-слав. ўплывы. Уваходзіць у балканскі моўны саюз. Пісьменства з 16 ст. Фарміраванне літ. мовы пачалося з 17 ст. (гіст. хронікі). Маст. л-ра з канца 18 ст. Першапачаткова выкарыстоўваўся кірылічны алфавіт (гл. Кірыліца), у 1860 заменены лацінкай.

Літ.:

Репина Т.А. Румынский язык. М., 1968;

Лухт Л.И. Сравнительно-сопоставительная грамматика романских языков: Румынский язык. М., 1970.

т. 13, с. 448

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

марато́рый

(п.-лац. maratorius = які замаруджвае)

адтэрміноўка выканання абавязацельстваў, якая ўстанаўліваецца дзяржавай на пэўны тэрмін або да заканчэння якіх-н. надзвычайных абставін (напр. вайны).

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

біём

(англ. biome, ад гр. bios = жыццё)

сукупнасць раслінных і жывёльных арганізмаў, якія насяляюць пэўны экалагічны аднародны абшар, напр. еўразійскую тундру або канадскія лясы.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)