ГІДРО́ЛІЗНАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,

адна з галін мікрабіялагічнай прамысловасці. Спецыялізуецца на перапрацоўцы нехарчовых раслінных матэрыялаў метадам гідролізу для атрымання этылавага спірту, кармавых дражджэй, глюкозы і ксіліту, фурфуролу, арган. кіслот, лігніну і інш. прадуктаў. Сыравінай служаць адходы лясной, дрэваапр. і цэлюлозна-папяровай прам-сці, перапрацоўкі с.-г. сыравіны (салома, сланечнікавае шалупінне, кукурузныя храпкі, сцёблы бавоўніку, мелес з цукр. буракоў і інш.). Пры гідролізе раслінных тканак вугляводы пераходзяць у раствор (пад уздзеяннем вады і цяпла ў прысутнасці каталізатараў), а лігнін застаецца. У гэтым працэсе нерастваральныя поліцукрыды ператвараюцца ў растваральныя монацукрыды (гексозы і пентозы), якія хім. і біяхім. шляхам перапрацоўваюцца ў крышт. манозы (глюкозы, ксілозы), этылавы спірт, гліцэрын, ксіліт, сарбіт і інш., у альдэгіды і іх вытворныя (фурфурол, фуран і інш.), арган. кіслоты (воцатную, лімонную, яблычную і інш.), бялкова-вітамінныя дрожджы і антыбіётыкі. З 1 т сухой сыравіны ў залежнасці ад тэхналогіі можна атрымаць да 150 кг фурфуролу, або 140 кг першасных спіртоў, або 300 кг крышт. глюкозы, або 250 кг кармавых дражджэй і каля 300 кг гідролізнага лігніну.

Гідролізная прамысловасць развіваецца з пач. 20 ст. У б. СССР з 1935 наладжана вытв-сць этылавага спірту, з 1940-х г. — кармавых дражджэй і фурфуролу. На Беларусі гідролізную прадукцыю вырабляюць з 1936 на Бабруйскім гідролізным заводзе, з 1963 на Рэчыцкім доследна-прамысловым гідролізным заводзе, шматлікіх спіртавых і крухмальных з-дах. Выпускаецца тэхн. рэктыфікаваны этылавы спірт і этылавы спірт-сырэц, кармавыя дрожджы, фурфурол, вуглякіслы газ. У 1994 выраблена (разам з прадпрыемствамі мікрабіял. прам-сці) 49 тыс. т таварнай прадукцыі кармавых дражджэй (найб. у 1990 — 508 тыс. т). Значную гідролізную прамысловасць, якая спецыялізуецца пераважна на вытв-сці фурфуролу і этылавага спірту, маюць ЗША (найб. вытворца фурфуролу), Францыя, Італія, Японія, Фінляндыя; развітая вытв-сць этылавага спірту, кармавых дражджэй і фурфуролу ў Расіі, Германіі і інш. краінах. Гідролізная прамысловасць — перспектыўная галіна біятэхналогіі, здольная вырашаць праблемы, звязаныя з вытв-сцю харч. прадуктаў, лекавых прэпаратаў, энергет. паліва і сыравіны для хім. і біяхім. Вытв-сці.

Т.​П.​Цэдрык.

т. 5, с. 240

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЦЭТО́НАВЫЯ ЦЕ́ЛЫ, кетонавыя целы,

група арганічных злучэнняў, якія ўключаюць -оксімасляную, ацэтавоцатную кіслоты і ацэтон.

β-оксімасляная і ацэтавоцатная к-ты — прамежкавыя прадукты нармальнага абмену рэчываў у чалавека і жывёл. Утвараюцца ў печані пры няпоўным акісленні тлустых к-т, лёгка акісляюцца ў шкілетных мышцах і нырках. Інтэнсіўнасць іх утварэння залежыць ад стану вугляводнага абмену. Пры канчатковым акісленні іх у здаровым арганізме ўтвараецца вада і вуглякіслы газ. Калі паніжана здольнасць арганізма акісляць рэчывы да канчатковых прадуктаў абмену (пры цукровым дыябеце, недахопе вугляводаў, голадзе, ірвоце, некат. парушэннях нерв. і эндакрыннай сістэм і інш.), к-ты назапашваюцца ў крыві і мачы хворых у таксічных дозах (да 500 мг% супраць нормы — 1 мг%) і часткова ператвараюцца ў ацэтон, які выдзяляецца нават праз лёгкія, што прыводзіць да павышэння кіслотнасці крыві (ацыдозу) і атручэння арганізма. Ад увядзення ў арганізм інсуліну ці дадатковай колькасці вугляводаў утварэнне ацэтонавых целаў памяншаецца.

т. 2, с. 163

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́ЗАВЫЯ ПРЫЛА́ДЫ,

прылады, якія працуюць на цеплавой энергіі, што вылучаецца пры спальванні гаручага газу. Выкарыстоўваюцца ў жылых і грамадскіх будынках для прыгатавання страў, награвання вады, ацяплення памяшканняў і інш.

Складаюцца звычайна з гарэлкі газавай з падвадным цеплаправодам, цеплаабменніка, сродкаў аўтаматызацыі і прыстасавання для выдалення прадуктаў згарання. Падзяляюцца на бытавыя (газавыя кухонныя пліты, праточныя і ёмістасныя воданагравальнікі), ацяпляльныя (ёмістасныя воданагравальнікі, газавыя каміны, ацяпляльныя апараты з вадзяным контурам і ацяпляльна-варачныя, ацяпляльнікі канвекцыйнага і выпраменьвальнага абагрэву; гл. Газавае ацяпленне), газавыя прылады прадпрыемстваў грамадскага харчавання (рэстаранныя пліты, страваварачныя катлы, духавыя шафы, прыстасаванні для смажання, кіпяцільнікі), прылады для спец. мэт (гарэлкі лабараторныя і інфрачырвонага выпрамянення). Характарызуюцца цеплавой нагрузкай, прадукцыйнасцю (колькасцю цеплаты, якая выкарыстоўваецца), ккдз (звычайна 56—83%). Вырабам газавых прылад на Беларусі займаецца брэсцкі з-д «Газаапарат».

В.​В.​Арціховіч, В.​М.​Капко.

Да арт. Газавыя прылады. Газавая пліта на прыродным газе з магчымасцю прыстасавання для свяцільнага газу і прапан-бутану.

т. 4, с. 427

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАМА́ШНЯЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,

вытворчасць у сял. гаспадарцы прадуктаў для асабістага карыстання, якія вырабляюцца з сыравіны, што здабываецца ў гэтай жа гаспадарцы. У большасці народаў узнікла ў эпоху першабытнаабшчыннага ладу з фарміраваннем асн. галін вытв. дзейнасці — земляробства і жывёлагадоўлі. Развіццё залежала ад мясц. умоў і наяўнай сыравіны. Найб. раннія і універсальныя віды Д.п. — апрацоўка і выраб скуры, лямцу, дрэва, кары, вяровак, віццё кошыкаў, сетак, пасудзін з сцёблаў, валасоў, валакна і інш. сыравіны стала пачаткам развіцця тэкстыльнай прам-сці. Пляценне з валакна дало пачатак прадзенню, потым ткацтву. Вялікае гасп. значэнне мела ганчарства. Д.п. была састаўной часткай эканомікі дакапіталіст. спосабаў вытв-сці. Злучэнне сял. промыслаў з патрыярхальным натуральным земляробствам было тыповым для сярэдневякоўя. У эпоху развітога феадалізму Д.п. перарасла ў рамяство. У сучасных умовах Д.п. захавалася ў некат. раёнах Афрыкі, Цэйлона, Індыі, Лацінскай Амерыкі і інш. На тэр. Беларусі сустракаецца ў выглядзе нар. промыслаў.

т. 6, с. 27

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕЙ-ЛЮСА́КА ЗАКО́НЫ,

два законы, адкрытыя Ж.Л.Гей-Люсакам (1802, 1808). Закон цеплавога расшырэння газаў: аб’ём дадзенай масы ідэальнага газу пры пастаянным ціску мяняецца паводле формулы VT = V0(1 + αvΔT), дзе V0 і VT — аб’ём газу пачатковы і пры т-ры T; ΔT = T − T0 — рознасць гэтых т-р; αvкаэф. цеплавога расшырэння газу пры пастаянным ціску (~1/273,15 К−1 для ўсіх газаў). Для рэальных газаў выконваецца набліжана і тым лепш, чым далей ад крытычнага стану знаходзіцца газ. Разам з Бойля—Марыёта законам і Авагадра законам паслужыў асновай для вываду ўраўнення стану ідэальнага газу (гл. Клапейрона—Мендзялеева ўраўненне). Закон аб’ёмных адносін: аб’ёмы газаў, якія ўступаюць у хім. рэакцыю, адносяцца адзін да аднаго і да аб’ёмаў газападобных прадуктаў рэакцыі як простыя цэлыя лікі. Напр., пры ўзаемадзеянні вадароду і хлору з утварэннем газападобнага хлорыстага вадароду H2 + Cl2 = 2HCl аб’ёмы газаў адносяцца як 1:1:2.

т. 5, с. 134

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІГІЕ́НА ХАРЧАВА́ННЯ,

галіна гігіены, якая вывучае праблемы паўнацэннасці ежы, рацыянальнага харчавання і яго ўплыў на здароўе чалавека. Асн. пытанні гігіены харчавання: колькасная і якасная неабходнасць у харчаванні і пажыўных рэчывах, пажыўная каштоўнасць і дабраякаснасць харч. прадуктаў, рэжым харчавання, кантроль за якасцю і бяспекай харчавання, санітарны нагляд за прадпрыемствамі харч. прам-сці, гандлю і грамадскага харчавання з мэтай прадухілення харч. таксікаінфекцый і інтаксікацый, арганізацыя прафілакт. харчавання работнікаў прадпрыемстваў і ўстаноў з прафес. шкоднасцямі, мед. кантроль за станам здароўя работнікаў харчавання і інш. Сувязь харчавання і здароўя адлюстравана ў статусах харчавання: звычайны, аптымальны, залішні і недастатковы. Навук. асновай гігіенічнага нармавання патрэбнасцей насельніцтва ў пажыўных рэчывах і харч. прадуктах з’яўляюцца законы рацыянальнага харчавання (энергетычнай, пластычнай, энзіматычнай і біятычнай або бясшкоднай адэкватнасці) і канцэпцыя збалансаванага харчавання (захаванне колькасных суадносін паміж асобнымі пажыўнымі рэчывамі).

Літ.:

Вретлинд А., Судисян А. Клиническое питание. Стокгольм, М., 1990.

Х.​Х.​Лавінскі.

т. 5, с. 219

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖОЎЦЬ,

вадкі сакрэт жаўтавата-карычневага колеру, які бесперапынна выпрацоўваецца жалезістымі клеткамі (гепатацытамі) печані пазваночных жывёл і чалавека. Ж. эмульгуе тлушчы, павялічвае ўсмоктванне прадуктаў гідролізу тлушчаў, павышае актыўнасць панкрэатычных і кішачных ферментаў, рэгулюе маторную і сакраторную дзейнасць страўніка і тонкага кішэчніка, валодае бактэрыяльна-статыстычнымі ўласцівасцямі, удзельнічае ва ўсмоктванні са страўніка тлушчарастваральных вітамінаў, халестэрыну, амінакіслот і солей кальцыю, інактывуе пепсін страўнікавага соку. Адрозніваюць пячоначную Ж., якая выдзяляецца непасрэдна ў кішэчнік незалежна ад стрававання (злёгку вязкая залаціста-жоўтая), і пузырную Ж., што збіраецца ў жоўцевым пузыры (вязкая жоўта-бурая або зялёная) і трапляе ў кішэчнік, калі там ёсць ежа. Ж. мае ў сабе ваду, солі жоўцевых кіслот, жоўцевыя пігменты, халестэрын, неарган. солі і інш. біялагічна актыўныя рэчывы: гармоны — тыраксін, ферменты — фасфатазы, таксама вітаміны, фосфаліпіды і інш. Печань дарослага чалавека выдзяляе за суткі да 2 л Ж., буйн. раг. жывёлы — да 9,5 л. Прэпараты Ж. выкарыстоўваюцца ў медыцыне.

А.​С.​Леанцюк.

т. 6, с. 441

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАПА́РНІК-ЗМЯША́ЛЬНІК КАРМО́Ў,

машына для прыгатавання кармавых сумесей здробненых с.-г. прадуктаў у сырым і запараным выглядзе, а таксама для змешвання сакавітых і грубых кармоў з канцэнтратамі, травяной мукой і інш. кармавымі дабаўкамі перад скормліваннем іх жывёле. Выкарыстоўваюцца З.-з.к. прадукцыйнасцю ад 2 да 5 т/гадз (з запарваннем) і да 10 т/гадз (без запарвання). Могуць працаваць як самастойныя машыны, так і ў тэхнал. лініях кармацэхаў. Запарнікі кармоў (бульбазапарачныя агрэгаты) прызначаныя для мыцця, запарвання, здрабнення і выгрузкі бульбы. Працуюць у цыклічным або бесперапынным рэжыме. Маюць запарачны чан умяшчальнасцю 3 м³, мыйку, загрузачныя і выгрузачныя шнэкі, транспарцёр і інш. Прадукцыйнасць да 3 т/гадз.

Запарнік-змяшальнік кармоў С-2.
Да арт. Запарнік-змяшальнік кармоў. Схема бульбазапарачнага агрэгата: 1 — мыйка; 2 — гразевыгрузачны транспарцёр; 3 — загрузачны шнэк; 4 — запарачны чан; 5 — параразмеркавальнае прыстасаванне; 6 — выгрузны шнэк; 7 — мялка; 8 — шнэк для выгрузкі мязгі.

т. 6, с. 531

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІАНІЗАВА́ЛЬНАЕ ВЫПРАМЯНЕ́ННЕ,

патокі элементарных часціц ці эл.-магн. квантаў, узаемадзеянне якіх з асяроддзем даводзіць да іанізацыі яго атамы і малекулы. Напр., ультрафіялетавае, рэнтгенаўскае і гама-выпрамяненне, патокі альфа- і бэта-часціц, пратонаў, нейтронаў і інш. Выкарыстоўваецца ў медыцыне, для стэрылізацыі, пастэрызацыі і захоўвання харч. прадуктаў, фармацэўтычных прэпаратаў і інш.

Зараджаныя часціцы іанізуюць атамы асяроддзя непасрэдна пры сутыкненнях з імі; выбітыя электроны пры наяўнасці дастатковай энергіі таксама могуць іанізаваць (другасная іанізацыя). Пры праходжанні нейтральных часціц (напр., нейтронаў, фатонаў) іанізацыя абумоўлена другаснымі зараджанымі часціцамі, якія ўзнікаюць ад узаемадзеяння першасных часціц з асяроддзем. І.в. разбуральна ўздзейнічае на рэчыва і жывыя арганізмы; многія хім. рэакцыі пад уплывам І.в. ажыццяўляюцца больш лёгка або працякаюць пры значна меншых цісках і т-рах. У выніку дзеяння І.в. можна атрымаць розныя мутацыі мікраарганізмаў і раслін. Гл. таксама Біялагічнае дзеянне іанізавальных выпрамяненняў, Засцярога супраць іанізавальнага выпрамянення, Радыяцыйныя дэфекты, Прамянёвая тэрапія.

А.​В.​Берастаў.

т. 7, с. 138

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНСЕКТЫЦЫ́ДЫ,

хімічныя прэпараты для барацьбы са шкоднымі насякомымі; група пестыцыдаў.

Паводле характару пранікнення ў арганізм насякомых падзяляюць на кантактавыя (усмоктваюцца праз вонкавае покрыва пры кантакце з любой часткай цела), кішэчныя (трапляюць з ежай), сістэмныя (пранікаюць у сасудзістую сістэму раслін і робяць іх атрутнымі для насякомых), фуміганты (трапляюць у арганізм насякомага праз органы дыхання). Большасць І. выклікае гібель насякомага ў выніку пранікнення яду некалькімі шляхамі адначасова. У якасці І. выкарыстоўваюць хім. злучэнні розных груп: пірэтроіды (кантактавыя), карбаматы (кантактава-кішэчныя і сістэмныя), хлорарган. злучэнні (у асн. кантактава-кішэчныя). Адна з важнейшых груп І. — фосфарарганічныя злучэнні, якія вызначаюцца высокай біял. актыўнасцю, шырокім спектрам і хуткасцю дзеяння, малой стойкасцю ў навакольным асяроддзі (раскладаюцца з утварэннем нетаксічных прадуктаў). Вырабляюць І. ў выглядзе парашкоў, гранул, раствораў, эмульсій, суспензій.

Многія І. таксічныя для людзей, жывёл і пры няправільным выкарыстанні небяспечныя для навакольнага асяроддзя, таму іх вытв-сць, продаж і выкарыстанне абмежаваны.

С.​І.​Ярчакоўская.

т. 7, с. 262

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)